Станіслаў Манюшка

беларускі і польскі кампазытар

Стані́слаў Маню́шка (5 [ст. ст. 17 траўня] 1819, в. Убель, цяпер Ігуменскі раён, Менская вобласьць, Беларусь — 4 чэрвеня 1872, Варшава, цяпер Польшча) — беларуска-польскі кампазытар, дырыгент, пэдагог. Стваральнік нацыянальнай клясычнай опэры, клясык беларускай і польскай вакальнай лірыкі[8][9].

Станіслаў Манюшка
лац. Stanisłaŭ Maniuška
Станіслаў Манюшка. Т. Маляшэўскі, 1865
Станіслаў Манюшка. Т. Маляшэўскі, 1865

Герб «Крыўда»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 17 траўня 1819(1819-05-17)[1][2][3][…]
Памёр 4 чэрвеня 1872(1872-06-04)[5][6][4] (53 гады)
Пахаваны
Род Манюшкі
Бацькі Часлаў Манюшка
Альжбета з Маджарскіх
Жонка Аляксандра Мюлер
Дзеці Ян, Соф’я
Рэлігія рыма-каталік
Дзейнасьць кампазытар, дырыгент, музыказнаўца, музычны пэдагог, прафэсар унівэрсытэту, настаўнік музыкі
Подпіс Выява аўтографу

Аўтар першай беларускамоўнай опэры «Сялянка»[10]. Вытокі музаў Станіслава Манюшкі ў беларускім і польскім фальклёры[8].

Біяграфія

рэдагаваць
 
Убель. Малюнак Н. Орды, 1872

Прадстаўнік старажытнага беларускага[8] шляхецкага роду Манюшкаў гербу «Крыўда», сын Часлава і Альжбеты з Маджарскіх. Пачатковую адукацыю атрымаў дома. Першыя ўрокі музыкі атрымаў ад маці, якая была піяністкай. Пазьней навучаўся ў Менскай музычнай школе Дамініка Стафановіча, які быў дырыгентам Менскага сымфанічнага аркестра. Затым — у Бэрлінскай пеўчай акадэміі (Прускае каралеўства, Нямецкая імпэрыя)[10].

26 жніўня 1840 року ажаніўся з Аляксандрай Мюлер. Пасяліліся ў Вільні, дзе Станіслаў 18 гадоў (да 1858) працаваў арганістам і дырыгентам; з 1858 і да канца жыцьця — дырыгент опэрнага тэатру ў Варшаве, з 1864 таксама прафэсар Музычнага інстытуту.

Творчасьць

рэдагаваць
 
Партрэт С. Манюшкі

Стварэньне першых вадэвіляў, музычных камэдыяў і камічных опэраў С. Манюшкі праходзіла ў зьвязку зь Беларусьсю: у 1834 менскія аматары паставілі адзін зь першых ягоных музычных твораў «Канторскія службоўцы» (у 1841 — у Горадні), а ў 1843 у Менску адбыўся паказ аднаактовага жарту «Лятарэя» (лібрэта Корвін-Мілеўскага). На лібрэта В. Дунін-Марцінкевіча С. Манюшка напісаў «Рэкруцкі набор» (з К. Кжыжаноўскім; пастаноўка ў 1841 у Менску), «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада» (спэктакль у Менску ставіўся 21 раз), «Ідылія» («Сялянка», з К. Кжыжаноўскім; пастаноўка ў 1852 у Менску; у 1853—1855 ставілася ў Бабруйску, Слуцку, Нясьвіжы, Глуску і інш.). Прэм’ера камічнай опэры «Ідылія» адбылася 9 лютага 1852 у Менскім гарадзкім тэатры.

Дзякуючы выкарыстаньню ў лібрэта беларускай мовы (побач з польскаю) і апоры на беларускі фальклёр гэтая падзея мела вялікае значэньне ў гісторыі беларускай музычнай культуры[8]. Упершыню зь беларускай тэатральнай сцэны гучалі нацыянальныя мэлёдыі, прымаўкі і прыказкі. Гэта была ня проста творчая сьмеласьць драматурга і кампазытара, які адважыўся ва ўмовах зьнявагі да ўсяго беларускага адкрыта заявіць пра свае сымпатыі, а глыбока прадуманая і сьвядомая акцыя, што адлюстроўвала творчыя, грамадзянскія і ідэйныя пазыцыі аўтараў. Трэба было мець немалую мужнасьць, каб у часы Мікалая І так гаварыць пра прыгоньніцтва, як у «Ідыліі» В. Дунін-Марцінкевіча і С. Манюшкі. Іхныя погляды не заўсёды падтрымлівалі і блізкія сябры. Нават Уладзіслаў Сыракомля, які хваліў В. Дунін-Марцінкевіча за тое, што ён «першы адважыўся стварыць вялікі твор на нашай народнай гаворцы», лічыў яго творы «залішне вострымі», а вядомы варшаўскі музычны крытык Ю. Сікорскі неаднойчы дакараў С. Манюшку за сацыяльна завостраныя сюжэты, якія надавалі музыцы «непажаданы характар».

Сьветапогляд С. Манюшкі сфармаваўся ўжо ў юнацкія гады, што прайшлі на Беларусі. З малых гадоў будучы кампазытар адчуў хараство і прывабнасьць беларускага фальклёру, асабліва беларускай песьні. Таму беларускі калярыт дамінуе амаль ва ўсіх яго творах, асабліва раньніх. У прадмове да 1-га выпуску «Хатняга сьпеўніка» (1844) С. Манюшка паведамляў, што зьмясьціў у ім «песьні прынёманскіх вёсак… у гэтых паэтычных творах найярчэй праявіўся нацыянальны характар і мясцовы калярыт», а «тое, што ёсьць у ёй народнага, нацыянальнага, мясцовага, што зьяўляецца водгаласам нашых дзіцячых успамінаў, ніколі не перастае падабацца жыхаром той зямлі, на якой яны нарадзіліся і вырасьлі». У больш позьнія гады С. Манюшка шчодра чэрпаў з крыніцы беларускай народнай творчасьці. Так, у опэры «Фліс» («Плытагоны», 1858) Р. Шырма адзначыў «такое багацьце песенных і танцавальных народных інтанацыяў, што часам ствараецца ўражаньне, што ты дзесьці пад Слуцкам ці каля Менску прысутнічаеш на народным сьвяце».

На працягу ўсяго жыцьця С. Манюшка падтрымліваў цесныя зьвязкі зь беларускімі музыкантамі, надаваў ім разнастайную падтрымку ў творчай дзейнасьці. Ён сам быў настаўнікам ігры на фартэпіяна менскай піяністкі І. Горват, дасылаў розным выдаўцам, у тым ліку Францу Лісту, творы Ф. Міладоўскага, пісаў артыкулы пра сваіх суайчыньнікаў — менскага фартэпіяннага і арганнага майстра І. Бяляўскага, гарадзенскую скрыпачку Т. Юзафовіч, рэцэнзаваў іх працы, у прыватнасьці кнігу Напалеона Орды «Граматыка музыкі», дапамагаў набыць музычную адукацыю Каміле Марцінкевіч, скрыпачцы Б. Крыгер, наладжваў іх канцэрты. С. Манюшка рэгулярна дасылаў у Менск Д. Стафановічу і Ф. Міладоўскаму экзэмпляры сваіх твораў.

Са сталых ягоных опэраў найбольш папулярныя «Галка» (1847 (пастаноўка ў 1854, 2-я рэдакцыя — у 1859), адметная вастрынёй сацыяльна-крытычнага кірунку. У Менску яе ўпершыню паставілі ў 1856; а праз 120 гадоў (1975) адбылася другая пастаноўка на сцэне Дзяржаўнага тэатра опэры і балету Беларусі. У ліку найбольш значных яго опэраў: «Графіня» (1859), «Вэрбум нобіле» («Слова гонару», 1860), «Парыя» (1869), «Страшны двор» (1865). Апошнюю опэру ў 1952 паставіў Дзяржаўны тэатар опэры і балету Беларусі ў перакладзе на беларускую мову Максіма Танка.

Апроч таго, С. Манюшка — аўтар больш як 300 сольных песень (у тым ліку «Паходнай песьні літвінаў» на словы Ўладзіслава Сыракомлі), што ўвайшлі ў 12 «Хатніх сьпеўнікаў», у іх ліку 12 песень, напісаных на вершы Я. Чачота; кантаты «Крымскія санэты» на словы А. Міцкевіча.

Пры канцы 1980-х гадоў у Азёрным адчынілі першы і пакуль адзіны ў сьвеце музэй Станіслава Манюшкі (кіраўнік Васіль Несьцяровіч). На 2012 г. квіток каштаваў 1000 рублёў[10] (12 цэнтаў).

З 1999 году, з 180-годзьдзя Манюшкі ў Ігумене праводзіцца фэстываль «Убельская ластаўка» імя Станіслава Манюшкі, у рамках якога заснавалі аднайменны конкурс маладых вакалістаў[10].

Дом ў Менску, дзе прайшлі дзіцячыя гады С. Манюшкі, упрыгожвае мэмарыяльная шыльда. Апроч таго, у гонар славутага кампазытар сваю назву атрымала адна з вуліцаў Менску.

У 2017 годзе ў мястэчку Сьмілавічах адкрылася «Музыкальная гасьцёўня Станіслава Манюшкі».

  1. ^ а б в Риман Г. Монюшко (рас.) // Музыкальный словарь: Перевод с 5-го немецкого издания / под ред. Ю. Д. Энгель, пер. Б. П. ЮргенсонМосква: Музыкальное издательство П. И. Юргенсона, 1901. — Т. 2. — С. 870.
  2. ^ Stanislaw Moniuszko // filmportal.de — 2005.
  3. ^ Stanisław Moniuszko // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  4. ^ а б в http://tnk.krakow.pl/czlonkowie/moniuszko-stanislaw/
  5. ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  6. ^ Архіў прыгожых мастацтваў — 2003.
  7. ^ Монюшко Станислав // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  8. ^ а б в г Ёсіф Хаўратовіч. Манюшка Станіслаў // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 72.
  9. ^ Валянціна Аксак. Сёньня 190 гадоў Станіславу Манюшку // Радыё «Свабода», 5 траўня 2009.
  10. ^ а б в г Вольга Чайкоўская. Станіслаў Манюшка. Рэпрыз // Жырандоля. — 12 траўня 2012. — № 15 (144). — С. 6.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць