Беларускае тэлеграфнае агенцтва
Каардынаты: 53°53′59″ пн. ш. 27°33′58″ у. д. / 53.89972° пн. ш. 27.56611° у. д.
«Беларускае тэлеграфнае агенцтва» («БелТА») — урадавае інфармацыйнае агенцтва Беларусі, якое рэжым Лукашэнкі зрабіў сваім прапагандысцкім рэсурсам[1][2][3]. Мае аддзяленьні ва ўсіх абласьцях Беларусі, а таксама ў Маскве, Кіеве, Варшаве й Вільні. Дырэктар Ірына Акуловіч (з 2018).
Беларускае тэлеграфнае агенцтва | |
Тып | унітарнае прадпрыемства |
---|---|
Заснаваная | 7 сакавіка 1931 (93 гады таму) |
Заснавальнікі | Савет народных камісараў БССР |
Уласьнікі | Савет міністраў Рэспублікі Беларусь |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Менск, Ленінскі раён, вул. Кірава, д. 26 |
Ключавыя фігуры | Ірына Акуловіч |
Галіна | сфэра паслугаў |
Прадукцыя | навіны |
Лік супрацоўнікаў | 150 (2003) |
Матчына кампанія | Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь |
Даччыныя кампаніі | часопіс «Беларуская думка» |
Прадукты і паслугі
рэдагавацьАгенцтва штодзень выпускае 140 тэкставых паведамленьняў і 15 фатаздымкаў. Стужка навінаў пастаўляецца безупынна і налічвае 30 старонак за месяц. Штодня рассылаюцца анонсы падзеяў дня, штопятніцу — анонсы падзеяў тыдня. Таксама выпускаюцца штодзённыя весьнікі «Беларусь» (14 старонак на месяц) і «Беларуская эканоміка» (30 паведамленьняў за дзень), штотыднёвікі «Аўтавесьнік», «Інфармацыйныя тэхналёгіі ў Беларусі» (па 15 паведамленьняў) і «Менск афіцыйны», штомесячны каляндар (30 старонак).
Гісторыя
рэдагаваць7 сакавіка 1931 году Савет народных камісараў БССР зацьвердзіў Пастанову «Аб арганізацыі Беларускага тэлеграфнага агенцтва «БелТА». Яго стварылі шляхам пераўтварэньня Беларускага аддзяленьня Саюзнага камэрцыйнага тэлеграфнага агенцтва. 19 жніўня 1932 году СНК БССР ухваліў Пастанову № 446 «Аб умацаваньні працы БелТА пры СНК БССР». Паводле Пастановы, прапаноўвалася «рэарганізаваць БелТА, стварыўшы 3 рэдакцыі: 1) рэспубліканскай інфармацыі з падраздзяленьнямі на галіновыя сэктары (сельскагаспадарчы, прамысловасьці і транспарту, тавараабароту, забесьпячэньня і фінансаў); 2) ТАСС-аўскай інфармацыі з функцыямі па прыёме міжнароднай і саюзнай інфармацыі і перадачы інфармацыі ў саюзныя цэнтры; 3) раённага і нізавога друку; 4) бюро інфармацыі пры СНК БССР і аддзелы — 1) арганізацыйна-інструктарскі з функцыямі інструктажу карэспандэнцкай сеткі, вывучэньне якасьці прадукцыі сеткі апарату агенцтва і працы па кадрах і 2) адміністрацыйна-гаспадарчы». Згодна з 2-м артыкулам Пастановы БелТА мела «вылучыць у сыстэме агенцтва на аснове гаспадарчага разьліку прэс-бюро для забесьпячэньня артыкуламі і іншымі матэрыяламі раённага, фабрычна-заводзкага і калгаснага друку». Паводле 3-га артыкула Пастановы, СНК БССР загадаў: «устанавіць, што ўсе пастановы ўраду і ўрадавых органаў, якія падлягаюць апублікаваньню ў друку, а таксама ўсе ўрадавыя афіцыйныя інфармацыі і растлумачэньні павінны з 20 жніўня перадавацца для асьвятленьня ў цэнтральным і раённым друку БССР выключна праз Беларускае тэлеграфнае агенцтва пры СНК БССР. Абавязаць БелТА забясьпечыць перадачу ў друк пастановаў урадавых органаў і афіцыйных інфармацыяў не пазьней як праз 2 гадзіны пасьля атрыманьня пастановаў або афіцыйных урадавых інфармацыяў». Згодна з 5-м артыкулам урад БССР прапанаваў «БелТА забясьпечыць перадачу ўсёй загранічнай і саюзнай інфармацыі на беларускай мове». Для хутчэйшай перадачы зьвестак у друк усталявалі апарат «Кляйншміт» і абсталявалі радыёстанцыю. БелТА стварыла карэспандэнцкія пункты ва ўсіх 9 цэнтрах акругаў БССР: Гомелі, Віцебску, Магілёве, Воршы, Бабруйску, Полацку, Мазыры, Барысаве і Слуцку[4].
2 жніўня 1934 году Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі (КПБ) зацьвердзіў Пастанову «Аб працы БелТА і ўмацаваньні карэспандэнцкай сеткі». Паводле Пастановы, карэспандэнцкую сетку БелТА павялічылі да 37 пунктаў. Весьнікі БелТА друкавалі ў 6 асобніках, якія размножвалі на ротары. У Маскву (Расейская СФСР) штодня шыфравалі тэлеграмы. Для абласных і раённых газэтаў Беларускай ССР навіны дыктавалі па радыё[4]. 27 чэрвеня 1939 году СНК БССР ухваліў Пастанову «Аб перадачы выпуску фотагазэты з падпарадкаваньня Менгарсавету ў падпарадкаваньне БелТА». Паводле 1-га пункту Пастановы, перадаваліся «выпуск фотахронікі і клішэ, выпуск масавага друку (фотагазэты, партрэты, паштоўкі, фотаальбомы), памяшканьні і вытворчыя цэхі былога Беларускага аддзяленьня трэста «Саюзфота». Згодна з 2-м пунктам стварылі адзіную арганізацыю «рэдакцыю фотахронікі і фотагазэты БелТА»[5]. БелТА займала 1-ы паверх будынка на Савецкай вуліцы Менску. У фотаслужба налічвала 6 штатных фотакарэспандэнтаў. Пазьней увялі пасады ўласных карэспандэнтаў у абласьцях. Здымалі на фотапласьцінкі здымачамі «Фотакор». Менская група мела здымачы «ФЭД». Шкляныя фотапласьцінкі пасылалі бандэрольлю ў раённыя і абласныя цэнтры БССР, а таксама ў Маскву. Адмыслова выпускалі фотападборкі і паштоўкі з краявідамі гарадоў[6]. 23 чэрвеня 1941 году БелТА прыпыніла працу ў сувязі з мабілізацыяй журналістаў на Нямецка-савецкую вайну. 7 ліпеня 1941 году ў Гомелі выйшаў 1-ы нумар газэты «Раздавім фашысцкую гадзіну», частку супрацоўнікаў якой склалі былыя журналісты БелТА[7].
17 ліпеня 1942 году на пасяджэньні ў Маскве СНК БССР зацьвердзіў Пастанову аб аднове дзейнасьці БелТА. У штат улучылі 9 адказных работнікаў і 5 тэхнічных. На ўтрыманьне вылучылі 46 500 савецкіх рублёў, якіх хапіла да студзеня 1943 году, калі БелТА зноў перапыніла працу[8]. 22 лютага 1944 году СНК БССР зацьвердзіў Пастанову, якой аднавіў БелТА. У сакавіку 1944 году СНК ухваліў Палажэньне аб БелТА. Спачатку БелТА разьмясьцілі ў гомельскім прадмесьці Навабеліца. СНК вылучыў 15 000 рублёў і адвёў 2 пакоі. З 10 сакавіка 1944 году БелТА пачала забясьпечваць газэты штодзённымі выпускамі весьнікаў. Сталі праводзіць дзённы і вечаровы радыёсэансы і выдаваць адпаведныя выпускі саюзных і замежных навінаў. Беларускае радыё радыё выкарыстоўвала весьнікі цалкам. Рэспубліканскія газэты на 75 %. У красавіку 1944 году вылучылі асобны дом у Гомелі па вуліцы Войкава, д. 89. Па заняцьці Менску Чырвонай арміяй 3 ліпеня 1944 году БелТА пераехала ў 4 пакоі па Рэспубліканскай вуліцы, д. 30[9]. ТАСС з Масквы даводзіла да БелТА патрабаваную колькасьць навінаў у саюзным і замежным друку. У 1944 годзе БелТА апублікавала 350 з 400 запатрабаваных навінаў (87 %). У 1945-м — 529 з 600 (88 %). У 1946 годзе даслалі 897 з 700 запатрабаваных навінаў (128 %). У выніку БелТА заняло па гэтым паказьніку 1-е месьцяў сярод агенцтваў усіх 15 рэспублік СССР. Пагатоў гэты паказьнік перавысіў даваенны больш як утрая[10].
30 студзеня 1960 году Савет міністраў БССР зацьвердзіў Пастанову пра новае Палажэньне аб БелТА (Тэлеграфнае агенцтва Беларускай ССР). У задачы БелТА ўлучылі распаўсюд заканадаўчых актаў, пастанановаў КПБ і ўраду БССР, выступленьняў кіраўніцтва СССР, зьнешнепалітычных дакумэнтаў ураду СССР. БелТА мусіла падаваць навіны газэтам раёнаў, вобласьцяў і БССР, на Беларускае радыё і радыё СССР і замежжа. Таксама БелТА мела распаўсюджваць у СМІ Беларусі замежныя і маскоўскія навіны і фота, атрыманыя ад ТАСС. Свае навіны БелТА мела перадаваць на беларускай і расейскай мовах. У адным з пунктаў Палажэньня значылася, што БелТА карыстаецца ўсімі правамі аўтара, у тым ліку правам ставіць пад паведамленьнямі сваё найменьне і прозьвішчы ўласных карэспандэнтаў[11]. У 1971 і 1972 гадах стварылі кіраўніцтва сувязі і даведкавы аддзел. Усе навіны ТАСС перадавалі ў газэты КПБ і камсамолу Беларусі. Большасьць навінаў перакладалі на беларускую мову і перадавалі ў беларускамоўныя газэты вобласьцяў і БССР[12]. За савецкім часам БелТА падпарадкоўвалася Тэлеграфнаму агенцтву Савецкага Саюзу (ТАСС).
У 1992—1995 гадох мела назоў «Беларускае інфармацыйнае агенцтва» («Белінфарм»)[13]. У 1999 годзе БелТА запусьціла свой першы сайт, які на 2015 году меў штомесяц больш за 1,5 млн унікальных наведнікаў[14]. На 20 сьнежня 2003 году мела больш за 150 супрацоўнікаў[15]. За 2017 год у архіў БелТА паступіла звыш 30 000 фотанавінаў. На пачатак 2018 году хранікальны фонд БелТА налічваў звыш 200 000 электронных фатаздымкаў[6].
На 2023 год Беларускае тэлеграфнае агенцтва мела вэрсіі вэб-бачыны на 6 мовах: беларускай, ангельскай, гішпанскай, кітайскай, нямецкай і расейскай. 15 кастрычніка 2023 году стварылі вэрсію вэб-бачыны на польскай мове[16].
Кіраўнікі
рэдагаваць- Чавускі (люты 1939 — 23 чэрвеня 1941)[7]
- А. Трацьцякоў (сакавік 1944 — )[9]
- Мікалай Марушкевіч (1971 — 1983)[12]
- Дзьмітры Жук (2003 — 6 лютага 2018)
- Ірына Акуловіч (з 6 лютага 2018 году)
Санкцыі ЭЗ
рэдагавацьУ 2011 годзе ў сувязі з хваляй рэпрэсіяў супраць актывістаў апазыцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2010 годзе генэральны дырэктар БелТА Дзьмітры Жук быў ўключаны ў Чорны сьпіс Эўразьвязу[17]. Паводле Рады Эўрапейскага Зьвязу, Дзьмітры Жук «нясе адказнасьць за перадачу мэдыямі дзяржаўнае прапаганды, якая падтрымлівала й апраўдвала рэпрэсіі супраць дэмакратычнае апазыцыі й грамадзянскае супольнасьці 19 сьнежня 2010 году, выкарыстоўваючы сфальсыфікаваную інфармацыю»[18].
Генэральны дырэктар БелТА Ірына Акуловіч трапіла пад санкцыі ЭЗ ды Швайцарыі летам 2024 году[19][20].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Ніна Григорська. (2021-05-31) Справа TUT.BY: головній редакторці видання загрожує до 7 років в’язниці (укр.). НВ(uk). — Державний пропагандистський ресурс БелТА повідомив.... Праверана 2021-10-02 г. Архіўная копія ад 2021-10-03 г.
- ^ Станислав Стороженко. (2021-05-24) Беларусь и Латвия обоюдно выслали всех дипломатов (рас.). ЛІГА.net(uk). — ... передает пропагандистское агентство БелТА.. Праверана 2021-10-02 г. Архіўная копія ад 2021-10-03 г.
- ^ Matthias Meisner(de) (2014-04-10) Wie das Lukaschenko-Regime die CDU vorführte (ням.). Der Tagesspiegel. — Für die weißrussischen Propagandamedien erfüllte die Visite in Deutschland mit dem Besuchsprogramm im Bundestag einen ganz anderen Zweck. ... Die Belarussische Telegraphenagentur (Belta) verbreitete eine ganze Reihe von Meldungen zum Besuch der Politiker-Delegation in Deutschland. .... Праверана 2021-10-02 г. Архіўная копія ад 2021-10-02 г.
- ^ а б Да 100-годзьдзя БелТА: «Навіны складаюць гісторыю». Выключна празь Беларускае тэлеграфнае агенцтва // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 12 лютага 2018 г. Праверана 1 сьнежня 2023 г.
- ^ Да 100-годзьдзя БелТА: «Навіны складаюць гісторыю». Так пачыналася фотахроніка БелТА // БелТА, 19 лютага 2018 г. Праверана 1 сьнежня 2023 г.
- ^ а б Да 100-годзьдзя БелТА: «Навіны складаюць гісторыю». Погляд цераз аб'ектыў: Уладзімер Лупейка // БелТА, 26 лютага 2018 г. Праверана 1 сьнежня 2023 г.
- ^ а б Да 100-годзьдзя БелТА: «Навіны складаюць гісторыю». Апошняе заданьне выканаць было немагчыма // БелТА, 26 лютага 2018 г. Праверана 1 сьнежня 2023 г.
- ^ Да 100-годзьдзя БелТА: «Навіны складаюць гісторыю». Скрозь вогненныя вёрсты // БелТА, 19 сакавіка 2018 г. Праверана 1 сьнежня 2023 г.
- ^ а б Да 100-годзьдзя БелТА: «Навіны складаюць гісторыю». З Гомеля ў сталіцу // БелТА, 26 сакавіка 2018 г. Праверана 1 сьнежня 2023 г.
- ^ Да 100-годзьдзя БелТА: «Навіны складаюць гісторыю». Норму выканаць і перавыканаць // БелТА, 21 траўня 2018 г. Праверана 1 сьнежня 2023 г.
- ^ Да 100-годзьдзя БелТА: «Навіны складаюць гісторыю». Тэлеграфнае агенцтва БССР — 1960 // БелТА, 6 жніўня 2018 г. Праверана 1 сьнежня 2023 г.
- ^ а б Да 100-годзьдзя БелТА: «Навіны складаюць гісторыю». На прыступку вышэй // БелТА, 27 жніўня 2018 г. Праверана 1 сьнежня 2023 г.
- ^ Беларуская энцыклапедыя / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя, 1996. — Т. 2. — С. 402. — 408 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0061-7
- ^ БелТА абнавіла свой сайт // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 20 ліпеня 2015 г. Праверана 21 ліпеня 2015 г.
- ^ Сяргей Протас. БелТА: хутка, дакладна, цікава і карысна // Зьвязда : газэта. — 20 сьнежня 2003. — № 321-322. — ISSN 1990-763x.
- ^ «БелТА» запусьціла польскую вэрсію сайта // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 15 кастрычніка 2023 г. Праверана 16 кастрычніка 2023 г.
- ^ Поўны спіс 208 беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЕС - Наша Ніва, 11.10.2011
- ^ Council Decision 2012/642/CFSP of 15 October 2012 concerning restrictive measures against Belarus - Рашэньне Рады Эўрапейскага Зьвязу аб рэстрыктыўных мерах супраць Беларусі, 15 кастрычніка 2012 г. Цытата: Zhuk, Dzmitry Aliaksandravich | Director General (CEO) State News Agency BELTA. Responsible for relaying state propaganda in the media, which has supported and justified the repression of the democratic opposition and of civil society on 19 December 2010 using falsified information.
- ^ Council Decision (CFSP) 2024/2116 of 26 July 2024 (анг.). EUR-Lex(be).
- ^ Ordinance on measures against Belarus (анг.). Дзяржаўны сакратарыят па эканамічных пытаньнях(de).