Аўстрыя
Аўстрыя Republik Österreich | |||||
| |||||
Дзяржаўны гімн «Land der Berge, Land am Strome» | |||||
![]() | |||||
Афіцыйная мова | Нямецкая | ||||
Сталіца | Вена | ||||
Найбуйнейшы горад | Вена | ||||
Форма кіраваньня | Парлямэнцкая рэспубліка Аляксандар ван дэр Бэлен Сэбастыян Курц | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
115-е месца ў сьвеце 83 855 км² 1,7% | ||||
Насельніцтва • агульнае (2014) • шчыльнасьць |
94-е месца ў сьвеце 8857960[1] 99/км² | ||||
СУП • агульны (2010) • на душу насельніцтва |
35-е месца ў сьвеце $332,005 млрд $39 634 | ||||
Валюта | Эўра (EUR )
| ||||
Часавы пас • улетку |
CET (UTC+1) СEST (UTC+2) | ||||
Незалежнасьць | 27 ліпеня 1955 | ||||
Аўтамабільны знак | A | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .at | ||||
Тэлефонны код | +43 | ||||
Рэспу́бліка А́ўстрыя, А́ўстрыя (па-нямецку: Republik Österreich, Österreich De-Österreich.ogg ) — краіна ў Цэнтральнай Эўропе. Мяжуе зь Нямеччынай і Чэхіяй на поўначы, Славаччынай і Вугоршчынай на ўсходзе, Славеніяй і Італіяй на поўдні, Швайцарыяй і Ліхтэнштайнам на захадзе. У Аўстрыі мяшкуюць амаль 9 мільёнаў чалавек. Тэрыторыя краіны складае 83,879 км². Ляндшафт вельмі гарысты, бо на большай частцы краіны знаходзяцца Альпы, то бок толькі 32% краіны знаходзіцца на вышыні меншай за 500 мэтраў ад узроўня мора, а самы высокі пункт складе 3,798 мэтраў[2]. Большасьць насельніцтва размаўляе на мясцовых баварскіх дыялектах нямецкай мовы ў якасьці роднай мовы[3], а стандартная нямецкая мова зьяўляецца афіцыйнай мовай краіны. Да іншых рэгіянальных адносяцца вугорская, градзішчанска-харвацкая і славенская мовы[2].
Аўстрыя зьяўляецца фэдэратыўнай рэспублікай з парлямэнцкай прадстаўнічай дэмакратыяй, у якую ўваходзяць дзевяць фэдэратыўных земляў[2]. Сталіцай і найбуйнейшым горадам краіны зьяўляецца Вена, насельніцтвам якой складае больш за 1,8 мільёнаў жыхароў[2][4]. Да іншых буйных гарадоў адносяцца Грац, Лінц, Зальцбург і Інсбрук. Аўстрыя стала вызначаецца як адна з самых заможных краінаў у сьвеце паводле СУП на душу насельніцтва. У краіне назіраецца даволі высокі ўзровень жыцьця. Паводле вынікаў 2018 году Аўстрыя заняла 20-ы радок у сьпісе індэксу разьвіцьця чалавечага патэнцыялу ў сьвеце. Рэспубліка абвесьціла сталы нэўтралітэт у зьнешнепалітычных справах у 1955 годзе. З таго ж году Аўстрыя стала чальцом Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. У 1995 годзе краіна ўвайшла ў Эўрапейскі Зьвяз[2]. Аўстрыя зьяўляецца адным з заснавальнікаў АЭСР[5]. У 1995 годзе Аўстрыя далучылася да Шэнгенскага пагадненьня[6], а ў 1999 годзе адмовілася ад ўласнай нацыянальнай валюты і перайшла на выкарыстаньне эўра ў якасьці сродку аплаты[7].
ГісторыяРэдагаваць
- Асноўны артыкул: Гісторыя Аўстрыі
- Ι стагодзьдзе да н. э. — заваяваньне рымлянамі кельтаў, якія насялялі тэрыторыю сёньняшняй Аўстрыі
- VI—VIII стагодзьдзі — міграцыя ў гэты рэгіён баварскіх і славянскіх плямёнаў
- 803 — стварэньне Карлам Вялікім Аварскай маркі
- 976 — зьмяненьне назвы на Ўсходнюю марку
- 1156 — Аўстрыя выдзеленая са складу Баварыі ў самастойнае герцагства нямецкага Райха, падпарадкаванае імпэратару
- 1276 — пачатак праўленьня Габсбургаў, якія ў 1438—1806 гадах былі каралямі, а затым і імпэратарамі Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі
- 1359 — пры Рудольфе IV (правіў у 1358—1365 гадах) кіраўнікі Аўстрыі атрымліваюць тытул эрцгерцагаў
- 1526 — далучэньне Харватыі да Аўстрыі
- 1529 — беспасьпяховая аблога Вены туркамі
- 1683 — другая аблога Вены туркамі і поўны разгром турэцкай арміі войскамі Сьвяшчэннай Лігі
- 1687 — далучэньне Вугоршчыны і Трансыльваніі
- 1713 — аднаўленьне кантролю над Італіяй і гішпанскімі Нідэрляндамі
- 1740—1748 — вайна за Аўстрыйскую спадчыну; Марыя Тэрэзія саступае Прусіі Сылезію
- 1772 — далучэньне Галіцыі
- 1792—1795 — войны з Францыяй
- 1804 — атрыманьне Францам Ι спадчыннага тытула імпэратара Аўстрыі
- 1804—1867 — Аўстрыйская імпэрыя
- 1805 — бітва пры Аўстэрліц
- 1806 — імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі ператвараецца ў аўстрыйскага імпэратара
- 1866 — Аўстра-пруская вайна
- 1867—1918 — Аўстра-Вугоршчына
- 1934 — Грамадзянская вайна ў Аўстрыі
- 1938 — Далучэньне да Трэцяга райху
- 1955 — адноўлены сувэрэнітэт і абвешчаны пастаянны нэўтралітэт краіны
- 1995 — чалецтва ў Эўрапейскім Зьвязе
- 2000 — пост канцлера займае Вольфганг Шусэль
- 2004 — прэзыдэнтам становіцца Гайнц Фішэр
Землі сучаснай Аўстрыі былі адваяваныя рымлянамі ў кельтаў ў 15 годзе да н. э. У 788 годзе тэрыторыя была ўключана ў імпэрыю Карла Вялікага. Назву «Аўстрыя» ўпершыню згадваецца ў дакумэнце ад 1 лістапада 996 году.
Дом Габсбургаў, з праўленьнем якога зьвязаны росквіт Аўстрыйскага дзяржавы, прыйшоў да ўлады ў XIV стагодзьдзі, а з 1438 па 1806 гады эрцгерцагі аўстрыйскія насілі тытул імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі.
З 1156 году Аўстрыя — герцагства, з 1453 — эрцгерцагства, з 1804 — імпэрыя Габсбургаў, у 1867—1918 гг. — Аўстра-Вугоршчына (дуалістычная — двуадзіная манархія). Аўстрыйская Рэспубліка ўтварылася ў лістападзе 1918 году пасьля распаду Аўстра-Вугорскай манархіі. У 1938 адбылося яе гвалтоўнае, але разам з тым мірнае далучэньне да нацысцкай Нямеччыны (аншлюс). Пасьля Другой сусьветнай вайны Аўстрыя часова страціла незалежнасьць, будучы падзеленай на чатыры акупацыйныя зоны паміж Францыяй, ЗША, Вялікабрытаніяй і СССР.
Перамовы аб аднаўленьні незалежнасьці пачаліся ў 1947, але толькі ў 1955 Аўстрыя зноў стала цалкам незалежнай дзяржавай па Дзяржаўнай дамове ад 15 траўня 1955. У кастрычніку таго ж году прыняты закон аб пастаянным нэўтралітэце Аўстрыі.
ПалітыкаРэдагаваць
Аўстрыя зьяўляецца фэдэральнай краінай якая аб’ядноўвае дзевяць самастойных земляў. Такая структура была зацьверджана паводле канстытуцыі 1920 году, зь некаторымі радагаваньнямі ў 1929 годзе. Надчас уваходжаньня ў склад Трэцяга Райху сыстэма была скасавана, аднак зноўку адноўлена ў 1945 годзе. Кіраўніком краіны зьяўляецца фэдэральны прэзыдэнт, які абіраецца на 6 гадоў. Урад узначалены фэдэральным канцлерам, міністры назначаюцца прэзыдэнтам. Парлямэнт Аўстрыі ёсьць дзьвюхпалатны Фэдэральны сход, які складаецца з Фэдэральнай рады і Нацыянальнай рады, якія базуюцца ў Вене. Фэдэральная рада складаецца з 64 дэпутатаў, якія абіраюцца парлямэнтамі земляў. Землі прадстаўлены рознай колькасьцю дэпутатаў (ад 3 да 12) у залежнасьці ад колькасьці насельніцтва. Нацыянальная рада складаецца з 183 дэпутатаў, якія абіраюцца паводле прапарцына-сьпісачнай сыстэмы.
На вяршыні судовай улады знаходзіцца канстытуцыйны суд, які можа аказваць значны ўплыў на палітычную сыстэму краіны праз скасаваньне законаў і пастановаў, якія былі складзены не ў адпаведнасьці з канстытуцыяй. З 1995 году Эўрапейскі суд можа адмяніць аўстрыйскія рашэньні па ўсіх пытаньнях, вызначаных у законах Эўрапейскага Зьвязу. Аўстрыя таксама ажыцьцяўляе рашэньні Эўрапейскага суду па правах чалавека, бо Эўрапейская канвэнцыя па правах чалавека зьяўляецца часткай аўстрыйскае канстытуцыі. Аўстрыя мае 10 галасоў у Радзе Эўрапейскага Зьвязу і 18 месцаў у Эўрапейскім парлямэнце. У Эўрапейскай камісіі Аўстрыя была прадстаўлена з 1995 па 2004 год Францам Фішарам (раней міністар сельскай гаспадаркі), а з 2004 году Бэніта Фэрэра-Вальднэрам (раней міністар замежных справаў Аўстрыі). Палітычная будова краіны заснавана на канстытуцыі ад кастрычніка 1920 году.
Увесну 2017 году пасьля распаду вялікай кааліцыі была абвешчаны датэрміновыя выбары ў парлямэнт, якія прайшлі ў кастрычніку 2017 году. Аўстрыйская народная партыя (АНП) са сваім новым маладым лідэрам Сэбастыянам Курцам атрымала 31,5% галасоў. Другое месца заняла Сацыял-дэмакратычная партыя (СДП) з паказчыкам у 26,9% галасоў. Трэці радок атрымала Партыя Свабоды Аўстрыі (ПСА), якая атрымала 26 галасоў. У выніку сфармавалася кааліцыя паміж правацэнтрысцкай АНП і правапапулясцкай ПСА, а новым канцлерам краіны стаў Сэбастыян Курц.
Аўстрыя не ўваходзіць у вайсковыя блёкі і зьяўляецца нэўтральнай краінай. Падчас канфліктаў у краінах суседняй Югаславіі, у краіне ўздымалася пытаньне аб парушэньні нэўтральнасьці і неабходнасьці ўвайсьці ў склад НАТО. Але ўрад Аўстрыі не пайшоў на зьмены і краіна надалей прытрымліваецца нэўтральнасьці. Аўстрыйскія ўзброеныя сілы рыхтуюцца выключна да абароны краіны.
ЗемліРэдагаваць
- Асноўны артыкул: Землі Аўстрыі
У склад Аўстрыі ўваходзяць дзевяць земляў: Бургенлянд, Карынтыя, Ніжняя Аўстрыя, Верхняя Аўстрыя, Зальцбург, Штырыя, Тыроль, Форарльбэрг, Вена.
ГеаграфіяРэдагаваць
Аўстрыя зьяўляецца горнай краінай, большая частка краіны разьмяшчаецца ў Альпах. З агульнай плошчы краіны (84 000 км²), толькі чацьвёртая частка мае раўнінны рэльеф, і толькі 32% плошчы Аўстрыі знаходзіцца ніжэй 500 мэтраў над узроўнем мора. Самая высокая частка краіны знаходзіцца ў Альпах на захадзе Аўстрыі, самая нізкая на раўнінах на ўсходзе.
Аўстрыю можна падзяліць на пяць частак. Большай зь якіх будуць Аўстрыйскія Альпы (62% ад агульнай плошчы краіны), Аўстрыйскія ўзгор’і Альпаў і Карпатаў (12% тэрыторыі), Усходняя частка, якая прылягае да раўніны Панон (12% тэрыторыі), другая горная частка (ніжэйшая за Альпы), знаходзіцца на поўначы краіны, вядомая як аўстрыйскае плято, знаходзіцца ў цэнтральнай Багеміі і займае каля 10% краіны, астатняя раўнінная частка вакол Вены займае 4% плошчы.
На тэрыторыі Аўстрыі разьмяшчаюцца чатыры экарэгіёны: цэнтральна-эўрапейскія зьмешаныя лясы, панонскія зьмешаныя лясы, аўстрыйскія хваёвыя і зьмешаныя лясы і шырокаліставыя лясы.
ЭканомікаРэдагаваць
Эканоміка Аўстрыі заснаваная па прынцыпах рынкавай гаспадаркі. Гэта адна з самых разьвітых краінаў Эўропы, а таксама ўваходзіць у дзясятку самых багатых краінаў сьвету (калі лічыць стасунак СУП на душу насельніцтва). Падаткі складаюць 43% нацыянальнага прыбытку, што крыху ніжэй, чым у скандынаўскіх краінах. Узровень беспрацоўя вагаецца ад 4,4% да 6,8%. Каэфіцыент Джыні, які адлюстроўвае рознасьць прыбыткаў паміж багатымі і беднымі складае 29 і зьяўляецца адным з самых нізкіх у сьвеце. Сукупны ўнутраны прадукт у 2002 годзе склаў 200,7 млрд эўра, вытворчасьць СУП на 1 занятага (вытворчасьць працы) — 58,3 тыс. эўра.
Інфляцыя ў Аўстрыі адна з самых нізкіх (каля 1,8%), індэкс спажывецкіх цэнаў 2002 году да 1996 году склаў 108,8, а агулам па Эўрапейскім Зьвязе — 110,8.
Прыкладна 2,2% СУП прыходзіцца на сельскую гаспадарку, 32,3% на прамысловасьць, 65,5% — сфэра паслугаў, транспарт, банкаўскі і страхавы сэктар. Трэцяя частка аб’ёму прамысловай вытворчасьці прыходзіцца на дзяржаўны сэктар эканомікі.
Тым ня менш у Аўстрыі існуюць праблемы ў сельскай гаспадарцы зьвязаныя з эўрапейскай інтэграцыяй. Коштавая палітыка, якая праводзіцца Эўрапейскім Зьвязам у галіне сельскагаспадарчай вытворчасьці прывяла да таго, што 69% усіх сельскагаспадарчых земляў аказаліся нерэнтабэльнымі.
ДэмаграфіяРэдагаваць
У гарадах жыве 77% насельніцтва Аўстрыі, чвэрць зь іх жыве ў сталіцы краіны — Вене. 88,6% насельніцтва — нямецкамоўныя аўстрыйцы, зь якіх 4% карыстаецца алеманскай мовай, астатнія — баварскай. 14,5% насельніцтва Аўстрыі складаюць эмігранты гэта адзін з самых вялікіх паказчыкаў у Эўропе, большы ён толькі ў Люксэмбургу і Швайцарыі. Большасьць эмігрантаў прыехала з Сэрбіі, Чарнагорыі, Турэччыны і Нямеччыны.
Сучасныя межы Аўстрыі былі вызначаны Сэн-Жэрмэнскай дамовай у 1919 годзе, у некаторых жыхароў Аўстрыі да нашых дзён засталіся сваякі ў суседняй Чэхіі, Славаччыне і Вугоршчыне.
Афіцыйнай мовай Аўстрыі зьяўляецца нямецкая мова, ёй карыстаюцца ўсе жыхары краіны, нягледзячы на нацыянальнасьць. Аднак вызначаецца ўласны, аўстрыйскі дыялект.
КультураРэдагаваць
- Асноўны артыкул: Культура Аўстрыі
МузыкаРэдагаваць
Аўстрыя зрабіла вялікі ўнёсак у розныя формы мастацтва, у першую чаргу сярод у музыку. Краіна шырока вядома дзякуючы шматлікім выбітным кампазытарам, якія маюць непасрэднае датыченьне да Аўстрыі, як то Франц і Ёзэф Гайдн, Фэрэнц Ліст, Франц Шубэрт, Антон Брукнэр, Ёган Штраўс-старэйшы і Ёган Штраўс-малодшы, а таксама чальцоў Другой венскай школы, як то Арнольд Шэнбэрг, Антон Вэбэрн і Альбан Бэрг. Самым знакамітым прадстаўніком краіны зьяўляецца Вольфганг Амадэй Моцарт, які нарадзіўся ў Зальцбургу, у незалежнай эпархіі Сьвятой Рымскай імпэрыі, якая пазьней увайшла ў склад Аўстрыі. Вялікую частку сваёй кар’еры Моцарт правёў у Вене.
Вена доўгі час зьяўляецца важным цэнтрам эўрапейскай музыкі. У XVIII і XIX стагодзьдзя шмат кампазытараў заахвоціліся перабрацца ў Вену, бо гэтаму садзейнічалі Габсбургі, што зрабіла Вену сапраўднай эўрапейскай сталіцай клясычнай музыкі. У эпоху барока, славянскія і вугорскія народныя музычныя традыцыі спарадзілі пэйўны ўплыў на аўстрыйскую музыку. Аднак статус Вены як музычнага цэнтру пачаў уздымацца яшчэ ў пачатку XVI стагодзьдзя. Людвіг ван Бэтговэн большую частку свайго жыцьця правёў у Вене. У цяперашні час нацыянальны гімн Аўстрыі, аўтарства якога належыць Моцарту, быў абраны ў якасьці дзяржаўнага пасьля Другой сусьветнай вайны, замяніўшы традыцыйны аўстрыйскі гімн Ёзэфа Гайдна.
Мастацтва і архітэктураРэдагаваць
Сярод аўстрыйскіх мастакоў і архітэктараў варта вылучыць мастоў Фэрдынанда Георга Вальдмюлера, Рудольфа фон Альта, Ганса Макарта, Густава Клімта, Оскара Какошка, Эгана Шыле, Карла Моля і Фрыдэнсрайха Гундэртвасэра, фатографаў Інге Морат і Эрнста Гааса, а таксама архітэктараў Ёгана Бэрнгарда Фішэра фон Эрляха, Ота Вагнэра, Адольфа Лёоса і Ганса Голяйна.
ЛітаратураРэдагаваць
Свой унёсак у разьвіцьцё сусьветнай літаратуры зрабілі аўстрыйскія паэты, пісьменьнікі і раманісты. Да вядомых раманістаў можна аднесьці Артура Шніцлера, Штэфана Цвайга, Томаса Бэрнгарда, Робэрта Музыля. Вядомымі аўстрыйскімі паэтамі зьяўляюцца Георг Тракль, Франц Вэрфэль, Франц Грыльпарцэр, Райнэр Марыя Рыльке, Адальбэрт Штыфтэр, Карл Краўс, а таксама дзіцячая аўтарка Эва Ібатсан.
КрыніцыРэдагаваць
- ^ Bevölkerung zu Quartalsbeginn seit 2002 nach Bundesland. Statistik Austria.
- ^ а б в г д «Austria». The World Factbook.
- ^ «Die Bevölkerung nach Umgangssprache, Staatsangehörigkeit und Geburtsland». Statistik Austria.
- ^ «Probezählung 2006 – Bevölkerungszahl». Statistik Austria.
- ^ «Austria About». OECD.
- ^ «Austria joins Schengen». Migration News.
- ^ «Austria and the euro». European Commission.
Вонкавыя спасылкіРэдагаваць
Аўстрыя — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Афіцыйны турыстычны партал.
- Аўстрыя. Encyclopædia Britannica.(анг.)
- Аўстрыя. Curlie.(анг.)
- Аўстрыя. BBC.(анг.)