Транспарт у Беларусі

сетка перавозкі грузаў і людзей у Беларусі

Шляхі́ зно́сін Белару́сі — сетка перавозкі грузаў і людзей у Беларусі.

Электробус «Вітаўт Макс Электра» (Менск, 2016 год)

Забясьпечваюць унутрыкраёвыя і зьнешнія сувязі зь іншымі краінамі. Зьяўляецца часткай эўрапейскай сеткі перавозак. Найбольшае разьвіцьцё атрымалі 5 відаў шляхоў зносінаў: аўтамабільныя, паветраныя, рачныя, трубаправодныя і чыгуначныя[1].

Віды рэдагаваць

Па стане на 2019 год у Беларусі існавалі наступныя віды транспарту:

  • Чыгуначны. Беларуская чыгунка ахоплівала звыш 2100 паселішчаў краіны і прапаноўвала 4 лініі перавозак паяжджанаў: 1) гарадзкія — у межах сталіцы і абласных цэнтраў да станцыяў у гарадах-спадарожніках, 2) рэгіянальныя — у межах вобласьці і да бліжэйшага гораду абласнога падпарадкаваньня ў суседняй вобласьці, 3) міжрэгіянальныя — між сталіцай і абласнымі цэнтрамі ды між абласнымі цэнтрамі, 4) міжнародныя — між Беларусьсю і іньшымі краінамі. Паводле хуткасьці руху і працягласьці прыпынкаў рэгіянальныя і міжрэгіянальныя лініі падзялялі на 2 клясы: бізнэс і эканом. Квіткі на цягнік прадавалі он-лайн праз аплатную картку і электронныя грошы, па тэлефоне і ў касах на станцыях. Электронная рэгістрацыя дазваляла сесьці ў цягнік па пашпарце. Паездка міжрэгіянальнымі лініямі праз усю краіну ад Берасьця да Віцебска каштавала ад 13,8 рубля ($7–8) у пляцкарце і да 19,1 рубля ($11–12) у купэ. У Беларусі дзейнічала 20 буйных чыгуначных вакзалаў. На меншых станцыях працавалі білетныя касы і гандлёвыя кіёскі.
  • Аўтамабільны. У кожным горадзе Беларусі дзейнічалі аўтавакзал і аўтастанцыя з заляй чаканьня, дзе прадавалі ежу і квіткі на прыгарадныя, міжгароднія і міжнародныя падарожжы. У Менску працавалі Цэнтральны аўтавакзал і Аўтазаводзкая ды Паўднёва-Заходняя аўтастанцыі, куды прыбывала большасьць міжнародных аўтобусаў. Квіткі на праезд у прыгарадных і міжгародніх аўтобусах перавозчыкаў Міністэрства транспарту і камунікацыяў Рэспублікі Беларусь прадавалі он-лайн за электронныя грошы. Большасьць аўтападарожжаў ажыцьцяўлялі прыватныя маршрутныя таксі на мікраўтобусах.
  • Паветраны. Нацыянальны аэрапорт «Менск» прымаў палёты зь іншых краінаў. Лётнішчы абласных цэнтраў прымалі грузавыя і чартэрныя самалёты. Зь Берасьця, Гомеля і Горадні ладзілі палёты ў расейскі Калінінград.
  • Водны. У Беларусі налічвалася 10 рачных партоў, што прымалі караблі праз 8 водных шляхоў: Дняпроўска-Бужанскі канал і 8 рэк — Дняпро, Бярэзіну, Сож, Прыпяць, Дзьвіну, Нёман і Мухавец. Улетку ладзіліся прагулкі на цеплаходах у 13 мясьцінах: Берасьці (Мухавец), Віцебску (Дзьвіна), Горадні (Нёман і Аўгустоўскі канал), Гомелі (Сож), Магілёве (Дняпро), Бабруйску (Бярэзіна), Мазыры і Пінску (Прыпяць), «Нарачанскім» (возера Нарач) і «Прыпяцкім» нацыянальных парках, нацпарку «Браслаўскія азёры» (возера Дрывяты), на Заслаўскім вадасховішчы (Менскае мора) і Выганашчанскім возеры (Івацэвіцкі раён). Па Аўгустоўскім канале хадзіў рачны трамвай. З Турава плывучая гасьцініца «Палесьсе» ладзіла 3-дзённыя рачныя круізы па Прыпяці.
  • Гарадзкі. У большасьці гарадоў краіны дзейнічаў грамадзкі транспарт: аўтобус — амаль ва ўсіх; тралейбус — у сталіцы, абласных цэнтрах і Бабруйску; трамвай — у сталіцы, Віцебску, Мазыры і Наваполацку; таксі і маршрутнае таксі — у Менску, абласных цэнтрах і іншых буйных гарадах; Менскі мэтрапалітэн. Квіткі на праезд прадавалі ў кіёску на прыпынку, кандуктары і кіроўцы. У сталіцы цана наземнага праезду складала 60 капеек, у мэтро — 65 капеек. У іншых гарадах Беларусі праезд быў таньнейшым. Шматразовыя праязныя білеты прадавалі на месяц, 15 і 10 дзён, у тым ліку на некалькі відаў перавозак[2].

Чыгунка рэдагаваць

 
Аддзяленьні Беларускай чыгункі:

     Баранавіцкае

     Берасьцейскае

     Віцебскае

     Гомельскае

     Магілёўскае

     Менскае

Асноўны артыкул: Беларуская чыгунка

У 2018 годзе на Беларускую чыгунку прыпала 63% грузаабароту ўсімі шляхамі зносінаў агульнага карыстаньня (без трубаправодаў) і каля 33% пасажыраабароту[3]. На 1 студзеня 2019 году Белчыгунка налічвала 6 аддзяленьняў — Баранавіцкае, Берасьцейскае, Віцебскае, Гомельскае, Магілёўскае і Менскае. У склад аддзяленьняў уваходзіла 370 станцыяў: 318 (86%) прамежкавых, 27 грузавых, 12 участковых, 9 сартавальных і 4 пасажырскія. Таксама яны ўлучалі 20 дыстанцыяў шляху, 17 лякаматыўных дэпо, 13 дыстанцыяў сыгналізацыі і сувязі, 12 вагонных дэпо і 7 дыстанцыяў электразабесьпячэньня. Даўжыня чыгункі складала 5479,8 км, зь іх 1227,9 км (22%) былі электрыфікаванымі. Галоўныя шляхі на жалезабэтонных шпалах складалі 7011,1 км (76%), станцыйныя і адмысловыя — 2252,9 км. Бясшвовы шлях налічваў 4723,3 км[4]. У 2018 годзе найбольшымі заказчыкамі грузаперавозак у Беларусі былі 18 прамысловых прадпрыемстваў: УП «Граніт» (Мікашэвічы, Лунінецкі раён), ААТ «Беларуськалій» (Салігорск), ААТ «Горадня Азот», «Беларускі мэталюргічны завод» (Жлобін), ААТ «Нафтан» (Наваполацак), ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод», ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» (Нясьвіскі раён), ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод», ААТ «Скідзельскі цукровы камбінат» (Гарадзенскі раён) і ААТ «Слуцкі цукроварафінадны камбінат, ААТ «Беларускі цэмэнтны завод» (Касьцюковічы), ААТ «Ваўкавыскцэмэнтнашыфэр», ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» (Ваўкавыскі раён) і ААТ «Крычаўцэмэнтнашыфэр», ААТ «Менскі аўтамабільны завод», ААТ «БелАЗ» (Жодзін), ААТ «Менскі трактарны завод» і ААТ «Гомсельмаш». Беларуская чыгунка была часткай міжнароднай чыгуначнай сеткі, што злучала 2 Агульнаэўрапейскія транспартныя калідоры: № 2 з усходу на захад праз Воршу — Менск — Берасьце, № 9 з поўначы на поўдзень празь Віцебск — Магілёў — Асіпавічы — Гомель. У грузаперавозках задзейнічалі 228 станцыяў і 6 прадпрыемстваў з 52 грузавымі тэрміналамі ў абласных цэнтрах і іншых буйных гарадах Беларусі, што мелі складзкія плошчы і пагрузчыкі. У 2019 годзе ў рамках праекту «Адзін пояс, адзін шлях» частата руху кантэйнэрных цягнікоў з Кітаю ў Эўрапейскі зьвяз дасягнула 26 на тыдзень, а з ЭЗ у Кітай — 21 на тыдзень. Час руху такіх цягнікоў ад станцыі Краснае (Смаленская вобласьць) да Берасьця склаў менш за 12 гадзінаў, што давала хуткасьць 1400 км/содні. За 2018 год у абодвух напрамках перавезьлі 146 тыс. 20-футавых кантэйнэраў. Таксама празь Беларусь з Рыгі (Латвія) і Таліну (Эстонія) ва ўкраінскі Чарнаморск (Адэская вобласьць) хадзілі кантэйнэрныя цягнікі «Вікінг» і «Зубр». Звыш 430 прадпрыемстваў Беларусі, у тым ліку 70 экспэдытарскіх, набывалі паслугі Белчыгункі праз АС «Электронная перавозка». На беларуска-польскай мяжы працавалі грузавыя тэрміналы, дзе перагружалі грузы з вагонаў каляіны 1520 мм у вагоны каляіны 1435 мм і назад[5].

Каля 9800 супрацоўнікаў Беларускай чыгункі працавалі ў складзе 6 аддзелаў пасыжарскіх перавозак і 6 вагонных участкаў у Баранавічах, Берасьці, Віцебску, Гомелі, Магілёве і Менску. Месцы ў пасажырскіх цягніках разьмяркоўвалі дарожнае і 6 вагонных бюро. Пасажырскія чыгуначныя сувязі зьвязвалі Беларусь са сталіцамі ўсіх 5 суседніх краінаў і іх адміністрацыйнымі цэнтрамі, а таксама са сталіцамі Казахстану і 4 краінаў Эўропы — Аўстрыі, Нямеччыны, Францыі і Чэхіі. Беларуская чыгунка мела 36 параў цягнікоў міжнароднай сувязі пастаяннага звароту ў сувязі кожнай зь 5 сумежных краінаў і Казахстану, 42 пары цягнікоў міжрэгіянальных лініяў і 17 параў цягнікоў рэгіянальных лініяў бізнэс-клясы. У прадмесьцях абласных гарадоў і сталіцы паяжджанаў перавозілі 337 параў цягнікоў рэгіянальных лініяў эканом-клясы і 35 параў цягнікоў гарадзкіх лініяў. Празь Беларускую чыгунку праходзіла па 5 параў цягнікоў між Расеяй і краінамі Эўразьвязу ды між Расеяй і Калініградзкай вобласьцю, а таксама па 1 пары цягнікоў між Малдовай і Расеяй ды між Расеяй і Ўкраінай. Беларуская чыгунка ўтварала 6 міжнародных цягнікоў, зь якіх 5 у сувязі з Расеяй і 1 са сталіцай Украіны. Квіткі прадавалі па аплатных картках праз АСК «Экспрэс-3» у 399 тэрміналах, што разьмяшчаліся на кожнай станцыі[6]. На 2019 год Беларуская чыгунка налічвала каля 12 000 км чыгуначных шляхоў, зь іх 7200 км галоўных, 12 400 стрэлачных пераводаў, 1903 масты і шляхаправоды, 1750 чыгуначных пераездаў. Звыш 96% працягласьці галоўных шляхоў паклалі на жалезабэтонныя шпалы. Рэйкавыя зьвязкі даўжынёй звыш 800 мэтраў выклалі на 63% працягласьці галоўных шляхоў. Рамонт чыгункі забясьпечвалі 20 дыстанцыяў шляху, 6 дыстанцыяў ахоўных лесанасаджэньняў, 7 шляхавых машынных станцыяў, рэйказварачны цягнік і досьледны завод шляхавых машынаў. За 2018 год на Беларускай чыгунцы аднавілі звыш 180 км і адрамантавалі звыш 350 км чыгуначкі, замянілі каля 400 стрэлачных пераводаў[7]. Утрыманьне ў спраўным стане чыгуначнай аўтаматыкі забясьпечвалі 13 дыстанцыяў сыгналізацыі і сувязі. У электрычную цэнтралізацыю ўлучылі 99% стрэлак і сыгналаў на станцыях. Інтэрвальнымі рэгуляратарамі руху цягнікоў на перагонах абсталявалі звыш 99% працягласьці чыгункі. Таксама чыгунку абсталявалі прыладамі цеплавога кантролю, якія вызначаюць няспраўныя вагоны. Кожны ўчастак чыгункі аснасьцілі прыладамі цягніковай радыёсувязі[8]. Сярод 17 лякаматыўных дэпо рамонтныя вытворчасьці месьціліся ў 9: Баранавічы, Берасьце, Ваўкавыск, Віцебск, Ворша, Гомель, Жлобін, Ліда і Маладэчна[9]. У 12 вагонных дэпо рамантавалі грузавыя вагоны каляіны 1520 мм. На 2 прамывачна-прапарачных станцыях рыхтавалі вагоны-цыстэрны да перавозкі[10]. Гаспадарка электразабесьпячэньня наймала 1586 супрацоўнікаў і ўлучала чыгуначную электратэхнічную лябараторыю, 16 цягавых падстанцыяў і 7 дыстанцыяў: Аршанскую, Баранавіцкую, Берасьцейскую, Віцебскую, Гомельскую, Магілёўскую і Менскую. Пагатоў Віцебская і Гомельская дыстанцыі абслугоўвалі неэлектрыфікаваныя ўчасткі чыгункі. Таксама працавалі 22 раёны кантактнай сеткі і 18 раёнаў электразабесьпячэньня (энэргетыкі). Сярод выкарыстоўваных электрыфікаваных участкаў чыгункі працягласьцю 897,2 км (16% агульнай працягласьці) на пераменным току працавала 870,6 км (97%), на пастаянным — 26,6 км. Напруга пераменнага току складала 27,5 кілявольт і 2х25 кілявольт, пастаяннага — 3,3 кілявольт. Даўжыня кантактнай сеткі складала 2624,3 км, паветраных лініяў напругай 6-10 кілявольт — 7913,5 км, кабэльных лініяў — 1343 км[11].

Аўтадарогі рэдагаваць

 
Асноўныя аўтадарогі Беларусі (2008 год)
Асноўны артыкул: Аўтамабільныя дарогі Беларусі

У Беларусі правабаковы аўтадарожны рух. На 2019 год хуткасьць руху па аўтамагістралях абмяжоўвалася 110 км/гадз. Дарожныя знакі мелі надпісы на кірыліцы. Каля буйных дарожных разьвязак выкарыстоўвалася і лацінка. Ад 1 жніўня 2013 году запусьцілі электронны партал «БелТол» для збору платы за праезд па вызначаных аўтадарогах, працягласьць якіх на 2019 год складала 1 726 км. Платнай была аўтамагістраль М1 працягласьцю 610 км ад пункту пропуску Казловічы ў Берасьцейскім раёне да Менску і далей да вёскі Рэдзькі Дубровенскага раёну на мяжы з Расеяй. Платнымі былі і ўчасткі яшчэ 6 аўтамагістраляў: М2 Менск — Нацыянальны аэрапорт «Менск», М3 Менск — Віцебск, М4 Менск — Магілёў, М5 Менск — Гомель, М6 Менск — Горадня — Брузгі (на мяжы з Польшчай) і М7 Менск — АшмяныКаменны Лог (на мяжы зь Летувой). Таксама аплаце падлягаў пад’езд да пункту пропуску Бераставіца на мяжы з Польшчай ад рэспубліканскай аўтадарогі Р99 і праезд па ўчастках 5 рэспубліканскіх аўтадарог: Р1 Менск — Койданаў, Р21 Віцебск — Лёзна на мяжы з Расеяй, Р23 Менск — Мікашэвічы ў Лунінецкім раёне, Р28 Менск — Маладэчна — Нарач у Вялейскім раёне і Р99 Баранавічы — ВаўкавыскПагранічны — Горадня. Плату зьбіралі праз бартавы кампутар з кіроўцаў усіх аўтобусаў і грузавікоў вагой звыш 3,5 тоны, а таксама з кіроўцаў легкавікоў і мікрааўтобусаў вагой да 3,5 тоны, што стаялі на ўліку ў краінах па-за межамі Мытнага зьвязу ЭАЭЗ. У залежнасьці ад вагі і ліку восяў расцэнка на праезд складала ад 4 да 14,5 эўрацэнтаў за км[12].

Паветраныя перавозкі рэдагаваць

Асноўны артыкул: Менск (нацыянальны аэрапорт)

На 2019 год большасьць падарожнікаў прылятала ў Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт «Менск», разьмешчаны за 30 км на ўсход ад Менску ў Смалявіцкім раёне. На дзялянцы лётнішча працавалі банкі, страўні і крамы. «Белавія» прапаноўвала рэгулярныя палёты ў 4 гарады Азіі — Абу Дабі (ААЭ), Нур-Султан (Казахстан), Тбілісі (Грузія) і Тэль-Авіў (Ізраіль), а таксама ў 12 гарадоў 10 краінаў Эўропы — Амстэрдам (Нідэрлянды), Барсэлёну (Гішпанія), Бэрлін і Франкфурт-на-Майне (Нямеччына), Варшаву (Польшча), Вену (Аўстрыя), Кіеў (Украіна), Лёндан (Вялікабрытанія), Маскву і Санкт-Пецярбург (Расея), Рыгу (Латвія) і Рым (Італія). Найбольшымі сярод замежных былі перавозчыкі з 2 краінаў Азіі — «Этыхад Эйрвэйз» (ААЭ) і «Эйр Чайна» (Кітай), а таксама з 5 краінаў Эўропы — «Аэрафлёт» (Расея), «Люфтганза» (Нямеччына), «Аўстрыйскія авіялініі» (Аўстрыя), «Лёт» (Польшча) і «Эйр Балтык» (Латвія). Лётнішча зь Менскам зьвязвалі: 1) аўтобусы, якія хадзілі штогадзіну, 2) цягнік, 3) таксі цаной каля 25 эўра, 4) легкавік напракат у зале прыбыцьця[12].

Мінуўшчына рэдагаваць

У Старажытнасьці жыхары Беларусі выкарыстоўвалі водныя шляхі для абмену таварамі з жыхарамі Прыбалтыкі, Прычарнамор’я і Прыкасьпія. Па рацэ Буг гандлявамі з Польшчай[13]. З IX стагодзьдзя празь землі Беларусі пралёг шлях з варагаў у грэкі, што прывёў да пашырэньня сеткі шляхоў зносінаў праз валокі[1]. У 1386 годзе між Вільняй і Кракавам пралёг Каралеўскі тракт, які ішоў праз Горадню і Берасьце. Каралеўскі тракт праіснаваў у такім выглядзе да 1611 году[14]. Для вывазу драўніны пабудавалі Агінскі канал (1783), Бярэзінскую водную сыстэму (1805), Аўгустоўскі (1839) і Дняпроўска-Бужанскі каналы (1848). У 1850 годзе параход «Вісла» пачаў рэгулярныя рэйсы між Пінскам (Менская губэрня) і Крамянчугом (Палтаўская губэрня), з чаго пачалося паравое суднаходзтва па Дняпры і Прыпяці[13].

У сьнежні 1862 году здалі першую ў Беларусі чыгунку даўжынёй 30 км між Парэччам і Горадняй, што была часткай Пецярбурска-Варшаўскай чыгункі. У 1866 году адчынілі чыгунку між Бігосавам (цяпер Дзісенскі раён) і Віцебскам, што склала аснову Дзьвінска-Віцебскай чыгункі[15]. У лістападзе 1871 году здалі чыгуначную магістраль Смаленск—Менск—Берасьце[16]. У 1874 годзе запрацавала чыгунка між Вялейкай і Гомелем (Магілёўская губэрня), што ўваходзіла ў склад Лібава-Роменскай чыгункі[15]. Пазьней стварылі Палескую чыгунку. У 1892 годзе ў Менску пачала дзейнічаць конка. У 1898 годзе пусьцілі Віцебскі трамвай, які стаў першым электрыфікаваным агульнагарадзкім відам перавозак у Беларусі[1]. У 1905 годзе для лесасплаву выкарысталі 9890 км каналаў і рэк, даўжыня суднаходных шляхоў склала 4403 км[13].

У 1913 годзе працягласьць чыгункі ў Беларусі склала 3800 км, аўтадарог — 3500 км[15]. Шчыльнасьць чыгуначнай сеткі Беларусі складала 23,5 км на км², суднаходных рэк — 14,2 км на км², што істотна перавышала сярэднія паказьнікі эўрапейскай часткі Расейскай імпэрыі. У 1913 годзе на чыгунку прыпала 80% перавозак Беларусі. Вываз перавышаў увоз. Транзытныя грузы складалі звыш 50% грузаперавозак чыгункай. З 1924 году зьявіўся Менскі аўтобус[1]. У 1920—1930-я гады ў Беларускай ССР пабудавалі чыгункі Ўнеча—Крычаў—Ворша—Лепель і Крычаў—Магілёў—Асіпавічы—Слуцак—Баранавічы[16]. У 1933 годзе пачала дзейнічаць першая ў Беларусі паветраная лінія перавозак Менск—ГлускПарычыМазыр[15]. З 1934 году ў Менску зьявілася таксі[1]. У 1940 годзе на 3700 км суднаходных шляхоў працавала 229 несамаходных і 103 самаходныя караблі[13]. У 1952-м стварылі Менскі тралейбус[1]. У 1960 годзе ўвялі газаправод «Дашава—Менск», які запачаткаваў трубаправодны від шляхоў зносінаў у Беларусі[15]. У 1966 годзе на электрацягу перавялі ўчастак Менск—Маладэчна, у 1973-м — Менск—Асіпавічы, у 1974-м — Менск—Барысаў, у 1975-м — Менск—Стоўпцы[16]. У 1978 годзе пабудавалі суднаходны канал ад Прыпяці да камбіната нярудных матэрыялаў «Мікашэвічы» ў Лунінецкім раёне (Берасьцейская вобласьць)[13]. У 1984 годзе запусьцілі Менскі мэтрапалітэн[1].

Шляхі зносінаў Беларусі (км)[17]
Год Аўтадарогі зь цьвёрдым пакрыцьцём Чыгунка Водныя шляхі Паветраныя лініі
1913 3500 3810 2300
1940  11 200  5740  3700 3000
1960  14 600  5380  3800  9200
1980  34 500  5510  3900
1990  46 300  5570  2900
1995  51 500  5580  2000

На пачатак 1993 году шляхі зносінаў Беларусі складалі 17% асноўных вытворчых фондаў краіны і давалі 6,1% вытворчасьці нацыянальнага даходу. У 1993 годзе перавозкі без трубаправодаў склалі 717,3 млн тонаў грузаў і 1885,1 паяжджанаў. На Беларускую чыгунку прыпадала 72,2% грузаабароту і 54,6% пасажыраабароту. Міністэрства транспарту і камунікацыяў Рэспублікі Беларусь кіравала астатнімі відамі шляхоў зносінаў і перавозак. Асноўныя грузапатокі чыгункай праходзілі па 4 напрамках: 1) Ворша—Менск—Берасьце, 2) Гомель—Менск—Маладэчна, 3) КаленкавічыЖлобін—Ворша—Віцебск, 4) ЛунінецБаранавічыЛідаБеняконі. Вываз і ўвоз грузаў пераважна праводзілі праз 5 памежных станцыяў на захадзе Беларусі: Берасьце, Горадня, Бераставіца, Сьвіслач і Высока-Літоўск. Налічвалася 9 асноўных вузлоў грузапатокаў: Менск, Полацак, Віцебск, Салігорск, Берасьце, Гомель, Магілёў, Ворша і Баранавічы[1]. У 1994 годзе ў Беларусі налічвалася 708 000 легкавых аўтамабіляў, 230 000 грузавікоў і 33 000 аўтобусаў. У 111 гарадах Беларусі дзейнічала 3450 унутрыкраёвых і 80 міжнародных аўтобусных лініяў, 105 аўтастанцыяў і 37 аўтавакзалаў[18]. На пачатак 1996 году ў абсягу пасажыраперавозак на аўтобусы прыпадала 90,3%, на аўтамабілі прыпадала 25,5% грузаперавозак. Паветраныя перавозкі склалі 5% пасажыраабароту, рачныя — 0,01% пасажыраабароту і 0,75% грузаабароту[1]. У 1999 годзе здалі першы ўчастак газаправоду «Ямал-Эўропа» працягласьцю 209 км. У 2001 годзе на трубаправоды прыпала 58% грузаабароту Беларусі[19]. У 2001 годзе транспартная сыстэма Беларусі ўлучала 74 400 км аўтадарог, зь іх 66 300 км (89%) зь цьвёрдым пакрыцьцём, 6700 км магістральных газаправодаў і 5533 км чыгункі, зь іх 894 км (16%) электрыфікаваных, 2861 км нафтаправодаў і 1200 км нафтапрадуктаправодаў, 467 км тралейбусных і 99 км трамвайных лініяў, 24 км Менскага мэтрапалітэну, некалькі сотняў чыгуначных станцыяў і аўтавакзалаў. У 2001 годзе перавозкі склалі 9,5% сукупнага ўнутранага прадукту Беларусі[15].

Грузаперавозкі Беларусі (млн тонаў*км)[20]
Год Трубаправодныя Чыгуначныя Аўтамабільныя Паветраныя Рачныя
1960 27 142 2939 8 1137
1970  50 088  8133  35  1224
1980  66 264  16 806  38  1916
1985[21]  73 243  17 737  44  2242
1990  75 430  22 361  38  1805
1995  25 510  9 539  60  133
2001 53 864,1  29 726,5  8 712,6  28,4
Пасажыраперавозкі Беларусі (млн паяжджанін*км)
Шляхі зносінаў 1985 год 1990 год 1995 год 2001 год
Чыгуначныя 13 761 16 852 12 505 15 263,9
Аўтобусныя 16 349 19 787 9308 9493,4
Тралейбусныя 1723 2651,6
Менскі мэтрапалітэн 688 1775,3
Паветраныя 3311 5510 1228 546,2
Трамвайныя 407 543,3
Рачныя 46 30 2 1,9

У 2012 годзе доля аўтамабіляў у грузаперавозках Беларусі склала 51%. У краіне налічвалася звыш 120 000 грузавікоў ва ўласнасьці прадпрыемстваў і каля 4500 у падведамасных установах Міністэрства транспарту і камунікацыяў Рэспублікі Беларусь. Звыш 15 000 аўтобусаў перавезьлі каля 1,5 млрд паяжджанаў. На кастрычнік 2013 году сетка аўтадарог Беларусі агульнага карыстаньня складала звыш 86 000 км, зь якіх каля 15 500 км (18%) былі рэспубліканскімі[22]. Празь Беларусь праходзіла 56 міжнародных паветраных шляхоў працягласьцю каля 25 400 км[23]. За 2010—2015 гады лік штодзённых палётаў празь Беларусь вырас з 500 да 2000. Пагатоў, у выхадныя іх лік дасягаў 2500[24].

Глядзіце таксама рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в г д е ё ж з Валер Маеўскі, Сяргей Сідор. Беларусь (Транспарт) // Беларуская энцыкляпэдыя / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 3. — С. 35-36. — 511 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0068-4
  2. ^ Транспарт Беларусі // Belarus.by, 2019 г. Праверана 30 кастрычніка 2019 г.
  3. ^ Карпаратыўны // Беларуская чыгунка, 2019 г. Праверана 30 кастрычніка 2019 г.
  4. ^ Тэхнічная характарыстыка // Беларуская чыгунка, 2019 г. Праверана 30 кастрычніка 2019 г.
  5. ^ Грузавыя перавозкі // Беларуская чыгунка, 2019 г. Праверана 30 кастрычніка 2019 г.
  6. ^ Пасажырскія перавозкі // Беларуская чыгунка, 2019 г. Праверана 30 кастрычніка 2019 г.
  7. ^ Шлях і шляхавая гаспадарка // Беларуская чыгунка, 2019 г. Праверана 30 кастрычніка 2019 г.
  8. ^ Сыгналізацыя і сувязь // Беларуская чыгунка, 2019 г. Праверана 30 кастрычніка 2019 г.
  9. ^ Лякаматыўная гаспадарка // Беларуская чыгунка, 2019 г. Праверана 30 кастрычніка 2019 г.
  10. ^ Вагонная гаспадарка // Беларуская чыгунка, 2019 г. Праверана 30 кастрычніка 2019 г.
  11. ^ Электрыфікацыя і электразабесьпячэньне // Беларуская чыгунка, 2019 г. Праверана 30 кастрычніка 2019 г.
  12. ^ а б Як прыехаць у Беларусь // Belarus.by, 2019 г. Праверана 30 кастрычніка 2019 г.
  13. ^ а б в г д Рачны транспарт // Беларуская энцыкляпэдыя / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 13. — С. 384-385. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0216-4
  14. ^ Удзельнікі незвычайнага падарожжа пройдуць «ягелонскім шляхам» праз Беларусь // Газэта «Турызм і адпачынак», 28 траўня 2012 г. Праверана 22 лістапада 2019 г.
  15. ^ а б в г д е Транспарт // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 15. — С. 508. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2
  16. ^ а б в Пётар Рогач. Чыгуначны транспарт // Беларуская энцыкляпэдыя / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 17. — С. 299. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0279-2
  17. ^ Табліца 15. Разьвіцьцё шляхоў зносін Беларусі // Беларуская энцыкляпэдыя / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 3. — С. 35. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2
  18. ^ В.С. Міленькі. Аўтамабільны транспарт // Беларуская энцыкляпэдыя / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 2. — С. 112. — 480 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0061-7
  19. ^ Мікалай Кунцэвіч, Леў Несьцераў. Трубаправодны транспарт // Беларуская энцыкляпэдыя / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 15. — С. 532. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2
  20. ^ Табліца 16. Грузавыя і пасажырскія перавозкі асобных відаў транспарту Беларусі // Беларуская энцыкляпэдыя / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 3. — С. 36. — 511 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0068-4
  21. ^ Грузавыя і пасажырскія перавозкі асобнымі відамі транспарту Беларусі (табліца) // Беларуская энцыкляпэдыя / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 15. — С. 509. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2
  22. ^ Сьвятлана Барысенка. Перавозіцца мільярд // Зьвязда : газэта. — 26 кастрычніка 2013. — № 203 (27568). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  23. ^ Цытата дня: Уладзімер Косьцін // Зьвязда. — 31 кастрычніка 2013. — № 206 (27571). — С. 1.
  24. ^ Вераніка Канюта. Паветраная варта // Плацдарм. — 25 сакавіка 2015. — № 3 (43). — С. 3, 4.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць