Бэльгія
Карале́ўства Бэ́льгія, Карале́ўства Бэ́льґія (па-нідэрляндзку: Koninkrijk België, па-француску: Royaume de Belgique, па-нямецку: Königreich Belgien) — краіна ў паўночна-заходняй Эўропе, мяжуе зь Нідэрляндамі, Нямеччынай, Люксэмбургам і Францыяй. Абмываецца Паўночным морам на паўночным захадзе.
Бэльгія лац. Belhija Koninkrijk België Royaume de Belgique Königreich Belgien | |||||
| |||||
Нацыянальны дэвіз: па-галяндзку: Eendracht maakt macht па-француску: L'union fait la force па-нямецку: Einigkeit macht stark | |||||
Дзяржаўны гімн: «The Brabançonne» | |||||
Афіцыйная мова | Нідэрляндзкая, француская, нямецкая | ||||
Сталіца | Брусэль | ||||
Найбуйнейшы горад | Брусэль | ||||
Форма кіраваньня | Канстытуцыйная манархія Філіп Сафі Вільмэс[1] | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
140-е месца ў сьвеце 30 528 км² 6,4 | ||||
Насельніцтва • агульнае (2015) • шчыльнасьць |
75-е месца ў сьвеце 11 239 755[2] 363,6/км² | ||||
Этнічны склад | фляманцы (58%), валёны (32%)[3] | ||||
Канфэсійны склад | каталікі (88%)[3] | ||||
Пісьменнасьць | больш за 99%[3] | ||||
СУП • агульны (2004) • на душу насельніцтва |
30 месца ў сьвеце $316,2 мільярду $29 707 | ||||
Валюта | Эўра (EUR) | ||||
Часавы пас • улетку |
CET (UTC+1) CEST (UTC+2) | ||||
Незалежнасьць — Бэльгійская рэвалюцыя |
1830 | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .be | ||||
Тэлефонны код | +32 |
Краіна названая па этноніме кельцкага племені бэльгі. Форма кіраваньня — канстытуцыйная манархія. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны лад — фэдэрацыя.
Гісторыя
рэдагавацьНазва дзяржавы паходзіць ад племені бэльгаў кельцкага паходжаньня, якія засялялі гэтую тэрыторыю ў пачатку нашай эры. У 54 да н. э. вобласьць на поўначы Галіі, якая адпавядае сучаснай Бэльгіі, была заваяваная войскамі Юлія Цэзара. Пасьля падзеньня Заходняй Рымскай імпэрыі ў 5 стагодзьдзі рымскую правінцыю Галію заваявалі германскія плямёны франкаў, што стварылі тут сваё каралеўства.
У сярэднявеччы Бэльгія ўваходзіла ў склад Бургундзкага герцагства:
- 1477—1556 — дынастычны шлюб Марыі Бургундзкай прывёў да ўключэньня бургундзкіх уладаньняў у склад Сьвятой Рымскай Імпэрыі.
- 1556—1713 — у складзе Гішпаніі. Васьмідзесяцігадовая вайна паклала пачатак адасабленьню Бэльгіі ад пратэстанцкіх Нідэрляндаў.
- 1713—1792 — у складзе Сьвятой Рымскай Імпэрыі як аўстрыйскія Нідэрлянды.
- 1792—1815 — у складзе Францыі.
- 1815—1830 — у складзе Нідэрляндаў паводле рашэньня Венскага кангрэсу. Аднак шмат хто ў Бэльгіі быў незадаволены гвалтоўным аб’яднаньнем зь Нідэрляндамі (перадусім франкамоўнае насельніцтва і каталіцкае духавенства, што баяліся ўзмацненьня ролі нідэрляндзкай мовы і пратэстанцкай канфэсіі).
- 1830 — бэльгійская рэвалюцыя і ў тым жа годзе Бэльгія выйшла з складу нідэрляндзкага каралеўства дый атрымала незалежнасьць. Бэльгія становіцца нэўтральным каралеўствам на чале зь Леапольдам I.
У XIX стагодзьдзі вельмі інтэнсіўна разьвівалася эканоміка краіны. Бэльгія стала першай краінай кантынэнтальнай Эўропы, дзе была пабудаваная чыгунка (Мэхелен-Брусэль, 1835 год). Цікава, што Бэльгія дагэтуль застаецца адзінай краінай кантынэнтальнай Эўропы, дзе на чыгунках прыняты левабаковы рух, што зьвязана з тым, што першыя чыгункі будавалі тутака ангельцы.
Пры канцы XIX ст. Бэльгія стала каляніяльнай дзяржавай. У 1885—1908 гадах Конга (цяпер — Дэмакратычная Рэспубліка Конга) зьяўляецца ўласным уладаньнем бэльгійскага караля Леапольда II (пад назвай «Незалежная дзяржава Конга»). Эксплюатацыя самымі бязьлітаснымі спосабамі калёніі была адной зь істотных крыніцаў назапашваньня капіталаў і разьвіцьця прамысловасьці Бэльгіі. З 1908 у выніку міжнароднага скандалу, зьвязанага з брутальнасьцю адміністрацыі ў Конга, калёнія зьмяняе праўны статус і атрымлівае назву Бэльгійскае Конга.
Бэльгія вельмі моцна пацярпела падчас Першай сусьветнай вайны, якую ў гэтай краіне дагэтуль называюць «Вялікай вайной». Хоць большая частка краіны была акупаваная, на працягу ўсёй вайны бэльгійскія і ангельскія войскі ўтрымлівалі невялікую частку краіны, заціснутую паміж Паўночным морам і ракой Ізэр.
Трагічная гісторыя места Іпр — падчас войнаў ён быў практычна цалкам разбураны, тут упершыню ў гісторыі войнаў быў ужыты атрутны газ (іпрыт).
1940—1944 гады. У гады Другой сусьветнай вайны немцы займаюць Бэльгію. Урад уцякае ў Ангельшчыну, караля Леапольда III дэпартуюць у Нямеччыну, бо ён падпісаў акт аб капітуляцыі. У 1944 гады войскі хаўрусьнікаў вызваляюць краіну.
1957 год. Уступленьне Бэльгіі ў Эўрапейскую эканамічную супольнасьць (ЕЭС).
31 ліпеня 1993 году памёр кароль Бодуэн I. 9 жніўня яго трон успадкаваў брат, Альбэрт II.
2003 год. У выніку парлямэнцкіх выбараў прэм’ер-міністрам ізноў становіцца Гі Вергофстат.
Палітычная структура
рэдагавацьБэльгія — канстытуцыйная манархія (з моманту ўтварэньня) і фэдэрацыйная дзяржава (з 1980 году). Ачольнік дзяржавы — кароль, цяпер — Філіп (з 2013). Фактычны кіраўнік дзяржавы — прэм’ер-міністар, зараз — Эліё Дзі Рупа. Зазвычай, прэм’ер-міністрам становіцца прадстаўнік партыі, якая набрала найбольш галасоў на парлямэнцкіх выбарах. Урад фармальна прызначаецца каралём. Таксама склад урада павінен быць зацьверджаны парлямэнтам. Канстытуцыя патрабуе захаваньня ва ўрадзе моўнага парытэту: палова міністраў павінна быць прадстаўнікамі нідэрляндзкамоўнай супольнасьці, палова — прадстаўнікамі франкамоўнай супольнасьці.
Фэдэральны парлямэнт — двухпалатны. Верхняя палата парлямэнту — сэнат (па-нідэрляндзку: Senaat), ніжняя палата — палата прадстаўнікоў (нідэрл. Kamer van volksvertegenwoordigers). Абедзьве палаты абіраюцца прамым усеагульным галасаваньнем раз у чатыры гады. Права голасу маюць усе грамадзяне дзяржавы, што дасягнулі 18-гадовага веку. У сэнаце засядаюць 40 дэпутатаў, у палаце прадстаўнікоў — 150 дэпутатаў.
Бэльгія — фэдэрацыйная дзяржава, часам яе называюць падвойнай фэдэрацыяй, бо Бэльгія дзеліцца адначасова на тры акругі і тры моўных супольнасьці. У зону адказнасьці акругаў уваходзіць кіраўніцтва мясцовай эканомікай, грамадзкія працы (напрыклад, дарожнае будаўніцтва), пытаньні экалёгіі і г.д.), у зону адказнасьці моўных супольнасьцяў — перадусім пытаньні, зьвязаныя з культурай, у тым ліку адукацыя, навуковая дзейнасьць і спорт.
Кожная акруга і кожная моўная супольнасьць мае свой парлямэнт і свой урад, аднак па ўзаемнай згодзе парлямэнт і ўрад Флямандзкай акругі і Нідэрляндзкамоўнай супольнасьці былі аб’яднаныя. Такім чынам у Бэльгіі існуюць шэсьць урадаў і шэсьць парлямэнтаў. Фэдэральны ўрад адказвае за каардынацыю дзеяньняў астатніх пяці ўрадаў, а таксама за пытаньні агульнадзяржаўнай важнасьці, як то: абарона, замежныя справы, агульнадзяржаўная эканамічная і манэтарная палітыка, пэнсіі, ахова здароўя.
Судовая ўлада арганізаваная ў форме піраміды, асновай якой зьяўляецца міравы суд, кожнага кантону, а верхавінай — Вярхоўны суд. Бэльгія падзеленая на судовыя кантоны і акругі. Кожная акруга мае суд першай інстанцыі, суд па пытаньнях працы і суд па гандлёвых пытаньнях. Таксама існуе пяць апэляцыйных судоў (у Брусэлі, Льежы, Монсе, Ганьдзе і Антвэрпэне) і ў кожнай правінцыі — суд прысяжных.
Акрамя Кантрольнай палаты і Дзяржаўнай рады, у Бэльгіі ёсьць Арбітражны суд, створаны ў 1983 годзе для ўрэгуляваньня канфліктаў у выпадку іх узьнікненьня паміж рознымі інстытутамі фэдэральнай улады Бэльгіі.
Бэльгія ўваходзіць у 70 міжнародных арганізацыяў.
Палітычны крызіс 2007 году
рэдагавацьПасьля фэдэральных выбараў 10 чэрвеня 2007 году, партыі лібэралаў і хрысьціянскіх сацыялістаў беспасьпяхова спрабавалі сфармаваць нацыянальны ўрад (фэдэральны). Франкамоўныя партыі, дзейныя на бяднейшым поўдні Бэльгіі (Валёніі), пярэчылі супраць пашырэньня аўтаноміі рэгіёнаў, чаго як раз дамагаліся флямандзкія партыі, што прадстаўлялі багацейшую паўночную частку краіны.
Паўгады краінай кіраваў тэхнічны ўрад на чале з Гі Вэргофстатам.
20 сакавіка 2008 году, пасьля трохмесячных перамоваў, Вэрб Лётэрм стаў прэм’ер-міністрам новага кааліцыйнага ўраду, у які ўвайшлі пяць партыяў: дзьве флямандзкія і тры з франкамоўнай Валёніі.
Адміністрацыйнае дзяленьне
рэдагавацьУ Бэльгіі раўналежна існуе падвойная сыстэма адміністрацыйнага дзяленьня:
- Бэльгія падзеленая на тры акругі, дзьве зь якіх дзеляцца на правінцыі:
- Флямандзкая акруга:
- Правінцыя Антвэрпэн
- Правінцыя Лімбург
- Правінцыя Ўсходняя Фляндрыя
- Правінцыя Заходняя Фляндрыя
- Правінцыя Флямандзкі Брабант
- Валёнская акруга:
- Правінцыя Эно
- Правінцыя Льеж
- Правінцыя Люксэмбург
- Правінцыя Намюр
- Правінцыя Валёнскі Брабант
- Брусэльская сталічная акруга.
- Флямандзкая акруга:
- Раўналежна з гэтым Бэльгія дзеліцца на тры моўных супольнасьці:
- Нідэрляндзкамоўная супольнасьць (Флямандзкая акруга і Брусэльская сталічная акруга)
- Франкамоўная супольнасьць (Валёнская акруга і Брусэльская сталічная акруга)
- Нямецкамоўная супольнасьць (частка правінцыі Льеж)
Геаграфія
рэдагавацьТэрыторыя Бэльгіі дзеліцца на тры геаграфічныя раёны: прыбярэжная раўніна (нізкая Бэльгія, да 100 м над узроўнем мора) на паўночным захадзе, цэнтральнае плято (сярэдняя Бэльгія, 100—200 м над узроўнем мора) і Ардэнскае ўзвышша на паўднёвым усходзе (высокая Бэльгія, 200—500 м над узроўнем мора).
Нізкая Бэльгія — гэта збольшага пяшчаныя выдмы і польдэры. Польдэрами завуцца нізінныя ўчасткі зямлі (не абавязкова ніжэй за ўзровень мора), што знаходзяцца пад пагрозай затапленьня і абароненыя ад паводак дамбамі, або, далей ад мора, палямі з асушальнымі каналамі. Польдэры адрозьніваюцца ўрадлівасьцю глебаў. Паміж заходнімі польдэрамі, Лісам і Шэльдай ляжыць Флямандзкая нізіна, месцамі ўзгорысты раён зь пяшчанымі глебамі. За Флямандзкай нізінай разьмешчаная геаграфічная вобласьць Кемпэн. Кемпэнскі ляндшафт у асноўным складаецца зь іглічных лясоў, лугоў і кукурузных палёў.
Сярэдняя Бэльгія — раён паміж Кемпэнам і далінамі Самбры і Маасу. Гэта вобласьць гліняных раўнінаў, якія паступова падвышаюцца пры руху ў бок Самбры і Маасу. Тут — самыя ўрадлівыя глебы Бэльгіі. У зьвязку з разьвітой урбанізацыяй гэтага раёну натуральныя ляндшафты рэдкія, аднак на поўдзень ад Брусэлю дагэтуль захаваўся букавы лес плошчай у пяць тысячаў га (нідэрл. Zoniënwoud, фр. Fôret de Soignes). Да сярэдняй Бэльгіі належыць тэрыторыя правінцыі Эно і геаграфічнай вобласьці нідэрл. Haspengouw, фр. La Hesbaye (поўдзень правінцыі Лімбург і поўнач правінцыі Льеж). Гэтыя ўрадлівыя землі ў асноўным занятыя ральлямі і лугамі, паміж якімі ляжаць вялікія сельскія сядзібы (сялібы).
Высокая Бэльгія адрозьніваецца нізкай шчыльнасьцю насельніцтва і багацьцем лясоў. З-за гарыстага рэльефу сельская гаспадарка тут не разьвітая, затое гэты рэгіён прыцягвае шматлікіх турыстаў. Высокая Бэльгія пачынаецца на поўдзень ад далінаў рэк Самбра і Маас. Адразу за далінамі гэтых рэк пачынаецца геаграфічная вобласьць Кандроз (фр. Condroz) — нізкія халмы вышынёй 200—300 мэтраў. Да гэтай вобласьці адносяцца часткі правінцыяў Эно, Льеж і Намюр. Далей разьмешчаныя Ардэны — высокія халмы (або нават нізкія горы). Ардэны ў асноўным пакрытыя лесам, а сэрпантынныя дарогі зьвязваюць паміж сабой невялікія вёсачкі, жыхары якіх дагэтуль карыстаюцца валёнскай гаворкай. Самы высокі пункт Ардэнаў (і ўсёй Бэльгіі) — гара Батранж (па-француску: Botrange), 694 м над узроўнем мора).
Эканоміка
рэдагавацьБэльгія ўваходзіць у Арганізацыю эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця (АЭСР), у Эўрапейскі зьвяз, краіна стала першым чальцом Эўрапейскага валютнага зьвязу ў 1999 годзе.
Аснова эканомікі Бэльгіі — сфэра паслугаў (перадусім транспарт і гандаль) і прамысловасьць.
Вытворчасьць сталі, цэмэнту і хімічных прадуктаў сканцэнтраваная ў даліне рэк Самбра і Маас. Найбуйнейшыя прамысловыя месты — Монс, Шарлеруа, Намюр і Льеж. Раней у гэтым раёне таксама вялася здабыча вугля, але ў 1980-я гады апошнія шахты былі зачыненыя. Цэнтар сталёвай прамысловасьці — Льеж. Прадукцыя хімічнай прамысловасьці — угнаеньні, фарбавальнікі, фармацэўтычныя рэчывы, а таксама розныя плястмасы. Цэнтар нафтахімічнай прамысловасьці разьмешчаны ў Антвэрпэне, у Брусэлі разьмяшчаецца штаб-кватэра буйнай хімічнай і фармацэўтычнай кампаніі Solvay.
Тэкстыльная прамысловасьць уключае перапрацоўку бавоўны, льна, поўсьці, сынтэтычных тканінаў. Адзін з важнейшых відаў прадукцыі тэкстыльнай прамысловасьці — дываны і коўдры. Галоўныя цэнтры тэкстыльнай прамысловасьці — Гент, Кортрэйк, Турнэ, Вэрв’е. Брусэль, Бруге і Мэхэлен вядомыя як старадаўнія цэнтры вытворчасьці карунак.
Іншыя галіны прамысловасьці — апрацоўка дыямэнтаў (перадусім у Антвэрпэне), вытворчасьць цэмэнту і шкла, дрэваапрацоўка, харчовая прамысловасьць. Маецца некалькі аўтамабільных прадпрыемстваў.
Эканоміка Бэльгіі моцна арыентаваная на міжнародны рынак.
Асноўныя імпартныя тавары — прадукты сілкаваньня, машыны, неапрацаваныя дыямэнты, нафта і нафтапрадукты, прадукты хімічнай прамысловасьці, адзежа і тэкстыль. Асноўныя экспартныя тавары — аўтамабілі, прадукты сілкаваньня, жалеза і сталь, апрацаваныя дыямэнты, тэкстыль, плястмасы, нафтапрадукты і каляровыя мэталы.
У 1970—1980-я гады эканамічны цэнтар краіны перамясьціўся з Валёніі ў Фляндрыю. Гэта зьвязана з заняпадам традыцыйных галінаў эканомікі Валёніі — здабычы вугля і чорнай мэталюргіі. У цяперашні час здабыча вугля спыненая зусім, мэталюргія ж застаецца важнай галіной эканомікі, хоць яе значэньне моцна зьменшылася. Цяпер эканоміка Фляндрыі атрымлівае больш інвэстыцыяў. У Фляндрыі вялікая ўвага надаецца прыкладным навуковым дасьледаваньням. Узровень беспрацоўя ў Валёніі ў два разу вышэй, чым у Фляндрыі.
Асноўная галіна энэргетыкі — атамная. У Бэльгіі дзейнічае дзьве атамныя электрастанцыі (АЭС), адна непадалёк ад Антвэрпэну, другая — у раёне Юі. У 2008 годзе 75 адсоткаў электраэнэргіі ў краіне выраблялі на АЭС. У 2023 годзе на атамныя электрастанцыі прыпадала 50,8 % вытворчасьці электраэнэргіі ў Бэльгіі[4].
Бэльгія валодае разьвітой транспартнай сыстэмай. Антвэрпэнскі порт — другі па велічыні порт у Эўропе. Таксама добра разьвіты ўнутраны транспарт.
Прадукцыя сельскай гаспадаркі складае менш за паўтара адсотка ВУП, аднак такі нізкі адсотак кажа не аб слабым разьвіцьці сельскай гаспадаркі, а аб моцным разьвіцьці астатніх галінаў эканомікі. Найважнейшыя расьліны — пшаніца, авёс, жыта, ячмень, цукровы бурак, бульба і лён. Жывёлагадоўля — у асноўным гадоўля буйнага рагатага быдла і сьвіньняў. Зь сельскай гаспадаркай цесна зьвязаныя такія традыцыйныя галіны харчовай прамысловасьці, як броварства і вытворчасьць сыру.
Па дадзеных на 2006 год, прыбытак на душу насельніцтва складаў 31 800 даляраў. Нягледзячы на значную долю цяжкой прамысловасьці ў структуры эканомікі, сфэра паслуг складала 72,5% ВУП. Сельская гаспадарка ацэньвалася толькі ў 1,4% ВУП.
Навука і тэхніка
рэдагавацьУклад Бэльгіі ў разьвіцьцё навукі і тэхнікі можна прасачыць на працягу ўсёй гісторыі гэтай краіны. У 16 стагодзьдзі ў Бэльгіі працавалі такія навукоўцы, як картограф Герард Мэркатар, анатам Андрэас Вэзалі (Andreas Vesalius), траўнік Рэмбэрт Дадоэнс (Rembert Dodoens) і матэматык, інжынэр Сымон Стэвін (Simon Stevin).
У першай палове сямнаццатага стагодзьдзя валёнскі мэтад вырабу прутковага жалеза распаўсюдзіўся ў Швэцыі, і выкарыстоўваўся тамака на працягу 260 гадоў.
Дынамічна разьвіваная шчыльная бэльгійская чыгуначная сетка заахвоціла буйныя кампаніі, такія як La Brugeoise et Nivelles (цяпер BN аддзяленьне Bombardier Transportation), разьвіваць адмысловыя новыя тэхналёгіі. Эканамічна важная падземная здабыча вугля падчас Вялікай Індустрыяльнай рэвалюцыі вымагала спэцыялізаваных дасьледаваньняў у галіне горнае справы.
Канец дзевятнаццатага стагодзьдзя і дваццатае стагодзьдзе адзначыліся значнымі посьпехамі Бэльгіі ў прыкладнай навуцы і ў тэарэтычных фундамэнтальных дасьледаваньнях. Хімік-тэхноляг Эрнэст Гастон Сольвэ (Ernest Solvay) і інжынэр Зэноб Тэафіл Грам далі свае імёны навуковым паняткам: працэсу Сольвэ й дынама-машыне Грама ў 1860-х. Жоржу Лёмэтру прыпісваецца аўтарства тэорыі пашырэньня Сусьвету (побач зь іншымі навукоўцамі).
Тры нобэлеўскія прэміі па фізыялёгіі і мэдыцыне былі прысуджаныя бэльгійцам: Жулю Бардэ (Jules Bordet) у 1919 годзе «За адкрыцьці, зьвязаныя з імунітэтам», Карнэю Хеймансу (Corneille Heymans) у 1938 г. «За адкрыцьцё ролі сінуснаго і аортальнага мэханізмаў у рэгуляцыі дыханьня», Альбэру Клёду, Крысьціяну дэ Дзюву, Джорджу Паладзе ў 1974 г. «За адкрыцьці, датычныя структурнай і функцыянальнай арганізацыі клеткі».
Бэльгійскі фізыкахімік Ільля Прыгожын быў намінаваны на нобэлеўскую прэмію ў 1977 годзе «За працы па тэрмадынаміцы незваротных працэсаў, асабліва за тэорыю дысіпатыўных структураў».
Насельніцтва
рэдагавацьНасельніцтва Бэльгіі складае 10 584 534 грамадзян па дадзеных на студзень 2007 гаду.
Урбанізацыя
рэдагавацьАмаль усё насельніцтва Бэльгіі — гэта гарадзкое насельніцтва — 97% (па стане на 2004 год). Бэльгія адрозьніваецца высокай шчыльнасьцю насельніцтва (342 чалавекі на км²), саступаючы па гэтым парамэтры ў Эўропе толькі Нідэрляндам і некаторым маленькім дзяржавам, такім як Манака. Самая высокая шчыльнасьць насельніцтва па краіне назіраецца ў раёне, абмежаваным гарадамі Брусэль-Антвэрпэн-Гент-Лёвэн (так званы «флямандзкі ромб», нідэрл. Vlaamse ruit). Самая нізкая шчыльнасьць насельніцтва — у Ардэнскіх горах (правінцыя Люксэмбург).
На 2006 год Флямандзкі рэгіён меў колькасьць насельніцтва каля 6 078 600 жыхароў з Антвэрпэнам (457 749), Гентам (230 951) і Бруге (117 251), як самымі густанаселенымі гарадамі.
Валёнія мела колькасьць насельніцтва 3 413 978 жыхароў з Шарлеруа (201 373), Льежам (185 574) і Намюрам (107 178), як самымі густанаселенымі гарадамі.
У Брусэлі пражывае 1 018 804 жыхары ў 19 сталічных акруговых муніцыпалітэтах, два зь якіх маюць больш чым 100 000 жыхароў.
Узроставая структура насельніцтва Бэльгіі
рэдагаваць- 0—14 гадоў: 16.9% (хлопчыкі 892,995, дзяўчынкі 855,177);
- 15—64 гадоў: 65.7% (мужчыны 3,435,282, жанчыны 3,373,917);
- 65 гадоў і старэй: 17.4% (мужчыны 745,178, жанчыны 1,061,839).[6]
Сярэдні век
рэдагаваць- Агульны паказьнік: 50,0 гадоў
- Мужчыны: 39,6 гадоў
- Жанчыны: 42,1 гадоў (паказчыкі за 2006 год)
Рост колькасьці насельніцтва
рэдагавацьКолькасьць насельніцтва з 2005 г. да 2006г. вырасла на 0,13%.
Узровень нараджальнасьці ў Бэльгіі складае 10,38 нараджэньняў на 1000 грамадзянаў.
На 1000 грамадзянаў прыходзіцца 10,27 сьмерцяў.
Чыстая міграцыя ў Бэльгіі складае 1,22 мігранта на 1000 жыхароў (па дадзеных за 2006 г.)
Сярэдняя працягласьць жыцьця
рэдагаваць- Агульны паказьнік: 78,77 гадоў
- мужчыны: 75,59 гадоў
- жанчыны: 82,09 гадоў (па дадзеных 2006 г.)
Агульны паказьнік плоднасьці (фэртыльнасьці)
рэдагавацьУ сярэднім бэльгійскія жанчыны маюць 1.64 дзіцяці па дадзеных 2006 г. Аналягічны паказьнік за 1994 ацэньваўся ў 1.50 дзіцяці.
Этнічны склад насельніцтва
рэдагавацьДзьве галоўныя групы, што складаюць насельніцтва краіны — флямандцы (каля 60 % насельніцтва) і валёны (каля 40 % насельніцтва). Флямандцы жывуць у пяці паўночных правінцыях Бэльгіі і размаўляюць на нідэрляндзкай мове і яе шматлікіх дыялектах. Валёны жывуць у пяці паўднёвых правінцыях, што складаюць Валёнію, размаўляюць на францускай, валёнскай і некаторых іншых мовах.
Пасьля незалежнасьці Бэльгія была франкаарыентаванай дзяржавай, і адзінай дзяржаўнай мовай спачатку была француская, хоць флямандцы заўсёды складалі большасьць насельніцтва. Нават у Фляндрыі француская доўга заставалася адзінай мовай сярэдняй і вышэйшай адукацыі.
Пасьля першай сусьветнай вайны ў Бэльгіі паўстаў рух за эмансыпацыю нідэрляндзкамоўнага насельніцтва. Вынікам яго стала так званая «моўная звадка» (нідэрл. taalstrijd). Барацьба стала прыносіць плён ў шасьцідзясятых гадох 20 стагодзьдзя. У 1963 годзе быў прыняты пакет законаў, што рэглямэнтавалі выкарыстаньне моваў у афіцыйных установах. У 1967 годзе ўпершыню быў зроблены афіцыйны пераклад канстытуцыі Бэльгіі на нідэрляндзкую. Да 1980 году абедзьве галоўныя мовы краіны былі фактычна зраўняныя ў правах. З 1993 году Бэльгія была падзеленая на акругі, якія зьяўляюцца суб’ектамі фэдэрацыі. Адзінай афіцыйнай мовай на тэрыторыі Флямандзкай акругі зьяўляецца нідэрляндзкая.
Нягледзячы на дасягнутыя посьпехі, моўныя праблемы дагэтуль прыводзяць да эскаляцыі напружанасьці паміж дзьвюма галоўнымі групамі насельніцтва краіны. Так, у 2005 годзе праблема падзелу дзьвюхмоўнай выбарчай акругі Брусэль-Хальле-Вільвордзе ледзь не прывяла да адстаўкі ўраду і палітычнага крызісу.
Найважнейшая нацыянальная меншасьць Бэльгіі — немцы. Іх колькасьць складае прыблізна 70 000 чалавек. Месцы кампактнага пражываньня немцаў (на ўсходзе Валёніі) уваходзяць у склад нямецкамоўнай супольнасьці, што маюць вялікую аўтаномію, перадусім у пытаньнях культуры.
Найбуйнейшыя групы мігрантаў — італьянцы, выхадцы з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга (былое Бэльгійскае Конга), выхадцы з Турэччыны, Марока і арабскіх краінаў.
Цяпер у Бэльгіі пражывае больш за 100 000 выхадцаў з былога Савецкага Саюзу. Самыя вялікія дыяспары чачэнцаў, армянаў, грузінаў.
Культура
рэдагавацьАсаблівасьцю культурнага жыцьця Бэльгіі зьяўляецца адсутнасьць адзінага культурнага поля. Фактычна культурнае жыцьцё канцэнтруецца ў межах моўных супольнасьцяў. У Бэльгіі няма агульнадзяржаўнага тэлебачаньня, газэтаў і іншых сродкаў масавай інфармацыі. Таксама адсутнічаюць дзьвюхмоўныя ўнівэрсытэты (за выключэньнем Каралеўскай ваеннай школы) і буйныя навуковыя або культурныя арганізацыі.
Жывапіс
рэдагавацьЯшчэ ў эпоху Рэнэсансу Фляндрыя праславілася сваім жывапісам (флямандзкія прымітывы). Пазьней у Фляндрыі жыў і працаваў Рубэнс (у Бэльгіі Антвэрпэн дагэтуль часта завуць местам Рубэнса). Аднак да другой паловы XVII ст. флямандзкае мастацтва паступова прыйшло ў заняпад. Пазьней у Бэльгіі разьвіваўся жывапіс у стылях рамантызму, экспрэсіянізму і сюррэалізму. Вядомыя бэльгійскія мастакі — Джэймз Энсор (экспрэсіянізм і сюррэалізм), Канстант Пэрмэке (экспрэсіянізм), аднак самы вядомы мастак Бэльгіі — Рэнэ Магрыт, які лічыцца адным з найважнейшых прадстаўнікоў сюррэалізму.
Літаратура
рэдагавацьНатуральна, у літаратуры падзел па моўным прынцыпе выяўляўся наймацней. Франкамоўная літаратура імкнецца да францускай традыцыі, што зьвязана ў прыватнасьці з тым, што ў Бэльгіі працавалі шматлікія францускія літаратары (напрыклад Бадлер).
Больш складаная сытуацыя зь літаратурай Фляндрыі. У XIX стагодзьдзі літаратура Фляндрыі раскалолася на дзьве плыні: прадстаўнікі адной пісалі па-француску, другой — пісалі па-нідэрляндзку. Працы прадстаўнікоў першай плыні можна назваць тыпова бэльгійскай літаратурай, бо зьяўленьне такой літаратуры не было б магчымым ў аднамоўнай краіне.
Самы вядомы твор дадзенай групы — «Легенда пра Тыля Уленшпігеля і Ламу Гудзака», напісаная флямандцам Шарлем дэ Кастэрам. Цяпер гэтая кніга перакладзеная на мноства моваў і атрымала мянушку «Біблія Фляндрыі». Аднак вялікая частка франкамоўнай флямандзкай літаратуры цяпер забытая: валёнам і тым больш французам яна не цікавая, а флямандцы яе не чытаюць з-за зьніжэньня ўзроўню веданьня францускай мовы (раней, калі француская была адзінай дзяржаўнай мовай яе веданьне было неабходным; зараз жа нідэрляндзкая мова роўная ў правах з францускай).
Прадстаўнікі другой групы ў асноўным былі прыхільнікамі эмансыпацыі Фляндрыі і часьцяком былі нацыяналістамі. Самы вядомы прадстаўнік гэтай групы — паэт Гвіда Гезэльле. Ён выступаў ня толькі супраць францускай мовы, але і прынятага ў Нідэрляндох варыянту нідэрляндзкай мовы. Ягоныя вершы, напісаныя на заходнефлямандзкім дыялекце, не заўсёды добра зразумелыя цяперашнім флямандцам.
Некаторыя вядомыя бэльгійскія паэты: Гвіда Гезэльле (пісаў на флямандзкай), Эміль Вэрхарн (флямандзец, пісаў па-француску), Морыс Мэтэрлінк (флямандзец, пісаў па-француску), Пол Ван Остайен (паэт-наватар, пісаў па-нідэрляндзку).
Архітэктура
рэдагавацьУ Бэльгіі захавалася шмат выбітных узораў архітэктуры ад раманскага стылю (11 стагодзьдзе) да ар-нуво (пачатак 20 стагодзьдзя). Самы вядомы бэльгійскі архітэктар — Віктар Орта (1861—1947), адзін з найвыбітнейшых архітэктараў ар-нуво. Найбольш цікавыя ў архітэктурным дачыненьні гарады: Бруге, Гент, Антвэрпэн, Брусэль, Мэхелен.
Бэльгійская кухня
рэдагавацьБэльгія славіцца сваёй кухняй. Бэльгійская ежа, як і сама Бэльгія, уяўляе сабой сумесь германскага і лацінскага ўплываў. Бэльгійцы заслужылі рэпутацыю аматараў вафляў і смажанай бульбы. Абедзьве гэтыя стравы ўзьніклі ў Бэльгіі. Нацыянальныя стравы: смажанае мяса з салатай і смажаныя мідыі.
Брэнды бэльгійскай чакаляды і чакалядных цукерак, такіх як Callebaut, Côte d'Or, Neuhaus, Leonidas, Guylian і Godiva вядомыя ва ўсім сьвеце.
Транспарт у Бэльгіі
рэдагавацьБэльгія — краіна невялікая. Магістральная сетка зьяўляецца адной з самых шчыльных у сьвеце (параўнальная з Лос-Анджэлесам).
У Бэльгіі заахвочваецца выкарыстаньне цягнікоў, бо чыгунка зьяўляецца разгалінаванай і эфэктыўнай.
Марскія порты:
- Антвэрпэн (Antwerpen) — адзін з самых вялікіх партоў сьвету
- Бруге (Bruges (Zeebrugge)) — адзін з найбуйнейшых партоў Эўропы
- Гент (Gent)
- Остэндэ (Oostende)
Унутраныя порты:
Узброеныя сілы Бэльгіі
рэдагавацьУзброеныя сілы Бэльгіі былі створаныя ў 1830 годзе. Цяпер іх асабовы склад налічвае каля 41 000 чалавек. Прызыўны век — 16 гадоў (2005 год). Бюджэт Узброеных сілаў — 2,7 мільярда эўра. Доля УС складае 1,3% ад ВУП Бэльгіі.
Міжнародныя адносіны Бэльгіі
рэдагаваць25 ліпеня 1921 году — стварэньне Бэльгійска-Люксэмбурскага эканамічнага зьвязу. Дамова аб стварэньні Мытнага зьвязу Бэнілюкс была падпісаная 5 верасьня 1944 году ўрадамі трох краінаў у выгнаньні ў Лёндане і ўступіла ў сілу ў 1948 году. Зьвяз праіснаваў да 1 лістапада 1960 году, калі ён быў заменены Эканамічным зьвязам Бэнілюкс на падставе дамовы, падпісанай у Гаазе 3 лютага 1958 году.
4 красавіка 1949 году Бэльгія ўступіла як краіна-заснавальнік у Арганізацыю Паўночнаатлянтычнай дамовы (НАТО) з штаб-кватэрай у Брусэлі. 18 красавіка 1951 году Бэльгія разам зь пяцьцю эўрапейскімі краінамі падпісала Дамову аб стварэньні Эўрапейскага аб’яднаньня вугля і сталі.
У 1957 годзе шэсьць дзяржаваў, уключаючы Бэльгію, заснавалі Эўрапейскую эканамічную супольнасьць (ЭЭС, Агульны рынак), якая ў 1993 годзе была афіцыйна пераназваная ў Эўрапейскую супольнасьць, і Эўрапейскую супольнасьць па атамнай энэргіі.
Шэнгенская дамова першапачаткова была падпісаная 14 чэрвеня 1985 году пяцьцю эўрапейскімі дзяржавамі (Бэльгіяй, Нідэрляндамі, Люксэмбургам, Францыяй, Нямеччынай) і ўступіла ў сілу 26 сакавіка 1995.
Штаб-кватэра Эўрапейскай камісіі знаходзіцца ў Брусэлі. Эўрапарлямэнт праводзіць пленарныя паседжаньні ў Страсбурзе і Брусэлі. Эканамічны і сацыяльны камітэт, кансультацыйны орган ЭЗ, зьбіраецца раз на месяц у Брусэлі. Пленарныя сэсіі Камітэту Рэгіёнаў ЭЗ праходзяць у Брусэлі 5 разоў на год.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Урад Бэльгіі ўпершыню ўзначаліць жанчына. Радыё Свабода (28 кастрычніка 2019).
- ^ Population statistics
- ^ а б в Die Welt. Atlas & Almanach. Freitag & Berndt, 1999. (ням.)
- ^ Георгі Грыц. Генэрацыя выгады, або Навошта краінам свае АЭС // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 13 лістапада 2023 г. Праверана 14 лістапада 2023 г.