Прыродны газ
Прыро́дны газ — газападобны карысны выкапень пераважна вуглявадароднага складу, які ўтвараецца ў зямной кары, а таксама высокаэканамічнае энэргетычнае паліва, цеплыня гарэньня 32,7 МДж/м³ (7800 ккал/м³). Ужываецца як паліва на электрастанцыях, у чорнай і каляровай мэталюргіі, цэмэнтнай і шкляной прамысловасьці, пры вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў і для камунальна-пабытовых патрэб. Сусьветныя геалягічныя запасы газа на кантынэнтах, у зоне шэльфаў і мелкіх мораў, па прагнознай адзнацы складае 10 000 000 000 000 000 м³, што эквівалентна 10 000 000 000 000 т нафты. У 1994 годзе галоўнымі газаздабываючымі краінамі зьяўляліся Расея, ЗША, Нідэрлянды, Вялікабрытанія, Інданэзія, Альжыр, Саудаўская Арабія, Іран, Нарвэгія, Італія, Нямеччына.
Агульныя зьвесткі
рэдагавацьПрыродны газ утварыўся ў выніку катагенэтэчнага пераўтварэньня арганічнага рэчыва асадачных пародаў. Паклады газа ўтвараюцца ў натуральных пастках на шляхах міграцыі газа. Міграцыя адбываецца ў выніку статычнай ці дынамічнай нагрузкі пародаў, выціскаючых газ, ці пры вольнай дыфузіі газа з высокага ціску ў зоны меншага ціску. Адрозьніваюць пазарэзэрвуарную рэгіянальную міграцыю скрозь магутныя тоўшчы парод рознай пранікнёнасьці па капілярах, порах, разломах і расколінах і ўнутранарэзэрвуарную лякальную міграцыю ўсярэдзіне добрапранікнёных пластоў, зьбіраючых газ. Асноўны элемэнт прыроднага газа — мэтан (да 98%), таксама ў яго склад уваходзіць этан, прапан, бутан, пентан, гексан, вуглякіслы газ, азот, серавадарод, і інертныя газы. У некаторых выпадках, пры ўмовах вялікай тэмпэратуры і ціска прыродны газ пераўтвараецца ў вадкую фазу, утвараючы кандэнсат.
Прамысловыя радовішчы прыроднага газа сустракаюцца ў выглядзе аддзеленых збораў, не зьвязаных зь іншымі карыснымі выкапнямі, у выглядзе газанафтавых радовішчаў, у якіх газападобныя вугляроды цалкам ці часткова распушчаныя ў нафце ці знаходзяцца ў вольным стане і запаўняюць узвышаную частку радовішча (газавыя капялюшы) ці верхнія часткі злучаных паміж сабой гарызонтаў газанафтавай сьвіты; у выглядзе газакандэнсатных радовішчаў, у якіх газ узбагачаны вадкімі вуглявадародамі.
Радовішчы прыроднага газа, якія знаходзяцца на глыбіні ня болей за 1,5 км, складаюцца амаль з аднаго мэтану зь невялікімі дадаткамі яго гамолягаў (этану, прапану, бутану), азоту, аргону, калі-некалі вуглякіслага газа і серавадароду; з павелічэньнем глыбіні ўтрыманьне гамолягаў мэтану звычайна павялічваецца. У газакандэнсатных радовішчах утрыманьне гамолягаў мэтану значна вышэй за мэтан. Гэта характэрна для нафтавых газаў. У некаторых газавых радовішчах назіраецца павышанае ўтрыманьне вуглякіслага газа серавадароду і азоту. Прыродны газ сустракаецца ў адкладаньнях усіх геалягічных сыстэм пачынаючы з канца пратэразоя і на розных глыбінях, але часьцей за ўсё да 3 км.
Газавыя паклады дзеляць на пластавыя і масіўныя. У пластавых пакладах радовішчы газа прывязаны да пакладаў-калектараў. Масіўныя паклады не прывязаныя да сваіх пластоў. Найбольш распаўсюджаныя сярод палставых сводавыя паклады, якія захоўваюцца дзякуючы моцнай гліністай ці галагеннай накрыўкамі.
Падземнымі натуральнымі рэзэрвуарамі для 85% агульнай колькасьці газавых і газакандэнсантых пакладаў служаць пяшчаныя, пашчана-алеўрытавыя і алеўрытавыя пароды, часта зьмешаныя з глінамі; у астатніх 15% выпадкаў зборнікамі газа зьяўляюцца акарбанатныя пароды. Структура месцанараджэньняў розная для складчатых і плятформенных варункаў. У складчатых раёнах выдзяляюць дзьве групы структур, зьвязаных з антыкліналямі і монакліналямі. У плятформенных раёнах выдзяляюць чатыры групы структур: купальных і брахіантыклінальных узвышшаў, эразійных і рыфавых масіваў, монакліналяў, сінклінальных прагібаў.
Вуглявадароды, якія ўваходзяць у склад прыроднага газа зьяўляюцца сыравінай для вытворчасьці метылавага спірту, фармальдэгіду, ацэтальдэгіду, воцатавай кіслаты і іншых арганічных злучэньняў. Канвэрсіяй кіслародам ці вадзяным парам з мэтану (асноўнага элемэнта прыроднага газа) атрымліваюць сітэз-газ (СО+Н2), які выкарыстоўваецца для вытворчасьці аманяка, сьпіртаў і іншых арганічных прадуктаў. Піролізам і дэгтдрагенізацыяй мэтану атрымліваюць ацэцілен, сажу і вадарод. Прыродны газ выкарыстоўваюць таксама для атрыманьня алефінавых вуглявадародаў, і ў першую чаргу эцілену і прапілену, якія ў сваю чаргу зьяўляюцца сыравінай для далейшага арганічнага сынтэзу.
Беларусь
рэдагавацьУ 2008 г. дзель прыроднага газу ў валавым спажываньні паліўна-энэргетычных рэсурсаў у Беларусі склала 62%, у аб’ёме кацельна-пячнога паліва — 79%, удзельная вага ў электраэнэргетыцы — 95%[1]. На 1 ліпеня 2016 г. узровень газіфікаваньня кватэраў вырас да 73,9%, у тым ліку на вёсцы — да 33,4%. За 2015 г. на прыродны газь перавялі каля 30 тыс. кватэраў[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Інга Міндалёва. 9 мільярдаў даляраў — на беларускую АЭС // Зьвязда : газэта. — 13 кастрычніка 2009. — № 193 (26551). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ Энэргетыка стала драйвэрам росту для беларускай эканомікі - Патупчык // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 12 кастрычніка 2016 г. Архіўная копія ад 11 кастрычніка 2016 г. Праверана 26 кастрычніка 2016 г.