Кірыла Тураўскі

старажытнабеларускі пісьменьнік, прапаведнік, царкоўны дзяяч

Кіры́ла Ту́раўскі (28 красавіка 1113[1] — каля 1182) — старажытнабеларускі пісьменьнік, прапаведнік, царкоўны дзяяч. Ушаноўваецца як сьвяты ў праваслаўнай і грэка-каталіцкай Царкве.

Кірыла Тураўскі
лац. Kiryła Turaŭski
Кірыла Тураўскі
11-ы Тураўскі япіскап
1169 — 1182
ЦаркваКанстантынопальская праваслаўная царква
АбшчынаТураўская япархія
ПапярэднікГеоргі
НаступнікЛаўрэнці Тураўскі

ДзейнасьцьБагаслоўе
Нарадзіўся28 красавіка 1113
Тураў
Памёр1182
Дзень памяці28 красавіка, 4 чэрвеня
Беларусь, праваслаўе і ўніяцтва
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Пачатак жыцьця

рэдагаваць

Зьвестак пра ягонае жыцьцё няшмат. У рукапісных пралогах захавалася яго «Жыціе» — кананічная царкоўная біяграфія: «Гэты шчасны Кірыла, — гаворыцца ў ёй, — нарадзіўся і выхаваўся ў горадзе Тураве. Сын заможных бацькоў, ён не любіў, аднак жа, багацьця і тленнай славы гэтага сьвету; але найперш стараўся спасьцігнуць вучэньне боскіх кніг і добра напрактыкаваўся ў сьвятых пісаньнях». Атрымаў добрае хатняе выхаваньне, пазьней спасьцігнуў вышэйшыя навукі і мастацтвы ад грэцкіх настаўнікаў. Па-майстэрску валодаў народнай вобразнай і стараславянскай мовамі, глыбока ведаў бізантыйскую культуру, асабліва паэзію і красамоўства. Рана стаў паслушнікам аднаго з тураўскіх кляштароў. «Пасьля гэтага, — піша аўтар яго „Жыція“, — імкнучыся да большых учынкаў, ён зачыніўся ў стоўпе і пражыў там пэўны час, працуючы ў посьце і малітвах[a], напісаў тут шмат якія пісаньні боскія». Кірыла Тураўскі быў першым вядомым на Русі «стоўпнікам» (зачыніўся ў манастырскай вежы, каб цалкам аддацца роздуму і малітвам). Там ён ня толькі сузіраў сьвет Божы і маліўся: у затвор малады паслушнік перанёс багатую на той час бібліятэку і напісаў там свае першыя творы.

Біскупства

рэдагаваць

Каля 1169 князь Юры І Яраславіч з тураўскімі старэйшынамі ўпрасілі Кірылу-мніха прыняць біскупства. Сваю пасаду ён разглядаў як нялёгкі абавязак хрысьціяніна і асьветніка, бо яго ўзьнёсла-паэтычная натура не была схільнай да герархічнай кар’еры і царкоўнага адміністратарства. У першы год свайго служэньня тураўскі біскуп набыў вядомасьць удзелам у г. зв. «справе Хвеадорца». Нейкі Хведар з Уладзімера-Суздальскага княства, выкарыстаўшы славалюбівыя пляны князя Андрэя Багалюбскага, пачаў раскол дагэтуль адзінай праваслаўнай царквы на Русі. Кірыла Тураўскі дасьціпна выкрыў герась Хвеадорца і пракляў яго, а да Андрэя Багалюбскага напісаў шмат пасланьняў па гэтай справе, якія, аднак, не захаваліся. На думку дасьледчыка спадчыны Кірылы біскупа Яўгена, сваімі пасланьнямі да Андрэя Багалюбскага асьветнік імкнуўся па-хрысьціянску паўплываць на князя паўночна-ўсходняй Русі, дзе ўтвараўся падмурак для будучага ўзвышэньня зямель Уладзімеру й Суздалю, дзе з ХІІ месьцілася рэзыдэнцыя кіеўскага мітрапаліта.

Літаратарская дзейнасьць

рэдагаваць

На думку дасьледчыкаў (І. Яроміна, В.Чамярыцкага), да літаратурнай спадчыны Кірылы Тураўскага належаць 8 словаў-казаньняў, 2 прытчы пра душу і цела, альбо пра сьляпога і кульгавага (кароткая і поўная рэдакцыі), 2 казаньні пра манаскі чын і анёльскі вобраз, 2 пасланьні да Васіля ігумена Пячорскага, 2 каноны і каля 30 спавядальных малітваў, дзе з найбольшай глыбінёй выявіліся асоба пісьменьніка, яго духоўныя перажываньні. Апошнія творы Кірыла Тураўскі напісаў, верагодна, ужо пасьля таго, як зноў адышоў ад грамадзка-царкоўнай дзейнасьці, жыў у кельлі пры царкве сьв. Міколы ў Тураве, засяродзіўшыся на малітвах і багаслоўскай творчасьці.

Памёр асьветнік у апошняе дзесяцігодзьдзе 12 ст. Яго памяць праваслаўная і грэка-каталіцкая Царква ўшаноўвае 28 красавіка (11 траўня па юліянскім календары).

Літаратурная спадчына

рэдагаваць

Творы К. Т. набылі вялікую папулярнасьць на Русі і распаўсюджваліся ў сьпісах 12—17 стагодзьдзяў. Ягоныя малітвы друкаваліся на Беларусі ў «Эвангельлі вучыцельным» (Заблудаў, 1569) І. Фёдарава і П. Мсьціслаўца, у «Малітвах паўсядзённых» (Еўе, 1615; Вільня, 1635) і інш. выданьнях. У 1821 К.Калайдовіч выдаў 15 твораў Кірылы ў «Помніках расейскай славеснасьці XII ст.». Пазьней біскуп менскі і тураўскі Яўген выдаў збор яго твораў у перакладзе на расейскую мову (Кіеў, 1880). Акадэмічнае выданьне літаратурнай спадчыны беларускага асьветніка ажыцьцявіў І. Яромін у 1956-58. Ю.Лабынцаў перавыдаў факсымільным спосабам (1992) малітоўныя творы Кірылы зь віленскага выданьня «Малітвы паўсядзённыя» (1956).

Філязофскія погляды

рэдагаваць

Пабудова сусьвету

рэдагаваць

Казаньні, альбо «Словы», сьв. Кірылы ахопліваюць велікодны цыкль нядзельных і сьвяточных дзён ад Вербніцы («нядзелі Ваій») да Ўшэсьця. Кожнае зь іх, зьяўляючыся клясычным творам красамоўніцкага мастацтва, адлюстроўвае пэўную грань багаслоўска-філязофскіх і грамадзка-этычных поглядаў пісьменьніка. Калі тэалягічныя ідэі Кірылы Тураўскага адлюстраваныя відавочна і не заўсёды ўзгадняюцца з артадаксальным праваслаўным багаслоўем, то сацыяльна-філязофскае вучэньне прысутнічае ў яго творах у скрытых формах прытчаў, мастацкіх вобразах і сымбалях. Ён нідзе не сьцьвярджае, што Бог стварыў сусьвет зь «нічога», зь нейкай пустаты, як гэта прыпісваецца яму дасьледчыкамі хрысьціянскай філязофскай анталёгіі. Усьлед за ўсходнімі айцамі царквы ён упадабляе Бога-Дэміюрга мастаку і дойліду, які стварыў дасканалы твор — космас, зямлю і неба, расьліны і жывёлы, урэшце чалавека — вянец гэтага тварэньня. Распавядаючы пра цэнтральную падзею вербнага тыдня — трыюмфальны ўезд Хрыста ў Ерусалім за тыдзень да яго сьмяротных пакут і ўваскрэсеньня, пісьменьнік усклікае: «Ныне шествуетъ въ Іерусалімъ — измеривый небо пядію и Землю дланію». Таму і пасьлядоўнікаў Хрыста, духоўных кіраўнікоў хрысьціянства — патрыярхаў, архірэяў, ігуменаў, ярэяў «і ўсіх царкоўных вучыцеляў» ён называе «ўмелымі будаўнікамі слаўнага і вельмі чэснага дому» («Слова ў нядзелю Ваій»).

У «Слове на антыпасху» пісьменьнік кідкімі жывапіснымі мэтафарамі малюе веснавое абнаўленьне прыроды як урачысты гімн прыгожага тварэньня свайму Творцу: «Ныне солнце красуяся къ высотЪ восходить и, радуяся, землю ограваеть: взиде бо нам от гроба праведное солнце Хрыстосъ и вся верующая Ему спасаеть. (…) Днесь весна красуеться, оживляюши земное естьство, и бурніи ветри, тихо повевающе, плоды гобозують (сьпеляць) і земля семена питающе зеленую траву рождаеть. Весна убо красная вера есть Христосова, якоже крещеніемъ поражаеть человеческое паки естьство; бурніи же ветры — грехотворніи помыслы, иже покояниемъ претворившеся на добродетель — душеполезныя плоды гобозують. Земля же естьства нашаго, акы семя Слово Божіе пріимши (…), дух спасенія рождаеть». У «Слове пра паралізаванага» аўтар ад імя гэтага пакутніка выказвае думку пра асноўную прыкмету боскай прыроды Хрыста: ён не чарадзей, нават не анёл, але сам Бог, таму што «слова яго сталася справай». Бог жа адносна створанай ім прыроды выступае як вярхоўны заканадаўца, які ўтрымлівае быцьцё ў стане дынамічнай, рухомай гармоніі («Слова пра сьляпога»).

Законы прыроды, паводле Кірылы Тураўскага ёсьць тое, што на мэтафарычнай мове багаслоўя называецца «страхам боскім», ім «движется земля, расседается каменіе, животная трепещють, горы куряться, светила раболепно служать, облаци и воздушная тварь повеленіе творять» («Прытча пра чалавечую душу і цела»). Вось чаму Ўваскрасеньню Хрыстоваму радуецца ўся зямля, неба ўпрыгожваецца сьветачамі-зоркамі, і ўся прырода красуецца, прасьветленая Збавіцелем Хрыстом, які, учалавечыўшыся, прыйшоў у сьвет зямнога жыцьця, каб абнавіць яго, прасьвятліць боскім сьвятлом. У пакаяльных малітвах паэт бачыць прамудрасьць, дабрату і красу Бога-Стваральніка паводле дасканаласьці яго тварэньня — Сусьвету, падпарадкаванага законам боскай гармоніі. Боскай воляю зямля трымаецца ні на чым, мора абмежавана пяском, ёю праведзеныя рэчышчы вялікіх і малых рэк, вада хмараў трымаецца ў паветры, сонца гарыць няспынна, месяц сьвеціць са страхам і зорка зьдзяйсьняе свой мудры дух.

Такім чынам, філязофскія погляды Кірылы Тураўскага — тэацэнтрызм, які толькі па аналёгіі можна было б назваць аб’ектыўным ідэалізмам, бо завершаная сыстэма аб’ектыўнага ідэалізму Геґеля ґрунтуецца на канцэпцыі абсалютнай ідэі як асновы быцьця.

Паняцьце Бога

рэдагаваць

Кірыла Тураўскі разьвівае багаслоўскую традыцыю ўсходніх айцоў хрысьціянскай царквы, паводле якой Бог ёсьць непазнавальны ў паняцьцях, трансцэндэнтны (па-за межамі людзкога вопыту) Дух як абсалютны суб’ект, які сымбалічна пазнаецца праз пазнаньне і ўмілаваньне створанага ім дасканалага сусьвету, празь веру і любоў да Яго адзінароднага і аднаіснага зь ім Сына Ісуса Хрыста, празь якога адбылася тайна спалучэньня Духа і цела, Бога і чалавека, трансцэндэнтнага і іманэнтнага сьветаў. А праз гэту тайну стала магчымым выратаваньне чалавека і ўсёй «плоці» прыроды, іх далучэньне да трэцяй іпастасі Сьвятой Тройцы — да Сьвятога Духа, стала рэальнай перамога жыцьця над сьмерцю, сьвятасьці над грахом. Багаслоўская канцэпцыя Кірылы Тураўскага грунтуецца на гэтых асноўных пастулатах хрысьціянскага сьветапогляду.

У сваім арыгінальным творы «Прытча пра чалавечую душу і цела» ён абвяргае наіўны анапацэнтрызм «побытавага» хрысьціянства, папярэджваючы ад спакусы, літаральна тлумачыць сымболіку біблейскіх кніг, асабліва вядомыя боскія словы: «Створым чалавека па вобразе Нашаму, падабенстве Нашаму». Падабенства гэтае, на думку аўтара, — «ня вобразам, а прытчаю», гэта значыць, іншасказальнае і сымбалічнае. Ён назваў герасьсю погляды тых, хто насуперак здароваму сэнсу ўяўляе бесьцялеснага Бога цялесным. Бога нельга апісаць альбо вызначыць мераю. Тут асьветнік ня мог не заўважыць супярэчнасьці сваёй рэлігійнай антрапалёгіі, бо сам прыкладаў да чалавека толькі цялесную і душэўную меркі, забыўшыся на трэцюю людзкую іпастась — дух. Толькі духоўнасьцю чалавек апраўдвае біблейскія словы пра богападобнасьць і свой вобраз Божы. Гэтае духоўнае адзінства Бога з чалавекам увасобілася ў богачалавечай постаці Хрыста — другой іпастасі Сьвятой Тройцы.

Дарэчы, у творах самога асьветніка ёсьць шмат красамоўных вобразных думак пра ўчалавечаньне Сына Божага, які жыў зь людзьмі і самаахвяраваўся для іх духоўнага абнаўленьня. У «Слове на сьвяты Вялікдзень» ён красамоўна пацьвярджае богачалавечнасьць Хрыста эвангельскімі сьведчаньнямі: «Предъ вчерашнимъ днемъ Господь нашъ Исусъ Христосъ яко человекъ распинаемъ бе, и яко Богъ и солнце помрачи и луну в кровь преложи, и тма бысть по всей земли: яко человекъ, воспивъ, и спусти дух, но яко Богъ землю потрясе, и каменье распадеся…». Як чалавек — памёр, а як Бог уваскрос на трэці дзень, перамог пекла сьмерці. А ў «Слове на трэці тыдзень пасьля Вялікадня» асьветнік зноў зьвяртаецца да сваіх слухачоў: «Вам хотю тайны поведати Божія человеколюбія, яже за Адама, въ тлю падша, пострада. Того бо ради с небесе сниде и въпльтивься, и бысть человек, да истлевъшаго обновить и на небеса възведеть. Он [Адам] послушав с[о]вета вражія, восхоте быти Бог и проклят бысть, се же [Хрыстос], послушав Отца, Бог сы бысть человек, да змія погубить и человека обожить».

Прасоўваньне хрысьціянства

рэдагаваць

Хрысталягічная праблема надае разнастайным жанрам спадчыны беларускага асьветніка сьветапоглядную цэласнасьць, аб’ядноўвае яго філязофскія, сацыяльна-палітычныя, этычныя, эстэтычныя погляды, злучае яго аксыялёгію з хрысьціянскай тэалёгіяй. Ён жыў у эпоху, калі хрысьціянства на Русі яшчэ сутыкалася з жывой паганскай плыньню ў народнай культуры, а ўсяленская царква яшчэ ня скончыла барацьбу з уплывамі праціўніка Хрыста — так званымі «старазапаветнікамі», з разнастайнымі рэлігійна-філязофскімі школамі гнастыцызму, прыхільнікі якога спалучалі хрысьціянскія догматы з эліністычнымі філязофскімі сыстэмамі.

У царкоўным асяродзьдзі сярэдневечнай Русі склалася нэгатывісцкая канцэпцыя паганскай культуры, паводле якой паганскія багі ёсьць «бесы» альбо іхныя слугі, іх неабходна выкрываць, па магчымасьці не ўпамінаць іх імёнаў. На гэтым ідэалягічным фоне асьветніцтва Кірылы Тураўскага вызначаецца сваёй памяркоўнасьцю, цярпімасьцю да народнай культуры. Паганская міталёгія ўяўлялася яму верай у створаную прыроду, а не ў самога Творцу.

Абвяржэньню арыянства, прыхільнікі якога адмаўлялі саму найглыбейшую існасьць хрысьціянства — боскую прыроду Хрыста і яго богачалавечую місію на зямлі, Кірыла Тураўскі прысьвяціў твор «Слова на пахвалу 318-ці айцоў Нікейскага сабору». Гэты першы ўсяленскі сабор асудзіў антытрынітарызм арыянства і зацьвердзіў асновы хрысьціянскага Сымбалю веры — траістасьць Бога і аднасутнасьць Сына з Айцом. Нягледзячы на свой патас нецярпімасьці да арыянскай герасі, асьветнік дакладна вызначыў сутнасьць вучэньня «папы Александрыйскай царквы» Арыя (ня толькі Хрыстос, але і ўсё створанае Богам — людзі і прырода — іншасказальна могуць называцца «сынамі Божымі», адмаўленьне спрадвечнасьці Хрыста і Яго аднасутнасьці з Айцом і да т. п.) і нават прызнаў філязофскую «злахітрасьць» гератыка: «Велик бо бе воевода сатанин Арій, но цесарь его уже бе связан, тем и воинства его не твердо боряшеся…» Аднак у адпаведнасьці з жанрам урачыстага і разам з тым выкрывальніцкага твору, зьвернутага да народу, Кірыла Тураўскі рэдка карыстаўся лягічнымі довадамі ці хоць бы спасылкамі на аўтарытэты, спадзяваўся на сугестыўнасьць (унушальнасьць) вытанчаных сродкаў паэзіі і аратарскага мастацтва. На яго думку, «храбрыя і вялікія ваяводы Божыя» на Нікейскім саборы заслугоўваюць большай пахвалы ад «летописьцев и песнотворцев», чым гераічныя справы цароў і палкаводцаў. Сам аўтар гэтага «Слова…» не паскупіўся на вытанчаныя красамоўніцкія тропы-вобразы, каб узвысіць сьвятых айцоў («Вы есте реки разумьнаго рая, напоивъше мир весь спасенаго ученія і греховную скверну струями вашего наказанія омывающе! Земніи ангели, Божіему престолу присно предъстояше!…») і прынізіць Арыя, яго шматлікіх тагачасных і будучых пасьлядоўнікаў («Новый Каине, вторый Іюдо, плътяный демоне…, церковъный всеми ведомый тати, необратъный разбойниче…»).

Істотная прыкмета багаслоўскіх поглядаў Кірылы — не барацьба супраць герасеяў, а апатэоз эвангельскай багадаці, вастрыня адчуваньня духоўнага нараджэньня ў Хрысьце.

Пра чалавека

рэдагаваць

Эпіграфам да антрапалягічнай канцэпцыі Кірылы Тураўскага маглі б стаць яго словы з паэтычнай малітвы ў нядзелю пасьля ранішняй літургіі: «Ведаю, што Ты прывёў мяне зь нябыту ў быцьцё і ўпрыгожыў падобнасьцю да вобраза Свайго, надзяліў мяне словам і розумам. Ты ўзьнёс мяне вышэй за ўсё жывое і паставіў мяне валадаром усяго тварэньня». З найвялікшай паэтычнай экспрэсіяй хрысьціянскую думку пра супярэчлівасьць чалавека, яго высокую духоўную місію на зямлі і яго падзеньне праз грахі і спакусы зямныя пісьменьнік выявіў у «Слове пра паралізаванага», драматызаваўшы вядомы эвангельскі эпізод. Матыў палярнасьці, амбівалентнасьці чалавечага быцьця задаецца першым радком твору: «Неизмерьна небесная высота, ні испытана преисподняя глубина, ниже сведомо Божія смотренія таиньство». Як паэт Кірыла Тураўскі дапоўніў эпічна спакойны расказ эвангеліста пра сустрэчу чалавекалюбцы Хрыста і безнадзейна хворага пакутніка, які 38 гадоў чакае цуду збаўленьня ад сваёй немачы. Паралізаваны пачынае зь любімай паэтамі споведзі ў сваіх грахох: «Усё цела маё расслаблена грахамі, а душа ўкушана ганебнымі жарсьцямі, і няма чалавека, які пашкадаваў бы мяне». У адказ чуе ад Хрыста: "Што ты кажаш — чалавека ня маю? Я дзеля цябе пакінуў скіпэтар нябеснага царства, прыйшоў на зямлю. каб выратаваць людзей. Бог стварыў сьвет для цябе, чалавек: «Тебе ради солнце светом и теплотою служить, и луна съ звездами нощь обеляеть. Тебе для облаци дождемь землю напаяють и земля всяку траву семениту и древа плодовитая на твою службу израстають. Тебе ради реки рыбы носять, и пустыни звери питаеть».

Спавядальныя малітвы Кірылы Тураўскага — шчырае лірычнае самараскрыцьцё душы чалавека перад сваімі нябеснымі бацькамі — Богам Айцом, Сынам Божым, Маці Боскай і заступнікамі людзей перад Богам, яго сьвятымі: «Знаю, — кажа спавядальнік словамі паэта, — што Ты прывёў мяне зь небыцьця ў быцьцё і ўпрыгожыў падабенства Свайго вобразу, даўшы ў дар мне слова і розум. Ты ўзьнёс мяне вышэй за жывёлу і паставіў валадаром усяго тварэньня. І вось я, як дзіця, падмануты ворагам маім, і падпаў пад уладу крайняй пагібелі (…) Хоць я ўвесь нячысты і апаганены, але спадзяюся на Тваю літасьцівасьць, бо Ты не адхіліў дзьве лепты ўдавы, але пахваліў яе пераважна перад іншымі, а таксама і мытара, што маліўся са скрухаю, апраўдаў». Бог, кажа паэт у сваіх малітвах, стварыў чалавека самаўладным, а ён падпарадкаваўся граху і нячысьціку, зацямніўшы сваю першаствораную красу. І вось чалавек просіць Хрыста ўкрыжаваць цела яго страхам боскім, вызваліць думкі ад усяго зямнога і далучыць да нябеснага, а Багародзіцу моліць заступіцца за яго перад нябесным Царом. Цыкль малітваў завяршае «Канон малітоўны» — своеасаблівы паэтычны «магістрал», які падсумоўвае страсны самааналіз чалавека, самавыкрыцьцё яго неспакойнай душы, якая імкнецца да неба, але крылы яе абцяжараныя зямнымі жарсьцямі — самалюбствам, зайздрасьцю, злосьцю, варожасьцю, непрымірымасьцю ды іншымі грахамі душы і цела.

Праблему чалавека ў яго грамадзкім быцьці Кірыла Тураўскі сымбалічна выявіў у дзьвюх прытчах (кароткай і падрабязнай) пра сьляпога і кульгавага, альбо пра чалавечую душу і цела. Як і ў іншых сваіх творах, пісьменьнік выкарыстаў як сюжэтную аснову эвангельскае апавяданьне пра «дамавітага» гаспадара, які насадзіў вінаград і паставіў варту ля яго варотаў. Але разьвіў гэты сюжэт у складаны красамоўніцкі твор дыдактычна-філязофскага і сацыяльна-этычнага зьместу. Дамавіты гаспадар тут сымбалізуе Бога, стваральніка сусьвету, сад-вінаград (вертаград) — зямля і «сьвет гэты», кульгавы — цела чалавека, а сьляпы — яго душа, агароджа вакол саду — законы і запаведзі Божыя, а незачыненыя вароты, якія вядуць у сад, — шлях да пазнаньня Творцы і створанага ім сусьвету. Сьляпы і кульгавы, аб’яднаўшы свае сілы (сьляпы нёс кульгавага, а кульгавы паказваў дарогу), самавольна трапілі ў сад, каб паспрабаваць забароненых пладоў. «Сьляпая» душа і «кульгавае» цела сымбалізуюць недасканаласьць чалавечага грамадзтва, якое «кантрабандай» авалодала тайнамі боскага тварэньня, ня ў стане (па сваёй грахоўнасьці і маральнай недасканаласьці) выкарыстаць іх для дабра.

Пра грамадзтва

рэдагаваць

У апошніх творах красамоўніцкага жанру (пасланьнях да ігумена Кіева-Пячорскага манастыру Васіля), арыгінальных прытчах Кірыла Тураўскі раскрыў глыбокі сацыяльна-этычны сэнс манаскага жыцьця і ўскосна выкрыў недасканаласьць дзяржаўнага ладу, зямной улады наогул, якая служыць грахоўнай прыродзе чалавека, а не яго духоўнаму ўдасканаленьню. Тут, сярод чалавечай улады, выяўляецца духоўная місія «манаскага чыну» — даць чалавеку і грамадзтву ўзоры быцьця з Богам і для боскага промыслу, жыцьця паводле вядомай малітвы: ціхага і мірнага, у чысьціні і ў адпаведнасьці з боскай праўдай.

Для хрысьціянскай культуры таго часу багаслоўская паэтычная, красамоўніцкая і асьветніцкая творчасьць Кірылы Тураўскага была сапраўдным адкрыцьцём красы і мастацкай выяўленчай сілы роднай мовы. Пісьменьнік добра ведаў клясычную бізантыйскую рыторыку і паэтыку, творча выкарыстаў гэту багатую эстэтычную традыцыю, узбагаціўшы культуру і мову свайго народу. Зь пазьнейшых беларускіх асьветнікаў бадай што адзіны Сымон Полацкі дасканала валодаў красамоўніцкім майстэрствам, хоць і саступаў свайму выдатнаму папярэдніку ў сіле і прыгажосьці лірычнага самавыяўленьня.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ У арыгінальным артыкуле выкарыстаны выраз „поце і малітвах“.
  1. ^ Дзьве даты: 28 красавіка // Зьвязда : газэта. — 28 красавіка 2010. — № 81 (26689). — С. 8. — ISSN 1990-763x.

Літаратура

рэдагаваць
  • Грыневіч В. Пасхальныя матывы ў творах сьв. Кірылы Тураўскага. — Ворша — Lublin — Харків, 1997.
  • Мельнікаў А. Кірыл, епіскап Тураўскі: Жыццё, спадчына, светапогляд. — Мн., 1997.
  • Надсан А. Сьвяты Кірыла Тураўскі. Выданьне другое, дапоўненае і папраўленае. — Лёндан: Божым шляхам, 2001.
  • Kiryła, Saint of Turaŭ // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
  • Tatarynovič Pietro. S. Cirillo vesc. di Turov e la sua dottrina spirituale (Pontificium Institutum Orientalium Studiorum, Eslratto della dissertazione...). — Roma, 1950.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
Гэты тэкст напісаны пры дапамозе матэрыялаў старонкі Гісторыя Беларусі. Асобы.