Рагвалод (каля 920—978[1]) — першы гістарычна вядомы полацкі князь (сярэдзіна X стагодзьдзя або 960—970-я[2] — 978 або 980). Паводле летапісаў прыйшоў з-за мора. Вёў незалежную палітыку, спрабаваў выкарыстаць супярэчнасьці паміж Кіевам і Ноўгарадам. Бацька Рагнеды і трох сыноў. Загінуў у часе захопу Полацку Ўладзімерам Сьвятаславічам. У замежнай гістарыяграфіі існуе меркаваньне пра тое, што на Русі было дзьве скандынаўскія дынастыі — Рурыкавічы і Рагвалодавічы[3][4][5]. Навуковец з Даніі Адольф Стэндэр-Пэтэрсэн лічыў, што на Русі ўтварылася дзьве скандынаўска-славянскія дзяржавы — Наўгародзка-Кіеўская і Полацкая. Аўтар падмацоўвае гэта сьведчаньнем з Аповесьці мінулых часоў пра княжаньне ў Полацку Рагвалода, пра скандынаўскае паходжаньне яго імя. Амэрыканскі гісторык Амельян Прыцак лічыў, што полацкая дынастыя была адзінай з старажытных скандынаўскіх дынастыяў, якая змагла захавацца ў змаганьні з Рурыкавічамі[6].

Рагвалод
лац. Rahvałod
Мініятура Радзівілаўскага летапісу: сваты князя наўгародзкага Ўладзімера ў Рагвалода (налева); Рагвалод гутарыць з Рагнедай, якая адмовілася выйсьці замуж за Ўладзімера (направа)
полацкі князь
сярэдзіна X стагодзьдзя або 960—970-я — 978 або 980
Наступнік Ізяслаў Уладзімеравіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 920
Памёр 978 або 980,
Нашчадкі дачка:
Рагнеда

Рагнвальд або Рагвальд (Ragnvald, Ragvald) — імя германскага паходжаньня[7][8]. Іменная аснова -раг- (-рэг-) / раган- (імёны ліцьвінаў Рагла, Рагін, Рагайла; германскія імёны Ragilo, Ragenus, Ragel) паходзіць ад гоцкага raginon 'гаспадарыць, судзіць, выракоўваць', ragin 'вырак'[9], а аснова -валд- (-алд, -олт) (імёны ліцьвінаў Геральт, Левалт, Рамвольт; германскія імёны Gerwald, Lewolt, Romuald) — ад гоцкага і германскага waldan 'валодаць, гаспадарыць' або wulþus 'слава, мажнасьць'[10]. Такім парадкам, імя Рагвалод азначае «вырак улады»[11].

Яшчэ літоўскі (беларускі) пераклад пачатку XVII стагодзьдзя «Хронікі» Мацея Стрыйкоўскага сьведчыў: «…бо Феафіл Полацак узяў <…> па Васілю Рагвалодзе [унуку Ўсяслава Полацкага], каторы тэж быў ліцьвін, і па Глебе, сыне яго, і застаў князем полацкім»[12][13].

Формы імя ў гістарычных крыніцах: Рогъволод (980 год), Роговолод (1128 год).

Паходжаньне

рэдагаваць

Аповесьць мінулых часоў (XII ст.) пад 980 годам паведамляе, што «Рагвалод прыйшоў з-за мора, і меў уладу сваю ў Полацку» («Рогъволодъ перешелъ изъ заморья, имяше волость свою Полотьске»). Іншых зьвестак пра паходжаньне Рагвалода ў крыніцах няма. У Аповесьці мінулых часоў разам з Рагвалодам упамінаецца тураўскі князь Тур, што можа сьведчыць пра іх агульнае паходжаньне.

Біяграфія

рэдагаваць
 
Рагвалод Полацкі і Рагнеда. Манэта НБ Беларусі, 2006 г.

Магчыма, Рагвалод быў сынам полацкай княгіні Прадславы, памянёнай у дамове, якую ў 945 годзе падпісалі Бізантыя і кіеўскі князь Ігар[14].

Рагвалод зьявіўся ў Полацку «ў дні Сьвятаслава Ігаравіча» — 945—972 гады, але не пазьней за лета 971 году калі Сьвятаслаў пасадзіў Уладзімера ў Ноўгарадзе, бо ўжо ў той час «Рагвалод трымае і ўладае і княжа ў Полацкай зямлі». Але імаверней за ўсё гэта адбылося недзе да 947 году, бо ў тым годзе Вольга перамогшы яцьвягаў, займалася справамі Пскова, паставіла пагосты па рэках Мсьце і Лузе, а паводле паданьня нават збудавала ў якасьці кіеўскага фарпоста Віцебск — такім чынам наведаўшы амаль ўсе землі, акаляючыя Полацак, але не наведаўшы гэтага гораду, між рэчы аднаго з найбуйнейшых ва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне. Імаверна, на падставе гэтага магчыма зрабіць выснову, што ў гэты час Вольга ўжо не валодала Полацкай зямлёй, а займалася ўмацаваньнем межаў зь ёй. Летапісы ж нічога не паведамляюць пра Рагвалода да падзеяў 978/980 году.

Таму трэба зьвяртаць увагу на тыя падзеі. Яраполк у другой палове 975 году забіў свайго брата, драўлянскага князя Алега. Другі Яраполкаў брат, Уладзімер, спалохаўся падобнага лёсу і ў канцы 975 году ўцёк з Ноўгарада за мора да нарманаў. Яраполк прызначыў у Ноўгарад свайго намесьніка і пасаднікаў і пачаў адзін уладарыць Русьсю. Увесну 978 году Ўладзімер вярнуўся з наймаванай нарманскай дружынай з-за мора ў Ноўгарад, забіў намесьніка і прагнаў пасаднікаў Яраполка, сказаўшы ім: "Ідзіце да брата майго і кажыце: «Уладзімер ідзе на цябе, рыхтуйся зь ім біцца». Абодва браты пачалі шукаць хаўрусьнікаў.

Для Полацка выгодней быў хаўрус з Кіевам, які абяцаў ўзмацненьне за кошт Ноўгарада — натуральнага геапалітычнага супраціўніка на так званым «шляху з вараг у грэкі». Хаўрус жа з Ноўгарадам насупраць ня быў бы плённым, бо калі Ноўгарад узмацніцца за кошт Кіева, то наступнай ахвярай будзе Полацак. Імаверна, гэтыя абставіны добра бачыў і Рагвалод. Да гэтага ж Яраполк першым даслаў сватаў у Полацак, такім чынам прапанаваўшы дамову полацкаму князю.

Рагвалод у сьвятле вышэйзгаданых акалічнасьцяў прыняў прапанаваную Яраполкам дамову. Гэты хаўрус выявіўся ў тым, што Рагвалод амаль адразу пачаў «ваяваць воласьці Ноўгародзкія». Вельмі цікавае пытаньне, якія менавіта ноўгародзкія воласьці ён ваяваў, бо ў той час паміж Полацкім княствам і Ноўгародзкай зямлёй былі вялікія нічыйныя яшчэ абшары. Адзінае месца дзе яны больш менш сутыкаліся гэта вярхоўі Ловаці, імаверна, на гэтыя землі і былі скіраваны напады Рагвалода. Яраполк жа адразу па складаньні дамовы паслаў на дапамогу Рагвалоду свае войска каб «ня даць Уладзімеру ваяваць Крыўскую зямлю». Разам з ваяводамі адправіў і паслоў, каб схіліць брата да міру.

 
Рагвалод. Марка Белпошты, 1993

Па нападах Рагвалода і Ўладзімер паслаў у Полацак сватоў з словамі: «Жадаю дачку тваю ўзяць сабе ў жонкі». Аднак Рагнеда, як вядома «была ўжо змоўлена за Яраполка». Рагвалод спытаў у дачкі: «Ці жадаеш за Ўладзімера?». Яна ж адказала: «Не жадаю разуць рабычыча, а жадаю Яраполка». Няслушна было б думаць, што абразьлівыя словы належаць самой дванаццацігадовай Рагнедзе, хоць яны і былі сказаныя ёю. Гэтак жа няслушна лічыць, што словы Рагнеды паслужылі падставай для вайны. Падставай было тое, што Рагвалод стаў у барацьбе паміж Уладзімерам і Яраполкам на бок апошняга. Адказ Рагнеды быў своеасаблівай дэклярацыяй намераў полацкага князя, у той сытуацыі гэта немінуча вяло да вайны Ноўгарада з Полацкам, якая фактычна ўжо вялася Рагвалодам.

Калі «отракі» — сваты Ўладзімера паведамілі яму адказ Рагнеды, ён з войскам з нарманаў, ноўгародцаў, чудзі і крывічоў (ізборска-пскоўскіх) прыйшоў пад Полацак, калі «Рагнеда ужо сабралі да Яраполка». Рагвалод выйшаў на сустрэчу Ўладзімеру, але атрымаў паразу ў бітве і зачыніўся ў горадзе, спадзяючыся дачакацца кіеўскіх войскаў. Уладзімер жа ўзяў Полацак недзе ў траўні 978 году, «і паланілі Рагвалода і сыноў яго, і жонку яго, і дачку. І зьневажаў Дабрыня яго, і ўзгадаў Рагнедзе, як назвала князя рабычычам, і загадаў Уладзімеру быць зь ёю перад бацькам і маці. Потым жа Ўладзімер забіў бацьку, братоў і маці яе, а саму ўзяў у жонкі».

Але бітва з войскам Рагвалода і ўзяцьце гораду, відаць, шмат каштавала войску Ўладзімера, бо калі ўжо ў Полацку ён даведаўся, што побач войскі пасланыя Яраполкам, то спалохаўся і жадаў зьбегчы ў Ноўгарад. Дабрыня, ведаючы, што Яраполк не падабаецца паганцам, утрымаў пляменьніка і паслаў да яраполкавых ваяводаў з дарункамі, прапануючы перайсьці на свой бок. Ваяводы абяцалі перайсьці і выканалі сваё абяцаньне ў бітве пры «рацэ Друці, за тры дні шляху ад Смаленску». Такім чынам ваяводы Яраполка спазьняліся да Полацку, імаверна, недзе на 5-10 дзён.

Яраполк, які застаўся бяз войскаў, што часткай перайшлі на бок Уладзімера, а часткай былі зьнішчаныя, неўзабаве быў здрадліва забіты. Уладзімер 11 чэрвеня 978 году быў абвешчаны вялікім князям кіеўскім.

У тым, што Рагвалод загінуў, і яго геапалітычныя і эканамічныя пляны пацярпелі няўдачу, вінаваты толькі зьбег фатальных акалічнасьцяў.

Спадчына

рэдагаваць

Бясспрэчна, што Рагвалод пакінуў па сабе добрую памяць ў Полацкай зямлі. Пра яго памяталі нашчадкі, сярод якіх таксама былі Рагвалоды, названыя ў ягоны гонар. Імаверна, гэтая памяць мела нейкія матэрыяльныя падмуркі. Магчыма, што менавіта ў часы Рагвалода пачаўся, традыцыйны ў пазьнейшыя часы, полацкі наступ на захад — на Ніжняе Падзьвіньне і Літву, бо паводле зьвестак археалёгіі, менавіта тады былі заснаваныя Герцыке, Лагойск і магчыма іншыя гарады на балтыйскіх землях.

Нашчадкі

рэдагаваць
Папярэднік
Князь полацкі
945—978/980
Наступнік
Ізяслаў I
  1. ^ Новікаў Я. Ваенная гісторыя беларускіх земляў (да канца XII ст.). Т. 1. — Менск: Логвінаў, 2007.
  2. ^ Штыхаў Г. Рагвалод // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 43.
  3. ^ Stender-Petersen А. Varangica. — Aarhus, 1953. Р. 130—131.
  4. ^ Pritsak О. The Origin of Rus'. — Cambridge (МА), 1981. Vol. 1. Old Scandinavian Sources other than the Sagas. Р. 137.
  5. ^ Duczko W. Viking Rus: Studies on the Presence of Scandinavians in Eastem Europe. — Leiden, 2004. Р. 126-127.
  6. ^ Мартынюк А.В. Alba Ruscia: Белорусские земли на перекрестке культур и цивилизаций (Х—ХVI вв.). — Москва, 2015. С. 9.
  7. ^ Otterbjörk R. Svenska förnamn. — Svenska språknämnden, 1979.
  8. ^ Ragvald, Nordic Names
  9. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
  10. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
  11. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 24.
  12. ^ ГСБМ. Вып. 17. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 66.
  13. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 14, 37.
  14. ^ Арлоў Ул. Таямніцы Полацкай гісторыі. — Мн.: Полымя, 2000. — С. 31. — ISBN 985-07-0302-4

Літаратура

рэдагаваць