Удзельнік:Einimi/Чарнавік
Беларусь Рэспубліка Беларусь Республика Беларусь | |||||
| |||||
Дзяржаўны гімн: «Мы, беларусы» | |||||
Афіцыйная мова | беларуская, расейская | ||||
Сталіца | Менск | ||||
Найбуйнейшы горад | Менск | ||||
Форма кіраваньня | Прэзыдэнцкая рэспубліка Аляксандар Лукашэнка Андрэй Кабякоў | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
84-е месца ў сьвеце 207 596,76[1] км² 2,26% (4702 км²)[1] | ||||
Насельніцтва • агульнае (2017) • шчыльнасьць |
91-е месца ў сьвеце 9 504 704[2] 45,8/км² | ||||
Этнічны склад | беларусы (83,7%), расейцы (8,3%), палякі (3,1%), украінцы (1,7%)[3] | ||||
Канфэсійны склад | праваслаўныя (60%), каталікі (15—20%)[4] | ||||
Пісьменнасьць | 98%[4] | ||||
СУП • агульны (2012) • на душу насельніцтва |
Сьпіс краінаў паводле СУП $146,745 млрд[5] $15 633 | ||||
Валюта | Беларускі рубель (BYN) | ||||
Часавы пас | FET (UTC+3) | ||||
Незалежнасьць — абвешчаная — згубленая — абвешчаная — прызнаная |
ад Расейскай імпэрыі 25 сакавіка 1918 1 студзеня 1919 ад СССР 27 ліпеня 1990 25 жніўня 1991 | ||||
Аўтамабільны знак | BY | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .бел, .by | ||||
Тэлефонны код | +375 | ||||
Белару́сь, Рэспу́бліка Белару́сь — краіна ва Ўсходняй Эўропе, бяз выхаду да мора. Мяжуе з Польшчаю на захадзе, Летувою на паўночным захадзе, Латвіяй на поўначы, Расеяй на ўсходзе і Ўкраінай на поўдні. Сталіцай Беларусі зьяўляецца горад Менск, іншыя буйныя гарады ўключаюць Берасьце, Горадня, Гомель, Магілёў і Віцебск. Больш за 40% тэрыторыі краіны мае лясны покрыў.
Да XX стагодзьдзя землі сучаснай Беларусі ўваходзілі ў склад розных краінаў, як то Полацкае княства, Вялікае княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Польшча і Расейская імпэрыя. У пэрыяд пасьля расейскай рэвалюцыі, Беларусь абвесьціла пра сваю незалежнасьць, як Беларускай Народнай Рэспублікі, якая, аднак, ня здолела захаваць сваю незалежнасьць і на тэрыторыі Беларусі была створана пракамуністычная Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР). Заходняя частка краіны ў 1920-х гадох знаходзілася ў складзе Польшчы і была далучана да БССР толькі ў 1939 годзе, падчас агрэсіі ў бок Польшчы Нямеччыны і СССР. Беларусь страціла кожнага трэцяга свайго жыхара падчас спусташальнай Другой сусьветнай вайны[6]. У 1945 годзе Беларусь стала адным з чальцоў-заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, разам з Савецкім Саюзам і Ўкраінскай ССР.
Парлямэнт рэспублікі абвесьціў сувэрэнітэт Беларусі 27 ліпеня 1990 году, а падчас распаду Савецкага Саюзу Беларусь абвесьціла пра сваю незалежнасьць 25 жніўня 1991 году. Аляксандар Лукашэнка, які стаў прэзыдэнтам у 1994 годзе, працягнуў палітыку савецкай эпохі, пакінуўшы дзяржаўную ўласнасьць у буйных галінах эканомікі. Паводле некаторых арганізацыяў і ўрадаў шэрагу краінаў некалькі апошніх выбараў Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта лічацца несправядлівымі[7]. У 2000 годзе Беларусь і Расея падпісалі дамову для больш цеснага супрацоўніцтва, зь некаторымі намёкамі на фармаваньне Саюзнай дзяржавы.
Больш за 70% насельніцтва Беларусі пражывае ў гарадох. Больш за 80% насельніцтва складаюць этнічныя беларусы, этнічную меншасьць складаюць пераважна расейцы, палякі і ўкраінцы. Паводле рэфэрэндуму 1995 году Беларусь мае дзьве афіцыйныя мовы: беларускую і расейскую. Паводле канстытуцыі Рэспублікі Беларусь краіна ня мае аніякай афіцыйнай рэлігіі, аднак асноўнай рэлігіяй у краіне зьяўляецца праваслаўе. Другой паводле папулярнасьці рэлігіяй зьяўляецца каталіцтва, пры гэтым праваслаўныя і каталіцкія Каляды і Вялікдзень сьвяткуюцца як нацыянальныя сьвяты.
Назва
рэдагавацьНазва Белая Русь пачала ўжывацца ў адносінах да часткі беларускіх земляў у XIV—XVI стагодзьдзях. Да XVII стагодзьдзя гэта назва замацоўваецца за беларускімі землямі; для абазначэньня жыхароў Белай Русі існавалі азначэньні ліцьвіны, русіны, палешукі. У XIX стагодзьдзі сярод мясцовага насельніцтва распаўсюдзілася назва беларусы. Беларусь як нацыянальная саманазва прынятая ідэолягамі нацыянальнага руху ў канцы XIX стагодзьдзя. У 1918 годзе была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, а ў 1919 — Беларуская ССР. 19 верасьня 1991 году назва БССР зьмененая на Рэспубліку Беларусь[8].
Гісторыя
рэдагавацьРаньняя гісторыя
рэдагавацьПершыя спробы чалавека (нэандэртальца) пранікнуць на тэрыторыі Беларусі датуюцца часам 100—35 тыс. гадоў назад. Пра гэта сьведчаць знаходкі крамянёвых вырабаў муст’ерскага тыпу каля вёскі Абідавічы (Быхаўскі раён), Падлужжа (Чачэрскі раён), Сьвяцілавічы (Веткаўскі раён). Найбольш старажытныя паселішчы чалавека, выяўленыя каля вёсак Юравічы (Калінкавіцкі раён) і Бердыж (Чачэрскі раён), адносяцца да эпохі верхняга палеаліту, іхны ўзрост 26—23 тыс. гадоў. Яны належалі радавым абшчынам краманьёнцаў. У сувязі з моцным пахаладаньнем і наступаньнем ледавіка 22—14 тыс. гадоў назад людзі адышлі з тэрыторыі Беларусі на поўдзень. Па заканчэньні ледавіковай эпохі чалавек зноў вярнуўся на тэрыторыю Беларусі. Цалкам яе тэрыторыі заселеная ў эпоху мэзаліту (IX—VI тыс. да н. э.). Эпоха новага каменнага веку (нэаліту) на Беларусі пачалася ў канцы V—IV тыс. да н. э. і доўжылася каля 2 тыс. гадоў. Значнае павелічэньне насельніцтва ў нэаліце садзейнічала ўзьнікненьню новых этнічных супольнасьцяў людзей. На тэрыторыі Беларусі было 5 археалягічных культур: днепра-данецкая, верхнедняпроўская, нёманская, нарвенская і тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі. На Беларусі вядома каля 600 нэалітычных паселішчаў, бальшыня іх сканцэнтраваная ў далінах рэк, басэйнаў Прыпяці, Сожу, Нёману. У канцы III— пач. II тыс. да н. э. на тэрыторыю Беларусі праніклі плямёны шнуравой керамікі культуры, якія былі часткай індаэўрапейцаў — продкаў сучасных народаў Эўропы, у тым ліку славянаў і балтаў. Узаемаадносіны прышлых плямёнаў і абарыгенаў характарызаваліся рознымі формамі гаспадаркі і культурнага ўзаемаўплыву і этнічнай асыміляцыі. Мова індаэўрапейцаў мела шмат дыялектаў. Разьвіцьцё ўзаемаадносінаў прывяло да стварэньня розных індаэўрапейскіх групаў і народаў. Тэрыторыя паўднёвага ўсходу Беларусі і суседнія раёны Ўкраіны займалі плямёны сярэдненяпроўскай культуры. Пад уплывам прышлых плямёнаў адбыўся пераход мясцовага насельніцтва да бронзавага веку (канец III — пач. I тыс. да н. э.). У гэты пэрыяд паўднёва-заходнюю тэрыторыю Беларусі сьпярша займалі культуры шнуравой керамікі Палесься, заходняй Беларусі — прыбалтыйскай, Паазер’е — паўночна-беларускай культуры . Да сярэдзіны II тыс. да н. э. ў Палесьсі й Прыдняпроўі сфармаваліся тшцінецкая культура й сосьніцкая культура. У жалезным веку (працягваўся ад VIII—VI ст. да н. э. да VIII ст. н. э.) на Беларусі было некалькі археалягічных культур штрыхаванай керамікі, днепра-дзьвінская, мілаградзкая, зарубінецкая, паморская. У асобную культурна-гістарычную групу ў паўднёва-ўсходняй Беларусі вылучаюць помнікі кіеўскай культуры II—IV ст. н. э., якія бальшыня навукоўцаў лічаць славянскімі[9].
Удзельныя княствы
рэдагавацьУ V—VIII ст. у паўднёвай частцы Беларусі расьсяліліся славянскія плямёны праскай культуры, сярэднюю й паўночную частку займалі плямёны банцараўскай культуры. Працэс расьсяленьня славянаў у 2-й палове I тыс. суправаджаўся міжэтнічнымі кантактамі зь мясцовымі балцкімі плямёнамі (літоўцамі, яцьвягамі і інш.). У IX—XI ст. сфармаваліся супольнасьці крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Крывічы-палачане склалі Прупой, уваходзілі ў Смаленскае княства, а Гомель, Чачэрск, Рэчыца — у Чарнігаўскае княства. У XII—XIII ст. удзельныя княствы ўзьніклі на землях Верхняга Панямоньня. Найбольш значную ролю адыгрывалі Гарадзенскае княства й Наваградзкае княства. Грамадзкае разьвіцьцё зямель Беларусі праходзіла аднолькавы шлях зь іншымі ўсходнімі славянамі, якія ўваходзілі ў склад агульнай дзяржавы Кіеўскай Русі. Тут у X—XII ст. перапляталіся 3 асноўныя сацыяльна-эканамічныя ўклады: абшчынны, рабаўладальніцкі і фэўдальны, які паступова станавіўся пануючым[9].
У канцы X ст. пачало распаўсюджвацца хрысьціянства подле бізантыйскага абраду. Заснаваныя япархіі ў Полацку (992) і Тураве (1005), але перажыткі язычніцтва ў некаторых мясцовасьцях захоўваліся многія стагодзьдзі. Хрысьціянская царква садзейнічала разьвіцьцю беларускае культуры, у тым ліку манумэнтальнага дойлідзтва, жывапісу, прыкладнога мастацтва, літаратуры[9].
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьЗ пачатку XIII ст. беларускія землі ўдзельнічалі ў утварэньні Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Гэта было абумоўлена зацікаўленасьцю ў моцнай цэнтральнай уладзе, здольнай арганізаваць адпор татара-мангольскім заваёўнікам і рыцарскім ордэнам. Літоўскія князі, з пачатку XIII ст. сталі прымаць захады па замацаваньні за сабой зямельных уладаньняў, што сьведчыла пра пачатак разьвіцьця фэадалізму ў асяродзьдзі літоўскіх плямёнаў, якія амаль напалову зьмяшаліся з суседнімі крывічамі i дрыгавічамі. Першы літоўскі князь, які княжыў на беларускіх землях — Міндоўг [сярэдзіна 1230-х — 1263 гг.] Сталіцай Вялікага Княства Літоўскага быў Наваградак. На працягу 2-й паловы XIII—XIV ст. у выніку захопаў, пагадненьняў, дынастычных шлюбаў і інш. у ВКЛ увайшлі ўсё беларускія землі. Пераемнікі Міндоўга княжылі на земях верхняга Панямоньня (Наваградак, Ваўкавыск, Слонім), пад іхным палітычным уплывам знаходзіліся цэнтральная Беларусь і Полацкае княства. Да сярэдзіны XIV ст. у склад ВКЛ увайшлі Полацкае, Віцебскае, Пінскае княствы, Берасьцейская зямля. Канчаткова ўсе беларускія землі, а таксама Чарнігава-Северская зямля, Кіеўскае і частка Смаленскага княства ўвайшлі ў ВКЛ пры вялікім князі Альгердзе [1345—1377]. Вялікае значэньня для ўмацаваньня ВКЛ мела перамога над Тэўтонскім ордэнам у Грунвальдзкай бітве 1410 году. Пры вялікім князі Вітаўце [1392—1430] ВКЛ значна пашырыла сваю тэрыторыю[9].
На лёс беларускіх зямель у ВКЛ значна паўплываў пераход літоўскае знаці ў канцы XIV ст. у каталіцызм. Вялікі князь Ягайла [1377—1392] у 1385 годзе пагадзіўся хрысьціць насельніцтва Літвы подле каталіцкага абраду ў якасьці адной з умоваў атрыманьня трону польскага караля (Крэўская унія 1385 году). Адгэтуль у ВКЛ пачало насьпяваць нутранае напружаньне паміж праваслаўным і каталіцкім насельніцтвам. З часоў прыняцьця Гарадзельскага прывілею 1413 году палітычнае становішча ў ВКЛ пачало характарызавацца дамінаваньнем каталіцкае знаці, якая атрымала выключнае права на заняцьце дзяржаўных пасадаў і тытул паноў. Усходне-славянскія баяры й князі захавалі свае ўдзелы ў ВКЛ, яны падтрымлівалі дзяржаву, садзейнічалі росту яе магутнасьці, але імкнуліся павялічыць свой уплыў на прыняцьце палітычных рашэньняў. Выразьнікам іх інтарэсаў стаў вялікі князь Сьвідрыгайла [1430—1432], які пачаў раздаваць дзяржаўныя пасады, замкі і воласьці праваслаўным рускім (беларусы, украінцы) фэўдалам, што прывяло да працяглай фэўдальнай вайны (Грамадзянская вайна ў Вялікім Княстве Літоўскім 1432—1438 гадоў). У 1432 годзе Сьвідрыгайла ўцёк у Полацак, дзе беларускія князі й баяры пасадзілі яго на пасад Вялікага Княства Рускага, такім чынам адбыўся кароткачасовы раскол ВКЛ, і Полацак на пэўны час стаў сталіцай беларускае дзяржавы. Каталіцкія вярхі ВКЛ пайшлі на кампраміс. Ягайла прывілеем 1432 году і Жыгімонт Кейстутавіч прывілеем 1434 году ўраўнавалі праваслаўных фэўдалаў у некаторых эканамічных і палітычных правох з каталікамі. Пры вялікім князі Казімеру IV [1440—1492] асобным землям (Наваградзкай, Полацкай, Віцебскай, Смаленскай і інш.) пацьверджаныя правы на аўтаномнае кіраваньне. Казімер зацьвердзіў судзебнік 1468 году — першы ўпарадкаваны збор законаў. Пасьля ягонай сьмерці Маскоўская дзяржава пачала войны за аб’яднаньне земляў Старажытнай (Кіеўскай) Русі. У ходзе гэтых войнаў да Маскоўскай дзяржавы ў XV—XVI ст. былі далучаныя некаторыя ўсходне-славянскія землі ВКЛ. Пасьля няўдач у войнах палітычныя вярхі ВКЛ пачалі залучаць да больш актыўнага кіраваньня дзяржавай буйных праваслаўных фэўдалаў; праваслаўным ужо фактычна не забаранялася займаць важнейшыя дзяржаўныя пасады. У 1563 годзе юрыдычна адмененае палажэньне, подле якога праваслаўныя фэўдалы не маглі засядаць у гаспадарскай радзе. Вялікі ўплыў на дзяржаўныя справы мелі магнаты Астроскія, Хадкевічы, Сапегі, Ільлінічы і інш[9].
Да сярэдзіны XVI ст. канчаткова аформіўся дзяржаўны лад ВКЛ, асновы якога замацаваныя ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1529 году і Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1566 году. Дзяржаўнай мовай ВКЛ зьяўлялася старабеларуская мова. Кіраўніком дзяржавы лічыўся вялікі князь (гаспадар). Сумесна з радай ён ажыцьцяўляў вышэйшы суд. Рада ВКЛ (паны-рада) узьнікла ў XV ст. як дарадчы орган пры вялікім князю, а да канца XV — пачатку XVI ст. ператварылася ў найвышэйшы орган дзяржаўнае ўлады. З XV ст. на пасяджэньні рады запрашаліся прадстаўнікі мясцовых фэўдалаў, г. зн. зьбіраўся сойм. У 1413 годзе тэрыторыя ВКЛ падзеленая на Віленскае й Троцкае ваяводзтвы. У пачатку XVI ст. утвораныя Полацкае, Наваградзкае, Смаленскае й Падляскае ваяводзтвы; у выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнае рэформы 1565—1566 гг. — Берасьцейскае, Менскае, Амсьціслаўскае ваяводзтвы, некаторыя зь іх былі падзеленыя на паветы (Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Вялікага Княства Літоўскага). Беларуская шляхта атрымала права ўдзельнічаць у павятовых сойміках, дзе выбіраліся паслы (дэпутаты) на вальны сойм. Вялікі ўплыў на лёс ВКЛ зрабіла Лівонская вайна 1558—1583 гг[9].
Рэч Паспалітая
рэдагавацьНяўдачы войска ВКЛ, у тым ліку здача ў 1563 годзе Полацку, падштурхнулі вялікага князя ВКЛ і шляхту да больш цеснага вайсковага і дзяржаўнага зьвязу з Польшчай. У выніку Люблінскае уніі 1569 году ВКЛ і Каралеўства Польскае аб’ядналіся ў фэдэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую Абодвух Народаў. Подле ўмоваў уніі, ВКЛ захоўвала свае адміністрацыйны апарат, заканадаўства, армію, герб «Пагоня», дзяржаўную пячатку. Вышэйшым органам аб’яднанае дзяржавы стаў агульны сейм, якім напачатку зьбіраўся на тэрыторыі Каралеўства Польскага, а зь сярэдзіны XVII ст. кожны трэці сейм склікаўся ў Горадні, як сымбаль асобнага становішча ВКЛ. Кіраўніком дзяржавы быў кароль Рэчы Паспалітае, якога выбірала шляхта. Адначасова ён зьяўляўся і вялікім князем ВКЛ. У часе работы Люблінскага сейму землі Ўкраіны былі далучаныя да Польшчы, таму ў 1569 году ВКЛ складалася ў асноўны зь беларускіх і летувіскіх зямель. Кароль польскі й вялікі князь ВКЛ Стэфан Баторы [1576—1586] на чале аб’яднанае арміі заняў у 1579 годзе Полацак і перанёс ваенныя дзеяньні на тэрыторыю Масковіі. Пасьпяховае завяршэньне Лівонскае вайны было выкарыстанае для ўзмацненьня ролі ВКЛ у Рэчы Паспалітай. Быў прыняты Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году, які падкрэсьліў асобае становішча ВКЛ у фэдэратыўнай дзяржаве з сваім войскам, заканадаўствам, гербам. Былі адмененыя палажэньні уніі, подле якіх палякі і інш. замежныя падданыя маглі атрымліваць у ВКЛ зямельныя ўладаньні і адміністрацыйныя пасады[9].
У 1596 годзе прымаецца Берасьцейская унія, да яе заключэньня падштурхнула стварэньне ў Маскоўскай дзяржаве ў 1589 годзе патрыярхату, які намагаўся падначаліць сабе праваслаўных жыхароў ВКЛ. Подле ўмоваў уніі, праваслаўная царква ВКЛ прызнавала вяршэнства папы рымскага, прыняла каталіцкую дагматыку, аднак захавала сваю абраднасьць і асобную арганізацыю. Да канца XVIII ст. да грэка-каталіцкай (уніяцкай) царквы належала каля 80% насельніцтва Беларусі, у асноўным сялянаў. Праваслаўныя, што не прынялі унію, у пачатку XVII ст. стварылі ўласную царкоўную арганізацыю, узаконеную дзяржаўнай уладай[9].
У выніку вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1609—1618 гадоў да ВКЛ зноў была далучаная Смаленшчына. Катастрафічны ўплыў на гаспадарку і культурнае жыцьцё зрабіла вайна Расеі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў. Ёй папярэднічала антыфэўдальная вайна 1647—1651 гадоў, распачатая ўкраінскімі казакамі. Скарыстаўшы сьмерць караля Ўладзіслава IV [1633—1648], казакі ўварваліся на Палесьсе і ўзначалілі мясцовыя выступленьні. У 1654 годзе расейскія войскі занялі ўсходнюю Беларусь да Заходняй Дзьвіны й Дняпра, у 1655 годзе — большую ейную частку. Подле ўмоваў Андрусаўскага замірэньня 1667 году, якое завяршыла гэтую вайну, беларускія землі засталіся ў Рэчы Паспалітай. Да Расеі адышлі Кіеў, левабярэжная Ўкраіна, Севершчына ды Смаленскае ваяводзтва. Масавае вынішчэньне гарадзкога насельніцтва прывяло да заняпаду гараоў, умацаваньня ў іх пазыцыяў шляхты і да запаволеньня разьвіцьця капіталістычных адносінаў. Пасьля вайны ўзмацнілася палянізацыя, якая ахапіла шырокія колы беларускае шляхты й гараджанаў. Ян II Казімер [1648—1668] празь няўдачы адрокся ад трона. Наступныя каралі й вялікія князі Міхал Карыбут Вішнявецкі [1696—1673] і Ян III Сабескі [1674—1696] ня здолелі прадухіліць рост уплыву шляхты і ўтаймаваць яе свавольствы. Абраны на пасад Рэчы Паспалітай саксонскі курфюрст Аўгуст II у час Паўночнае вайны 1700—1721 гадоў выступіў хаўрусьнікам Пятра I. Швэды, якія часткова акупавалі Беларусь, падтрымлівалі свайго стаўленіка на троне Станіслава Ляшчынскага. Ваенныя дзеяньні й нутраная барацьба шляхецкіх груповак прывялі да заняпаду гаспадаркі, якая была адбудаваная толькі да сярэдзіны XVIII ст. Унутрыпалітычная анархія ў краіне працягвалася, звычайным стаў зрыў працы сэймаў праз свавольства шляхты. Рэч Паспалітая пачала трапляць пад палітычны ўплыў суседніх дзяржаваў. Апошні кароль польскі й вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [1764—1795] быў стаўленьнікам расейскае імпэратрыцы Кацярыны II, але імкнуўся праводзіць незалежную палітыку. Частка дзяржаўных колаў Рэчы Паспалітае ўзяла курс на мадэрнізацыю палітычнага ладу краіны, найперш на ўмацаваньне цэнтральнае ўлады. У 1764 годзе створаныя Вайсковая й Скарбовая камісіі ВКЛ, у 1773 годзе — Адукацыйная камісія, у 1791 годзе — Камісія паліцыі. Разьвіцьцю капіталістычных адносінаў перашкаджалі панаваньне магнатаў, нацыянальныя й рэлігійныя супярэчнасьці. Складанае ўнутрыпалітычнае становішча Рэчы Паспалітай імкнуліся выкарыстаць у сваіх інтарэсах Расея, Прусія і Аўстрыя. На іхную карысьць дзейнічалі розныя групоўкі шляхты. У 1786 годзе ўтварылася Барская канфэдэрацыя — зьвяз шляхты, накіраваны і супраць ўмяшаньня Расеі ў нутраныя справы дзяржавы і супраць палітычных рэформаў. Разгром канфэдэрацыі расейскімі войскамі прывёў у 1772 годзе да першага падзелу Рэчы Паспалітае паміж Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Да Расеі былі далучаныя ўсходнія землі Беларусі з гарадамі Полацак, Віцебск, Магілёў, Гомель. Частка правячых колаў бачыла ўратаваньне дзяржавы ў антныфэўдальных рэформах. Чатырохгадовы сойм 1788—1792 гадоў прыняў Канстытуцыю 3 траўня 1791 году, подле якое ўстанавіў апеку дзяржавы на прыгоннымі сялянамі і пашырыў палітычныя правы гараджанаў, рэарганізаваў і цэнтралізаваў дзяржаўнае кіраваньне. У адказ кансэрватарская шляхта пры дапамозе Расеі стварыла Таргавіцкую канфэдэрацыю, па фармальным запрашэньні якой ажыцьцявілася новае ўмяшаньне Расеі. У 1793 годзе адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітае, у выніку якога да Расеі былі далучаныя землі цэнтральнае Беларусі з гарадамі Барысаў, Менск, Слуцак, Пінск. Згодніцкая пазыцыя кіруючых колаў Рэчы Паспалітае стала прычынай палітычнага ўздыму, які прывёў да паўстаньня 1794 году, узначаленага Тадэвушам Касьцюшкам. Расея накіравала дадатковыя войскі, якія ў шэрагу бітваў задушылі паўстаньне. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітае да Расеі далучаныя землі заходняе Беларусі з гарадамі Вільня, Горадня, Наваградак, Берасьце. Падляшша адышло да Прусіі. Рэч Паспалітая перастала існаваць[9].
У складзе Расейскае імпэрыі
рэдагавацьНа далучаных да Расеі землях усталёўваўся тэрытарыяльна-адміністрацыйны падзел на расейскі ўзор — паветы, правінцыі, губэрні і генэрал-губэрнатарствы. У 1772 годзе ўтворанае Беларускае генэрал-губэрнатарства ў складзе 2 губэрняў — Пскоўскай (з 1776 году Полацкай, потым Віцебскай) і Магілёўскай. У 1793 годзе ўтвораныя Менская, у 1795 — Слонімская і Віленская губэрні. У 1796—1801 гадох тэрыторыя Беларусі ўваходзіла ў Беларускую, Менску і Літоўскую губэрні, якія ў 1801 годзе падзеленыя на Віцебску, Магілёўскую, Менску, Гарадзенскую, Віленскую. У губэрнях ствараліся палаты крымінальнага (дзейнічалі на аснове агульнаімпэрскага парава) і цывільнага (вырашалі цывільныя справы подле нормаў Статуту ВКЛ 1588 году) судоў. Пасьля прыняцьця прысягі на вернасьць Кацярыне II шляхта Беларусі атрымала ўсе правы й прывілеі расейскага дваранства. Шляхта страціла права абіраць манарха, вырашаць мясцовыя справы на ваяводзкіх і павятовых сойміках, ствараць канфэдэрацыі для абароны сваіх вольнасьцяў і прывілеяў. Магнаты былі пазбаўленыя права мець уласныя крэпасьці і войска. Праводзілася чыстка шляхецкага саслоўя (Разбор шляхты). Кацярына II і Павал I практыкавалі раздачу дзяржаўных зямель з прыгоннымі сялянамі расейскім памешчыкам, военачальнікам і буйным чыноўнікам. На Беларусь распаўсюджаная агульнарасейская сыстэма дзяржаўных падаткаў і павіннасьцяў. Галоўным падаткам стаў падушны, які быў значна цяжэйшы за ранейшы падымны. Сяляне выконвалі паншчыну, плацілі чынш, натуральныя даніны і інш. На мяшчанаў ускладаліся выдаткі на ўтрыманьні выйсковых гарнізонаў, паліцыі, турмаў, гарадзкога магістрата, паштовае службы, навучальных і мэдыцынскіх установаў. Цяжкай павіннасьцю для сялянаў і мяшчанаў Беларусі стаў абавязак пастаўляць рэкрутаў на 25-гадовую (з 1834 году — на 20-гадовую, з 1856 году — на 15-гадовую) службу ў войска. Шэраг законаў абмяжоўваў правы жыдоўскага насельніцтва: мяжа жыдоўскае аселасьці, падушны падатак і рэкруцкія павіннасьці ўдвая вышэйшыя, чым для хрысьціянаў, кампаніі па прымусовым сьсяленьні ў гарады й мястэчкі зь сельскае мясцовасьці. Праваслаўная царква на Беларусі атрымала статус дзяржаўнае, а каталіцкая страціла прывілеяванае становішча і трапіла пад кантроль расейскага ўраду. Каталіцкаму духавенству давалася свабода ў выкананьні рэлігійных абрадаў, але забаранялася схіляць праваслаўных і ўніятаў да пераходу ў каталіцтва. Каб заахвоціць пераход у праваслаўе вернікаў ўніяцкае царквы выкарыстоўваліся агітацыя, прымус, матэрыяльныя ўзнагароды ўніяцкага духавенства[9].
Беларуская шляхта ў часе вайны 1812 году падтрымала Напалеона, спадзеючыся пры ягонай дапамозе аднавіць ВКЛ і Рэч Паспалітую. 1 ліпеня 1812 году Напалеон падпісаў указ аб утварэньні ВКЛ у складзе Віленскага, Гарадзенскага, Менскага і Беластоцкага дэпартамэнтаў і прызначыў Часовы ўрад з прадстаўнікоў мясцовае шляхты. Галоўнымі ягонымі задачамі былі: мабілізацыя насельніцтва ў францускую армію, яе матэрыяльнае забесьпячэньне, ахова камунікацыў, падтрыманьне парадкаў у тыле і г. д. Напалеон не зрабіў захадаў для ліквідацыі прыгоннага права, таму сярод сялянства ён не атрымаў падтрымкі, якое адказвала на паборы й марадэрства партызанскім рухам[9].
Уплыў Францускае рэвалюцыі 1789—1799 гадоў і падзеяў 1812 году садзейнічаў пашырэньню на Беларусі дэмакратычных і нацыянальна-вызваленчых ідэяў. Напачатку XIX ст. у Віленскім унівэрсытэце й шэрагу навучальных установаў, у Літоўскім асобным корпусе дзейнічалі гурткі мясцовае моладзі, якія выступалі за аднаўленьне Рэчы Паспалітае. Дзейнічалі таварыства філяматаў і філярэтаў, таварыства «Вайсковыя сябры». У 1830—1831 гадох адбываецца паўстаньне, мэтай якога было аднаўленьне дзяржаўнасьці ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Па ягоным задушэньні расейскі ўрад узяў курс на паступовае аслабленьне эканамічных і палітычных пазыцыяў шляхты й каталіцкага духавенства. Канфіскоўваліся маёнткі ўдзельнікаў паўстаньня, закрываліся касьцёлы й кляштары, служыцелі якіх мелі дачыненьне да паўстаньня. Узмацніўся «разбор» шляхты. Больш за 10 тысячаў шляхціцаў былі выключаныя з дваранскага саслоўя. Справаводзтва ў мясцовых дзяржаўных установах і навучаньне ў школах пераводзілася з польскай на расейскую мову. У 1832 годзе закрыты Віленскі ўнівэрсытэт за ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстаньні і «прапольскі дух» выхаваньня. У студзені 1831 году скасаванае дзеяньне Статуту ВКЛ 1588 году ў Віцебскай і Магілёўская, у чэрвені 1840 — у Менскай, Гарадзенскай і Віленскай губэрнях. Узмацніліся рэпрэсіі супраць уніяцкай царквы. 12 лютага 1839 году Сабор вышэйшага ўніяцкага духавенства ў Полацку прыняў акт аб узьяднаньні ўніятаў з Расейскай праваслаўнай царквой. Узмацнілася залежнасьць праваслаўнай і каталіцкай царквы ад дзяржавы. У 1841—1843 гадох яны былі пераведзеныя на дзяржаўнае ўтрыманьне[9].
Асновай эканомікі беларускіх земляў у XIX стагодзьдзі заставалася сельская гаспадарка, у якой панавала буйнамаянтковае дваранскае землеўладаньне. Попыт на збожжа ў Заходняй Эўропе стымуляваў памешчыкаў да пашырэньня фальваркаў. Да сярэдзіны XIX ст. 97% памешчыцкіх сялянаў беларускіх земляў знаходзіліся на паншчыне, гэта значыць былі прымацаваныя да панскіх фальваркаў і пазбаўленыя магчымасьці пошукаў іншых заработкаў, перасяленьня ў месты, праяўленьня прадпрымальніцкае ініцыятывы ў сфэры прамысловасьці й гандлю, якую мелі аброчныя сяляне ў цэнтральных губэрнях Расейскай імппэрыі. У 1840—1850 гады на Беларусі выявіўся крызіс фэадальна-прыгоньніцкіх адносінаў: скарачаліся пасевы, зьніжалася ўраджайнасьць, усё большая колькасьць сялянаў ня здольная была плаціць падаткі й выконваць павіннасьці на карысьць дзяржавы; у банкаўска-крэдытных установах было закладзена каля 70% прыгонных сялянаў: нарастаў антыпрыгоньніцкі рух сялянаў. У 1856—1860 гадох масавыя выступленьні сялянаў адбыліся ў 66 маёнтках, 11 зь іх задушаныя войскамі й паліцыяй. Паражка ў Крымскай вайне 1853—1856 гадоў і пагроза сялянскае рэвалюцыі вымусілі Аляксандра II распачаць буржуазныя рэформы. 19 лютага 1861 году ён падпісаў Маніфэст і «Палажэньне» аб вызваленьні памешчыцкіх сялянаў ад прыгоннае залежнасьці. У выніку аграрны рэформаў на Беларусі памешчыкі захавалі больш за палову зямлі[9].
Адбываецца паўстаньне 1863—1864 гадоў супраць расейскага панаваньня і за аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году, якое пачалося абвяшчэньнем Маніфэсту Часовага нацыянальнага ўраду 10 студзеня 1863 году, якое ў выніку было задушанае. Удзельнікі паўстаньня на Радзіме рэпрэсаваныя, а іх маёмасьць канфіскоўвалася. Маёнткі датычных да паўстаньня забіраліся ў казну і на льготных умовах прадаваліся выхадцам з цэнтральных расейскіх губэрняў[9].
Пасьля рэформы 1861 году паскараецца фармаваньне рабочае клясы. Ідэолягамі й выразьнікамі інтарэсаў сялянаў і іншых дробных вытворцаў Расеі выступалі арганізацыі рэвалюцыйных народнікаў («Зямля і воля», «Народная воля»). У 2-й палове 1870 — пачатку 1880-х гадоў народніцкія гурткі існавалі ў Магілёве, Менску, Віцебску, Горадні, Пінску, Горы-Горках, Слуцку, Воршы. пераважна сярод вучнёўскае моладзі, вайскоўцаў, рабочых. Пад уплывам выданьняў польскае сацыялістычнае партыя «Пралетарыят» и расейскае групы «Вызваленьне працы» частка народнікаў Беларусі ў сярэдзіне 1880-х гадоў перайшло на пазыцыі марксізму. У 1895—1900 гадох у 23 населеных пунктах Беларсі адбыліся 292 эканамічныя стачкі, у якіх удзельнічала каля 11,5 тысячаў рабочых. У 1896 годзе ўварыўся Рабочы саюз Літвы, у 1897 годзе — Бунд (Усеагульны жыдоўскі хаўрус у Літве, Польшчы і Расеі). У 1898 годзе зьезд прадстаўнікоў сацыял-дэмакратычных арганізацыяў Пецярбургу, Масквы, Кіева, Екацярынаслава і Бунда, што адбыўся ў Менску, абвясьціў пра ўтварэньне Расейскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП). У пачатку 1900-х гадоў рабочым рухам у гарадох і мястэчках Беларусі кіравалі арганізацыі Бунду. У Горадні й Берасьці ўплыў на рабочых мелі арганізацыі Польскай сацыялістычнай партыі ў Літве (ППС). У 1902—1904 гадох на Беларусі зьявіліся арганізацыі партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў (ПСР). У 1903 годзе створаная Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). У 1903—1904 узьніклі арганізацыі РСДРП (Паўночна-заходні камітэт РСДРП, Палескі камітэт РСДРП). Сярод жыдоўскага насельніцтва Беларусі з 1890-х гадоў шырокую агітацыю вялі сіяністы. У часе рэвалюцыі 1905—1907 гадоў на Беларусі завяршылася партыйнае афармленьне 3 палітычных лягераў: рэвалюцыйнага (РСДРП, ПСР, ППС, БСГ, Бунд, паалей-сіяністаў, сіяністаў-сацыялістаў і інш.), лібэральнага (КДП, Хаўрус дасягненьня раўнапраўя жыдоў у Расеі, сіяністы, Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы й Беларусі), урадавага (Хаўрус рускага народу, Саюз 17 кастрычніка). У I Дзяржаўную думу ад 5 заходніх губэрняў былі абраныя 36 дэпутатаў, у тым ліку 29 прыхільнікаў кадэтаў. На выбарах у II Дзяржаўную думу ў 5 заходніх губэрнях перамаглі 2 контрарэвалюцыйныя нацыяналістычныя групоўкі — расейская й польская[9].
Аграрны й палітычны рух сялянаў прымусіў урад прызнаць неабходнасьць рэформаў, у выніку чаго праведзеная Сталыпінская аграрная рэформа. На выбарах у III Дзяржаўную думу ў 5 заходніх губэрнях чарнасоценцы й акцябрысты заваявалі 29 і 36 месцаў. Каталіцкае насельніцтва Віленскае й Гарадзенскае губэрняў выбралі 6 прадстаўнікоў беларуска-польскіх аўтанамістаў («краёўцаў»). З падобнымі вынікамі прайшлі выбары і ў IV Дзяржаўную думу (1912). Чарнасоценна-акцябрысцкія групоўкі і іхныя органы друку адмаўлялі самастойнасьць беларускага этнасу, абвінавачвалі беларускі нацыянальны рух і ягоную газэту «Наша Ніва» ў сэпаратызьме. Супраць беларускага нацыянальнага адраджэньня выступалі і польскія памешчыцка-клерыкальныя групоўкі. У 1907 годзе амаль усе мясцовыя арганізацыі левых партыяў былі разгромленыя ці вельмі аслабленыя. Сярод меншавікоў і бундаўцаў распаўсюдзіліся ліквідатарская плынь. Згарнула свае падпольныя структуры БСГ і як партыя часова прыпыніла дзейнасьць. Ейныя кіраўнікі засяродзіліся на легальнай дзейнасьці ў газэце «Наша Ніва» і ўзначалілі беларускі нацыянальна-культурны рух. У 1905—1915 гадох ён прыкметна пашырыўся й набыў міжнародную вядомасьць. Асабліва значныя посьпехі дасягнутыя ў разьвіцьці беларускае літаратуры (Янка Купала, Якуб Колас, Цётка, Максім Багдановіч)[9].
1 жніўня 1914 году Расейская імпэрыя ўступіла ў вайну зь Нямеччынай і Аўстра-Вугоршчынай (Першая сусьветная вайна). Беларускія губэрні ў ліку першых аб’яўленыя на ваенным становішчы. У выніку нямецкага наступленьня (Сьвянцянскі прарыў, 1915) заходняя частка Беларусі была акупаваная. Да кастрычніка 1915 году фронт стабілізаваўся на лініі Дзьвінск—Паставы—Баранавічы—Пінск. Вайна прывяла эканоміку Беларусі да заняпаду. У вясковай мясцовасьці адчуваўся недахоп рабочых рук, скараціліся пасяўныя плошчы, паменшала колькасьць жывёлы. Каля 1/3 прамысловых прадпрыемстваў Беларусі былі эвакуяваныя або дэмантаваныя. Гарады Беларусі перапоўненыя вайскоўцамі й бежанцамі[9].
Акупацыя амаль усёй Віленскае, Гарадзенскае і заходняе часткі Менскае губэрняў нямецкімі войскамі, мабілізацыя ў войска, масавае бежанства на ўсход на пэўны час дэзарганізавалі беларускі рух. Беларускі нацыянальна-культурныя арганізацыі распадаліся, спынялася выданьне беларускіх газэтаў і кніг. Частка кіраўнікоў «Нашае Нівы» (браты Антон і Іван Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі і іншыя) засталіся ў Вільні і ўзначалілі камітэт дапамогі пацярпелым ад вайны. У Вільні дзейнічалі Беларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група, Сувязь незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі. У якасьці каардынатара беларускага нацыянальнага руху выступаў Цэнтральны саюзь беларускіх нацыянальных арганізацыяў на чале зь Беларускім народным камітэтам, пад кіраўніцтвам якога ў 1916—1917 гадох з дазволу нямецкіх уладаў пачалося выданьне школьных падручнікаў, газэты «Гоман». У 1916 годзе ў Петраградзе зьявілася штотыднёвая газэта «Дзяньніца» й «Сьветач»[9].
Пасьля лютаўскай рэвалюцыі
рэдагавацьВайна паскорыла перамогу Лютаўскае рэвалюцыі 1917 году. У выніку зьвяржэньня самадзяржаўя ўлада перайшла да Часовага ўраду. Па прыкладзе Петраграду на Беларусі ствараліся Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, народная міліцыя. У Менскім Савеце быў прыкметны ўплыў бальшавікоў. Пасьля лютаўскае рэвалюцыі аднавіла сваю дзейнасьць і БСГ[9].
Адначасова ўзьнікла шмат іншых беларускі нацыянальных арганізацыяў і суполак ня толькі на тэрыторыі Беларусі, але ў іншых гарадох Расеі, дзе было шмат беларусаў-бежанцаў. 25—27 сакавіка 1917 году ў Менску адбыўся зьезд беларускіх нацыянальных арганізацыяў, які выставіў патрабаваньне дзяржаўнае аўтаноміі для Беларусі ў складзе Расейскае фэдэратыўнае дэмакратычнае рэспублікі, абвясьціў сябе «вышэйшай краёвай інстытуцыя» да скліканьня Беларускае краёвае рады (БКР), а сваім выканаўчым органам — Беларускі нацыянальны камітэт (БНК), якому даручыў падрыхтаваць выбары БКР. Ягоным старшынём быў абраны Раман Скірмунт. Ён жа ўзначаліў дэлегацыю перамоваў з Часовым урадам па пытаньнях аўтаноміі Беларусі. Але ўрад адмовіўся вырашаць гэтае пытаньне да Ўстаноўчага сходу. Паводле ініцыятывы БСГ у ліпені 1917 году адбыўся зьезд беларускіх арганізацыяў і партыяў. На ім БНК заменены Цэнтральнай радай беларускіх арганізацыяў, якая ў кастрычніку 1917 году рэарганізаваная ў Вялікую беларускую раду (ВБР)[9].
25 кастрычніка 1917 году ў выніку ўзначаленага бальшавікамі ўзброенага паўстаньня ў Петраградзе ЧАсовы ўрад быў скінуты і ўлада перайшла да Савету Народных Камісараў на чале з Уладзімерам Леніным. 26 кастрычніка савецкая ўлада абвешчаная ў Менску. У пачатку лістапада вышэйшым бальшавіцкім органам улады ў краі стаў Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту. 18—25 лістапада савецкую ўладу прызналі зьезд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, III зьезд сялянскіх дэпутатаў Менскае й Віленскае губэрняў і II зьезд арміяў Заходняга фронту. 26 лістапада абраныя зьездамі выканаўчыя камітэты аб’ядналіся і ўтварылі Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняе вобласьці і фронту (Аблвыкамзах). У сьнежні 1917 — студзені 1918 году адбыліся зьезды Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Віцебскае й Магілёўскае губэрняў, на якіх завяршылася праца па ўсталяваньні бальшавіцкае ўлады ў гэтых губэрнях. Аблвыкамзах ігнараваў беларускае нацыянальнае пытаньне й не прызнаваў існаваньня самастойнага беларускага народу[9].
У адказ на Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 году ВБР разам з Цэнтральнай беларускай вайсковай радай зьвярнулася з «Граматай да беларускага народу», дзе асудзіла дзейнасьць бальшавікоў. ВБР склікала ў Менску Ўсебеларускі зьезд (кангрэс) 1917 году. I зьезд прызнаў неабходным стварэньне беларускае дзяржаўнасьці, не прызнаў уладу Аблвыкамзаху, таму па загадзе ейных кіраўнікоў быў разагнаны з прымяненьнем вайсковае сілы. Частка дэлегатаў стварыла выканаўчы камітэт, а затым Раду зьезду, якая Трэцяй Устаўной граматай 25 сакавіка 1918 году абвясьціла Беларусь незалежнай і свабоднай дзяржавай — Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР)[9].
Ваенна-палітычныя разьлікі Расеі, міжнароднае становішча, дзейнасьць БНР сталі прычынамі фармальнага прызнаньня бальшавіцкімі ўладамі ў Маскве права беларускага народу на нацыянальную дзяржаўнасьць. Выконваючы рашэньне ЦК РКП(б), VI Паўночна-Заходняя абласная канфэрэнцыя ў Смаленску прыняла пастанову аб абвяшчэньні Беларускае Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі (БССР) у межах Віцебскае, Гарадзенскае, Магілёўскае, Менскае, беларускіх паветаў Віленскае, Ковенскае і Смаленскае губэрняў. Утварэньне БССР з сталіцай у Менску 1 студзеня 1919 году абвешчанае маніфэстам Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі. Подле патрабаваньня ЦК РКП(б) 27 лютага 1919 году была ўтвораная Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (ЛітБел) з сталіцай у Вільні. Другое абвяшчэньне БССР адбылося 31 ліпеня 1920 году ў Менску[9]. У лістападзе-сьнежні 1920 году адбыўся Слуцкі збройны чын, мэтай якой меў непадзельную Беларусь у этнічных межах, усталяваньне рэспублікі і прызнаньне БНР, а таксама незалежнасьць ад Польшчы й Расеі. Збройны чын быў задушаны савецкім войскам.
Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка і Заходняя Беларусь
рэдагавацьТэрыторыя адноўленае БССР уключала 6 паветаў Менскае губэрні. Подле Рыскае мірнае дамовы 1921 году да Польшчы адышла Заходняя Беларусь. 30 сьнежня 1922 году ўтвораны Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР), у які ўвайшла і БССР. Подле прапановы партыйна-савецкага кіраўніцтва БССР цэнтральныя ўлады згадзіліся ў 1924 і 1926 гадох на ўзбуйненьне БССР шляхам уключэньня ў яе склад Віцебскае і Гомельскае губэрняў. У 1920-я — пачатку 1930-х гадоў у Беларусі праводзіліся сацыялістычная індустрыялізацыя і масавая калектывізацыя сельскае гаспадаркі, у пэрыяд з 1924 па 1929 гады праводзіцца палітыка беларусізацыі. Цяжкім злачынствам супраць усіх пластоў грамадзтва сталіся палітычныя рэпрэсіі, якія набылі сыстэмны характар у пачатку 1930-х гадоў, а найбольшы размах мелі ў 1937—1938 гадох. У выніку паходу Чырвонае Арміі ў верасьні 1939 году ў Заходнюю Беларусь ейная тэрыторыя была ўзьяднаная з БССР, аднак Віленшчына была далучаная да Летувы. Летува атрымала каля 6880 квадратных кілямэтраў (2660 квадратных міляў) тэрыторыі Віленскага краю (у тым ліку Вільню, гістарычнаю сталіцу Вялікага Княства Літоўскага). Сярод жыхароў Вільні, прадстаўнікі сучаснае летувіскае нацыянальнасьці складалі тады ўсяго 3%. Далучэньне земляў ажыцьцяўлялася ў адпаведнасьці з сакрэтным пратаколам да Дамовы аб ненападзе паміж Нямеччынай і СССР[9].
У гады Вялікае Айчыннае вайны 1941—1945 гадоў на тэрыторыі Беларусі разгарнулася партызанская і падпольная барацьба. У Савецкай Арміі, савецкіх партызанскі фармаваньнях і шэрагах савецкіх падпольнікаў супраць нацысцкае арміі змагалася больш за 1,5 млн жыхароў Беларусі. Вайна нанесла рэспубліцы велізарныя страты. Подле ацэнак, загінуў кожны 4 жыхар Беларусі. Рэспубліка страціла больш за палову нацыянальнага багацьця. У 1945 годзе подле савецка-польскае дамовы аб дзяржаўнай граніцы ад 18 жніўня 1945 году, 17 раёнаў Беластоцкае вобласьці з горадам Беласток і 3 раёны Берасьцейскае вобласьці перададзеныя ў склад Польшчы[9]. У 1945 годзе Беларусь сталася сузаснавальніцай ААН, аднак яе ўдзел ня быў самастойным, а падпарадкоўваўся дэлегацыі СССР.
У 1955—1956 гадох у адпаведнасьць з Канстытуцыяй БССР зацьверджаныя дзяржаўны герб, гімн і сьцяг рэспублікі[9]. У 1986 годзе Беларусь сталася асноўнай ахвярай Чарнобыльскае катастрофы.
Незалежная Беларусь
рэдагавацьСацыяльна-эканамічны крызіс 2-е паловы 1980 — пач. 1990-х гадоў садзейнічаў нарастаньню дэзінтэграцыйных працэсаў у СССР. 27 ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Жнівеньскі путч у Маскве (19—21 жніўня 1991) і падтрымка іх кіраўніцтвам КПБ паглыбіла крызіс сыстэму ўлады, якая існавала ў той час у Беларусі. 25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет БССР прыпыніў дзейнасьць КПБ на тэрыторыі Беларусі. 19 верасьня 1991 году БССР перайменаваная ў Рэспубліку Беларусь. У якасьці дзяржаўных сымбаляў былі зацьверджаныя герб Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг. У сьнежні 1991 году ў выніку дэнансацыі дамовы 1922 году СССР спыніў існаваньне. 8 сьнежня 1991 году лідэры Беларусі (Станіслаў Шушкевіч), Украіны (Леанід Краўчук) і Расеі (Барыс Ельцын) у Белавескай пушчы падпісалі пагадненьне аб утварэньні Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў. У 1994 годзе была прынятая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, адбыліся першыя прэзыдэнцкія выбары. Прэзыдэнтам быў абраны Аляксандар Лукашэнка.
У 1995 годзе прэзыдэнт краіны Аляксандар Лукашэнка выказаў ініцыятыву аб правядзеньні рэфэрэндуму адразу па некалькіх пытаньнях, як то наданьня дзяржаўнага статусу расейскай мове, вяртаньня савецкіх сьцяга і герба ў якасьці дзяржаўных і іншыя. 13 красавіка 1995 году Вярхоўны Савет XII-га скліканьня зацьвердзіў правядзеньне рэфэрэндуму і прызначыў яго на 14 траўня 1995 году. У той жа час ідэя рэфэрэндуму выклікала непаразуменьне з боку часткі грамадзтва і некаторых грамадзкіх і палітычных арганізацыяў, часткі дэпутатаў Вярхоўнага Савету. 6 траўня 1995 году Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны выступіла са зваротам да насельніцтва, падкрэсьліваючы, што пытаньне аб мове ня можа выносіцца на рэфэрэндум[10].
14 траўня 1995 году адбыўся рэспубліканскі рэфэрэндум. Удзел у галасаваньні прынялі 64,8% выбаршчыкаў. Па ўсіх пытаньнях Прэзыдэнт атрымаў бальшыню галасоў. Адначасова з рэфэрэндумам праходзілі выбары ў Вярхоўны Савет XIII-га скліканьня. Аднак у выніку нізкай яўкі выбаршчыкаў за два туры было абрана толькі 119 дэпутатаў, у той час як для правамоцнага складу новага Вярхоўнага Савету патрабавалася ня менш за 174 дэпутатаў, што складала 2/3 ад поўнага складу ў 260 чалавек. Такім чынам, атрымалася, што новы склад парлямэнту ня быў абраны. Склалася палітычная сытуацыя, якая паралізавала дзейнасьць заканадаўчай улады. Пытаньне было вырашана ўвосень 1995 году пасьля таго, як каля 100 дэпутатаў Вярхоўнага Савету XII-га скліканьня сабраліся на верасьнёўскую сэсію, паколькі згодна з артыкулам 91 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 году паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету захоўваліся да адкрыцьця першае сэсіі Вярхоўнага Савету новага скліканьня. 11 кастрычніка Канстытуцыйны Суд пацьвердзіў паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету XII-скліканьня.
29 сьнежня 1995 году Лукашэнка выдаў загад № 259 «Аб выкананьні нормаў і ўказаў прэзыдэнта», згодна зь якім «у мэтах забесьпячэньня палітычнай і эканамічнай стабільнасьці чыноўнікі Савету Міністраў і іншых дзяржаўных установаў да ўнясеньня зьменаў у адпаведныя заканадаўчыя акты павінныя забясьпечваць безумоўнае выкананьне нормаў і ўказаў прэзыдэнта»[11]. 10 студзеня 1996 году прэзыдэнт накіраваў у Вярхоўны Савет праект закону «Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у Канстытуцыю»[12]. Аднак жаданьне прэзыдэнта зьмяніць Асноўны закон не знайшло падтрымкі ў парлямэнце і праект быў адхілены. 8 жніўня Лукашэнка накіраваў у Вярхоўны Савет ініцыятыву аб правядзеньні другога Ўсенароднага рэфэрэндуму.
4 лістапада 1996 году Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, усе рашэньні якога подле закону зьяўляюцца абавязковымі і перагляду не падлягаюць, прыняў рашэньне аб неадпаведнасьці артыкула 78 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у якім засьведчана, што парадак правядзеньня рэспубліканскіх рэфэрэндумаў вызначаецца законам. На той момант у краіне законам не прадугледжваўся парадак зьмяненьня і дапаўненьня Канстытуцыі праз рэфэрэндум. Такім правам быў надзелены выключна Вярхоўны Савет. Пасьля гэтага Вярхоўны Савет прыняў чарговую пастанову аб вынясеньні на абавязковы рэфэрэндум толькі двох пытаньняў — аб пераносе Дня Незалежнасьці і аб выбарах кіраўнікоў мясцовых адміністрацыяў. Нягледзячы на рашэньне Канстытуцыйнага Суда, Аляксандар Лукашэнка ў парушэньне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закона «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме) у Рэспубліцы Беларусь» выдаў 5 лістапада 1996 году ўказ № 455, у якім сам вызначыў парадак уступленьня ў сілу рашэньняў рэспубліканскіх рэфэрэндумаў аб зьмяненьні і дапаўненьні Канстытуцыі, а 7 лістапада быў выдадзены ўказ № 459 «Аб забесьпячэньні канстытуцыйнага права грамадзянаў на ўдзел у рэфэрэндуме», згодна зь якім характар рэфэрэндуму вызначаўся як абавязковы, а ягоныя рашэньні канчатковымі.
11 лістапада 1996 году старшыня ЦВК Віктар Ганчар заявіў, што камісія ня будзе выконваць прэзыдэнцкі ўказ ад 7 лістапада і праводзіць рэфэрэндум па пытаньнях, якія датычыліся новых рэдакцыяў канстытуцыйных праектаў.
Палітычны лад
рэдагавацьБеларусь зьяўляецца прэзыдэнцкай рэспублікай, кіраванай прэзыдэнтам і нацыянальным сходам. Тэрмін для кожнага прэзыдэнту складае пяць гадоў. Паводле канстытуцыі 1994 году, прэзыдэнт мог займаць пасаду ня больш за два тэрміны, аднак пасьля зьмены канстытуцыі ў 2004 годзе гэтае абмежаваньне было ліквідавана[13]. Першым прэзыдэнтам зьяўляецца Аляксандар Лукашэнка, які быў абраны на гэтую пасаду ў другім туры выбараў 1994 году.
У 1996 годзе паводле ініцыятывы Лукашэнкі быў праведзены рэфэрэндум, пасьля якога быў зроблены шэраг зьмяненьняў у канстытуцыі, і ў сувязі з прыняцьцём новай рэдакцыі галоўнага дакумэнту краіны, Лукашэнка павялічыў свой тэрмін на 2 гады, такім чынам наступныя прэзыдэнцкія выбары адбыліся ў 2001 годзе. Заканадаўчая ўлада прадстаўлена двухпалатным парлямэнтам — Нацыянальным сходам, які ўключае ў сабе Палату прадстаўнікоў (ніжняя палата) і Савет Рэспублікі (верхняя палата).
Судовая ўлада ажыцьцяўляецца судамі. Найвышэйшымі з каторых зьяўляюцца: Вярхоўны суд, Вышэйшы суд і Канстытуцыйны суд.
Дзяржаўнымі мовамі ёсьць беларуская і расейская.
Адміністрацыйны падзел
рэдагавацьБеларусь падзяляецца на шэсьць абласьцёў, якія маюць назву паводле свайго адміністрацыйнага цэнтру. Кожная вобласьць мае правінцыйную заканадаўчую ўладу, абласны савет дэпутатаў, які абіраецца жыхарамі рэгіёну, а таксама маецца правінцыйная выканаўчая ўлада — абласны выканаўчы камітэт, старшыня якога прызначаецца непасрэдна прэзыдэнтам.
Вобласьці ў сваю чаргу падзяляюцца на раёны. Кожны раён мае свой уласны заканадаўчы орган, або раённы савет дэпутатаў, абраны жыхарамі раёну, і выканаўчую ўладу або раённую адміністрацыю. Такім чынам, Беларусь падзелена на 6 абласьцёў і 118 раёнаў. Не зважаючы на тое, што Менск зьяўляеца адміністрацыйным цэнтрам Менскай вобласьці, сам горад мае адмысловы статус сталіцы краіны. Менск знаходзіцца ў падпарадкаваньні гарадзкога выканаўчага камітэту і падзелены на 9 раёнаў і карыстаецца асаблівым статус сталіцы краіны.
Геаграфія
рэдагавацьБеларусь знаходзіцца на Ўсходнеэўрапейскай раўніне, у цэнтры Эўропы. Мяжуе з Польшчаю на захадзе, Летувой на паўночным захадзе, Латвіяй на поўначы, Расеяй на ўсходзе і Ўкраінай на поўдні. Агульная працягласьць дзяржаўнай мяжы састаўляе 2969 км. Плошча — 207,598 тыс. км². Найбольшая яе працягласьць з захаду на ўсход — 650 км, з поўначы на поўдзень — 560 км. У Эўропе Беларусь па плошчы трохі саступае Вялікабрытаніі і Румыніі, больш чым у 2,2 разу пераўзыходзіць Партугалію і Вугоршчыну і прыблізна ў 5 разоў — Нідэрлянды, Швайцарыю. Адлегласьць ад Менску да сталіц суседніх дзяржаваў: Вільні — 215 км, Рыгі — 470, Варшавы — 550, Кіева — 580, Масквы — 700 км.
Найвышэйшы пункт — Дзяржынская гара, 345 м, найніжэйшая — на рацэ Нёмане, 90 м над узроўнем мора.
Тэрыторыя Беларусі раней лічылася беднай на натуральныя рэсурсы і карысныя выкапні. Сярод іх можна выдзяліць лес, нафта, прыродны газ, жалезная руда, даляміты, будаўнічыя матэрыялы — жвір, гліны, пясок, крэйда, граніт, торф, сапрапэль і іншыя. Лясы займаюць 36% тэрыторыі.
Беларусь знаходзіцца ў зоне кантынэнтальнага клімату.
Водныя багацьці
рэдагавацьАгульная даўжыня 20,8 тысячаў рэк краіны складае 90,6 тыс. кілямэтраў. 7 рэк маюць даўжыню звыш 500 км: Бярэзіна, Вяльля, Дзьвіна, Дняпро, Нёман, Прыпяць і Сож. Шэсьць зь іх, акрамя Бярэзіны, ёсьць церазьмежнымі. Агульны аб’ём воднага сьцёку рэк — 57,9 млрд кубічных мэтраў у сярэднім у год.
Азёраў каля 11 тыс., 75% зь іх з плошчай люстэрка да 0,1 км². Найвялікшае возера — Нарач (плошча 79,6 км²), найглыбейшае — Доўгае (53,6 м). Агульны аб’ём вады ў азёрах плошчай больш за 1 км² складае 6—7 млрд м³. Найбольшы аб’ём вады ў азёрах вадазбораў рэк Дзьвіна (72% усіх запасаў) і Нёман (20%)[14].
Таксама краіна багатая балотамі, найбольшая колькасьць якіх знаходзіцца на Палесьсі.
Гарады
рэдагавацьБуйныя гарады Беларусі акрамя Менску:
- Бабруйск
- Баранавічы
- Барысаў
- Берасьце
- Віцебск
- Ворша
- Горадня
- Гомель
- Магілёў
- Маладэчна
- Наваполацак
- Пінск
- Салігорск
Расьліннасьць і жывёльны сьвет
рэдагавацьНа 21 сакавіка 2013 году амаль 40% плошчы краіны займаў лес, агульная плошча якога складала 9,5 мільёну гектараў. Запас драўніны складаў 1,6 млрд кубічных мэтраў. Паводле мэтавага прызначэньня лясы падзяляліся на: эксплюатацыйныя (49%), аздараўленчыя (17%), вадаахоўныя (16%), прыродаахоўныя (14%) і ахоўныя (4%). Налічвалася 107 відаў дзікарослых дрэваў і 1,5 тыс. увезеных зь іншых краёў, сярод іх — 28 мясцовых відаў дрэваў, каля 60 відаў хмызьнякоў, 15 — паўхмызьнякоў і 8 — хмызьнячкоў[15]. Пераважнымі пародамі былі: хвойныя (60%; хвоя ды елка), мяккалістыя (36,5%; асіна, бяроза і вольха) і цьвёрдалістыя (3,5%; дуб). Іншыя важныя лесаўтваральныя пароды: ясень, ліпа, клён і граб. Найбольш пашыраныя ўвезеныя віды дрэваў: лістоўніцы сыбірская і эўрапейская, хвоі Банкса, Мурэя і Веймутава, паўночны дуб, таполі пірамідальная, ляўралістая і бальзамічная. 70% плошчы займае прыродная расьліннасьць, што налічвае 12 тыс. відаў. Звыш 200 відаў ахоўваецца дзяржавай. У гадавальніках лясных гаспадарак за год вырошчваецца звыш 280 відаў расьлінаў, больш за 310 млн лясных высадкаў[16].
Жывёльны сьвет налічвае 457 відаў хрыбетных (у тым ліку 73 віды сысуноў, 290 відаў птушак, каля 60 відаў рыб) і звыш за 20 тысячаў бесхрыбетных жывёлаў. Гаспадарчае значэньне маюць прамыслова-паляўнічыя віды жывёлаў — лісіца, куніца, трус, выдра, тхор, гарнастай, лось і дзік.
17 відаў сысуноў, 72 віды птушак, 4 віды земнаводных, 10 відаў рыб, 72 віды вусякоў — улучаныя ў чырвоную кнігу Беларусі. Для іх аховы ў месцах расьсяленьня існуюць дзяржаўныя запаведнікі і заказьнікі.
Цягам студзеня 2011 г. 1459 чальцоў грамадзкага аб’яднаньня «Ахова птушак Бацькаўшчыны» налічылі ў краіне 39 882 птахі 58 відаў, што засталіся зімаваць[17].
Эканоміка
рэдагавацьБеларуская эканоміка не рэфармуецца ў бок рынкавай. З камуністычных часоў дзяржаве дагэтуль належыць дамінуючая роля ў эканоміцы. Прадпрыемствы, пабудаваныя за савецкім часам, моцна залежаць ад паставак сыравіны з Расеі. Сельская гаспадарка дагэтуль складаецца пераважна з калгасаў. Эканамічна Беларусь арыентуецца на інтэграцыю на постсавецкай прасторы. Акрамя нагрузкі, зьвязанай з інфляцыяй, бізнэс у Беларусі вымушаны цярпець ціск з боку дзяржаўнае ўлады, увядзеньне ўсё большых абмежаваньняў дзейнасьці. Многія прыбытковыя прадпрыемствы, якія былі прыватызаваныя ў пачатку 1990-х гадоў, былі назад нацыяналізаваныя ці ўзятыя пад кантроль адміністрацыяй прэзыдэнта Лукашэнкі. Пры гэтым Беларусь, паводле ацэнак ААН, мае найвышэйшы ўзровень жыцьця ў СНД. Сярэдні заробак у Беларусі паводле афіцыйных зьвестак на пачатак 2015 году складаў каля 6 млн рублёў, што ў эквіваленце складае 418,9 даляру ЗША[18]. Беларусь ёсьць важнай транзытнай краінай паміж Цэнтральнай Эўропай і Расеяй. 50% расейскае нафты і 25% прыроднага газу, якія імпартуюцца на захад, ідуць празь Беларусь. Для Расеі Беларусь разам зь Летувой — асноўны шлях, што спалучае яе з эксклявам Калінінградзкай вобласьцю. Беларусь з Расеяй уваходзяць у Зьвяз Расеі і Беларусі, а таксама ў Эўразійскі эканамічны зьвяз.
Асноўнымі галінамі прамысловасьці Беларусі зьяўляецца машынабудаваньне, мэталаапрацоўка, дрэваапрацоўка, хімічная і нафтахімічная вытворчасьць. Асноўнымі экспартнымі пазыцыямі зьяўляюцца нафтапрадукты («Нафтан», Мазырскі НПЗ), грузавыя аўтамабілі і аўтобусы (МАЗ, БелАЗ), трактары (МТЗ), тэлевізары («Гарызонт», «Віцязь»), шыны («Белшына»), лядоўні («Атлянт»), хімічныя валокны і ніці («Палімір»), калійныя ўгнаеньні («Беларуськалій»), прадукцыя тэкстыльнай і лёгкай прамысловасьці.
Асноўным вонкавымі гандлёвымі партнэрамі Беларусі зьяўляюцца Расея, на ейную долю прыпадае больш за 40% беларускага экспарту і больш за палову ад аб’ёму імпарту. Другое месца займае Эўрапейскі Зьвяз, на долю якога прыпадае больш за 30% беларускага экспарту і пятая частка імпарту. Сярод краінаў СНД пасьля Расеі асноўнымі гандлёвымі партнэрамі зьяўляюцца Ўкраіна і Казахстан. Таксама ёсьць гандлёвае супрацоўніцтва з краінамі Лацінскай Амэрыкі (Бразылія, Вэнэсуэла і Эквадор), а таксама Азіі, як то Кітай, Індыя, Інданэзія і Турэччына. Больш за 52% ад агульнага аб’ёму экспарту займаюць транспартныя паслугі, дзякуючы геаграфічнаму становішчу Беларусі. Таксама да асноўнай часткі экспарту адносяцца кампутарныя і будаўнічыя паслугі[19].
Апошнім часам у эканоміцы Беларусі назіраюцца праблемы, шматлікія прамысловыя прадпрыемствы ня маюць збыту сваёй прадукцыі. Асабліва крызіс ахапіў прадпрыемства машынабудаваньня. Гэтак на пачатку 2015 году за апошнія тры кварталы самымі стратнымі прадпрыемствамі сталі БелАЗ, МАЗ, МТЗ[20]. Такая сытуацыя выклікае скарачэньне абаротных сродкаў прадпрыемстваў, што ў некаторых выпадках прыводзіць да праблемаў выплат заработкаў і закупкі сыравіны. Самым прыбытковым за апошнім часам стала прадпрыемства «Беларуськалій», якое займаецца здабычай, вытворчасьцю і пастаўкамі калійных мінэральных угнаеньняў. Пасьля калійнага крызісу, калі «Беларуськалій» разарваў партнэрства з расейскім прадпрыемствам «Уралкалій», прыбытак кампаніі за год з 2013 па 2014 год павялічыўся больш чым у 7 разоў да 5733,8 млрд рублёў.
Фінансы
рэдагавацьСукупны ўнутраны прадукт у 2014 годзе склаў больш за 75 мільярдаў даляраў, адпаведна каля 8 тысячаў даляраў на душу насельніцтва, што зьяўляецца гістарычным рэкордам у адносінах да каляндарнага году. Прырост СУП у 2014 годзе склаў 3,35%, а ў параўнаньні з паказчыкам 2012 году вырас ажно на 18,6%. Рэальны рост СУП з улікам інфляцыі склаў 1,6%[21]. Гадавая рублёвая інфляцыя ў 2014 годзе, якую можна вылічыць пры падліку СУП, склала 18,0%. На 2015 год прагназуецца зьмяншэньне паказчыку СУП у сувязі з падзеньнем гэтага паказчыку ў Расеі, асноўным гандлёвым партнэрам, што выклікана зьмяншэньнем цэнаў на нафту і санкцыямі Эўразьвязу ў адносінах да Расеі. Сукупны вонкавы абавязак Беларусі на 1 студзеня 2015 году склаў 12,6 млрд даляраў ЗША, пры гэтым нутраны дзяржаўны абавязак склаў 48,4 трлн рублёў, павялічыўшыся за год на 12,7 трлн рублёў ці 35,5%[22].
За апошнія 5 гадоў Беларусь некалькі разоў зьведала дэвальвацыю нацыянальнай валюты, гэтак на 2 студзеня 2009 году Нацыянальны банк Беларусі ўсталяваў курс рубля адносна даляра ЗША на ўзроўні 2650 адзінак, за дзень дагэтуль курс быў роўны 2200 рублёў за даляр. Такім чынам дэвальвацыя за адзіны дзень склала 20%. Да канца лютага рубель яшчэ некалькі страціў адносна даляра і каштаваў ужо 2850 рублёў[23].
Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2010 году ў Беларусі даволі хуткімі тэмпамі расьлі заработкі. Аднак у сувязі зь незабясьпечанасьцю рублёвай масы таварамі і паслугамі пачалі павялічвацца тэмпы скарачэньня залатавалютных рэзэрваў, гэтак у сьнежні 2010 году зьніжэньне адбылося на 11,8% (674,7 млн даляраў), за студзень рэзэрвы скараціліся ўжо на 13,7%. Акрамя таго, краіна ўжо доўгі час мела адмоўны зьнешнегандлёвы балянс. У лютым урад выказаўся за крэдытнае падсілкаваньне бюджэту ў памеры 2 млрд даляраў. Адпаведная заяўка была адпраўленая на адрас Антыкрызіснага фонду ЭўраАзЭС. Аднак ужо ў сакавіку Нацбанк спыніў продаж валюты камэрцыйным банкам для пунктаў абмену валюты, шэраг камэрцыйных банкаў абмежаваў валютныя апэрацыі па плястыкавых картках і выдачу крэдытаў у беларускіх рублях. У канцы месяца валюту ўжо амаль немагчыма было купіць, акрамя таго назіралася масавае скарачэньне дэпазытаў як у нацыянальнай, гэтак і ў замежнай валюце. У выніку такой сытуацыі продаж замежнай валюты перайшоў у цень, праз што адначасова ўтварыліся некалькі курсаў валюты[24]. У выніку крызісу ўсталяваны Нацбанкам курс даляра за 2011 год вырас з 3000 да 8500 беларускіх рублёў, сукупная дэвальвацыя толькі за дзесяць месяцаў склала 189%.
Насельніцтва
рэдагавацьКолькасьць насельніцтва краіны на 1 красавіка 2015 году склала 9 481 100 чалавек[25]. Пры гэтым за апошнія 2 гады колькасьць насельніцтва невялікі зьведвае рост[26]. Аднак, паводле словаў спэцыялістаў рост абумоўлены ростам нараджальнасьці за кошт павелічэньня колькасьці жанчынаў у актыўным дзетанараджальным узросьце. Гэтая сытуацыя зьмяняецца, бо колькасьць такіх жанчынаў зьніжаецца[27]. Таксама значны ўнёсак у станоўчы дэмаграфічны балянс зрабіў міграцыйны прырост, які за 2014 год склаў 15,7 тысячаў чалавек, даволі вялікі адсотак зь іх склалі грамадзяне Ўкраіны, якія пакінулі месца свайго жыхарства з-за баявых дзеяньнеў[26]. Сумарны каэфіцыент нараджальнасьці ў Беларусі складае 1,7 на адну жанчыну. У цяперашні час назіраецца павелічэньне сумарнага каэфіцыенту нараджальнасьці. Аднак, як і раней, ён не забясьпечвае ў краіне ўзроўню простага ўзнаўленьня насельніцтва.
Паводле этнічнага складу краіны пераважаюць беларусы, якія складаюць 83,7% ад агульнай колькасьці насельніцтва Беларусі[3]. Наступнымі найбуйнейшымі этнічнымі групамі зьяўляюцца расейцы (8,3%), палякі (3,1%) і ўкраінцы (1,7%)[3]. Шчыльнасьць насельніцтва складае каля 50 чалавек на квадратны кілямэтар. 70% ад агульнай колькасьці насельніцтва сканцэнтравана ў гарадзкіх раёнах.
Сталіца Рэспублікі горад Менск зьяўляецца найбуйнейшым горадам, дзе пражывае 1,938 млн чалавек, паводле зьвестак на ліпень 2015 году[28]. Такім чынам у галоўным горадзе краіны пражывае 20,4% ад агульнай колькасьці насельніцтва. Сярод вобласьцяў лідыруе Гомельская вобласьць, за пражывае амаль кожны сёмы жыхар, а Гомель зьяўляецца другім паводле велічыні горадам у краіне, у ім налічваецца на 2014 год 512 тысячаў чалавек. Іншыя буйныя гарады: Магілёў (371 тыс.), Віцебск (363 тыс.), Горадня (357 тыс.) і Берасьце (331 тыс.). Да гарадоў, у якіх пражываюць больш за 100 тысячаў чалавек, адносяцца Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Пінск, Ворша, Мазыр, Салігорск і Наваполацак[29].
Рэлігія
рэдагавацьНапрыканцы 18 стагодзьдзя 70% беларусаў належалі да ўніяцкае (грэка-каталіцкае) царквы, 15% былі каталікамі, 7% — юдэямі і толькі 6% — праваслаўнымі РПЦ Масквы. У 1839 годзе расейскія ўлады забаранілі ўніяцкую царкву і гвалтоўна перавялі яе паству ў расейскае праваслаўе.
З прыходу да ўлады ў 1994 годзе Аляксандра Лукашэнкі, Расейская праваслаўная царква Масквы карыстаецца ў Беларусі значнымі прывілеямі.
У Беларусі актыўна дзейнічае Каталіцкая царква, структуры якой аб’яднаныя ў 4 дыяцэзіі. Усяго паводле зьвестак касьцёлу ў краіне налічваюцца 1 402 605 вернікаў, большасьць зь якіх прыпадаюць на Менска-Магілёўскую архідыяцэзію[30]. Дабрачынныя арганізацыі Рыма-каталіцкага Касьцёлу актыўна супрацоўнічаюць з установамі сацыяльнай аховы насельніцтва.
Паводле інфармацыі мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня РБ па стане на лістапад 2009 году ў Беларусі жылі амаль 120 тысячаў мусульманаў.[31]
Культура
рэдагавацьМастацтва і літаратура
рэдагавацьБеларускі ўрад спансуе штогадовыя культурныя фэстывалі, як то «Славянскі базар у Віцебску», дзе выступаюць беларускія і іншаземныя выканаўцы. Некалькі дзяржаўных сьвятаў, як то Дзень незалежнасьці і Дзень Перамогі, звычайна зьбіраюць вялікія натоўпы і часта ўключаюць у сябе розныя мерапрыемствы, як то фээрвэркі і вайскоыя парады, асабліва ў Менску[32]. Міністэрства культуры звыйчна спансуе розныя мерапрыемствы, якія спрыяюць разьвіцьцю беларускага мастацтва і культуры ўнутры і за межамі краіны.
Беларуская літаратура бярэ свой пачатак ад рэлігіёных пісаньняў XI стагодзьдзя. У XII стагодзьдзі працаваў вядомы рэлігіёны дзяяч Кірыла Тураўскі[33]. У XVI стагодзьдзі ўраджэнец Полацку Францыск Скарына пераклаў Біблію на беларускую мову. Яна была апублікаваная ў Празе і Вільні паміж 1517 і 1525 гадамі, што робіць яе першай кнігай, якая была надрукавана ў Беларусі і ва Ўсходняй Эўропе[34]. Сучасная эпоха беларускай літаратуры пачалася ў канцы XIX стагодзьдзя, і зьвязана зь дзейнасьцю такіх бачных пісьменьнікаў і паэтаў, як то Янка Купала, Уладзімер Жылка, Якуб Колас, Зьмітрок Бядуля, Максім Гарэцкі і Максім Багдановіч.
Пасьля таго, як Беларусь была ўключана ў склад Савецкага Саюза, савецкі ўрад ўзяў пад кантроль справы культуры рэспублікі. Ад пачатку ў навастворанай Беларускай ССР праводзілася палітыка беларусізацыі. Аднак, гэтая палітыка была скончана ў 1930 годзе, і большасьць вядомых беларускіх інтэлектуалаў і нацыяналістычных прыхільнікаў былі альбо выгнаныя або забітыя падчас сталінскіх чыстак[35]. Свабоднае разьвіцьцё літаратуры адбывалася толькі на беларускіх землях у складзе Польшчы. Апошняе буйное адраджэньне беларускай літаратуры адбылося ў 1960-х гадох, яна зьвязана зь дзейнасьцю Васіля Быкава і Ўладзімера Караткевіча.
Музыка ў Беларусі ў значнай ступені ўключае ў сябе багатыя традыцыі народнай і духоўнай музыкі. Народную музычную традыцыю краіны можна прасачыць да часоў Вялікага княства Літоўскага. У XIX стагодзьдзі, польскі кампазытар Станіслаў Манюшка складаеў опэры, жывучы ў Менску. Падчас свайго знаходжаньня ў Менску, ён працаваў зь беларускім паэтам Дуніным-Марцінкевічам і стварыў опэру «Сялянка». У канцы XIX стагодзьдзя асноўныя беларускія гарады ўжо мелі ўласныя опэрныя і балетныя калектывы.
Пасьля Другой сусьветнай вайны музыка была сканцэнтравана на тэме цяжкасьці лёсу беларускага народу ці ўслаўленьня памяці тых, хто ўзяў у рукі зброю ў абарону радзімы. На працягу гэтага пэрыяду, Анатоль Багатыроў, стваральнік опэры «У пушчах Палесься», быў адным з самых яскравых прадстаўнікоў сярод беларускіх кампазытараў[36]. Сучаснае музычнае мастацтва Беларусі імкнецца захаваць нацыянальныя традыцыі, адначасова разьвіваючы папулярныя ў сьвеце стылі і кірункі. Творы беларускіх кампазытараў, сусьветнай клясычнай і эстраднай музыкі гучаць у выкананьні як прафэсійных, гэтак і самадзейных музыкаў.
Мастак Марк Шагал нарадзіўся ў Лёзьне, нападалёк ад Віцебску, у 1887 годзе. Падчас Першай сусьветнай вайны ён працаваў на Беларусі, стаўшы адным з самых выбітных мастакоў краіны і чальцом мадэрнісцкага авангарду, заснаваўшы Віцебскі каледж мастацтваў перад сваім ад’ездам у Парыж у 1922 годзе.
Кухня
рэдагавацьБеларуская кухня фармавалася на аснове страваў і прыёмах гатаваньня агульных для ўсіх славянскіх і іншых індаэўрапейскіх народаў, як то балцкіх, германскіх ды іншых. У мінулым у рацыёне насельніцтва Беларусі пераважалі вегетарыянскія стравы са збожжа, бабовых культур, агародніны, малака і малочных прадуктаў, насеньня лёну, а таксама прадуктаў зьбіральніцтва, як то грыбоў, ягадаў, садавіны і мёду. Традыцыйная беларуская кухня вельмі блізкая да летувіскай. На працягу XIII—XIX стагодзьдзяў на ейнае фармаваньне, асабліва ў прывілеяваных клясаў, аказвалі значны ўплыў польская і нямецкая кухні, а таксама кухні нацыянальных меншасьцяў, як то габрэйская і татарская кухні. З XIX стагодзьдзя найбольшы ўплыў аказвае расейская кухня.
Апошнім часам у краіне ў вобласьці спажываньня ежы назіраецца працэс глябалізацыі, гэтак у Беларусі набіраюць папулярнасьць рэстарацыі сушы і кропкі хуткага харчаваньня, як то McDonalds, Burger King ды іншыя.
Тэлекамунікацыйная сыстэма
рэдагавацьТэлефонная сувязь
рэдагавацьСэктар тэлекамунікацыяў у Беларусі зьяўляецца высокарэнтабэльнай галіной эканомікі. Прыбытковасьць прадпрыемстваў сувязі за 7 месяцаў 2009 году склала каля 35% пры сярэдняй рэнтабэльнасьці ў эканоміцы 10,4%.
Гістарычныя сымбалі
рэдагавацьГістарычнымі і нацыянальнымі сымбалямі Беларусі зьяўляюцца герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг. Зьяўляліся афіцыйнымі сымбалямі Беларусі ў 1991—1995 гадах. У дадзены момант сымбалі «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг ужываюцца шэрагам палітычных партыяў Беларусі. Герб «Пагоня» зьяўляецца нематэрыяльнай каштоўнасьцю Беларусі. З 2009 году «Пагоня» выяўлена на гербе Віцебскай вобласьці.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2010 г.)
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ а б в Перепись населения 2009 г. Выходные регламентрые таблицы. Национальный состав населения, гражданство: население по национальности и родному языку (рас.)
- ^ а б Die Welt. Atlas & Almanach. Freitag & Berndt, 1999. (ням.)
- ^ Belarus. International Monetary Fund. Праверана 3 лістапада 2014 г.
- ^ Axell, Albert (2002). Russia’s Heroes, 1941-45. Carroll & Graf Publishers. p. 247. ISBN 0-7867-1011-X.
- ^ Belarus’s election: What should the EU do about Belarus? The Economist
- ^ 19 верасьня 1991 году
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 1996 Т. 3: Беларусы — Варанец. — С. 20—29.
- ^ Народная газета. — 1995. — № . — 6 мая. —С.
- ^ Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму / В. Сіліцкі, П. Натчык, А. Зелімханаў [і інш.]. — Мн.: Аналітычны гурток, 2005. — С. 71.
- ^ Игнатищев, Р. Учись видеть ложь. — Мн. — Могилев, 1997. — С. 41.
- ^ Profile: Alexander Lukashenko. // BBC News
- ^ Рэкі і азёры Беларусі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 14 сакавіка 2013 г. Праверана 19 сакавіка 2013 г.
- ^ Канстанцін Карнялюк (9 лютага 2011) Мы тут душой чысьцеем. Газэта «Зямля і людзі». Праверана 25 студзеня 2013 г.
- ^ Лясы Беларусі // БелТА, 21 сакавіка 2013 г. Праверана 27 сакавіка 2013 г.
- ^ Сяргей Куркач. Каля 40 тысяч птушак маразоў не баяцца // Зьвязда : газэта. — 12 сакавіка 2011. — № 46 (26910). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ Средняя зарплата в Беларуси в январе 2015 уменьшилась на 202,4 доллара США // Mojazarplata.by
- ^ Знешні гандаль Беларусі // Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь
- ^ Топ-25 самых прибыльных и убыточных ОАО: калийщики увеличивают отрыв, крупнейшие машиностроители уходят в минус Tut.by
- ^ ВВП Беларуси в 2014 году — инфографика. // Дзелавая газэта
- ^ Государственный долг на 1 января 2015 г // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь
- ^ История падения рубля на территории Беларуси. До наших дней.Tut.by
- ^ Девальвация. Хроника пикирующего рубля. Хартыя97
- ^ О демографической ситуации в январе-марте 2015 года // Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Последние пять лет численность населения Беларуси фактически стоит на месте. // Tut.by
- ^ Беларусь па колькасці насельніцтва займае 16-е месца ў Еўропе і 5-е — у СНД. // БелТА
- ^ Численность населения превышает 100 тыс. человек в 14 городах Беларуси. // БелТА
- ^ Дыяцэзіі // Рыма-Каталіцкі Касьцёл на Беларусі
- ^ У Беларусі жывуць 120 тысяч мусульман // Наша Ніва, 16 лістапада 2009 г.
- ^ Belarusian National Culture // Амбасада Беларусі ў ЗША
- ^ Old Belarusian Poetry // Virtual Guide to Belarus
- ^ Францішак Скарына // Беларусі гістарычны партал
- ^ Tereshkovich, Pavel; Robert J. Valliere (2001). «The Belarusian Road to Modernity». International Journal of Sociology. Belarus:Between the East and the West (I) 31 (3): 78-89.
- ^ Classical Music of Belarus. // BelarusGuide.com
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьВікіцытатнік зьмяшчае збор цытатаў, датычных тэмы артыкула: |
У Вікісховішчы можна знайсьці мультымэдыйныя матэрыялы па тэме: |
- Інфармацыя па Беларусі на Belarus.by
- Навіны Беларусі на Радыё Свабода
- Беларуская Салідарнасьць
- A Belarus Miscellany (анг.)
- The Virtual Guide to Belarus (анг.)
- Здымкі на Radzima.org
|