Турызм у Беларусі

падарожжы ў вольны час па Беларусі ў якасьці адпачынку

Туры́зм у Белару́сі (падарожніцтва па Беларусі; франц. tour — прагулка) — падарожжы ў вольны час па Беларусі ў якасьці адпачынку.

У Беларусі ладзілі 11 відаў падарожніцтва: 1) этнаграфічнае, 2) вясковае, 3) экалягічнае, 4) паломніцкае, 5) вайскова-гістарычнае, 6) прамысловае, 7) актыўна-спартовае, 8) лекавальнае, 9) аздараўленчае, 10) крамнае, 11) гастранамічнае.

 
«Фэстываль нацыянальных культураў» у Горадні (2018 год)
 
Зубар у заасадзе Буйнічаў (Магілёўскі раён, 2011 год)
  • Экалягічнае. Найбольш гасьцей зьбіралі пазнавальныя падарожжы з забавамі, якія прапаноўвалі Бярэзінскі запаведнік у Віцебскай і Менскай абласьцях ды 4 нацыянальныя паркі Беларусі: 1) «Белавеская пушча», 2) «Браслаўскія азёры» ў Віцебскай вобласьці, 3) «Нарачанскі», 4) «Прыпяцкі». Для назіраньня за птушкамі замежныя падарожнікі прыяжджалі ў Бярэзінскі запаведнік і Прыпяцкі нацыянальны парк, дзе магчыма было пабачыць да сотні відаў птушак. Найбольш папулярнымі былі маршруты, якія спалучалі некалькі спосабаў перамяшчэньня — пехам і роварам, на конях і аўтамабілі, катэрам і байдаркай. Найбольшым попытамі карысталіся: 1) «Таямніцы Ўбарцкага Палесься», 2) «Прырода і гісторыя Гомельскага краю» (175 км), 3) «Водная экскурсія па рацэч Пціч», 4) «Чэрыкаўскі экатур» на 3 дні, 5) «Лясная запаведная сьцежка» ў Бярэзінскім запаведніку, 6) «У краі мітаў» тамсама ў Бярэзінскім запаведніку, 7) «Зубрагадавальнік» у Прыпяцкім нацыянальным парку (4 км), 8) «Валожынскія гасьцінцы» (150 км), 9) «Аптэкарскі сад» у Нарачанскім нацыянальным парку, 10) «Міты і легенды Краю жыватворных крыніцаў» (250 км). Сярод іншага, высокай наведвальнасьцю адзначаўся заасад плошчай 120 гектараў у Буйнічах на поўдзень ад Магілёва, дзе на амаль 200 дзікіх жывёлаў было магчыма паглядзець з адкрытага цягніка[3].
 
Паломнікі ў Спаса-Эўфрасіньнеўскім манастыры Полацку (2009 год)
 
Фэстываль «Спадчына стагодзьдзяў» у Мірскім замку (2013 год)
 
Дзень адчыненых дзьвярэй на «БелАЗе» (Жодзін, 2007 год)
 
Аматарскі спуск па лыжнай трасе ў «Сілічах» (Лагойскі раён, 2007 год)

Перавозкі

рэдагаваць
  • Чыгуначныя. Беларуская чыгунка ахоплівала маршрутнай сеткай звыш 2100 паселішчаў краіны, куды дастаўляла 4-ма лініямі цягнікоў: 1) Гарадзкія — зьвязвалі абласныя цэнтры і Менск з гарадамі-спадарожнікамі, 2) Рэгіянальныя — між гарадамі адной вобласьці, 3) Міжрэгіянальныя — між абласнымі цэнтрамі, 4) Міжнародныя — зьвязвалі Беларусь зь іншымі краінамі. Квіткі на цягнік было магчыма заказаць анлайн і па тэлефоне з афармленьнем у касе або з дастаўкай у Гомлі, Магілёве і Менску, а таксама набыць асабіста ў касе на станцыі. Аплаціць электронны квіток можна было празь Сеціва з дапамогай аплатнай карткі і электроннымі грашыма «ІзіПэй» і «ВэбМані». Пры ўмове папярэдняй электроннай рэгістрацыі, падчас пасадкі ў цягнік дастаткова паказаць пашпарт. Цана праезду праз усю краіну зь Берасьця ў Віцебск цягніком міжрэгіянальных лініяў не перавышала 10 даляраў (25 рублёў) у купэ. У вагонах мясцовых цягнікоў забараняецца тытунепаленьне. На станцыях працавалі білетныя касы і гандлёвыя кіёскі. У буйных гарадах Беларусі дзейнічала 20 чыгуначных вакзалаў.
  • Аўтамабільныя. Ва ўсіх гарадах Беларусі дзейнічалі аўтастанцыі і аўтавакзалы Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі, дзе былі залі чаканьні і можна было набыць квіткі і ежу. У Менску аўтобусы прымалі Цэнтральны аўтавакзал і Аўтазаводзкая ды Паўднёва-Заходняя аўстастанцыі. Квіткі на праезд у міжгародніх і прыгарадных аўтобусах можна было набыць анлайн з выкарыстаньнем аплатных сыстэмаў «ВэбПэй» і «АйПэй». Таксама была разьвітая сетка прыватных маршрутных таксі[15]. Пры перасячэньні мяжы Беларусі на ўласным самаходзе варта мець пры сабе пасьведчаньне кіроўцы міжнароднага ўзору і пасьведчаньне ўласнасьці на самаход. У кантрольна-прапускным пункце патрэбна ўнесьці зьвесткі самахода ў мытную дэклярацыю і аформіць страхоўку грамадзянскай адказнасьці пры адсутнасьці міжнароднага страхавога пасьведчаньня «Зялёная картка». Страхоўка каштуе ад 5 да 50 эўра ў залежнасьці ад часу знаходжаньня ў Беларусі і афармляецца за 10 хвілінаў у страхавым бюро на прапускным пункце. Таксама пры спыненьні на дарозе супрацоўнікам Дзяржаўнай аўтамабільнай інспэкцыі МУС Беларусі варта паказаць пасьведчаньне кіроўцы і страхоўку. Аўтаінспэктары апранутыя ва ўніформу з жоўтымі флюарэсцэнтнымі палосамі і загадваюць спыніцца паласатым жазлом з чырвоным сьвятловяртальнікам. Іншаземцам з краінаў, якія не ўваходзяць у Мытны зьвяз ЭАЭЗ, варта мець у легкавым аўтамабілі і мікрааўтобусе вагой да 3,5 тонаў бартавыя прылады для электроннай аплаты праезду па аўтадарогах «БелТол». Працягласьць платных дарог складае 1786 км. Да іх ліку належаць аўтамагістраль М1 Берасьце—Менск—Рэдзькі (Дубровенскі раён) працягласьцю 609 км, дзялянкі аўтамагістраляў М2 Менск — Нацыянальны аэрапорт Менск (геаграфічна Смалявіцкі раён), М3 Менск—Віцебск, М4 Менск—Магілёў, М5 Менск—Гомель, М6 Менск—Горадня—Брузгі (Гарадзенскі раён) і М7 Менск—АшмяныКаменны Лог (Ашмянскі раён), а таксама дзялянкі аўтатрасаў Р1 Менск—Койданаў, Р21 Віцебск—Лёзна, Р23 Менск—Мікашэвічы (Лунінецкі раён), Р28 Менск—МаладэчнаНарач (Вялейскі раён) і Р99 БаранавічыВаўкавыскПагранічны—Горадня, як і пад’езд да Бераставіцы ад дарогі Р99. Расцэнкі платы за перамяшчэньне па беларускіх аўтамагістралях складалі ад 0,04 да 0,145 эўра за км у залежнасьці ад вагі і ліку восяў у самахода. Хуткасныя абмежаваньні складалі 110 км/гадзіна на аўтамагістралі, 90 км/гадз. на іншай дарозе па-за паселішчам і 60 км/гадз у паселішчы. За стырном забаранялася ўжываньне ўсялякай колькасьці алькаголю, у тым ліку піва. Пасьведчаньне кіроўцы замежнага і міжнароднага ўзору ёсьць сапраўдным у Беларусі цягам 3-х месяцаў ад часу ўезду ў краіну. Для працягу кіраваньня пасьля 3-х месяцаў патрэбна атрымаць беларускае пасьведчаньне кіроўцы ад ДАІ МУС Беларусі, для чаго варта прайсьці 3-месячную падрыхтоўку ў аўташколе і пасьпяхова здаць экзамэн па правілах дарожнага руху і кіраваньню самаходам. Сярод іншага, у буйных гарадах працаваў пракат самаходаў, якія можна было заказаць і з кіроўцам, у тым ліку ў гасьцініцу[16].
  • Паветраныя. Нацыянальны аэрапорт «Менск» прымаў рэгулярныя міжнародныя рэйсы зь іншых краінаў, а абласныя лётнішчы — пераважна чартэрныя самалёты.
  • Рачныя. Зь 10 рачных партаў былі даступныя водныя шляхі на такіх рэках, як Дняпро, Бярэзіна, Сож, Прыпяць, Дзьвіна, Нёман і Мухавец, а таксама на Дняпроўска-Бускім канале. Некалькі разоў на тыдзень ладзілі рэйсы з партоў Рэчыцы (Гомельская вобласьць), Гомлю і Пінску. У цёплую пару падарожнікі найчасьцей карысталіся воднымі экскурсіямі на цеплаходах у: Берасьці (Мухавец), Віцебску (Дзьвіна), Горадні (Нёман і Аўгустоўскі канал), Гомлі (Сож), Магілёве (Дняпро), Бабруйску (Бярэзіна), Мазыры і Пінску (Прыпяць), а таксама ў 3-х нацыянальных парках «Браслаўскія азёры» (возера Дрывяты), «Нарачанскі» (возера Нарач) і «Прыпяцкі», на Заслаўскім вадасховішчы (Менскае мора) і Выганашчанскім возеры (Івацэвіцкі раён). Сярод іншага па Аўгустоўскім канале хадзіў рачны трамвай. Таксама з Турава (Жыткавіцкі раён) плывучая гасьцініца «Палесьсе» на 8 каютаў хадзіла ў рачныя круізы па Прыпяці па 6 маршрутах да 3-х содняў.
  • Гарадзкія. Аўтобусы грамадзкага транспарту хадзілі ў большасьці гарадоў Беларусі. Тралейбусы задзейнічалі ў Бабруйску, Менску і ўсіх абласных цэнтрах. Трамвайны рух дзейнічаў у Віцебску, Мазыры, Менску і Наваполацку. Таксама ў Менску і іншых буйных гарадах працавала таксі, у тым ліку маршрутнае. У сталіцы Беларусі дзейнічаў Менскі мэтрапалітэн. Квіткі на праезд прадавалі на прыпынку ў кіёску, а таксама кіроўца і кандуктар. Праязныя білеты прадавалі на адзін ці некалькі відаў транспарту на тэрмін ад 1-го да 90 дзён і на колькасьць паездак ад 10 да 100[15].

Абавязкі і правы пры падарожжы

рэдагаваць
 
Падарожнікі каля касьцёлу Ўнебаўзяцьця Дзевы Марыі ў Будславе (Мядзельскі раён, 2013 год)

Паводле 13-га артыкула Закону Беларусі 1999 году «Аб турызьме», падарожніцы і падарожнікі абавязаныя:

Пры гэтым, падарожніцы і падарожнікі маюць права на:

  • патрэбныя і праўдзівыя зьвесткі аб праграме падарожжа;
  • свабоду перамяшчэньня і вольны доступ да падарожніцкіх рэсурсаў;
  • ахову сваіх правоў як спажыўцоў паслугаў;
  • неразгалошваньне зьвестак пра сябе з дамовы аказаньня падарожніцкіх паслугаў і краіну часовага знаходжаньня;
  • забесьпячэньне падарожніцкім прадпрыемствам бясьпекі падарожжа;
  • пакрыцьцё падарожніцкім прадпрыемствам прычыненых стратаў[17].

Умовы падарожжа

рэдагаваць
 
Фэст «Наш Грунвальд» (Пухавіцкі раён, 2016 год)

Згодна зь 15-м артыкулам Закону 1999 году «Аб турызьме» праграма падарожжа мае ўлучаць зьвесткі пра:

  • маршрут, а таксама дату і час пачатку і сканчэньня падарожжа;
  • парадак сустрэчы і провадаў, а таксама суправаджэньня падарожніцы і падарожніка;
  • самаходы для перавозкі падарожнікаў і тэрміны стыковак паездак;
  • жытло для разьмяшчэньня падарожнікаў, а таксама яго месцазнаходжаньне, від і правілы часовага пражываньня ў ім;
  • забесьпячэньне харчаваньнем падарожніцы і падарожнікаў падчас падарожжа[17].

Бязьвізавае падарожніцтва

рэдагаваць

На 2021 год у Беларусь бязь візы маглі прыяжджаць грамадзяне 24-х дзяржаваў, у тым ліку суседніх Расеі і Ўкраіны:

Таксама замежныя падарожнікі маглі прыляцець у Беларусь бязь візы на тэрмін да 30 дзён праз Нацыянальны аэрапорт «Менск» (геаграфічна Смалявіцкі раён) і кожнае зь 5 лётнішчаў абласных цэнтраў: «Берасьце», «Віцебск», «Гомель», «Горадня» і «Магілёў»[19]. Пры сабе грамадзянам 74-х дзяржаваў дастаткова было мець страхоўку на 10 000 эўра і па 2 базавыя велічыні грошай на кожны дзень знаходжаньня. Пры гэтым прылёт меў ажыцьцяўляцца не з Расеі[20]. Такі бязьвізавы дазвол на ўезд мелі грамадзяне 14 дзяржаваў Азіі і 3-х дзяржаваў Акіяніі, 2-х дзяржаваў Афрыкі і 5 дзяржаваў Паўднёвай Амэрыкі, 12 дзяржаваў Паўночнай Амэрыкі і 38 дзяржаваў Эўропы, у тым ліку суседніх Латвіі, Летувы і Польшчы. Сярод іх былі грамадзяне 3-х найбольш населеных дзяржаваў сьвету, якія знаходзіліся ў Азіі, такіх як Кітай, Індыя і Інданэзія. Таксама звыш 100 млн жыхароў мела Японія і каля 100 млн — Віетнам. Іншыя 3 дзяржавы ў дазвольным сьпісе, якія мелі звыш 100 млн жыхароў, былі ў Амэрыцы, такія як ЗША, Мэксыка і Бразылія[21].

Урэшце бязь візы дапускаўся прыезд замежных падарожнікаў на 15 дзён у Берасьцейскую і Гарадзенскую вобласьці праз:

Мінуўшчына

рэдагаваць
 
Карчма «Альбуць» у Завосьсі (Баранавіцкі раён, 2013 год)

У XVI стагодзьдзі для падарожнікаў у Вялікае Княства Літоўскае на мапах Эўропы пазначалі крыніцы гаючых водаў у Баркоўшчыне (Полацкае ваяводзтва, цяпер Ушацкі раён). Да 1830 году там існавала лячэбніца, дзе пілі мінэральную ваду і прымалі ванны. У 1855 годзе лекар Неміроўскі стварыў у гэтых мясьцінах прыватную здраўніцу, куды прыяжджалі лекавацца зь іншых краінаў Эўропы. У ХХ стагодзьдзі на месцы старадаўняга курорту стварылі здраўніцу «Лясныя азёры», якая працуе і ў ХХІ стагодзьдзі[10]. У 1920-я гады ў Беларускай ССР узьнік падарожніцкі рух, у тым ліку дзіцяча-юнацкі. З 1949 году запрацавалі Рэспубліканская і абласныя станцыі юных турыстаў. У 1957 годзе адбыўся 1-ы рэспубліканскі турысцкі паход вучняў. У 1959 годзе ў вёсцы Зялёнай Менскага раёну (Ждановіцкі сельсавет) правялі 1-ы зьлёт падарожнікаў. З 1964 году сталі ладзіць спаборніцтвы паводле такіх відаў падарожніцтва, як арыентаваньне на мясцовасьці, аўтамабільнае і воднае падарожніцтва, лыжнае і пешаходнае падарожніцтва, роварнае падарожніцтва і спэлеатурызм. Узьніклі абласныя і краёвыя падарожніцкія аб’яднаньні, прадпрыемствы падарожніцкага адпачынку і клюбы падарожнікаў. Распрацавалі маршруты падарожжаў па Беларусі і за мяжу[23].

З 1992 году ладзіцца штогадовае спаборніцтва ў падарожніцка-дастасоўным шматбор’і паводле відаў падарожніцтва. З 1999-га праводзяць турысцкія зьлёты для вучняў і студэнтаў. У 2000 годзе Беларусь наведалі 48 000 замежных падарожнікаў. Жыхары Беларусі зрабілі каля 1,2 млн паездак за мяжу. У Беларусі дзейнічала каля 250 гасьцініцаў, матэляў і турысцкіх базаў з агульнай умяшчальнасьцю каля 26 000 месцаў. На 2003 год выходзілі часопіс «Падарожнік» і газэта «Турызм і адпачынак». Арганізатарамі падарожніцкага руху былі П.Н. Багданаў і М.З. Гальчун, Уладзімер Ганапольскі і Ю.М. Кокараў, Фелікс Наркевіч і Г.А. Новікаў[23]. У 2013 годзе вучэльні Беларусі выпусьцілі 2800 адмыслоўцаў у галіне падарожніцтва. На 2014 год для рынку падарожніцкіх паслугаў адмыслоўцаў рыхтавалі 20 вышэйшых навучальных установаў і 6 сярэдніх спэцыяльных. Яшчэ 8 ВНУ вялі перападрыхтоўку адмыслоўцаў у гэтай галіне[24].

 
Гасьцініца «Дзьвіна» ў Полацку (2014 год)

За 2016 год падарожніцтва склала 2,2% сукупнага ўнутранага прадукту Беларусі (3,825 млрд рублёў). За 2015—2019 гады лік замежных падарожніц і падарожнікаў вырас на 46% з 276 300 да 405 500 чалавек. Тым часам, лік беларускіх падарожніц і падарожнікаў павялічыўся на 32% з 836 800 да 1,106 млн чалавек. На 2019 год у Беларусі налічвалася 243 292 занятых у галіне падарожніцтва, што складала 5,6% ад агульнага ліку занятых у гаспадарцы краіны. Сярод 1089 месцаў разьмяшчэньня налічвалася 597 гасьцініцаў і гасьцінных дамоў, 492 здраўніцы і іншыя аздараўляльныя ўстановы. У іх за 2019 год разьмясьцілі 2 950 431 асобу, у тым ліку 2 080 998 (70,5%) у гасьцініцах і 869 433 у здраўніцах і іншых аздараўляльных установах. Пры гэтым, сярод разьмешчаных асобаў 1,593 млн (54%) былі грамадзянамі Беларусі, у тым ліку 72% у здраўніцах і 46% у гасьцініцах. Падарожніц і падарожнікаў разьмясьцілі на 13 342 523 содні (у сярэднім на 5 дзён), у тым ліку здраўніцы на 8 762 544 дні (у сярэднім на 10 дзён) і гасьцініцы на 4 579 979 дзён (у сярэднім на 2 дні). Нумарны фонд налічваў 40 773 пакояў, у тым ліку 20 585 (50,5%) у гасьцініцах і 20 188 у здраўніцах і іншых аздараўляльных установах. Пры гэтым, 2760 сельскіх сядзібаў прынялі 514 767 падарожнікаў, зь іх 465,7 тыс. (90,5%) складалі грамадзяне Беларусі. Замежнікі ажыцьцявілі 11,832 млн паездак у Беларусь, што прывяло да росту экспарту адпаведных паслуг да 905,2 млн даляраў ЗША. На мясцовых падарожнікаў прыпала 1,107 млн падарожжаў па Беларусі, а на іншаземцаў — 405 472. Зь іх палову складалі экскурсанты. Сярэднемесячны заробак працаўнікоў падарожніцкіх прадпрыемстваў складаў 875 рублёў (420 $). Сярод замежных падарожнікаў 53,7% былі жыхарамі Расеі, а 40,8% — краінаў Эўразьвязу. У 5-ю краінаў з найбольшым лікам замежных падарожніц і падарожнікаў па Беларусі ўваходзілі: 1) Расея — 217 837 чалавек, 2) Летува — 76 060 (19%), 3) Польшча — 61 349 (15%), 4) Латвія — 10 478 (3%), 5) Кітай — 5121 (1%).[25].

У 2020 годзе ў сувязі з пандэміяй каронавіруснай інфэкцыі скараціўся агульны лік падарожжаў па Беларусі. У 483-х здраўніцах і курортных установах разьмясьцілі 628 600 чалавек, зь якіх 88% былі грамадзянамі Беларусі. У межах краіны грамадзяне Беларусі ажыцьцявілі 570 000 падарожжаў, зь якіх 86,5% склалі аднадзённыя паездкі дзеля экскурсіяў. У 2936 сельскіх сядзібах у сярэднім па 3 дні адпачылі 433 300 чалавек, зь іх 98% былі беларускімі грамадзянамі. Зь 95 краінаў у Беларусь прыехала 81 000 замежных падарожніц і падарожнікаў у сярэднім на 6 дзён. Найчасьцей у Беларусь падарожнічалі людзі з такіх суседніх краінаў, як Расея, Польшча, Летува і Латвія, а таксама з Турэччыны і Нямеччыны[26]. Агульны лік замежных наведнікаў упаў 3-кратна да 3,6 млн чалавек[27]. Паслугі гасьцініцаў скарысталі каля 1,1 млн чалавек, зь іх 70,1% мелі беларускае грамадзянства[28]. На 8 кастрычніка 2021 годзе на ўліку Міністэрства спорту і турызму Беларусі стаяла 1554 падарожніцкія прадпрыемствы[29]. На 2021 год у Беларусі дзейнічала 380 гасьцініцаў, зь якіх 10% былі 3-зоркавымі. У абласных цэнтрах працавалі 4-х і 5-зоркавыя гасьцініцы. Таксама дзейнічала каля 210 гасьцінных дамоў у выглядзе гостэлаў і матэляў[30].

  1. ^ Этнаграфічны турызм у Беларусі // Belarus.by, 2021 г. Праверана 24 кастрычніка 2021 г.
  2. ^ Агратурызм у Беларусі // Belarus.by, 2021 г. Праверана 24 кастрычніка 2021 г.
  3. ^ Экатурызм у Беларусі // Belarus.by, 2021 г. Праверана 24 кастрычніка 2021 г.
  4. ^ Рэлігійны турызм у Беларусі // Belarus.by, 2021 г. Праверана 24 кастрычніка 2021 г.
  5. ^ Сярэдневяковыя бітвы і рыцарскія фэстывалі ў Беларусі // Belarus.by, 2021 г. Праверана 24 кастрычніка 2021 г.
  6. ^ Прамысловы турызм у Беларусі // Belarus.by, 2021 г. Праверана 24 кастрычніка 2021 г.
  7. ^ Актыўны адпачынак у Беларусі // Belarus.by, 2021 г. Праверана 24 кастрычніка 2021 г.
  8. ^ Гарналыжныя курорты Беларусі // Belarus.by, 2021 г. Праверана 24 кастрычніка 2021 г.
  9. ^ Лячэньне ў Беларусі // Belarus.by, 2021 г. Праверана 24 кастрычніка 2021 г.
  10. ^ а б Санаторыі Беларусі // Belarus.by, 2021 г. Праверана 24 кастрычніка 2021 г.
  11. ^ Пакупкі ў Беларусі // Belarus.by, 2021 г. Праверана 24 кастрычніка 2021 г.
  12. ^ Што можна купіць у Беларусі // Belarus.by, 2021 г. Праверана 24 кастрычніка 2021 г.
  13. ^ Гастранамічны турызм // Афіцыйны турыстычны партал Беларусі, 2021 г. Праверана 20 лістапада 2021 г.
  14. ^ Гастранамічны турызм у Беларусі // Афіцыйны турыстычны партал Беларусі, 2021 г. Праверана 20 лістапада 2021 г.
  15. ^ а б Транспарт Беларусі // Belarus.by, 2021 г. Праверана 20 лістапада 2021 г.
  16. ^ Ваджэньне ў Беларусі // Belarus.by, 2021 г. Праверана 20 лістапада 2021 г.
  17. ^ а б в А. Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь ад 25 лістапада 1999 г. № 326-З «Аб турызьме» (рас.) // Партал «Эталён-Анлайн», 23 ліпеня 2016 г. Праверана 24 кастрычніка 2021 г.
  18. ^ Бязьвізавы рух (агульная інфармацыя) // Міністэрства замежных справаў Беларусі, 2021 г. Праверана 7 лістапада 2021 г.
  19. ^ Турыстычныя візы для Беларусі // Belarus.by, 2021 г. Праверана 7 лістапада 2021 г.
  20. ^ Інфармацыя аб бязьвізавым перамяшчэньні праз пункт пропуску Нацыянальны аэрапорт «Менск» // Міністэрства замежных справаў Беларусі, 2021 г. Праверана 7 лістапада 2021 г.
  21. ^ У Беларусь бязь візы // БелТА, 27 ліпеня 2018 г. Праверана 21 ліпеня 2021 г.
  22. ^ Парадак бязьвізавага ўезду «Берасьце-Горадня» // Міністэрства замежных справаў Беларусі, 2021 г. Праверана 7 лістапада 2021 г.
  23. ^ а б Уладзімер Ганапольскі. Турызм // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 16: Трыпалі — Хвіліна. — С. 59. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0263-6
  24. ^ Эмілія Шэлест. Сардэчна запрашаем // Зьвязда : газэта. — 15 студзеня 2014. — № 6 (27616). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  25. ^ І.С. Кангро, Ж.Н. Васілеўская. Турызм і турыстычныя рэсурсы ў Рэспубліцы Беларусь = Туризм и туристические ресурсы в Республике Беларусь / гал.рэд. Іна Мядзьведзева. — Менск: Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 2020. — С. 6—30. — 30 с. — ISBN 978-985-7241-03-3
  26. ^ Турызм у Беларусі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 27 верасьня 2021 г. Праверана 21 лістапада 2021 г.
  27. ^ Адпачынак і турызм // Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, 2021 г. Праверана 21 лістапада 2021 г.
  28. ^ Канстанцін Міхальчэўскі. Турызм у каронавірус: куды беларусы езьдзілі адпачываць у 2020 годзе // Радыё «Спадарожнік», 7 сакавіка 2021 г. Праверана 21 лістапада 2021 г.
  29. ^ Пералік установаў падарожніцкай дзейнасьці (рас.) // Міністэрства спорту і турызму Беларусі, 8 кастрычніка 2021 г. Праверана 23 кастрычніка 2021 г.
  30. ^ Гасьцініцы Беларусі // Belarus.by, 2021 г. Праверана 24 кастрычніка 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць