Міко́ла Іва́навіч Ермало́віч (29 красавіка 1921, вёска Малыя Навасёлкі, Койданаўскі раён Менскай вобласьці — 5 сакавіка 2000, Менск[3]) — беларускі гісторык[4][5][6], публіцыст, пісьменьнік і паэт. Выкарыстоўваў псэўданімы: Сымон Беларус, М. Ермолов, Я. Мікалаеў, Мікола Наваселец, М. Ярмолаў.

Мікола Ермаловіч

лац. Mikoła Jermałovič
Дата нараджэньня 29 красавіка 1921(1921-04-29)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 5 сакавіка 2000(2000-03-05) (78 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак публіцыст, літаратуразнаўца, пісьменьнік, гісторык
Навуковая сфэра гісторыя, літаратуразнаўства[2] і беларуская літаратура[2]
Месца працы Маладэчанскі абласны інстытут удасканаленьня настаўнікаў (да 1957 г.)
Вядомы як заснавальнік погляду стварэньня ВКЛ як беларускай дзяржавы
Псэўданімы Наваселец Мікола, Ярмолаў М., Мікалаеў Я., Ермолов М. і Сымон Беларус
Узнагароды Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (1992), Мэдаль Францыска Скарыны (1993)

Біяграфія

рэдагаваць

У 1938 годзе скончыў Койданаўскую сярэднюю школу й паступіў на беларускае аддзяленьне літаратурнага факультэту Менскага пэдінстытуту, дзе да пачатку 2-й сусьветнай вайны скончыў тры курсы. З прычыны дрэннага зроку быў вызвалены ад службы ў савецкай арміі. Быў эвакуяваны й працаваў настаўнікам расейскай мовы й літаратуры ў в. Лабаскі Мардоўскай АССР. У 1943 годзе вяртаецца ў Беларусь, дзе ў 1943—1944 гадох працаваў настаўнікам у Суражы Віцебскай вобласьці, у 1944—1946 — у Койданаве Менскай вобласьці. З 1946 годзе аднаўляе навучаньне ў пэдінстытуце, які скончвае ў 1947, а ў 1947—1948 гадох вучыўся ў асьпірантуры пры пэдінстытуце.

У 1948—1955 працаваў старэйшым выкладчыкам беларускай літаратуры ў Маладэчанскім настаўніцкім інстытуце. Да 1957 загадваў мэтадычным кабінэтам Маладэчанскага абласнога інстытуту ўдасканаленьня настаўнікаў, пасьля чаго па стане здароўя выйшаў на пэнсію. Чалец Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 1989. Жыў у Маладэчне.

Творчасьць

рэдагаваць
 
Межы старажытнай Літвы па Ермаловічу

Актыўную літаратурную дзейнасьць распачаў у 1948 годзе. Выступаў ў друку з крытычнымі й літаратуразнаўчымі артыкуламі, гістарычнымі нарысамі. Друкаваўся ў маладэчанскай раённай газэце, альманаху «Нарач», газэтах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Голас Радзімы», часопісах «Полымя», «Нёман», «Маладосць», навуковых зборніках. У 1963 Ермаловіч распачынае выдаваць рукапісны самавыдавецкі часопіс «Падснежнік», чатыры выпускі якога выйшлі да 1964. Вынікам дасьледніцкай працы было напісаньне ў 1968 кнігі «Па слядах аднаго міфа» (доўгі час хадзіла самвыдатам, афіцыйна выданая ажно ў 1989 годзе). У 1970 выйшла кніга «Дарагое беларусам імя», у 1990 — дасьледаваньне «Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды», у 1994 — «Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд», у 2000 — «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае».

У 1975 Ермаловіч узнаўляе выпуск «Падснежніка», але з новым назовам «Гутаркі», да 1976 выйшла блізу 50 выпускаў. «Гутаркі» шматразова перадрукоўваліся, перапісваліся, распаўсюджваліся сярод беларускай інтэлігенцыі. «Гутаркі» выдаваліся Ермаловічам пад псэўданімам Сымон Беларус. Назву «Гутарка» аўтар абраў таму, што ў ХІХ ст. «гутаркі» былі найбольш пашыраным жанрам нелегальнага друку. У сваім выданьні Ермаловіч зьмяшчаў творы, што не маглі быць апублікаваныя ў афіцыйным друку з прычыны сацыяльнай і палітычнай накіраванасьці. Аўтар рыхтаваў матэрыялы ў Менску (у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР), друкаваў у Маладэчне на друкарцы, а потым перадаваў Яўгену Куліку дзеля памнажэньня. Нумар выходзіў прыкладна раз на тыдзень.

Мікола Ермаловіч — прыхільнік новай беларускай рамантычнай плыні гістарыяграфіі, што супярэчыла афіцыйным савецкім канцэпцыям гісторыі Беларусі. Працы Ермаловіча ў значнай ступені паўплывалі на фармаваньне сучаснай грамадзкай думкі й гістарыяграфіі Беларусі. Паводле палітычных матываў галоўныя канцэптуальныя працы Ермаловіча не маглі зьяўляцца ў афіцыйным друку. Таму рукапісы Ермаловіча ў 1970—1980-х хадзілі ў непадцэнзурным друку. Самвыдавецкім чынам памнажалася праца «Па слядах аднаго міфа: Ці было літоўскае заваяванне Беларусі?». Гэтаксама-ж памнажаліся й працы М. Ермаловіча, апублікаваныя ў афіцыйным друку. Так, да прыкладу, рабіліся фотакопіі з працы Ермаловіча «Балцкія плямёны» (газэта «Голас Радзімы», 05.11.1981). У машынапісным выглядзе пашыралася праца «У духу застойнага часу». Той артыкул Ермаловіч напісаў адказам на артыкул В. Мялешкі й З. Капыскага «Фактам вопреки» («Советская Белоруссия», 28.07.1987). Пасьля таго, як рэдакцыя «Советской Белоруссии» адмовілася друкаваць яго, артыкул распаўсюджваўся ў машынапісных копіях. Пазьней быў апублікаваны ў «Студэнцкай думцы» №3 за 1989 год.

Альтэрнатыўнае бачаньне гісторыі Беларусі выклікала раздражненьне ўлады, некалькі разоў на кватэру да Ермаловіча супрацоўнікі КДБ прыносілі позвы з патрабаваньнем зьявіцца й разабрацца з «извечной самостоятельностью белорусов». Гістарычныя творы Ермаловіча ляжалі неапублікаванымі ў рэдакцыях часопісаў, нягледзячы на тое, што гэныя працы былі вельмі папулярныя ды ў вялікай колькасьці пашыраліся самвыдатам. Толькі ад часу «перабудовы» сьвет пабачылі некалькі працаў Ермаловіча.

Навуковыя погляды

рэдагаваць

Асаблівую ўвагу надаваў палітычнай гісторыі старажытных земляў Беларусі. Дэталёва разглядзеў падзеі IX—ХIII стагодзьдзяў на падставе аналізу гістарычных першакрыніцаў. Выступіў са спробай абвяржэньня савецкай (у прыватнасьці, летувіскай і расейскай) гістарыяграфіі ўтварэньня ВКЛ, якая падае схему стварэньня гэтае дзяржавы ў выніку заваёўных выправаў летувісаў у сучасным сэнсе (насамрэч плямёнаў аўкштайтаў, якія былі толькі часткай пазьнейшага этнагенэзу летувісаў) на беларускія землі ў 2-й палове ХIII ст. Зхарактарызаваў Вялікае Княства Літоўскае як беларускую дзяржаву[5]. Разам з гэтым выступіў са спробай абвяржэньня археалягічных і летапісных сьведчаньняў, што памяшчалі летапісную Літву на аўкштайцкіх землях, прапанаваўшы канцэпцыю, паводле якой гэтая тэрыторыя, згодна са зьвесткамі тапаніміі, месьцілася на поўдзень ад верхняга Нёману.

Палітычная дзейнасьць

рэдагаваць

З самага пачатку існаваньня БНФ Мікола Ермаловіч, з 1988 году, падтрымаў адраджэнскую дзейнасьць. Ён браў удзел у першым зьезьдзе БНФ у 1989 годзе ў Вільні. У 1990 годзе прыняў прапанову кіраўніцтва Нацыянал-дэмакратычнай партыі Беларусі далучыцца да яе дзейнасьці й стаў адзін з трох яе сустаршыняў.

Найбольшы ўнёсак у дзейнасьць НДПБ Мікола Іванавіч зрабіў як ідэоляг. Наогул гэтая старонка яго дзейнасьці зусім невядомая сучасьнікам. Ні пра ўдзел гісторыка ў стварэньні ідэалёгіі нацыянальнай дэмакратыі, ні пра працу на пасадзе сустаршыні ў самай правай партыі Беларусі пачатку 1990-х Нацыянальна-дэмакратычнай партыі (НДПБ) — амаль нідзе нават неўзгадваецца.

— Мікола Ермаловіч: Той, хто вярнуў нам гісторыю / Анатоль Астапенка. – Менск: “Харвест”, 2015. – 52 с.

Узнагароды

рэдагаваць
  • Дзяржаўная прэмія Беларусі за кнігу «Старажытная Беларусь» (1992)
  • Прэмія імя Ўл. Караткевіча
  • Мэдаль імя Францішка Скарыны (1993)

Ушанаваньне памяці

рэдагаваць

28 лістапада 2003 году ў Маладэчне быў урачыста адкрыты памятны знак Міколу Ермаловічу. Урачыстасьць ладзілася мясцовымі ўладамі пры ўдзеле грамадзкасьці[7]. У год 90-гадовага юбілею Міколы Ермаловіча, 19 траўня 2011 году, знамянальную дату адзначалі ў Маладэчне[8]. У 2010 г. выйшаў збор яго твораў «Выбранае»[9].

Бібліяграфія

рэдагаваць

Творы Міколы Ермаловіча

рэдагаваць

Машынапісы:

  • Праўда і хлеб. П’еса. 1959—1960. 89 с // БДАМЛМ. Фонд 444, воп. 1, № 102.
  • Пад іх сцягам ідзе Беларусь. 1970 г. 113 с // БДАМЛМ, Фонд 444, воп. 1, № 108.
  • Гутаркі. Самвыдавецкі лісток. № 1 — 45 (53). 1975—1976. // БДАМЛМ, Фонд 444, воп. 1, № 108.
  • Полацкая епархія і яе роля ў пачатковай гісторыі Беларусі. 1991. // БДАМЛМ, Фонд 444, воп. 1, № 44.

Друкаваныя:

  • Дарагое беларусам імя. Менск, 1970.
  • Па слядах аднаго міфа. Менск, 1989.
  • Старажытная Беларусь: Полацкі Новагародскі перыяды. Менск: «Мастацкая літаратура», 1990. — 366 с.
  • Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд. Менск: «Бацькаўшчына». 1994. — 92 с.
  • Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае. Менск: «Беллітфонд», 2003. — 436 с.
  • Мікола Ермаловіч: Выбранае. Менск: «Кнігазбор», 2010. — 640 с.
  • Мікола Ермаловіч: Той, хто вярнуў нам гісторыю / Анатоль Астапенка. — Менск: «Харвест», 2015. — 64 с.
  1. ^ http://jivebelarus.net/at_this_day/birth-of-mikola-yermalovich.html
  2. ^ а б Jermalovìč, Mìkola // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  3. ^ Гістарычны каляндар. Нарадзіўся Мікола Ермаловіч
  4. ^ Ермаловіч Мікалай Іванавіч // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 355.
  5. ^ а б Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 492.
  6. ^ Ермаловіч Мікалай Іванавіч // Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995. С. 303.
  7. ^ Памяць пра Ермаловіча //«Рэгіянальная газета», 5 снежня 2003 г., № 49 (450)
  8. ^ Вечарына памяці Міколы Ермаловіча//«Рэгіянальная газета»
  9. ^ Глеб Лабадзенка. Яму ніхто не загадваў, што пісаць // Зьвязда : газэта. — 25 лістапада 2010. — № 227 (26835). — С. 2. — ISSN 1990-763x.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць