Вяльля

рака ў Беларусі і Летуве

Вяльля́ — рака ў Беларусі і Летуве, правы прыток Нёману. Даўжыня 498 км, у тым ліку ў Беларусі — 264 км. Плошча вадазбору 25,1 тыс. км², у тым ліку на тэрыторыі Беларусі — 11 тыс. км². Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,3 . Выдатак вады ў вусьці каля 186 м³/с.

Рака
Вяльля
лац. Vialla
Рака Вяльля каля сутокаў з Нарачанкай
Рака Вяльля каля сутокаў з Нарачанкай
Агульныя зьвесткі
Выток каля в. Вялікага Поля
Вусьце Нёман
Краіны басэйну Беларусь, Летува
Вобласьці Гарадзенская вобласьць, Віцебская вобласьць, Менская вобласьць, Віленскі павет і Ковенскі павет
Даўжыня 498 км
Сярэднегадавы сьцёк 186 м³/с
Плошча басэйну 25,1 тыс. км²
Нахіл воднай паверхні 0,3 ‰
Месцазнаходжаньне
Вяльля на мапе
Асноўныя прытокі
Левыя Дзьвінаса, Кабылянка, Ілія, Белавароціца, Вільня, Вуша, Ашмянка, Газоўка
Правыя Сэрвач, Нарачанка, Страча, Дудка

Асноўныя прытокі

рэдагаваць

Амаль усе прытокі Вяльлі каналізаваныя. У басэйне ракі больш за 40 каналаў агульнай даўжынёй каля 300 км.

У гістарычных крыніцах упамінаецца пад назвай Веля, або Велья, або Велея, то бок 'вялікая'. Індаэўрапейскі корань назвы адсылае да значэньня 'заходні кірунак' і культу продкаў, а значыць зьвязвае і з культам бога Вялеса[1][2]. Тым часам беларускі мовазнаўца Язэп Лёсік зьвязваў назву ракі з племем вільцаў-люцічаў, званых таксама велетамі[3].

Па ўтварэньні Рэчы Паспалітай і павелічэньні ўплыву польскай культуры і мовы назва ракі пачала пісацца па-польску: Вілія або Вілья, што захавалася ў афіцыйным напісаньні да сёньняшніх дзён. Такім чынам, рака страціла свой першасны сэнс і набыла новы: Вілія — нібыта таму, што віляе[1][2].

Летувісы завуць раку Neris. Зь фінска-вугорскага нэріс — 'узвышша, пагорак' (у Летуве рака цячэ паміж пагоркамі)[4].

Агульныя зьвесткі

рэдагаваць

Пачынаецца зь невялікага балота за 1 км на паўночны ўсход ад вёскі Вялікага Поля Докшыцкага раёну, перасякае граніцу зь Летувой за 2 км на паўночны захад ад вёскі Жарнэляў Астравецкага раёну, упадае ў Нёман на тэрыторыі Летувы каля места Коўны. На рацэ створана Вялейскае вадасховішча, частка вады якога Вялейска-Менскай воднай сыстэмай перапампоўваецца ў раку Сьвіслач.

Даліна зьвілістая, добра распрацаваная, у верхняй плыні шырынёй 1—3 км, бліжэй да вусьця звужаецца да 0,2—0,4 км. Амаль на ўсім працягу тэрасы. Абалона ў верхняй плыні ў асноўным забалочаная, шырыня яе 200—400 м, ніжэй перарывістая, шырынёй 50—70 м, месцамі да 600 м; на дзялянцы паміж вёскамі Стахамі і Раздорамі Вялейскага раёну шмат старыцаў. Рэчышча ў вярхоўі моцназьвілістае, шырыня яго ад 1 м да 2 м, каля вусьця Вушы 40—60 м (месцамі да 100 м), да ўтоку ракі Балошынкі 60—70 м; шмат выспаў, адмелінаў, асяродкаў, трапляюцца парожыстыя дзялянкі. Берагі стромкія, у вярхоўі тарфяністыя. Веснавое разводзьдзе пачынаецца ў канцы сакавіка і доўжыцца каля 50 дзён[5].

Рэжым адметны інтэнсіўным веснавым разводзьдзем (каля 45% сярэдняга сьцёку) і нізкім стаяньнем вады ў летнюю межань. Па ўводзе ў эксплюатацыю Вялейскага вадасховішча ўзроўневы й сьцёкавы рэжым плаціны ў межах Беларусі зарэгуляваны. Замярзае ў верхняй плыні ў пачатку сьнежня, у сярэдняй і ніжняй — у канцы сьнежня — пачатку студзеня, крыгалом у 2-й палове сакавіка ад вусьця да вярхоўя. Сярэдняя тэмпэратура вады ўлетку 18—20 °С, найбольшая ў ліпені (27,9 °С, 1956 год).

Тэрыторыя басэйну Вяльлі ўтварае гістарычны рэгіён Павільле[6], які, у сваю чаргу, складаў частку Літвы[7].

Рэльеф складаецца з канцова-марэнавых утварэньняў, збытных пагорыстых градаў і групаў пагоркаў з забалочанымі паніжэньнямі паміж імі. Найбольш прыпаднятая паўднёва-ўсходняя частка вадазбору з адноснымі вышынямі да 100 м (асобныя пагоркі Менскага ўзвышша) у ніжняй частцы пераходзіць у Нарачанска-Вялейскую нізіну.

Расьліннасьць

рэдагаваць

Лясныя масівы ў асноўным сустракаюцца ў верхняй і сярэдняй плынях і абмяжоўваюцца левабярэжжам ракі Нарачанкі, ніжэй яны памяншаюцца і значна радзейшыя. Агульная лясістасьць складае 30%, у тым ліку 5% складае забалочаны лес.

Азёры займаюць 2% плошчы, большай часткай разьмяшчаюцца па правабярэжжы. Найбольш значныя зь іх: Нарач, Мястра, Сьвір, Вішнеўскае, Вялікая Швакшта.

Жывёльны сьвет

рэдагаваць

Гаспадарчая дзейнасьць

рэдагаваць

На вадазборы праводзіліся мэліярацыйныя працы, у выніку якіх, на 1 студзеня 2006 году 14% плошчы басэйну мэліяраваныя. Працягласьць адкрытай асушальнай сеткі складае 7790 км[8]. У 1997 годзе на плаціне Вялейскага вадасховішча пачала працаваць Вялейская ГЭС магутнасьцю 2000 кВт.

  1. ^ Упадае ў паўднёвую затоку Вялейскага вадасховішча, перад будаваньнем вадасховішча ўпадала беспасярэдне ў раку Вяльлю.
  1. ^ а б Волат-Лужынская, Э. (19 красавіка 2007) Гісторыя мястэчка Вялейка. vialejka.org. Архіўная копія ад 18 верасьня 2009 г.
  2. ^ а б Ефимова Н. А. История Вилейки 15—18 веков // Вілейскі краязнаўчы зборнік: [Матэрыялы краязн. навук. канф. «Вілейшчына — погляд у мінулае і сучаснасць» (27 мая 1999 г.) / Склад. В. Коласава. — Менск: МГА «Бел. кнігазбор», 2001. — С. 28—45. — ISBN 985-6638-23-2
  3. ^ Лёсік Я. Літва-Беларусь: гістарычныя выведы. — Менск, 2016. С. 15.
  4. ^ Ласкоў І. Летапісная літва: Сваяцтва і лёс. — Вільня: Наша будучыня, 2011. — С. 203.
  5. ^ Блакітная кніга Беларусі. Энцыкл. — Мн.: 1994. С. 96.
  6. ^ Звяруга Я. Беларускае Павілле у жалезным веку і раннім сярэднявякоўі // Матэрыялы па археалогіі Беларусі, вып. 10. Мінск, ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі», 2005
  7. ^ Лойка П. Унутраная палітыка ВКЛ (XIV — сярэдзіна XV ст.), Бібліятэка гістарычных артыкулаў
  8. ^ Река Вилия (рас.). Гідрамэтцэнтар Беларусі.

Літаратура

рэдагаваць
  • Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1 С. 96.
  • Звяруга Я. Беларускае Павілле у жалезным веку і раннім сярэднявякоўі // Матэрыялы па археалогіі Беларусі, вып. 10. — Мінск: ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі», 2005.
  • Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 1: Ааліты ― Гасцінец / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. — 574 с.: іл.
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год) / М-во природных ресурсов и охраны окружающей среды. — Мн.: 2005. — 135 с.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ / Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с. 40 л. ил.
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. — Л.: 1971 Т. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1—2.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць