Кіеўская Русь
Кі́еўская Русь — паняцьце, уведзенае ва ўжытак пазьнейшымі гісторыкамі, якое абазначае пэрыяд існаваньня старажытнарускай (усходнеславянскай) дзяржавы Русь ва Ўсходняй Эўропе ад канца IX стагодзьдзя ў выніку пераносу сталіцы з Ладагі ў Кіеў (у 882 годзе князем Алегам) і аб’яднаньня пад уладаю князёў дынастыі Рурыкавічаў большасьці ўсходніх славян, у тым ліку зямель, якія ляжалі на шляху з вараг у грэкі. Гэтая дзяржава праіснавала да захопу Кіева войскамі манголаў.
Кіеўская Русь | ||||
| ||||
| ||||
Афіцыйная мова | царкоўнаславянская | |||
Сталіца | Кіеў | |||
Форма кіраваньня Вялікі князь
|
манархія Алег (першы) Даніла (апошні) | |||
Этнічны склад | славяне (русіны), балты, фіна-вугры, цюркі | |||
Канфэсійны склад | паганства праваслаўе | |||
Валюта | кіеўская грыўня | |||
Цяпер зьяўляецца часткай | Украіна Беларусь Расея Польшча |
У Сярэднявеччы Кіеўская Русь мела найбольшую плошчу сярод усіх дзяржаваў у Эўропе, аднак адзінай дзяржавы фактычна не існавала: шматлікія спробы князя Ўладзімера ў канцы X стагодзьдзя зброяй аб’яднаць ўсе ўсходнеславянскія землі ўрэшце скончыліся няўдачай, а Полацкае княства ў зацятым змаганьні адстаяла сваю незалежнасьць[1].
Гісторыя
рэдагавацьДа сярэдзіны IX ст. на ўсей тэрыторыі, заселенай усходнімі славянамі, пачалі фармавацца раньнефэадальныя княствы. У канцы IX ст. тут узьнікла палітычнае ўтварэньне — Кіеўская Русь з цэнтрам у Кіеве. Землі крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў на непрацяглы час трапілі ў склад Кіеўскай Русі. Кіеўская Русь была раньнефэадальнаю дзяржаваю, на чале якой стаяў вялікі кіеўскі князь. У склад дзяржавы ўваходзілі асобныя землі на чале з сваімі князямі. Мясцовыя князі знаходзіліся ў васальнай залежнасьці ад вялікага кіеўскага князя. Яны павінны былі зьяўляцца з дружынай на патрабаваньне вялікага князя з мэтай ажыцьцяўленьня ваенных паходаў. Падуладнае мясцовым князям насельніцтва плаціла даніну вялікаму князю кіеўскаму. У той жа час мясцовыя князі карысталіся амаль неабмежаванай уладай у сваіх княствах.
На тэрыторыі Беларусі склаліся два раньнефэадальныя княствы — Полацкае і Тураўскае, якія непрацяглы час уваходзілі ў склад Кіеўскай Русі. Геаграфічнае становішча Полацкага княства стварала спрыяльныя ўмовы дзеля разьвіцьця эканомікі, перш за ўсе гандлю, а таксама абумовіла значэньне княства як аднаго з ваенных фарпостаў Русі. У Полацку існавала мясцовая княская дынастыя. Полацкія князі імкнуліся праводзіць незалежную ад Кіева палітыку. У пачатку XII ст. Полацкае княства ўступіла ў пэрыяд фэадальнае раздробленасьці і распалася на некалькі удзельных княстваў: Полацкае, Менскае княства, Віцебскае княства, Друцкае княства, Ізяслаўскае княства, Лагойскае княства ды іншыя. Другое раньнефэадальнае княства на тэрыторыі сучаснай Беларусі — Тураўскае — утварылася ў канцы IX ст. Тураўскае княства належала то Полацку, то Кіеву ў якасьці часткі вялікакняскіх уладаньняў. У другой палове XII ст. тут усталявалася самастойная княская дынастыя, аднак ужо ў канцы XII — пачатку XIII ст. на тэрыторыі Тураўскага княства ўтварыўся некалькі дробных фэадальных княстваў: Тураўскае, Пінскае княства, Слуцкае княства, Клецкае княства, Дубровіцкае княства.
У пачатку XIII стагодзьдзя пачынаецца экспансія нямецкіх рыцараў-крыжаносцаў у Прыбалтыку. Рыцары захапілі вусьце ракі Дзьвіны і такім спосабам паставілі пад свой кантроль важны для Полацка гандлёвы шлях. Полацкае княства ўступіла ў змаганьне з крыжакамі, абапіраючыся на дапамогу літвы і Ноўгарада. У пачатку XIII ст. з усходу на рускія землі накіраваліся татара-манголы. Беларускія землі засталіся ў баку ад асноўнага кірунку руху татара-манголаў. Летапісы ўпамінаюць пра разбурэньні Берасьця, выкліканыя захопнікамі (аднак горад імі ня быў захоплены), а таксама пра асобныя бітвы з татара-манголамі ў Беларусі.
Культура
рэдагавацьЯк мяркуюць сучасныя навукоўцы, адзінай этнакультуры на Русі ў XI—XII стагодзьдзях не было[2]. У этнічным пляне імпэрыя Рурыкавічаў была вельмі неаднароднай. Апрача ўсходніх славянаў, яе насялялі балты, фіна-вугры і народы цюркскага паходжаньня.
Агульная пісьмовая мова, ролю якой можна параўнаць з роляй лаціны ў каталіцкай Эўропе, не была этнакансалідуючым чыньнікам[3]. Простая мова жыхароў розных мясьцінаў адрозьнівалася. Напрыклад, як сьведчаць Берасьцяныя граматы, мова жыхароў Ноўгарада ў XI ст. істотна адрозьнівалася ад мовы кіяўлянаў[2].
У культурным сэнсе Кіеўская Русь улучала ў сябе вялікі комплекс лякальных культураў[2].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Тарасаў С. Ці быў старажытнарускі народ? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 5.
- ^ а б в Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 57.
- ^ Генадзь Сагановіч. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2001. С. 24.
Літаратура
рэдагаваць- 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, З. Санько. — Менск: Рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. — 80 с.
- Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. Галубовіч, З. Шыбека, Д. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. Галубовіча і Ю. Бохана. — Менск: Экаперспектыва, 2005. — 584 с. ISBN 985-469-120-9.
- Генадзь Сагановіч. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2001.— 412 с. ISBN 985-6374-34-2.