Альгерд
Альге́рд Гедзімі́навіч (1296 — травень 1377) — вялікі князь літоўскі (1345—1377), князь крэўскі і віцебскі; адзін з найбуйнейшых вайскаводаў Вялікага Княства Літоўскага. Пражыў больш за 80 гадоў, кіраваў дзяржавай 32 гады; бацька 12 сыноў, у тым ліку Ягайлы, Андрэя Полацкага, Сьвідрыгайлы, Скіргайлы, Уладзімера.
Альгерд лац. Algierd[1] | |
![]() | |
Альгерд (уяўны партрэт) | |
12-ы вялікі князь літоўскі | |
Папярэднік | Яўнут |
Наступнік | Ягайла |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 1296 |
Памёр | 24 траўня 1377 |
Нашчадкі |
Ад Марыі: Андрэй Полацкі, Дзьмітры Бранскі, Уладзімер Кіеўскі, Карыгайла Чартарыйскі Ад Ульяніі: Ягайла, Скіргайла, Фёдар Альгердавіч, Дзьмітры Карыбутавіч, Лугвен Наўгародзкі, Аляксандар, Сьвідрыгайла разам: 12 сыноў і 5 дачок |
Дынастыя | Гедзімінавічы |
Жонка | Марыя, Ульяна |
Бацька | Гедзімін |
Маці | Еўна (Вольга) |
У часы Альгерда тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага павялічылася больш чым у 2 разы, а беларускія землі занялі цэнтральнае месца ў дзяржаве. Гэта забясьпечыла рост іхнай эканомікі, разьвіцьцё культуры, умацаваньне беларускай мовы як афіцыйнай[2][3].
Імя Рэдагаваць
- Асноўныя артыкулы: Альгерд (імя) і Імёны ліцьвінаў
Яшчэ ў Раўданскім рукапісе, апублікаваным Тэадорам Нарбутам, імя Альгерд тлумачылася з германскіх моваў[4], а гісторык Юзэф Пузына выводзіў імя Альгерд ад паўночнагерманскага (скандынаўскага) імя Альгард[5]. Тлумачэньня імя Альгерд з германскіх моваў падае мовазнаўца Аляксандра Суперанская(ru)[6]. Гісторык Павал Урбан у сваёй кнізе «Старажытныя ліцьвіны» зьвяртае ўвагу на тое, што прускі храніст Віганд Марбурскі пісаў пра герцага Альгерда з Гогенштайну, тым часам пра аднаго з каралёў Ангельшчыны Альгерда (Алегарда) VIII ст. пісаў аўтар хронікі Ўсходняй Фрызіі[7]. Гэтыя ды іншыя прыклады пацьвярджаюць, што імя Альгерд мела лучнасьць з імёнамі германскага паходжаньня[8].
Паводле менскага дасьледніка Алёхны Дайліды, які разьвівае германскую (перадусім усходнегерманскую) этымалёгію імёнаў літоўскіх князёў і баяраў, імя Альгерд складаецца з фармантаў -альг-, які паходзіць ад гоцкага alhs 'бажніца', германскага helig 'сьвяты', і -герд-, які паходзіць ад гоцкага gairdan 'падпяразваць' (пераноснае 'ахоўваць'), garda 'агароджа' (пераноснае 'ахова, бясьпека')[9]. Такім парадкам, імя Альгерд азначае «сьвятая ахова» і цалкам адпавядае старажытнаму германскаму імю Algart[4].
Увогуле, германскі фармант -герд- даволі часта сустракаецца ў імёнах літоўскіх князёў і баяраў: Гердзень, Гердут, Гердзівід, Гердзівіл, Гердзімонт, Вісігерд, Гудзігерд, Даўгерд, Мантыгерд, Таўцігерд, Эйгерд ды іншыя[10].
Формы імя князя ў гістарычных крыніцах: Алкердъ (1330—1359 гады)[12]; Самъ Олкгердъ Божію милостью великий князь Литовьскій, Рускій, Жомоитскій и иныхъ[13] (25 жніўня 1342 году)[14]; Господарю его милости Князю Великому Олигарду (30 сьнежня 1347 году)[15]; Olgerdus (1347 і 1352 гады)[16]; а за великого князя Олькерта и за Корьята[17] (1352 год)[18]; Algherde (7 лістапада 1367 году)[19]; Се язъ князь великии Олгердъ[13] (1372 год[20])[21]; Olgordi (29 верасьня 1377 году)[22]; Algirde, quondam rex Littovie (1377 год, 10 кастрычніка 1385 году, 11 кастрычніка 1385 году)[23]; Olcardus noster olim genitor (15 траўня 1390 году)[24][25]; vnser feter herczog Algart[26] (Мэмарыял Вітаўта, 1390 год); Algerde[27] або Algarde[28] (Хроніка Лівоніі Германа Вартбэрга); Algard[29] або Algart[30] (Хроніка Віганда); Olgerth[a] або Олкгирд[b] (Летапісец вялікіх князёў літоўскіх); Algardus (па 1409 годзе)[31]; avo videlicet Olgerdo olim magno duce Lithwanie (1440 год)[32]; Olgerdus filius Gedimini (Ян Длугаш)[33]; князь Олгердъ Гедиминовичь… къ Олгерду Гедиминовичю… Олигерду Гедиминовичю (Наўгародзкі чацьверты летапіс)[34]; къ великому князю Олгерду Гедименовичю Литовскому (Сафійскі першы летапіс)[35]; князь велики Литовьскій Олгердъ Гедимановичъ[13][36] (Ніканаўскі летапіс).
Жыцьцяпіс Рэдагаваць
Паходжаньне і радавод Рэдагаваць
Паводле Раўданскага рукапісу, Альгерд нарадзіўся ў 1296 г. і быў першым сынам Гедзіміна ад другой жонкі Вольгі Смаленскай. Атрымаў ад бацькі Крэўскае княства[37].
У 1318 годзе ажаніўся зь віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай і два гады пражыў ва Ўсьвятах[38], а ў 1320 годзе па сьмерці цесьця атрымаў Віцебскае княства ў спадчыну.
У 1341 годзе вялікі князь Гедзімін падзяліў свае ўладаньні паміж сынамі. Альгерд, апроч Віцебскага княства, атрымаў славутую цьвержу Крэва і землі на рацэ Бярэзіне. У 1345 годзе ў хаўрусе з братам Кейстутам скінуў віленскага князя — свайго малодшага брата Яўнуту і стаў вялікім князем. Яўнут атрымаў Заслаўе, адкуль потым уцёк у Пскоў, аднак пазьней зноў вярнуўся ў Заслаўе.
Пашырэньне межаў Вялікага Княства Літоўскага Рэдагаваць
Войны з Тэўтонскім ордэнам Рэдагаваць
Пасьпяхова змагаўся супраць агрэсіі Тэўтонскага ордэна (бітвы 1345, 1347, 1348, 1352, 1365, 1370 гадоў і інш.), у тым ліку выйграў цяжкую бітву з крыжакамі на рацэ Стрэве ў 1348 годзе. У 1341 годзе надаў дапамогу Пскоўскаму княству ў барацьбе супраць крыжакоў.
Збліжэньне ўсходнеславянскіх зямель Рэдагаваць
Вёў пасьпяховую палітыку, накіраваную на далейшае аб’яднаньне, эканамічнае і культурна-этнічнае збліжэньне ўсходнеславянскіх зямель у адзінай дзяржаве. Калі быў віцебскім князем, авалодаў Мажайскам. У 1340-я гады далучыў да Вялікага Княства Літоўскага Чарнігаўска-Северскае княства. У палітычнай залежнасьці ад Альгерда апынулася і Смаленскае княства (1350-я гады). Каля 1355 году далучыў да ўласнай дзяржавы Бранскае княства, у 1356, 1359 і 1362 гадох — гарады Ржэў, Амсьціслаў, Тарапец.
Войны з татарамі Рэдагаваць
З 1351 году бесьперапынна вёў барацьбу з татарамі; у 1361—1362 гадох адваяваў у Залатой Арды Кіеўскае княства, усю Севершчыну і іншыя землі. У канцы 1362 году ў вялікай бітве Сініх Водах (каля ракі Бога) разграміў войскі трох татарскіх князёў — васалаў Залатой Арды і далучыў да Вялікага Княства Літоўскага Прычарнаморскія землі ва ўтоцы ракі Серата, басэйнах Днястра і Бога, паўднёвае Падняпроўе, Падольскую, Пераяслаўскую і Валынскую землі.
Удзельным князем Кіева пасадзіў свайго сына Ўладзімера, Падольле аддаў у кіраваньне новагародзкім князям Карыятавічам, войскі якіх складалі галоўную сілу ў бітве на рацэ Сініх Водах; з 1342 году ягоны сын Андрэй Полацкі стаў пскоўскім князем.
Войны з Маскоўскім княствам Рэдагаваць
У процівагу аб’яднаўчай палітыцы маскоўскага князя Дзьмітрыя Данскога падтрымліваў сэпаратысцкую барацьбу цьвярскіх князёў. Каб замацаваць зьвяз зь Цьвярскім княствам, па сьмерці першай жонкі пабраўся шлюбам з князёўнай Ульлянай Аляксандраўнай Цьвярской. Намер Альгерда скласьці антымаскоўскі хаўрус з ханам Джанібэкам скончыўся няўдачай.
Учыніў тры выправы на Маскву (1368, 1370, 1372). Аўтар «Хронікі Быхаўца» з захапленьнем адзначыў уменьне Альгерда паставіць свайго супраціўніка ў безвыходнае становішча і такім чынам прадыктаваць яму сваю волю. У патрэбны момант вялікі князь дзейнічаў рашуча і вынаходліва. Вось як летапісец апісвае завязку выправы Альгерда на Маскву. Маскоўскі князь Дзьмітры Іванавіч «без каждое прычыны, опустошивши докончания и приязнь и прыслал до великого князя Ольгерда посла своей со отповедию, а прыслал к нему огонь и саблю» і перадаў, што будзе ў Літве ўлетку. У адказ Альгерд перадаў маскоўскаму князю: «Я, дасть Бог, в него буду на Велик день, а поцалую его красным яйцом через шчыт сулицою». І сапраўды, раніцай на Вялікдзень ён нечакана зьявіўся на Паклоннай гары пад Масквой. Захоплены зьнянацку маскоўскі князь мусіў прасіць літасьці і міру. Альгерд пашкадаваў маскоўскага валадара, а сваю перамогу засьведчыў тым, што пастукаў залатой дзідай у крамлёўскія муры: «Хоць я з табой і замірыўся, але хачу сабе яшчэ тую славу ўчыніць, што вялікі князь Альгерд дзіду сваю пад Масквой прыхінуў»[39].
Спрабаваў падпарадкаваць Вялікаму Княства Літоўскаму Пскоў і Ноўгарад (у 1342 годзе пскавічы прынялі на княжаньне ягонага сына Андрэя — вядомага ў гісторыі як Андрэй Полацкі), вёў барацьбу з Польшчай за Валынь і Падляшша (1349—1351, 1366). Такім чынам, Альгерду давялося ваяваць на поўдні — з татарамі, на захадзе — з Польшчай, на ўсходзе — з Масквой, на паўночным захадзе — з крыжакамі, на паўночным усходзе — з Ноўгарадам, Псковам і Цьвер’ю. Гэта патрабавала тытанічнага напружаньня і ўменьня. Галоўнае было апярэдзіць супраціўніка, перамагчы яго малой сілай.
Вынікі кіраваньня Рэдагаваць
За час княжаньня Альгерда тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага павялічылася ўдвая і яно стала найбольшай і наймагутнейшай дзяржавай сярэднявечнае Эўропы. Альгерд быў ня толькі выдатным вайскаводам, але і мудрым дзяржаўным дзеячом, меў вылучныя дыпляматычныя здольнасьці, набыў славу выдатнага будаўніка дзяржавы, які дбаў ня толькі пра яе моц, але і пра росквіт. У летапісе Паўночна-Ўсходняй Русі так характарызавалі высокія маральныя якасьці і здаровы лад жыцьця Альгерда: «… Ён, ня піў ні віна, ні піва, меў вялікі розум і падпарадкаваў многія землі, у тайне рыхтаваў свае паходы, ваюючы ня столькі колькасьцю, колькі ўменьнем»[40][c].
Мова і культура Рэдагаваць
За валадараньнем Альгерда беларуская мова шырока выкарыстоўвалася ў справаваньні і пры велікакняскім двары. Яна пасьпяхова абслугоўвала ўсе сфэры грамадзкага жыцьця і ўсе клясы. Па-беларуску пісаліся шматлікія акты, граматы, статуты ды іншыя. Яна пранікла і ў царкоўна-рэлігійную сфэру. На беларускую мову перакладаліся аповесьці рэлігійнага зьместу, ствараліся жывоты і г. зв. «Хаджэньні» ў Палестыну і Канстантынопаль. Найбольш значным жанрам беларускай літаратуры заставаліся летапісы і хронікі, якія былі люстэркам грамадзка-палітычнага жыцьця тагачаснага Вялікага Княства Літоўскага.
Захавалася прарысоўка вялікакняскай пячаці Альгерда (каля 1366 году), якая мае выявы стралы і рускі надпіс[41]:
ПЕЧАТЬ КН(ЯЗ)Я ВЕ(ЛИКОГ)О + ОЛГЕР(ДА)
Умову Альгерда і смаленскага князя Сьвятаслава Іванавіча з маскоўскім князем Дзьмітрыем Іванавічам (1371 год[42]) змацавалі падобнай вялікакняскай пячацьцю з выявай стралы, і імаверна, такой жа легендай (пашкоджана; у легендзе захаваліся літары Л И (імаверна, «ВЕЛИКОГО») І О)[43]. Апроч таго, захавалася апісаньне вялікакняскае пячаці, прывешанай да ўмовы Альгерда і Кейстута з польскім каралём Казімерам у 1366 годзе. На той пячаці была выява Пагоні і вакол яе рускі надпіс[44]. Імаверна, што тая пячаць выглядала падобна да пячаці сына Альгерда — Сямёна Лугвена.
Як і іншыя вялікія князі літоўскія (Гедзімін, Ягайла, Вітаўт) падаваў тытулятуру з словамі «Божаю міласьцю» («Божью милостью Великий Князь Литовский», 1347 год)[45].
Галерэя Рэдагаваць
- Уяўныя партрэты вялікага князя Альгерда
-
L. Decius, 1521 г.
-
З хронікі А. Гваньіні «Апісаньне Эўрапейскай Сарматыі», 1578 г.
-
З кнігі Б. Папроцкага «Гняздо цноты», 1578 г.[d]
-
З радаводу князёў Палубінскіх. А. Тарасевіч, 1675 г.
-
B. Zaydler, 1831 г.
-
Ю. Азямблоўскі, 1833 г.
-
Зь перавыданьня хронікі Гваньіні, 1885 г.
-
З кнігі П. Бацюшкава «Беларусь і Літва», 1890 г.
-
Невядомы мастак, 1906 г.
-
Невядомы мастак, 1906 г.
-
М. Барвіцкі, 1908 г.
-
Невядомы мастак, 1911 г.
Глядзіце таксама Рэдагаваць
Заўвагі Рэдагаваць
- ^ Паводле Origo regis Jagyelo et Wytholdi ducum Lithuanie
- ^ Паводле Віленскага сьпісу
- ^ Апошнія словы гэтага выказваньня і ўзяў сабе на ўзбраеньне расейскі вайскавод Сувораў
- ^ У кнізе аналягічным партрэтам ілюструюцца яшчэ некалькі гістарычных асобаў
Крыніцы Рэдагаваць
- ^ Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
- ^ Грыцкевіч А. Альгерд // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 223.
- ^ Ермаловіч М. Альгерд // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 105.
- ^ а б Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 19.
- ^ Чаропка В. Паходжанне і радавод вялікіх князёў літоўскіх // Беларускі гістарычны часопіс. № 6, 2001. С. 42—53.
- ^ Суперанская А. В. Словарь русских личных имён: Сравнение. Происхождение. Написание. — М.: Айрис-пресс, 2005. С. 168.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 47.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 47, 136.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 16—17.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 16—26.
- ^ Саввов Р. Новая классификация древнейших монет Великого княжества Литовского // Pieniądz a propaganda : wspólne dziedzictwo Europy : studia i materiały : Białoruś, Bułgaria, Czechy, Litwa, Łotwa, Mołdawia, Polska, Rosja, Rumunia, Słowacja, Ukraina / pod redakcją naukową Krzysztofa Filipowa. — Augustów; Warszawa: Polskie Towarzystwo Numizmatyczne. Zarząd Główny, 2015. S. 123.
- ^ Смоленские грамоты XIII — XIV вв. — М., 1963. С. 69—71.
- ^ а б в Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 125.
- ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 24.
- ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 25—26.
- ^ Лаврецкий Г. А. Граффити храма в Сынковичах. Проблема датировки // Архитектура: сборник научных трудов. Вып. 11, 2018. С. 13.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 162.
- ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 30.
- ^ Договор между Тевтонским орденом в Ливонии и ВКЛ о пограничном режиме на реке Двине (1367), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Перемирие между Великим княжеством Литовским и Великим княжеством Московским (1372), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 46.
- ^ Послание короля Польши и Венгрии Людовика о положении в Подольской земле (1377), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Полоцкие грамоты XIII — начала XVI в. Т. 1. — М., 2015. С. 74, 77, 79.
- ^ Пожалование села Понары Виленскому кафедральному костелу (1390), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 1: 1387—1468. — Kraków, 1932. S. 31.
- ^ Лицкевич О. В. «Летописец великих князей литовских» и «Повесть о Подолье»: опыт комплексного критического разбора. — СПб., 2019. С. 263—264.
- ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 93, 103.
- ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 76, 103, 113, 115
- ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 508, 519, 520, 522, 527, 533, 578, 587.
- ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 522, 549, 567, 577, 583, 592, 604.
- ^ Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 997.
- ^ Собрание древних грамот и актов городов: Вильны, Ковна, Трок, православных монастырей, церквей и по разным предметам: Ч. 1. — Вильно, 1843. С. 6.
- ^ Joannis Długossii seu longini canonici Cracoviensis Historiae Polonicae libri XII. T. 3. L. 9, 10. — Cracoviae, 1876. P. 472.
- ^ ПСРЛ. Т. 4. — СПб., 1848. С. 53, 56, 187.
- ^ ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. С. 223.
- ^ ПСРЛ. Т. 10. — СПб., 1885. С. 221.
- ^ Грыцкевіч А. Альгерд // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 222.
- ^ Чаропка В. Хто такі Альгерд? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 13.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 48.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 46.
- ^ Gumowski M. Pieczecie Ksiazat Litewskich // Ateneum Wilenskie. R. VII. Z. 3—4, 1930. S. 709—710.
- ^ Арыгінальны тэкст умовы
- ^ Gumowski M. Pieczecie Ksiazat Litewskich. // Ateneum Wilenskie. R. VII. Z. 3—4, 1930. S. 709.
- ^ Gumowski M. Pieczecie Ksiazat Litewskich // Ateneum Wilenskie. R. VII. Z. 3—4, 1930. S. 709.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 78.
Літаратура Рэдагаваць
- 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, З. Санько. — Менск: Рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. — 80 с.
- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. Аўтарскае выданне. — Менск, 2019. — 459 с. — (сьціслая вэрсія кнігі: Вытокі Вялікае Літвы. — Менск, 2021. — 89 с.)
- Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: Тэхналогія, 2001. — 216 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-458-050-4
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2
- Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
Вонкавыя спасылкі Рэдагаваць
- Альгерд. Гісторыя Беларусі. Асобы.. Праверана 9 сакавіка 2011 г.
- Гісторыя пад знакам Пагоні. Альгерд на YouTube