Міхал Клеафас Агінскі

Мі́хал Клеафа́с Агі́нскі (польск. Michał Kleofas Ogiński; 7 кастрычніка [ст. ст. 25 верасьня] 1765, Гузаў Мазавецкага ваяводзтва — 15 кастрычніка 1833, Флярэнцыя) — кампазытар, дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага[1] і Рэчы Паспалітай[2]. Удзельнік паўстаньня Т. Касьцюшкі.

Міхал Клеафас Агінскі
Міхал Клеафас Агінскі. Аўтар Ф. К. Фабр, 1805 г.
Міхал Клеафас Агінскі. Аўтар Ф. К. Фабр, 1805 г.
Herb Ogiński.png
Герб «Агінскі»
Падскарбі вялікі літоўскі
1793 — 1796
ПапярэднікЛюдвік Тышкевіч
Наступнікпасада скасаваная
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 7 кастрычніка 1765
Гузаў, Мазавецкае ваяводзтва, Рэч Паспалітая
Памёр 15 кастрычніка 1833 (68 гадоў)
Флярэнцыя, Вялікае герцагства Тасканскае
Пахаваны
Род Агінскія
Бацькі Андрэй Агінскі
Паўла Шэмбэк
Жонка
  • Ізабэла Лясоцкая (1789—1802)
  • Марыя дэ Нэры (ад 1802)
Дзеці
Дзейнасьць кампазытар, дыплямат, палітык
Подпіс Выява аўтографу
Рэгаліі
Ордэн Белага арла
Ордэн сьвятога Станіслава
Ордэн Сьвятога Ўладзімера
Ордэн Сьвятога Аляксандра Неўскага
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Агінскі.

Міхал Клеафас Агінскі — аўтар знакамітага палянэзу «Разьвітаньне з Радзімай».

БіяграфіяРэдагаваць

Са старэйшай княскай лініі роду Агінскіх, сын Андрэя і Паўлы з Шэмбэкаў. Ад бацькі ўспадкаваў тытул графа.

Атрымаў добрую хатнюю адукацыю, меў выдатныя здольнасьці да музыкі і замежных моваў. Першыя музычныя ўражаньні атрымаў ад наведваньня Слоніма, дзе ягоны сваяк Міхал Казімер Агінскі ўтрымліваў тэатар эўрапейскага ўзроўню.

Міхалу Клеафасу ігру на фартэпіяна выкладаў Восіп Казлоўскі, прыдворны музыка сямейства. Скрыпцы яго вучыў Джаваньні Манэ Джарнавікі, пазьней Агінскі ўдасканальваў свае веды ў Італіі ад Джаваньні Батысты Віёцьці і П’ера Мары Франсуа дэ Саля Баё[3].

Кар’ераРэдагаваць

Абіраўся паслом сойму Рэчы Паспалітай (1786), быў камісарам Скарбовай камісіі Вялікага Княства Літоўскага (1788), потым займаў пасаду мечніка вялікага літоўскага (1789—1793). У 1790—1791 надзвычайны амбасадар у Галяндыі, выконваў дыпляматычную місію ў Лёндане.

У 1791 мусіў прысягнуць расейскай імпэратрыцы Кацярыне II, каб захаваць свае маёнткі ва ўсходняй частцы сучаснай Беларусі. Скептычна паставіўся да Канстытуцыі 3 траўня[1].

У 28-гадовым веку (1793) займаў пасаду падскарбія вялікага літоўскага, абіраўся паслом на Гарадзенскі сойм. Уваходзіў у склад дэлегацыі на перамовах з расейскім паслом(pl) Якавам Сіверсам[4]. Падпісваў акты пераходу(pl) тэрыторыяў другога падзелу да Расеі і Прусіі][5]. Гарадзенскі сойм вылучыў яго ў склад Пастаяннае Рады[6].

Пасьля перамогі ў 1793 Таргавіцкай канфэдэрацыі падтрымаў яе і вярнуў сабе канфіскаваныя раней маёнткі.

ПаўстаньнеРэдагаваць

У часе паўстаньня 1794 далучыўся да віленскіх паўстанцаў, уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду. Ахвяраваў на патрэбы паўстаньня 188 тысячаў злотых, кіраваў 480 стральцамі.

У чэрвені 1794 двойчы з аддзелам стралкоў і 200 коньнікамі спрабаваў прабіцца ў колішняе Менскае ваяводзтва, каб узьняць тамака паўстаньне. У жніўні 1794 зрабіў рэйд да Дынабурга. Змагаўся супраць прускіх войскаў.

Пасьля таго, як расейцы занялі Вільню, праз Галіцыю выехаў у Аўстрыю. За ўдзел у паўстаньні расейскія ўлады канфіскавалі ягоныя маёнткі.

На радзіме і чужынеРэдагаваць

 
Эпітафія М. К. Агінскаму. Базыліка Санта Гроце, Флярэнцыя
Партрэты М. К. Агінскага
 
Ф.-К. Фабр, XIX ст.
 
Джузэпэ Грасі, XIX ст.
 
Невядомы мастак, XIX ст.
 
Аляксандар Людвік Малінары, XIX ст.
 
Невядомы мастак, кан. XVIII — пач. XIX стст.
 
Франсуа Гранье, XIX ст.
 
У маладосьці, мініятура

Жыў у Вене, Вэнэцыі, Стамбуле, Парыжы. У Парыжы кантактаваў з Шарлем Марысам дэ Талейранам і францускай Дырэкторыяй з мэтаю аднаўленьня незалежнасьці Рэчы Паспалітай.

Па ўступленьні на расейскі сталец Аляксандра I атрымаў магчымасьць вярнуцца на радзіму і працягнуць грамадзка-палітычную і мастацкую дзейнасьць. Пасьля прысягі на вернасьць імпэратару яму, як і ўсім выгнаньнікам, вярталіся ранейшыя маёнткі. У 1801 у Горадні ён прысягнуў на вернасьць, а ў лютым 1802 прыехаў у Пецярбург, адкуль 28 красавіка выехаў у падараваны яму Францішкам Ксавэрам Агінскім даўні родавы маёнтак у Залесьсе Ашмянскага павету.

Жыў тут у 1802—1806 гадох, ажаніўся з італьянскай сьпявачкай Марыяй дэ Нэры, збудаваў новы палац, парк у ангельскім стылі, аранжарэі, зьвярынец, сабраў вялікую бібліятэку. Паводле адных зьвестак, у Залесьсі ён напісаў свой славуты палянэз «Разьвітаньне з Радзімай»[7]. У 1807 сустракаўся з Напалеонам у Італіі.

У 1810 атрымаў пасаду сэнатара і чын тайнага саветніка, ордэны сьв. Уладзімера і Аляксандра Неўскага. Неаднойчы сустракаўся з расейскім імпэратарам Аляксандрам I у Пецярбургу, Вільні, Магілёве і Віцебску, распрацаваў і падаў яму плян аднаўленьня Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Расейскай імпэрыі[1], якое мусіла аб’яднаць восем губэрняў. Аднак імпэратар адхіліў гэты праект.

У чэрвені 1812 Міхал Клеафас зьехаў на ўсход разам з расейскімі войскамі, мешкаў у Пецярбургу. Пасьля вайны з Напалеонам вярнуўся ў Залесьсе, дзе заставаўся да 1822 року, пакрысе адыходзячы ад палітычных справаў.

У 1823 выехаў разам з радзінай у Італію, жыў у Флярэнцыі, займаўся літаратурнай і музычнай дзейнасьцю. Памёр 15 кастрычніка 1833, пахавалі кампазытара на кляштарных могілках пры касьцёле Санта Марыя Навэля, пазьней перапахавалі ў пантэон Санта Крочэ.

ТворчасьцьРэдагаваць

Вядомы як кампазытар, аўтар папулярных палянэзаў для фартэпіяна, якія вызначаюцца лірызмам, мэлядычнасьцю, зьвязаны з народна-песеннымі традыцыямі[8]. У 1790-я рокі напісаў шматлікія баявыя сьпевы, маршы, палянэзы. Найбольш папулярны ягоны палянэз ля-мінор «Разьвітаньне з Радзімай» (польск. Pożegnanie Ojczyzny). Творы Агінскага набылі значную вядомасьць ва ўдзельнікаў паўстаньня Касьцюшкі.

Пісаў таксама маршы (у тым ліку «Марш паўстанцаў 1794»), вальсы, мазуркі, мэнуэты, рамансы. Аўтар аднаактовай опэры «Зэліс і Валькур, або Банапарт у Каіры».

У 18261827 у Парыжы выдаў 4-томныя «Мэмуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 г.» (на францускай мове, у 18701873 перакладзеныя на польскую мову), у якіх неаднойчы ўзгадвае пра свае беларуска-літвінскія карані[9]. Напісаў «Лісты пра музыку» (1828, выдадзены ў 1956).

Музыка М. К. Агінскага была надзвычай папулярная як пры жыцьці, так і пасьля сьмерці кампазытара. Ягоныя палянэзы распачыналі тагачасныя баляваньні, вялікімі накладамі выдаваліся ў Вене, Міляне, Празе, Бэрліне, Пецярбургу. Высокую адзнаку творчасьці М. К. Агінскага даюць Э. Т. А. Гофман, К. М. Вэбер, Ф. Ліст.

Меў асабістае знаёмства з В. Моцартам й Ё. Гайднам, а таксама быў вучнем П. М. Ф. Баё, Ч. Ф. Ляфона, Т. Кампанэлі.

Сям’яРэдагаваць

Быў двойчы жанаты. У 1789 пабраўся шлюбам з Ізабэлай Лясоцкай (1764—1852), зь якой разьвёўся ў 1803 року. Другім разам ажаніўся з Марыяй дэ Нэры (1778—1851). Зь ёй мелі дзяцей:

ПамяцьРэдагаваць

 
Памятная манэта НБРБ, прысьвечаная М. К. Агінскаму
 
Марка Белпошты, прысьвечаная М. К. Агінскаму

Помнікі Міхалу Клефасу Агінскаму стаяць у Маладэчне (Беларусь) і Гузаве (Польшча). У Маладэчне імя Агінскага носіць музычны коледж.

У 1994 Белпошта выдала адмысловую марку, прысьвечаную славутаму кампазытару. У красавіку 1996 у Флярэнцыі, на доме, дзе жыў М. К. Агінскі, адкрылася мэмарыяльная шыльда (скульптар В. Янушкевіч).

Колішняя сядзіба Агінскіх у Залесьсі, «Паўночныя Атэны» (як яе называлі сучасьнікі кампазытара), перайшла ў падпарадкаваньне Міністэрства культуры Беларусі — да Аб’яднаньня літаратурных музэяў, з 1990 году тут сьвяткуюцца ўгодкі яе былога гаспадара. 25 верасьня 2014 року адбылася адкрыцьцё рэстаўраванай сядзібы[10].

Імем М. К. Агінскага названыя вуліцы ў Горадні (2011[11]), Ждановічах.

З 2008 року ў польскім Івоніч-Здруі праводзіцца музычны фэст імя Міхала Клеафаса Агінскага[12].

22 жніўня 2011 Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў у абарачэньне памятныя манэты «М. Агінскі» сэрыі «Гісторыя і культура Беларусі». 23 сьнежня 2013 году Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў ухваліў Рашэньне № 386, якім прысвоіў імя Агінскага вуліцы ў мікрараёне Магістар[13]. У 2015 у Менску на плошчы Свабоды побач з катэдрай Сашэсьця Сьвятога Духу ўстаноўленая лава Агінскага.

Дадатковыя зьвесткіРэдагаваць

 
Сядзіба Агінскіх у Залесьсі, з кнігі «Палёнія» Л. Ходзькі
  • У сваёй опэры «Зэліс і Валькур» М. К. Агінскі вывеў на сцэну Напалеона і Юзэфа Сулкоўскага; для таго часу зрабіць дзейнымі асобамі яшчэ жывых людзей было ўнікальнай зьявай[14].
  • Пры жыцьці кампазытара больш папулярным быў «Палянэз сьмерці» фа мажор, а не «Разьвітаньне з Радзімай» ля мінор.
  • М. К. Агінскі — аўтар дзьвюх музычных працаў — «Лісты пра музыку» і «Назіраньні над музыкай». Апрача таго, ён маляваў у клясычным стылі.
  • М. К. Агінскі першым стварыў палянэзы для слуханьня, а не для танцаў. Пазьней ягоную справу працягнуў Ф. Шапэн[14].

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ а б в Грыцкевіч А. Агінскі Міхал Клеафас // ВКЛ. Энцыкл. — Менск: 2005 Т. 1. С. 201.
  2. ^ 7 кастрычніка — 240 год з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага (1765—1833), дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай, дыпламата, кампазітара. Нацыянальная бібліятэка БеларусіПраверана 5 сьнежня 2010 г.
  3. ^ Биография великого композитора Огиньского(рас.) Великие композиторы Праверана 11 кастрычніка 2015 г.
  4. ^ Volumina Legum 1952. С. 11—23.
  5. ^ Volumina Legum 1952. С. 23, 36.
  6. ^ Volumina Legum 1952. С. 344.
  7. ^ Залессе збірае сяброў на фестываль-кірмаш
  8. ^ Грыцкевіч А. Агінскія // ЭГБ. — Менск: 1993 Т. 1. С. 34.
  9. ^ Святлана Немагай. Музыка сям’і Агінскіх // Музыка сям’і Агінскіх. Вакальныя творы. — Мн.: ТАА «Паліфакт», 2000.
  10. ^ Наталия Волынец. (26 верасьня 2014) В Залесье на Сморгонщине открыли отреставрированную усадьбу Огинского(рас.). Гродзенская праўда. Праверана 11 кастрычніка 2015 г.
  11. ^ У Гродна з’явяцца вуліцы Агінскага, Багушэвіча, Караткевіча і Орды // «Наша Ніва», 20 траўня 2011.
  12. ^ Festiwal im. Ogińskiego(пол.). Gmina Iwonicz-Zdrój. Праверана 11 кастрычніка 2015 г.
  13. ^ У Менску зьявілася вуліца Агінскага // Зьвязда : газэта. — 14 студзеня 2014. — № 5 (27615). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  14. ^ а б Таіса Храловіч. Такога Агінскага вы не ведалі, або Таямніцы жыцця музыканта-аматара // «Народная газета», 21 студзеня 2009. С. 10.

ЛітаратураРэдагаваць

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць

  Міхал Клеафас Агінскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў