Кітай

дзяржава ва Ўсходняй Азіі

Кіта́й, часам Кіта́йшчына[3][4][5], (поўная назва: Кіта́йская Наро́дная Рэспу́бліка; па-кітайску: 中国 ці 中华人民共和国 Аўдыё Zh-Zhonghua renmin gongheguo.ogg ) — краіна ў паўночна-ўсходняй Азіі, Мяжуе з 14 краінамі — Аўганістанам, Бутанам, Віетнамам, Індыяй, Казахстанам, КНДР, Кыргыстанам, Лаосам, Манголіяй, М’янмай, Нэпалам, Пакістанам, Расеяй, Таджыкістанам.

Кітай
中华人民共和国
Сьцяг Кітаю Герб Кітаю
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн: «Марш добраахвотнікаў»
Месцазнаходжаньне Кітаю
Афіцыйная мова кітайская (на большасьці тэрыторыі — путунхуа, у Ганконгу і Макао выкарыстоўваецца кантонскі дыялект)
Сталіца Пэкін
Найбуйнейшы горад Шанхай
Форма кіраваньня сацыялістычная рэспубліка[1]
Сі Цьзіньпін
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
4-е месца ў сьвеце
9 640 821 км²
2,8
Насельніцтва
 • агульнае (2016)
 • шчыльнасьць
1-е месца ў сьвеце
1,426,000,000[2]
139,6/км²
СУП
 • агульны (2018)
 • на душу насельніцтва
2 месца ў сьвеце
$14,092 трыльёну
$ 10 087
Валюта юань рэнмінбі (RMB¥)
Часавы пас
 • улетку
+8
+8
Незалежнасьць
— ад Японіі

1946
Дамэн верхняга ўзроўню .cn
Тэлефонны код +86
Мапа Кітаю
Мапа Кітаю

Кітай займае другое месца ў сьвеце паводле колькасьці насельніцтва, якое складае каля 1,426 млрд чалавек[2]. Агульная плошча краіны складае каля 9,6 млн км², то бок краіна па гэтаму паказчыку займае пяты радок у сьвеце[6]. Дзяржава кіруецца Камуністычнай партыяй Кітаю і падзяляецца на 22 правінцыі, 5 аўтаномных рагіёнаў, 4 прамыя кантраляваныя муніцыпалітэты (Пэкін, Цяньцьзінь, Шанхай і Чунцін), а таксама спэцыяльныя адміністрацыйныя раёны Ганконг і Макао.

Кітай зьяўляецца адной зь першых сусьветных цывілізацыяй, якая паўстала на ўрадлівай зямлі ў басэйне рэкі Хуанхэ на Паўночна-кітайскай раўніне. На працягу тысячагодзьдзяў палітычная сыстэма Кітаю была заснаваная на спадчыннай манархіі ці дынастыі, пачынаючы з паўлегендарнай дынастыі Ся ў XXI стагодзьдзі да н. э. З тых часоў Кітай значна пашыраўся, распадаўся і зноўку павялічваўся шмат разоў. У III стагодзьдзі да н. э. дынастыя Цынь аб’яднала Кітай ​​і стварыла першую кітайскую імпэрыю. За часам наступнай дынастыі Хань, якая кіравала краінай з 206 году да н. э. да 220 году н. э., пабачылі сьвет некаторыя з самых перадавых тэхналёгіяў і вынаходзтваў на той час, у тым ліку вытворчасьці паперы і вынаходзтва компасу, а таксама інавацыі ў сфэры сельскай гаспадаркі і мэдыцыны. Вынаходзтва пораху і ручнога набору ў часы панаваньня дынастыі Тан (618—907 гады) і дынастыі Сун (960—1127 гадоў) завяршылі зьяўленьне чатырох вялікіх вынаходак. Культура Кітаю дынастыі Тан шырока распаўсюдзілася ў Азіі разам з разьвіцьцём новага марскога шаўковага шляху да Мэсапатаміі і Афрыканскага рогу[7]. Дынастычныя пэрыяды скончыліся ў 1912 годзе разам з Сыньхайскай рэвалюцыяй, якая паклала канец дынастыя Цынь і пераўтварыла краіну ў рэспубліку. Кітайская грамадзянская вайна прывяла да падзелу тэрыторыі ў 1949 годзе, калі Камуністычная партыя Кітаю ўтварыла Кітайскую Народную Рэспубліку, унітарную аднапартыйную сувэрэнную дзяржаву на мацерыковай частцы Кітаю, у той час як Гаміньдан пад кіраўніцтвам ураду адступілі на востраў Тайвань. Палітычны статус Тайваня на сёньня застаецца спрэчным. Рэспубліка Беларусь афіцыйна падтрымлівае палітыку адзінага Кітаю і мае дыпляматычныя дачыненьні толькі з КНР.

Нацыянальнай валютай краіны зьяўляецца юань рэнмінбі, а ў спэцыяльным адміністрацыйным раёне Ганконг выкарыстоўваецца ганконскі даляр. З моманту прасоўваньня эканамічных рэформаў у 1978 годзе, эканоміка Кітаю расьце найхутчэй за астатнія краіны сьвету. Ейны рост ў 2022 годзе склаў 3 працэнты[8]. Па стане на 2016 год, гэта другая паводле велічыні эканомікі ў сьвеце паводле намінальнага СУП і самая вялікая паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці[9]. Кітай таксама зьяўляецца найбуйнейшым у сьвеце экспартэрам і другім паводле велічыні імпартэрам тавараў[10]. Акрамя таго, Кітай мае ў сваім арсэнале ядзерную зброю і самае вялікае сталае войска ў сьвеце. Абаронны бюджэт зьяўляецца другім паводле велічыні ў сьвеце[11][12]. КНР зьяўляецца сталым чальцом Рады Бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Кітай таксама зьяўляецца вядучым чальцом шматлікіх фармальных і нефармальных шматбаковых арганізацыяў, як то Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, Сусьветная гандлёвая арганізацыя, Азіяцка-тыхаакіянскае эканамічнае супрацоўніцтва, БРІКС і G20. Зьяўляючыся адной зь вядучых рэгіянальных дзяржаваў Азіі, краіна характарызуецца і як патэнцыйная звышдзяржава[13][14].

Гісторыя

рэдагаваць

Кітайская цывілізацыя — адна з найбольш старажытных у сьвеце — расквітнела на ўрадлівых глебах басэйна Хуанхэ, што працякае па Паўночна-Кітайскай раўніне. На працягу больш за 4000 гадоў палітычная сыстэма Кітая была заснаваная на спадчынных манархіях (таксама вядомых як дынастыі). Першай з гэтых дынастыяў была Ся (каля 2000 да н. э.), але толькі значна пазьней, у 221 да н. э. Кітай быў аб’яднаны пад кіраўніцтвам адной дынастыі — Цынь. Дынастыйная гісторыя Кітая скончылася на дынастыі Цын у 1911 з заснаваньнем Кітайскай Рэспублікі. У першай палове 20 стагодзьдзя Кітай пагрузіўся ў пэрыяд грамадзянскіх войнаў, якія падзялілі краіну на два асноўных палітычных лягэра — Гаміньдан і камуністы. Баявыя дзеяньні скончыліся ў 1949, калі камуністы перамаглі ў грамадзянскай вайне і стварылі КНР. Прыхільнікі Гаміньдана адступілі на Тайвань і стварылі фактычна асобную краіну.

Геаграфія

рэдагаваць

Кітай — чацьвертая краіна ў сьвеце паводле плошчы (пасьля Расеі, Канады і ЗША), якая мае вялікую разнастайнасьць кліматаў і ляндшафтаў. На ўсходзе, уздоўж берагоў Жоўтага мора і Ўсходне-Кітайскага мора знаходзяцца прасторныя алювіяльныя раўніны, вельмі шчыльна населеныя; берагі Паўднёва-Кітайскага мора больш гарыстыя, і на поўдні Кітаю пераважаюць узгоркі і невысокія горныя ланцугі. У цэнтры знаходзяцца дэльты дзьвюх галоўных рэк Кітаю — Хуанхэ і Янцзы. Іншыя буйныя рэкі — Сіцьзян, Мэконг, Брахмапутра і Амур.

На захадзе знаходзяцца Гімалаі з найвышэйшым пунктам у Кітаі (і сьвеце) — Джамалунгмай (Эвэрэстам), высокімі плато і арыднымі ляндшафтамі, такімі як пустыні Такламакан і Гобі. З-за працяглых засух, а таксама, магчыма, з-за няправільных мэтадаў земляробства, увесну ў Кітаі часта здараюцца пыльныя буры. Паводле кітайскага Агенцтва аховы навакольнага асяродзьдзя, пустыня Гобі стала галоўнай крыніцай пыльных бураў, якія закранаюць Кітай і іншыя краіны — Карэю і Японію.

Сучасная тэрыторыя Кітаю характарызуюецца шэрагам тэрытарыяльных спрэчак на памежжы краіны. Так, з 1940-х гг. на востраве Тайвань існуе Кітайская Рэспубліка, якая лічыць сябе спадкаемцай зрынутага камуністамі ўраду Кітайскае Рэспублікі на кантынэнтальным Кітаі, пры гэтым Кітайская Рэспубліка й КНР не прызнаюць адна адну й прэтэндуюць на тэрыторыі адна адной: Кітайская Рэспубліка не прызнае легітымнай КНР, у той час як КНР не прызнае легітымнасьць Кітайскае Рэспублікі, разглядаючы яе як правінцыю Тайвань. Іншыя тэрытарыяльныя дыспуты месьцяцца на мяжы з Індыяй: яны ўключаюць у сябе большую частку індыйскага штату Аруначал-Прадэш, фактычны кантроль над якім з боку Індыі не прызнаецца КНР (тэрыторыя штату была перададзеная Брытанскай Індыі ўладамі тады фактычна незалежнага Тыбэту, які фармальна зьяўляўся часткай Кітаю); і рэгіён Аксай-Чын, які быў адваяваны на паўночным захадзе Індыі ў 1962 годзе. Таксама ў 1960-х гг. Пакістан перадаў Кітаю Шаксгамскую даліну — частку тэрыторыяў, якія Пакістан атрымаў пад фактычны кантроль у выніку Кашмірскага канфлікту, што не прызнаецца Індыяй. Апрача таго, у сфэру тэрытарыяльных прэтэнзіяў КНР уваходзіць шэраг архіпэлягаў ля Японіі, Віетнаму й Філіпінаў.

Дзяржаўны лад

рэдагаваць

Кітай — рэспубліка, краіна народнай дэмакратыі. У заходняй паліталёгіі разглядаецца як адна зь пяці сучасных камуністычных дзяржаваў (разам зь Віетнамам, Лаосам, Паўночнай Карэяй і Кубай). Заканадаўчая галіна ўлады прадстаўленая аднапалатным Усекітайскім сходам народных прадстаўнікоў[1], у склад якога ўваходзяць 3000 дэпутатаў[15].

Адміністрацыйны падзел

рэдагаваць

22 правінцыі (省), 5 аўтаномных раёнаў (自治区), 4 гарады цэнтральнага падчыненьня (直辖市), 2 адмысловыя адміністрацыйныя раёны (特别行政区).

Эканоміка

рэдагаваць
 
Шанхайскі сусьветны фінансавы цэнтар.
 
Будынак Шанхайская фондавай біржы, адной з магутнейшых у сьвеце.

У старажытнасьці меў адну з самых магутных эканомік у сьвеце, і на працягу стагодзьдзяў бачыў цыклі росквіту і заняпаду[16]. З моманту заснаваньня ў 1949 годзе да канца 1978 году Кітайская Народная Рэспубліка мела плянавую эканоміку савецкага тыпу. Пасьля сьмерці Мао Дзэ-дуна ў 1976 годзе і, як сьледзтва, сканчэньня пэрыяду Культурнай рэвалюцыі, Дэн Сяопін і новае кітайскае кіраўніцтва пачало рэфармаваць эканоміку і рухацца ў напрамку больш рынкава-арыентаванай зьмяшанай эканомікі з захаваньнем аднапартыйнай сыстэмы. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі была спыненая, а сельскагаспадарчыя землі прыватызаваныя, у той час як зьнешні гандаль стаўся асноўным напрамкам працы, што прывяло да стварэньня спэцыяльных эканамічных зонаў (СЭЗ). Неэфэктыўныя дзяржаўныя прадпрыемствы былі рэарганізаваныя, а вельмі стратныя зь іх былі адразу зачыненыя, што прывяло да росту беспрацоўя. Пасьля гэтых эканамічных рэформаў Кітай ператварыўся ў высока дывэрсіфікаваную эканоміку і стаўся адным з самых уплывовых гульцоў у міжнародным гандлі. Асноўныя сэктары, дзе Кітай мае высокую канкурэнтаздольнасьць, складаюць вытворчасьць, здабыча, выраб сталі, тэкстылю, аўтамабільная вытворчасьць і вытворчасьць энэргіі, банкаўская справа, электроніка, тэлекамунікацыя, нерухомасьць, электронная камэрцыя і турызм. Па стане на 2017 год Кітай мае другую паводле велічыні эканоміку ў сьвеце з пункту гледжаньня намінальнага СУП, на агульную суму каля $12 трлн паводле зьвестак Міжнароднага валютнага фонду[17]. З пункту гледжаньня парытэту пакупніцкай здольнасьці эканоміка Кітаю з 2016 году зьяўляецца самай буйной у сьвеце[18]. Паводле разьліку СУП на душу насельніцтва Кітай займае 70 радок, што робіць яго краінай зь сярэднім узроўнем прыбытку. Акрамя таго разьвіцьцё краіны мае нераўнамерны характар. Буйныя гарады і прыбярэжныя рэгіёны зьяўляюцца значна больш заможнымі ў параўнаньні зь сельскімі і ўнутранымі рэгіёнамі[19]. Сучасны Кітай у асноўным характарызуецца тым, што мае рынкавую эканоміку, заснаваную на існаваньні прыватнай уласнасьці[20], і зьяўляецца адным зь вядучых прыкладаў дзяржаўнага капіталізму[21]. Дзяржава па-ранейшаму дамінуе ў стратэгічных сэктарах, як то вытворчасьць энэргіі і цяжкая прамысловасць, але прыватнае прадпрыемства моцна ўзрасло. На 2008 год налічвалася прыкладна 30 млн прыватных прадпрыемстваў[22].

 
Штаб-кватэра кітайскага інтэрнэт-гіганту Alibaba Group у Ханчжоў.

За часам эканамічнай лібэралізацыі Кітай увайшоў у сьпіс эканомік з найбольшай хуткасьцю росту ў сьвеце[23], абапіраючыся ў асноўным на інвэстыцыйны і экспартна-арыентаваны рост[24][25]. Паводле зьвестак МВФ, сярэднегадавы рост СУП Кітаю ў пэрыяд з 2001 па 2010 гады складаў 10,5%. У 2009 Кітай пераўзышоў Японію па валавым аб’ёме прамысловай вытворчасьці і выйшаў на другое месца ў сьвеце. Разам тры краіны, як то ЗША, Кітай і Японія, забясьпечваюць роўна палову сусьветнай прамысловай вытворчасьці. Паводле індэксу кампаніі Citigroup па стане на люты 2011 году Кітай меў вельмі высокі рэйтынг росту[26]. Ягоная высокая прадукцыйнасьць, нізкія выдаткі на працоўную сілу і адносна добрая інфраструктура зрабілі гэтую краіну сусьветным лідэрам у вытворчасьці. Тым ня менш, кітайская эканоміка моцна энэргаёмістая і неэфэктыўная[27]. Кітай стаўся найбуйнейшым у сьвеце спажыўцом энэргіі ў 2010 годзе[28]. У 2013 годзе Кітай абышоў ЗША і стаў найбуйнейшым імпартэрам нафты ў сьвеце[29]. Акрамя таго, афіцыйныя дадзеныя па СУП часам разглядаюцца як ненадзейныя з прычыны агалоску выпадкаў маніпуляваньня зьвесткамі[30]. На пачатку 2010-х гадоў тэмпы эканамічнага росту Кітаю пачалі запавольвацца на тле ўнутраных крэдытных праблемаў і паслабленьня міжнароднага попыту на кітайскі экспарт[31][32].

Індустрыя электроннай камэрцыі Кітаю ўзьляцела ў 2009 годзе, дзякуючы росту інтэрнэт-гігантаў Tencent і Alibaba, WeChat і Tmall, якія сталі часткай паўсядзённага сучаснага кітайскага жыцьця. У Кітаі шырокі разьвіты рынак вэнчурнага капіталу, а таксама маецца вялікая колькасьць стартапаў[33][34]. Турызм таксама зьяўляецца адным з асноўных сэктараў эканомікі. У 2017 годзе на гэты сэктар прыпаў 11,04% СУП, які згенэраваў каля $1,35 трлн, а таксама спрыяў прамой і ўскоснай занятасьці да 28,25 мільёнаў чалавек.

Кітай зьяўляецца чальцом СГА і ёсьць найбуйнейшай у сьвеце гандлёвай дзяржавай, з агульным аб’ёмам міжнароднага гандлю коштам у $3,87 трлн у 2012 годзе. Валютныя рэзэрвы краіны дасягнулі $2,85 трлн да канца 2010 году, павялічыўшыся на 18,7% у параўнаньні з папярэднім годам, што робіць запасы Кітаю на сёньняшні дзень найбуйнейшым у сьвеце[35]. У 2012 годзе Кітай стаў найбуйнейшым атрымальнікам прамых замежных інвэстыцыяў, прыцягнуўшы $253 млрд[36]. Кітай таксама інвэстуе за мяжой, агульны аб’ёмам кітайскіх інвэстыцыяў склаў у 2012 годзе $64,4 млрд[36]. Кітай зьяўляецца асноўным уладальнікам амэрыканскай дзяржаўнай пазыкі, купляючы аблігацыі ЗША на трлн даляраў[37]. Аднак, Кітай часьцяком мае праблемы праз сваё заніжэньне абменнага курсу юаня, выклікаючы канфлікты зь іншымі буйнымі эканомікамі сьвету[38][39]. У 2012 годзе ўрад Кітаю павялічыў дапушчальную долю замежных сродкаў у капітале прадпрыемстваў з 20% да 30%. Пагатоў замежныя ўкладаньні ў акцыі прадпрыемстваў на рынку каштоўных папераў абмяжоўваліся $1 млрд[40]. Па выніках 2013 году Кітай выйшаў на 1-е месьца ў сьвеце паводле абсягу замежнага гандлю, які дасягнуў 4,16 трлн даляраў ЗША[41].

Дачыненьні зь Беларусьсю

рэдагаваць

Стасункі Кітая зь Беларусьсю характарызуюцца тэрмінам «стратэгічнае партнэрства», які абазначае высокі ўзровень супрацоўніцтва дзьвюх дзяржаваў. КНР зьяўляецца асноўным палітычным і гандлёва-эканамічным партнэрам Беларусі ў Азіі.

Дыпляматычныя дачыненьні дзяржавы ўстанавілі 20 студзеня 1992. У гэтым жа годзе адкрыта амбасада КНР у Беларусі, у наступным годзе — амбасада Беларусі ў КНР.

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка наведваў Кітай у 1995, 1997, 2001, 2005 і 2013[42] гадох. Візыты ў Беларусь нанесьлі старшыня КНР Ху Цзіньтао (2000), старшыня Дзяржсавету Вэнь Цзябао (2007), Лі Пэн (у 1995 у якасьці старшыні Дзяржсавету і ў 2000 у якасьці старшыні Пастаяннага камітэту УСНП), намесьнік старшыні КНР Сі Цзіньпін (2010), віцэ-прэм’еры Дзяржсавету (1996 і 1997).

З 1992 году ў складзе Кітайскага народнага таварыства дружбы з замежжам існуе Таварыства кітайска-беларускай дружбы[43].

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ а б Кітай // БЭ. — Мн.: 1999 Т. 8. С. 297
  2. ^ а б «World Population Prospects: The 2022 Revision». ESA.UN.org.
  3. ^ К падзеям у Кітайшчыне  (бел.) // Маланка. — Вільня: Кастрычнік 1926. — № 15. — С. 4.
  4. ^ За граніцай  (бел.) // Грамадзкі Голас. — Вільня: 1 лютага 1925. — № 5 (59). — С. 3.
  5. ^ Калюга, Л. Ні госьць ні гаспадар  (бел.) // Узвышша. — Менск: 1928. — № 4 (10). — С. 17-31.
  6. ^ «The World Factbook». Central Intelligence Agency.
  7. ^ Bowman, John S. (2000). «Columbia Chronologies of Asian History and Culture». New York: Columbia University Press. — С. 104—105.
  8. ^ «GDP growth (annual %)». World Bank.
  9. ^ «GDP, PPP (current international $)». World Bank.
  10. ^ «China trade now bigger than US». Daily Telegraph.
  11. ^ Military and Security Developments Involving the People’s Republic of China 2013 US Secretary of Defense Архіўная копія
  12. ^ Mar. 2014: Deciphering China’s latest defence budget figures. SIPRI. Архіўная копія
  13. ^ «From Rural Transformation to Global Integration: The Environmental and Social Impacts of China’s Rise to Superpower». Carnegie Endowment for International Peace.
  14. ^ «A Point Of View: What kind of superpower could China be?». BBC.
  15. ^ Benjamin Elman, Denis C. Twitchett and Others (September 15, 2020) Кітай (анг.) Encyclopædia Britannica. Encyclopædia Britannica, inc.. Праверана 18 верасьня 2020 г.
  16. ^ «China and the Knowledge Economy: Seizing the 21st Century». World Bank Publications. Institute of Education Sciences.
  17. ^ «World Economic Outlook Database». International Monetary Fund.
  18. ^ «Estimates for 2014 nominal GDP». International Monetary Fund.
  19. ^ «China’s path to tackling regional inequality». Financial Times.
  20. ^ China is already a market economy—Long Yongtu, Secretary General of Boao Forum for Asia EastDay.com Архіўная копія
  21. ^ «Communism Is Dead, But State Capitalism Thrives». Forbes.
  22. ^ Putting Democracy in China on Hold. The Center for Independent Studies. Архіўная копія
  23. ^ «China’s Economic Rise: History, Trends, Challenges, and Implications for the United States». Congressional Research Service.
  24. ^ «China must be cautious in raising consumption». China Daily.
  25. ^ «Exports of goods and services (% of GDP)». World Bank.
  26. ^ «3G Countries». Business Insider.
  27. ^ China Quick Facts. World Bank. Архіўная копія
  28. ^ «China Becomes World’s Biggest Energy Consumer». Wall Street Journal.
  29. ^ «The Ultimate Guide To China’s Voracious Energy Use». Business Insider.
  30. ^ «China’s Economic Numbers Have a Credibility Problem». Bloomberg.
  31. ^ «China’s economy slows but data hints at rebound». BBC.
  32. ^ «China Loses Control of Its Frankenstein Economy». Bloomberg.
  33. ^ «China now rivals U.S. in VC investments». Venturebeat.
  34. ^ China’s Internet Giants Lead in Online Finance. The Financialist. Архіўная копія
  35. ^ China’s Foreign-Exchange Reserves Surge, Exceeding $2 Trillion. Bloomberg. Архіўная копія
  36. ^ а б «FDI in Figures». OECD.
  37. ^ «Washington learns to treat China with care». CNN.
  38. ^ «China widens yuan, non-dollar trading range to 3%». China Embassy.
  39. ^ «2007 trade surplus hits new record — $262.2B». China Daily.
  40. ^ Катар мае намер укласьці 5 млрд даляраў у эканоміку Кітая // Зьвязда : газэта. — 26 чэрвеня 2012. — № 121 (27236). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  41. ^ Сяргей Кізіма. Дзесяць дзён студзеня: самае цікавае ў геапалітыцы // Зьвязда. — 11 студзеня 2014. — № 4 (278614). — С. 2.
  42. ^ Лукашэнка паляцеў у Кітай. Радыё Свабода (15.07.2013).
  43. ^ У Сяоцю. Да 50-годдзя Кітайскай народнай рэспублікі: Дынамічнае развіццё кітайска-беларускіх адносін // Інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь «Кантакты і дыялогі». — 1999. — № 9-10.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць