Крывічы

славянскае племя

Крывічы́ (крэвы, магчыма скрэвы[1]) — буйная старажытнабеларуская этнапалітычная супольнасьць пэрыяду Сярэднявечча, якая займала тэрыторыі ад верхняга Панямоньня, сярэдняга ды верхняга Прыдзьвіньня, верхняга Падняпроўя і Паволжа, а таксама басэйны рэк Вялікай і Ловаці.

Мініятура Радзівілаўскага летапісу: «Ад іх жа і крывічы сядзяць на верх Волгі, і на верх Дзьвіны, на верх Дняпра. Іх жа горад ёсьць Смаленск»

Паводле зьвестак розных пісьмовых крыніцаў, крывічам належалі тэрыторыі, дзе пазьней утварыліся Полацкае, Смаленскае і Пскоўскае княствы. Крывічы — асноўная этнаўтваральная адзінка беларусаў.

Назва рэдагаваць

Існуе некалькі меркаваньняў датычна паходжаньня этноніму «крывічы».

Найбольш аргумэнтаванай выглядае гіпотэза, згодна зь якой этнічны назоў паходзіць ад імя мітычнага пачынальніка пэўнай рэлігійнай традыцыі — найвышэйшага сьвятара Крыва (Крыва-Крывейтэ), культ якога быў уласьцівы большасьці балцкіх народаў. Гэтую вэрсію падтрымлівалі Г. Мілер, М. Карамзін, Т. Нарбут, А. Кіркор, М. Касторскі, П. Трацьцякоў, В. Сядоў, Б. Рыбакоў, Дз. Мачынскі, Г. Лебедзеў, Э. Зайкоўскі, У. Тапароў і іншыя. Паводле іншых вэрсіяў назва паходзіць ад слова «крэўныя» — блізкія крывёю, ад характэрнай «крывой», узгорыстай мясцовасьці[2].

Паходжаньне рэдагаваць

Паводле найбольш папулярнага меркаваньня, крывічы сфармаваліся ў выніку асыміляцыі прышлымі славянамі мясцовых балцкіх і заходнефінскіх плямёнаў, паступова славянізаваных[2].

Тым часам шэраг навукоўцаў уважаюць крывічоў за балцкі этнас, роднасны літве, латышам, латгалам, прусам, яцьвягам, жамойтам, які ў выніку культурнага ўплыву зь першай паловы ІХ ст. пачаў пераходзіць на славянскую мову[3].

Чэскі гісторык Павал Ёзэф Шафарык у сваёй кнізе «Славянскія старажытнасьці» продкамі крывічоў лічыў люцічаў і неўраў:

  У акругах Віленскай і Троцкай да першай паловы XIII ст. жылі вілі і велеты, нашчадкі неўраў і іншыя славяне... Вельцы: так называўся некалі дужы i ў гісторыі сярэдніх вякоў больш слаўны сярод іншых славянаў народ, велеты, або люцічы, празваныя ваўкамі, першым разам згадваюцца Александрыйскім географам... Іх жыльлё... у губэрні Віленскай. Я іх прызнаю продкамі наступных крывічоў.  

Гісторыя рэдагаваць

Першы ўспамін пра крывічоў (відаць, пскоўскіх) зьмяшчаецца ў Аповесьці мінулых часоў і датуецца 859 годам. Яны ўдзельнічалі ў паходах Алега (907) і Ігара (944) супраць Бізантыі.

У канцы X стагодзьдзя на тэрыторыі расьсяленьня крывічоў склалася Полацкае княства, насельніцтва якога называлася крывічамі ў летапісах пад 1127, 1129, 1140, 1162 гадамі[4].

Назва «Крывіцкія землі» захоўвалася ў асобных выпадках за тэрыторыяй паўночнай Беларусі да 1-й чвэрці XIV стагодзьдзя[5]. У сучаснай латыскай мове слова «Крэвія» (Krievija) азначае Расея, адпаведна «Балткрэвія» (Baltkrievija — Белая Крэвія) — Беларусь.

Ад этноніму «крывічы», відаць, паходзяць назвы вёсак на Гарадзеншчыне, Меншчыне, Віцебшчыне і ў іншых мясьцінах Беларусі[6]. Падобныя назвы таксама ў ваколіцах Вільні (вёскі Крывічы і Крывіцішкі ў цяперашнім Маляцкім раёне Віленскага павету Летувы, а таксама зьніклы засьценак Крывічы каля Немянчына) і сьведчыць пра пранікненьне крывічоў на гэтыя тэрыторыі[7].

Глядзіце таксама рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / М. Ермаловіч. — Мн.: Маст. літ., 1990.
  2. ^ а б Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 42.
  3. ^ Дзермант А. Крывічы. Гістарычна-этнагенетычны нарыс // Druvis. № 1, 2005. С. 19.
  4. ^ Штыхаў Г. Крывічы // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 270.
  5. ^ Штыхаў Г. Крывічы // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 270—271.
  6. ^ Георгій Штыхаў. Крывічы // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 271.
  7. ^ Зайкоўскі Э. Літва гістарычная // Наша Слова. № 26 (917) 1 ліпеня 2009 г., № 27 (918) 8 ліпеня 2009 г.

Літаратура рэдагаваць