Калгас
Калгас (па-расейску: коллективное хозяйство, па-беларуску: калекты́ўная гаспада́рка) — фармальнае аб’яднаньне сялянаў (на аснове грамадзкіх сродкаў вытворчасьці й калектыўнае працы) для супольнага вядзеньня сельскай гаспадаркі. Галоўным парадкам у СССР уведзеная прымусова.
Падкляса ад | юрыдычная асоба, арганізацыя, Artel |
---|---|
Галіна | сельская гаспадарка |
Частка больш агульнага | Калектывізм, каапэрацыя |
Прадстаўлена ў творы | Q61122081 |
З гісторыі калгасаў
рэдагавацьБальшыня калгасаў была створаная на Беларусі ў пэрыяд калектывізацыі сельскай гаспадаркі (1918—1930-я). Першыя аб’яднаныя сялянскія гаспадаркі пачалі стварацца яшчэ да ўвядзеньня калектывізацыі (да прыкладу арцелі па супольнай апрацоўцы зямлі). Па 1927 годзе стварэньне калгасаў стала «генэральнай лініяй партыі». Бальшыня калгасаў была створаная з парушэньнем прынцыпаў добраахвотнасьці. Супраць праціўнікаў калектывізацыі й найбольш заможных гаспадароў (кулакоў) пачалі праводзіць «палітыку раскулачваньня», у выніку якой «кулацтва» павінна было зьнікнуць як кляса. Паводле некаторых зьвестак, было раскулачана — пазбаўлена правоў і падпала пад высяленьне — каля 700 тыс. сялянаў. Неўзабаве Беларусь была аб’яўленая зонай суцэльнае калектывізацыі. Заснаваньне калгасаў суправаджалася галадаморам на шматлікіх абшарах: Беларусі, Расеі, але перадусім ва Ўкраіне — дзе колькасьць ахвяраў вагаецца ад 2 да 6 мільёнаў чалавек.
Калгасная сыстэма
рэдагавацьКалгасьнікі працавалі на зямлі, што належала дзяржаве, але была перададзеная калгасу ў бестэрміновае і бескаштоўнае карыстаньне. Асноўную частку прадукцыі калгас павінен быў здаваць дзяржаве па закупачных коштах (даволі нізкіх). Тэарэтычна калгасы былі дабравольніцкія ды кіраваліся самастойна, але ж папраўдзе старшыні калгасаў, як і гаспадарчыя пляны назначаліся выканкамамі ды партыйнымі камітэтамі. Шмат гадоў калгасьнікі працавалі не за грашовыя заробкі, але за «працадні», што адмоўна ўплывала на матывацыю ды прадукцыйнасьць працы. Разам з частай гаспадарчай занядбанасьцю частыя крадзяжы рабілі з калгасаў неэфэктыўную форму гаспадараньня. Калгас трэба адрозьніваць ад саўгасу (савецкая гаспадарка) — у асноўным буйных гаспадарак, створаных з мэтаю павелічэньня вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі. Саўгасы ў асноўным мелі спэцыялізацыю на вытворчасьць нейкага віду прадукцыі (зерне, малако, гародніна ці іншае).
На сёньняшні дзень
рэдагавацьЯшчэ напачатку 1990-х зьявіліся першыя фэрмэрскія гаспадаркі, што, аднак, на сёньня ня маюць вялікага распаўсюджаньня. Таксама Беларусь не адмовілася ад калгаснай сыстэмы: зямля ёсьць дзяржаўнай маёмасьцю. Паступова ў сельскай гаспадарцы краіны ідзе пераход на больш дасканалыя формы вядзеньня гаспадараньня: калгасы ператвараюцца ў СПК, ствараюцца спэцыялізаваныя комплексы з жывёлагадоўлі. Але ж гэта не зьмяніла існасьці калгаснае сыстэмы, а сучасныя СПК і надалей застаюцца затратнымі ды датацыйнымі прадпрыемствамі, як гэта было пры СССР.
У іншых краінах
рэдагавацьПадобныя калектыўныя гаспадаркі былі распаўсюджаныя таксама й у іншых краінах камуністычнага табару.
- Чэхаславаччына — (чэск.) Jednotné zemědělské družstvo (JZD)/ (слав.) Jednotné roľnícke družstvo (JRD)
- НДР — Landwirtschaftliche Produktions Genossenschaft (LPG)
- Вугоршчына — Termelőszövetkezet
- Польшча — Rolnicza Spółdzielnia Produkcyjna
Падобнага кшталту гаспадаркай ёсьць ізраільскія кібуцы, што былі заснаваныя ўжо з канца ХІХ ст. У кібуцах першапачаткова супольнасьць маёмасьці й даходаў была пасунутая настолькі далёка, што ўсе ўдзельнікі, уключаючы й кіраўніцтва гаспадаркі харчаваліся разам у супольнай сталоўцы, ніхто не атрымліваў заробку ў грашовым выглядзе, а дзеці выхоўваліся разам у адмысловых інтэрнатах. Асноўным адрозьненьнем ізраільскіх кібуцаў ад камуністычных калгасаў ёсьць іх суцэльная самахвотнасьць ды ідэйнасьць удзельнікаў, што разам уплывала на дастаткова добрыя гаспадарчыя паказьнікі.