Рэфэрэндум у Беларусі 2004 году

Рэфэрэндум у Беларусі 2004 году — рэфэрэндум, праведзены 17 кастрычніка 2004 году з ініцыятывы аўтарытарнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Як і папярэднія рэфэрэндумы 1995 і 1996 гадоў, адзначаўся неадпаведнасьцю Канстытуцыі і заканадаўству краіны, парушэньнем законаў і фальсыфікацыяй вынікаў галасаваньня[1].

ПерадумовыРэдагаваць

7 верасьня 2004 году сваім указам № 431 Аляксандар Лукашэнка прызначыў рэфэрэндум[2], сумешчаны з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ зладзіла байкот выбараў і рэфэрэндуму[3].

ПытаньнеРэдагаваць

Пытаньне на рэфэрэндум выносілася адно і гучала наступным чынам: «Ці дазваляеце Вы першаму Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнку А. Р. удзельнічаць у якасьці кандыдата ў Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах Прэзыдэнта і ці прымаеце частку першую артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: „Прэзыдэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, вольнага, роўнага і прамога выбарчага права пры таемным галасаваньні.“?»

У той жа час, паводле артыкула 112 выбарчага кодэкса «на рэспубліканскі рэфэрэндум не могуць выносіцца пытанні: …зьвязаныя з абраньнем і вызваленьнем Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь…»[4][5].

Папярэдняе апытаньнеРэдагаваць

Паводле вынікаў усебеларускага апытаньня грамадзкай думкі, праведзенага The Gallup Organization/Baltic Surveys у канцы верасьня 2004 году за зьмену Канстытуцыі былі гатовыя прагаласаваць 39% апытаных, супраць — 32,5%, астатнія на той момант яшчэ не вызначыліся[6]. Дасьледаваньні The Gallup Organization/Baltic Surveys паказвалі, што цягам верасьня колькасьць тых, хто прагаласуе ў падтрымку Лукашэнкі на рэфэрэндуме, павялічылася прыкладна на 10%. Тым часам падкантрольны рэжыму Лукашэнкі Інстытут сацыялёгіі НАН Беларусі абвясьціў, што на пачатак кастрычніка 2004 году каля 72% (з хібнасьцю ў 3%) грамадзянаў Беларусі прагаласавалі б у падтрымку прапановы на рэфэрэндуме[7].

ВынікіРэдагаваць

Паводле афіцыйнага паведамленьня аб выніках рэспубліканскага рэфэрэндуму[8][9], зробленага Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў на чале зь Лідзіяй Ярмошынай, «за» прагаласавала 5 548 477 грамадзян, што складае 79,42 адсоткаў ад ліку грамадзян, занесеных у сьпісы для галасаваньня. Супраць ухвалы вынесенага на рэфэрэндум пытаньня прагаласавала 691 917 грамадзян, што складае 9,90 адсоткаў ад ліку грамадзян, занесеных у сьпісы для галасаваньня. Лік бюлетэняў, прызнаных несапраўднымі, склаў 67 001.

У выніку рэфэрэндуму Аляксандар Лукашэнка атрымаў магчымасьць удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах неабмежаваную колькасьць разоў (раней Канстытуцыя прадугледжвала толькі два прэзыдэнцкія тэрміны запар) і ўзяў удзел у выбарах 2006 году.

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ Пастухоў М., Пульша С. Канстытуцыя: шматкроць перапісаная і не дзеючая (бел.) // Новы час. — 2021. — № 10 (718). — С. 4.
  2. ^ Указ Президента Республики Беларусь 7 сентября 2004 г. N 431 О назначении республиканского референдума (рас.)
  3. ^ Зянон Пазьняк (23 ліпеня 2003) Беларуская палітыка – лета 2003. Беларуская Салідарнасьць. Праверана 29 сакавіка 2011 г.
  4. ^ БХК заявляет о незаконности референдума(рас.)
  5. ^ «Дзеці хлусьні», пабіцьцё дэпутатаў, старшыню ЦВК вынесьлі з кабінэту. Як у Беларусі ладзілі рэфэрэндумы. Радыё Свабода (30 красавіка 2021). Праверана 30 красавіка 2021 г.
  6. ^ Трэці тэрмін Аляксандра Лукашэнкі: «За» і «Супраць» Архіўная копія ад 14 верасьня 2010 г.
  7. ^ Гаврыш, В. 72% белорусов — за! (рас.) // 7 дней. — 2004. — № 41. — С. 1.
  8. ^ Сообщение Центральной комиссии Республики Беларусь по выборам и проведению республиканских референдумов о результатах республиканского референдума 17 октября 2004 года, Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі
  9. ^ Информация об итогах голосования по республиканскому референдуму, Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць