Кастусь Каліноўскі
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Каліноўскі.
Касту́сь Каліно́ўскі (Вінцэ́нт Канстанці́н Каліно́ўскі[a]; 2 лютага [ст. ст. 21 студзеня] 1838 — 22 сакавіка [ст. ст. 10 сакавіка] 1864) — лідэр беларускага нацыянальнага вызвольнага руху[6], рэвалюцыянэр-дэмакрат, публіцыст і паэт. Адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў. Нацыянальны герой Беларусі[7][8][9][10].
К. Каліноўскі. Фота А. Банольдзі, 1863 г. | |
Герб «Калінова» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 2 лютага 1838 Мастаўляны Гарадзенскага павету, Расейская імпэрыя |
Памёр | 22 сакавіка 1864 (26 гадоў) Вільня, Расейская імпэрыя |
Пахаваны | |
Род | Каліноўскія |
Бацькі | Сымон Каліноўскі Вераніка Рыбінская |
Рэлігія | грэка-каталік |
Дзейнасьць | журналіст, пісьменьнік, палітык, рэвалюцыянэр |
У наш час Кастусь Каліноўскі лічыцца адным з найбольш вядомых прадстаўнікоў беларускай нацыі ў сьвеце[11].
Біяграфія
рэдагавацьРаньнія гады
рэдагавацьШляхецкі род Каліноўскіх гербу Калінова вядзе сваю гісторыю з канца XV стагодзьдзя. Выхадцы з роду амаль сто гадоў валодалі маёнткам Калінавым каля Бранску Падляскага, на памежжы Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, аднак прадалі яго ў другой палове XVIII стагодзьдзя.
Нарадзіўся на беларускай этнічнай тэрыторыі ў вёсцы Мастаўлянах на гістарычнай Гарадзеншчыне[b] ў сям’і Сымона (Сямёна) Каліноўскага, безьзямельнага шляхціча, уладальніка невялікай ткацкай мануфактуры, і Вэранікі з Рыбінскіх, якая памерла, калі сыну было 5 гадоў. Прыняў хрост 18 лютага [ст. ст. 6 лютага] ў Ялоўскім парафіяльным касьцёле пад імём Вінцэнт[12].
У 1847—1852 гадох навучаўся ў Сьвіслацкай павятовай вучэльні. У 1856 году пераехаў у бацькаў фальварак Якушоўку (у валоданьні Каліноўскіх з 1849 году[13]), дзе дапамагаў у гаспадарчых клопатах і, відаць, займаўся самаадукацыяй. Вялікі ўплыў на К. Каліноўскага меў старэйшы брат Віктар, які навучаўся ў Маскоўскім унівэрсытэце і дасьледваў на даручэньне Віленскай археалягічнай камісіі старадаўнія беларускія рукапісы.
Рэвалюцыйная дзейнасьць
рэдагавацьУ 1856 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэту, які скончыў праз чатыры гады з навуковай ступеньню кандыдата права. У час навучаньня ўва ўнівэрсытэце браў удзел у дзейнасьці нелегальных студэнцкіх гурткоў, у прыватнасьці групы студэнцкага зямляцтва «Агул», разам з братам быў сябрам таемнай вайскова-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генэральнага штабу, якую ачольвалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі.
Атрымаўшы 17 лютага 1861 году ўнівэрсытэцкі дыплём, зрабіў спробу ўладкавацца на працу ў Вільні ў адміністрацыю мясцовага генэрал-губэрнатара У. Назімава, каб адразу тут пачаць рэвалюцыйную дзейнасьць з стварэньня сеткі кансьпіратыўных групаў для работы сярод будучых удзельнікаў паўстаньня[14]. Лічыцца, што на гэты час прыпадае знаёмства Кастуся Каліноўскага з будучаю нарачонай Марыяй Ямант. 2 сакавіка 1861 году на імя Віленскага генэрал-губэрнатара падаў заяву наступнага зьместу: «Скончыўшы курс навук у імпэратарскім С.-Пецярбурскім унівэрсытэце паступіць на службу, маю гонар пакорна прасіць Ваша Высокаправасхадзіцельства ўзычыць мне магчымасьць служыць пад высокім начальствам Вашага Высокаправасхадзіцельства[15]».
Уладкаваньню на працу спрыяў ад’ютант У. Назімава Людвік Зьвяждоўскі, аднак спробы апынуліся марнымі і напачатку вясны 1861 году К. Каліноўскі вярнуўся на Гарадзеншчыну, пачаўшы стварэньне рэвалюцыйнай арганізацыі[14].
Паводле сваіх ідэйных перакананьняў быў рэвалюцыйным дэмакратам, выступаў за скіданьне самаўладзтва, скасаваньне абшарніцкага землеўладаньня. Лічыў, што толькі шырокі ўдзел у будучым паўстаньні сялянства можа забясьпечыць перамогу. У гэтым рэчышчы вёў агітацыйную працу.
Улетку 1862 году разам з паплечнікамі з Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі Фэліксам Ражанскім, Станіславам Сангінам і Валерам Урублеўскім пачаў выпуск «Мужыцкай праўды» — першай у гісторыі газэты на беларускай мове. Агулам выйшла 7 нумароў гэтай нелегальнай газэты. Яна выкрывала палітыку імпэрскіх уладаў, тлумачыла сытуацыю ў краіне, выкрывала падман царскага маніфэсту аб скасаваньні прыгону, заклікала сялянаў да змаганьня. Сфармуляваў ідэю дэмакратычнай народнай дзяржавы[16]:
…не народ зроблены для ўраду, а ўрад для народу. | ||
Кожны нумар «Мужыцкай праўды» быў нязьменна падпісаны псэўданімам «Яська-гаспадар з-пад Вільні». Браў асабісты ўдзел у пашырэньні газэты: развозіў яе па вёсках, раскідваў па дарогах.
У кастрычніку 1862 году ў час канфлікту з палякамі паўстаў нумар «Мужыцкай праўды», які аднак зь нейкіх прычынаў не надрукавалі. Гэты варыянт лічыцца ўнікальным і вылучаецца з усяе сэрыі, бо тлумачыць сялянам, як раней называлася іхная краіна і якую назву мае тутэйшы народ[17][18]:
Вы, дзецюкі, пэўне ня ведаеце, хто вы такія, як называецца гэта зямля, на якой нашы бацькі жылі <…> Зямля наша зь вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся літоўцы. | ||
Адзначаецца, што Кастусь Каліноўскі менаваў свой край Літвой: «„край наш няшчасны“ — Літва»[19]. Тым часам сучасьнікі называлі Каліноўскага адным з найбольш «высакародных мужоў Літвы», у жамойцкіх песьнях ён выступае як «кароль Літвы»[19]. «Літоўскім народам», для якога адрасаваў Каліноўскі «Мужыцкую праўду», называў беларусаў паўстанец Юры (Ежы) Кучэўскі-Порай[20][19].
Кіраваньне паўстаньнем
рэдагавацьУ 1862 годзе ўжо ўваходзіў у склад Літоўскага правінцыйнага камітэту (ЛПК) — цэнтральнага органу падрыхтоўкі паўстаньня ў колішнім Вялікім Княстве Літоўскім, а ўвосень таго ж году стаў яго старшынём. Стаяў на чале найбольш пасьлядоўных рэвалюцыянэраў, якіх адрозна ад лібэралаў («белых») звалі «чырвонымі». Гэты кірунак вызвольнага руху прадугледжваў дэмакратычную рэспубліку, перадачу зямлі сялянам, самавызначэньне народаў былой Рэчы Паспалітай. «Белыя» ж бачылі галоўнай мэтай паўстаньня толькі аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году.
Аднак старшынстваваў ў віленскім паўстанцкім камітэце нядоўга. Неўзабаве па выбуху паўстаньня, спужаўшыся перарастаньня выступленьняў у сялянскую вайну, варшаўскі цэнтар і мясцовыя абшарнікі дамагліся роспуску ЛПК. Кастуся Каліноўскага накіравалі на родную Гарадзеншчыну на пасаду паўстанцкага камісара ваяводзтва.
Актыўная праца Кастуся Каліноўскага ва ўмовах паўстаньня на пасадзе ваяводзкага камісара паспрыяла таму, што менавіта на Гарадзеншчыне інсургенты мелі найбольш баяздольную, магутную арганізацыю, прыцягнулі да змаганьня шмат сялянаў.
На кватэры Ямантаў
рэдагавацьУ чэрвені 1863 году з прычыны масавых арыштаў мусіў вярнуцца ў Вільню, дзе дзеяў пад кансьпірацыйнымі прозьвішчамі Макарэвіч, Чарнецкі, Хамовіч, Хамуціўс на кватэры Ямантаў у доме Шышкіна на Вялікай вуліцы[21]. Тут ён зноў узяў цэнтральнае кіраваньне ў свае рукі. Сустракаўся з найбольш блізкімі і праверанымі людзьмі, праводзіў нарады рэвалюцыйнага ўраду[22].
Гэта была адна з найгалоўнейшых кансьпіратыўных явак К. Каліноўскага. Апісаньне кватэры Ямантаў і яго тутэйшай дзейнасьці захавалася збольшага ў паказаньнях арыштаваных рэвалюцыянэраў Віленскай асобай сьледчай камісіі. Гэтак Вітальд Парфяновіч апісвае кватэру наступным чынам: «У пакоі справа ад дзьвярэй знаходзілася канапа, пры ёй стол і два крэслы, далей стаяла камода, акно справа ад канапы выходзіла ў галерэю[23]».
Па сваім арышце 24 сакавіка 1864 году сакратар К. Каліноўскага Ільдэфонс Мілевіч сьведчыў пра побыт кіраўніка паўстаньня ў кватэры ўжо арыштаваных Ямантаў: «З Каліноўскім я сустракаўся некалькі разоў ў Юзэфа Яманта… У Ямантаў Каліноўскі ў маёй прытомнасьці ні з кім з пабочных асобаў не сустракаўся. Аднойчы толькі ў бытнасьць маю і Каліноўскага ў Ямантаў прыходзіў Шадурскі і, паклікаўшы Каліноўскага, размаўляў зь ім некаторы час ў пярэдім пакоі…[24] … Да саміх Ямантаў часьцей за ўсё прыходзілі сваякі — лекар Радзевіч (служыць на чыгунцы), родны брат жанатага з дачкой Яманта, замужняя дачка (Ямантаў), Людвіка Радзевіч, і Дзваноўскі, акрамя таго былі яшчэ некаторыя знаёмыя Ямантам жанчыны, але прозьвішчы іх мне невядомыя[24]».
Цёзка па прозьвішчы Юзэф Каліноўскі пра віленскую яўку рэвалюцыянэра ўспамінаў: «У канцы жніўня ці ў пачатку верасьня (1863 году) я зь ім (Кастусём Каліноўскім) зноў спаткаўся на Нямецкай вуліцы, ён запрасіў мяне ў кватэру Ямантаў… З таго часу я сустракаўся з Каліноўскім у той жа кватэры… Пры ўваходзе ў кватэру Ямантаў трэба было пастукаць. У тыя часы, калі я ў ёй бываў, дзьверы адчыняў ці сам Каліноўскі, ці Далеўскі…[25]».
Людвіка Ямант у сваіх «Успамінах» называла прозьвішчы многіх рэвалюцыянэраў, якія ў тыя часы шчыльна супрацавалі з Кастусём Каліноўскім:
Сярод рэвалюцыйнай моладзі («чырвоных»), якая зьбіралася ў майго брата Юзэфа для абмеркаваньня справаў на нарады, ня ўсіх ведала асабіста. Але тых, каго ведала, добра памятаю па нязвыклых рысах характару, палымянай любові да Радзімы і гераічнай адданасьці справе. Як жывыя паўстаюць у маёй памяці дарагія вобразы Тытуса Далеўскага, Канстанціна Каліноўскага, Станіслава Бухавецкага, Эмануэля Юндзіла [сына вядомага натураліста], Эдмунда Вярыгі, Ігната Здановіча [сына выкладчыка гісторыі], Ільдэфонса Мілевіча. З моладзі, якая прыбыла з Каралеўства, памятаю [Мечыслава] Дарманоўскага з калегамі. Прозьвішчы многіх іншых цяпер ужо не магу прыпомніць, але памяць аб іх справах жыве ў сэрцы. Усе яны былі людзі шляхетныя, выдатных здольнасьцяў, нязвыклай сілы духу. Іх страта стала для краю сапраўднай бядой. Сэрца замірае, калі ўсьведамляеш маштабы няшчасьця народа, цьвет якога растаптаў вораг, а над памяцьцю гэтых сьвятых мучанікаў часам зьдзекуюцца ўласныя дзеці[26] |
||
У канцы ліпеня 1863 году на кватэры Ямантаў адбылася сустрэча з родным братам польскага пісьменьніка Балеслава Пруса — Лявонам Главацкім. У якасьці камісара народнага ўраду той прыяжджаў з Варшавы ў Вільню, каб абмеркаваць супярэчнасьці, якія ўзьніклі паміж кіраўнікамі паўстаньня на Беларусі і ў Польшчы[27].
Спрабуючы рэанімаваць паўстаньне, выдаў «Прыказ да народу зямлі літоўскай і беларускай». Аднак дзеяньні былі запозьненымі, паўстаньне ў Беларусі ўжо захлынулася ў крыві. Асноўныя сілы паўстанцаў былі разьбітыя карнікамі.
Арышт і пакараньне
рэдагавацьЗ восені 1863 году сканцэнтраваў намаганьні на назапашваньні сілаў для новага выступленьня ўвесну. Але, выдадзены здраднікам, камісарам Магілёўскай губэрні Вітаўтам Парфяновічам, яго ў ноч на 29 студзеня 1864 году схапілі царскія жандары ў Сьвятаянскіх мурах (побач з касьцёлам Сьвятых Янаў), дзе хаваўся пад імем Ігната Вітажэнца.
У час сьледзтва і суду трымаўся надзвычай мужна. На прапанову палегчыць свой лёс, назваўшы адрасы і імёны паплечнікаў, адказаў[28]:
Калі грамадзкая шчырасьць ёсьць дабрачыннасьцю, то шпіёнства апаганьвае чалавека. Усьведамленьне гонару, уласнае годнасьці і таго становішча, якое я займаў у грамадзтве, не дазваляюць мне ісьці па іншым шляху. | ||
Царскі ваенна-палявы суд прыгаварыў К. Каліноўскага да расстрэлу. Аднак вядомы сваей жорсткасьцю ў здушэньні паўстаньня расейскі генэрал Мураўёў-вешальнік выказаўся за павешаньне. Неўзабаве гэты вырак учынілі на Лукіскім пляцы ў Вільні.
Запавет
рэдагаваць- Асноўны артыкул: Лісты з-пад шыбеніцы
З царскага астрогу перадаў на волю свой запавет беларускаму народу — «Ліст з-пад шыбеніцы»:
Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — но не жаль згінуць за тваю праўду… Нямаш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку… Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога ня будзе, ня будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, — адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу… Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжо ня будзе. Твой слуга Яська-гаспадар з-пад Вільні |
||
Паводле сучасных дасьледнікаў, думкі К. Каліноўскага пра неабходнасьць змаганьня за сваю Бацькаўшчыну, выказаныя ім у «Пісьмах з-пад шыбеніцы», можна лічыць пачатковым афармленьнем беларускай нацыянальнай ідэі[29].
Ацэнкі
рэдагаваць- Асноўны артыкул: Кастусь Каліноўскі ў гістарыяграфіі
У гістарыяграфіі паўстаньню 1863—1864 гадоў і асобе яго кіраўніка на землях колішняга Вялікага Княства Літоўскага Кастусю Каліноўскаму прысьвячаецца шматлікая і ў той жа час даволі супярэчлівая літаратура. Важная крыніца з гэтай праблемы — працы ўдзельнікаў і сучасьнікаў паўстаньня, апублікаваныя ў апошняй трэці ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў. У беларускай гістарыяграфіі гэтая праблема ў розныя часы грунтоўна разглядалася Ўсеваладам Ігнатоўскім, Анатолем Сьмірновым, Міхасём Бічам, Генадзем Кісялёвым, Алесем Смаленчуком і іншымі дасьледнікамі. Вынікам чаго стала вылучэньне наступных гістарычных фактаў, якія сьведчаць пра безумоўны беларускі нацыянальны выбар Кастуся Каліноўскага[30]:
- Паўстанцкі пароль «Каго любіш — Люблю Беларусь — То ўзаемна», якім карысталася найперш блізкае кола Каліноўскага, у тым ліку сям’я Ямантаў, зь якой паходзіла яго каханая дзяўчына, нарачоная Марыя Ямант, і яго асабісты сакратар Язэп Ямант.
- Выданьне газэты «Мужыцкая праўда», праклямацыяў і ўлётак на беларускай мове перад і ў час паўстаньня.
- Утварэньне 1 лістапада 1863 году Часовага правінцыйнага ўраду Літвы і Беларусі, распушчанага палякамі з прычыны сэпаратызму і патрабаваньня роўнасьці ў дачыненьнях паміж Вільняй і Варшавай з боку кіраўніка гэтага ўраду — Кастуся Каліноўскага. Некаторыя дасьледнікі мяркуюць, што Кастусь Каліноўскі, які лічыў, што народы колішняга Вялікага Княства Літоўскага мусяць самі разьвязаць пытаньне пра сваю незалежнасьць, такім чынам выказваў ідэю стварыць цалкам незалежнае ад Польшчы і Расеі Вялікае Княства Літоўскае[31].
- Вяртаньне беларускай мовы ва ўрадавае справаводзтва, а менавіта факт выданьня Каліноўскім дзяржаўных дакумэнтаў (загадаў) на беларускай мове ў часы, калі ён займаў пасаду Ўрадавага камісара Гарадзенскага ваяводзтва ў сакавіку 1863 году і кіраўніка паўстанцкага ўраду ў Вільні ў чэрвені 1863 году.
- Прызнаньне гістарычнай суб’ектнасьці беларусаў Нацыянальным урадам у Варшаве 3 траўня 1863 году ў форме прыняцьця адозвы «Да братоў-беларусаў», што адбылося ў выніку палітычнай дзейнасьці Кастуся Каліноўскага.
- Нацыянальны маніфэст і запавет будучым пакаленьням аўтарства Кастуся Каліноўскага, выкладзены ў «Мужыцкай праўдзе» і «Лістах з-пад шыбеніцы», дзе Каліноўскі цалкам атаясамлівае сябе зь беларускім народам, фактычна, называе сябе беларусам і сьцьвярджае суб’ектнасьць беларускага народу.
- Перадсьмяротны верш Кастуся Каліноўскага на беларускай мове да каханай дзяўчыны і да свайго народу.
Ушанаваньне памяці
рэдагаваць- У Вільні на Лукіскім пляцы, дзе расейскія карнікі павесілі Кастуся Каліноўскага, у ягоны гонар усталявалі мэмарыял у выглядзе пліты і драўлянага крыжа. У 2008—2009 гадох Віленскае самакіраваньне пастанавіла правесьці рэканструкцыю пляцу. У фінал конкурсу выйшла 7 праектаў, але толькі адзін зь іх прадугледжваў захаваньне помніка ўдзельнікам нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў. Беларуская дзяржава ня выказала зацікаўленасьці ў абароне помніка, таму існавала імавернасьць, што помнік ліквідуюць[32]. 22 сакавіка 2009 году на Лукіскім пляцы адбылася акцыя ўшанаваньня памяці герояў супраць зносу мэмарыялу[33].
- У 1926 годзе ў Менску колішнюю Кацярынінскую вуліцу перайменавалі ў гонар Кастуся Каліноўскага[34], а ў 1927 годзе ў БССР зьнялі мастацкі фільм «Кастусь Каліноўскі», у якім апавядалася пра кіраўніка паўстаньня 1863—1864 гадоў[35].
- У 1942 годзе з ініцыятывы ўладаў БССР зьявіўся праект пастановы Дзяржаўнага камітэту абароны аб стварэньні Беларускай арміі, у якой 6-я стралковая дывізія мусіла насіць імя Кастуся Каліноўскага[36]. А ў 1943 годзе імя Кастуся Каліноўскага атрымала савецкая партызанская брыгада, якая была адным з найбольш актыўных злучэньняў у ваколіцах Горадні і Беластоку[37].
- У 1963 годзе ў гонар Кастуся Каліноўскага ў Менску назвалі новую вуліцу ў мікрараёне Ўсходзе.
- У 1987 годзе імя Кастуся Каліноўскага надалі гімназіі ў Сьвіслачы (1 сьнежня 2023 году рэжым Лукашэнкі абвясьціў пра зьмену яе назвы на «імя Праскоўі Васіленкі» — трактарысткі, вядомай супрацай з уладамі СССР за часамі Другай сусьветнай вайны[38]).
- З пачатку 1990-х гадоў выказваньне Кастуся Каліноўскага «Не народ для ўрада, а ўрад для народа» зьмяшчаецца ў якасьці эпіграфу на першай старонцы газэты «Рэспубліка».
- У 1993 годзе ў Вільні на сьцяне касьцёла Сьвятога Духа, дзе ў былым дамініканскім кляштары трымалі ў зьняволеньні Кастуся Каліноўскага, з боку вуліцы Ігнатаўскай паставілі мэмарыяльную шыльду ў памяць кіраўніка паўстаньня[39].
- Указ прэзыдэнта Беларусі ад 15 студзеня 1996 году № 26 зацьвердзіў Ордэн Кастуся Каліноўскага[40], палажэньне аб якім прынялі яшчэ ў 1995 годзе[41]. У наш час узнагарода не выкарыстоўваецца, але пры гэтым не выходзіла адпаведнай пастановы аб яе скасаваньні[42].
- Падчас уварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе беларускія добраахвотнікі стварылі батальён імя Кастуся Каліноўскага дзеля абароны Кіева[43].
- 26 сакавіка 2022 году каля будынку царквы Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне (Злучаныя Штаты) адбылося ўрачыстае адкрыцьцё бюстаў Кастусю Каліноўскаму і Тадэвушу Касьцюшку, створаных паводле праекту беларускага скульптара Гэніка Лойкі[44].
-
Помнік у Мастаўлянах
-
Пліта на Лукіскім пляцы
-
Помнік у Салечніках
Вобраз у мастацтве
рэдагаваць- «Кастусь Каліноўскі» — верш (Алесь Дудар, 1925 год)
- «Кастусь Каліноўскі» — паэма (Анатоль Вольны, 1925 год)
- «Кастусь Каліноўскі» — гераічна-прыгодніцкі фільм 1927 году[35]
- «Кастусь Каліноўскі» — верш (Юрка Лявонны, 1928 год)
- «Сьмерць Кастуся Каліноўскага» — паэма (Міхась Машара, 1934 год)
- «Каліноўскі» — паэма (Максім Танк, 1938 год)
- «Кастусь Каліноўскі» — верш (Пятрусь Броўка, 1943 год)
- «Восень пасярод вясны: Аповесць, сатканая з гістарычных матэрыялаў і мясцовых паданняў» — аповесьць (Адам Мальдзіс)
- «Каласы пад сярпом тваім» — раман (Уладзімер Караткевіч)
- «Кастусь Каліноўскі» — аповесьць (Алесь Якімовіч)
- «Кастусь Каліноўскі» — п’еса (Уладзімер Караткевіч)
- «Кастусь Каліноўскі» — п’еса (Эўсьцігней Міровіч) — у пастаноўцы БДТ-3 ролю Каліноўскага выканаў Кастусь Быліч
- «Кастусь Каліноўскі» — опэра (словы Міхась Клімковіч, музыка Дзьмітры Лукас)
- «Кастусь Каліноўскі» — рэспубліканская мастацкая выстава, прысьвечаная 150-годзьдзю з дню нараджэньня і 125-годзьдзю паўстаньня 1863—1864 гадоў (4—28 лютага 1988 году): каталёг / [складальнікі: Л. Б. Бортнік і інш.]. — Менск: Беларусь, 1989.
- «Хамуціус» — паэма (Аркадзь Куляшоў)
Урачыстае перапахаваньне
рэдагавацьУлады Расейскай імпэрыі збаяліся паломніцтва да магілы Кастуся Каліноўскага, таму яго таемна разам зь яшчэ 20 пакаранымі сьмерцю паўстанцамі пахавалі на Замкавай гары ў Вільні, за мурамі расейскага вайсковага гарнізону. Парэшткі закапалі пакалечанымі, зь зьвязанымі ззаду рукамі, а целы пасыпалі вапнай, каб ускладніць ідэнтыфікацыю[45]. Магілы зраўнялі зь зямлёй і зрабілі на іх месцы пляцоўку гуляць у крыкет («лапту») для расейскіх вайскоўцаў[46][47]. У Першую сусьветную вайну па тым як расейскія войскі пакінулі Вільню, жыхары места адзначылі крыжам прыкладнае месца масавага пахаваньня. У 1940 годзе па заняцьці Вільні бальшавікам гэты крыж зруйнавалі, а само месца занядбалі[46].
У 2016 годзе на Замкавай гары здарыліся два апоўзьні, зьявілася патрэба ўмацаваць схілы. Перад правядзеньнем земляных працаў гару дэталёва дасьледавалі археолягі, якія выявілі не вядомыя раней магілы. У 2017 годзе навукоўцы выказалі здагадку пра тое, што знойдзеныя парэшткі могуць належаць удзельнікам паўстаньня. У сакавіку 2019 году дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў К. Каліноўскага мэтадам вылучэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне веку, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам[48].
22 лістапада 2019 году ў Вільні адбылася ўрачыстая цырымонія перапахаваньня парэшткаў Кастуся Каліноўскага на могілках Росы. У цырымоніі ўзялі ўдзел прэзыдэнт Летувы Гітанас Наўседа і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, беларускі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка, лідэры апазыцыйных беларускіх партыяў, дзеячы беларускай культуры і тысячы беларусаў пад нацыянальнымі гістарычнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі. Гэта стала найбольш масавай маніфэстацыяй беларусаў у Вільні і, увогуле, па-за сучаснай граніцай Беларусі[49]. Прадстаўнік афіцыйнага Менску ў сваім выступе па імшы ў Віленскай катэдры з нагоды перапахаваньня паўстанцаў 1863-64 гадоў адзначыў, што асоба Кастуся Каліноўскага назаўжды ўпісаная ў гісторыю Беларусі, а яго дзейнасьць «зьвязаная зь перарастаньнем беларускага нацыянальна-культурнага руху ў змаганьне за беларускую дзяржаўнасьць у форме народаўладзьдзя»[50].
Бібліяграфія
рэдагаваць- Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасць. Творы, дакументы / Уклад., прадм., паслясл., пер. і камент. Г. Кісялёва. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 1999. — 459 с. ISBN 985-6318-41-6.
- . К. Калиновский: из печатного и рукописного наследия (рас.) / Сборник подготовили: Р.П. Платонов, Н. С. Сташкевич, В. Ф. Шалькевич, А. Н. Гесь. — Менск: Беларусь, 1988. — 208 с. — 15 000 ас. — ISBN 5-338-00024-5
Глядзіце таксама
рэдагавацьЗаўвагі
рэдагаваць- ^ Сваім першым імём — Вінцэнт, нададзеным паводле дня нараджэньня ў гонар каталіцкага сьвятога Вінцэнта Сарагоскага — Каліноўскі часта падпісаў афіцыйныя паперы на расейскай мове (у форме рас. Викентий), тым часам другое імя — Канстанцін, упадабанае ўласнымі бацькамі — ён найперш выкарыстоўваў у дачыненьнях з сваякамі і сябрамі[1]. Форму імя Кастусь датычна постаці Каліноўскага ў 1925 годзе падчас наведваньня ваколіцаў Сьвіслачы ад былога ўдзельніка паўстаньня 1863—1864 гадоў пачуў польскі гісторык Віктар Кардовіч[2][3]. Паводле беларускага гісторыка Аляксандра Краўцэвіча, на канфэрэнцыі «Кастусь Каліноўскі і яго эпоха ў дакумэнтах і культурнай традыцыі», якая прайшла ў Менску 25 верасьня 2009 году, на падставе дакумэнтаў давялі, што ў сям’і Каліноўскіх ужывалася імя Кастусь[4] (гэтая беларуская форма імя Канстанцін адпавядала псэўданіму Каліноўскага «Яська», утворанаму ад імя Ян; уласьцівая беларускай народнай традыцыі, яна таксама бытавала і сярод шляхты з этнічнай тэрыторыі беларусаў, напрыклад, Манюшкаў — «Kostuś»). Зрэшты, яшчэ да высьвятленьня гэтых акалічнасьцяў гісторык Генадзь Кісялёў выказаў наступнае меркаваньне: «Адных дакумэнтаў пры ўсёй іх каштоўнасьці дзеля аднаўленьня поўнай карціны мінулага недастаткова, гісторык карыстаецца так званымі „пазакрыніцавымі“ ведамі, прасьцей кажучы, жыцьцёвымі назіраньнямі. Так ці ёсьць падстава да спрэчак, калі ўсім вядома, што Канстанцін і Кастусь ва ўмовах Беларусі адно і тое ж. Кастусь — форма больш „прастамоўная“, так бы мовіць, „недакумэнтальная“, але і ўся наша літаратурная мова абапіраецца на народныя гаворкі, як уся культура наша грунтуецца найперш на народных вытоках і традыцыях»[5]
- ^ Паводле тагачаснага афіцыйнага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Расейскай імпэрыі — Гарадзенскі павет Гарадзенскай губэрні, цяпер у Падляскім ваяводзтве Польшчы
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Герасімчык В. Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда. — Горадня: ТАА «ЮрСаПрынт», 2018. С. 5.
- ^ Kordowicz, W. Konstanty Kalinowski / W. Kordowicz. — Warszawa, 1955. S. 5.
- ^ Герасімчык В. Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда. — Горадня: ТАА «ЮрСаПрынт», 2018. С. 5—6.
- ^ Міхась Скобла, Ці застанецца Каліноўскі на п’едэстале нацыянальнага героя?, Радыё Свабода, 30 верасьня 2022 г.
- ^ Кісялёў Г. Кастусь Каліноўскі, яго час і спадчына // За нашую вольнасць. Творы, дакументы / Каліноўскі, К.; уклад., прадм., паслясл. і камент. Г. Кісялёва. — Менск: «Беларускі кнігазбор», 1999. С. 262.
- ^ Шалькевіч В. Каліноўскі Кастусь // БЭ. — Мн.: 1998 Т. 7. С. 470.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 332.
- ^ Янушкевіч Я. Хто такі Кастусь Каліноўскі? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 53.
- ^ Харэўскі С. Магіла Каліноўскага знайшлася на гары Гедыміна ў Вільні // Наша Ніва. № 44, 29 кастрычніка 2001 г.
- ^ Анатолий Грицкевич: «Белорусский шляхтич — значит благородный, свободный, вольный!» // Туризм и отдых. № 21, 24.05.2001 г.
- ^ Шалькевіч В. Каліноўскі Кастусь // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 33.
- ^ Янушкевіч, Язэп. (2 лютага 2013) Мэтрыка Каліноўскага: чаму яго назвалі Кастусём. Наша Ніва. Праверана 4 лютага 2013 г.
- ^ Шалькевіч В. Каліноўскі Кастусь // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 32.
- ^ а б Шалькевіч В. "Марыська чарнаброва, галубка мая…" Невядомыя старонкі з жыцця Кастуся Каліноўскага // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 3. — С. 71.
- ^ Шалькевич В. Ф. Кастусь Калиновский: Страницы биографии. — Мн.: 1988. — С. 136.
- ^ Паноў С. В. Матэрыялы па гісторыі Беларусі; пад навук. рэд. М. С. Сташкевіча, Г. Я. Галенчанкі. — Мн.: «Аверсэв», 2003. С. 167.
- ^ Герасімчык В. Ненадрукаваны нумар «Мужыцкай праўды» // Народная Воля. 19 чэрвеня 2018 г.
- ^ Герасімчык В. Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда. — Гродна, 2018.
- ^ а б в Чаропка В. Гісторыя нашага імя: Гіст. даслед. — Менск, 1995. С. 70.
- ^ Калиновский К. Из печатного и рукописного наследия. — Минск, 1988. С. 172.
- ^ Шалькевіч В. "Марыська чарнаброва, галубка мая…" Невядомыя старонкі з жыцця Кастуся Каліноўскага // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 4. — С. 68.
- ^ Шалькевіч В. "Марыська чарнаброва, галубка мая…" Невядомыя старонкі з жыцця Кастуся Каліноўскага // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 3. — С. 70.
- ^ Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.. — М: 1965. — С. 80.
- ^ а б Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.. — М: 1965. — С. 84.
- ^ Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.. — М: 1965. — С. 86—87.
- ^ Ludwika z Jamontów Radziewiczowa Garść wspomnień z 63 roku. Rękopis w Bibliotece Zakladu Narodowego imienia Ossolińskich we Wroclwiu, sygnatura 12 273/I. — С. 87—88.
- ^ Шалькевіч В. "Марыська чарнаброва, галубка мая…" Невядомыя старонкі з жыцця Кастуся Каліноўскага // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 4. — С. 69.
- ^ Паказанні К. Каліноўскага ў следчай камісіі 26.2.1864 / Ин-т истории партии при ЦК КП Белоруссии — фил. Ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КПСС // К. Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. — Мн.: Беларусь, 1988. — С. 77—85. — ISBN 5-338-00024-5.
- ^ Паноў С. В. Матэрыялы па гісторыі Беларусі; пад навук. рэд. М. С. Сташкевіча, Г. Я. Галенчанкі. — Мн.: «Аверсэв», 2003. С. 169.
- ^ Абламейка С. Каліноўскі быў беларусам. Даказаць адваротнае немагчыма, Радыё Свабода, 22 сакавіка 2021 г.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 333.
- ^ Помнік Каліноўскаму на Лукішках можа не перажыць рэканструкцыю belmy.info Праверана 19 сакавіка 2011 г.
- ^ Абарона крыжа паўстанцам // Наша Ніва. 22 сакавіка 2009 г.
- ^ Бондаренко В. Между двумя мировыми войнами (рас.) Менск стары і новы Праверана 19 сакавіка 2011 г.
- ^ а б Кіно. «Кастусь Каліноўскі» // Савецкая Беларусь : газэта. — 1927, 24 сьнежня. — № 292 (2184). — С. 4.
- ^ Бераснеў П. Чаму Сталін не падпісаў дакумент аб стварэнні Беларускай арміі ў 1942 годзе?, TUT.BY, 24.12.2010 г.
- ^ Вашкевіч А. Як Гронскі расправіўся над Каліноўскім // ARCHE Пачатак : часопіс. — 2008. — № 7—8 (70—71). — С. 51—72. — ISSN 1392-9682.
- ^ У Сьвіслачы перайменавалі гімназію імя Кастуся Каліноўскага, Радыё Свабода, 6 сьнежня 2023 г.
- ^ Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. — Вільня: Рунь, 1998. С. 59.
- ^ Об утверждении описания орденов, медалей и нагрудных знаков к почетным званиям Республики Беларусь
- ^ Сьвіслацкія аркушы — Кастусь Каліноўскі — Музей
- ^ Кастусь Каліноўскі «Сьвіслацкія аркушы» Праверана 19 сакавіка 2011 г.
- ^ Беларусы стварылі батальён імя Каліноўскага для абароны Кіева. Эўрапейскае радыё для Беларусі (9 сакавіка 2022 г.).
- ^ Беларусы ЗША адкрылі ў Нью-Ёрку бюсты Тадэвушу Касьцюшку і Кастусю Каліноўскаму, Радыё Свабода, 27 сакавіка 2022 г.
- ^ Карней І. Як расейцы пахавалі Кастуся Каліноўскага: рукі зьвязаныя за сьпінай, цела засыпанае вапнай, Радыё Свабода, 22 лістапада 2019 г.
- ^ а б Карней І. Зьдзек з парэшткаў паўстанцаў: расейцы гулялі на магілах у крыкет і залівалі фэкаліямі, Радыё Свабода, 28 лістапада 2019 г.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 336.
- ^ У Вільні з дакладнасьцю 95% ідэнтыфікавалі парэшткі Кастуся Каліноўскага, Радыё Свабода, 19 сакавіка 2019 г.
- ^ Тысячы беларусаў развіталіся з Каліноўскім пад нацыянальнымі сцягамі — шмат ФОТА Надзеі Бужан, Наша Ніва, 22 лістапада 2019 г.
- ^ Што віцэ-прэм’ер Беларусі сказаў пра Каліноўскага і паўстанцаў у Вільні, Радыё Свабода, 22 лістапада 2019 г.
Літаратура
рэдагаваць- 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, З. Санько. — Менск: Рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. — 80 с.
- Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997.
- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006.— 345 с. ISBN 985-417-858-7.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — ISBN 985-11-0130-3
- Беларускі нацыяналізм: Даведнік. — Менск: Голас Краю, 2001.
- Біч М. Паўстанне 1863—1864 гг. Кастусь Каліноўскі // Гістарычны Альманах. Том 6 (2002).
- Вашкевіч А. Як Гронскі расправіўся над Каліноўскім // ARCHE Пачатак : часопіс. — 2008. — № 7—8 (70—71). — С. 51—72. — ISSN 1392-9682.
- Герасімчык В. Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда. — Горадня: ТАА «ЮрСаПрынт», 2018. — 229 с. ISBN 978-985-7134-35-9.
- Герасімчык В. Кастусь Каліноўскі: чаму яму няма роўных // Наша гісторыя. № 2, 2018. ISBN 2617-2305. — С. 4—9.
- Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі — Менск: БГА, 2000.— 160 с. ISBN 985-6374-15-4.
- Кастусь Каліноўскі і яго эпоха ў дакументах і культурнай традыцыі: Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі, Менск, 25 верасня 2010 г. — Менск, 2011.
- Кіштымаў А. Загадка бацькі Каліноўскага // Наша гісторыя. № 2, 2018. ISBN 2617-2305. — С. 10—12.
- Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік / Уклад. Дубянецкі Э. — Менск: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6.
- Матвейчык Дз. «Станаўленне і развіццё ў БССР гістарыяграфіі паўстання1863-1864 гг. (1919—1931 гг.)» / Максім Гальпяровіч // Беларускі гістарычны часопіс : навуковы, навукова-мэтадычны ілюстраваны часопіс. — Менск: сакавік 2017. — № 3 (212). — С. 12 —24.
- Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Гал. рэд. Б. І. Сачанка. — Мн.: БелЭн, 1995.— 672 с. ISBN 985-11-0016-1
- Паноў С. В. Матэрыялы па гісторыі Беларусі; пад навук. рэд. М. С. Сташкевіча, Г. Я. Галенчанкі. — Мн.: «Аверсэв», 2003.— 383 с. ISBN 985-478-094-5.
- Смалянчук А. Кастусь Каліноўскі ў польскай гістарычнай традыцыі // Спадчына. № 2, 1998. С. 84—105.
- Станкевіч, А. Кастусь Каліноўскі : «Мужыцкая праўда» і ідэя незалежнасьці Беларусі: (Рэферат, прачытаны на ўрачыстый акадэміі 25.ІІІ.1933 г., з прычыны 15-ай угодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі і 70-ай угодкі беларускай прэсы). — Вільня: Беларускі Нацыянальны Камітэт, 1933. — 63 с.
- Трызна І. Канстанцін Каліноўскі (Гістарычны нарыс). / Клаўдзі Дуж-Душэўскі // Беларускі сьцяг : часопіс. — Коўна: Урад БНР, 1922. — № 4. жнівень—верасень. — С. 10—19.
- Цьвікевіч І. «Кастусь Каліноўскі» (К 60-ці годзьдзю яго сьмерці). / А. Сянькевіч // "Полымя: літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны часопіс" : часопіс. — Менск: Беларускае кааперацыйна-выдавецкае таварыства «Савецкая Беларусь», 1924. — № 2 (10). — С. 1—18.
- Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: БелЭн, 1998. ISBN 985-11-0108-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьВікіцытатнік зьмяшчае збор цытатаў, датычных тэмы артыкула: |
Вікікрыніцы зьмяшчаюць арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |
- Праект «Сьвіслацкія аркушы — Кастусь Каліноўскі» Праверана 19 сакавіка 2011 г.
- Паўстанцы, Kamunikat.org
- Творы Кастуся Каліноўскага, Беларуская Палічка
- Абламейка С. Каліноўскі быў беларусам. Даказаць адваротнае немагчыма, Радыё Свабода, 22 сакавіка 2021 г.
- Гісторыя пад знакам Пагоні. Кастусь Каліноўскі на YouTube