Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка

незалежная дзяржава (1919—1922) і рэспубліка СССР (1922—1991)
(Перанакіравана з «БССР»)

Белару́ская Саве́цкая Сацыялісты́чная Рэспу́бліка, БССР, Савецкая Беларусь[a] (рас. Белорусская Советская Социалистическая Республика, польск. Białoruska Socjalistyczna Republika Radziecka) — адна з чатырох рэспублік, якія ў сьнежні 1922 году ўтварылі Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

Саюзная рэспубліка ў складзе СССР
Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка
лац. Biełaruskaja Savieckaja Sacyjalistyčnaja Respublika
па-беларуску: Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка
Сьцяг Герб
Дэвіз Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!
Гімн Гімн Беларускай ССР
1 студзеня 1919 — 25 жніўня 1991
Кароткая назва Белорусская ССР, БССР, Білоруська РСР, БССР, БССР і Belorusiya SSR
Сталіца Смаленск (1919), Менск
Найбуйнейшыя гарады Менск, Горадня, Магілёў, Бабруйск, Віцебск, Берасьце, Гомель, у 1939—1944 гадох Беласток
Афіцыйная мова У 1920-х — 1930-х афіцыйнымі былі прынятыя чатыры дзяржаўныя мовы: беларуская, расейская, польская і ідыш.
Пазьней, паводле канстытуцыі, усе мовы СССР былі прызнаныя роўнымі.
Форма ўраду савецкая рэспубліка
Сябра ў Белавескія пагадненьні, СССР, Дамова пра ўтварэньне СССР[d], Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў[1] і Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры
Насельніцтва
  • 10 300 000 ± 10 000 чал. (1991)
Валюта савецкі рубель
Наступнік:
Беларусь

Гісторыя

рэдагаваць
 
Пратакол аб утварэньні БССР у межах Менскага, Смаленскага, Віцебскага, Магілёўскага, Гомельскага, Гарадзенскага і Баранавіцкага раёнаў. Разьмежаваньне зь летувісамі ў Віленскай губэрні і латышамі ў Віцебскай губэрні мусілі правесьці адмысловыя камісіі паводле нацыянальнага складу насельніцтва

Утварэньне Беларускай ССР адбылося згодна з пастановай VI Паўночна-Заходняй канфэрэнцыі РКП(б) (30—31 сьнежня 1918 году, Смаленск) у межах Віцебскай, Гарадзенскай, Магілёўскай, Менскай губэрняў, беларускіх паветаў Смаленскай губэрні і частак Віленскай, Ковенскай, Сувалкаўскай і Чарнігаўскай губэрняў. Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі ў ноч з 1 на 2 студзеня 1919 году абнародаваў Маніфэст аб абвяшчэньні ССРБ. 8 студзеня 1919 года Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі і Цэнтральнае Бюро КП(б)Б пераехалі з Смаленску ў Менск.

Утварэньне БССР адбылося ў адказ на абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, што ад пачатку прызнавалася на афіцыйным узроўні — як зазначаў першы савецкі камісар фінансаў Беларусі Ісак Рэйнгольд на паседжаньні Цэнтральнага Бюро КП(б)Б 22 студзеня 1919 году[3]:

 

Існаваньне Беларускай Рады змусіла вылучыць Беларускую [Савецкую] Рэспубліку

Арыгінальны тэкст  (рас.)
Существование Белорусской Рады заставило выдвинуть Белорусскую [Советскую] Республику
 

16 студзеня 1919 года ЦК РКП(б) без папярэдняга абмеркаваньня з урадам ССРБ і ЦБ КП(б)Б пастанавіў вылучыць з складу Савецкай Беларусі значную частку ўсходніх этнічна беларускіх земляў — Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губэрні. 31 студзеня 1919 году ўрад Савецкай Расеі прыняў пастанову «Аб прызнаньні незалежнасьці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі» — ССРБ фармальна выйшла з складу РСФСР, тым чаам вылучаныя раней усходнебеларускія землі засталіся ў складзе Савецкай Расеі. Першы Ўсебеларускі зьезд Саветаў (2—3 лютага 1919 году, Менск) ухваліў ўтварэньне незалежнай Беларускай ССР, зацьвердзіў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі 1919 году, абраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР (ЦВК БССР), пацьвердзіў адрыў ад ССРБ тэрыторыяў Смаленскай, Магілёўскай і Віцебскай губэрняў, прыняў пастанову аб улучэньні Савецкай Беларусі ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Літвы і Беларусі.

Па заняцьці бальшавікамі ўлетку 1920 году ўсёй тэрыторыі Беларусі 31 ліпеня 1920 году сход прадстаўнікоў Кампартыі Летувы і Беларусі, савецкіх і прафсаюзных арганізацыяў Менску і Менскай губэрні прыняў Дэкларацыю аб абвяшчэньні незалежнасьці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі.

 
Мапа Беларусі 1924 году з пазначэньнем тагачасных граніцаў БССР і беларускіх тэрыторыяў у межах іншых дзяржаваў

Згодна з савецка-польскай Рыскай мірнай дамовай 1921 году вялікая частка навукова вызначаных этнічна беларускіх земляў (Заходняя Беларусь) апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, улады якой ня толькі не надалі беларусам нейкай палітычнай аўтаноміі, але чынілі перашкоды разьвіцьцю беларускай адукацыі і культуры (напрыклад, ужо ў 1920 годзе польскія ўлады зачынілі Будслаўскую беларускую гімназію).

 
Мапа Беларусі, выдадзеная ў 1930 годзе Беларускай эміграцыяй у Празе

У выніку нападу СССР на Польскую Рэспубліку ў 1939 годзе значную частку заходніх этнічна беларускіх земляў улучылі ў склад Беларускай ССР, тым часам да Ўкраінскай ССР далучылі частку Піншчыны з Высоцкам, Дольскам, Дубровіцай, Любяшовам, Нобелем і Пагостам Зарэчным, а ў склад Трэцяга Райху перадалі заходнюю Берасьцейшчыну і паўночна-заходнюю частку Гарадзеншчыны. Неўзабаве Сталін перадаў Летуве большую частку Віленшчыны зь Вільняй, а таксама паўднёва-ўсходнюю Троччыну з Трокамі і частку Браслаўшчыны, у кастрычніку 1940 году да іх дадаліся раней афіцыйна далучаныя да БССР часткі Гарадзеншчыны з Друскенікамі і Ашмяншчыны з Гадуцішкамі, Дзевянішкамі, Салечнікамі і Сьвянцянамі[4]. У выніку нападу на СССР у 1941 годзе войскі Трэцяга Райху акупавалі ўсе гэтыя тэрыторыі. У 1944 годзе іх зноў заняла Чырвоная Армія

Па заканчэньні Другой Сусьветнай вайны ў 1945 годзе Масква перадала камуністычнай Польшчы ўсё Падляшша, заходнюю Гарадзеншчыну (Васількаў, Гарадок, Дуброву Гарадзенскую, Заблудаў, Карыцін, Крынкі, Кузьніцу, Ліпск, Саколку, Сідру, Супрасьлю, Сухаволю, Штабін, Янаў) і частку Ваўкавышчыны зь Ялоўкай. Пры разглядзе нямецка-савецкая вайны (г. зв. «Вялікай Айчыннай вайны») у якасьці асобнай вайны (а ня як эпізоду Другой сусьветнай вайны[5]) у яе выніку Беларусь стала адзінай афіцыйнай краінай-пераможцай, якая пры гэтым нароўні зь пераможаным Трэцім Райхам і ягонымі хаўрусьнікамі страціла частку сваёй тэрыторыі — этнічныя беларускія землі Падляшша, а таксама частку гістарычных Берасьцейшчыны, Гарадзеншчыны і Ваўкавышчыны[6].

Па вайне БССР стала адным зь сяброў-заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

27 ліпеня 1990 году парлямэнт БССР абвясьціў пра дзяржаўны сувэрэнітэт рэспублікі, а 25 жніўня 1991 году — пра незалежнасьць Беларусі. 19 верасьня 1991 году назву БССР зьмянілі на Рэспубліку Беларусь[7]. 8 сьнежня 1991 году ў вёсцы Віскулях каля Берасьця на падставе Белавескіх пагадненьняў адбылося падпісаньне пастановы аб ліквідацыі СССР. У гэты ж дзень Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка спыніла сваё існаваньне, яе наступнікам стала незалежная Рэспубліка Беларусь.

Плошча і насельніцтва

рэдагаваць
 
Тэрыторыя БССР у 1939—1944 гадох
Год Плошча
(тыс. км²)
Насельніцтва
(млн ч.)
1921 52,4 1,544
1924 110,6 4,2
1926 126,3 4,9
1939 223 10,2
1959 207,6 8,06
1970 207,6 9,002
1979 207,6 9,53
1989 207,6 10,15
1991 207,6 10,3

Буйныя гарады

рэдагаваць

Дзяржаўны лад

рэдагаваць

Афіцыйна БССР была створаная як дзяржава дыктатуры пралетарыяту, у якой уся ўлада належала выключна Радзе працоўных дэпутатаў. Але цалкам улада была засяроджана ў партыі — КПБ. Найвышэйшымі органамі ўлады ў 1919—1937 гадах былі Зьезды Радаў, у 1937—1991 — Вярхоўная Рада. Выканаўчая ўлада належала спачатку Вялікаму прэзыдыюму ЦВК, затым — саўнаркому, і ў рэшце рэшт Саўміну. У БССР на працягу ўсяго яе існаваньня не прызнавалі падзел уладаў.

Этнічны склад

рэдагаваць

Этнічны склад (1959):

Сьцяг БССР

рэдагаваць
  1. ^ У 1920-я гады ў беларускай прэсе таксама ўжывалася назва Ра́давая Белару́сь[2]. Гэтая практыка, аднак, спынілася (у тым ліку па-за межамі СССР) пры выяўленьні сапраўдных мэтаў расейскіх бальшавікоў — аднаўленьні палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі Беларусі і масавым зьнішчэньні беларускіх інтэлектуальных элітаў
  Партал «Гісторыя»
  Партал «Беларусь»