Анатоль Сьцяпанавіч Красоўскі (17 траўня 1952 — 16 верасьня 1999 (?)) — беларускі бізнэсмэн, 16 верасьня 1999 году разам зь Віктарам Ганчаром выкрадзены пры нявысьветленых абставінах.

Анатоль Красоўскі
Род дзейнасьці бізнэсмэн, навукоўца
Дата нараджэньня 17 траўня 1952
Месца нараджэньня Крупкі, Менская вобласьць, БССР
Дата сьмерці 16 верасьня 1999 (?)
Месца сьмерці
Грамадзянства СССР
Месца вучобы
Занятак пэдагог, выдавец, прадпрымальнік, палітык

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся ў п. Крупкі Менскай вобласьці. Скончыў фізычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Пэдагог, кандыдат філязофскіх навукаў[1], аўтар дзясяткаў навуковых прац і шэрагу вучэбных дапаможнікаў, распрацоўнік школьнага курсу «Этыка і псыхалёгія сямейнага жыцьця». З пачатку 1990-х буйны прадпрымальнік, выдавец масавых часопісаў «Я+Я», «Ідэал» і іншых. Займаўся дабрачыннасьцю, аказваў фінансавую падтрымку шэрагу грамадзкіх арганізацыяў Беларусі, у тым ліку і палітычна незалежным. Вядомы як асабісты сябар віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Віктара Ганчара, аднаго зь лідэраў беларускай апазыцыі канца 1990-х.

Гісторыя выкраданьня

рэдагаваць

Перадгісторыя

рэдагаваць

1999 год стаў годам бязьлітаснай канфрантацыі паміж афіцыйнымі ўладамі на чале з прэзыдэнтам Лукашэнкам і дэмакратычнай апазыцыяй вакол новай рэдакцыі Канстытуцыі. Новая рэдакцыя Канстытуцыі была прынятая пасьля спрэчнага рэфэрэндума 1996 году і сярод іншага прызначала новую дату прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі на 2001 год. Апазыцыйныя палітычныя сілы, якія не прызналі новую вэрсію Канстытуцыі, намагаліся правесьці прэзыдэнцкія выбары ў 1999 годзе, як гэта і прадугледжвала першапачатковая рэдакцыя Канстытуцыі.

Значная частка супраціўнікаў прэзыдэнта Лукашэнкі аб’ядналася вакол беларускага парлямэнта — Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, які быў афіцыйна распушчаны па выніках рэфэрэндуму 1996 году.

Да роспуску Вярхоўны Савет, у якім была прадстаўленая дэмакратычная апазыцыя, процістаяў прэзыдэнту А. Лукашэнку. У прыватнасьці, Вярхоўны савет 13-га скліканьня адказаў адмовай Лукашэнку на яго патрабаваньне падоўжыць тэрмін на пасту прэзыдэнта да сямі гадоў і занесьці зьмены ў Канстытуцыю, неабходныя для пашырэньня паўнамоцтваў выканаўчай улады.

З часоў рэфэрэндуму Віктар Ганчар, віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету, быў актыўным апанэнтам прэзыдэнта Лукашэнкі.

Віктар Ганчар, віцэ-сьпікер Вярхоўнага савету 13-га скліканьня, непрымірымы супраціўнік Лукашэнкі і адзін зь лідэраў апазыцыі, і яго сябар буйны прадпрымальнік Анатоль Красоўскі, які фінансаваў апазыцыйны рух, сталі аб’ектамі пільнай увагі беларускіх спэцслужбаў.

Першым сыгналам крайняй незадаволенасьці ўладных структур палітычнай актыўнасьцю Анатоля Красоўскага стаў яго арышт у жніўні 1999 году. Прадпрымальнік быў зьмешчаны ў СІЗА, дзе яму фактычна было прад’яўлена абвінавачваньне ў падрыўной дзейнасьці. Аднак пасьля публікацыяў у шэрагу СМІ падрабязнасьцяў справы, сьледзтва агучыла іншую вэрсію, паводле якой Анатоль Красоўскі вінаваты ў тым, што сваечасова не вярнуў крэдыт, узяты ў банку «Пошук». З-за відавочнай неадпаведнасьці рэчаіснасьці гэтае абвінавачваньне хутка развалілася. На працягу тыдня прадпрымальніка адпусьцілі разам зь іншымі затрыманымі па гэтай справе, сярод якіх была прэзыдэнт банка «Пошук» Валянціна Сурына.

Выкраданьне

рэдагаваць

Увечары 16 верасьня 1999 году Анатоль Красоўскі й Віктар Ганчар былі выкрадзеныя. Праваахоўнымі органамі было пачатае расьсьледаваньне, аднак усе вядомыя ў цяперашні час доказы былі сабраныя добраахвотнікамі. У тым ліку і выяўленыя на месцы выкраданьня на вуліцы Фабрычнай у Менску аскепкі шкла аўтамабіля Анатоля Красоўскага, якім сябры карысталіся ў гэты дзень, і сьляды крыві, ідэнтыфікаванай незалежнай экспэртызай як кроў Віктара. Афіцыйнае сьледзтва — нягледзячы на тое, што за Віктарам Ганчаром, і за Анатолем Красоўскім вялося пастаяннае сачэньне сіламі Камітэта дзяржбяспекі — канстатавала немагчымасьць усталяваньня ісьціны. Пасьля зьнікненьня КДБ заявіў, што сачэньне было зьнятае менавіта 16 верасьня.

У чэрвені 2001 году сусьветная грамадзкасьць атрымала ў распараджэньне паказаньні сьледчых КДБ Петрушкевіча і Случака, якія распавялі падрабязнасьці кантраляванай Лукашэнкам сыстэмы фізычнага прыбіраньня непажаданых у Беларусі, так званых «эскадронаў сьмерці»[2].

  1. ^ Красовский, Анатолий Степанович. Ценностные ориентации выпускников школ на брачно-семейные отношения как предмет социологического анализа : Автореф. дис. на соиск. учен. степ. канд. филос. наук: 09.00.09 / Бел. гос. ун-т им. В. И. Ленина. — Мн., 1986. — 18 с.
  2. ^ «Эскадрон смерти» в Белоруссии: Сотрудники правоохранительных органов республики решили повторить «подвиг» украинского майора Мельниченко (рас.)

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць