Чарнігаўскае княства

Чарнігаўскае княства — у XI стагодзьдзі адна з найбольш буйных і моцных зямель Русі, у XII-XIV стагодзьдзях галоўны ўдзел Чарнігаўскай зямлі. Сталіца — Чарнігаў.

Пячатка Алега, князя Чарнігаўскага. 1094 г.

Значныя гарады: Ноўгарад-Северскі, Старадуб, Бранск, Пуціўль, Курск, Любеч, Глухаў, Чачэрск і Гомель.

Як асобная адміністрацыйная адзінка, Чарнігаўская зямля вылучылася ўжо ў X ст., але кіравалася кіеўскімі ваяводамі. Утварылася на землях севяранскага засяленьня (пераважна), на левым беразе Дняпра ў басэйне рэк Дзясна і Сейм, пазьней пашырылася на землі радзімічаў, вяцічаў і дрыгавічоў. У 1024—1036 гадох, пасьля падзелу Русі паміж Яраславам і Мсьціславам Уладзімеравічамі, ператворана ў асобны ўдзел, які ўключаў усю левабярэжную Русь, акрамя Пераяслава, у т.л. Мурамска-Разанскую зямлю, Смаленск і Тмутаракань. У 1036—1054 гадох у валоданьні Яраслава, пасьля яго сьмерці перайшло ва ўдзел да яго сына Сьвятаслава, хоць і ў значна паменшаным памеры. Пасьля сьмерці Сьвятаслава некаторы час была ў валоданьні розных князёў, у т.л. Уладзімера Манамаха.

Пастановай Любецкага зьезду (1097) перайшла ў валоданьне сыноў Сьвятаслава — Алега і Данілы, далей была ў валаданьні іх нашчадкаў — Ольгавічаў. З гэтага ж часу пачынаецца драбленьне Чарнігаўскай зямлі на ўдзелы. Напачатку выдзяліліся ўласна Чарнігаўскае княства як галоўны ўдзел і Ноўгарад-Северскае і Мурамска-Разанскае княствы, якія ў сваю чаргу драбіліся далей.

У 1345—1346 гадох вялікі князь літоўскі Альгерд далучыў Чарнігаўскае княства і іншыя ўдзелы Чарнігаўскай зямлі да ВКЛ, пасадзіў у розных удзелах сваіх сыноў ці іншых асобаў.

Літаратура рэдагаваць

  • Kuczyński S.М. Ziemie Czernihowsko-Siewierskie pod rzadami Litwy. Warsz., 1936;
  • Зайцев А. К. Черниговское княжество // Древнерусские княжества X—XIII вв. М., 1975.