Афрыка
А́фрыка (назва, магчыма, пайшла ад лацінскага слова aprica, што перакладаецца як «сонечны», альбо ад грэцкага aphrike, што мае значэньне «бязь сьцюжы») — другі па плошчы й па колькасьці насельніцтва кантынэнт Зямлі (30,300 млн км² і 850 млн жыхароў на 2005 год адпаведна). Афрыка займае 5,9% ад плошчы ўсяе плянэты альбо 20,3% ад плошчы ўсяе сушы.
Адначасова Афрыка зьяўляецца самы бедным у эканамічным пляне кантынэнтам, тут распаўсюджаны такія небясьпечныя захворваньні, як малярыя і СНІД. Акрамя гэтага, значная частка насельніцтва Афрыкі галадае. У апошнія дзесяцігодзьдзі ў многіх афрыканскіх краінах усталяваліся дэмакратычныя ўрады, што паспрыяла іх эканамічнаму разьвіцьцю, але ў некаторых краінах працягваюцца грамадзянскія войны. Тым ня менш, сканчэньне шматгадовай грамадзянскай вайны ў такіх буйных краінах, як Ангола і Дэмакратычная Рэспубліка Конга прывялі да росту эканомікі ў Афрыцы. Грамадзянская вайна працягваецца ў Бурундзі, Кот д’Івуары, Лібэрыі, Самалі, Судане, Зымбабвэ і Нігерыі.
Гісторыя дасьледаваньня
рэдагавацьПаўночныя берагі Афрыкі былі досыць добра вядомыя народам Старажытнай Грэцыі і Фінікіі. Зьвесткі аб прыродзе і насельніцтве кантынэнта назапашваліся і пераходзілі ад эгіпцян і фінікійцаў да грэкаў і рымлянаў, ад арабаў да эўрапейцаў.
Для эўрапейскай геаграфіі сапраўдныя дасьледаваньні Афрыкі зьвязаныя з эпохай Вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў. У пачатку XV ст. партугальскімі мараплаўцамі, якія шукалі марскі шлях у Індыю, быў пракладзены шлях уздоўж заходніх берагоў мацерыка і знойдзены выхад у Індыйскі акіян. У 1497-98 караван суднаў пад кіраўніцтвам Васка да Гамы на шляху ў Індыю абмінуў кантынэнт і выйшаў з Атлянтычнага акіяна ў Індыйскі. Такім чынам быў завершаны пошук марскога шляху з Эўропы ў Індыю. З XVI ст. эўрапейскія гандляры пачалі вывозіць рабоў у Амэрыку.
У канцы XVIII і пачатку XIX ст. узмоцненую цікавасьць да дасьледаваньня Афрыкі сталі выяўляць эўрапейскія краіны. Розныя мэты вялі вандроўнікаў у дарогу — ня гэтулькі навуковыя, колькі ваенна-стратэгічныя і каланіяльныя. З дасьледчыкаў Афрыкі найболей вядомыя брытанскі падарожнік Дэйвід Лівінгстан, шатляндзец М. Парк (1771—1806), немец Г. Барт (1821—1865), амэрыканец Генры Морган Стэнлі (1841—1904) ды інш. Яны вывучалі ўнутраныя вобласьці мацерыка, пранікаючы туды па рэках, шукалі іх вытокі, апісвалі азёры, шчодрую прыроду і насельніцтва кантынэнта.
Геаграфія
рэдагавацьАфрыка — самы вялікі з трох мацерыкоў «паўднёвай групы». Аддзеленая ад Эўропы Міжземным морам, з Азіяй злучаецца ў паўночнай усходняй частцы Суэцкім перашыйкам (які перасечаны Суэцкім каналам), шырынёй 130 км. Але, у сувязі з тым што Сінайская паўвыспа палітычна належыць Эгіпту, яго часта адносяць да Афрыкі. Афрыка раскінулася на 8 000 км з поўначы на поўдзень, а з захаду на ўсход на 7 400 км. Даўжыня берагавой лініі складае 26 000 км. Самай вялікай краінай Афрыкі зьяўляецца Судан, а самай малой — Сейшэльскія выспы (архіпэляг на ўсходзе ад мацерыка). Самая малая мацерыковая краіна — Гамбія.
Геалёгія
рэдагавацьБудова паверхні мацерыка даволі аднастайная. Пераважаюць раўніны і пласкагор’і вышынёй ад 200 да 1000 м, нізін мала. Найболей шырокія пласкагор’і — Усходне-Афрыканскае і Паўднёва-Афрыканскае. Прыпаднятыя ўчасткі чаргуюцца з катлавінамі, найбольш шырокія зь якіх — катлавіна Калахары, ўпадзіна Конга і інш. Найвышэйшы пункт — вулькан Кіліманджара (5895 м), самы нізкі — возера Асаль (-150 м). Сярэдняя вышыня — 600 м над узроўнем мора.
Асаблівасьці рэльефу зьвязаныя з гісторыяй разьвіцьця мацерыка. У аснове кантынэнта ляжыць старажытная Афрыкана-Арабійская плятформа — частка расколатай Гандваны. Плятформа сфармавалася ў археі і пратэразоі і за 2-3 млрд гадоў набыла вялікую ўстойлівасьць. Толькі Атляскія горы на поўначы і Капскія на поўдні створаныя пазьнейшымі рухамі зямной кары. Велізарная Афрыканская груда выпрабоўвала ўзьняцьці й апусканьні, пры гэтым паўночная частка мацерыка часьцей апускалася, чым падымалася, залівалася морамі. Крышталічны падмурак плятформы перакрыты асадкавымі пародамі і толькі ў цэнтры Сахары й на ўзьбярэжжа Ґвінейскага заліва выходзіць на паверхню. Рэльеф Усходняй і Паўднёвай Афрыкі фармаваўся інакш — пераважалі ўзьняцьці зямной кары, утвараліся гіганцкія разломы, горсты і грабены. Актыўна разьвівалася вулканічная дзейнасьць. Тут шмат лававых раўнін, грабены занятыя азёрамі. Вывяржэньні вулканаў, землятрусы адбываюцца і ў нашы дні. У паласе рыфтаў разьмешчаныя вулканы, у тым ліку вулкан Кіліманджара.
Нетры Афрыкі багатыя мінэральнымі рэсурсамі. Разьмяшчэньне радовішчаў цесна зьвязана з геалягічнай гісторыяй і тэктанічнай будовай. Усходняя і Паўднёвая («высокая») Афрыка, дзе на паверхні пераважаюць магматычныя крышталічныя і мэтамарфічныя пароды, вядомая рудамі чорных і каляровых, высакародных і рэдкіх мэталаў. Радовішчы дыямэнтаў прымеркаваныя да кімбэрлітавых вулканічных трубак у нетрах плятформы. У тоўшчах асадкавых парод Паўночнай і Заходняй Афрыкі назапасіліся запасы фасфарытаў, нафты й прыроднага газу (вобласьць Сахарскай пліты), паваранай солі, каменнага вуглю (Нігерыя). Нафту й газ здабываюць ня толькі на сушы, але і на шэльфе Атлянтычнага акіяна. У Паўднёвай Афрыцы значныя запасы каменнага вугалю, медных, уранавых руд.
Клімат
рэдагавацьАфрыка — самы гарачы мацярык плянэты. На большай яе частцы сярэдняя тэмпэратура любога месяца вышэй +20 °C, што тлумачыцца разьмяшчэньнем большай часткі мацерыка паміж тропікамі, дзе сонца на працягу году стаіць высока над гарызонтам, а два разу ў год бывае ў зэніце. Сэзоны году больш адрозьніваюцца паміж сабой па ўмовах увільгатненьня. Асаблівасьці клімату вызначаюцца цыркуляцыяй паветраных мас, ад якой шмат у чым залежыць колькасьць ападкаў і рэжым іх выпадзеньня. Над экватарыяльнай часткай мацерыка фармуецца пас нізкага ціску, а ў трапічных шыротах — пасы высокага ціску. Гэтыя пасы перамяшчаюцца ўсьлед за зэнітальным становішчам сонца і абумоўліваюць рух над мацерыком экватарыяльных, трапічных і ўмераных паветраных мас. Амаль увесь кантынэнт знаходзіцца пад дзеяньнем пастаянных вятроў — пасатаў. Паўночна-ўсходнія пасаты, што прыходзяць з сушы, амаль не прыносяць вільгаці, а паўднёва-ўсходнія нясуць яе зь Індыйскага акіяна. У субтрапічных шыротах у зімовыя месяцы ападкі выпадаюць з умераных паветраных мас, у якіх пануе заходні перанос паветра з Атлянтычнага акіяна. На разьмеркаваньне ападкаў уплывае і рэльеф. Стромкія і высокія берагі кантынэнта абцяжарваюць пранікненьне вільготных вятроў з акіяна ў глыб мацерыка. На наветраных схілах гор ападкаў выпадае больш. На Этыёпскім нагор’і, на схілах гары Камэрун іх колькасьць дасягае 10 000 мм у год. Самыя сухія вобласьці разьмешчаныя ня толькі ўсярэдзіне мацерыка, але і ў яго прыакіянскіх частках. Так, заходняе ўзьбярэжжа мацерыка ў трапічных шыротах абмываецца халоднымі цячэньнямі. Паветра над імі робіцца халаднейшае, чым у верхніх пластах, канвэкцыя яго абцяжараная. Акрамя расы і туманаў ападкаў тут амаль няма. На мацерыку вылучаюць экватарыяльны, два субэкватарыальных, два трапічных і два субтрапічных кліматычных пасы. Усярэдзіне некаторых зь іх існуюць адрозьненьні, якія вызначаюцца колькасьцю ападкаў і іх рэжымам.
Рэкі і азёры
рэдагавацьРазьмеркаваньне ўнутраных вод цесна зьвязана з рэльефам і кліматам. Прыкладна 1/3 частка кантынэнта адносіцца да абласьцей унутранага сьцёку, бо велізарныя тэрыторыі мацерыка атрымліваюць мала ападкаў.
Там, дзе ападкаў выпадае шмат, рачная сетка густая. Іншымі словамі, рачная сетка разьмеркаваная на мацерыку нераўнамерна. Усходне-Афрыканскае пласкагор’е зьяўляецца водападзелам, таму вялікая частка рэк сьцякае ў Атлянтычны акіян. На рэках Афрыкі мноства парогаў і вадаспадаў, і яны малапрыдатныя для суднаходзтва, аднак валодаюць велізарнымі запасамі гідраэнэргіі. Амаль усе рэкі маюць у асноўным дажджавое жыўленьне. У абласьцях з экватарыяльным кліматам яны паўнаводныя круглы год і ўтвараюць густую рачную сетку. У субэкватарыяльных пасах рэкі паўнаводныя толькі ў сэзон дажджоў. Тэрыторыі з сухім трапічным кліматам амаль пазбаўленыя паверхневых вод, аднак там ёсьць артэзіянскія басэйны. Часта сустракаюцца сухія рэчышчы — вадзі, якія напаўняюцца вадой ад выпадковых дажджоў. На рэках у субтрапічным пасе ўзровень вады паднімаецца толькі ў пэрыяд дажджоў, на ўзьбярэжжы Міжземнага мора гэта адбываецца ўзімку.
У Афрыцы працякаюць самая доўгая рака мацерыка — Ніл (6671 км) і самая паўнаводная рака Ўсходняга паўшар’я — Конга (Заір) (4320 км), якая выносіць у акіян вады ў 15 раз больш, чым Ніл. Рака Нігер (4160 км) — трэцяя па даўжыні і пляцы басэйна рака Афрыкі. Іншыя буйныя рэкі — Замбэзі (2660 км) і Аранжавая (1860 км). Рака Замбэзі знакамітая адным з найбуйнейшых у сьвеце вадаспадаў — Вікторыя (вышыня 120 м, шырыня 1800 м), які адкрыў Д. Лівінгстан у 1855 годзе.
Большасьць буйных азёраў ляжыць на ўсходзе мацерыка. Яны займаюць вузкія выцягнутыя катлавіны ў паласе разломаў зямной кары, маюць стромкія берагі і вялікія глыбіні. Найболей буйныя азёры — Танганьіка (найглыбейшае з афрыканскіх) і Ньяса. Возера Вікторыя (самае вялікае па плошчы) разьмешчана ў прагіне зямной кары. Возера Чад ляжыць у плоскай катлавіне. Яно плыткае і зьмяняе свае абрысы ў залежнасьці ад прытоку вод.
Унутраныя воды Афрыкі маюць вялікае значэньне для забесьпячэньня насельніцтва вадой, для абрашэньня палёў, атрыманьні таннай электраэнэргіі.
Прыродныя зоны
рэдагавацьУ разьмяшчэньні прыродных зон выразна прасочваецца шыротная занальнасьць, што зьвязана з раўнінным рэльефам, разьмяшчэньнем мацерыка паміж тропікамі, нераўнамерным разьмеркаваньнем ападкаў. У басэйне Конга і ўздоўж узьбярэжжы Гвінейскага заліва растуць вільготныя вечназялёныя экватарыяльныя лясы. Ва ўмовах гарачага і раўнамерна вільготнага клімату ў верхнім пласьце горных парод адбываюцца хімічныя працэсы, якія ўтвараюць злучэньні, багатыя жалезам і алюмініем. Пры гэтым глебы набываюць чырвоную і жоўтую афарбоўку, за што іх называюць чырвона-жоўтымі фэралітнымі. Яны не адрозьніваюцца ўрадлівасьцю, бо арганічныя рэчывы раскладаюцца хутка, назапашвацца не пасьпяваюць, а паглынаюцца расьлінамі або вымываюцца багатымі ападкамі. Расьлінны полаг фармаваўся ва ўмовах высокай вільготнасьці, аднак расьліны добра прыстасаваліся да гэтых умоў: утвараюць шмат ярусаў, маюць цьвёрдае, шчыльнае, часта блішчалае лісьце, карані-падпоркі і г. д. Разнастайнасьць відаў расьлінаў велізарная, шмат парод дрэў, якія валодаюць каштоўнай драўнінай і ядомымі пладамі. У лясах сустракаюцца некалькі відаў пальмаў, у тым ліку алейная. Растуць фікусы, дрэвападобная папараць, кававае дрэва, банан, шматлікія ліяны. Жывёльны сьвет лясоў таксама надзвычай разнастайны. У лясным подсьціле і друзлай глебе мноства мікраарганізмаў і бесхрыбтовых, пад полагам лясы насяляюць лясныя сьвіньні, дробныя капытныя (алянёк), лясныя сланы, блізкія да жырафаў акапі, ля вадаёмаў — карлікавыя бегемоты, сустракаюцца гарылы. Шматлікія жывёлы жывуць на дрэвах: малпы (макакі, шымпанзэ і інш.), птушкі, грызуны, казуркі. Самы буйны драпежнік — леапард. Шырока распаўсюджаныя мурашкі і тэрміты. Экватарыяльныя лясы зьмяняюць пераменна-вільготныя лясы, а затым пачынаюцца саваны.
Саваны займаюць каля 40% плошчы кантынэнту. Саваны характарызуюцца спалучэньнем травянога полага з асобнымі дрэвамі або іх групамі, зарасьнікамі хмызьнякоў. Зьмена сухога і вільготнага сэзонаў году ў саванах зьвязаная з рухам паветраных мас. Глебы тут урадлівей, чым у вільготных экватарыяльных лясах. Перагной назапашваецца ў сухі сэзон, фармуюцца чырвона-бурыя глебы. Дрэвавая расьліннасьць прадстаўленая баабабамі, акацыямі з парасонавымі кронамі, мімозамі, пальмамі. У сухіх саванах растуць дрэвападобныя багаткі, альяс зь мясістым калючым лісьцем. Уздоўж рэк цягнуцца гадэрэйныя лясы. Багацьце травяністай расьліннасьці — умова існаваньня шматлікіх відаў капытных жывёл: антылоп, буйвалаў, зэбраў, насарогаў. У саванах жывуць сланы, жырафы, бегемоты; шмат драпежнікаў — львы, гепарды, леапарды, гіены, шакалы; з птушак сустракаюцца страўсы, марабу, птушка-сакратар і інш. Шмат тэрмітаў, якія робяць трывалыя высокія пабудовы.
Трапічныя пустыні і паўпустыні займаюць на мацерыку таксама велізарныя абшары (каля 30%). Клімат тут засушлівы, дажджы нерэгулярныя і здараюцца эпізадычна. Паветра сухое, тэмпэратура высокая днём, рэзка зьніжаецца ўначы; частыя пыльныя і пяшчаныя буры. Расьліннасьць сустракаецца рэдка, а месцамі адсутнічае зусім. На поўначы кантынэнта ляжыць найвялікшая пустэльня Зямлі — Сахара, на паўднёвым захадзе мацерыка — бясьплённая пустэльня Наміб. Глебы ў пустынях не ўтвараюць суцэльнага покрыва, утрымоўваюць мала арганічных рэчываў, але шмат мінэральных соляў. У тых месцах, дзе грунтавыя воды блізка падыходзяць да паверхні, разьвіваецца багатая расьліннасьць. Гэта аазісы. У пустынях расьліннасьць бедная, суцэльнага полага не ўтварае, добра прыстасавалася да жыцьця ў сухіх умовах. Растуць пучкі травы, калючыя хмызьнякі, на камянях — лішайнікі. У аазісах Сахары распаўсюджаная фінікавая пальма. У паўпустынях Паўднёвай Афрыкі расьце своеасаблівая расьліна — вельвічыя. Яна мае кароткі ствол (50 см) і вельмі доўгія лісты (ад 3 да 8 м), якія растуць на працягу ўсяго жыцьця, што доўжыцца некалькі стагодзьдзяў, а ў некаторых асобнікаў 2000 гадоў і больш. Своеасаблівы і жывёльны сьвет гэтай зоны. Адны жывёлы могуць падоўгу абыходзіцца без вады, іншыя здольныя пераадольваць велізарныя адлегласьці ў яе пошуках. Для пустыняў характэрныя дробныя антылопы, зьмеі, яшчаркі; у Сахары водзяцца гіены, шакалы, львы, страўсы.
Зона субтрапічных жорсткалістных вечназялёных лясоў і хмызьнякоў займае крайнюю поўнач і поўдзень мацерыка. Колькасьць ападкаў зьмяняецца па сэзонах, лета гарачае, а зіма цёплая і вільготная. У гэтых умовах сфармаваліся ўрадлівыя карычневыя глебы.
Краіны Афрыкі
рэдагавацьУ Афрыцы на дадзены момант цалкам знаходзіцца 54 краіны. Насельніцтва кантынэнту складае каля 1,001 мільёна чалавек.
Частка | Герб | Краіна | Плошча (км²) | Насельніцтва | Сталіца |
---|---|---|---|---|---|
Паўночная | Альжыр | 2381740 | 45400000 | Альжыр | |
Лібія | 1759540 | 6959000 | Трыпалі | ||
Марока | 446550 | 36565463 | Рабат | ||
Судан | 1861484 | 44335135 | Хартум | ||
Туніс | 163610 | 11746695 | Туніс | ||
Эгіпет | 1001450 | 103137131 | Каір | ||
Заходняя | Буркіна-Фасо | 274200 | 21510181 | Уагадугу | |
Бэнін | 112622 | 12506347 | Порта-Нова | ||
Гамбія | 10380 | 2487000 | Банжул | ||
Гана | 239460 | 30832019 | Акра | ||
Гвінэя | 245857 | 12907395 | Конакры | ||
Гвінэя-Бісаў | 36120 | 1646077 | Бісаў | ||
Каба-Вэрдэ | 4033 | 563198 | Прая | ||
Кот д'Івуар | 322460 | 27087732 | Ямусукра | ||
Лібэрыя | 111370 | 4661010 | Манровія | ||
Малі | 1240000 | 20856000 | Бамака | ||
Маўрытанія | 1030700 | 4271197 | Нуакшот | ||
Нігер | 1267000 | 24112753 | Ніямэі | ||
Нігерыя | 923768 | 211400708 | Абуджа | ||
Сьера-Леонэ | 71740 | 8297882 | Фрытаўн | ||
Сэнэгал | 196190 | 17223497 | Дакар | ||
Тога | 56785 | 7886000 | Ломэ | ||
Цэнтральная | Бурундзі | 27830 | 12574571 | Бужумбура | |
Габон | 267667 | 2233272 | Лібрэвіль | ||
Дэмакратычная Рэспубліка Конга | 2345410 | 92378000 | Кіншаса | ||
Камэрун | 475440 | 24348251 | Яундэ | ||
Паўднёвы Судан | 619745 | 8260490 | Джуба | ||
Рэспубліка Конга | 342000 | 5657000 | Бразавіль | ||
Руанда | 26338 | 12955768 | Кігалі | ||
Сан-Тамэ і Прынсыпі | 1001 | 214610 | Сан-Тамэ | ||
Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка | 622984 | 5633412 | Бангі | ||
Чад | 1284000 | 16818391 | Нджамэна | ||
Экватарыяльная Гвінэя | 28051 | 1505588 | Маляба | ||
Усходняя | Джыбуці | 23000 | 976107 | Джыбуці | |
Эрытрэя | 121320 | 3601000 | Асмара | ||
Этыёпія | 1127127 | 117876000 | Адыс-Абэба | ||
Кенія | 582650 | 47564296 | Найробі | ||
Каморскія выспы | 2170 | 758316 | Мароні | ||
Мадагаскар | 587040 | 26923353 | Антананарыва | ||
Маўрыцы | 2040 | 1266334 | Порт Луі | ||
Сэйшэлы | 455 | 99202 | Вікторыя | ||
Самалі | 637657 | 16360000 | Магадзішу | ||
Танзанія | 945087 | 59441988 | Дадома | ||
Уганда | 236040 | 42885900 | Кампала | ||
Паўднёвая | Ангола | 1246700 | 32097671 | Луанда | |
Батсвана | 600370 | 2410338 | Габаронэ | ||
Замбія | 752614 | 18400556 | Лусака | ||
Зымбабвэ | 390580 | 15790716 | Харарэ | ||
Лесота | 30355 | 2159000 | Масэру | ||
Малаві | 118480 | 18898441 | Лілонгвэ | ||
Намібія | 825418 | 2550226 | Ўіндгук | ||
Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка | 1219912 | 60142978 | Кейптаўн | ||
Свазілэнд Эсўатыні | 17363 | 1172000 | Мбабанэ | ||
Мазамбік | 801590 | 30832244 | Мапуту |
Эканоміка
рэдагавацьАгульная эканоміка-геаграфічная характарыстыка
рэдагавацьАсаблівасьцю геаграфічнага становішча многіх краінаў рэгіёну зьяўляецца адсутнасьць выхаду да мора. У той жа час у краінах, якія выходзяць да акіяну, берагавая лінія парэзана слаба, што неспрыяльна для будаўніцтва буйных портаў.
Афрыка выключна багатая прыроднымі рэсурсамі. Асабліва вялікія запасы мінэральнай сыравіны — руды марганцу, храмітаў, баксытаў і іншых. У паніжэньнях і прыбярэжных раёнах маецца паліўная сыравіна. Нафта і газ здабываюцца ў Паўночнай і Заходняй Афрыцы, у краінах як то Нігерыя, Альжыр, Эгіпет, Лібія. Каласальныя запасы кобальтавых і медных рудаў сканцэнтраваны ў Замбіі і ДРК; марганцавыя руды здабываюцца ў ПАР і Зымбабвэ; плятына, жалезныя руды і золата — у Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі; дыямэнты — у Конга, Батсване, ПАР, Намібіі, Анголе, Гане, фасфарыты — у Марока, Тунісе; уран — у Нігеры, Намібіі.
У Афрыцы даволі вялікія зямельныя рэсурсы, аднак эрозія глебаў прыняла катастрафічны характар з-за няправільнай ейнай апрацоўкі. Водныя рэсурсы па тэрыторыі Афрыкі разьмеркаваны вельмі нераўнамерна. Лясы займаюць каля 10% тэрыторыі, але ў выніку драпежніцкага зьнішчэньня іхняя плошча хутка скарачаецца. У Афрыцы самыя высокія тэмпы натуральнага прыросту насельніцтва. Натуральны прырост у многіх краінах перавышае 30 чалавек на 1000 жыхароў у год. Захоўваецца высокая доля дзіцячых узростаў (50%) і невялікая доля людзей старэйшага пакаленьня (каля 5%).
Афрыканскім краінам пакуль не ўдалося зьмяніць каляніяльны тып галіновай і тэрытарыяльнай структуры эканомікі, аднак тэмпы эканамічнага росту некалькі паскорыліся. Каляніяльны тып галіновай структуры гаспадаркі адрозьніваецца перавагай дробнатаварнай, спажывецкай сельскай гаспадаркі, слабым разьвіцьцём апрацоўчай прамысловасьці, адставаньнем разьвіцьця транспарту. Найбольшых посьпехаў дасягнулі краіны Афрыкі ў горназдабыўной прамысловасьці. Па здабычы многіх карысных выкапняў Афрыцы належаць лідэрскія пазыцыі, а часам і манапольнае месца ў сьвеце, як то па здабычы золата, алмазаў, плятыноідаў і іншых. Апрацоўчая прамысловасьць прадстаўлена лёгкай і харчовай, іншыя галіны адсутнічаюць, за выключэньнем шэрагу раёнаў паблізу наяўнасьці сыравіны і на ўзьбярэжжах Эгіпту, Альжыру, Марока, Нігерыі, Замбіі, ДРК.
Другая галіна эканомікі, якая вызначае месца Афрыкі ў сусьветнай гаспадарцы, ёсьць трапічнае і субтрапічнае земляробства. Прадукцыя земляробства складае 60—80% СУП. Асноўнымі таварнымі культурамі зьяўляюцца кава, какава-бабы, арахіс, фінікі, гарбата, натуральны каўчук, сорга, вострыя прыправы. У апошні час сталі вырошчваць збожжавыя культуры: кукурузу, рыс, пшаніцу. Жывёлагадоўля гуляе падпарадкаваную ролю, за выключэньнем краінаў з засушлівым кліматам. Пераважае экстэнсіўная жывёлагадоўля, якое характарызуецца велізарным пагалоўем быдла, але малой прадуктыўнасьцю і нізкай таварнасьцю. Кантынэнт не забясьпечвае сябе сельскагаспадарчай прадукцыяй.
Транспарт таксама захоўвае каляніяльны тып: чыгунка пракладзена ад раёнаў здабычы сыравіны да партоў, пры гэтым рэгіёны адной дзяржавы практычна не зьвязаныя. Адносна разьвіты чыгункавы і марскі віды транспарту. У апошнія гады атрымалі разьвіцьцё і іншыя віды транспарту — аўтамабільны (пракладзеная дарога праз Сахару), паветраны, трубаправодны. Усе краіны, за выключэньнем ПАР, якія разьвіваюцца, большасьць зь іх найбяднейшыя ў сьвеце (70% насельніцтва жыве за рысай беднасьці).
Праблемы і цяжкасьці
рэдагавацьУ большасьці дзяржаваў Афрыкі паўстаў набраклы, непрафэсійны і неэфэктыўны бюракратычны апарат. Пры аморфнасьці сацыяльных структураў адзінай арганізаванай сілай заўсёды заставалася войска. Як вынік наяўнасьць бясконцых ваенных пераваротаў. Дыктатары, якія прыходзілі да ўлады, прысвойвалі сабе незьлічоныя багацьці. Напрыклад, капітал Мабуту, прэзыдэнта Конга, да моманту ягонага зьвяржэньня складаў 7 млрд даляраў. Эканоміка функцыянавала дрэнна, і гэта дало прастор для «дэструктыўнай» эканомікі: вытворчасьці і распаўсюджваньню наркотыкаў, нелегальнай здабычы золата і алмазаў, нават гандлю людзьмі. Доля Афрыкі ў сусьветным СУП і ейная ўдзельная вага ў сусьветным экспарце зьніжаліся, выпуск прадукцыі на душу насельніцтва скарачаўся.
Станаўленьне дзяржаўнасьці вельмі ўскладнялася абсалютнай штучнасьцю дзяржаўных межаў. Афрыка атрымала іх у спадчыну ад каляніяльнага мінулага. Яны ўсталёўваліся пры падзеле кантынэнта на сфэры ўплыву і мелі мала агульнага зь межамі этнічнымі. Створаная ў 1963 годзе Арганізацыя афрыканскага адзінства, усьведамляючы, што любая спроба выправіць тую ці іншую мяжу можа прывесьці да непрадказальных наступстваў, заклікала лічыць гэтыя межы непарушнымі, якімі бы несправядлівымі яны ні былі. Але гэтыя межы ўсё ж ператварыліся ў крыніцу этнічных канфліктаў і перасоўваньняў мільёнаў уцекачоў.
Асноўнай галіной эканомікі большасьці краінаў Трапічнай Афрыкі зьяўляецца сельская гаспадарка, закліканая забясьпечыць прадуктамі харчаваньня насельніцтва і служыць сыравіннай базай разьвіцьця апрацоўчай прамысловасьці. У ім занята пераважная частка самадзейнага насельніцтва рэгіёну, ствараецца асноўная частка сукупнага нацыянальнага даходу. У многіх дзяржавах Трапічнай Афрыкі сельская гаспадарка займае вядучае месца ў экспарце, забясьпечваючы паступленьне значнай часткі валютных даходаў. У апошнія дзесяцігодзьдзі з тэмпамі росту прамысловай вытворчасьці назіралася трывожная карціна, якая дазваляе казаць аб фактычнай дэіндустрыялізацыі рэгіёну. Калі ў 1965—1980 гадох яны ў сярэднім за год складалі 7,5%, то за 1980-я гады толькі 0,7%, падзеньне тэмпаў росту мела месца ў 80-я гады як у здабыўной, гэтак і ў апрацоўваючай галінах. З-за шэрагу чыньнікаў асаблівая роля ў забесьпячэньні сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця рэгіёну належыць горназдабыўной прамысловасьці, але і гэтая вытворчасьць штогод скарачаецца на 2%. Характэрная асаблівасьць разьвіцьця краінаў Трапічнай Афрыкі — слабое разьвіцьцё апрацоўчай прамысловасьці. Толькі ў вельмі невялікай групе краінаў, як то Замбія, Зымбабвэ, Сэнэгал, ейная доля ў СУП дасягае альбо перавышае 20%.
Інтэграцыйныя працэсы
рэдагавацьХарактэрнай рысай інтэграцыйных працэсаў у Афрыцы зьяўляецца высокая ступень іхняй інстытуалізацыі. На цяперашні час на кантынэнце існуюць каля 200 эканамічных аб’яднаньняў рознага ўзроўню, маштабаў і накіраванасьці. Але з пункту гледжаньня дасьледаваньня праблемы станаўленьня субрэгіянальныай ідэнтычнасьці і ейных суадносінаў зь ідэнтычнасьцю нацыянальнай і этнічнай цікавасьць уяўляюць функцыянаваньне такіх буйных арганізацыяў як «Заходнеафрыканская эканамічная супольнасьць» (ЭКОВАС), «Супольнасьць разьвіцьця Паўднёвай Афрыкі» (САДК), «Эканамічная супольнасьць цэнтральнаафрыканскіх дзяржаваў» (ЭККАС) і гэтак далей. Вельмі нізкая выніковасьць іхняй дзейнасьці ў папярэднія дзесяцігодзьдзі і наступ эпохі глябалізацыі запатрабавала рэзкага паскарэньня інтэграцыйных працэсаў на якасна іншым узроўні. Эканамічная каапэрацыя разьвіваецца ў новых у параўнаньні з 1970-мі гадамі ўмовах супярэчлівага ўзаемадзеяньня глябалізацыі сусьветнай эканомікі і ўзмацьняючай маргіналізацыяй пазыцыяў афрыканскіх дзяржаваў у ейных рамках. Інтэграцыя ўжо не разглядаецца як інструмэнт і аснова для фармаваньня самадастатковай і самаразьвітой эканомікі пры апоры на ўласныя сілы і ў процівагу імпэрыялістычнага Захада. Падыход іншы, які ўяўляе сабой інтэграцыю ў якасьці шляхоў і спосабаў ўключэньня афрыканскіх краінаў у глябалізаваную сусьветную гаспадарку, а таксама як імпульс і паказчык эканамічнага росту і разьвіцьця ў цэлым.