Ту́раў — места ў Беларусі, на рацэ Прыпяці. Уваходзіць у склад Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2016 год — 2795 чалавек[2]. Знаходзіцца за 25 км на паўночны захад ад места і чыгуначнай станцыі Жыткавічаў. Аўтамабільныя дарогі на Давыд-Гарадок, Жыткавічы, Лельчыцы. Рачная прыстань.

Тураў
трансьліт. Turaŭ
Помнік Кірылу Тураўскаму на Замчышчы
Помнік Кірылу Тураўскаму на Замчышчы
Coat of Arms of Turaŭ, Belarus.svg Flag of Turaw, Belarus.svg
Герб Турава Сьцяг Турава
Першыя згадкі: 980
Горад з: 2004
Магдэбурскае права:  ?[1]
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Жыткавіцкі
Плошча: 5 46 029 квадратны кілямэтар км²
Насельніцтва
колькасьць: 2795 чал. (2016)[2]
шчыльнасьць:
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2353
Паштовы індэкс: 247980
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 52°4′9″ пн. ш. 27°44′10″ у. д. / 52.06917° пн. ш. 27.73611° у. д. / 52.06917; 27.73611Каардынаты: 52°4′9″ пн. ш. 27°44′10″ у. д. / 52.06917° пн. ш. 27.73611° у. д. / 52.06917; 27.73611
Тураў на мапе Беларусі ±
Тураў
Тураў
Тураў
Тураў
Тураў
Тураў
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Тураў — найстарэйшы горад дрыгавічоў і сталіца адной зь першых дзяржаваў на беларускай этнічнай тэрыторыі. Места гістарычнай Піншчыны (частка Берасьцейшчыны, на захадзе Палесься), колішняя сталіца графства і старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захавалася Замчышча, помнік археалёгіі XII ст., а таксама драўляная царква Ўсіх Сьвятых, помнік архітэктуры XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася мураваная абарончая вежа, помнік архітэктуры XIII ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі.

Зьмест

НазваРэдагаваць

У наш час існуе два найбольш вядомыя тлумачэньні паходжаньня тапоніму «Тураў». Першае зьвязвае назву паселішча з імем вараскага князя Тура, які лічыцца ягоным заснавальнікам[3] і ўпамінаецца ў «Аповесьці мінулых часоў» пад 980 годам. Зрэшты, гэта адзіная летапісная згадка пра «заморскага» Тура (Туры) як заснавальніка і першага ўладара гораду[4]. У 1880 годзе япіскап менскі і тураўскі Яўгені ў «Нарысе гісторыі Турава», прыкладзеным да выданьня твораў Кірылы Тураўскага, пісаў, што ў народнай гаворцы «які-небудзь Турдаў, Турбенд і інш. мог называцца і проста Тур[5]». Таксама ён зазначыў, што існаваньне імя Тур у пэўных сфэрах усходнеславянскага грамадзтва пацьвярджаецца, відаць, назвай царквы Турава бажніца ў старажытным Кіеве, якая ўпамінаецца ў летапісе пад 1146 годам[5].

Другое пашыранае тлумачэньне найменьня Тураў узыходзіць да назвы дзікага быка тура. Так, этнограф Павал Шпілеўскі лічыў, што летапіснае сьцьверджаньне пра нейкага заморскага Тура (Туры) як заснавальніка і першага гаспадара Турава — даніна народнай легендзе[4]. Сваю думку дасьледнік даводзіў наступным чынам: «па-першае, мы сустракаем масу назваў сёлаў, вёсак, рэк, палёў, урочышчаў і г. д. з коранем „тур“ на ўсёй прасторы славянскіх пасяленьняў, і выводзіць гэтыя назвы не ад славянскага, а ад вараскага кораня — неверагодна; па-другое, у землях дрыгавічоў было мноства тураў, на якіх палявалі кіеўскія князі, напр., Уладзімер Манамах…»[6].

Як адзначаюць А. Крывіцкі і М. Саскевіч, назву «тур» фіксуюць старажытныя пісьмовыя помнікі (напрыклад, буй-тур Усевалада ў «Слове аб палку Ігаравым»), у паўднёвых і заходніх славян захаваліся ўтварэньні ад гэтае назвы сярод найменьняў жывёл, расьлінаў, у тапаніміцы, у асобных песьнях, былінах і інш. Тым ня менш, дасьледнікі лічаць гэтую гіпотэзу «занадта спрошчанай і гістарычнай слаба матываванай»[6].

Аляксандар Крывіцкі і Мікалай Саскевіч выводзяць назву паселішча ад зарослай цяпер пратокі ад Прыпяці ў в. Пагост, разьмешчанай непадалёк ад утоку ў Прыпяць ракі Сьцьвіга. Дасьледнікі адзначаюць, што паводле ўспамінаў старэйшых жыхароў памянёнай вёскі, яшчэ ў даваенныя часы Тур была досыць шырокай і дастаткова глыбокай пратокай, якая была часткаю гаспадарскае воднае сыстэмы Пагоста: пратока была важнаю прыстаньню на Прыпяці і Сьцьвізе адначасна, асабліва пры сплаве лесу. Старажытная пратока Тур мела асаблівае значэньне для падтрыманьня комплексу жыльлёвых, гаспадарчых, абарончых, абрадавых і іншых групаў збудаваньняў тагачасных насельнікаў Турава праз разгалінаваную водную сыстэму. На думку дасьледнікаў, такое гідранімічнае паходжаньне назвы зьяўляецца «больш блізкім да рэальных падзеяў таго часу» і родніць Тураў з паўночным Полацкам[7].

Існуюць таксама і менш вядомыя тлумачэньні найменьня Тураў. Некаторыя выводзяць гэтую назву ад слова «тура́» (тур) — «вежа», іншыя мяркуюць, што на месцы, дзе ўзьнік Тураў, у язычніцкай старажытнасьці было капішча — месца пакланеньня нейкаму паважанаму ідалу-заступніку Туру[8]. Аднак наяўнасьць асобнага славянскага божышча пад гэтаю назваю А. Прохараў лічыць «не зусім абгрунтаванаю»[9].

Таксама існуе і іншая мясцовая легенда пра паходжаньне Турава: у часе набегаў нейкіх «туркаў» адзін зь іх, перабіраючыся па тонкім лёдзе на кані недзе там, дзе потым паўстаў Тураў, праваліўся пад лёд і ўтапіўся (паводле іншай вэрсіі — толькі згубіў сваю багатую шапку), аднак, на думку А. Крывіцкага і М. Саскевіча, гэта адвольны народны жарт, пабудаваны на сугуччы найменьня «Тур» і слова «турак»[10].

ГісторыяРэдагаваць

Тураўскае княстваРэдагаваць

 
Панарама места. Н. Орда, 1875 г.

Першы пісьмовы ўпамін пра Тураў зьмяшчаецца ў «Аповесьці мінулых часоў» і датуецца 980 годам: «бе бо Рогволод перешел из заморья имяше волость свою Полотьске, а Тур Турове, от него же Туровици прозвашаяся»[a].

Старажытны горад узьнік на сутоках рэк Язды і Струменя, прытокаў Прыпяці, якая ў сваю чаргу ўпадае ў Дняпро, а ён — у Чорнае мора. Гэты рачны шлях здаўна быў вядомы вікінгам, якія актыўна карысталіся ім для гандлю з Канстантынопалем.

Першым вядомым тураўскім князем быў Сьвятаполк, сын кіеўскага князя Ўладзімера, пад чыёй уладай знаходзілася Русь, у тым ліку і Тураўскае княства. Сьвятаполк заняў тураўскі сталец у 988 годзе. Неўзабаве ў 1005 годзе ўтварылася Тураўскае біскупства.

XII—XIII стагодзьдзі — час росквіту Турава. Горад меў магутную лінію ўмацаваньняў. У той час тут было каля 40 (паводле паданьняў — 75—80) цэркваў і манастыроў. Сярод іх былі прынамсі, дзьве саборныя цэрквы: Прачыстай Багародзіцы і Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла. Існавалі прынамсі, два, а магчыма, што тры манастыры: Мікольскі мужчынскі, жаночы сьвятой вялікамучаніцы Варвары, япіскапскі Барысаглебскі (першы ўпамін у сярэдзіне ХІІ ст.). Магчымае, але малаімавернае існаваньне саборнай царквы Сьвятой Соф'і[11]. У канцы XIII ст. у Тураве збудавалі мураваную абарончую вежу (разабраная ў XIX ст.). У гэтыя часы ў горадзе жыў вядомы асьветнік Кірыла Тураўскі. У 1158 годзе Тураў вытрымаў дзесяцітыднёвую аблогу паўднёварускіх князёў і такім чынам атрымаў незалежнасьць ад Кіева[12], а ў 1160 годзе — трохтыднёвую аблогу валынскіх князёў. Узімку 1241 году горад поўнасьцю зруйнавалі мангола-татары. Менавіта тады, як сьведчыць паданьне, быў закіданы немаўлятамі славуты калодзеж Тура, па чым на працягу сямі гадоў зь яго струменіла жаночае малако.

Пэрыяд дабрабыту скончыўся ў выніку некалькіх фэўдальных канфліктаў, а па тым як рачны гандлёвы шлях страціў сваю актуальнасьць (Эўропа і Бізантыя былі зьвязаныя ў абыход Кіева) Тураў страціў асноўную сваю прывабнасьць.

Тураўскае княства ў пэрыяд фэўдальнай раздробленасьці падзялілася на некалькі ўдзельных княстваў — Тураўскае, Пінскае, Слуцкае, Клецкае і іншыя — і страціла сваё значэньне. У гэты час хутка рос Пінск, які апярэджваў у сваім гаспадарчым разьвіцьці Тураў.

Вялікае Княства ЛітоўскаеРэдагаваць

У XII—XIV стагодзьдзях пачалося аб’яднаньне абшараў колішніх Полацкага, Тураўска-Пінскага і Смаленскага княстваў вакол Наваградку. Далучэньне Турава да Вялікага Княства Літоўскага адбылося ў 1320-я гады. У першай траціне XIV ст. спынілася старажытная дынастыя тураўскіх князёў, у выніку чаго места перайшло да вялікіх князёў літоўскіх (у 1430 годзе — у валоданьні вялікага князя Сьвідрыгайлы Альгердавіча). З XV ст. Тураў знаходзіўся ў складзе Троцкага ваяводзтва і належаў князям Глінскім.

З канца XV ст. крымскія татары неаднойчы ўчынялі рабаўнічыя набегі на тэрыторыю сучаснай Беларусі. У 1497 годзе яны забілі непадалёку ад Мазыру мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі Макарыя. У час вайны 1500—1503 гадоў з Маскоўскай дзяржавай Іван III неаднаразова інструктаваў Менглі-Гірэя, каб крымскія загоны накіроўваліся ў бок Слуцку, Турава, Пінску з мэтай аслабіць усходнія межы Вялікага Княства Літоўскага. Карыстаючыся тым, што асноўныя сілы Вялікага Княства ваявалі ў гэты час з Масквой, крымчакі неаднаразова спусташалі літоўскія землі. Увосень 1502 году яны перайшлі Прыпяць і пачалі рабаваць ваколіцы Турава і Пінску. Славуты слуцкі князь Сямён Алелькавіч перахапіў крымчакоў за 6 міль ад Бабруйску і ўшчэнт разьбіў іх, вызваліўшы вялікі палон.

У 1507 годзе фэўдалы, якія шукалі хаўрусу з Масквой і нярэдка адкрыта пераходзілі на бок Маскоўскай дзяржавы, узьнялі паўстаньне пад кіраўніцтвам Міхала Глінскага. Аднак у 1508 годзе паўстаньне пацярпела паразу. Па тым, як М. Глінскі зьбег у Маскоўскае княства, Тураў перайшоў да Канстантына Астроскага, які заняўся ягоным узнаўленьнем. У 1521 годзе места паўторна разбурылі татары, і Астроскія мусілі яшчэ раз будаваць на Замкавай гары ўмацаваны замак — апошні, рэшткі якога захаваліся да XIX ст. і апісваліся вядомым падарожнікам Паўлам Шпілеўскім. Астроскія кіравалі Туравам больш за стагодзьдзе (з 1508 да 1621 году), пакуль яго не аддалі ў якасьці выкупу за княжну з роду Сапегаў.

У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў Тураў увайшоў у склад Пінскага павету Берасьцейскага ваяводзтва. У гэты час места складалася з асноўнай часткі і двух прадмесьцяў — Заяцэльля і Запясочча.

 
Панарама паводле Н. Орды, 1882 г.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія захопнікі некалькі разоў спусташалі Тураў. Масква ажыцьцяўляла свае даўнія пляны захапіць Літву і распачала крывавую вайну, якая забрала больш за палову насельніцтва Вялікага Княства. У ліпені 1654 году казакі, наляцеўшы на вёскі і мястэчкі Тураўшчыны, «сялян мучылі, насьмерць забівалі, маёмасьць іх усю забіралі, іншыя вёскі агнём палілі…» Пазьней сюды прыходзіў казацкі полк нейкага Грышкі Чорнага. Казакі зьяўляліся тут і разам з маскоўскімі ратнікамі. У верасьні 1654 году на Тураўскую і Сьмядынскую (ніжэй плыньню Прыпяці) воласьці напала маскоўскае войска. Паводле заявы тураўскага падстаросты Хведара Ляўковіча, чужынцы «ня толькі ў дамах сялянскіх што змаглі адшукаць забралі, але, сялян у лясах знаходзячы, некаторых насьмерць пазамучвалі…» 24 верасьня яны «да апошняй халупы» спалілі вёскі Верасьніцу, Букчу, Глінную, Храпін, Колкі, і спустошылі дзясяткі іншых. Забіралі ўсё да драбніцы. У Астражанцы і Сьмядыні замардавалі нават папоў, у Гліннай сьвятога айца расстралялі, а недамучаных людзей жывых засыпалі зямлёй. Целы мерцьвякоў выкідвалі з дамавінаў. Урэшце, пагаспадарыўшы ў апусьцелым Тураве, захопнікі пакінулі яго, а мяшчанам, якія паразьбягаліся, ды ўсёй воласьці сказалі вяртацца ў места, запэўніўшы, што чапаць іх ня будуць. Аднак 30 кастрычніка, калі людзі вярнуліся, на іх накінулася варожае войска. Хапалі ўсё ў хатах, рынкавых каморах, а найбольш — «вымучвалі» ў жыхароў грошы. Некалькі чалавек пры гэтым забілі. Вялізны статак кароў (за 6 тысячаў) быў адагнаны ва Ўкраіну[13]. Неўзабаве войска Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю Януша Радзівіла вызваліла Тураў. Па выгнаньні маскоўскіх захопнікаў у Тураве засталося толькі 111 дымоў, тады як у 1648 годзе іх было 401[14].

У XVIII ст. Тураўскі маёнтак зваўся графствам, хоць ягоныя ўладальнікі не былі графамі. Паводле зьвестак за 1790 год, у Тураве было 497 дымоў[14].

Пад уладай Расейскай імпэрыіРэдагаваць

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Тураў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. Часткай Тураўскага маёнтку ў гэты час валодаў граф, маршалак Галоўнага Літоўскага трыбуналу Іван Салагуб. Другую частку, якая належала дзяржаве, расейскія ўлады перадалі як узнагароду за шчырую службу генэралу Селябіну. У Тураве ў той час налічвалася каля пяцісот будынкаў, было сем цэркваў і сынагога. У 1793 годзе ангельская акцыянэрная кампанія Піта і Форстэра купіла ў Салагуба лясныя ўгодзьдзі і пачала па-драпежніцку секчы лес і адпраўляць яго Прыпяцьцю, Дняпром і Бугам за мяжу. Пра злачынства даведаліся ў Пецярбургу, і ў 1800 годзе выйшаў спэцыяльны ўказ імпэратара Паўла I, які прадпісаў ліквідаваць дамову і ўзяць маёнтак у дзяржаўны скарб.

 
Плян Турава (А. Крукоўскі, 1926 г.)

Згодна з імянным царскім ўказам ад 6 верасьня 1795 году ў краі пачала працаваць паштовая сувязь. Паштовая дарога прайшла ад Мазыру да Давыд-Гарадку праз Жыткавічы (8 коней, 4 паштальёны), Тураў (тое самае) і далей празь Ленін (тое самае).

Новыя беды і разбурэньні прынесла краю расейска-француская вайна. Ваенныя спусташэньні абязьлюджвалі цэлыя мясцовасьці. У 1812—1817 гадох насельніцтва Турава з прычыны голаду зьменшылася амаль на тры чвэрці. У 1834 годзе мястэчка пацярпела да пажару, у якім згарэла 5 цэркваў. Паўстаньне Кастуся Каліноўскага не ахапіла край, хоць хвалі яго, глухія зьвесткі пра змагароў за лепшую долю супраць іншаземных прыгнятальнікаў даходзілі і сюды. Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, у тутэйшых непраходных лясах і балотах хаваліся рэшткі разьбітага ў 1864 годзе войска паўстанцаў. У 1865 годзе ў Тураве выявілі старажытнае эвангельле.

На 1886 год у Тураве было 370 двароў, дзейнічалі 3 царквы, капліца, сынагога і 3 юдэйскія малітоўныя дамы. На 1892 год у мястэчку было каля 500 дамоў. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Тураве было 667 двароў, дзейнічалі 4 царквы, касьцёл, капліца і сынагога, працавалі пошта, фатаграфія, прыстань, цагельня, 2 хлебазапасныя магазыны, 50 крамаў і 4 карчмы, штогод праводзіўся 2 кірмашы. У аднайменным фальварку дзейнічаў паравы млын. На 1909 год — 675 двароў.

Найноўшы часРэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Тураў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[15].

У кастрычніку 1917 — лютым 1918 году ў Тураве ўсталявалася савецкая ўлада, у лютым 1918 — сьнежні 1918 году — нямецкія акупанты і гетманаўская ўлада, у сьнежні 1918 — жніўні 1919 году — зноў савецкая ўлада, з жніўня 1919 да 15 ліпеня 1920 году — польская ўлада. 18 ліпеня 1920 году ў месьце канчаткова замацаваліся саветы. На 1924 год тут было 856 двароў.

У 1924—1962 гадох Тураў быў цэнтрам раёну (з 1939 году — у складзе Мазырскай вобласьці). У 1926 годзе ў мястэчку жыло 5393 чалавекі (на тысячу жыхароў — 55 рамесьнікаў). Да 1939 году насельніцтва мястэчка ў выніку войнаў, масавых рэпрэсіяў павялічылася толькі на 46 чалавек. Згодна з указам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР ад 27 верасьня 1938 году, Тураў атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу.

У Другую сусьветную вайну ўлетку 1941 году яго захапілі нямецкія войскі, а ўжо ў кастрычніку пачало сваю дзейнасьць савецкае падпольле. 5 ліпеня 1944 году ў места ўвайшлі савецкія войскі. У 1962 годзе Тураўскі раён ліквідавалі, а само мястэчка ўвайшло ў склад Жыткавіцкага раёну.

3 жніўня 2004 году Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь надаў Тураву статус места. У верасьні таго ж году ў Тураве прайшлі Дні беларускага пісьменства. У наш час у Тураве ствараецца турыстычная інфраструктура, у 2008 годзе тут збудавалі новы гатэль. Адзінае прамысловае прадпрыемства, якое працуе на сёньня — кансэрвавы завод, што выпускае кансэрваваную гародніну і сокі. З 2011 году пачалося будаваньне малочнага заводу[16].

ГеаграфіяРэдагаваць

Паблізу Турава ёсьць азёры Аблуква, Галава і Плішчын, працякаюць рэкі Глушыца і Перадоль.

НасельніцтваРэдагаваць

ДэмаграфіяРэдагаваць

 
  • XIII стагодзьдзе: 1200-я гады — каля 6 тыс. чал.
  • XVII стагодзьдзе: 1648 год — 401 чал.; 1649 год — 3 тыс. чал.; 1667 год — 111 чал.
  • XVIII стагодзьдзе: 1793 год — 500 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1858 год — 2030 чал.[17]; 1866 год — 2662 чал.; 1892 год — да 2900 чал.[18]; 1897 год — 4297 чал.[19]
  • XX стагодзьдзе: 1909 год — 6435 чал.; 1923 год — 6217 чал.; 1924 год — 5264 чал.; 1926 год — 5393 чал.; 1933 год — 4,5 тыс. чал.; 1939 год — 5439 чал.; 2000 год — 3,5 тыс. чал.[20]
  • XXI стагодзьдзе: 2002 год — 3,2 тыс. чал.[21] 2003 год — 3,2 тыс. чал.; 2004 год — 3,2 тыс. чал.[22]; 2006 год — 3,1 тыс. чал.[23]; 2008 год — 3100 чал.; 2009 год — 2967 чал.[24] (перапіс); 2010 год — 2,9 тыс. чал.; 2011 год — 2846 чал.; 2016 год — 2795 чал.[2]

АдукацыяРэдагаваць

У Тураве працуюць 2 сярэднія і музычная школы, дашкольная ўстанова.

МэдыцынаРэдагаваць

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе местачковая лякарня.

КультураРэдагаваць

Дзейнічаюць 2 дамы культуры, 3 бібліятэкі.

Мас-мэдыяРэдагаваць

Выдаецца газэта «Вольныя навіны».

Турыстычная інфармацыяРэдагаваць

 
Уваход у Экалягічны музэй Прыпяцкага Нацыянальнага парку

ІнфраструктураРэдагаваць

Дзейнічаюць Тураўскі краязнаўчы музэй і Тураўскі музэй прыроды.

Выдатныя мясьціныРэдагаваць

  • Замчышча, дзе знаходзяцца рэшткі помніка дойлідзтва XII ст. — Тураўскай царквы, падмуркі якой выявіў М. Каргер у час археалягічных раскопак у 1962—1963 гадох. Сьцены царквы, складзеныя з плінфы, захаваліся на ўзроўні 0,3—0,5 м. /ны даюць паставу меркаваць пра яе архітэктуру: 6-слуповы 3-апсыдны аб'ём, апсыды ўпрыгожваюцца роўнымі пілястрамі, падлога — з паліваных плітак. Слупы ў сечыве крыжовыя, у паўднёва-заходняй частцы — круглая вежа зь вітымі ўсходамі.
  • Крыжы каменныя. Два зь іх, паводле легенды, прыплылі супраць плыні Прыпяці, трэці — «вырас зь Зямлі». Гэты крыж «расьце» на Барысаглебскіх могілках па дарозе на Давыд-Гарадок, два іншыя знаходзяцца ў Цэркве Ўсіх Сьвятых, збудаванай яшчэ ў 1810 годзе.
  • Могілкі: Барысаглебскія; юдэйскія
  • Помнік Кірылу Тураўскаму
  • Царква Ўсіх Сьвятых (1810)

Страчаная спадчынаРэдагаваць

  • Вежа (2-я палова XIII ст., зруйнаваная ў 1830 годзе) — фартыфікацыя Тураўскага замка, якая адносілася да тыпу валынскіх вежаў. Знаходзілася на дзядзінцы Замчышча (Замкавая гара). Узьведзеная ў з цэглы на вапнавай рашчыне, мела круглую форму. Унутраны дыямэтар — каля 11 м, падзялялася на некалькі баявых ярусаў
  • Гасьціны двор (XVIII ст., зруйнаваны ў XIX ст.). Стаяў на Рынку паблізу замка. Гэта быў прастакутны 2-павярховы будынак замкнёнай кампазыцыі з унутраным дваром і двухсхільным дахам. Ягоны памер — 43х21 м. На кожным паверсе знаходзілася 36 крам і 12 складзкіх памяшканьняў
  • Помнік Аляксандру II. На Красным пляцы ў гонар вызваленьня сялянаў ад прыгоннай залежнасьці ў 1870-я гады збудавалі помнік цару-«вызваліцелю» Аляксандру II, разбураны рэвалюцыйна настроенымі тураўлянамі, падбухторваемымі бальшавікамі, у 1918 годзе
  • Сынагога Вялікая (XIX ст.)
  • Царква Сьвятога Кірылы (1802)
  • Царква Сьвятога Міхала Арханёла
  • Царква Сьвятога Прарока Ільлі (1850)
  • Царква Сьвятога Спаса (1801)
  • Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла

У Тураве зацьвердзілася першая япіскапская катэдра ў Літве з часоў князя кіеўскага Ўладзімера. Места было цэнтрам праваслаўя ў Літве. У XVI ст. на Тураўшчыне налічвалася каля 80 цэркваў і два саборы. Практычна ўсе яны былі згубленыя ў час шматлікіх войнаў.

Краявід Прыпяці з боку места

АсобыРэдагаваць

ЗаўвагіРэдагаваць

  1. ^ ПСРЛ. Т. 1. — М., 1962. С. 76.

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ Малеч. Магдэбурскае права. // «Гістарычная брама» № 6 (10), 1998. Архіўная копія
  2. ^ а б в Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  3. ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 380.
  4. ^ а б Крывіцкі, А., Саскевіч, М. А імя яму Тураў… // Спадчына. — Менск: 1994. — № 2. — С. 28.
  5. ^ а б Кирилл еп. Творения Кирилла, епископа Туровского, с предварительным очерком истории Турова и туровской епархии до XIII века. Киев, 1880. 296 с.
  6. ^ а б Крывіцкі, А., Саскевіч, М. А імя яму Тураў… // Спадчына. — Менск: 1994. — № 2. — С. 29.
  7. ^ Крывіцкі, А., Саскевіч, М. А імя яму Тураў… // Спадчына. — Менск: 1994. — № 2. — С. 32—34.
  8. ^ Крывіцкі, А., Саскевіч, М. А імя яму Тураў… // Спадчына. — Менск: 1994. — № 2. — С. 30.
  9. ^ Прохараў, А. Тур // Беларуская міфалогія: Энцыклапед. слоўн. / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. — 2-ое выд., дап. — Менск.: Беларусь, 2006. С. 510.
  10. ^ Крывіцкі, А., Саскевіч, М. А імя яму Тураў… // Спадчына. — Менск: 1994. — № 2. — С. 31.
  11. ^ Мельнікаў А. А. З неапублікаванай спадчыны: Манаграфіі, артыкулы, вершы, матэрыялы навуковай канферэнцыі, успаміны сучаснікаў / Аляксей Мяльнікаў. — Менск: Выд-ва «Чатыры чвэрці», 2005. — 592 с.: іл. ISBN 985-6734-28-2
  12. ^ Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham— London, 1998. P. 208.
  13. ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
  14. ^ а б ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 676.
  15. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  16. ^ Старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік: «Дрэнных спецыялістаў не бывае» // Звязда.
  17. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004. С. 515.
  18. ^ Jelski A. Turów // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka. — Warszawa, 1892. S. 649—652.
  19. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004. С. 515.
  20. ^ Лысенка П., Скрыпчанка Т. Тураў // ЭГБ. Т. 6. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 540.
  21. ^ БЭ. Т. 16. — Менск, 2003. С. 36.
  22. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004. С. 513.
  23. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  24. ^ Перепись населения — 2009. Гомельская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь

ЛітаратураРэдагаваць

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць