Наваградзкі замак

Помнік абарончай архітэктуры
Наваградзкі замак
Наваградзкі замак
Наваградзкі замак
Краіна Беларусь
Места Наваградак
Каардынаты 53°36′5″ пн. ш. 25°49′39″ у. д. / 53.60139° пн. ш. 25.8275° у. д. / 53.60139; 25.8275Каардынаты: 53°36′5″ пн. ш. 25°49′39″ у. д. / 53.60139° пн. ш. 25.8275° у. д. / 53.60139; 25.8275
Архітэктурны стыль Готыка
Дата заснаваньня Сярэдзіна XIII ст.
Будаваньне Сярэдзіна XIII ст.—пачатак XVI ст.
Дата скасаваньня 1660
Вядомыя насельнікі Міндоўг
Статус Ахоўваецца дзяржавай
Стан Руіны
Наваградзкі замак на мапе Беларусі
Наваградзкі замак
Наваградзкі замак
Наваградзкі замак
Commons-logo.svg Наваградзкі замак на Вікісховішчы

Нава́градзкі за́мак — унікальны помнік архітэктуры XIII—XVI стагодзьдзяў у Наваградку, рэзыдэнцыя гаспадароў Вялікага Княства Літоўскага. Уваходзіў у лінію фартыфікацыяў ЛідаКрэваМеднікіТрокі. Знаходзіцца ў цэнтры места, на Замкавай гары. Захаваліся руіны Шчытовай (Шчытоўкі) і Касьцельнай вежаў, падмуркі і рэшткі сьценаў. Твор гатычнай архітэктуры ВКЛ. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

ГісторыяРэдагаваць

 
Наваградзкі замак у XVI ст. Рэканструкцыя Віктара Сташчанюка
 
Аэрафотаздымак, 1927 г.

Раньнія часыРэдагаваць

З пачатку XI да сярэдзіны XIII стагодзьдзяў на валах старажытнага Наваградку стаялі драўляныя сьцены рознай канструкцыі. За гэты час яны аднаўляліся ня менш за пяць разоў[1].

Вялікае Княства ЛітоўскаеРэдагаваць

У другой палове XIII стагодзьдзя на валах паставілі моцныя дубовыя зрубы. Тады ж зь вялікіх склюдаваных камянёў, складзеных на вапне, збудавалі першую мураваную вежу. Гэтая вежа-данжон адыграла вялікую ролю ў абароне замка. У 1274 годзе галіцка-валынскія і татарскія войскі безвынікова штурмавалі Наваградак, тады тут існавала дзьве ўмацаваныя часткі — дзядзінец і вакольны горад[2]. Шматлікія спробы аддзелаў крыжакоў захапіць замак (у 1314 годзе на чале з магістрам Гайнрыхам фон Плёцке, у 1391 годзе на чале з магістрам Конрадам фон Валенродам і ў 1394 годзе на чале з магістрам Конрадам фон Юнгінгенам і маршалам Вэрнэрам Тэтынгерам) таксама ня мелі посьпеху. У выніку гэтых нападаў верхнія ярусы вежы атрымалі моцныя пашкоджаныі і ў канцы XIV стагодзьдзя яе аднавілі, але ўжо з цэглы. Адбудаваная вежа атрымала назву Шчытоўка (Шчытовая). Відаць, да канца XIV стагодзьдзя Шчытоўка была адзінай мураванай фартыфікацыяй драўлянага замка.

У канцы XIV — пачатку XV стагодзьдзя пачалося ўзьвядзеньне замкавых муроў, якое праходзіла ў некалькі этапаў. Спачатку збудавалі тры мураваныя вежы — Касьцельную, Малую Браму і Пасадзскую — і сьцены паміж імі. Ужо ў XIV стагодзьдзі ў дзядзінцы існавала мураваная царква Сьвятога Міхала, вядомая зь пісьмовых крыніцаў XVI—XVII стагодзьдзяў. Да 1775 году ў ёй праходзілі паседжаньні Галоўнага Трыбуналу — найвышэйшага апэляцыйнага суду Вялікага Княства Літоўскага. На поўнач ад царквы збудавалі мураваны палац, які існаваў да сярэдзіны XVII стагодзьдзя.

Другі этап узьвядзеньня замка прыпадае на пачатак XV стагодзьдзя, калі збудавалі Калодзежную вежу і яшчэ адно прасла сьцяны ля асновы замкавай гары. У пачатку XVI ст. стагодзьдзя ў паўночна-заходнім куце замка збудавалі вялікую мураваную вежа Дазорцу. Паміж ёй і Шчытоўкай збудавалі абарончую сьцяну. Такім чынам, новае прасла замкнула кола мураваных фартыфікацыяў, канчаткова выціснуўшы драўляныя агароджы.

Разьвіцьцё атрылерыі і ўдасканаленьне тактыкі аблогі ў XV—XVI стагодзьдзяў зрабілі Малую Браму не зусім надзейнай, што прымусіла пачаць будаваньне дадатковай вежы ля паўднёва-ўсходняга схілу гары. Новая Меская вежа-брама стала цэнтрам форбурга, які ахоўваў дарогу ў замак. Гэтыя дадатковыя ўмацаваньні значна павысілі абараназдольнасьць замка.

За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў маскоўскія войскі двойчы захоплівалі Наваградак: у 1655 годзе яго занялі казакі Івана Залатарэнкі, а ў 1660 годзе часткова ўзноўлены замак занялі войскі князя Івана Хаванскага. Вежы Мескую, Калодзежную, Малую Браму і Пасадзкую, а таксама праслы сьценаў зруйнавалі да падмуркаў. Вялікая Паўночная вайна канчаткова зьнішчыла мясцовыя фартыфікацыі: у 1706 годзе швэдзкія войскі, якія праходзілі праз Наваградак, узарвалі іх рэшткі. Сваю вэрсію разбурэньня замка швэдамі падае Ян Чачот у сваёй балядзе «Наваградзкі замак».

Пад уладай Расейскай імпэрыіРэдагаваць

 
Малая Брама, 1929 г.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Наваградак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, пачаўся заняпад замка. У 1802 годзе гарадзенскі губэрнатар Бенігсан даў загад разабраць рэшткі замкавых вежаў з мэтай пабрукаваць камянямі вуліцы места. Але дзьве вежы часткова захаваліся[3].

У канцы XIX стагодзьдзя на тэрыторыю Замчышча праз пралом у мурах пачалі звозіць з усяго Наваградка сьмецьце, якое пакрыла двухмэтровым пластам руіны старажытных пабудоваў. У 1906 годзе абвалілася Касьцельная вежа, а за часамі Першай сусьветнай вайны — паўднёвая сьцяна Шчытовай вежы.

Найноўшы часРэдагаваць

 
Плян замка, 1930 г.

У 1921 годзе ўлады міжваеннай Польская Рэспублікі ўзялі замак пад ахову дзяржавы. У 1922—1930 гадох археолягі правялі частковую кансэрвацыю руінаў вежаў, а палеглыя муры Касьцельнай вежы склалі наноў.

З 1956 году на Замчышчы працавалі савецкія археолягі. У зьвязку з кансэрвацыяй замка ў 1995, 2000—2002 гадох праводзіліся архітэктурна-археалягічныя дасьледаваньні замка[4]. У 2012—2015 гадох праводзілася кансэрвацыя руінаў замка з аднаўленьнем яго кампазыцыйнай структуры.

АрхітэктураРэдагаваць

Займае пляцоўку на месцы гарадзішча на высокім, часткова насыпаным узгорку, аточаным ровам. Складаецца зь дзьвюх пляцовак: дзядзінца з рэшткамі мураванага замка і вакольнага горада (Малога Замка)[5]. У XVI стагодзьдзі быў адным з наймагутнейшых замкаў у Вялікім Княстве Літоўскім. Ён налічваў 7 вежаў — Шчытоўку, Касьцельную, Малую Браму, Пасадзкую, Дазорцу, Калодзежную і Мескую — злучаных паміж самой мураванымі сьценамі таўшчынёй 2 м і вышынёй да 8 м. Дадаткова абараняўся фартыфікацыямі з паўночнага і паўночна-заходніх бакоў, дзе знаходзіўся вялікі земляны вал і шырокі абарончы роў.

Першая мураваная вежа-данжон мела чатырохкутную форму і стаяла з паўночнага боку замка, замыкаючы кола землянога вала. Цяпер яна знаходзіцца ў зямлі на глыбыні 7,5 мэтраў, а над ёй, як на моцным фундамэнце, стаіць мураваная вежа Шчытоўка. Гэтая вежа была 5-павярховай, зь перакрыцьцямі на бэльках. Агульная яе вышыня дасягала 25 мэтраў. Таўшчыня сьценаў была каля трох мэтраў. Іх праразалі байніцы, а ўнізе — праёмы замкавай брамы. Брама наглуха зачынялася знутры вежы і ў час аблогі ператваралася ў самастойны апорны пункт. У паўднёвай сьцяне Шчытоўкі былі мураваныя ўсходы, якімі карысталіся абаронцы падчас нападаў. Магчыма, усярэдзіне вежы, паміж паверхамі, былі і драўляныя лесьвіцы дзеля штодзённага карыстаньня, бо асобныя паверхі выкарыстоўваліся пад жытло.

Направа ад Шчытоўкі стаіць высокая прызмападобная Касьцельная вежа. З усходу ад яе ішло другое прасла мураванай сьцяны даўжынёю каля 80 мэтраў і таўшчынёю 2,5 мэтры, якое вяло да наступнай вежы, так званай Малой Брамы. Вежы Малая Брама і Касьцельная мелі некалькі паверхаў зь перакрыцьцямі на бэльках, на кожным паверсе былі байніцы. Паварочваючы ад Малой брамы на захад, ішло 70-мэтровае прасла сьцяны, канструкцыйна зьвязанае яшчэ з Пасадзкай вежай. Правае прасла сьцяны вяло ад Пасадзкай вежы да паўночнага краю гары і змыкалася ў паўночна-заходнім куце, дзе стаяла вежа Дазорца. Паміж Дазорцай і Шчытоўкй праходзіла мураванае прасла сьцяны, таўшчынёю 2 мэтры, што замыкала колца замкавых фартыфікацыяў.

У разьмешчаным на высокай гары замку не было калодзежа, але вада выходзіла ля падножжа гары. На ўсходнім схіле білі крыніцы, над адной зь іх стаяла Калодзежная вежа.

Пасярод замка знаходзілася мураваная царква. На поўнач ад царквы стаяў 2-павярховы мураваны палац.

ГалерэяРэдагаваць

Гістарычная графікаРэдагаваць

Гістарычныя здымкіРэдагаваць

Сучасныя здымкіРэдагаваць

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ Ткачоў М. Замкі Беларусі. — Менск, 1977. С. 15.
  2. ^ ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 361.
  3. ^ Ткачоў М. Замкі Беларусі. — Менск, 1977. С. 21.
  4. ^ ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 362.
  5. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 361.

ЛітаратураРэдагаваць

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць

  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  411Г000404