Злучаныя Штаты Амэрыкі

дзяржава ў Паўночнай Амэрыцы

Злу́чаныя Шта́ты Амэ́рыкі, Задзіно́чаныя Гаспада́рствы Паўно́чнай Амэ́рыкі ці скарочана ЗША (па-ангельску: The United States of America, скарочана таксама USA, US) — фэдэратыўная рэспубліка[3][4] ў Паўночнай Амэрыцы, якая складаецца з 50 штатаў, адной фэдэральнай акругі і некалькіх астраўных тэрыторыяў. 48 штатаў і фэдэральная акруга Калюмбія знаходзяцца ў цэнтральнай частцы Паўночнай Амэрыкі паміж Канадай і Мэксыкай. Штат Аляска зьяўляецца самым паўночным зь іх і месьціцца ў паўночна-заходняй частцы мацерыку, у той час як 50-ы штат, Гаваі, уяўляе сабой архіпэляг у сярэдзіне Ціхага акіяну. Дзяржава таксама мае пяць населеных і дзевяць незаселеных тэрыторыяў у Ціхім акіяне й Карыбскім басэйне. Гістарычна склаўся падзел ЗША на тры галоўныя рэгіёны: Поўнач, Поўдзень і Захад. З агульнай плошчай у 9,83 млн км² у Злучаных Штатах пражываюць каля 322 млн чалавек (2016 год). Краіна зьяўляецца чацьвёртай паводле велічыні агульнай плошчы й трэцяй паводле колькасьці насельніцтва. ЗША зьяўляюцца аднымі з самых этнічна разнастайнымі й шматнацыянальнымі краінамі сьвету, у выніку буйнамаштабнай іміграцыі са шматлікіх краінаў сьвету[5]. Геаграфія й клімат Злучаных Штатаў таксама надзвычай разнастайныя, то бок яны зьяўляюцца домам для самых разнастайных відаў дзікіх жывёлаў.

Злучаныя Штаты Амэрыкі
анг. United States of America
Сьцяг Злучаных Штатаў Амэрыкі Герб Злучаных Штатаў Амэрыкі
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: In God We Trust (афіцыйны)
E Pluribus Unum (традыцыйны)
Дзяржаўны гімн: «The Star Spangled Banner»
Месцазнаходжаньне Злучаных Штатаў Амэрыкі
Афіцыйная мова дэ-юрэ — адсутная,
дэ-факта — ангельская,
рэгіянальны статус анґельскай і некаторых іншых моваў
Сталіца Вашынгтон
Найбуйнейшы горад Нью-Ёрк
Форма кіраваньня Дэмакратычная
фэдэратыўная рэспубліка
Джо Байдэн
Камала Гарыс
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
3-е/4-е месца ў сьвеце
9 826 675 км²
6,76%
Насельніцтва
 • агульнае (2016)
 • шчыльнасьць
3-е месца ў сьвеце
322 976 000
32,9/км²
СУП
 • агульны (2020)
 • на душу насельніцтва
2-е месца ў сьвеце
$20,9 трлн[1]
$63 416[2]
Валюта Амэрыканскі даляр (USD)
Часавы пас
 • улетку
UTC (UTC ад -5 да -10)
UTC (UTC ад -4 да -10)
Незалежнасьць
— абвешчаная
— прызнаная
ад Вялікабрытаніі
4 ліпеня 1776
3 верасьня 1783
Аўтамабільны знак USA
Дамэн верхняга ўзроўню .us
Тэлефонны код +1

Злучаныя Штаты зьяўляюцца разьвітай краінай і маюць адну з самых вялікіх нацыянальных эканомік. СУП у 2020 годзе, паводле ацэнкі Міжнароднага валютнага фонду склаў $20,9 трлн, то бок каля 15% парытэту пакупніцкай здольнасьці[1]. Эканоміка падсілкоўваецца багацьцем прыродных рэсурсаў і самай высокай у сьвеце прадукцыйнасьці працы[6]. Паводле велічыні СУП на душу насельніцтва ў 2020 годзе ЗША займалі 7-ы радок у сьвеце[7]. У той час як эканоміка ЗША лічыцца постіндустрыяльнай, яна працягвае заставацца адным з найбуйнейшых сусьветных вытворцаў[8]. ЗША мае самы высокі сярэдні й мэдыяльны паказчык прыбытку хатняй гаспадаркі сярод краінаў АЭСР, а таксама самы высокі сярэдні заробак[9][10], аднак займае чацьвёрты радок паводле нераўнамернага разьмеркаваньня даходаў сярод краінаў АЭСР[11]. Прыкладна 16% насельніцтва жыве ў беднасьці[12]. На краіну прыпадае 39% глябальных вайсковых выдаткаў[13], што робіць ЗША найбольш эканамічна й вайскова моцнай дзяржавай у сьвеце, вядомай палітычнай і культурнай сілай, а таксама лідэрам у галіне навуковых дасьледаваньняў і тэхналягічных інавацыяў.

Гісторыя

рэдагаваць

Людзі на тэрыторыі ЗША ўпершыню зьявіліся, паводле ацэнак архэолягаў, ад 12 да 40 тысячаў гадоў таму. Як мяркуецца, яны трапілі сюды праз Аляску, якая ў той час злучалася з Азіяй.

Заснаваньне

рэдагаваць

Гісторыя ангельскіх паселішчаў, зь якіх пасьля сфармаваліся ЗША, пачалася з заснаваньня Джэймстаўну ў Вірджыніі ў 1607 годзе. У 1696 годзе прыняцьце чарговага закону аб мараплаўстве і ўсталяваньне новага міністэрства гандлю Вялікабрытаніі заклалі асновы імпэрскай сыстэмы. На працягу дзевяці дзесяцігодзьдзяў ўтварыліся трынаццаць калёніяў, там разьвілася сыстэма рабаўладаньня, укараніліся ангельская культура, ангельская мова і брытанскія палітычныя інстытуты.

Наступны пэрыяд каляніяльнай гісторыі (1696—1763) быў адзначаны малаважнымі зьменамі ў сыстэме імпэрскае адміністрацыі і пераўтварэньнем практычна ўсіх бакоў жыцьця калёніяў. У гэты час адбываўся няўхільны рост насельніцтва, разьвівалася дынамічная, арыентаваная на экспарт, эканоміка, умацоўваўся аўтарытэт асамблеяў — незалежных інстытутаў прадстаўнічай улады, рэлігійнае і культурнае жыцьцё калёніяў дзівіла сваёй разнастайнасьцю. Усе сем дзесяцігодзьдзяў былі апаленыя пажарамі эўрапейскіх войнаў, якія дакочваліся і да амэрыканскіх берагоў. Гэтыя войны спрыялі кансалідацыі калёніяў з мэтраполіяй у агульным змаганьні супраць французаў і гішпанцаў, што асталяваліся ў Амэрыцы. У выніку гэтых войнаў гішпанцаў выціснулі з Флорыды, а французаў — з Канады, і ад 13 калёніяў была адведзена пагроза зьнешняй агрэсіі.

Нацыянальны рух

рэдагаваць
 
Падпісаньне дэклярацыі незалежнасьці

Агульная колькасьць насельніцтва калёніяў перавысіла ў 1760-я гады 150 тысячаў чалавек[14]. У 1763 годзе брытанскі ўрад паспрабаваў замацаваць свой кантроль над амэрыканскімі паселішчамі. Новае імпэрскае заканадаўства выклікала бурную рэакцыю ў калёніях. Сутыкнуўшыся з апазыцыяй, у 1770 годзе Вялікабрытанія адмяніла мыты на ўсё акрамя гарбаты, якая была прадметам раскошы ў калёніях. На працягу трохгадовага пэрыяду спакою адносна невялікая колькасьць радыкалаў прыкладалі намаганьні, каб працягнуць спрэчку. Найбольш уплывовым лідэрам сярод радыкалаў быў Сэм’юэл Адамз з Масачусэтсу, які строга прытрымліваўся адной мэты — незалежнасьці[15]. У 1773 годзе ўплывовая кампанія «Іст-Індыя» атрымала ад Вялікабрытаніі права на манапольны экспарт гарбаты да калёніяў. Па ўсім Атлянтычным узьбярэжжы агентаў кампаніі «Іст-Індыя» вымагалі пайсьці ў адстаўку, а новыя пастаўкі альбо вярталі ў Вялікабрытанію, альбо складавалі ў портах. Уночы 16 сьнежня 1773 году група мужчынаў на чале з Сэм’юэлам Адамзам, пераапранутая ў індзейцаў-магаўкаў, узышлі на борты трох брытанскіх суднаў, што стаялі на якары, і выкінулі ўвесь груз гарбаты ў Бостанскую бухту. Афіцыйныя колы Вялікабрытаніі амаль што аднадушна асудзілі гэтую падзею, што атрымала назву «Бостанскае чаяваньне», як акт вандалізму і патрабавалі заканадаўчых мераў, якія б паставілі каляністаў на месца.

5 верасьня 1774 году ў Філадэлфіі пачаў сваю працу Першы Кантынэнтальны кангрэс, на якім была прынятая дэклярацыя пра правы амэрыканскіх калёніяў на «жыцьцё, волю і ўласнасьць» і прынята рашэньне аб’явіць гандлёвы байкот Вялікабрытаніі. У 1776 годзе калёніі прынялі Дэклярацыю незалежнасьці. Да 1783 году мяцежныя калёніі заваявалі незалежнасьць сілай зброі і ўтварылі вольную канфэдэрацыю пад назовам Злучаныя Штаты Амэрыкі. У 1789 годзе сувэрэннымі грамадзянамі некалькіх штатаў была ўхваленая канстытуцыя, якая заклала асновы новай дзяржавы.

Узбуйненьне

рэдагаваць
 
Гістарычная храналёгія ЗША

Паводле першага перапісу 1790 году ў краіне пражывалі каля 4 млн чалавек. За пэрыяд з 1790 па 1815 гады колькасьць насельніцтва падвоілася, а да 1860 году дасягнула 31,5 млн. На працягу першай паловы XIX стагодзьдзя адбывалася міграцыя амэрыканцаў на захад. Насельніцтва Паўночна-Заходняй тэрыторыі, дзе ўтварыліся штаты Агаё, Індыяна, Іліной, Мічыган і Вісконсін, узрасло з 51 тысячаў у 1800 годзе да 6,9 млн у 1860 годзе. За той жа пэрыяд колькасьць насельніцтва Новай Ангельшчыны ўзрасла з 1,2 млн чалавек да 3,1 млн. У 1790 годзе ў складзе насельніцтва пераважалі выхадцы з Брытанскіх астравоў, але былі таксама прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў, як то немцы, валійцы, французы, швайцарцы, нідэрляндцы. Этнічны склад насельніцтва фактычна заставаўся нязьменным да наплыву нямецкіх і ірляндзкіх імігрантаў у 1840—1850-я гады. У 1790 годзе афрыканцы, якія былі дастаўленыя сюды ў якасьці рабоў, складалі пятую частку ўсяго насельніцтва, аднак з-за заняпаду тытуняводзтва ўвоз рабоў скарачаўся. Падчас Вайны за незалежнасьць у большасьці штатах увоз рабоў быў забаронены, і ў 1808 годзе Кангрэс ЗША заканадаўча замацаваў гэтую забарону. Аднак падпольны гандаль рабамі квітнеў яшчэ доўгія гады. Падчас рэвалюцыі рабы ў большасьці паўночных штатаў здабылі волю, аднак ім рэдка даводзілася атрымаць усе грамадзянскія правы.

Імкненьне амэрыканцаў пашырыць тэрыторыі на захад прывяло да шэрагу доўгіх войнаў з індзейцамі і гішпанцамі. Купля тэрыторыі Луізыяны ў французаў у 1803 годзе амаль удвая павялічыла памер краіны — гэтая тэрыторыя значна пераўзыходзіла сучасны аднайменны штат, распасьціраючыся да Канады[16]. Сэрыя амэрыканскіх ваенных ўварваньняў у Флорыду прывяла да таго, што Гішпанія павінна была саступіць частку ўзьбярэжжа Мэксыканскага заліву ў 1819 годзе. У гэтыя часы шырока было пашырана будаўніцтва чыгункі.

З 1820 па 1850 гады Джэксанава дэмакратыя пачала падвяргацца шэрагу рэформаў, якія ўключалі пашырэньне выбарчага права для мужчынаў. Гэта прывяло да ўзьнікненьня дзьвюхпартыйнай сыстэмы з 1828 па 1854 гады. У 1845 годзе ЗША анэксавала Рэспубліку Тэхас. Арэгонская дамова 1846 году зь Вялікабрытаніяй прывяла да ўсталяваньня кантролю ЗША сучасным амэрыканскім паўночным захадам. Перамога ў амэрыкана-мэксыканскай вайне прывяла да саступкі Мэксыкай Каліфорніі і вялікай часткі сучаснага паўднёвага захаду ЗША. Залатая ліхаманка 1848—1849 гадоў у Каліфорніі стымулявала міграцыю ў заходні рэгіён краіны і стварэньне дадатковых заходніх штатаў. Пасьля грамадзянскай вайны ў ЗША, новыя транскантынэнтальная чыгунка паскорыла перасяленьне на захад, і, тым самым, павелічэньнем канфліктаў з карэннымі народамі Амэрыкі.

У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя ў выніку працяглых спробаў Расея прадае ЗША Аляску, якая ў 1959 годзе атрымала статус дадатковага штату краіны. Пазьней далучаныя Гаваі й Пуэрта-Рыка, пры гэтым апошняя тэрыторыя дагэтуль ня мае статусу штату (аднак у рэгіёне дзейнічаюць рухі, мэтаю якіх зьяўляецца здабыцьцё статусу штату для тэрыторыі).

Геаграфія

рэдагаваць
 
Скалістыя горы

Злучаныя Штаты ўтвараюць чацьвертую паводле плошчы краіну ў сьвеце пасьля Расеі, Канады й Кітаю. Кантынэнтальная частка ЗША займае тэрыторыю ад Атлянтычнага да Ціхага акіянаў, і пралягае паміж Канадай, Мэксыкай і Мэксыканскай затокай. Аляска — самы вялікі паводле плошчы штат. Ён аддзелены ад кантынэнтальнай часткі Канадай, берагі Аляскі — на Ціхім і Паўночным акіяне. Гаваі ўтвараюць архіпэляг у Ціхім акіяне на паўднёвы захад ад Паўночнай Амэрыкі. Пуэрта-Рыка — востраў у Карыбскім моры. Тэрыторыя краіны амаль цалкам знаходзіцца ў Заходнім пашар’і Зямлі, аднак выключэньне складае толькі тэрыторыя Гуаму і заходняя частка Аляскі.

Будова паверхні

рэдагаваць
 
Вялікія раўніны

Асноўную частку тэрыторыі ЗША паводле асаблівасьцяў рэльефу дзеляць на восем правінцыяў: Апалачы, Берагавыя раўніны, Унутраныя ўзвышшы, Унутраныя раўніны, узвышша ля возера Верхняга, Скалістыя горы, Міжгорныя плято і Ціхаакіянскія Берагавыя горы. Аляска і Гавайскія астравы таксама зьяўляюцца самастойнымі правінцыямі.

Найвышэйшы пункт краіны — Дэналі, якая месьціцца ў штаце Аляска і мае вышыню ў 6193 мэтры.

ЗША адрозьніваюцца вялікай разнастайнасьцю кліматычных умоваў. На асноўнай тэрыторыі краіны вылучаюць дзьве галоўныя кліматычныя вобласьці — Усходнюю і Заходнюю. Мяжа паміж імі праходзіць прыкладна ўздоўж мэрыдыяну 100° з. д.

Усходняя вобласьць у цэлым характарызуецца вільготным кліматам зь сярэдняй гадавой колькасьцю ападкаў ад 500 мм уздоўж мэрыдыяну 100° з.д. да больш 1500 мм на паўднёвым усходзе. Асноўная крыніца ападкаў — цёплае вільготнае паветра, якое паступае з боку Мэксіканскага заліву, і — у значна меншай ступені — з боку Атлянтычнага акіяну. Тэмпэратуры ў гэтай вобласьці больш залежаць ад шыраты мясцовасьці, чым ад вышыні паверхні, і даволі раўнамерна падвышаюцца з поўначы на поўдзень. У выніку лета на поўначы кароткае і цёплае, на поўдні працяглае і гарачае, а зіма на поўначы доўгая і халодная, на поўдні кароткая і вельмі цёплая.

Вялікая частка Ўсходняй вобласьці зазнае частыя зьмены надвор’я, галоўным чынам таму, што струмені цёплага паветра з поўдня часта перарываюцца масамі халоднага паветра, якое пранікае з поўначы. Асабліва зьменлівае надвор’е ў Новай Ангельшчыне, дзе ветраныя дажджлівыя пэрыяды хутка зьмяняюцца бясхмарнымі і сухімі.

У Заходняй вобласьці горны рэльеф аказвае вялікі ўплыў на цыркуляцыю атмасфэры. Калі вільготныя паветраныя масы, якія рухаюцца ад Ціхага акіяну на ўсход, падымаюцца над высокімі гарамі, там выпадаюць ападкі. Адпаведна наветраныя заходнія схілы гор значна лепш забясьпечаныя вільгацьцю, чым шырокія арыдныя тэрыторыі, разьмешчаныя з зацішнога боку ў дажджавым цені гор. Хоць у цэлым Заходняй вобласьці ўласьцівыя арыдны клімат, сярэдняя гадавая колькасьць ападкаў вагаецца ад меней 120 мм у пустыні Санора да больш 2500 мм у некаторых мясцовасьцях Берагавых хрыбтоў.

Тэмпэратуры ў Заходняй вобласьці залежаць ад шыраты і вышыні мясцовасьці, а ў прыбярэжных раёнах адчуваецца ўзьдзеяньне акіяну. Самыя высокія часткі гор знаходзяцца ў зімовых умовах, тады як у самых паўднёвых пустынях вялікую частку году пераважае гарачае надвор’е. Скалістыя горы абараняюць іх ад уварваньня халодных паветраных мас з поўначы.

Гідраграфія

рэдагаваць
 
Рака Місысыпі ў прадмесьцях Сэнт-Луісу

Амаль усе рэкі асноўнай тэрыторыі ЗША ўпадаюць у Атлянтычны і Ціхі акіяны. Вялікая частка рачнога сьцёку накіроўваецца ў Мэксыканскі заліў, які зьяўляецца часткай Атлянтычнага акіяну. Ягоны вадазборны басэйн распасьціраецца да Скалістых гор на захадзе, Апалачаў на ўсходзе і мяжы з Канадай на поўначы. Некаторыя рэкі, як напрыклад Рыё-Грандэ, працякаюць непасрэдна ў Мэксыканскі заліў. Большасьць рэк належыць да гіганцкай сыстэмы, сфармаванай ракой Місысыпі (даўжыня — 3757 км) і ейным галоўным прытокам ракой Мізуры (даўжыня — 4127 км). Мноства рэк, пераважна кароткіх, упадае ў Атлянтычны акіян. Самыя доўгія зь іх, працягласьцю ў некалькі сотняў кілямэтраў, пачынаюцца ў Апалачах. Сьцёк з вобласьці Вялікіх азёраў накіраваны на паўночны ўсход па рацэ Сьвятога Лаўрэнція, якая ўпадае ў Атлянтычны акіян на тэрыторыі Канады.

На Захадзе ЗША сыстэмы рэк Калумбія, Каларада і Сакрамэнта-Сан-Хоакін утвараюць асноўныя вадазборныя басэйны і ўпадаюць у Ціхі акіян. Аднак у арыдных і сэміарыдных раёнах, аддаленых ад узьбярэжжа акіяну, мноства перасыхаючых рэк і некалькі рэк са сталым сьцёкам упадаюць у азёры ў замкнёных катлавінах. Невялікая частка тэрыторыі ЗША, пераважна ў штатах Мінэсота і Паўночная Дакота, прымеркаваная да вадазборнага басэйну, сьцёк зь якога накіраваны да поўначы праз возера Вініпэг, раку Нэльсан і Гудзонаў заліў у Арктычны акіян.

У ЗША знаходзіцца мноства азёраў. Самім вялікім зь іх зьяўляецца Мічыган (57 440 кв. км), адзінае зь пяці Вялікіх азёраў, цалкам зьмешчанае ў межах ЗША. Другое памерамі — Вялікае Салёнае возера ў штаце Юта (2850 кв. км).

Палітыка

рэдагаваць
 
Капітоль, у якім праводзіць свае паседжаньні Кангрэс ЗША

Дзяржаўны лад ЗША — прэзыдэнцкая рэспубліка. Прэзыдэнт абіраецца на дзьвюхступенных выбарах. Кандыдаты ад палітычных партыяў спачатку павінны перамагчы ў праймэрыз (якія ў некаторых штатах маюць назву кокусы). У выбарах удзельнічае ўсё насельніцтва краіны ва ўзросьце ад 18 гадоў незалежна ад плоцевай ды расавай праналежнасьці. Заканадаўчую ўладу ў краіне ажыцьцяўляе Палата прадстаўнікоў. Гістарычна склалася, што большасьць месцаў у Палаце Прадстаўнікоў маюць сябры дзьвюх партыяў — Рэспубліканскай ды Дэмакратычнай, што дало падставу лічыць амэрыканскую палітычную сыстэму дзьвюхпартыйнай. Уладу ў штатах прадстаўляюць губэрнатары, якія абіраюцца мясцовым насельніцтвам. Прэзыдэнт краіны абіраецца паводле традыцыйнае сыстэмы, вядомай як калегія выбарцаў.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

рэдагаваць

 

Дзяржава складаецца з 50 штатаў, якія зьяўляюцца раўнапраўнымі суб’ектамі фэдэрацыі, і сталічнай фэдэральнай акругі Калюмбія.

Кожны штат мае сваю канстытуцыю, заканадаўчую, выканаўчую і судовую ўлады.

Штаты падзяляюцца на акругіЛуізыяне гістарычна склаўся тэрмін «прыход» (parish); у Алясцы ўжываюць тэрмін «бора» (borough), — драбнейшыя адміністрацыйныя адзінкі, якія звычайна ня маюць істотных урадавых функцыяў. Найболей вядомай функцыяй графстваў зьяўляецца кіраваньне дзяржаўнымі школамі. Мясцовым жыцьцём населеных пунктаў кіруюць муніцыпалітэты.

Агаё  
Аёва  
Айдага  
Аклагома  
Алабама  
Аляска  
Арканзас  
Арызона  
Арэгон  
Ваёмінг  
Вашынгтон  
Вірджынія  
Вісконсін  
Вэрмонт  
Гаваі  
Джорджыя  
Дэлаўэр  
Заходняя Вірджынія  
Іліной  
Індыяна  
Каларада  
Каліфорнія  
Канзас  
Канэктыкут  
Кентукі  
Луізыяна  
Мантана  
Масачусэтс  
Мізуры  
Мінэсота  
Місысыпі  
Мічыган  
Мэн  
Мэрылэнд  
Нэбраска  
Нэвада  
Нью-Гэмпшыр  
Нью-Джэрзі  
Нью-Ёрк  
Нью-Мэксыка  
Паўднёвая Дакота  
Паўднёвая Караліна  
Паўночная Дакота  
Паўночная Караліна  
Пэнсыльванія  
Род-Айлэнд  
Тэнэсі  
Тэхас  
Флорыда  
Юта  

Эканоміка

рэдагаваць
 
Мапа экспарту ЗША ў 2011 годзе. ЗША зьяўляецца другой краінай у сьвеце паводле экспарту.

Эканоміка Злучаных Штатаў абапіраецца на капіталістычныя прынцыпы і падсілкоўваецца багатымі прыроднымі рэсурсамі і высокай прадукцыйнасьцю. Паводле зьвестак Міжнароднага валютнага фонду, СУП ЗША складае $20,9 трлн[1][17]. Нацыянальны СУП паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці быў прыкладна на 9% большым у параўнаньні з Эўрапейскім зьвязам, насельніцтва якога больш на 62% за насельніцтва Злучаных Штатаў. Паводле Сусьветнага банку, намінальны СУП ЗША ацэньваецца ў $ 21,4 трлн па стане на 2019 год, што на траціну больш за паказчык Эўрапейскага зьвязу[17]. З 1983 па 2008 гады рэальны гадавы рост СУП складаў 3,3%, што больш ў параўнаньні зь сярэднім паказчыкам астатніх краінаў G7, які маюць каля 2,3%[18]. Краіна займае дзявятае месца ў сьвеце па намінальным СУП на душу насельніцтва. Даляр ЗША зьяўляецца асноўнай рэзэрвовай валютай у сьвеце[19].

Злучаныя Штаты зьяўляюцца найбуйнейшым імпартэрам тавараў і другім паводле велічыні экспартэрам, не зважаючы на тое, што экспарт на душу насельніцтва зьяўляецца адносна нізкімі. У 2010 годзе агульны гандлёвы дэфіцыт ЗША складаў $635 млн[20]. Канада, Кітай, Мэксыка, Японія й Нямеччына зьяўляюцца галоўнымі гандлёвымі партнэрамі краіны[21]. У 2010 годзе нафта была найбуйнейшай імпартным таварам, у той час як транспартнае абсталяваньне зьяўлялася найбуйнейшым экспартным таварам[20]. Кітай зьяўляецца найбуйнейшым замежным трымальнікам дзяржаўнага доўгу ЗША[22]. Паводле справаздачы Міжнароднага энэргетычнага агенцтва (Парыж, Францыя), у ліпені 2013 году здабыча вуглевадародаў у ЗША перасягнула 22 млн бочак (3,498 млрд літраў) за дзень у сувязі з распрацоўкай лупняковых радовішчаў Бакен у Паўночнай Дакоце і Ігл-Форд у Тэхасе. У выніку ЗША выперадзілі Расею па нафтаздабычы і занялі 2-е месца ў сьвеце пасьля Саудаўскай Арабіі. Рост нафтаздабычы з лупнякоў у ЗША ў наступныя гады істотна абнізіў цэны на нафту на сусьветным рынку, бо дагэтуль ЗША працяглы час былі аднымі з найбольшых імпартэраў нафты ў сьвеце[23].

У 2009 годзе прыватны сэктар, паводле ацэнак, складаў 86,4% ад эканомікі, з улікам фэдэральнай урадавай дзейнасьці ў 4,3% і дзйнасьці органаў мясцовага самакіраваньня і ўрадаў штатаў у 9,3%[24]. Не зважаючы на тое, што эканоміка краіны дасягнула постіндустрыяльнага ўзроўню разьвіцьця й ягоныя сэктары паслуг складаюць 67,8% ад СУП, Злучаныя Штаты па-ранейшаму зьяўляюцца буйной індустрыяльнай дзяржавай[25].

Хімічная прамысловасьць зьяўляецца асноўнай сфэрай прамысловасьці ў ЗША[26]. Злучаныя Штаты зьяўляюцца трэцім паводле велічыні вытворцам нафты ў сьвеце, а таксама ейным найбуйнейшым імпартэрам. ЗША зьяўляюцца галоўным у сьвеце вытворцам электрычнай і ядзернай энэргіі, а таксама вырабніцтва звадкаванага прыроднага газу, серы, фасфатаў і солі. У 2023 годзе на атамныя электрастанцыі прыпадала 19,6 % вытворчасьці электраэнэргіі ў ЗША[27]. Акрамя таго іншымі асноўнымі галінамі прамысловасьці зьяўляюцца мэталюргія, машынабудаваньне, аэракасьмічная, электронная, харчовая і вайсковая прамысловасьці. У гэты ж час на сельскую гаспадарку прыходзіцца крыху менш за 1% СУП[25] аднак Злучаныя Штаты зьяўляюцца найбуйнейшым у сьвеце вытворцам кукурузы і соевых бабоў[28][29].

Разам з тым для ЗША характэрныя высокі зьнешні доўг, вялікія карпаратыўныя даўгі і запазычанасьці па іпатэцы, нізкі ўзровень ашчаджэньняў, падзеньне кошту на нерухомасьць, то бок праблема інвэставаньня, вялікі плацёжны дэфіцыт. Узровень беспрацоўя — 9,5% (травень 2009). Асноўныя сэктары: сельская гаспадарка (0,9%), прамысловасьць (20,6%), сфэра паслуг (78,5%).

Дэмаграфія

рэдагаваць
 
Найбуйнейшыя групы паводле паходжаньня па акругах ў 2000 годзе

Згодна са зьвесткамі Бюро перапісу насельніцтва ЗША насельніцтва краіны цяпер складае амаль 318,5 млн чалавек[30], уключаючы 11,2 млн нелегальных імігрантаў. Насельніцтва ЗША павялічылася амаль у чатыры разы за XX стагодзьдзе, ад прыкладна 76 мільёнаў у 1900 годзе да сёньняшняга паказчыку[31]. Злучаная Штаты зьяўляюцца трэцяй самай населенай краінай у сьвеце, пасьля Кітаю і Індыі, аднак ЗША зьяўляецца адзінай буйной прамыслова разьвітай краінай, у якой прагназуецца значнае павелічэньне колькасьці насельніцтва[32]. Самым густанаселеным штатам зьяўляецца Каліфорнія з насельніцтвам у 36 893 799 чалавек. Паводле Бюро перапісу, самы хуткі рост насельніцтва з 1990 па 2000 год назіраўся ў штатах Нэвада (66,3%), Арызона (40%) і Каларада (30,6%).

Злучаныя Штаты маюць вельмі разнастайнае насельніцтва, то бок налічваецца 31 этнічная група паводле паходжаньня, у якія ўваходзяць больш за мільён жыхароў[33]. Нямецкія амэрыканцы зьяўляюцца самай вялікай этнічнай групай, у іхных шэрагах налічваецца больш за 50 мільёнаў чалавек. Другой паводле велічыні зьяўляюцца ірляндзкія амэрыканцы (каля 35 млн), наступныя — амэрыканцы мэксыканскага паходжаньня (каля 31 млн) і ангельскія амэрыканцы (каля 27 млн). Іншыя буйныя групы эўрапейскага паходжаньня ўключаюць у сябе італьянцаў, швэдаў, фінаў і палякаў, пры гэтым усе зь пералічаных этнасаў, як правіла, гістарычна сканцэнтраваныя ў тым ці іншым рэгіёне. Прыбыцьцё прадстаўнікоў этнасаў эўрапейскага паходжаньня мае даўнюю гісторыю, сыходзячы часьцяком у ХІХ або нават XVIII стагодзьдзі, некаторыя зь іхніх сьвятаў укараніліся ў агульнаамэрыканскай культуры (напрыклад, дзень сьвятога Патрыка). Прыкладна адна дзясятая ад насельніцтва ЗША вядзе паходжаньне ад пурытанаў — першых эўрапейскіх насельнікаў сучаснае тэрыторыі ЗША. З канца ХІХ стагодзьдзя з эканамічных прычынаў узьнікае беларуская дыяспара, якая папаўняецца ў сярэдзіне наступнага стагодзьдзя дзякуючы эміграцыі антысавецкай інтэлігенцыі; дзякуючы ёй была разгорнутая параўнальна актыўная культурная дзейнасьць, у прыватнасьці, беларусы былі прызнаныя ў рамках Акту аб паняволеных народах. Першай асобай беларускага паходжаньня, якая адзначылася вядомай дзейнасьцю ў ЗША, зьяўляецца Тадэвуш Касьцюшка, які пэўны час удзельнічаў у незалежніцкім руху ЗША.

Белыя амэрыканцы зьяўляюцца самай вялікай расавай групай. Афраамэрыканцы ёсьць найбуйнейшай у краіне расавай меншасьцю і трэцяй паводле велічыні групай паводле паходжаньня[33]. Амэрыканцы азіяцкага паходжаньня зьяўляюцца другой паводле велічыні расавай меншасьцю краіны. Трыма найбуйнейшымі азіяцкімі амэрыканскімі этнічнымі групамі зьяўляюцца амэрыканцы кітайскага паходжаньня, філіпінскія амэрыканцы і амэрыканцы індыйскага паходжаньня[33]. Амэрыканцы індзейскага паходжаньня дагэтуль зьяўляюцца прыкметнай часткай насельніцтва ва ўсходніх штатах, па ўсёй краіне яны маюць рэзэрвацыі — своеасаблівую форму мясцовай аўтаноміі. У Алясцы пражываюць эскімосы й алеуты — апошнія адзначаюцца значнай дзельлю ахрышчаных у маскоўскае праваслаўе, атрыманае празь дзейнасьць расейскіх даамэрыканскіх калянізатараў.

У 2012 фінансавым годзе больш за адзін мільён імігрантаў атрымалі правы на законнае пражываньне ў краіне, пры гэтым большасьць зь іх атрымалі правы згодна з праграмай узьяднаньня сем’яў. З гістарычных прычынаў моваю большасьці насельніцтва, а таксама моваю міжнацыянальнае камунікацыі краіны стала ангельская мова. Ангельская мова зьяўляецца роднай для абсалютнае большасьці неангельскага эўрапейскага насельніцтва ЗША (за выключэньнем мігрантаў цяперашняга часу), гэтая ж мова дэ-факта мае статус дзяржаўнай (аднак заканадаўча панятак аб дзяржаўнай мове адсутнічае).

На 2022 год у ЗША налічвалася звыш 4-х млн чалавек (1,2% насельніцтва), якія прымалі абязбольвальнікі ад гераінавай ломкі[34].

Першая папраўка да Канстытуцыі ЗША гарантуе свабоду веравызнаньня і забараняе кангрэсу прымаць законы, якія будуць тычацца рэлігійных справаў. Хрысьціянства на сёньняшні дзень зьяўляецца найбольш распаўсюджанай рэлігіяй, якая практыкуецца ў краіне, але вызнаюцца, таксама, і іншыя рэлігіі. Паводле апытаньня 2013 году 56% амэрыканцаў заявілі, што рэлігія адыгрывае «вельмі важную ролю ў іхным жыцьці», значна больш высокую лічбу, чым у любой іншай разьвітой краіне[35]. У 2009 годзе паводле апытаньня інстытуту Гэлапа 42% амэрыканцаў заявілі, што яны наведваюць царкву штотыдзень або амаль штотыдзень, гэтыя лічбы вагаліся ад мінімуму ў 23% у штаце Вэрмонт да ўзроўню ў 63% у штаце Місысыпі[36]. Як і ў іншых заходніх краінах дзель атэістаў у ЗША паступова павялічваецца. Бязьвер’е імкліва расьце сярод амэрыканцаў да 30 гадоў[37]. Апытаньні паказваюць, што ў цэлым амэрыканская арганізаваная рэлігійная дзейнасьць зьніжаецца[38], і, што больш маладых амэрыканцаў, у прыватнасьці, становяцца ўсё больш нерэлігійнымі[39].

Паводле апытаньня 2012 году 73% дарослых грамадзянаў ЗША вызнаюць сябе хрысьціянінамі[40], што ў параўнаньні з 86,4% у 1990 годзе зьяўляецца меншым паказчыкам[41]. На пратэстанцкія дэнамінацыі прыпадала 48% ад колькасьці ўсяго насельніцтва, у той час як на вернікаў рымска-каталіцкай царквы прыпадала 22%[40]. На іншыя нехрысьціянскія рэлігіі ў 2012 годзе прыходзілася 6% насельніцтва. Гэты паказчык крыху павялічыўся ў параўнаньні з 4% у 2007 годзе[40]. У ходзе апытаньня 19,6% амэрыканцаў назвалі сябе агностыкам, атэістам ці проста, што ня маюць аніякай рэлігіі.

Адукацыя і культура

рэдагаваць
 
Унівэрсытэт Вірджыніі, які быў заснаваны Томасам Джэфэрсанам у 1819 годзе, зьяўляецца адным са шматлікіх дзяржаўных унівэрсытэтаў краіны

Пачатковая адукацыя ў ЗША пераважна дзяржаўная, кантралюецца і фінансуецца на трох узроўнях: фэдэральным, штату, мясцовым, і рэгулююцца Дэпартамэнтам адукацыі ЗША шляхам увядзеньня абмежаваньняў на фэдэральныя гранты. Існуе разгалінаваная сыстэма дзяржаўных школ. У большасьці штатаў, дзеці абавязаны наведваць школу ва ўзросьце ад шасьці або сямі гадоў, пакуль ім ня споўніцца 18 гадоў. Такім чынам існуе сыстэма з 12 клясаў, якая дае базавую сярэдную адукацыю. У некаторых штатах час навучаньня ў школе меншы[42]. Каля 12% дзяцей навучаюцца ў парафіяльных або рэлігійных прыватных школых. Крыху больш за 2% дзяцей праходзяць хатняе навучаньне. ЗША выдатковаўюць на адукацыю аднаго чалавека больш чым любая іншая краіна ў сьвеце, то бок на 2010 год на кожнага школьніка была выдаткавана больш за $11 тысячаў [43]. Каля 80% амэрыканскіх студэнтаў наведваюць дзяржаўныя ўнівэрсытэты[44]. У Злучаных Штатаў існуе вялікая колькасьць прыватных і дзяржаўных вышэйшых навучальных установаў. У адпаведнасьці зь міжнародных рэйтынгамі, 13 або 15 амэрыканскіх каледжаў і ўнівэрсытэтаў уваходзіць у топ-20 навучальных установаў сьвету[45].

Узровень адукацыі ў ЗША складае 97%, аднак паводле перапісу 2003 толькі 84,5% амэрыканцаў ад 25 гадоў і старэй мелі сярэднюю адукацыю. З гістарычных прычынаў адукацыя не ўпамінаецца ў Канстытуцыі, з-за чаго рэгулюецца ў асноўным на ўзроўні штату. Адсутнічаюць уніфікаваныя фэдэральныя стандарты для навучальных установаў. У горадзе Мантэсума (акруга Сан-Мігель, штат Нью-Мэксыка) дзейнічае адзін з каледжаў міжнароднай супольнасьці — Заходнеамэрыканскі.

 
Амэрыканскі футбол зьяўляецца самым папулярным відам спорту ў ЗША

Рынак для прафэсійнага спорту ў Злучаных Штатах складае прыкладна $69 млрд, прыкладна на 50% больш за ўсе краіны Эўропы, Блізкага Ўсходу і Афрыкі, разам узятых[46]. Бэйсбол стала разглядацца як нацыянальны від спорту, пачынаючы з канца XIX стагодзьдзя, не зважаючы на тое, што самым папулярным відам спорту ў ЗША зьяўляецца амэрыканскі футбол[47]. Менавіта Нацыянальная футбольная ліга (НФЛ) мае самую высокую сярэднюю наведвальнасьць сярод усіх спартовых ліаў у сьвеце, а за матчам Super Bowl назіраюць мільёны заўзятараў ва ўсім сьвеце. Баскетбол і хакей зьяўляюцца наступнымі двума вядучымі прафэсійнымі каманднымі відамі спорту ў краіне. Коледжаўскі амэрыканскі футбол і баскетбол прыцягваюць шырокую аўдыторыю[48]. Гэтыя чатыры асноўных відаў спорту ў прафэсійных лігах разьбіты на сэзоны, якія праводзяцца ў розныя часы году, але перакрываюць адзін аднаго. У футболе краіна прымала чэмпіянат сьвету 1994 году. Мужчынская зборная па футболе зьяўляецца шматразовым удзельнікам чэмпіянатаў сьвету, а жаночая каманда атрымлівала перамогі ў кубку сьвету па футболе сярод жанчынаў. Major League Soccer зьяўляецца галоўным футбольным спаборніцтвам краіны, якая, акрамя таго, мае ў сваім складзе некалькі клюбаў з суседняй Канады.

Восем разоў Алімпійскіх гульняў праходзілі на тэрыторыі Злучаных Штатаў Амэрыкі, а летнія Алімпійскія гульні 2028 году будуць дзявятым такім разам. Па стане на 2017 год прадстаўнікі Злучаных Штатаў атрымалі 2522 мэдалёў на летніх Алімпійскіх гульнях, больш чым любая іншая краіна, і 305 мэдалёў у зімовых Алімпійскіх гульнях, саступіўшы месца толькі Нарвэгіі[49]. У той час як большасьць асноўных відаў спорту ў ЗША, як то бэйсбол і амэрыканскі футбол эвалюцыянавалі з эўрапейскай спартовых гульняў, баскетбол, валейбол, скейтбордынг і сноўбордынг зьяўляюцца асабіста амэрыканскімі вынаходкамі, некаторыя зь якіх сталі папулярнымі па ўсім сьвеце. Лякрос і сэрфінг ўзьніклі зь індзейскіх традыцыяў і традыцыяў карэнных гавайскіх народнасьцяў. Сярод індывідуальных відаў спорту асаблівую папулярнасьць у ЗША маюць гольф і аўтаспорт, як то NASCAR[50][51]. Рэгбі лічыцца самым хуткарослым відам спорту ў ЗША, з зарэгістраванай колькасьцю гульцоў у 115,000+ чалавек[52].

Узброеныя сілы

рэдагаваць
 
Амэрыканскія жаўнеры ў Багдадзе

Узброеныя сілы Злучаных Штатаў складаюцца з:

  • Марской пяхоты
  • Сухапутных сілаў
  • Ваенна-марскіх сілаў
  • Ваенна-паветраных сілаў
  • Берагавой аховы

Колькасьць на красавік 2007 году — 1 426 700 чалавек рэгулярнага войска, 1 458 500 чалавек у рэзэрве. Бюджэт 2007 году — $553 млрд. ЗША ўдзельнічае ў абаронным блёку НАТО, бярэцца ўдзел у хаўрусных міратворчых і антытэрарыстычных апэрацыях (Кувэйт, Югаславія, Аўганістан, Ірак). У 2021 годзе на вайсковы бюджэт ЗША прыпала 40% сусьветных выдаткаў на войска[53].

Праваахоўныя органы

рэдагаваць

Па стане на 2007 год ў турмах ЗША заставалася 2 323 000 чалавек, гэта каля 1% ад усяго насельніцтва краіны. Са зьняволеных 2,77 адсоткі лацінаамэрыканцы, 6,66 адсоткі — афраамэрыканцы. Для таго, каб пасадзіць у турмы, у 2007 годзе, было затрачана 49 млрд доляраў ЗША, да 2011 году выдаткі дасягнулі прыкладна $74 млрд.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ а б в Сьпіс краін паводле СУП (анг.) База дадзеных Сусьветны экнамічны агляд (красавік 2021). Міжнародны валютны фонд. Праверана 28 жніўня 2021 г.
  2. ^ Report (анг.) World Economic Outlook database: April 2021
  3. ^ The New York Times Guide to Essential Knowledge: A Desk Reference for the Curious Mind. — Second Edition. — St. Martin’s Press, 2007. — P. 632. — ISBN 978-0-312-37659-8.
  4. ^ Onuf, Peter S. The Origins of the Federal Republic: Jurisdictional Controversies in the United States, 1775—1787. — Philadelphia: University of Pennsylvania Press, 1983. — ISBN 978-0-8122-1167-2
  5. ^ Adams, J.Q.; Strother-Adams, Pearlie Dealing with Diversity. — Chicago: Kendall/Hunt, 2001. — ISBN 0-7872-8145-X.
  6. ^ U.S. Workers World’s Most Productive (анг.). CBS. Архіўная копія ад 31 сакавіка 2012 г.
  7. ^ Report for Selected Countries and Subjects (анг.). Міжнародны валютны фонд. Праверана 11 лістапада 2023 г.
  8. ^ Manufacturing, Jobs and the U.S. Economy. Alliance for American Manufacturing (2013). Архіўная копія
  9. ^ OECD Better Life Index. OECD Publishing.
  10. ^ Household Income. Society at a Glance 2011: OECD Social Indicators. OECD Publishing.
  11. ^ Crisis squeezes income and puts pressure on inequality and poverty. OECD
  12. ^ Census: U.S. Poverty Rate Spikes, Nearly 50 Million Americans Affected CBS.
  13. ^ Trends in world military expenditure. Stockholm International Peace Research Institute (2012). Архіўная копія
  14. ^ Нарысы амерыканскай гісторыі / Пер. Л.Калабан. — Інфарм. агенцтва Злуч. Штатаў Амерыкі. — С. 60.
  15. ^ Нарысы амерыканскай гісторыі / Пер. Л.Калабан. — Інфарм. агенцтва Злуч. Штатаў Амерыкі. — С. 66.
  16. ^ Louisiana Purchase. National Park Services.
  17. ^ а б Amadeo K. (21 ліпеня 2020) Largest Economies in the World (анг.). the balance.
  18. ^ The Mismeasure of Inequality. Policy Review.
  19. ^ Currency Composition of Official Foreign Exchange Reserves. International Monetary Fund.
  20. ^ а б Trade Statistics. Greyhill Advisors.
  21. ^ Top Ten Countries with which the U.S. Trades. U.S. Census Bureau.
  22. ^ National debt: Whom does the US owe?. The Christian Science Monitor.
  23. ^ ЗША апярэджваюць Расею па нафтаздабычы // Зьвязда : газэта. — 4 кастрычніка 2013. — № 187 (27552). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  24. ^ GDP by Industry. Greyhill Advisors.
  25. ^ а б USA Economy in Brief. U.S. Dept. of State, International Information Programs.
  26. ^ Table 964—Gross Domestic Product in Current and Real (2000) Dollars by Industry: 2006. U.S. Census Bureau.
  27. ^ Георгі Грыц. Генэрацыя выгады, або Навошта краінам свае АЭС // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 13 лістапада 2023 г. Праверана 14 лістапада 2023 г.
  28. ^ Corn. U.S. Grains Council.
  29. ^ Soybean Demand Continues to Drive Production. Worldwatch Institute.
  30. ^ U.S. POPClock Projection. U.S. Census Bureau.
  31. ^ Statistical Abstract of the United States. United States Census Bureau. 2005.
  32. ^ Executive Summary: A Population Perspective of the United States. Population Resource Center.
  33. ^ а б в Ancestry 2000. U.S.Census Bureau.
  34. ^ Алена Кравец. Ключ, які «адкрываў» краіны // Зьвязда : газэта. — 27 верасьня 2022. — № 189 (29811). — С. 11. — ISSN 1990-763x.
  35. ^ Religion. Gallup.
  36. ^ Mississippians Go to Church the Most; Vermonters, Least. Gallup.
  37. ^ Pew Survey: Doubt of God Growing Quickly among Millennials. CNN.
  38. ^ American Confidence In Organized Religion At All Time Low. Huffington Post.
  39. ^ Religion Among the Millennials. The Pew Forum on Religion & Public Life.
  40. ^ а б в «Nones» on the Rise. Pew Forum on Religion & Public Life.
  41. ^ American Religious Identification Survey 2001. CUNY Graduate Center.
  42. ^ Ages for Compulsory School Attendance. U.S. Dept. of Education
  43. ^ U.S. education spending tops global list, study shows. CBS.
  44. ^ Public Education for the Common Good. University of Minnesota.
  45. ^ QS World University Rankings. Top Universities.
  46. ^ Global sports market to hit ,1 billion in 2012. Reuters.
  47. ^ Professional Football Widens Its Lead Over Baseball as Nation’s Favorite Sport. Harris Interactive.
  48. ^ Passion for College Football Remains Robust. National Football Foundation.
  49. ^ Chase, Chris (February 7, 2014). «The 10 most fascinating facts about the all-time Winter Olympics medal standings». USA Today.
  50. ^ «As American as Mom, Apple Pie and Football? Football continues to trump baseball as America’s Favorite Sport». Harris Interactive.
  51. ^ «What Would the End of Football Look Like?» Grantland/ESPN.
  52. ^ «Will U.S. learn to love rugby?» CNN.
  53. ^ Экспэрт: ЗША страцілі поўнае дамінаваньне ў сусьветнай эканоміцы, таму разьвязваюць гандлёвыя войны // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 24 кастрычніка 2022 г. Праверана 25 кастрычніка 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць