Грузія
Гру́зія (па-грузінску: საქართველო — трансьліт. Сакартвэла) — краіна на ўсходнім узьбярэжжы Чорнага мора, большая частка якой знаходзіцца на паўднёвым Каўказе. Мяжуе з Расеяй на поўначы і Турэччынай, Армэніяй і Азэрбайджанам на поўдні. Тэрыторыі Абхазіі й Паўднёвае Асэтыі не кантралююцца грузінскім урадам ды разглядаюцца ім, Парлямэнцкай асамблеяй АБСЭ ды Эўрапейскай Камісіяй[2] як акупаваныя Расеяй часткі Грузіі.
Грузія лац. Hruzija საქართველო | |||||
| |||||
Нацыянальны дэвіз: ძალა ერთობაშია - Dzala ertobashia | |||||
Дзяржаўны гімн: «Tavisupleba» | |||||
Афіцыйная мова | Грузінская | ||||
Сталіца | Тбілісі | ||||
Найбуйнейшы горад | Тбілісі | ||||
Форма кіраваньня | Рэспубліка Саламэ Зурабішвілі Георгій Гахарыя[1] | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
118-е месца ў сьвеце 69 700 км² нязначны | ||||
Насельніцтва • агульнае (2008) • шчыльнасьць |
112-е месца ў сьвеце 4 730 841 67/км² | ||||
СУП • агульны (2008) • на душу насельніцтва |
122 месца ў сьвеце $21,397 мільярда $4863 | ||||
Валюта | Лары (GEL) | ||||
Часавы пас | GET (UTC+4) | ||||
Незалежнасьць - ад СССР |
9 красавіка 1991 | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .ge | ||||
Тэлефонны код | +995 | ||||
Гісторыя
рэдагавацьТэрыторыя Грузіі заселеная з раньняга палеаліту. Тут выяўлены шматлікія археалягічныя помнікі каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. На мяжы 2-1-га тыс. да н. э. пачалі складвацца саюзы старажытнагруз. плямён. У 6-4 ст. да н. э. узьніклі груз. раньнерабаўладальніцкія дзяржавы — Калхідзкае царства і Іберыйскае царства. Ад 1 ст. да н. э. Грузія залежала ад Рыма. Фэўдальныя адносіны зарадзіліся ў 1-4 ст. н. э. Каля 397 хрысьціянства абвешчана афіцыйнай рэлігіяй. У 5-6 ст. Грузія змагалася супраць агрэсіі Ірана і Бізантыі, у 7-9 ст. — супраць арабаў. На мяжы 8-9 ст. узьніклі фэўдальныя царствы і княствы (самтвара), якія ў пач. 11 ст. аб’яднаны ў адзіную фэўдальную дзяржаву на чале з дынастыяй Багратыёнаў. 11-12 ст. — пэрыяд палітычнай магутнасьці, эканамічнага і культурнага роськвіту фэўдальнай Грузіі, якая ў часы праўленьня Давіда Будаўніка, Георгія III і Тамары стала адной з наймагутнейшых дзяржаваў Закаўказьзя і Бліжэйшага Ўсходу; значнага ўздыму дасягнулі навука і культура. Грузія падтрымлівала культурна-эканамічныя сувязі зь Бізантыяй, краінамі Захаду, арабскага Ўсходу, Кіеўскай Русі. У 2-й чвэрці 13 ст. Грузія заваявана манголамі. У выніку нашэсьця Тымура ў 2-й пал. 14 ст. краіна заняпала, узмацнілася фэўдальная раздробленасьць. У канцы 15 ст. Грузія распалася на незалежныя царствы — Картлійскае, Кахецінскае і Імерэцінскае і княства Самцхе-Саатабага. У 16 ст. у Імерэцінскім царстве вылучыліся незалежныя княствы Мегрэлія, Абхазія і Гурыя. У 16-18 ст. грузінскі народ вёў упартую барацьбу супраць агрэсіі Ірана і Турцыі. Трагічнымі для Грузіі былі паходы ў Картлі і Кахеты ў 1-й чвэрці 17 ст. войск шаха Абаса I, які імкнуўся зьнішчыць мясцовае насельніцтва (толькі ў Кахеты загінула 100 тыс. чал, 200 тыс. вывезена ў Іран) і засяліць Грузію качэўнікамі. Супраць іранскага прыгнёту адбыліся паўстаньні ў 1625 у Картлі пад кіраўніцтвам Г. Саакадзэ і ў 1659 г. у Кахеты. Заваяваньне Турэччынай Самцхе-Саатабага з Аджарыяй і інш. тэрыторыямі суправаджалася гвалтоўным атурэчваньнем мясцовага насельніцтва і продажам яго ў рабства. У 2-й пал. 18 ст. ўзмацніліся Картлійска-Кахецінскае і Імерэцінскае царствы. Пасьля некалькіх паражэньняў, нанесеных грузінскімі войскмі, туркі былі выгнаныя з краіны. У 16-18 ст. набылі рэгулярны характар сувязі Грузіі з Расеяй, перарваныя мангольскім нашэсьцем. Іх умацаваньне прывяло да заключэньня Георгіеўскага трактата 1783, паводле якога Расея ўстаноўлівала пратэктарат над Усходняй Грузіяй. У 1801 Усходняя Грузія, у 1803-64 Заходняя Грузія ўвайшлі ў склад Расеі; утвораны Тыфліская і Кутаіцкая губэрні. У выніку расейска-пэрсыдзкіх (1804-13, 1826-28) і расейска-турэцкіх (1806—1812, 1828—29) войнаў, у якіх актыўна ўдзельнічалі грузіны, вызвалена большая частка тэрыторыяў, адарваных ад Грузіі. У 1830-40-я г. разьвівалася дробнатаварная вытворчасьць, узьнікалі мануфактурныя прадпрыемствы, павялічвалася колькасьць гарадзкога насельніцтва; Грузія ўключылася ў агульнарасейскі рынак. Адмена прыгону ў Грузіі (1864-71) паскорыла разьвіцьцё капіталізму. Зарадзілася фабрычна-завадзкая вытворчасьць, будаўніцтва чыгунак, гарнарудная прамысловасьць (асабліва здабыча чыятурскага марганцу). У 1899 у Грузіі было больш за 2 тыс. прамысловых прадпрыемстваў, каля 18 тыс. рабочых. Разьвіцьцё капіталістычных адносін, палітычная і эканамічная кансалідацыя Грузіі стварылі ўмовы для разьвіцьця грузінскай нацыі[3].
Палітыка
рэдагавацьГрузія — дэмакратычная прэзыдэнцкая рэспубліка, у якой прэзыдэнт зьяўляецца кіраўніком краіны, а прэм’ер-міністар кіруе ўрадам.
Выканаўчая ўлада належыць прэзыдэнту і Кабінэту Грузіі. Кабінэт складаецца зь міністраў, якіх узначальвае прэм’ер-міністар, якога, у сваю чаргу, прызначае прэзыдэнт. Міністар абароны выведзены са складу Кабінэту Грузіі і падпарадкоўваецца непасрэдна прэзыдэнту.
Цяперашнім прэзыдэнтам Грузіі зьяўляецца Георгі Маргвелашвілі (ад 17 лістапада 2013 году), які зьмяніў на гэтай пасадзе Міхаіла Саакашвілі.
Заканадаўчая ўлада належыць парлямэнту Грузіі, які складаецца са 150 дэпутатаў, зь якіх 75 выбіраюцца на прапарцыянальнай аснове, і астатнія 75 праз аднамандатныя акругі. Парлямэнтарыі выбіраюцца на пяцігадовы тэрмін.
Геаграфія
рэдагавацьНа тэрыторыі Грузіі пануе субтрапічны клімат, вельмі вільготны ў заходніх рэгіёнах і кантынэнтальны на ўсход ад Сурамскіх гор. У выніку ўзвышанага характару паверхні краіны клімат мае ярка выражаны паясны характар. Самая большая колькасьць ападкаў назіраецца на схілах Мехецкіх гораў, у паблізу Батумі (болей за 4000 мм штогод), а ў паўднёва-ўсходняй частцы Грузіі колькасьць ападкаў дасягае толькі 200 мм штогод. Выразная кліматычная мяжа ў Грузіі праходзіць праз Сурамскія горы. Паўднёвыя схілы гэтых гор дзеляць краіну на практычна роўныя часткі: заходнюю, з субтрапічным марскім кліматам і ўсходнюю з субтрапічным сухім.
На захадзе Грузіі растуць фігавыя дрэвы, пальмы, аліўкі і іншыя міжземнаморскія расьліны. У цэнтральная Грузіі сустракаюцца мясцовасьці, дзе вырошчваюць ківі і бананы. Цытрусавыя, гранаты і хурму можна сустрэць нават на вуліцах Тбілісі. У астатняй частцы краіны, уздоўж Каўказу растуць тыпова горныя ці альпійскія расьліны. Ва ўсёй Грузіі значнае разьвіцьцё атрымала вырошчваньне вінаграду. Грузінскія віны вядомыя далёка па-за межамі краіны.
Эканоміка
рэдагавацьУ сярэдзіне 2000-х гадоў урад Грузіі прыняў праграму інтэнсіўнай прыватызацыі і барацьбы з карупцыяй. Лібэралізацыя эканомікі для замежных інвэстараў, прывалі да росту замежных інвэстыцыяў і павялічэньню фінансавай дапамогі з боку міжнародных арганізацыяў.
Асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі зьяўляюцца жыта, цытрусы, гарбата. Існуе значныя радовішчы марганцу (Чыятура), каменнага вугалю (Ткібулі), медзі (Марнэўлі). Радовішчы нафты і прыроднага газу зьяўляюцца нязначнымі, аднак важнае эканамічнае значэньне мае трубаправод які ідзе праз тэрыторыю Грузіі і злучае нафтавыя радовішчы Касьпійскага мора і Цэнтральнай Азіі з Эўропай і Турэччынай.
Прамысловасьць Грузіі прадстаўлена прадпрыемствамі харчовай, хімічнай, будаўнічай і лёгкай прамысловасьці, машынабудаўніцтвам, чорнай і каляровай мэталюргіяй. Будова прамысловай вытворчасьці складаецца зь перапрацоўчай прамысловасьці — 69%, энэргетыка — 24%, горная прамысловасьць — 7%.
Дэмаграфія
рэдагавацьГрузіны зьяўляюцца нацыянальнай большасьцю краіны (83,8%). Астатнія этнічныя групы складаюць: азэрбайджанцы — 6,5%, армяне — 5,7%, расейцы — 1,5%, абхазы і асэтыны — меней за 1% агульнай колькасьці насельніцтва. Існуюць і больш дробныя этнічныя групы: асырыйцы, чачэнцы, кітайцы, габрэі, грэкі, кабардынцы, курды, татары, туркі і ўкраінцы. Габрэйская абшчына зьяўляецца адной з самых старажытных на сьвеце.
У Грузіі існуе значная моўная разнастайнасьць. У краіне ўжываюцца наступныя мовы: грузінская, лазкая, мінгрэліянская і сванская, акрамя гэтага этнічныя групы карыстаюцца ўласнымі мовамі. Афіцыйнай мовай зьяўляецца грузінская і абхаская (у аўтаномнай рэспубліцы Абхазія). Грузінская мовай карыстаюцца 71% насельніцтва, 9% размаўляюць па-расейску, 7% карыстаюцца армянскай мовай, 6% — азэрбайджанскай, і 7% карыстаюцца іншымі мовамі. 100% насельніцтва Грузіі зьяўляюцца пісьменнымі.
У пачатку 1990-х гадоў пасьля распаду СССР, у выніку этнічных канфліктаў, якія ўзьніклі ў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, шматлікія асэтыны пакінулі Грузію і перасяліліся ў іншыя краіны (большасьць у Паўночную Асэтыю ў Расеі). Болей за 150 000 грузінаў перасяліліся з Абхазіі ў іншыя рэгіёны краіны пасьля 1993 году.
Большасьць насельніцтва Грузіі зьяўляюцца праваслаўнымі хрысьціянамі Грузінскай Праваслаўнай Царквы (81,9%). Акрамя гэтага існуюць рэлігійныя абшчына мусульманаў (9,9%), хрысьціянаў армянскай царквы (2%), каталікоў (0,8%), а 0,7% насельніцтва зьяўляюцца атэістамі.
Транспарт
рэдагавацьДаўжыня чыгунак — больш за 1600 км. У чыгуначных перавозках пераважаюць перавозкі нафтапрадуктаў. Найбуйнейшыя марскія парты краіны: Батумі, Поці, Супса.
-
Tbilisi
-
Mtskheta
-
Stepantsminda
-
Bodbe
-
Ananuri
-
Sighnaghi
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Новым прэм'ер-міністрам Грузіі стаў кіраўнік МУС. Радыё Свабода (8 верасьня 2019).
- ^ ОБСЕ не желает признавать новые реалии на Кавказе, считает МИД РФ (рас.)
- ^ Грузія // БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 458