Зьбіра́льніцтва — зьбіраньне, здабываньне гатовых дарункаў прыроды, у асноўным прадметаў харчаваньня й лекавых траваў; самы старажытны занятак чалавецтва, што паслужыў у свой час вытокам земляробства.

Гісторыя

рэдагаваць

Зьбіральніцтва мала зьмянілася на працягу тысячагодзьдзяў і ў сваім архаічным выглядзе захавалася да нашага часу. Разам з тым прыкметна зьменшыліся яго маштабы, што абумоўлена скарачэньнем прыродных рэсурсаў, перш за ўсё — масіваў першабытных лясоў, балотных ляндшафтаў, г. зв. няўдобіц, лугавін, а таксама безгаспадарчым умяшаньнем чалавека ў экалягічнае асяродзьдзе. У традыцыйнай народнай гаспадарцы здаўна істотную ролю адыгрывалі збор лясных ягад, пладоў, грыбоў, лугавых траў (кармавых, лекавых, дэкаратыўных), караняплодаў, падсечка дрэваў і нарыхтоўка расьлінных сокаў, зьбіраньне мёду дзікіх пчол і інш. Кожны з гэтых заняткаў патрабаваў веданьня мясцовай экалёгіі, харчовых і лекавых якасьцей тых ці іншых расьлін, аптымальных тэрмінаў іх збору, спосабаў першаснай апрацоўкі, кансэрвацыі й ўжываньня.

Разнастайнасьць збораў

рэдагаваць

Шчодрасьць лясных дароў рабіла іх даступнымі амаль для кожнага, яны не зьяўляліся ласункам для сельскага жыхара. Лясныя ягады — суніцы, чарніцы, брусьніцы, буякі, маліны, парэчку, агрэст, ажыну — ужывалі часьцей сьвежымі. Яны выкарыстоўваліся асобна й у якасьці складовых кампанэнтаў многіх кулінарных вырабаў — пірагоў, варэнікаў, кісялю, кулагі, розных напояў. Значную колькасьць ягад нарыхтоўвалі ў запас: брусьніцы парылі ў чыгунах, ссыпалі ў кадушкі й бочкі, дадаючы прыправы; зь іх рабілі сокі й павідла (на мёдзе); чарніцы часьцей сушылі; журавіны захоўвалі замарожанымі, дадавалі ў квашаную капусту, выраблялі зь іх сокі й напоі. Ягады каліны й рабіны зьбіралі позьняй восеньню, захоўвалі на гарышчах; суквецьці каліны закладалі таксама ў стажкі разам зь сенам, дзе яны вылежвалі пэўны тэрмін. У значным аб’ёме назапашвалі ў лесе грушы, яблыкі, жалуды, арэхі. Грушы, як і жалуды, ссыпалі ў засекі сьвірнаў ці стопак, дзе яны дасьпявалі, сушылі ў печах. Яблыкі разразалі на скрылькі, нанізвалі на суровыя ніткі, вязанкамі сушылі на сонцы; пад восень іх закладвалі у стажкі сена, дзе яны захоўваліся нярэдка на працягу ўсей зімы.

Прыкметнае месца у традыцыйнай гаспадарцы мела зьбіраньне розных відаў грыбоў. Перавагу аддавалі баравікам, падасінавікам (чырвонагаловікі), у вялікай колькасьці зьбіралі абабкі, махавікі, масьлякі (казьлякі), лісічкі, апенькі, рыжыкі, зялёнкі, ваўнянкі. 3 мухамораў рабілі атруту для насякомых. У кожнай мясцовасьці былі свае звычаі й асаблівасьці ва ўжываньні тых ці іншых відаў грыбоў, у спосабах іх апрацоўкі й захаваньня. Большасьць грыбоў ужывалі сьвежымі (смажанымі ці варанымі), значную частку закладвалі ў кадушкі на засол; баравікі, падасінавікі, абабкі сушылі ў запас. Сушаныя грыбы й ягады сяляне збывалі на мясцовых кірмашах, прадавалі скупшчыкам, якія развозілі іх далёка за межы Беларусі, асабліва ў стэпавыя раёны Ўкраіны.

Пераважна вясной і ў пачатку лета, калі буяла маладая флёра, шырока ўжывалі ў ежу лугавыя шчаўе й цыбулю, хрэн, крапіву, лебяду, кісьліцу, аер, кветкі ліпы й інш. Лісьце шчаўя, крапівы, лебяды зьбіралі да іх цьвіценьня, складвалі ў фаскі й макітры, перасыпалі па слаях сольлю, дадавалі кмену й іншыя духмяныя зёлкі, квасілі ў запас. Пасьля зь іх гатавалі розныя вадкія стравы (варывы). Шчаўе, кісьліцу, цыбулю лугавую, маладыя пабегі аеру й іншае ўжывалі таксама «жывымі» без усялякай апрацоўкі. Аер, лісты клёну й дубу выкарыстоўвалі пры выпечцы хлеба. З іван-чаю (скрыпеню), чабору, мацярдушкі, зьверабою, кветак і маладых пабегаў ліпы гатавалі адвары. Мноства лекавых расьлін сушылі на зіму. У якасьці лекаў выкарыстоўвалі адвары з галінак маліны, парэчкі, вішні, кары дуба, крушыны, каліны.

Дадатковыя зьвесткі

рэдагаваць

У Палесьсі й Паазер’і яшчэ ў XIX стагодзьдзі сустракаўся своеасаблівы промысел — збор яек дзікіх птушак. Вясною ў нядзелю й па сьвятах маладыя хлопцы гуртамі адпраўляліся ў Пінскія балоты зьбіраць яйкі дзікіх качак і гусей. «Прыносілі іх столькі, колькі у стане данесьці кожны. Тады ва усей вёсцы наладжвалася сапраўднае сьвята: у кожнай хаце дармавая яечня». Зьбіральніцтва займала прыкметнае месца ў народным жыцьці й на працягу многіх стагодзьдзяў рэгулявалася звычаёвым правам. Паводле Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 году, сяляне захоўвалі права «ўступу» ў дзяржаўныя й панскія лясы дзеля збору грыбоў, ягад, мёду дзікіх пчол і інш. Пазьней яны паступова страчвалі такое права й павінны былі плаціць за яго чынш ці адрабляць на карысьць землеўладальніка некалькі дзён у годзе.

Зьбіральніцтва — адзін зь нямногіх старажытных промыслаў, які захаваў ва ўмовах урбанізацыі й прамысловай рэвалюцыі сваю архаічную форму й індывідуальны характар ручной працы. У наш час зьбіральніцтва часьцей мае форму аматарскага занятку, актыўнага адпачынку на ўлоньні прыроды.

Літаратура

рэдагаваць

Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Віктар Цітоў, праект «Наша ежа».