Балты
Ба́лты, балты́йскія наро́ды — народы індаэўрапейскага паходжаньня, носьбіты балтыйскіх моваў, якія насяляюць усходняе ўзьбярэжжа Балтыйскага мора ад Польшчы і Калінінградзкай вобласьці да Эстоніі.
Назва рэдагаваць
Назва балты (ням. Balten) і балтыйская мова (ням. Baltische Sprache) як навуковыя тэрміны прапанаваў у 1845 годзе пруска-нямецкі мовазнаўца Георг Нэсэльман (1811—1881), прафэсар унівэрсытэту ў Кёнігсбэргу.
У беларускай і шэрагу іншых моваў уведзены Нэсэльманам тэрмін цалкам супаў з назвай каралеўскай дынастыі германамоўных вэстготаў — Балтамі.
Штучнасьць тэрміну «балты» прызнаецца сучаснымі летувіскімі аўтарамі. Яны ж сьцьвярджаюць брак зьвестак пра тое, як продкі сучасных балтаў называлі сябе ў старажытнасьці і як іх называлі іншыя народы[a][1].
Меркаваныя пісьмовыя ўпаміны рэдагаваць
Першыя меркаваныя пісьмовыя ўпаміны пра балтаў выяўляюцца ў творы «Аб паходжаньні немцаў і месцазнаходжаньні Нямеччыны» (лац. De origine, moribus ac situ Germanorum) рымскага гісторыка Публія Карнэлія Тацыта (98 год), дзе яны, магчыма, упамінаюцца як эстыі (лац. aestiorum gentes). Пазьней балты пад рознымі імёнамі, магчыма, апісваліся ў творах остгоцкага гісторыка Касыадора (523 год), гоцкага гісторыка Ярдана (552 год), англасаксонскага вандроўцы Вульфстана (900 год), паўночнанямецкага храніста архібіскупа Адама Брэмэнскага (1075 год).
Гістарычнае расьсяленьне рэдагаваць
Паводле гіпатэтычнага аналізу тапанімікі, а таксама асаблівасьцяў матэрыяльнай культуры, пахавальных звычаяў і да т. п., выяўленых археалягічнымі дасьледаваньнямі, у I тысячагодзьдзі да н. э. на поўдні і ўсходзе расьсяленьне балтаў дасягалі вярхоўяў Дняпра, Акі, басэйнаў Бярэзіны і Сожу. Мяркуецца, што ў другой палове I тысячагодзьдзі да н. э. усходніх балтаў выціснулі альбо асымілявалі славяне. У I тысячагодзьдзі балты, відаць, насялялі узбярэжжа Балтыйскага мора ад Віслы да Дзьвіны.
Паводле адной з гіпотэзаў, у XIII стагодзьдзі расьсяленьне балтаў на ўсходзе абмяжоўвалася лініяй старажытнарускіх умацаваных паселішчаў Гародня — Ваўкавыск — Слонім — Наваградак — Браслаў.
Падзел рэдагаваць
У IV—III стагодзьдзях да н. э. склаліся адрозьненьні паміж балтамі заходнімі (прусы, галінды, яцьвягі) і ўсходнімі (куршы, продкі летувісаў і латышоў). Да VI—VIII стагодзьдзям адносяць падзел балтаў на тых, якія бралі ўдзел у этнагенэзе летувісаў (жамойты, а таксама надрувы, скалвы), з аднаго боку, і тых, які сталі продкамі сучасных латышоў (куршы, зэмгалы, селы, латгалы), з другога.
Мяркуецца, што частку балтыйскіх народаў зьнікла ў выніку экспансіяў нямецкіх рыцараў, а частка асымілявалася да канца XVI стагодзьдзя — сярэдзіне XVII стагодзьдзя або расчынілася пры этнагенэзе сучасных народаў. У цяперашні час існуе два балтыйскія народы — латышы й летувісы (жамойты). Некаторыя аўтары лічаць, што хоць ліцьвіны (беларусы) і ёсьць славянамоўнымі, але гэты народ усё роўна застаецца балтыйскім, як і яго продкі.
Вяцічы і радзімічы рэдагаваць
Пра гіпатэтычнае балтыйскае паходжаньне вяцічаў і радзімічаў таксама кажуць характэрныя ўпрыгожваньні — шыйныя грыўні, якія не належаць да ліку папулярных упрыгожваньняў ва ўсходнеславянскім сьвеце Х—ХII стагодзьдзяў. Толькі ў двух плямёнаў — радзімічаў і вяцічаў — яны атрымалі даволі пашырыліся. Аналіз шыйных грыўняў радзімічаў паказвае, што прататыпы шматлікіх зь іх знаходзяцца ў балтыйскіх старажытнасьцях, а звычай шырокага ўжываньня іх абумоўлены ўлучэньнем у этнагенэз гэтага племя балтыйскіх першабытнікаў. Відаць, пашырэньне шыйных грыўняў у арэале вяцічаў таксама адлюстроўвае узаемадзеяньне славян з балтамі-голядзю. Сярод упрыгожваньняў вяцічаў ёсьць шыйныя грыўні, не вядомыя ў іншых старажытнарускіх землях, але якія маюць поўныя аналёгіі ў люта-літоўскіх матэрыялах[2]
Глядзіце таксама рэдагаваць
Заўвагі рэдагаваць
Крыніцы рэдагаваць
Літаратура рэдагаваць
- Седов В. В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. — М., 1970.