Мы выйдзем шчыльнымі радамі

«Мы выйдзем шчыльнымі радамі», таксама вядомы як «Ваяцкі марш» — дзяржаўны гімн Беларускае Народнае Рэспублікі, песьня нацыянальна-вызвольнага змаганьня. Марш 1-е Слуцкае стралковае брыгады войскаў БНР у час Слуцкага збройнага чыну. Традыцыйна выконваецца разам зь беларускім духоўным гімнам «Магутны Божа»[1]. Адзін з нацыянальных сымбаляў беларусаў разам з гербам Пагоняй і бел-чырвона-белым сьцягам[2].

Мы выйдзем шчыльнымі радамі
Sheet Music - Vajacki marš.jpg
Аўтар словаў Макар Краўцоў, 30 кастрычніка 1919
Кампазытар Уладзімер Тэраўскі, 1919
Краіна Беларуская Народная Рэспубліка
Мы выйдзем шчыльнымі радамі ў Вікісховішчы
Гімны Беларусі
Pahonia. Пагоня (1672) (4).png Багародзіца (XIV—XVIII стагодзьдзі)
Пагоня Гімн БНР (1919)
Emblem of the Byelorussian SSR (1981-1991).svg Гімн БССР (1955—1991)
Пагоня Coat of arms of Belarus.svg Гімн Беларусі (1991—2002)
Coat of arms of Belarus.svg Мы, беларусы (з 2002 году)
Іншыя гімны:
Магутны Божа (духоўны гімн, 1943)
Беларуская Марсэльеза (рэвалюцыйная песьня, 1906)

ГісторыяРэдагаваць

Беларускі нацыянальна-вызвольны рухРэдагаваць

Аўтар тэксту гімну — Макар Касьцевіч (Краўцоў), які ўпершыню апублікаваў яго 30 кастрычніка 1919 году ў газэце «Беларусь» пад назваю «Ваяцкі марш». Адметнасьцю гэтай песьні сярод іншых беларускіх гімнаў стала апяваньне беларускага нацыянальнага сьцяга: «Штандар наш бел-чырвона-белы пакрыў сабой народны рух». Музыку да гімну напісаў Уладзімер Тэраўскі.

У якасьці гімну Беларускае Народнае Рэспублікі марш прынялі ў 1920 годзе[3]. Ён выкарыстоўваўся ў час Слуцкага збройнага чыну — абароны ад бальшавікоў тэрыторыі Случчыны 1-й Слуцкай стралковай брыгадай войскаў БНР увосень 1920 году. Слуцкі фронт БНР стаў рэальным вайсковым змаганьнем за незалежнасьць, а Слуцкая брыгада — увасабленьнем волі беларусаў да свае дзяржаўнасьці[2]. З гэтага часу «Ваяцкі марш» пачалі называць таксама «маршам Слуцкае брыгады»[4].

Неўзабаве «Ваяцкі марш» апярэдзіў іншыя песьні (прынамсі на непадкантрольнай бальшавікам беларускай тэрыторыі) у ролі нацыянальнага гімну[2]. У мадыфікаваным выглядзе ён атрымаў пашырэньне і ў Беларускай ССР: у «Беларускім сьпеўніку» Ўладзімера Тэраўскага (Менск, 1921)[5] радок «Штандарт наш бел-чырвона-белы» замянілі на «Свабодны сьцяг, штандарт чырвоны». Але ноты сьпеўніка набралі раней, бо выданьне рыхтавалася ў 1920 годзе сэкцыяй Беларускае вайсковае камісіі, таму ў друкарні на загад цэнзараў замалявалі згадку пра бел-чырвона-белы сьцяг чорнай фарбай[6]. У 1922 годзе гімн зьмясьцілі ў сьпеўніку «Беларускі лірнік», выдадзеным у Бэрліне на заказ і за грошы ўраду Савецкае Беларусі. Мадыфікаваны «Ваяцкі марш» бесьперашкодна выконваўся харавымі калектывамі БССР да канца 1920-х гадоў. Тым часам у міжваеннай Польскай Рэспубліцы гэты гімн трапіў пад негалосную забарону, дзе ўлады інтэрпрэтавалі яго як заклік да рэвалюцыі[7].

У час кульмінацыі сталінскіх рэпрэсіяў у 1938 годзе савецкія ўлады арыштавалі і забілі Ўладзімера Тэраўскага. Праз год, па далучэньні да БССР Заходняе Беларусі, Макара Краўцова закатавалі ў час допытаў у беластоцкай турме[4]. У Другую сусьветную вайну «Ваяцкі марш» у першай рэдакцыі стаў адным з гімнаў Саюзу беларускай моладзі[7].

Па вайне «Ваяцкі марш» актыўна выкарыстоўваўся арганізацыямі беларускае дыяспары, якія стаялі на незалежніцкіх пазыцыях. Яго прыняцьце як нацыянальнага гімну, апроч часу і абставінаў зьяўленьня, таксама абумовіла выяўленьне беларусаў як суб’ектаў актыўнага дзеяньня, якія бяруць свой лёс у свае рукі[2].

Рэспубліка БеларусьРэдагаваць

У 1991 годзе, па аднаўленьні незалежнасьці Беларусі, вылучаліся прапановы зрабіць «Ваяцкі марш» афіцыйным дзяржаўным гімнам, побач з аднаўленьнем беларускіх нацыянальных гербу Пагоні і бел-чырвона-белага сьцяга ў якасьці дзяржаўных сымбаляў. У прыватнасьці, з публічным зваротам наконт гэтага выступілі вядомыя літаратары Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч і Рыгор Барадулін[8].

З усталяваньнем у Беларусі прарасейскага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі марш выкарыстоўваецца ў асяродку беларускае дэмакратычнае апазыцыі і рэгулярна фігуруе сярод прапанаваных альтэрнатываў афіцыйнаму гімну[9].

ТэкстРэдагаваць

Мы выйдзем шчыльнымі радамі
(запіс кірыліцаю)
Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На вольны родны свой прастор.
Хай воля вечна будзе з намі,
А гвалту мы дамо адпор!
Няхай жыве магутны, сьмелы
Наш беларускі вольны дух.
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрый сабой народны рух.
На бой! За шчасьце і за волю
Народу слаўнага свайго!
Браты, цярпелі мы даволі,
На бой — усе да аднаго!
Імя і сілу беларуса
Няхай пачуе й убачыць той,
Хто сьмее нам нясьці прымусы
І першы выкліча на бой.
Браты, да шчасьця мы падходзім:
Хай гром грыміць яшчэ мацней!
У крывавых муках мы народзім
Жыцьцё Рэспублікі сваей!
My vyjdziem ščylnymi radami
(запіс лацінкаю)
My vyjdziem ščylnymi radami
Na volny rodny svoj prastor.
Chaj vola viečna budzie z nami,
A hvałtu my damo adpor!
Niachaj žyvie mahutny, śmieły
Naš biełaruski volny duch;
Štandar naš bieł-čyrvona-bieły,
Pakryj saboj narodny ruch!
Na boj! Za ščaście i za volu
Narodu słaŭnaha svajho!
Braty, ciarpieli my davoli.
Na boj! — Usie da adnaho!
Imia i siłu biełarusaŭ
Niachaj pačuje j ubačyć toj,
Chto śmieje nam niaści prymusy
I pieršy vykliča na boj.
Braty, da ščaścia my padchodzim:
Chaj hrom hrymić jašče macniej!
Ǔ kryvavych mukach my narodzim
Žyćcio Respubliki svajej!

Тэкст гімну зазнаў пэўныя аўтэнтычныя рэдакцыйныя зьмены ў параўнаньні зь першаўзорам 1919 году. Яго аўтар Макар Краўцоў (або ўжо Хведар Ільяшэвіч — на думку Алены Глагоўскай) зьмяніў пачатковае азначэньне «народу беднага» на «народу слаўнага», а радкі «Хай ажыве закамянелы / Наш беларускі родны дух» сталі гучаць «Няхай жыве магутны, сьмелы…». Гэтыя рэдагаваньні ўдала ўзмацнілі паказаны ў гімне вобраз беларускага народу як суб’екту (а не аб'екту) гісторыі[2].

Адна з асаблівасьцяў тэксту гімну — выкарыстаньне формы займеньніка сваей (замест прынятага ў сучаснай літаратурнай беларускай мове сваёй), што адпавядала нормам скланеньня прыналежных займеньнікаў у тагачаснай літаратурнай мове, якія мелі розныя формы ў родным (сваей) і давальным склонах (сваёй)[2].

Глядзіце таксамаРэдагаваць

КрыніцыРэдагаваць

ЛітаратураРэдагаваць

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць