Лагойск

горад у Беларусі

Лаго́йск — места ў Беларусі, на рацэ Гайне. Адміністрацыйны цэнтар Лагойскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 13 099 чалавек[1]. Знаходзіцца за 40 км ад Менску, за 31 км ад чыгуначнай станцыі Смалявічы (лінія Менск — Ворша). Аўтамабільныя дарогі на Менск, Лепель, Смалявічы, Барысаў, Маладэчна.

Лагойск
лац. Łahojsk
Панарама з боку Гайны
Панарама з боку Гайны
Герб Лагойску
Першыя згадкі: 1078
Былыя назвы: Лагожск, Лагожаск
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Лагойскі
Вышыня: 192 м н. у. м.
Насельніцтва: 13 099 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1774
Паштовы індэкс: 223141
СААТА: 6232501000
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°12′0″ пн. ш. 27°51′0″ у. д. / 54.2° пн. ш. 27.85° у. д. / 54.2; 27.85Каардынаты: 54°12′0″ пн. ш. 27°51′0″ у. д. / 54.2° пн. ш. 27.85° у. д. / 54.2; 27.85
Лагойск на мапе Беларусі ±
Лагойск
Лагойск
Лагойск
Лагойск
Лагойск
Лагойск
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
Афіцыйны сайт (рас.) (анг.)

Лагойск — места гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства (раней — сталіца ўдзельнага княства), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[2]. Тут разьмяшчалася рэзыдэнцыя роду Тышкевічаў, да нашага часу захаваўся парк і руіны палаца, помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі барока комплекс манастыра базылянаў з царквой Божага Яўленьня, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі[3], а таксама касьцёл Сьвятога Казімера ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Тапонім Лагойск утварыўся паводле традыцыйнай схемы праз суфікс -ск. У час заснаваньня места такія назвы былі даволі пашыранымі. Праўда, практычна няма выпадкаў, калі б за аснову бралася нейкая асаблівасьць ляндшафту, таму папулярная думка пра ўтварэньне тапоніму ад слова лог[4] выглядае сумнеўна. Часьцей за ўсё імёны местаў паходзілі ад назваў рэкаў. Існуе меркаваньне, што назву Лагожаск магло атрымаць паселішча, якое першапачаткова існавала недзе ля сутокаў Лагазіцы і Гайны[5] (за 8 км ад сучаснага места). Пазьней яго маглі перанесьці на новае, больш зручнае месца, захаваўшы пры гэтым старую назву (такая практыка пераносу местаў была даволі звыклай у той час)[6].

Варыянты напісаньня назвы ў гістарычных крыніцах: Лагожск, Лагожаск.

Гісторыя

рэдагаваць

Раньнія часы

рэдагаваць

Першы пісьмовы ўпамін пра Лагойск зьмяшчаецца ў «Павучаньні» Ўладзімера Манамаха і датуецца 1078 годам: «Пожог землю и, повоевав до Лукомля и до Логожьска, та на Дръютъск воюя». У канцы XI стагодзьдзя паселішча далучылася да Полацкага княства.

У 1127 годзе князь кіеўскі Мсьціслаў Ўладзімеравіч у часе выправы на Полацак разрабаваў Лагойск, узяў у палон жыхароў і перадаў яго Ізяславу Мсьціславічу. У 1180 годзе горад стаў сталіцай удзельнага княства.

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

У першай чвэрці XIV стагодзьдзя Лагойск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У 1387 годзе вялікі князь Ягайла перадаў яго ў валоданьне свайму брату Скіргайлу, з 1392 году — уладаньне вялікага князя Вітаўта. У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) Лагойск значыцца сярод «літоўскіх» замкаў[7]. У 1413 годзе ён ўвайшлоў у склад Віленскага ваяводзтва. З часоў княжаньня Казімера Лагойскам валодалі Чартарыйскія. У 1505 годзе крымскія татары спалілі і разрабавалі мястэчка.

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў ваколіцаў Лагойску літвой (ліцьвінамі): гдзе сядзелі Пётар з брацьцею, Літва, каторыя ж дзей даньнікі зь людзьмі вашымі ў Ганявіцкай зямлі… і дань давалі к Лагойску (1 лютага 1516 году)[8].

У пачатку XVI стагодзьдзя дзякуючы шлюбу Лагойск перайшоў да Тышкевічаў, якія ўладкавалі тут сваю рэзыдэнцыю. З гэтага часу мястэчка стала цэнтрам графства. У 1532 годзе тут адбудавалі спаленую татарамі замкавую Богаяўленскую царкву, пры царкве існаваў манастыр. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Лагойск увайшоў у склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. За часамі войнаў Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522, 1534—1537), і ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) мястэчка пэўны час (у 1519, 1535, 1654 гадох[9]) знаходзілася пад маскоўскай акупацыяй.

У 1609 годзе навуковец Аляксандар Тышкевіч фундаваў у Лагойску першы парафіяльны касьцёл, у якім праводзілася пахаваньне тутэйшай лініі роду. У 1673 годзе кароль і вялікі князь Міхал Вішнявецкі надаў мястэчку прывілей на штотыднёвы торг і 2 кірмашы ў год.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) 6 траўня 1708 году швэдзкае войска заняла Лагойск і спаліла замак. У 1752 годзе[9] на месцы зруйнавага замка А. Тышкевіч збудаваў новую царкву і заснаваў манастыр базылянаў. У 1787 годзе ён жа распачаў узьвядзеньне мураванага касьцёла, асьвечанага ў 1793 годзе[9].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Лагойск апынуўся ў складзе Расейскае імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Барысаўскага павету Менскай губэрні. На 1795 год тут было 90 хрысьціянскіх і 26 юдэйскіх двароў, дзеялі касьцёл, царква ў гонар Сьвятога Міколы і базылянскі манастыр; 9 траўня, 6 жніўня і 6 сьнежня праводзіліся кірмашы. Мястэчка было цэнтрам маёнтку, якім супольна валодалі былы рэфэрэндар і канцлер Вінцэнт Тышкевіч і кашталян жамойцкі Станіслаў Тышкевіч. У 1814—1819 гадох тут збудавалі 2-павярховы палац (будынак падарвалі ў канцы апошняй вайны). У 1837 годзе пачала працаваць ткацкая фабрыка, таксама працавала невялікая фабрыка сельскагаспадарчых прыладаў з жалезаплавільнай майстэрняй. К. Тышкевіч заснаваў у мястэчку банк для мяшчанаў і сялянаў, але праз пэўны час фабрыку і банк зачынілі. У 1842 годзе браты Канстантын і Яўстах Тышкевічы стварылі музэй старажытнасьцяў, на аснове калекцыі якога ў 1855 годзе заснавалі Віленскі музэй старажытнасьцяў. На 1844 год у Лагойску было 146 двароў і 5 вуліцаў (Замкавая, Спаская, Мікольская, Плешчаніцкая і Віленская), штогод праводзіліся кірмашы: на 6 жніўня (Перамяненьне) і 6 сьнежня (Сьвяты Мікола). Існаваў аднайменны маёнтак, у складзе якога было 4 фальваркі і 9 вёсак. У маёнтку працавалі 3 млыны, вінакурня, лесапільня і 3 карчмы. На 1861 год у мястэчку працавалі шкіпінарны і медны заводы.

У 1863 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў Лагойску народную вучэльню, дзе выкладаньне вялося на расейскай мове. На 1866 год у мястэчку было 172 двары, дзеялі касьцёл, капліца, царква і 3 юдэйскія малітоўныя дамы. У 1886 годзе працавалі валасная ўправа, вінакурня, 5 крамаў, 2 карчмы, вадзяны млын і хлебазапасны магазын. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 302 двары, працавалі народная вучэльня, гарбарны завод, 2 вадзяныя млыны, 9 кузьняў, сукнавальня, 14 крамаў, штогод адбываліся 3 кірмашы.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Лагойск занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лагойск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, у Менскі павет («падраён») Менскага раёну[10]. 17 ліпеня 1924 году Лагойск стаў цэнтрам раёну. На 1933 год у мястэчку працавалі электрастанцыя, цагельны завод (з 1928 году), хімічная лясная гаспадарка, лясная прамысловая гаспадарка (з 1930 году) і маслазавод (з 1932 году). 27 верасьня 1938 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 2 ліпеня 1941 да 2 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

3 чэрвеня 1998 году Лагойск атрымаў статус места.

Насельніцтва

рэдагаваць

Дэмаграфія

рэдагаваць
  • XIX стагодзьдзе: 1844 год — 696 чал.[11]; 1858 год — 1532 чал., у тым ліку 250 праваслаўных, 275 каталікоў, 980 юдэяў і 20 пратэстантаў[12]; 1884 год — 2 тыс. чал.[13]; 1897 год — 2321 чал.[12]
  • XX стагодзьдзе: 1917 год — 1263 чал. у мястэчку Лагойску і 28 чал. у маёнтку Лагойску; 1933 год — 2,3 тыс. чал.[14]; 1939 год — 3,4 тыс. чал.; 1979 год — 5,3 тыс. чал.; 1996 год — 10 тыс. чал.[15]; 1998 год — 9,9 тыс. чал.[16]
  • XXI стагодзьдзе: 2003 год — 9750 чал.; 2006 год — 10,1 тыс. чал.; 2007 год — 10 321 чал.[17]; 2008 год — 10,8 тыс. чал.; 2009 год — 10 706[18] чал. (перапіс); 2011 год — 11,2 тыс. чал.[19]; 2015 год — 12 376[18]; 2016 год — 12 739 чал.[20]; 2017 год — 12 950 чал.[21]; 2018 год — 13 099 чал.[1]

Адукацыя

рэдагаваць

У Лагойску працуюць гімназія і 2 агульнаадукацыйныя школы, дзіцячая школа мастацтваў, дзіцячая спартовая школа.

Мэдыцына

рэдагаваць

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць лякарня і паліклініка. У месьце знаходзяцца раённы цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі, дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў.

Культура

рэдагаваць
 
Горналыжны комплекс «Лагойск»

Дзеюць дом культуры й дом рамёстваў, гістарычна-краязнаўчы музэй, 2 бібліятэкі, дом дзіцячай творчасьці. У Лагойску ёсьць музычны гурт «Абшар».

Фізкультурна-спартовы комплекс у Лагойску зьяўляецца адным з найлепшых у краіне. У ягоным складзе два фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, у якіх маюцца залі для занятку валейболам, баскетболам, міні-футболам, гандболам, боксам, барацьбой, 2 басэйны, трэнажорныя залі, КДЮСШАР. У 2007 годзе, паводле раённай праграмы разьвіцьця турызму, каля места плянавалася збудаваць спартова-аздараўленчы цэнтар «Зялёны луг».

Непадалёк ад места знаходзяцца два горналыжныя комплексы — «Сілічы» ды «Лагойск». Займацца зімовымі відамі спорту таксама можна на лыжна-біятлёнавай трасе «Заячая паляна».

Забудова

рэдагаваць

Лагойск двойчы разбуралі іншаземныя захопнікі: сьпярша татары ў 1505 годзе, пазьней швэды ў 1700—1721 гадох. У зьвязку з гэтым цяжка сказаць пра старажытны плян места, але можна меркаваць, што сучасная галоўная вуліца, якая зьяўлалася часткай былога тракту зь Менску на Полацак заўсёды была стрыжнем плянавальнай структуры паселішча. Недалёка ад яе разьмяшчаўся дзядзінец, а пазьней — палац Тышкевічаў з паркам, які ўвабраў у сябе ўсе рэшткі старажытнага места.

Вуліцы і пляцы

рэдагаваць
Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
Камсамольская вуліца Замкавая вуліца
Перамогі вуліца Плешчаніцкая вуліца
Савецкая вуліца Віленская вуліца (да Рынку)
Плешчаніцкая[22] вуліца (ад Рынку)
Касьцельная[23] вуліца (ад Рынку)
Камунальная вуліца (ад Рынку)[23]
Чкалава вуліца Мікольская вуліца
Янкі Купалы вуліца Барысаўская вуліца
Бяз назвы Рынак пляц Чырвоная плошча[23]

З урбананімічнай спадчыны Лагойску да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Завозерская, Лазьневая і Смалявіцкая (іншая гістарычная назва — Спаская).

Эканоміка

рэдагаваць

Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, харчовай, фармацэўтычнай прамысловасьці.

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Лагойску
  • ВРУП «Завод „Эпас“»
  • ПУП «Лагойскі каапнарыхтпрам»
  • ЗП ТАА «Мінаўта»
  • ААТ «МПМК-198»
  • ДУП «Лагойскае ПМС»
  • РСУ «Унівэрсалрамбуд»
  • СААТ «Лекфарм»

Апроч гэтага, працуюць 50 прадпрыемстваў раздробнага гандлю, 4 прадпрыемствы грамадзкага харчаваньня.

Транспарт

рэдагаваць

Лагойск знаходзіцца каля аўтамабільнай трасы M3 (Менск — Віцебск). У месьце працуе аўтобусная станцыя, зь якой выконваюцца рэгулярныя рэйсы на Менск, Смалявічы, Жодзін, Зэмбін, а таксама ў населеныя пункты Лагойскага раёну.

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць
 
Шыльда ў сядзібным парку Тышкевічаў

Інфраструктура

рэдагаваць

Лагойск — цэнтар турызму дзяржаўнага значэньня[24]. У месьце працуе гістарычна-краязнаўчы музэй імя Кантантына і Яўстаха Тышкевічаў. Спыніцца можна ў гатэлі «Алімп».

Славутасьці

рэдагаваць

Захаваліся рэшткі дзядзінца XI—XIII стагодзьдзяў і 2 гарадзішчы старажытнага пэрыяду.

Страчаная спадчына

рэдагаваць

Месты-сябры

рэдагаваць
Пералік местаў-сяброў Лагойску
  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991. С. 129.
  3. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 430.
  4. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 207.
  5. ^ Лемцюгова В. Беларуская айканімія: лінгвіст. аналіз назваў насел. пунктаў Мін. вобл. / В. П. Лемцюгова; Акад. навук БССР, Ін-т мовазнаўства. — Мн.: Навука і тэхніка, 1970. — 156 с. С. 92.
  6. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага р-на. У 2 кн. Кн. 1-я. — Мн.: 2003.
  7. ^ Пазднякоў В. Лагойск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 177.
  8. ^ Литовская метрика. Т. 1. — СПб., 1903. С. 881—883.
  9. ^ а б в Пазднякоў В. Лагойск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 178.
  10. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  11. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 3. — Менск, 2012. С. 12.
  12. ^ а б Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага р-на. У 2 кн. Кн. 1-я. — Мн.: 2003.
  13. ^ Jelski A. Łohojsk // Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1884. S. 682—684.
  14. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 3. — Менск, 2012. С. 13.
  15. ^ ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 327.
  16. ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 9. С. 91.
  17. ^ г. Логойск (рас.). Логойский районный исполнительный комитетПраверана 2 студзеня 2011 г.
  18. ^ а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 года і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў, пасёлкаў гарадскога тыпу (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  19. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 3. — Менск, 2012. С. 10.
  20. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  21. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  22. ^ Боровой Р. Исторический центр Логойска: хронология, планировочная структура и проблемы охраны // Архитектура и строительство. № 10 (197), 2008.
  23. ^ а б в Самцэвіч В. Лагойск (Менскай акругі) // Наш край. Штомесячнік Цэнтральнага Бюро Краязнаўства пры Інстытуце Беларускае Культуры. 1928. № 4 (31). С. 27.
  24. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць