Імпэрыялізм
Імпэрыялі́зм — дзяржаўная палітыка, скіраваная на заваёўваньне тэрыторыяў, калёніяў, або ўсталяваньне палітычнага й эканамічнага кантролю над іншымі дзяржавамі. Тэрмін выкарыстоўваецца для характарыстыкі палітыкі краін, што валодаюць калёніямі або дамінуюць над іншымі краінамі — незалежна да таго, ці называюць яны сябе імпэрыямі. Імпэрыялізм апошнія 500 гадоў ёсьць у першую чаргу прадпрыемства заходніх краінаў, якія праводзілі экспансіянісцкую палітыку, а таксама камуністычных сыстэмаў[1]. Геаграфічныя дамэны ўлучаюць Нямецкую імпэрыю, Мангольскую імпэрыю, Рымскую імпэрыю, Асманскую імпэрыю, Сьвятую Рымскую імпэрыю, Партугальскую імпэрыю, Гішпанскую імпэрыю, Нідэрляндзкую імпэрыю, Пэрсыдзкую імпэрыю, Францускую імпэрыю, Расейскую імпэрыю, Кітайскую імпэрыю й Брытанскую імпэрыю, але гэты тэрмін можа быць у роўнай ступені ўжывацца да галінаў ведаў, перакананьняў, каштоўнасьцяў і досьведу, як то імпэрыя хрысьціянства альбо ісламу. Імпэрыялізм, як правіла, ёсьць самадзяржаўнай, а таксама часам маналітнай структурай паводле свайго характару. Яна можа быць адносна дабраякаснай, як у Канадзе, альбо жорсткай, як у дзяржаве Конга[2].
Гісторыя
рэдагавацьСлова імпэрыялізм паходзіць ад лацінскага слова imperium, што азначае «камандаваць», «быць сувэрэнам» або проста «кіраваць войскам». Слова «імпэрыялізм» упершыню ўжылі ў XIX стагодзьдзі, каб асуджаць дэспатычны мілітарызм Напалеона III і яго спробы атрымаць палітычную падтрымку праз замежнае вайсковае ўмяшаньне. Тэрмін пашырыўся ў цяперашнім сэнсе ў Вялікабрытаніі ў 1870-х гадох; да 1880-х гаоў выкарыстоўваўся з пазытыўным адценьнем. Да канца XIX стагодзьдзя ён выкарыстоўваўся для апісаньня паводзінаў імпэрыяў ва ўсе часы і ва ўсіх месцах. Марксізм у канцы XIX — пачатку XX ст. лічыў імпэрыялізм найвышэйшай стадыяй разьвіцьця манапольнага капіталізму. Ганна Арэнт і Ёзэф Шумпэтэр вызначалі імпэрыялізм як экспансію дзеля экспансіі.
У XX стагодзьдзі тэрмін у асноўным ужываўся да палітычнага і эканамічнага дамінаваньня Захаду і Японіі, асабліва ў Азіі і Афрыцы. Яго дакладнае значэньне працягвае абмяркоўвацца навукоўцамі. Некаторыя аўтары, такія як Эдвард Саід, выкарыстоўваюць гэты тэрмін больш шырока для апісаньня ўсякай сыстэмы панаваньня і падпарадкаваньня, арганізаванай вакол імпэрскага ядра і пэрыфэрыі. Гэтае азначэньне ахоплівае як намінальныя імпэрыі, так і нэакаляніялізм.
Паводле краінаў
рэдагавацьВялікабрытанія
рэдагавацьІмпэрыялістычныя амбіцыі Брытаніі пачалі выяўляцца яшчэ ў XVI стагодзьдзі. У 1599 годзе была створана Брытанская Ост-Індзкая, якая атрымала падтрымку з боку каралевы Лізаветы ў наступным годзе[3]. Са стварэньнем гандлёвых пастоў у Індыі, ангельцы здолелі захаваць сваю моц, бо іншыя імпэрыі, як то партугальская, таксама ўжо мелі гандлёвае прадстаўніцтва ў Індыі[3]. Да 1670 году Ангельшчына мела заморскія ўладаньні ў Вірджыніі, Масачусэтсе, Бэрмудах, Гандурасе, Антыгуа, Барбадасе, Ямайцы і Новай Шатляндыі. У XIII стагодзьдзі назіралася пашырэньне дзейнасьці Ост-Індзкай кампаніі на Індйскім субкантынэнце, якая прывяла да жахлівага стану мясцовай эканомікі.
Празь вялізныя імпэрыялістычныя амбіцыі эўрапейскіх краінаў Вялікабрытанія мела колькі сутыкненьняў з Францыяй. Гэта спаборніцтва асабліва набыло сілу ў калянізацыі Канады. Джон Кабот зацьвердзіў Ньюфаўндлэнд за ангельцамі, у той час як у гэтым жа рэгіёне меліся францускія калёніі, створаныя ўздоўж ракі Сьвятога Лаўрэнція, якія мелі назву «Новая Францыя»[4]. Брытанія працягвала пашырацца, калянізуючы Новую Зэляндыю і Аўстралію, якія не былі пустыя землі, а мелі сваё тубыльнае насельніцтва са сваёй адметнай культурай[3]. Нацыяналістычныя рухі Вялікабрытаніі прасоўвалі ідэю стварэньня Садружнасьці, якая бы мела агульны характар нацыянальнай ідэнтычнасьці[3].
Палітыка раньняй Брытанскай імпэрыі была заснаваная на мэркантылізьме, калі эканамічны катроль над калёніямі, перш за ўсё, у Паўночнай Амэрыцы, краінах Карыбскага басэйну і Індыі, ажыцьцяўляўся з боку холдынгаў. Эканамічны рост імпэрыі быў сапсаваны стратай амэрыканскіх калёніяў у 1776 годзе, аднак Брытанія атрымала карысную кампэнсацыю ў Індыі і Аўстраліі, а таксама ў будаўніцтве нефармальнай эканамічную імпэрыі з дапамогай кантролю гандлю і фінансаў у Лацінскай Амэрыцы пасьля таго, як шэраг краінаў атрымалі незалежнасьць ад Гішпаніі і Партугаліі ў XIX стагодзьдзі[5].
Расея
рэдагавацьРасейская імпэрыя, у адрозьненьне ад іншых каляніяльных імпэрыяў свайго часу, была не заморскай, а кантынэнтальнай. Геаграфічна калёніі знаходзіліся побач з мэтраполіяй, а часам мелі этнічную блізкасьць зь ёй. Гэта дазваляла ня толькі прыхоўваць каляніяльны прыгнёт, але і накідваць паняволеным народам чужую гісторыю, культуру і мову[6].
Францыя
рэдагавацьУ XVI стагодзьдзі француская калянізацыя Амэрыкі пачалася з стварэньня Новай Францыі. Пашырэньне ўладаньняў па-за Эўропы было працягнутае ў XVII стагодзьдзі ўтварэньнем гандлёвымі пастамі Францускай Ост-Індзкай кампаніі ў Афрыцы і Азіі. Першая француская імпэрыя існавала з 1534 па 1814 гады і ўлучала Новую Францыю (Канада, Акадыя, Ньюфаўндлэнд і Луізыяна), Францускія Антыльскія астравы (Сан-Дамінга, Гвадэлюпа, Мартыніка), Францускую Гвіяну, Сэнэгал, Маскарэнскія астравы (востраў Маўрыцы, Рэюньён) і Францускую Індыю.
Другая француская імпэрыя пачалася з захопу Альжыру ў 1830 годзе і завяршылася здабыцьцём Альжырам незалежнасьці ў 1962 годзе[7]. Гісторыя францускага імпэрыялізму была адзначаная шматлікімі войнамі, вялікімі і малымі, а таксама значнай дапамогай Францыі ад калёніяў за часам сусьветных войнаў[8]. Па заваёве Альжыру ў першай палове XIX стагодзьдзя не адразу Францыя занялася пашырэньнем сваёй імпэрыі. Сур’ёзныя зрухі адбыліся пасля 1850 году, засяродзіўшыся галоўным чынам на Паўночнай і Заходняй Афрыцы, а таксама ў Паўднёва-Усходняй Азіі ды іншымі заваёвамі ў паўднёва-ціхаакіянскім рэгіёне (Новая Каледонія, Французская Палінэзія). Францыя таксама двойчы спрабавала зрабіць Мэксыку сваёй калёніяй у 1838—1839 і 1861—1867 гадах.
Францускія рэспубліканцы, спачатку варожыя да ідэі імпэрыі, пачалі падтрымліваць ейнае ўмацаваньне толькі тады, калі Нямецкая імпэрыя пачала ствараць уласную каляніяльную імпэрыю. З разьвіцьцём імпэрыі залежныя тэрыторыі набылі ролю гандлёвага партнэра Францыі, пастаўляючы сыравіну і набываючы тавары, а таксама надаючы прэстыж мэтраполіі праз распаўсюд францускай цывілізацыі і мовы, а таксама каталіцтва. Мэтраполія таксама была забясьпечаная працоўнай сілай за часам абедзьвюх сусьветных войнаў[9]. Абаронцы імпэрыялізму апраўдвалі заваёвы і прыгнёт тым, што дзякуючы францускай культуры і стандарту жыцьця можна і астатні сьвет прывесьці да цывілізацыі. У 1884 годзе францускі філёзаф і апантаны абаронца каляніялізму Жуль Фэры заявіў, што Францыя мае цывілізацыйную місію, бо як найышэйшыя расы маюць права над ніжэйшымі расамі, яны абавязаныя цывілізаваць ніжэйшых[10]. Пры гэтым пры асыміляцыі прапаноўваліся поўныя грамадзянскія правы, але на практыцы асыміляцыя заўсёды заставалася аддаленай пэрспэктывай[11]. У адрозьненьне ад Вялікабрытаніі, Францыя накіроўвала невялікую колькасьць перасяленцаў у свае калёніі, за выключэньнем Альжыру, дзе, не зважаючы на прысутнасьць францускіх пасяленцаў, яны заўсёды складалі меншасьць.
Француская імпэрыя дасягнула свайго максымуму ў 1920-х гадах, займаючы больш за 11 500 000 км² і маючы насельніцтва ў 110 мільёнаў чалавек напярэдадні Другой сусьветнай вайны[12][13]. За часам Другой сусьветнай вайны Шарль дэ Голь і Вольная Францыя выкарыстоўвалі заморскія калёніі як базы дзеля барацьбы за вызваленьне Францыі. Аднак пасьля 1945 году ўзьняліся антыкаляніяльныя рухі, якія імкнуліся зьнішчыць імпэрыю. У 1950-х гадах Францыя зазнала цяжкую паразу ў вайну ў Віетнаме. Не зважаючы на тое, што Францыя фактычна была пераможцай у вайне ў Альжыры, дэ Голь усё роўна пастанавіў надаць гэтай краіне незалежнасьць у 1962 годзе. Францускія перасяленцы і многія прыхільнікі Францыі былі вымушаныя пераехаць у Францыю. Амаль усе калёніі Францыі атрымалі незалежнасьць да 1960 году, аднак былая мэтраполія захавала значны фінансавы і дыпляматычны ўплыў. Францыя неаднаразова накіроўвала войскі дзеля дапамогі сваім былым калёніям у Афрыцы дзеля здушэньня паўстаньняў і дзяржаўных пераваротаў[14].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Johnston R. J. The Dictionary of Human Geography. 4th ed.. Wiley-Blackwell, 2000. ISBN 0-631-20561-6 — P. 375.
- ^ Gjersø J. F.The Congo Free State – A Latifundium of Terror
- ^ а б в г Painter J., Jeffrey A. Political Geography. 2nd ed. SAGE, 2009. ISBN 978-1-44-624435-7.
- ^ «New France (1608–1763)». Canada in the Making.
- ^ Brendon P., The Decline and Fall of the British Empire, 1781–1997. 2008. P. 61.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 320.
- ^ Aldrich, Robert (1996). «Greater France: A History of French Overseas Expansion».
- ^ Clayton, Anthony (1995). «The Wars of French Decolonization».
- ^ Baumgart, Winfried (1982). «Imperialism: The Idea and Reality of British and French Colonial Expansion, 1880–1914».
- ^ Jouannet, Emmanuelle (2012). «The Liberal-Welfarist Law of Nations: A History of International Law». Cambridge University Press. — С. 142. — ISBN 978-1-107-01894-5.
- ^ Betts, Raymond (2005). «Assimilation and Association in French Colonial Theory, 1890–1914».
- ^ Taagepera, R. (1997). «Expansion and Contraction Patterns of Large Polities: Context for Russia». International Studies Quarterly. 41 (3): 475—504. — doi:10.1111/0020-8833.00053.
- ^ «Population en 2019». — Tableaux de séries longues. Insee.
- ^ Chafer, Tony (2002). «The End of Empire in French West Africa: France’s Successful Decolonization?».
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Уладзімер Арлоў, Ці была Беларусь калёніяй Расеі?, Радыё Свабода, 30 верасьня 2011 г.
- Імпэрыялізм. Quotations
- «Эканамічны імпэрыялізм». A. J. P. Taylor
- «Парадокс імпэрыялізму». Hans-Hermann Hoppe.