Нарвэгія

краіна ў Паўночнай Эўропе
Нарвэгія
Kongeriket Norge
Kongeriket Noreg
Сьцяг Нарвэгіі Герб Нарвэгіі
(Сьцяг) (Герб)
Нацыянальны дэвіз: Alt for Norge, Enig og tro til Dovre faller
Дзяржаўны гімн
«Ja, vi elsker dette landet»
Месцазнаходжаньне Нарвэгіі
Афіцыйная мова нарвэская
Сталіца Осьлё
Найбуйнейшы горад Осьлё
Форма кіраваньня Канстытуцыйная манархія
Гаральд V
Ёнас Гар Стэрэ
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
67-е месца ў сьвеце
385 207[1] км²
5,7
Насельніцтва
 • агульнае (2023)
 • шчыльнасьць
120-е месца ў сьвеце
5 488 984[2]
14,3/км²
СУП
 • агульны (2009)
 • на душу насельніцтва
42-е месца ў сьвеце
$254,537 млрд
$52561
Валюта Нарвэская крона (NOK)
Часавы пас
 • улетку
CET (UTC+1)
CEST (UTC+2)
Незалежнасьць
— абвешчаная
— прызнаная
Ад саюзу са Швэцыяй
7 чэрвеня 1905
26 кастрычніка 1905
Аўтамабільны знак N
Дамэн верхняга ўзроўню .no
Тэлефонны код +47
Мапа Нарвэгіі

Карале́ўства Нарвэ́гія, Карале́ўства Нарвэ́ґія (па-нарвэску: Kongeriket Norge, па-нованарвэску: Kongeriket Noreg) — краіна ў Скандынавіі. Мяжуе з Швэцыяй, Фінляндыяй і Расеяй.

ГеаграфіяРэдагаваць

Нарвэгія займае заходнюю, горную частку Скандынаўскага паўвострава. Гэты буйны масіў складзены пераважна гранітамі й гнейсамі характарызуецца перасечаным рэльефам. Паўвостраў асымэтрычна падняты да захаду, у выніку заходнія, нарвэскія, схілы вельмі стромкія і кароткія.

На поўдні ў межах Нарвэгіі разьмешчана шырокае нагор’е. Да поўначы ад мяжы Нарвэгіі й Фінляндыі вышэй за 1200 м паднімаюцца ўсяго некалькі вяршыняў, але па кірунку да поўдня вышыні гор паступова павялічваюцца, дасягаючы максымальных адзнак 2469 м (гара Галхёпіген) у масіве Ютунхеймэн. Іншыя ўзьнятыя ўчасткі нагор’я толькі нешмат саступаюць па вышыні. Там нярэдка сустракаюца голыя скалы, пазбаўленыя глебава-расьліннага покрыва. Вонкава паверхня шматлікіх гор больш нагадвае слабахвалістае плято, і такія ўчасткі носяць назву «віда».

Падчас вялікага ледавіковага пэрыяду ў гарах Нарвэгіі было разьвіта зьлядненьне, але сучасныя ледавікі невялікія. Самыя значныя зь іх — у гарах Ютунхеймэн і ў паўночнай частцы Нарвэгіі. Звычайна сьняговая лінія ў Нарвэгіі знаходзіцца на вышынях 900—1500 м. Шматлікія асаблівасьці рэльефу краіны сфармаваліся падчас ледавіковага пэрыяду. Верагодна, тады было некалькі мацерыковых зьлядненьняў, і кожнае зь іх спрыяла разьвіцьцю эрозіі, паглыбленьню і выпростваньню старажытных рачных далін і іх ператварэньню ў маляўнічыя, са стромкімі схіламі трогі U-падобнай формы, што глыбока праразаюць паверхню нагор’яў.

Пасьля раставаньня мацерыковага ледавіка былі затопленыя нізоўі старажытных далін, дзе ўтварыліся фіёрды. Фіёрдавыя берагі дзівяць незвычайнай маляўнічасьцю і маюць вельмі важнае гаспадарчае значэньне. Шматлікія фіёрды вельмі глыбокія. Напрыклад, Согне-фіёрд, разьмешчаны ў 72 км да поўначы ад Бэргену, у ніжняй частцы дасягае глыбіні 1308 м. Ланцуг прыбярэжных выспаў — т. зв. скергор абараняе фіёрды ад моцных заходніх вятроў, якія дзьмуць з Атлянтычнага акіяна. Некаторыя выспы ўяўляюць сабой аголеныя скалы, аб якія разьбіваецца прыбой, іншыя дасягаюць значных памераў.

 
Гейрангер-фіёрд

Большасьць нарвэжцаў жывуць на берагах фіёрдаў. Найважнейшыя — Осьлё-фіёрд, Хардангер-фіёрд, Согне-фіёрд, Нур-фіёрд, Стур-фіёрд і Троннхеймс-фіёрд.

На ўсходзе Нарвэгіі знаходзяцца самыя вялікія рэкі, уключаючы Глому даўжынёй 591 км. На захадзе краіны рэкі кароткія і хуткія. У паўднёвай Нарвэгіі шмат маляўнічых азёраў. Найбуйнае ў краіне возера М’еса. У канцы 19 стагодзьдзя было збудавана некалькі невялікіх каналаў, якія злучаюць возера з марскімі партамі на паўднёвым узьбярэжжы, але ў цяперашні час яны выкарыстоўваюцца мала. Гідраэнэргарэсурсы рэк і азёраў Нарвэгіі ўносяць істотны ўклад у яе эканамічны патэнцыял.

Нягледзячы на паўночнае становішча, Нарвэгіі ўласьцівы спрыяльны клімат з прахалодным летам і адносна мяккай (для адпаведных шырот) зімой — вынікам узьдзеяньня Гальфстрыму. Сярэдняя гадавая колькасьць ападкаў вар’іруе ад 3330 мм на захадзе, куды ў першую чаргу паступаюць вільготныя вятры, да 250 мм у некаторых адасобленых рачных далінах на ўсходзе краіны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня каля 0 °С характэрная для паўднёвага і заходняга ўзьбярэжжаў, тады як ва ўнутраных раёнах яна паніжаецца да –4 °С і меней. У ліпені сярэднія тэмпэратуры на ўзьбярэжжа каля 14 °С, а ва ўнутраных раёнах — каля 16 °С.

Урадлівыя глебы пакрываюць усяго каля 4 % усёй тэрыторыі Нарвэгіі і сканцэнтраваны пераважна ў навакольлях Осьлё і Тронхэйму.

 
Хваёвы лес

Паколькі бoльшую частку краіны займаюць горы, плято і ледавікі, магчымасьці для росту і разьвіцьця расьлінаў абмежаваныя. Вылучаюць пяць геабатанічных раёнаў: бязьлесны прыбярэжны з лугамі і хмызьнякамі, на ўсход ад яго лісьцёвыя лясы, далей у глыб краіны і да поўначы — хваёвыя лясы, вышэй і яшчэ далей на поўнач пояс карлікавых бяроз, верб і шматгадовай травы; нарэшце, на самых вялікіх вышынях — пояс травы, імхаў і лішайнікаў. Хваёвыя лясы — адзін з найважных прыродных рэсурсаў Нарвэгіі, яны даюць разнастайную экспартную прадукцыю.

У арктычным раёне звычайна сустракаюцца паўночны алень, лемінг, пясец і гага. У лясах да самога поўдні краіны водзяцца гарнастай, заяц, лось, лісіца, вавёрка і, у невялікай колькасьці, воўк і буры мядзьведзь. Высакародны алень распаўсюджаны ўздоўж паўднёвага ўзьбярэжжа.

ДэмаграфіяРэдагаваць

Нарвэгія — даволі аднародная паводле складу насельніцтва краіна. Пераважную большасьць складаюць нарвэжцы, на поўначы жывуць ляпляндцы, паступова павялічваецца доля мігрантаў зь іншых краінаў.

Традыцыйныя заняткі насельніцтва — рыбалоўства ў фіёрдах, земляробства, жывёлагадоўля і лясная гаспадарка ў асобных месцах па берагах фіёрдаў і ў горах.

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ Arealstatistics for Norway 2019. Kartverket, mapping directory for Norway (2019). Праверана 2019-03-20 г.
  2. ^ Population, 2023-01-01(анг.). Statistics Norway (2023-02-21). Праверана 2023-02-28 г.

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць