Клімат Беларусі
Клімат Беларусі ўмераны пераходны ад марскога да кантынэнтальнага.
Асноўныя рысы
рэдагавацьАсноўнымі фактарамі, якія ўплываюць на фармаваньне клімату, зьяўляюцца геаграфічнае становішча і рэльеф.
Асаблівасьці клімату Беларусі абумоўлены:
- разьмяшчэньнем тэрыторыі ва ўмераных шыротах;
- перавагай раўніннага рэльефу;
- блізкасьцю Атлянтычнага акіяну;
- адсутнасьцю гор у межах краіны і ў суседніх рэгіёнах.
Асноўныя рысы клімату Беларусі — мяккасьць, невялікія амплітуды тэмпэратур, дастатковая колькасьць ападкаў, няўстойлівы характар надвор’я. Нягледзячы на невялікую плошчу Беларусі, кліматычныя паказчыкі ў розных рэгіёнах рэспублікі адрозьніваюцца.
Сонечная радыяцыя
рэдагавацьКолькасьць сонечнай радыяцыі абумоўлена вуглом падзеньня сонечных прамянёў і працягласьцю дня. Вугал падзеньня сонечных прамянёў на поўначы Беларусі больш востры, чым на поўдні, на працягу цэлага году. Працягласьць дня летам на поўначы краіны большая, чым на поўдні, на 1 гадзіну 10 хвілін, а зімою дзень на паўгадзіны даўжэйшы, чым на поўдні. Таму колькасьць сонечнай радыяцыі летам амаль аднолькавая па ўсёй тэрыторыі Беларусі, але зімой паўднёвыя раёны атрымліваюць яе значна больш.
Агульная сонечная радыяцыя павялічваецца ў напрамку з поўначы на поўдзень. Гадавая агульная радыяцыя ў паўночных раёнах складае каля 3600 МДж/м². Паўднёвыя раёны атрымліваюць больш за 4000 МДж/м².
Сонечная радыяцыя значна зьмяняецца на працягу году. У чэрвені яна амаль у 15 разоў больш, чым у сьнежні. Летам пераважае наўпроставая сонечная радыяцыя (50—55% ад агульнай). Зімой і восеньню 70—80% складае доля расьсеянай сонечнай радыяцыі.
Велічыня радыяцыйнага балянсу на тэрыторыі Беларусі павялічваецца з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад ад 1500 да 1900 МДж/м². Зімой зямная паверхня атрымлівае мала сонечнай радыяцыі, таму радыяцыйны балянс адмоўны.
Атмасфэрная цыркуляцыя
рэдагавацьВа ўмераных шыротах пераважае заходні перанос паветраных мас, таму для Беларусі найбольш характэрны заходнія вятры. У сувязі са зьменай атмасфэрнага ціску зімой і летам напрамак вятроў крыху зьмяняецца. Зімой пераважаюць паўднёва-заходнія вятры, а летам — паўночна-заходнія. Такая атмасфэрная цыркуляцыя абумовіла перавагу на працягу году атлянтычнага паветра ўмераных шыротаў. Зь ім зьвязаны пахмурнае надвор’е і дажджы летам, сьнег і адліга — зімой. Адсутнасьць гор прыводзіць да пранікненьня на тэрыторыю краіны кантынэнтальных паветраных мас з усходу. Яны звычайна прыносяць сухое надвор’е зімой і летам. Пэрыядычна на тэрыторыю Беларусі паступаюць арктычныя паветраныя масы, якія прыводзяць да рэзкага пахаладаньня, а летам можа пранікаць трапічнае паветра. Характэрнай рысай атмасфэрнай цыркуляцыі зьяўляецца частая зьмена цыклёнаў і антыцыклён, які прыводзіць да няўстойлівасьці надвор’я, асабліва восеньню і вясной.
Цеплавы рэжым
рэдагавацьКлімат Беларусі характарызуецца дадатнымі сярэднегадавымі тэмпэратурамі паветра. Яны паступова павялічваюцца з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад ад +5,5 да +7,5 °С. Самы халодны месяц — студзень. У студзені сярэдняя тэмпэратура паветра паніжаецца з паўднёвага захаду на паўночны ўсход ад −3,4 да −7,2 °С. Атлянтычнае паветра ў большай ступені ацяпляе паўднёва-заходнія раёны краіны.
Часта зімою тэмпэратуры паніжаюцца да −20…-30 °С, а абсалютныя мінімальныя тэмпэратуры, якія фіксаваліся ў Беларусі, складаюць −36…-42 °С. Летам разьмеркаваньне тэмпэратураў галоўным чынам залежыць ад прытоку сонечнай радыяцыі. Таму тэмпэратуры самага цёплага месяца (ліпеня) павялічваюцца з поўначы на поўдзень. Розьніца тэмпэратур значна меншая, чым зімой. У паўночных раёнах тэмпэратура паветра ў ліпені каля +17 °С, у паўднёвых — каля +19 °С. Абсалютныя максымальныя тэмпэратуры паветра складаюць +35…+38 °С.
Вільготнасьць паветра, воблачнасьць, ападкі
рэдагавацьДля Беларусі характэрна павышаная вільготнасьць паветра на працягу году. Абумоўлена гэта перавагай вільготнага атлянтычнага паветра. У асеньне-зімовы пэрыяд на ўсёй тэрыторыі Беларусі адносная вільготнасьць паветра перавышае 80%. Вясной і летам з-за больш высокіх тэмпэратураў яна паніжаецца да 50—60%, а ў асобныя дні нават да 30%.
Высокая вільготнасьць паветра зьяўляецца прычынай частых туманаў. Часьцей за ўсё туманы ўзьнікаюць у зачыненых катлавінах на ўзвышшах. Больш за 70% дзён з туманамі прыпадае на пэрыяд з кастрычніка па сакавік.
З высокай вільготнасьцю паветра зьвязана і значная воблачнасьць над тэрыторыяй Беларусі. У халодную палову году на працягу 85% дзён назіраецца пахмурнае надвор’е, летам — на працягу 50%.
Беларусь адносіцца да зоны дастатковага ўвільгатненьня. Колькасьць ападкаў паступова памяншаецца з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Ападкі моцна залежаць ад рэльефу. Таму цэнтральная частка Беларусі, дзе пераважаюць узвышшы, атрымлівае 650—700 мм ападкаў. Самым увільготненым месцам рэспублікі зьяўляецца Наваградзкае ўзвышша, дзе выпадае больш за 750 мм ападкаў у год. На нізінах паўночных і паўднёвых раёнаў краіны колькасьць ападкаў паніжаецца да 550—600 мм. Назіраюцца значныя ваганьні ападкаў па гадах. У засушлівыя гады можа выпадаць усяго каля 300 мм, а ў найбольш вільготныя — звыш 1100 мм.
Кліматычныя зьвесткі для Менску | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказьнік | Сту | Лют | Сак | Кра | Тра | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сьн | Год |
Абсалютны максымум t, °C | 10,3 | 13,6 | 18,9 | 26,0 | 30,9 | 32,5 | 33,9 | 34,6 | 30,3 | 24,7 | 16,0 | 10,3 | 34,6 |
Сярэдні максымум t, °C | −2,1 | −1,4 | 3,8 | 12,2 | 18,7 | 21,5 | 23,6 | 22,8 | 16,7 | 10,2 | 2,9 | −1,2 | 10,6 |
Сярэдняя t, °C | −4,5 | −4,4 | 0,0 | 7,2 | 13,3 | 16,4 | 18,5 | 17,5 | 12,1 | 6,6 | 0,6 | −3,4 | 6,7 |
Сярэдні мінімум t, °C | −6,7 | −7 | −3,3 | 2,6 | 8,1 | 11,7 | 13,8 | 12,8 | 8,2 | 3,6 | −1,3 | −5,5 | 3,1 |
Абсалютны мінімум t, °C | −39,1 | −35,1 | −30,5 | −18,4 | −5 | 0 | 3,8 | 1,7 | −4,7 | −12,9 | −20,4 | −30,6 | −39,1 |
Норма ападкаў, мм | 45 | 38 | 44 | 42 | 65 | 89 | 89 | 68 | 60 | 53 | 48 | 49 | 690 |
Крыніца: Надвор'е і клімат |
На цёплую палову году (красавік — верасень) даводзіцца 70% гадавой сумы ападкаў. Больш за ўсё ападкаў выпадае ў ліпені, менш за ўсё — у лютым, сакавіку і студзені. У сярэднім за год колькасьць сутак з ападкамі на ўзвышшах складае 180—190, а на нізінах — 160—170. Часьцей за ўсё ападкі выпадаюць зімой і восеньню (лістапад — студзень). Летам ападкі выпадаюць радзей, але іх інтэнсіўнасьць большая. Даволі часта яны суправаджаюцца навальніцамі, а часам выпадаюць у выглядзе граду.
Зімой ападкі выпадаюць у выглядзе сьнегу і ўтвараюць сьнежнае покрыва. Максымальная вышыня сьнежнага покрыва звычайна назіраецца ў канцы зімы. Яна павялічваецца з паўднёвага захаду на паўночны ўсход з 15 да 35 см. Працягласьць пэрыяду са сьнежным покрывам павялічваецца ў тым жа напрамку ад 70 да 130 сутак. Часта на паўднёвым захадзе Беларусі ўстойлівае сьнежнае покрыва не ўтвараецца.
Сярэдняя колькасьць ападкаў у Беларусі ў студзені (у мілімэтрах)[2] | Сярэдняя колькасьць ападкаў у Беларусі ў ліпені (у мілімэтрах)[2] |
Крыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Брылеўскі, М. М. Геаграфія Беларусі: вучэб. дапам. для 10-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / М. М. Брылеўскі, Г. С. Смалякоў; пер. з рус. мовы Н. М. Брылеўскай, В. Л. Смаляковай. — 3-е выд., перапрац. — Мінск: Нар. асвета, 2012. — 303 с ISBN 978-985-03-1787-2.