Польшча
Рэспу́бліка По́льшча, По́льшча (па-польску: Rzeczpospolita Polska) — краіна ў Цэнтральнай Эўропе, знаходзіцца паміж Нямеччынай на захадзе, Чэхіяй і Славаччынай на поўдні, Украінай і Беларусьсю на ўсходзе, і Балтыйскім морам, Летувай і Расеяй на поўначы.
Польшча лац. Polšča Rzeczpospolita Polska | |||||
| |||||
Дзяржаўны гімн: «Mazurek Dąbrowskiego» | |||||
Афіцыйная мова | польская | ||||
Сталіца | Варшава | ||||
Найбуйнейшы горад | Варшава | ||||
Форма кіраваньня | Рэспубліка Анджэй Дуда Дональд Туск | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
70-е месца ў сьвеце 312 679 км² 3,07 % | ||||
Насельніцтва • агульнае (2014) • шчыльнасьць |
34-е месца ў сьвеце 38 483 957[1] 123/км² | ||||
СУП • агульны (2009) • на душу насельніцтва |
24-е месца ў сьвеце $688,761 млрд $18 072 | ||||
Валюта | Польскі злоты (PLN) | ||||
Часавы пас • улетку |
CET (UTC+1) CEST (UTC+2) | ||||
Незалежнасьць — вернутая |
996—1795 11 лістапада 1918 | ||||
Аўтамабільны знак | PL | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .pl | ||||
Тэлефонны код | +48 | ||||
Назва
рэдагаваць«Rzeczpospolita Polska» — афіцыйная назва Польшчы на польскай мове. Rzeczpospolita перакладаецца як «садружнасьць» ці «рэспубліка». Словам «Rzeczpospolita» ў Польшчы таксама называлі унію Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага.
Паходжаньне назвы «Польшча» дакладна невядомае. Згодна з найбольш распаўсюджанай тэорыяй гэтая назва паходзіць ад назвы племені палянаў, якія насялялі абшары сучаснага Велікапольскага ваяводзтва. Слова «паляне» паводле адной з тэорыяў паходзіць ад слова «племя» — супляменьнік, чалавек, зьвязаны крэўнай сувязьзю, які мае тую ж самую веру. Іншая тэорыя выводзіць слова «паляне» ад слова «поле», дапускаючы, што асноўным заняткам племені палянаў была апрацоўка зямлі ў адрозьненьне ад іншых плямёнаў, напрыклад, вісьлянаў ці мазаўшанаў, якія насялялі лясныя абшары. Некаторыя лінгвісты сьцьвярджаюць, што гэта можа быць зьвязана зь першапачатковай формай пляменнай арганізацыі — «аполем», якая зьяўлялася пэўным відам кіраваньня з выбарным кіраўніком, агульнай уласнасьцю на зямлю і родам — асновай грамадзтва.
У мінулым ужываліся лацінскія назвы «terra Poloniae» — польская зямля — ці «Regnum Poloniae». Назва «Польшча» пачала ўжывацца ў дачыненьні да ўсёй дзяржавы ў ХІ ст. Землі палянаў з XIV ст. называлі Старапольшчай, а пазьней — Велікапольшчай. А паўднёвыя землі, для кантрасту, называлі Малапольшчай.
Іншыя назвы Польшчы (Lechia, пэрсыдзкая мова Lachistan, летувіская мова Lenkija) і палякаў (турэцкае Lehce, расейскае Ляхи, вугорскае Lengyel) паходзяць ад назвы племені лэндзянаў, якія насялялі тэрыторыю паўднёва-ўсходняй часткі Польшчы.
На працягу 37 гадоў (з 1952 па 1989) афіцыйнай назвай Польшчы была Польская Народная Рэспубліка (ПНР; Polska Republika Ludowa).
Гісторыя
рэдагаваць- Асноўны артыкул: Гісторыя Польшчы
У IX—X стагодзьдзях на сучаснай тэрыторыі Польшчы жылі розныя заходнеславянскія плямёны, сярод якіх вылучаліся вісьляне і паляне. Першыя займалі тэрыторыю з цэнтрам у Кракаве, другія — з цэнтрам у Гнезна. Менавіта паляне ў 10 ст. здолелі аб’яднаць вакол сябе сваіх суседзяў і паклалі пачатак дзяржавы. Землі Польшчы ўпершыню аб’ядналіся ў адзіную дзяржаву ў 10 ст. пад кіраўніцтвам дынастыі Пястаў. Каля 966 году польскі кароль Мешка I прыняў каталіцтва, а ў XII стагодзьдзі большасьць палякаў ужо была каталікамі. Сын Мешка — Балеслаў Храбры (992—1025) працягнуў стварэньне польскай дзяржавы, аб’яднаўшы пад сваёй уладай усе польскія плямёны.
Аднак пасьля сьмерці Балеслава суседзі Польшчы, скарыстаўшыся ўнутранымі праблемамі, захапілі частку земляў: немцы — усё заваяваныя Балеславам зямлі ўздоўж цячэньня Эльбы, датчане — Памор’е, чэхі ўзнавілі сваю незалежнасьць, а кіеўскі князь захапіў гарады Чэрвеньскія гарады. У 12 ст. Польшча распалася на шэраг княстваў, што былі аб’яднаныя толькі ў 1320 каралём Уладзіславам I.
Справу Ўладзіслава I працягнуў Казімер III Вялікі (1333—1370). Пераважна дыпляматычнымі мэтадамі ён вярнуў Польшчы Куявію і Добжынскую землі (1343), Мазовію (1351—1353), а таксама адабраныя Брандэнбургам гарады. У 1349 Казімер уварваўся ў Галіччыну, захапіў Львоў і Галіч. У 1360-я пад яго ўлада перайшлі Ўладзімер-Валынскі і Камянец-Падольскі. У пэрыяд кіраваньня Казімера III адбылася кадыфікацыя польскага заканадаўства, праведзеныя адміністрацыйная і грашовая рэформы, у 1364 заснаваная Кракаўская акадэмія. Пры Казімеру ў Польшчы вялося шырокае будаўніцтва: па словах летапісца, Уладзіслаў Лакеток пакінуў Польшчу драўляную, а Казімер — каменную.
Са сьмерцю Казімера Вялікага дынастыя Пястаў перапынілася. Шляхта, якая фактычна кіравала ў дзяржаве, прапанавала вялікаму князю літоўскаму Ягайла руку каралевы Ядзьвігі і польскі сталец у абмен на заключэньне уніі з Польшчай. У 1385 у Крэўскім замку была падпісаная адпаведная дамова — Крэўская унія. У 1386 Ягайла быў каранаваны пад імем польскага караля Ўладзіслава II (1386—1434), паклаўшы пачатак новай, Ягелонскай дынастыі, якая правіла ў Польшчы звыш 200 гадоў.
Падчас кіраваньня дынастыі Ягелонаў, Польскае каралеўства наладзіла цесныя сувязі з Вялікім Княствам Літоўскім, а затым, у 1569, пасьля прыняцьця Люблінскай уніі, утварыла зь ім фэдэрацыйную дзяржаву — Рэч Паспалітую абодвух народаў.
У 1572 памёр, не пакінуўшы спадчыньніка, Жыгімонт II Аўгуст. Сярод шматлікіх прэтэндэнтаў на сталец перамога дасталася Генрыку Валезы, брату францускага караля Карла IX. Аднак Генрых нядоўга прабыў у Польшчы. Атрымаўшы вестку аб сьмерці свайго брата, ён таемна зьбёг у Парыж, каб заняць там францускі сталец.
У выніку польскую карону атрымаў Стэфан Баторы (1574—1586). Стэфан Баторый пасьпяхова завяршыў вайну супраць Івана IV: Рэч Паспалітая атрымала Лівонію і вярнула Полацак. Падчас падрыхтоўкі да вайны супраць Турцыі Стэфан нечакана памёр. Насталае пасьля яго сьмерці міжкаралеўе ізноў вылілася ў смуту. Нарэшце на сталец узышоў швэдзкі каралевіч Жыгімонт III Ваза (1587—1632). Пасьля сьмерці свайго бацькі Жыгімонт Ваза адбыў у Швэцыю, дзе ў 1593 каранаваўся швэдзкім каралём. Дынастычныя спрэчкі, а таксама барацьба за панаваньне ў Прыбалтыцы, прывялі да вайны са Швэцыяй (1600—1629). У дадатак у 1609 пачалася вайна з Расеяй.
Гады кіраваньня Ўладзіслава IV Вазы (1632—1648) былі даволі ўдалымі. Быў падпісаны Палянаўскі мір з Расеяй, адбіты чарговы націск турэцка-крымскага войска, заключана 26-гадовае перамір’е са Швэцыяй (1635), па якім Польшчы вярталіся прускія гарады. Заключэньне дынастычнага шлюбу з Цэцыліяй Рэнатай умацавала саюз з Габсбургамі.
Аднак з другой паловы 17 стагодзьдзя пачынаецца агульны заняпад Рэчы Паспалітай. У 1652 годзе ў сойме ўпершыню на практыцы быў ужыты прынцып liberum veto, калі для зрыву прыняцьця рашэньня хапала аднаго галосу. У 1648 годзе пачалося паўстаньне ва Ўкраіне, узначаленае Багданам Хмяльніцкім. Скарыстаўшыся сытуацыяй вайну супраць Рэчы Паспалітай пачала і Швэцыя (1655—1660). У кароткі тэрмін былі ўзятыя Кракаў і Варшава і акупаваная вялікая частка Польшчы. У 1658 годзе Расея аднавіла ваенныя дзеяньні супраць Рэчы Паспалітай. У выніку войнаў Рэч Паспалітая мусіла згадзіцца на тэрытарыяльныя саступкі.
У пач. 18 ст. Польшча была ўцягнутая ў Паўночную вайну (1700—1721). У 1701 на яе тэрыторыю ўступілі швэдзкія войскі Карла XII. Да перамоў 1720—1721 аб сканчэньні вайны прадстаўнікі Рэчы Паспалітай дапушчаныя не былі, што сьведчыла аб канчатковай страце прэстыжу Рэчы Паспалітай у Эўропе. Расея і Прусія ў 1720 прынялі ўзаемнае абавязальніцтва падтрымліваць наяўныя ў Польшчы парадкі.
У 1791 была прынята Канстытуцыя, якая зьліквідавала падзел краіны на ВКЛ і Польскае каралеўства. Аднак становішча на той час ужо было вельмі цяжкім, і таму Канстытуцыя не ўратавала Рэч Паспалітую. У выніку падзелаў 1772, 1793, 1795 Рэч Паспалітая была падзеленая паміж Аўстра-Вугорскай імпэрыяй, Прусіяй і Расейскай імпэрыяй.
Напалеон падчас ваеннай кампаніі 1812 даў згоду на стварэньне Варшаўскага княства на тэрыторыі Польшчы. Аднак, пасьля паразы Напалеона Варшаўскае княства спыніла існаваньне.
Пасьля Першай сусьветнай вайны была створаная Другая Рэч Паспалітая — на яе ўтварэньне пагадзіліся краіны-пераможцы.
У 1939 Польшча была заваяваная Трэцім райхам і СССР, а потым падзеленая паміж імі.
Пасьля паразы Трэцяга райха была створаная Польская народная рэспубліка, што далучылася да сацыялістычнага блёку на чале з СССР.
У 1989 годзе на парлямэнцкіх выбарах перамагла партыя «Салідарнасьць», а ў 1990 годзе прэзыдэнтам стаў кандыдат ад «Салідарнасьці» — Лех Валэнса. З прыходам да ўлады «Салідарнасьці» скончылася кіраваньне камуністаў, а разам зь ім і існаваньне ПНР.
У 1999 годзе Польшча далучылася да NATO, а ў 2004 — да Эўразьвязу.
10 красавіка 2010 году прэзыдэнт Польшчы Лех Качынскі і вялікая колькасьць польскіх палітычных і грамадзкіх дзеячаў загінулі ў авіякатастрофе пад Смаленскам.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
рэдагавацьАд 1 студзеня 1999 году Польшча дзеліцца на 16 ваяводзтваў, 379 паветаў (65 гарадзкіх паветаў і 314 земскіх паветаў), 2478 гмінаў (307 гарадзкіх гмінаў, 582 гміны гарадзка-вясковых і 1589 вясковых гмінаў) — стан на 1 студзеня 2007.
Ваяводзтвы (у дужках — сталіца ваяводзтва):
- Апольскае (Аполе)
- Вармінска-Мазурскае (Ольштын)
- Велікапольскае (Познань)
- Заходнепаморскае (Шчэцін)
- Куяўска-Паморскае (Быдгашч, Торунь)
- Лодзінскае (Лодзь)
- Любельскае (Люблін)
- Любускае (Гораў Велікапольскі, Зялёная Гара)
- Мазавецкае (Варшава)
- Малапольскае (Кракаў)
- Ніжнесылескае (Уроцлаў)
- Падкарпацкае (Рэшаў)
- Падляскае (Беласток)
- Паморскае (Гданьск)
- Сылескае (Катавіцы)
- Сьвятакрыскае (Кельцы)
Геаграфія
рэдагавацьАгульная плошча Польшчы складае 312,696 км² (займае 69 месца ў сьвеце і 9 у Эўропе). Каля 2/3 паверхні займае Польская нізіна. На поўначы знаходзіцца Балтыйская града, на поўдні — Малапольскае і Люблінскае ўзвышшы, а ўздоўж паўночнай мяжы цягнуцца Карпаты (самы высокі пункт 2499 м) і Судэты. Самымі буйнымі рэкамі зьяўляюцца Вісла і Одра, але таксама існуе вялікая колькасьць больш дробных рэк. Азёры ў асноўным знаходзяцца на поўначы. Лясы займаюць 28% тэрыторыі краіны.
Агульная працягласьць межаў — 3528 км, зь якіх 3054 км на сушы і 528 на моры. Польшча мяжуе з Беларусьсю (416 км), Украінай (529 км), Славаччынай (539 км), Чэхіяй (790 км), Нямеччынай (467), Расеяй (206 км) і Летувой (104 км).
Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынэнтальнага. Сярэдняя тэмпэратура студзеня ад −1 да −5 °C (у гарах да −8 °C), чэрвеня 17—19 °C (у гарах да 10°). Ападкі складаюць 500—800 мм на раўнінах, у гарах да 1000 мм у год.
Рэкі
рэдагавацьСамымі доўгімі рэкамі Польшчы зьяўляюцца Вісла — 1047 км даўжыні, Одра, якая часткова цячэ па заходняй мяжы краіны — 854 км даўжыні, Варта — 808 км даўжыні і Заходні Буг, прыток Віслы — 772 км даўжыні. Большасьць польскіх рэк упадаюць у Балтыйскае мора, але, напрыклад, Арава, якая ўпадае ў Ваг і Дунай, адносіцца да Чарнаморскага вадазбору. Ва ўсходняй частцы краіны, невялікія рэкі, праз Днестар, таксама, нясуць сваю ваду ў Чорнае мора.
Польскія рэкі выкарыстоўваліся чалавекам у якасьці гандлёвых і транспартных шляхоў яшчэ ў старажытнасьці. Імі карысталіся і вікінгі для сваіх набегаў, а ў Сярэднявеччы і больш позьнія часы, збожжа, якое вырошчвалася ў Рэчы Паспалітай вывозілася празь іх на захад, што рабіла іх важнымі эканамічнымі шляхамі ўсёй Эўропы.
Эканоміка
рэдагаваць- Асноўны артыкул: Эканоміка Польшчы
Першая з краінаў, якая ажыцьцявіла пераход ад камунізму да вольнага рынку, Польшча здолела ўтаймаваць інфляцыю і дасягнуць хуткага росту СУП. Шматлікія праблемы, такія, як беспрацоўе, застаюцца. Гэта ў першую чаргу зьвязана з павелічэньнем дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў эканоміку ў другой палове 1990-х гадоў. Аднак у шматлікіх галінах эканомікі краіна працягвае працаваць над лібэралізацыяй. Асноўныя тавары польскага экспарту — харчовыя прадукты, сталь, транспартнае абсталяваньне, прадукцыя хімічнай прамысловасьці.
Палітыка
рэдагавацьПольшча — гэта дэмакратычная краіна, якой кіруе прэзыдэнт, згодна з канстытуцыяй, прынятай у 1997 годзе. Урад прадстаўлены Саветам Міністраў, які ўзначальвае прэм'ер-міністар. Прэзыдэнт фарміруе ўрад па прапанове прэм’ер-міністра, які, у сваю чаргу, выбіраецца соймам. Прэзыдэнт выбіраецца праз выбары на пяцігадовы тэрмін.
Польскі парлямэнт складаецца зь дзьвюх палатаў: ніжняя палата (Сойм), складаецца з 460 дэпутатаў і Сэнат (100 сэнатараў). У Сойм трапляюць прадстаўнікі толькі тых партыяў, якія набіраюць на выбарах болей чым 5% галасоў (гэта ня тычыцца партыяў нацыянальных меншасьцяў). Здараюцца агульныя сэсіі Сойму і Сэнату ў форме нацыянальнай асамблеі (Zgromadzenie Narodowe). Нацыянальныя асамблеі зьбіраюцца ў трох выпадках: калі новы прэзыдэнт прымае пасаду, у выніку абвінавачваньняў у адрас прэзыдэнта і ў выпадку няздольнасьці прэзыдэнта выконваць свае абавязкі ў выніку стану здароўя і г. д.
Судовая ўлада грае ў краіне значную ролю. Галоўнымі органамі судовай улады зьяўляюцца Вярхоўны суд (Sąd Najwyższy), Вярхоўны адміністрацыйны суд (Naczelny Sąd Administracyjny), Канстытуцыйны суд (Trybunał Konstytucyjny) і Дзяржаўны суд (Trybunał Stanu). Пасьля адабрэньня Сэнату, Сэйм назначае Упаўнаважанага па правах чалавека (Rzecznik Praw Obywatelskich) на пяцігадовы тэрмін. Упаўнаважаны мае абавязак назіраць за захаваньнем правоў і свабоды чалавека ў Польшчы, а таксама захаваньнем сацыяльнай справядлівасьці.
Насельніцтва
рэдагавацьПольшча, зь яе насельніцтвам у 38,1 млн чалавек, зьяўляецца восьмай па колькасьці насельніцтва краінай Эўропы і шостай у Эўрапейскім Зьвязе. Сярэдняя шчыльнасьць насельніцтва складае 122 чалавекі на км².
Гістарычна склалася, што на тэрыторыі Польшчы жыве вялікая колькасьць розных нацыяў і народнасьцяў. Да Другой сусьветнай вайны, польская габрэйская абшчына была адной з самых вялікіх у Эўропе, але пасьля вайны колькасьць габрэяў скрарацілася з 3 млн чалавек да 300 тыс. Пасьляваенныя зьмены межаў краіны прывялі да таго што ў Польшчы зьявіліся некаторыя іншыя нацыянальныя меншасьці. Але моцныя памкненьні пасьляваеннай польскай улады накіраваныя на асыміляцыю нацыянальных меншасьцяў, прывялі да таго, што згодна зь перапісам насельніцтва 2002 году, 96,74% насельніцтва краіны прызналі сябе палякамі; 1,23% — аднесьлі сябе да іншых нацыянальнасьцяў і 2,03% не назвалі сваю нацыянальнасьць. Самымі вялікімі нацыянальнымі меншасьцямі ў Польшчы зьяўляюцца сылезцы (каля 200 тыс. чалавек), немцы (152,9 тыс. чалавек, якія, у асноўным, жывуць у Апольскім і Сылескім ваяводзтвах), беларусы (каля 50 тыс., Падляскае ваяводзтва), украінцы (каля 30 тыс.) і летувісы.
Польская мова адносіцца да славянскай групы моваў, і зьяўляецца адзінай афіцыйнай мовай краіны.
Большасьць насельніцтва краіны зьяўляюцца каталікамі, аднак існуюць і прадстаўнікі іншых канфэсіяў, большасьць зь якіх складаюць праваслаўныя (у асноўным беларусы Падляшша), лютаране і юдэі.
У апошнія гады агульная колькасьць насельніцтва Польшчы пачала скарачацца ў выніку эміграцыі і зьніжэньня нараджальнасьці. Пасьля ўступленьня краіны ў Эўрапейскі Зьвяз, значна павялічылася працоўная міграцыя ў краіны Заходняй Эўропы (асабліва Нямеччыну, Вялікабрытанію і Ірляндыю). Працоўную міграцыю, стымулюе значны ўзровень беспрацоўя ў Польшчы (10,5% у 2007 годзе) ў параўнаньні зь іншымі краінамі. Згодна з ацэнкай міграцыйных службаў Вялікабрытаніі, польская супольнасьць у гэтай краіне дасягнула лічбы 300 тыс. чалавек у 2007 годзе і 65 тыс. чалавек у Ірляндыі. Існуюць зьвесткі, што колькасьць палякаў, якія імігравалі ў Вялікабрытанію пасьля 2004 году склала лічбу 2 млн чалавек. Аднак гэтыя зьвесткі супярэчаць афіцыйным зьвесткам польскіх статыстычных службаў.
Польскія нацыянальныя меншасьці існуюць, таксама, у некаторых іншых краінах, напрыклад у Беларусі (асноўная частка палякаў жыве ў Гарадзенскай вобласьці), Украіне і Летуве. Агульная колькасьць палякаў, якія жывуць па-за межамі краіны, ацэньваецца ў 20 млн чалавек. Самая вялікая па колькасьці нацыянальная супольнасьць палякаў склалася ў Злучаных Штатах.
Дачыненьні зь Беларусьсю
рэдагаваць10 кастрычніка 1991 падчас візыту ў Польшчу старшыня ўраду Беларусі Вячаслаў Кебіч падпісаў са старшынёю польскага ўрада Янам Бялецкім Дэклярацыю аб добрасуседзтве, узаемаразуменьні і супрацоўніцтве. Дыпляматычныя дачыненьні ўрады ўстанавілі 2 сакавіка 1992 падчас прыезда міністра замежных справаў Беларусі Пятра Краўчанкі ў Варшаву, дзе бакі таксама падпісалі Консульскую канвэнцыю. Пасьля ператварэньня польскага генэральнага консульства ў Менску ў амбасаду яго ўзначаліла Эльжбэта Смулкова.
24 красавіка 1992 году Вячаслаў Кебіч падпісаў у Польшчы пагадненьне аб прынцыпах памежнай супрацы і дамову аб памежных пераходах. 23 чэрвеня 1992 году старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч падпісаў у Варшаве Дамову аб добрасуседзтве і супрацы на 15 год, а таксама адкрыў беларускае пасольства. Першым паслом Беларусі ў Польшчы стаўся Ўладзімер Сянько. 19 лістапада 1992 году старшыня польскага ўраду Ганна Сухоцкая падчас прыезду ў Беларусь падпісала Пагадненьне аб адмове ад падвойнага падаткаабкладаньня. 15-16 сьнежня 1992 году ў Польшчы адбылася сустрэча беларускага і польскага міністраў абароны Паўла Казлоўскага і Януша Анышкевіча адпаведна. 21 красавіка 1993 году міністры падпісалі ў Беларусі Дамову аб ваеннай супрацы. 30 сакавіка 1996 году ў Белавескай пушчы адбылася сустрэча прэзыдэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Аляксандра Квасьнеўскага.
1 кастрычніка 2003 году ў сувязі з уваходам у Эўрапейскі Саюз польскі ўрад увёў візавы рэжым для беларускіх грамадзянаў[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Główny Urząd Statystyczny. Baza Demografia. Ludność Polski. Stan na 30.06.2014. [1].
- ^ Баляслаў Хмяліньскі. Польшча — Беларусь: 15 гадоў міждзяржаўных адносін// Журнал международного права и международных отношений. 2007 — № 1
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Афіцыйны польскі партал (анг.)
- Польшча.by (рас.)
- Mały Rocznik Statystyczny 2009 (анг.) (пол.)