Сувязь Беларусі
Су́вязь Белару́сі — перадача зьвестак пры дапамозе прыладаў у Беларусі.
Падзяляецца на: 1) Інтэрнэт-сувязь, 2) паштовую сувязь, 3) радыёвяшчаньне, 4) тэлебачаньне, 5) тэлеграф, 6) тэлефонную сувязь. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь кіруе большасьцю прадпрыемстваў сувязі паводле Законаў «Аб паштовай сувязі» і «Аб сувязі»[1].
Сеціва
рэдагавацьНа 1 студзеня 2020 году 126 прадпрыемстваў Беларусі мелі дазвол Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь на аказаньне паслуг перадачы дадзеных у Сеціве. Налічвалася 3,21 млн абанэнтаў Сеціва са стацыянарным шырокапалосным доступам (ШПД)[2], што складала 34,2 % ад насельніцтва[3]. Сумарная прапускная здольнасьць зьнешняга шлюзу ў Сеціва складала 1551 гігабіт/сэкунда, што было ўтрая больш чым у 2013 годзе, калі яго сумарная ёмістасьць налічвала 480 гігабіт/сэкунда. Пастаўнікі электрасувязі пераважна аказвалі паслугі ШПД у Сеціва і інтэрнэт-тэлебачаньня па інтэрнэт-пратаколе, якія прапаноўвалі ў адным пакеце. Шэраг пастаўнікоў праклаў оптавалаконныя лініі да жытла, пасьля чаго абанэнтаў падлучылі празь мясцовыя Этэрнэт-сеткі. Валакно да будынка (ВДБ) павысіла хуткасьць перадачы зьвестак да 100 мэгабіт/сэкунда. У сьнежні 2011 году ШДП сталі пастаўляць з дапамогай пасіўных аптычных сетак (ПАС), што дазволіла аказваць паслугі тэлебачаньня высокай выразнасьці. У 2019 годзе скончылі падвод оптавалаконных лініяў да шматкватэрных дамоў. На 1 стузеня 2020 году налічвалася 2,58 млн абанэнтаў оптавалаконных лініяў сувязі. У 2011 годзе «Белтэлекам» абсталяваў транспартныя шлюзы ў абласных цэнтрах падсыстэмай інтэрнэт-мультымэдыя (ПІМ), што дазволіла зь ліпеня 2011 году падлучаць на адной абанэнцкай лініі да Сеціва і тэлефаніі. На 1 студзеня 2020 году было 3,38 млн абанэнтаў ПІМ. У 2008 годзе задзейнічалі абсталяваньне для тэлебачаньня па інтэрнэт-пратаколе, што дазволіла дастаўляць вяшчаньне пэўнага канала на запыт абанэнта. На 1 студзеня 2020 году налічвалася звыш 2,23 млн абанэнтаў такога інтэрнэт-тэлебачаньня. У сьнежні 2015 году пачалі будаўніцтва сеткі сотавай сувязі 4-га пакаленьня, якую 23 сьнежня 2015 году запусьцілі ў абласных цэнтрах Беларусі. На 1 студзеня 2020 году паслугі сотавай сувязі 4-га пакаленьня былі даступнымі 76 % насельніцтва Беларусі. У лістападзе 2017 году Міжнародны саюз электрасувязі (Швайцарыя) разьмясьціў Беларусь на 32 месцы сярод 176 краінаў у Індэксе разьвіцьця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў[2].
Пошта
рэдагавацьНа 2020 год у Беларусі аказвалі наступныя паслугі паштовай сувязі: прыём, апрацоўку, захоўваньне, перавозку і ўручэньне адрасату адпраўленьня пісьмовай карэспандэнцыі, пасылкі, грашовага пераводу, адпраўленьня паскоранай пошты, прыём падпіскі на друкаваны сродак масавай інфармацыі і яго дастаўку, выплату пэнсіі, дапамогі і кампэнсацыі. У 2020 годзе Сусьветны паштовы саюз (Швайцарыя) разьмясьціў Беларусь на 20-м месцы сярод 170 краінаў у Індэксе паштовага разьвіцьця. «Белпошта» ўлучала: 6 абласных філіяў, вытворчасьць «Менская пошта» і аўтатранспартную вытворчасьць, 35 вузлоў паштовай сувязі і 3092 установы паштовай сувязі, у тым ліку 2 669 стацыянарных аддзяленьняў, 187 пунктаў і 176 перасоўных аддзяленьняў. Дазволы на дзейнасьць таксама мелі наступныя пастаўнікі паштовай сувязі:
- 14 на перасылку паштовых адпраўленьняў — «Спэцыяльная сувязь», «Наша пошта», «Аўталайтэкспрэс», «ДПД Бел», «СДЭК-Бел», «Кур’ерБай», «Росчырк», «Сапсан Экспрэс», «Тайсу», «Міліцэр і Мюнх», «Эўраопт», «7745 Дастаўка», «Дайрэкст» і «Маршрут Захад»;
- 2 на прыём падпіскі на друкаваныя СМІ — «Лагода-Інфа» і «Агенцтва Ўладзімера Граўцова»;
- 4 на дастаўку друкаваных СМІ — рэдакцыі газэтаў «Лунінецкія навіны» і «Жодзінскія навіны», «Радыё Жодзіна» і «Наша пошта»;
- 3 на прыём падпіскі на друкаваныя СМІ і іх дастаўку — «Белсаюздрук», «Граўцоў Паблішэр» і «Магілёўсаюздрук»[4].
На 2020 год «Белпошта» прымала і выдавала пасылкі вагой да 10 кг ва ўсіх установах паштовай сувязі[5]. Гранічная вага міжнароднай пасылкі зь Беларусі складала 20 кг, а грувасткай пасылкі — 50 кг. Яе памер меў складаць да 1,05 мэтру даўжыні або акружнасьці[6]. Міжнародная пісьмовая карэспандэнцыя ўлучала: паштоўкі, лісты, пакеты, бандэролі, аэраграмы і мяшкі[7]. Гранічны тэрмін перасылкі і дастаўкі паштовага адпраўленьня па Беларусі складаў 4 працоўныя дні, а між абласнымі цэнтрамі — 3 дні[8]. Тэрмін перасылкі міжнароднага адпраўленьня пісьмовай карэспандэнцыі зь Беларусі складаў: 6 працоўных дзён — у суседнюю Латвію і Летуву, 8 дзён — у Польшчу і Ўкраіну, 17 дзён — у Расею[9].
Радыёвяшчаньне
рэдагавацьНа 2020 год у Беларусі выкарыстоўвалі каля 420 радыёвяшчальных перадатчыкаў дыяпазону вельмі высокіх частасьцяў: 320 у паласе радыёчастасьцяў 87,5—108 мэгагэрц і 100 у паласе радыёчастасьцяў 65,9—74 мэгагэрцы. Гэтыя радыёперадатчыкі забясьпечвалі этэрную перадачу гукавых праграмаў: Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, радыёканал «Культура», «Сталіца» і «Радыюс-ФМ», а таксама абласных, раённых і камэрцыйных праграмаў. На 144 пастаўнікі гукавога вяшчаньня прыпадала 1 652 569 абанэнтаў. Зь іх у Берасьцейскай вобласьці было 34 пастаўнікі і 183 486 абанэнтаў (11 %), у Віцебскай — 13 пастаўнікоў і 215 656 абанэнтаў (13 %), у Гарадзенскай — 28 пастаўнікоў і 169 151 абанэнтаў (10 %), у Гомельскай — 16 пастаўнікоў і 82 123 абанэнтаў (5 %), у Магілёўскай — 17 пастаўнікоў і 113 525 абанэнтаў (7 %), у Менскай вобласьці і сталіцы было 36 пастаўнікоў і 888 628 абанэнтаў (54 %)[10].
Тэлебачаньне
рэдагавацьНа 2020 год 284 лічбавыя тэлевізійныя перадатчыкі забясьпечвалі этэрнае тэлевізійнае вяшчаньне тэлепраграмаў Беларусі. У склад абавязковага агульнадаступнага пакету ўваходзіла наземнае лічбавае тэлевяшчаньне 9 дзяржаўных тэлеканалаў: «Беларусь 1», «Агульнанацыянальнае тэлебачаньне», «Сталічнае тэлебачаньне», «Мір», «Расея-Беларусь», «НТБ-Беларусь», «Беларусь 2», «Беларусь 3» і «Беларусь 5». На 1 студзеня 2020 году лічбавае тэлебачаньне было даступным 99,47 % насельніцтва Беларусі[10]. Пашырэньне атрымалі 5 відаў лічбавага тэлебачаньня: кабэльнае, мабільнае, сеціўнае, спадарожнікавае і этэрнае. 8 сьнежня 2005 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастановай № 1406 Дзяржаўную праграму ўкараненьня лічбавага тэлевізійнага і радыёвяшчаньня ў Рэспубліцы Беларусь да 2015 году. 17 чэрвеня 2015 году ў Беларусі адключылі ўсе аналягавыя тэлевізійныя перадатчыкі, паводле Рашэньня 2006 году «Аб поўным пераходзе на этэрнае лічбавае тэлевізійнае вяшчаньне», якое прыняла Рэгіянальная канфэрэнцыя радыёсувязі па плянаваньні лічбавай наземнай радыёвяшчальнай службы ў палосах частасьцяў 174—230 МГц і 470—862 МГц (РКР-06), якая прайшла ў Жэнэве (Швайцарыя). На 2020 год у Беларусі разьвівалася лічбавае тэлевяшчаньне паводле стандарту наземнага лічбавага відэавяшчаньня 1-га і 2-га пакаленьняў (DVB-T/Т2) з прымяненьнем прасунутага відэакадаваньня ад Групы кінаэкспэртаў (MPEG-4 AVC/H.264). Для прыёму сыгналаў этэрнага лічбавага тэлевяшчаньня выкарыстоўвалі тэлеантэны дэцымэтровага дыяпазону хваляў (470—862 МГц) з гарызантальнай палярызацыяй, якія ў Беларусі выпускалі «Віцязь» (Віцебск), «Вертэкс-Берасьце» і «Прамсувязь». Тэлевізары зь цюнэрамі наземнага лічбавага відэавяшчаньня (НЛВВ) выраблялі на прадпрыемствах «Віцязь» і «Гарызонт». Тэлепрыстаўкі да тэлевізараў для прыёму лічбавага сыгналу выпускалі «Аксіёма-Сэрвіс», «Віцязь» і «Гарызонт». У чэрвені 2013 году «Белтэлекам» пачаў падаваць паслугі камэрцыйнага этэрнага лічбавага тэлевяшчаньня. На 2020 год у камэрцыйным наземным лічбавым тэлебачаньні для 2-га і 3-га мультыплексаў выкарыстоўвалі стандарт НЛВВ 2-га пакаленьня і сыстэму ўмоўнага доступу «Вэрыматрыкс». Лічбавая прыстаўка стандарту НЛВВ 2-га пакаленьня дазвалялася бясплатна праглядаць абавязковы агульнадаступны пакет тэлеканалаў. Ахоп насельніцтва тэлепраграмамі 2-га мультыплексу складаў 95,11 %, а 3-га мультыплексу — 93,63 %[11].
Тэлефанія
рэдагавацьНа 2020 год у Беларусі дзейнічала сетка міжгародніх магістральных лініяў па кальцавой будове з выкарыстаньнем оптавалаконнага кабэля і абсталяваньня сынхроннай лічбавай герархіі. з выхадам па 2-х падыходах на ўсе 5 сумежных дзяржаваў — Латвію, Летуву, Польшчу, Расею і Ўкраіну. Да ўсіх 6 абласных цэнтраў Беларусі было па 3 падыходы валаконна-аптычных лініяў сувязі (ВАЛС), да ўсіх раённых цэнтраў — па 2 падыходы ВАЛС. Штогод «Белтэлекам» павялічваў магутнасьць магістральнай першаснай сеткі і пракладваў ВАЛС да сельскіх аўтаматызаваных тэлефонных станцыяў (АТС). У паселішчах з ВАЛС дзейнічалі вузлы шырокапалоснага доступу да Сеціва і інтэрнэ-тэлебачаньня. На 1 студзеня 2020 году ў Беларусі налічвалася звыш 4,45 млн тэлефонных апаратаў, што складала 47,3 % адносна насельніцтва. Заява на ўстаноўку тэлефона задавольвалася цягам году[12].
Паслугі сотавай сувязі аказвалі 4 прадпрыемствы: «А1», «Беларуская сетка тэлекамунікацыяў», «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» і «Мабільныя Тэлесыстэмы». На 2020 год у Беларусі налічвалася 11,63 млн абанэнтаў сотавай сувязі, што складала 123,6 % да насельніцтва. Сотавая сувязь ахоплівала 98,2 % земляў Беларусі, дзе пражывала 99,9 % насельніцтва. 1 лютага 2012 году ўкаранілі паслугу пераносу нумара, што дазволіла захоўваць абанэнцкі нумар пры пераходзе да іншага пастаўніка сотавай сувязі. У 2010 годзе ўвялі сотавую сувязь 3-га пакаленьня паводле Сыстэмы ўсеагульнай мабільнай сувязі (СУМС) ў дыяпазоне 2,1 ГГц, што дазволіла забясьпечыць бяздротавы шырокапалосны доступ да Сеціва для 87 % насельніцтва на 54 % земляў Беларусі. У сьнежні 2015 году Дзяржаўная камісія па радыёчастасьцях пры Савеце бясьпекі Рэспублікі Беларусь дазволіла выкарыстоўваць дыяпазон 900 МГц для сотавай сувязі 3-га пакаленьня ў СУМС замест сувязі 2-га пакаленьня ў Глябальнай сыстэме мабільнай сувязі (ГСМ). У выніку абсяг абслугоўваньня базавых станцыяў сотавай сувязі вырас на 20 %. На 1 студзеня 2020 году сотавая сувязь паводле СУМС ахоплівала звыш 99 % насельніцтва на 98,4 % земляў Беларусі. У сьнежні 2015 году «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» запусьцілі сетку сотавай сувязі 4-га пакаленьня паводле тэхналёгіі Доўгатэрміновай эвалюцыі (ДТЭ). Гэта дазволіла праглядаць на смартфоне тэлебачаньне высокай якасьці і праводзіць лекарскія відэакансультацыі. На 1 студзеня 2020 году 76 % насельніцтва мелі доступ да сотавай сувязі 4-га пакаленьня ў стандарце ДТЭ[13].
Мінуўшчына
рэдагавацьУ 1550-я гады на землях Беларусі пачалі будаваць паштовыя дарогі, корчмы і паштовыя ўстановы праз кожныя 3—7 км. У 1558 годзе наладзілі пастаянную сувязь між Вільняй і Варшавай. У 1669 годзе — між Вільняй і Масквой праз Менск і Магілёў. У 1707 годзе прайшла першая пошта па тракце Барысаў—Быхаў. У 1708 годзе пабудавалі паштовыя дарогі Віцебск—Копысь і Быхаў—Чарнігаў праз Гомель. У XVIII стагодзьдзі галоўнымі трактамі былі Вільня—Менск—Магілёў—Масква і Вільня—Менск—Наваградак—Горадня. У 1798 годзе адчынілі паштовыя канторы ў Рагачове, Себежы і Веліжы. З 1778 году вядомы першы менскі паштовы штэмпэль. З 1806-га — гарадзенскі, з 1810-га — віцебскі, а з 1843-га — пінскі. Поруч зь дзяржаўнай існавала пошта земстваў і валасных управаў. У 1859 годзе пачала дзейнічаць тэлеграфная лінія Менск—Бабруйск. На 1880 год у Магілёўскай губэрні дзейнічала 9 тэлеграфных лініяў даўжынёй 1335 км. На 1900 год у Менскай губэрні іх даўжыня складала 2557 км. У 1896 годзе ў Менску пабудавалі тэлефонную станцыю на 100 нумароў. У наступныя гады такія станцыі зьявіліся ў 15 гарадах Беларусі, у тым ліку ў Віцебску, Горадні, Магілёве і Бабруйску. У 1913 годзе дзейнічала 380 прадпрыемстваў пошты і тэлеграфа, празь якія адправілі 33 млн лістоў. У 1917 годзе тэлефонныя станцыі працавалі ў 16 гарадах Беларусі. У 1925 годзе ў Беларускай ССР існавала 603 паштова-тэлеграфныя прадпрыемствы, а таксама запрацавалі радыёстанцыі ў Гомлі і Менску магутнасьцю па 1,2 кіляват. Пачалося вяшчаньне Беларускага радыё. У 1930 годзе пабудавалі першую аўтаматызаваную тэлефонную станцыю (АТС), што дазволіла пашырыць тэлефанію на сельскую мясцовасьць. Да 1940 году тэлефанізавалі ўсе 185 раённых цэнтраў і іншых гарадоў Беларускай ССР. Сельская тэлефонная сувязь ахоплівала каля 80 % сельсаветаў (2208) і 301 маторна-трактарную станцыю, 822 калгасы і саўгасы. Даўжыня міжгародніх тэлефонных лініяў перасягнула 26 000 км[1].
У 1945 годзе ўсталявалі пастаянную радыётэлеграфную сувязь між Менскам і Масквой. У 1947 годзе Беларуская ССР уступіла ў Сусьветны паштовы саюз і Міжнародны саюз электрасувязі (Швайцарыя). У 1950 годзе ўкаранілі танальную сыстэму тэлеграфаваньня, апаратуру прамых злучэньняў і абанэнцкага тэлеграфа. У 1954-м у Менску пабудавалі паштамт, у 1960 — у Віцебску, у 1961 — у Магілёве і ў 1970 — у Горадні. У 1956 годзе ў Менску пабудавалі рэспубліканскі тэлецэнтар, што дазволіла пачаць рэгулярныя тэлеперадачы Беларускага тэлебачаньня. У 1965 годзе сетка электрасувязі Беларусі стала часткай Адзінай аўтаматызаванай сувязі СССР. Пачалося выкарыстаньне аўтаматызаваных сыстэмаў на тэлеграфных станцыях, частотна-часавага тэлеграфа на паўправадніковых прыладах, паштова-касавых машынаў «Анега» і АТС каардынатнай сыстэмы. Таксама ў 1965 годзе ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі і гарадах абласнога падпарадкаваньня ўкаранілі 3-праграмнае дротавае вяшчаньне. У 1966 годзе па кабэльных і радыёрэлейных лініях у Менску сталі прымаць фотатэлеграфным спосабам матрыцы газэтаў з Масквы. У 1967 годзе запрацаваў відэатэлефон. У 1969-м запрацаваў Беларускі занальны вылічальны цэнтар, аснашчаны ЭВМ, апаратурай перадачы зьвестак па каналах сувязі, пэрфарацыйнай і клічыльна-клявішнай вылічальнай тэхнікай. У 1970 годзе ў Менску запрацавала аўтаматычная міжгародняя тэлефонная станцыя (АМТС). У наступныя гады АМТС запусьцілі ў Віцебску, Горадні і Магілёве. У 1972 годзе скончылі аўтаматызацыю гарадзкой і сельскай тэлефоннай сувязі. Таксама ў 1972-м у Менскім раёне ўзьвялі комлекс тэлебачаньня. У 1974 годзе пачаўся прыём тэлеперадачаў па ўсёй Беларусі зь Менску і Масквы. У 1975 годзе пачалі будоўлю кабэльных і радыёрэлейных лініяў, што дазволіла разьвіваць каляровае тэлебачаньне. У 1979 годзе Беларуская ССР стала сябрам Міжнароднай арганізацыі марской спадарожнікавай сувязі. Таксама ў 1979 годзе ўвялі міжнародную тэлеграфную станцыю «Тэлекс». У 1981 годзе ў Берасьці запусьцілі каардынатарную АМТС-3 на 1714 каналаў. У 1983-м у Менску задзейнічалі квазі-электронную станцыю «Метаконта-10с». У 1984 годзе ў Менску ўвялі АТС-78 і пачалі ўкараняць электронныя тэлефонныя станцыі. За 1970—1985 гады лік прадпрыемстваў пошты, тэлеграфа і тэлефона вырасла з 3735 да 4468. Лік радыёкропак павялічыўся ў 2,3 разу да 9,8 млн. Лік радыёпрымачоў вырас з 1,4 млн да 2617 тыс., лік тэлевізараў — з 1111 тыс. да 2623 тыс. Лік тэлефонаў у сельскай мясцовасьці вырас у 4,5 разу да 238,2 тыс. У 1989 годзе зладзілі першыя міжнародныя каналы Менск—Беласток і Менск—Варшава. У 1990-м здалі першую ў СССР лічбавую АМТС з электроннай сыстэмай выбару[1].
Са здабыцьцём незалежнасьці ў 1991 годзе беларускую пошту падпарадкавалі Міністэрству сувязі і інфарматыкі Рэспублікі Беларусь. У 1991 годзе зьявіліся прыватныя кабэльныя і этэрныя сеткі тэлебачаньня. У 1993 годзе ўрад Беларусі ўступіў у Міжнародную арганізацыю касьмічнай сувязі. Да 1995 году здалі магістральныя оптавалаконныя лініі сувязі з абсталяваньнем сынхроннай лічбавай герархіі, якія зьвязалі абласныя цэнтры і міжнародныя лініі з усімі 5 суседнімі краінамі — Латвіяй, Летувой, Польшчай, Расеяй і Ўкраінай. 3 ліпеня 1995 году стварылі рэспубліканскае аб’яднаньне «Белтэлекам». У 1995 годзе стварылі сумесныя прадпрыемствы тэлефаніі і рухомай радыёсувязі. Таксама ў 1995-м утварылі дзяржаўнае прадпрыемства «Белпошта». У 1996 годзе здалі сетку зямных станцыяў спадарожнікавай сувязі «Тэлепорт». У 1998 годзе Беларусь пачала ўдзельнічаць у міжнародных філятэлістычных выставах. 16 красавіка 1999 году зьявілася першае прадпрыемства сотавай сувязі стандарту GSM 900/1800 — «Мабільная лічбавая сувязь» пад таварным знакам «Вэлком». Яно забясьпечыла сотавую сувязь для амаль 1 млн чалавек на больш як 95 % земляў пражываньня гарадзкога насельніцтва Беларусі. 23 верасьня 2001 году «Мабільныя тэлесыстэмы» атрымалі дазвол на стварэньне 2-га сотавага апэратара, які ў 2002 годзе забясьпечыў сувязь звыш 1 млн чалавек. За 1995—2002 гады вага паветранай пошты вырасла з 10,3 да 93,5 тонаў. У 2002 годзе Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі атрымаў ад Мінсувязі Беларусі 1-ы ў краіне дазвол на аддаленае навучаньне. У 2003 годзе адправілі 413 млн асобнікаў пэрыёдыкі, 153 млн лістоў, паштовак і бандэроляў, 24,5 млн пэнсійных выплатаў, 4,2 млн грашовых пераводаў, 1,4 млн тэлеграмаў і 1,3 млн пасылак. Разавы наклад газэтаў склаў 11,4 млн асобнікаў, зь іх 1,2 млн на беларускай мове (10,5 %), а гадавы наклад — 578 млн і 141 млн (24,4 %) адпаведна. Гадавы наклад часопісаў склаў 19 млн асобнікаў, зь іх 3,1 млн па-беларуску (16,3 %). 6 лютага 2003 году сумеснае прадпрыемства «БелСел» пачало аказваць паслугі сотавай сувязі стандарту NMT-450. На 2003 год на прадпрыемствах паштовай сувязі працавала 33 000 чалавек. Яшчэ каля 30 000 чалавек працавала на прадпрыемствах электрасувязі. За 1990—2003 гады лік тэлефонных апаратаў сеткі агульнага карыстаньня вырас на 87,6 % да 3,281 млн. Іх лік у сельскай мясцовасьці вырас на 75 % да 611 тыс. У 2003 годзе 83 кватэрныя тэлефоны прыпадала на 100 сем’яў, у тым ліку 97 у гарадах і 49 на вёсцы. На пачатак 2003 году ў Беларусі налічвалася 775 000 кампутараў, зь іх 318 000 — у прамысловасьці і 250 000 — у насельніцтва. У 2000—2004 гадах увялі ў дзеяньне 25 тэлевізійных і 49 радыёвяшчальных перадатчыкаў[1].
На 1 чэрвеня 2004 году 3 сотавыя апэратары пакрылі звыш 30 % земляў Беларусі, дзе пражывала звыш 90 % гарадзкога насельніцтва. На сетцы рухомай сувязі дзейнічалі радыётэлефонныя сыстэмы радыяльнай, радыяльна-зонавай і сотавай сувязі. Дзяржаўнае радыёвяшчаньне вялося па 2 каналах і 3-х радыёстанцыях у мона і стэрэаварыянтах. Дзяржаўным пастаўніком тэлебачаньня, гукавога дротавага і радыёвяшчаньня быў «Рэспубліканскі радыётэлевізійны перадавальны цэнтар». Сетку тэлевяшчаньня складалі 23 тэлестанцыі магутнасьцю звыш кілявата і 19 — да кілявата. На тэлестанцыях працавала 126 тэлевізійных перадатчыкаў, якія распаўсюджвалі «Першы нацыянальны тэлеканал», «Агульнанацыянальнае тэлебачаньне», тэлеканал «Лад», «Сталічнае тэлебачаньне», «Расея», «НТБ», абласныя тэлеканалы і 20 прыватных тэлепраграмаў. Перадачамі «Першага нацыянальнага тэлеканала» было ахоплена 99,4 % насельніцтва, 2-ма праграмамі — 97,3 %, 3-ма — 80 %, 4-ма — 59,2 %, 5-ю і болей — 43,7 %, камэрцыйнымі — 43,5 %. Сетка радыёвяшчаньня Беларусі ўлучала 191 перадатчык ультракароткіх, кароткіх, сярэдніх і доўгіх хваляў. Яны перадавалі Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, каналы «Культура», «Сталіца», «Радыюс ФМ», абласныя радыёканалы і 18 камэрцыйных праграмаў. Рэспубліканскую бяздротавую (пэйджынгавую) сувязь стварылі на аснове станцыяў дыяпазону 87,5—108 МГц. На «Белпошце» працавала каля 37 000 чалавек, зь іх 12 500 паштальёнаў, дзейнічала каля 4000 аддзяленьняў сувязі. Дзейнічалі інфармацыйна-тэхналягічная сетка паштовай сувязі, аўтаматызаваная сыстэма апрацоўкі зьвестак міжнароднай пошты, афармленьня падпіскі на пэрыёдыку, уліку і кантролю дзейнасьці аддзяленьняў сувязі, выплаты пэнсійнай і сацыяльнай дапамогі. Для аўтаматызацыі ўкаранілі паштова-касавыя тэрміналы, пэрсанальныя кампутары, электронныя вагі і касавыя апараты. Паштовыя аддзяленьні аказвалі звыш 50 відаў паслуг. Выпускаліся паштовыя маркі пра творы мастацтва, гербы беларускіх гарадоў, помнікі дойлідзтва, партрэты постацяў, спорт, гістарычныя падзеі, жывёльны і расьлінны сьвет, беларускія народныя строі. «Белсаюздрук» распаўсюджваў пэрыядычны друк па падпісцы і ў раздроб праз 6 абласных і Менскае гарадзкое прадпрыемства, што ўлучалі раённыя і гарадзкія аддзяленьні. Дзейнічала 1898 кіёскаў і крамаў. У 2004 годзе ўкаранілі аплатныя карткі для Сеціва. Дзейнічала 5 беларускіх банэрных сетак інтэрнэт-рэклямы. У адзіную навукова-інфармацыйную кампутарную сетку злучылі сеткі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (BASnet), Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (UniBel) і Цэнтру інфармацыйных рэсурсаў і камунікацыяў БДУ (BSUnet). Гэтая сетка ўлучала 260 навуковых установаў, 250 установаў адукацыі, а таксама бібліятэкі і ўнівэрсытэты[1].
На 1 кастрычніка 2020 году налічвалася 11,66 млн сотавых абанэнтаў. Сотавая сувязь 2-га пакаленьня была даступнай на 98,7 % земляў Беларусі, сувязь 3-га пакаленьня — на 98,4 %, 4-га — на 30,6 % земляў для 89,4 % насельніцтва. Паслугі электрасувязі аказвалі 193 прадпрыемствы. Налічвалася 2,245 млн абанэнтаў стацыянарнага шырокапалоснага доступу ў Сеціва, 2,33 млн падпісчыкаў інтэрнэт-тэлебачаньня па інтэрнэт-пратаколе, звыш 3,56 млн падлучаных да падсыстэмы інтэрнэт-мультымэдыя (ПІМ) і 2,71 млн падлучаных да гігабітнай пасіўнай аптычнай сеткі (ГПАС). Шырыня зьнешняга шлюзу Сеціва складала 780 гігабіт/сэкунда[14].
Абмежаваньне і сачэньне
рэдагаваць19 сьнежня 2010 году (дзень прэзідэнцкіх выбараў) беларускія ўлады цалкам заблякавалі зьнешні трафік па https (порт 443), што зрабіла немагчымым доступ да электроннай пошты праз абаронены пратакол абмену інфармацыяю, увод пароляў для доступу да замежных сацыяльных сетак, а таксама кіраваньне зьместам сайтаў, разьмешчаных за мяжою з Беларусі[15]. Масавыя акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, у прыватнасьці Плошча 2010, былі жорстка здушаны, але пазьней высьветлілася, што ўлады шпіёнілі за пратэстоўцамі, выкарыстоўваючы дадзеныя іх мабільных тэлефонаў[16].
18 лютага 2015 году Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь (Мінсувязі) ухваліла Пастанову № 6 «Аб зацьвярджэньні Інструкцыі аб парадку фармаваньня і захоўваньня зьвестак аб наведваемых карыстальнікамі інтэрнэт-паслуг інфармацыйных рэсурсаў». Паводле Пастановы, «пастаўнікі інтэрнэт-паслуг забясьпечваюць захоўваньне актуальных зьвестак аб наведваемых карыстальнікамі інтэрнэт-паслуг інфармацыйных рэсурсах цягам 1-го году з дня аказаньня інтэрнэт-паслуг», у тым ліку захоўваюць «дату, час пачатку і заканчэньня злучэньняў, унутраны і зьнешні інтэрнэт-адрасы і парты канцавой абанэнцкай прылады, дамэннае імя або інтэрнэт-адрас і порт навадваемага карыстальнікам інтэрнэт-паслуг інтэрнэт-рэсурсу, аб'ём перададзеных і прынятых дадзеных», а таксама «зьвесткі аб усіх паслугах электрасувязі, актываваных карыстальнікам». Урэшце, захоўваюцца такія зьвесткі аб саміх карыстальніках Сеціва як:
- «нумар і дата заключэньня дамовы на аказаньне паслуг электрасувязі;
- прозьвішча, уласнае імя, імя па бацьку;
- адрас карыстальніка або ўстаноўкі канцавой абанэнцкай прылады;
- дадзеныя, якія дазваляюць вызначыць карыстальніка інтэрнэт-паслуг або яго канцавую абанэнцкую прыладу;
- адрас нагляду за доступам да асяродзьдзя (АНДА) або індэнтыфікацыйны нумар канцавой абанэнцкай прылады карыстальніка інтэрнэт-паслуг сотавай рухомай электрасувязі;
- для абанэнтаў сеткі сотавай рухомай электрасувязі — рэквізыты дакумэнта, які сьведчыць асобу (яго назва, сэрыя, нумар, дата выдачы і найменьне выдаўшага яго дзяржаўнага органа)»[17].
3 кастрычніка 2018 году Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь (ААЦ), Мінсувязі Беларусі і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ухвалілі сумесную Пастанову № 8/10/6 «Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб парадку абмежаваньня доступу да інтэрнэт-рэсурсу». Паводле Пастановы, «пастаўнікі інтэрнэт-паслуг абмяжоўваюць доступ да інтэрнэт-рэсурсу на падставе: 1) сьпісу абмежаванага доступу — арганізацыям, фізычным асобам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам, на бязвыплатнай аснове; 2) дамовы аб аказаньні паслуг па абмежаваньні доступу да інфармацыі, распаўсюджванай пры дапамозе інтэрнэт-рэсурсаў, заключанай між карыстальнікам інтэрнэт-паслуг і пастаўніком». Пры гэтым «сьпіс абмежаванага доступу абавязковы для выкананьня ўсімі пастаўнікамі інтэрнэт-паслуг на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і фармуецца Дзяржаўнай інспэкцыяй электрасувязі Мінсувязі на падставе рашэньняў аб абмежаваньні доступу да інтэрнэт-рэсусу, прымаемых Міністэрствам інфармацыі». Згодна з 6-м пунктам Пастановы «Міністэрства інфармацыі цягам 3-х працоўных дзён з дня прыняцьця рашэньня аб абмежаваньні доступу да інтэрнэт-рэсурсу накіроўвае копію гэтага рашэньня: 1) у Дзяржаўную інспэкцыю электрасувязі для ўлучэньня адпаведнага ідэнтыфікатара інтэрнэт-рэсурсу ў сьпіс абмежаванага доступу; 2) уласьніку інтэрнэт-рэсурсу, доступ да якога абмяжоўваецца, пры ўмове знаходжаньня дадзенага інтэрнэт-рэсурсу ў нацыянальным сэгмэнце Сеціва». У 10-м пункце прадугледжвалася, што «Дзяржаўная інспэкцыя электрасувязі пры выяўленьні інтэрнэт-рэсурсаў, сродкаў забесьпячэньня ананімнасьці (проксі-сэрвэры і ананімныя сеткі «Тор»), якія дазваляюць карыстальнікам інтэрнэт-паслуг атрымліваць доступ да інтэрнэт-рэсурсу, ідэнтыфікатар якога ўлучаны ў сьпіс абмежаванага доступу, дадае ў сьпіс абмежаванага доступу ідэнтыфікатары гэтых інтэрнэт-рэсурсаў, сродкаў забесьпячэньня ананімнасьці». Урэшце «пастаўнікі інтэрнэт-паслуг абавязаныя:
- забясьпечыць належную эксплюатацыю адпаведных праграмна-тэхнічных сродкаў і пры неабходнасьці іх мадэрнізацыю або карыстацца праграмна-тэхнічнымі сродкамі, якія належаць іншым пастаўнікам»;
- «пры наяўнасьці праграмна-тэхнічных сродкаў:
- вызначыць асобаў, адказных за іх належную эксплюатацыю;
- забясьпечыць магчымасьць наладкі гэтых сродкаў толькі з унутранага сэгмэнту сеткі пастаўніка»;
- «ажыцьцяўляць дакумэнтаваньне зьмяненьняў іх канфігурацыі і захоўваць такую інфармацыю ня менш за 1 год;
- аналізаваць прынамсі 1 раз за содні зьмест сьпісу абмежаванага доступу, фармуемага Дзяржаўнай інспэкцыяй, на прадмет дапаўненьня ідэнтыфікатараў інтэрнэт-рэсурсаў, пры патрэбе ўносіць адпаведныя зьмяненьні ў далады праграмна-тэхнічных сродкаў;
- выпраўляць неадкладна на патрабаваньне Мінсувязі і ААЦ пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь парушэньні, зьвязаныя з абмежаваньнем доступу»[18].
6 сьнежня 2018 году Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да 151 вэб-бачыны за гандаль дурманамі[19]. 4 красавіка 2019 году за гандаль дурманамі абмежавалі доступ да 244 вэб-бачынаў на падставе паведамленьня Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі[20]. 27 сьнежня 2019 году — заблякавалі яшчэ 100 вэб-бачынаў па гандлі дурманам[21]. 9 сакавіка 2020 году абмежавалі доступ да 132 такіх вэб-бачынаў на падставе запытаў МУС Беларусі і Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі[22].
21 жніўня 2020 году Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да 42 вэб-бачынаў за парушэньне Закону «Аб СМІ», шэраг зь якіх адключылі 9 жніўня ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году[23]. Па іншым дадзеным, 72 альбо 73 сайта былі заблякаваны ў Беларусі, у тым ліку папуляныя бачыны Свабоды, by.tribuna.com (спартыўны сайт), Эўрапейскага радыё для Беларусі, Белсату, Салідарнасьці, the-village.me ды інш., сайты Валера Цапкалы й Віктара Бабарыкі, плятформы «Голас» і «Зубр», «Вясна», некалькі VPN-сэрвісаў[24][25][26].
У Беларусі ёсьць некалькі спосабаў адключыць Інтэрнэт: улады практычна кантралююць кабелі, якія злучаюць беларускі Інтэрнэт са сьветам[16]. Так адбылося адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году, калі Інтэрнэт на працягу некалькі дзён не працаваў па ўсёй краіне[16]. Па словах чыноўнікаў, прычынай стала магутная DDoS-атака, але незалежныя ІТ-экспэрты сьцьвярджалі, што беларускі дзяржаўны манапаліст «Белтэлекам» і зьвязаныя з ім дзяржаўныя ўстановы выкарыстоўвалі глыбокую праверку пакетаў (DPI(uk)) альбо тэхналёгію шэйпінгу(uk)[27]. Такі збой у сеткі каштуе дорага: эканамічны ўрон, паводле ацэнак, складае $56 мільёнаў у дзень[16]. Аднак мабільны Інтэрнэт можна адключыць рэгіянальна й выбарачна, як гэта было ў наступныя месяцы пасьля выбараў, напрыклад, падчас нядзельных маршаў, але для гэтага патрабаваўся актыўны ўдзел прыватных апэратараў сотавай сувязі, бо сеткай 4G кіруе дзяржаўная структура, у той час як сеткамі 2G й 3G кіруюць самі апэратары мабільнай сувязі[16].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д Станіслаў Дубянецкі. Сувязь і інфарматызацыя // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь. — С. 363-365. — 760 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4
- ^ а б Сетка перадачы даных // Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2020 г.
- ^ Статыстыка галіны за 2019 год // Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2020 г.
- ^ Паштовая дзейнасьць // Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2020 г.
- ^ Пасылкі // УП «Белпошта», 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2020 г.
- ^ Міжнародныя пасылкі // УП «Белпошта», 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2020 г.
- ^ Міжнародная карэспандэнцыя // УП «Белпошта», 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2020 г.
- ^ Тэрміны перасылкі паштовых адпраўленьняў па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь // УП «Белпошта», 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2020 г.
- ^ Тэрміны перасылкі міжнародных адпраўленьняў пісьмовай карэспандэнцыі // УП «Белпошта», 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2020 г.
- ^ а б Тэлебачаньне і радыёвяшчаньне // Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2020 г.
- ^ Лічбавае тэлевізійнае вяшчаньне // Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2020 г.
- ^ Сетка стацыянарнай электрасувязі // Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 10 сьнежня 2020 г.
- ^ Сетка сотавай рухомай электрасувязі // Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 10 сьнежня 2020 г.
- ^ Колькасьць абанэнтаў сотавай сувязі расьце ў Беларусі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 30 кастрычніка 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2020 г.
- ^ Bykouski, Paulyuk Belarusian Media in the Virtual Space (анг.). BELL. Праверана 2020-12-11 г. Архіўная копія ад 2020-12-11 г.
- ^ а б в г д Simone Brunner. Alexanders Werk und Österreichs Beitrag (ням.) // profil(de). — 2020. — № 42. — С. 66–67.
- ^ Сяргей Папкоў. Пастанова Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь ад 18 лютага 2015 г. № 6 «Аб зацьвярджэньні Інструкцыі аб парадку фармаваньня і захоўваньня зьвестак аб наведваемых карыстальнікамі інтэрнэт-паслуг інфармацыйных рэсурсаў» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 14 сакавіка 2015 г. Праверана 2 студзеня 2021 г.
- ^ Андрэй Паўлючэнка, Канстанцін Шульган, Алесь Карлюкевіч. Пастанова ААЦ пры прэзыдэнце, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ад 3 кастрычніка 2018 г. № 8/10/6 «Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб парадку абмежаваньня доступу да інтэрнэт-рэсурсу» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 9 кастрычніка 2018 г. Праверана 2 студзеня 2021 г.
- ^ Мінінфарм абмежаваў доступ да 151 інтэрнэт-рэсурсу // Газэта «Зьвязда», 6 сьнежня 2018 г. Праверана 2 студзеня 2021 г.
- ^ Мінінфарм заблакаваў 244 сайты за гандаль наркотыкамі // Газэта «Зьвязда», 4 красавіка 2019 г. Праверана 2 студзеня 2021 г.
- ^ Мінінфарм абмежаваў доступ да 100 інтэрнэт-рэсурсаў // Газэта «Зьвязда», 31 сьнежня 2019 г. Праверана 2 студзеня 2021 г.
- ^ За продаж наркотыкаў Мінінфарм абмежаваў доступ да 132 інтэрнэт-рэсурсаў // Газэта «Зьвязда», 10 сакавіка 2020 г. Праверана 2 студзеня 2021 г.
- ^ Мінінфарм заблакаваў Радыё «Свабода», «Белсат», спартыўную «Трыбуну» і іншыя незалежныя сайты // Партал «Наша ніва», 21 жніўня 2020 г. Праверана 2 студзеня 2021 г.
- ^ В Беларуси ограничили доступ к ряду сайтов. Вот список
- ^ В Беларуси заблокирован ряд сайтов. В том числе и СМИ
- ^ Среди заблокированных — мегапопулярный спортивный сайт By.tribuna.com
- ^ Что происходит с интернетом в Беларуси — мнение технических специалистов
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Электронная форма для фізычных асобаў // Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2020 г.
- Электронныя звароты для фізычных асобаў // УП «Белтэлекам», 2020 г. Праверана 11 сьнежня 2020 г.
- Электронныя звароты грамадзянаў // УП «Белпошта», 2020 г. Праверана 10 сьнежня 2020 г.