Канфэсійная гісторыя Беларусі
Канфэсі́йная гісто́рыя Белару́сі — гісторыя канфэсійнага становішча на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Дахрысьціянскі пэрыяд
рэдагавацьЗьвестак пра дахрысьціянскі пэрыяд канфэсійнай гісторыі Беларусі надзвычай мала. У навуковай літаратуры больш распрацаванымі зьяўляюцца рэцэпцыі язычніцтва ў фальклёр і культуру Беларусі. У меншай ступені захаваліся аўтэнтычныя зьвесткі пра дахрысьціянскі пэрыяд[1]. Такім чынам, эксплікуюцца ў асноўным другасныя зьвесткі, сабраныя на эмпірычным базісе сялянскай культуры. У той жа час, з дапамогай археалёгіі, і такіх дакумэнтаў як «Велесава кніга» ўдаецца зладзіць культуралягічную рэканструкцыю тагачаснай язычніцкай касмалёгіі.
Нягледзячы на беднасьць эмпірычных матэрыялаў істотна разумець, што працэс хрысьціянізацыі на тэрыторыі Беларусі скончыўся надзвычай позна. Калі ў гарадах язычніцтва існавала на маргенэсе прыкладна з XV ст., то ў сялянскіх абшчынах яно было важным мэнтальна-культурным фактарам ажно да ХХ стагодзьдзя. Адсюль язычніцкія рэцэпцыі ў сялянскую мэнтальнасьць варта разглядаць як важны эмпірычны базіс, на аснове якога можна рабіць грунтоўныя вынікі.
Касмалягічна, варта заўважыць, што язычніцкая сьветабудова грунтавалася вакол салярных сымбаляў, што зьяўляецца характэрным для політэізму. Пярун, бог-грамавік, які паступова пачаў дамінаваць як галоўнае боства мае грунтоўныя канатацыі да салярнасьці. Салярныя канатацыі праглядаюцца і ў пазьнейшым пакланеньні богу-ўрадлівага-сонца, Даждзьбогу. Прыкладам зьяўляюцца таксама ўсе магчымыя канвэргенцыі язычніцкага і хрысьціянскага як Каляды, дзе прысутнічаюць яскравыя салярныя канатацыі. Купальле, якое прыпадае на летняе сонцастаяньне, хрысьціянская рэлігія сумясьціла са сваім сьвятам у гонар Яна Хрысьціцеля (Прадцечы), у выніку чаго яно набыло падвоеную назву «Іван Купала»[2].
Асабліва важным элемэнтам язычніцкай мэнтальнасьці тагачаснага насельніцтва зьяўляўся побытавы, штодзённы характар веры. Гэтая характарыстыка яскрава прасочваецца ў пазьнейшыя эпохі, калі побытавая культура беларусаў у сваёй архаічнасьці застаецца спрэс нагрувашчанай паганскімі сымбалямі (гэта доўгатэрміновае жыцьцё хатніх духаў: дамавік, лазьнік, хлеўнік і інш., а таксама духаў вакольнай прыроды: лесавік, палявік, ой і інш.). Менавіта гэты побытава-практычны элемэнт язычніцкай веры зьяўляецца асабліва важным і асабліва кансэрватыўным для культуры, што выяўляецца як найлепш менавіта ў сялянскім жыцьці, спрэс скіраваным на практычную рэалізацыю дзейнасьці.
Хрысьціянізацыя і двувер’е
рэдагавацьПершая хрысьціянская япархія на тэрыторыі сучаснай Беларусі была заснавана ў 992 годзе, у Полацку[3]. Гэта была адміністрацыйная адзінка Кіеўскай мітраполіі Канстантынопальскага патрыярхату. Тут жа быў пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор, які меўся таксама ў Кіеве і Ноўгарадзе. Неўзабаве ў 1005 годзе ствараецца Тураўская япархія[4].
Раньняе зьяўленьне хрысьціянскіх япархіяў на тэрыторыі Полацкага і Тураўскага княстваў ня сьведчыць пра працэс хрысьціянізацыі, як аднамомантную і пасьпяховую падзею, але хутчэй як сымбалічны акт [5]. Хрысьціянізацыя ўяўляла сабой доўгатэрміновы, шматгранны працэс, які спалучаў у сабе асьветніцкую, культурную і місіянэрскую дзейнасьць. Прычым спачатку ажыцьцяўлялася сіламі бізантыйскіх манахаў, а затым ужо намаганьнямі і мясцовых дзеячаў[6].
Пра цяжкасьці з хрысьціянізацыяй Беларускіх земляў сьведчыць вялікая колькасьць «словаў», якія тлумачылі хібы «паганскіх перажыткаў». Гэткія перажыткі заключаліся ў фэномэне двувер’я[7]. Гэтыя павучэньні пісаліся такім чынам, каб артыкуляваная інфармацыя мела практычны, штодзённы ўжытак. Практычная форма пісьма сьведчыла пра даволі шырокую практыку спалучэньня хрысьціянства зь язычніцкай вераю, а таксама пра неабходнасьць ідэалягічна-культурнага пераконваньня насельніцтва ў недапушчальнасьці такіх практык.
Мэнтальныя спалучэньні язычніцтва з хрысьціянствам стваралі рэлігійныя гібрыды. Такія сымбіятычныя пранікненьні дзьвюх рэлігіяў ўвасабляліся ў доўгатэрміновым фэномэне «народнага хрысьціянства». У гэтым рэлігійным спалучэньні героі хрысьціянскай веры надзяляліся якасьцямі язычніцкіх багоў, ці хрысьціянскія сюжэты міталягізаваліся, тым самым ператвараючыся ў язычніцкія прадукты сьвядомасьці. Дужа часта, насельніцтва прымала назвы хрысьціянскіх сьвятых, разумеючы пад імі выключна паганскіх багоў. Альбо на падставе хрысьціянскіх сюжэтаў, ці хрысьціянскіх герояў ствараліся язычніцкія міты. Гэтыя міты маглі апісваць як фэномэны побытавага жыцьця, так і касмалягічныя ўяўленьні. Сьветапоглядна, насельніцтва прымала моўную матрыцу хрысьціянства, у той час як сэмантычна знаходзілася ў паганскай веры.
Формы гібрыдызацыі рэлігіі не забясьпечвалі негвалтоўны і татальны характар хрысьціянізацыі. Мясцовае насельніцтва часта было супраць новай веры. Спробы хрысьціянізацыі прыводзілі да гвалту, што вылівалася ў забойства сьвятароў.
Прымаючы пад увагу бунты супраць хрысьціянізацыі можна меркаваць, што працэс быў інсьпіраваны ўладнымі структурамі. Па сутнасьці, хрысьціянізацыя была пэўнай уладнай палітыкай, якая мела слушныя прадпасылкі ў стасунках старажытнай Русі зь Бізантыяй. Менавіта княжацкая ўлада забясьпечвала бясьпеку першых місіянэраў. Без аховы гарадоў і княжацкай улады нельга было распачынаць будаўніцтва цэркваў і манастыроў.
Адсюль важным застаецца факт, што асноўным месцам лякалізацыі хрысьціянскай рэлігіі былі гарады. Менавіта ў гарадах зьяўляліся храмы, ля гарадоў будаваліся манастыры. Можна лічыць, што хрысьціянства як такое на Беларускіх землях уяўляла сабой у першую чаргу гарадзкі фэномэн. Менавіта ў гарадах жылі першыя сьвятары і місіянэры. Дужа часта радыюс місіянэрскай дзейнасьці супадаў з тэрыторыяй воласьці (адміністрацыйнай часткі старажытнай Русі). Ужо ў ХV стагодзьдзі гэта прывяло да таго, што сучасныя дасьледчыкі зь цяжкасьцю могуць адрозьніць тэрытарыяльную розьніцу паміж воласьцю і прыходам. Вельмі часта яны супадалі, прычым у сьвядомасьці насельніцтва гэтыя розныя адміністрацыйныя адзінкі былі адным і тым жа.
Часам цяжка вырашыць, дзе заканчваецца прыход і пачынаецца воласьць. Ці ня дзьве гэта розныя назвы той самай адміністрацыйнай адзінкі? Калі будавалася новая царква, то прыход падзяляўся, але аўтаматычна падзялялася і воласьць. Справы пазямельнай абшчыны (воласьці) і прыходу ніяк не разьмяжоўваліся[8].
Сэнсава, гэтакія паняткі як «храм», «горад», «воласьць» былі тоеснымі, сэнсава роднаснымі, а дужа часта і ідэнтычнымі
Праваслаўе і каталіцтва
рэдагавацьГісторыя каталіцкай царквы на беларускіх землях пачынаецца з запрашэньня ў Тураў нямецкага біскупа Рэйнбэрта. Але ж першае біскупства ствараецца толькі ў 1387 годзе Вялікім князем ВКЛ Ягайлам і зацьвярджаецца папам рымскім у 1388 годзе[9]. Спачатку біскупства падпарадкоўвалася папству, а з 1418 году — Гнезьненскаму арцыбіскупу.
Нягледзячы на гэткае позьняе стварэньне біскупства, быў зроблены шэраг крокаў па ўвядзеньні каталіцтва на тэрыторыі ВКЛ і ў ранейшыя часы. Пра гэта сьведчыць і пасланьне Гедыміна Рымскаму папу[10]. У пасланьні Гедымін апроч скаргаў на Крыжацкія свавольствы, дае абяцаньне ахрысьціцца самаму і ахрысьціць увесь свой народ у каталіцтва. Але ж свае абяцаньні ён ня спраўджвае. Больш таго, калі папскія паслы прыбылі ў Вільню Гедымін адмаўляецца ад сваіх намераў. На такое рашэньне паспрыялі як жамойты-язычнікі, так і большасьць насельніцтва, якое ўжо як некалькі стагодзьдзяў было праваслаўным.
Гэткая палітычная афарбоўка стасункаў з каталіцкай вераю праглядаецца і раней, калі каталіцтва толькі зьяўлялася ля межаў ВКЛ. Яскравым прыкладам ёсьць хрышчэньне Міндоўга. Калі той займаў княжацкі пасад у Наваградку, то быў вымушаны ахрысьціцца ў праваслаўе, а ўжо ў 1252 годзе прымае каталіцтва з палітычных мэтаў і прымае карону ад Рымскага папы[11]. Нягледзячы на палітычную ангажаванасьць дзяржаўнай палітыкі стасоўна каталіцтва, хрысьціянская вера ўяўлялася надзвычай важным элемэнтам у прыватным жыцьці. Сын таго ж Міндоўга, Войшалк, «быў настолькі адданы праваслаўю, што прымае манаства і засноўвае манастыр»[12].
Істотным момантам прасоўваньня каталіцтва сталася Крэўская унія, адным з пунктаў пагадненьня якой было прыняцьце каталіцтва Ягайлам перад тым, як стаць каралём Польскім. Гэта ж зрабілі і князі Вітаўт і Сьвідрыгайла, якія да перахросту ўжо хрысьціліся ў праваслаўе [13].
Аднак князь Скіргайла, які ўзначальваў усе цырымоніі перахрышчэньня Ягайлы, не перайшоў у каталіцтва, а застаўся ў праваслаўі. Гэта было прадыктавана практычнымі патрэбамі, так як праваслаўнае насельніцтва ВКЛ ушаноўвала толькі ўладу праваслаўнага князя.
Далейшае пашырэньне каталіцтва на землях ВКЛ атаясамліваецца з павелічэньнем ролі Польшчы. Менавіта прывілеі і сацыяльны статус польскай шляхты выклікалі жаданьне з боку літоўскай пераходзіць у каталіцтва.
Рэфармацыя і контрарэфармацыя
рэдагавацьЭтап рэфармацыі ў гістарычнай літаратуры лічыцца залатым векам беларускай гісторыі[14], бо характарызуецца як культурным, так і эканамічным росквітам. У гэты час шырока распаўсюджваюцца рэлігійныя дыспуты, кнігадрукаваньне і масавае будаўніцтва храмаў.
Рэфармацыя на беларускіх землях пачынаецца прыкладна ў той жа час, што і ва ўсёй Эўропе. У 1517 годзе Лютэр высоўвае на паверхню казань пра тое, што чалавек апраўданы перад Богам праз эвангельскую веру і веру ў Хрыста. У гэты ж год Францыск Скарына ў Празе пачынае друкаваць Біблію.
Сымэтрычнасьць рэфармацыі ў ВКЛ і ў Эўропе тлумачыцца шматлікімі культурнымі кантактамі. Магнацкія дзеці вучыліся ў Эўропе. З сабой яны бралі вялікую сьвіту шляхты, якія таксама праходзілі абучэньне. Найбольш папулярнымі асьветніцкімі цэнтрамі былі Кракаў, Прага, Вітэнбэрг, Каралявец, Флярэнцыя[15]. Ідэалёгія Адраджэньня і рэфарматарскія ідэі не маглі не зачапіць эліту Вялікага Княства. Тым больш, што ўжо як сто гадоў да гэтага часу гусіты мелі магчымасьць адкрыта прапаведаваць сваю веру, тым самым ствараючы глебу для рэфармісцкіх поглядаў. Дзякуючы гэтаму ўжо ў 60-ыя гады XVI ст. рэфармацыя набывае шырокі размах. У 1553 годзе князь Мікалай Радзівіл Чорны, адзін з найбольш уплывовых людзей у княстве аб’яўляе, што спавядае эвангельскую веру. Адначасова ў Гародні і ў Вільні ён адчыняе кальвінісцкія зборы, друкуе сваім коштам Катэхізіс[16].
У наступныя гады пратэстантамі робяцца амаль уся магнатэрыя і блізкая да іх шляхта: Валовічы, Глябовічы, Сапегі, Агінскія, Хадкевічы, Вішнявецкія і інш. Актыўна будуюцца пратэстанцкія зборы. Друкуюцца кнігі, падначаленае магнатам насельніцтва таксама пераходзіць у пратэстанты. Пратэстантызму спачувае ваявода ВКЛ, праваслаўны па веравызнаньню Канстанцін Астрожскі[17]. Ужо ў 1569 у сэнаце ВКЛ было толькі двое непратэстантаў.
Ідэі пратэстантызму добра спалучаліся з культурнымі, палітычнымі і ідэалягічнымі памкненьнямі эліты ВКЛ. Эвангельскае вучэньне на той час было ня толькі мэйнстрымам культуры, але і непаўторным культурным складнікам дзяржаўнай незалежнасьці. Небясьпека з боку Польшчы вымушала магнатэрыю шукаць альтэрнатывы дзеля захаваньня сувэрэнітэту ВКЛ, а ідэя нацыянальнай дзяржавы і нацыянальнай веры як найбольш адпавядала патрэбам часу.
На шляху пашырэньня сваёй веры пратэстанты робяць вялізарную працу. Пад кіраўніцтвам Мікалая Радзівіла праводзіцца сельска-гаспадарчая рэформа, якая ліквідуе сялянскую грамаду. Гэта дазваляе разнастаіць вытворчасьць, пачынаецца буйны рост гарадоў і мястэчак. Рэфармацыя распачынае працэс урбанізацыі Вялікага Княства. Эканоміка пачынае дамінаваць у сьвядомасьці, ёй цікавяцца ня толькі уладныя эліты, але ж і паэты. У гэты час менскі ваявода Ян Абрамовіч піша эканамічны трактат «Погляды ліцьвіна на танную куплю і дарагі продаж збожжа». Тут жа паэт і філёзаф Язэп Даманеўскі апісвае цьвёрдую грамадзянскую пазыцыю і важнасьць эканамічнага жыцьця [18].
На тэрыторыі ВКЛ распачынаецца масавае кнігавыдавецкая дзейнасьць. Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Мацей Кавячынскі, Лаўрэнцій Крышкоўскі і інш. выдаюць вялікія па тым часе наклады Катэхізіса. Кнігі набывае шляхта, каб падаўжаць эвангельскую веру сярод сваіх сялянаў. Вялікім плюсам гэтых выданьняў была зразумелая насельніцтву беларуская мова. У адрозьненьне ад лаціны і ад стараславянскай, яна не рабіла моўнага бар’еру і магла быць пачута вялікай колькасьцю народу.
Прынцыпы свабоды пачынаюць дамінаваць у сьвядомасьці інтэлектуальнай эліты. Філёзаф, кальвінісцкі прапаведнік, тэоляг, дэпутат рады Ашмянскага павету Андрэй Волян піша працу «Аб палітычнай альбо грамадзянскай свабодзе». Пры непасрэднай падтрымцы Льва Сапегі, таксама пратэстанта, выдаюцца тры статуты Вялікага Княства. Гэта былі надзвычай прагрэсіўныя і ўдалыя дакумэнты, якія пастулявалі вольнасьць асобы і ідэі самастойнасьці Вялікага Княства.
На шырокае распаўсюджваньне пратэстантызму павінны былі адрагаваць асноўныя рэлігійныя плыні Вялікага Княства. Каталіцкае і Праваслаўнае сьвятарства было занепакоена гэтакай хадой справаў. Распачынаецца час контррэфармацыі.
Паводле праграмы Ватыкана барацьба з рэфармацыяй павінна была адбывацца ў культурна-інтэлектуальнай плашчыні. На тэрыторыі ВКЛ такое стаўленьне набыла асабліва яскравыя рысы. Паўсюдна арганізоўваліся дыспуты паміж пратэстантамі з аднаго боку і каталікамі і праваслаўнымі з другога.
Каталіцкая царква ў барацьбе з рэфармацыяй пачынае выкарыстоўваць свой галоўны ідэалягічны орган — езуіцкі ордэн, які распачынае шырокую дзейнасьць на беларускіх тэрыторыях. Ствараецца найбуйнейшая сетка езуіцкіх калегіюмаў. Адчыняецца ўнівэрсытэцкі цэнтар у Вільні (Віленская езуіцкая акадэмія)[19]. Адзінства праграмы дазваляе знаходзіцца ў мэйнстрыме культуры навучэнцаў мясцовых калегіюмаў. Адукацыя ў калегіюме давала гарантыю аднолькавасьці падыходаў і аб’ёма ведаў ува ўсіх калегіюмах, раскіданых па ўсёй Эўропе.
Менавіта ў езуіцкіх калегіюмах адбываецца навуковая дзейнасьць, філязофскія дасьледаваньні. Дзякуючы езуіцкім калегіюмам адукацыя робіцца даступнай і для ніжэйшых слаёў насельніцтва, якія не маглі дазволіць сабе навучэньне ў гарадах Эўропы. Адукацыя робіцца распаўсюджанай, як робіцца распаўсюджанай і лацінская мова. На тэрыторыю ВКЛ прыходзіць другая схалястыка, якая прыносіць схалястычныя інтэрпрэтацыі вучэньняў Плятона і Арыстотэля, а з тым і самыя найноўшыя інтэлектуальныя стратэгіі Эўропы. Езуіты заслугоўваюць давер у мясцовага насельніцтва, за конт чаго значная частка прымае каталіцтва ці не пераходзіць у пратэстанты.
Уніяцтва
рэдагавацьПраваслаўнае духавенства таксама адчувала небясьпеку з боку рэфармацыі з чаго часта вымушана было абапірацца на досьвед ордэну Езуітаў [20]. Пашырэньне пратэстантызму, а таксама заваяваньне Канстанціонапаля туркамі прывяло да цесных кантактаў Праваслаўнага і Каталіцкага духавенстваў.
Першай спробай аб’яднаньня каталіцтва і праваслаўя стаўся Флярэнцкі сабор, які быў скліканы па ініцыятыве Кіеўскага мітрапаліта, Ісідара[21]. А ўжо 9 кастрычніка 1596 году была абвешчаная Берасьцейская царкоўная унія. Па выніках уніі Праваслаўная Царква Рэчы Паспалітай вызнавала аўтарытэт Папы Рымскага з умовай захаваньня абраднасьці набажэнства [22].
Але унія была падтрымана ня ўсімі праваслаўнымі. Катэгарычная адмова прыняць унію з боку некаторых сьвятароў прывяло да паўстаньня часткі гарадзкога насельніцтва і ўрэшце да расколу Праваслаўнай Царквы ў Рэчы Паспалітай. Большая частка прыняла ўніяцтва, меншая (як правіла, у гарадах на ўсходзе Беларусі), засталася ў праваслаўі[23]. Сялянскае насельніцтва слаба разумела польскую і стараславянскую мовы, таму ўніяцкія парафіі, у штодзённым жыцьці якіх актыўна выкарыстоўвалася беларуская мова і захоўваліся традыцыйныя абрады, прыцягвалі да сябе асноўную масу сялянскага насельніцтва. Такім чынам, уніяцтва зрабілася найбуйнейшай канфэсіяй у Рэчы Паспалітай[24].
Нягледзячы на нэгатыўныя стасункі паміж канфэсіямі, ідэялягічная вайна паміж вызнаўцамі праваслаўя і уніі рэдка даходзіла да крыві. Значна часьцей яна ўвасаблялася ў рэлігійных дыспутах і палемічнай літаратуры, якая зрабілася надзвычай папулярнай напрыканцы XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў. Такім чынам, калі адныя япіскапы Іпаці Пацей, Язэп Руцкі, Язафат Кунцэвіч) выступалі за абарону уніі, то іншыя (Мялецій Сматрыцкі, Лявонці Карповіч, Стэфан Зізаній, Афанасій Філіповіч, Іоў Барэцкі) былі катэгарычна супраць.
Асноўнай крыніцай пашырэньня уніі зрабіўся ордэн Базыльянаў, які вёў місіянэрскую дзейнасьць сярод беларускага і ўкраінскага насельніцтва.
Рэлігійная палітыка Расейскай імпэрыі
рэдагавацьНепрадуманая рэлігійная палітыка польскага боку ў Рэчы Паспалітай прывяла да ўтварэньня шэрагу рэлігійных канфэдэрацыяў. Канфэдэрацыі ставілі за мэту роўнасьць ў правах дысыдэнтаў (некаталіцкае насельніцтва) з каталікамі. Утварыліся пратэстанцкая канфэдэрацыя ў Торуні і праваслаўная ў Слуцку[25]. Падтрымаўшы гэтыя канфэдэрацыі, Прусія і Расейская імпэрыя ажыцьцявілі падзел Рэчы Паспалітай. Да гэтага падзелу далучылася і Аўстра-Вугорская імпэрыя. У выніку чаго дзяржава Рэч Паспалітая зьнікла, а беларускія землі перайшлі пад уладу Расеі.
Адразу пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай Расейская імпэрыя пачала актыўную рэлігійную палітыку. Напачатку была падпарадкаваная расейскай уладзе Каталіцкая царква. Аднабаковымі ўказамі Кацярыны ІІ было створана своеасаблівае дзяленьне Каталіцкай царквы ў Расейскай імпэрыі, што не было зацьверджана Рымам. Асаблівымі загадамі была створаная палітычная і эканамічная залежнасьць касьцёлу ад Расейскай дзяржавы. Настаяцелямі манастыроў маглі быць толькі грамадзяне Расейскай імпэрыі. Таксама быў створаны шэраг абмежаваньняў на будаўніцтва касьцёлаў. Некаторыя касьцёлы былі разбураныя дзеля будаўніцтва абарончых умацаваньняў[26].
У той жа час шляхта атрымала прывілеі расейскага дваранства, дзякуючы гэтаму каталіцтва зрабілася афіцыйнай рэлігіяй некаторых народаў Расейскай імпэрыі. Нягледзячы на гэта праводзілася адмысловая лінія падзелу па рэлігійным прынцып грамадзянаў Расейскай імпэрыі. Калі за каталіцкай часткай ушаноўвалася належнасьць да Каралеўства Польскага ў складзе Расейскай імпэрыі, то праваслаўныя лічыліся расейскімі грамадзянамі «Паўночна-заходняга» краю Расейскай імпэрыі.
Пасьля паўстаньня 1830—1831 гадоў рэлігійная палітыка карэктуецца. Ліквідуецца унія, а ўніяты пераходзяць у праваслаўе[27]. Адзін з пунктаў «Палажэньняў сакрэтнага камітэта аб мерапрыемствах пры ліквідацыі уніі» кажа:
Для успешнейшего приведения в действие общего воссоединения униатов необходимо нужно совершенное единство в действиях и распроряжениях по сему предмету как в литовских, так и в белорусских губерниях, и к обузданию всех могущих быть противодействий как со стороны помещиков, так и со стороны римского духовенства. Для достижения сего единства генерал-губернаторы непременно должны быть снабжены единообразною инструкциею и особым полномочием, с помощию коего малейшие беспорядки, если бы они и случились вдруг в нескольких местах, были бы немедленно пресекаемы в самом их начале[28].
— «Положения секретного комитета об мероприятиях при ликвидации унии». 26 сьнежня 1839 году
Запрашаецца вялікая колькасьць расейскага сьвятарства, якое ў купе з польскай актыўнасьцю артыкулююць нацыянальную прыналежнасьць у залежнасць ад рэлігійнага веравызнаньня. Такім чынам, менавіта ў гэты час беларускае насельніцтва падзяляецца па рэлігійнаму прынцыпу на расейскі і польскі народ ў складзе Расейскай імпэрыі. За каталіцкім насельніцтвам ушаноўваюцца правы польскай нацыянальнасьці, за праваслаўным — расейскай.
Рэлігійная палітыка СССР
рэдагавацьПасьля ўсталяваньня Савецкай дзяржавы і атрыманьня незалежнасьці Польшчай (1918), а таксама па заканчэньні Савецка-польскай вайны беларускія землі былі падзелены. На гэтых дзьвюх тэрыторыях праводзілася цалкам розная рэлігійная палітыка.
У Заходняй Беларусі праводзілася даволі агрэсіўная палітыка акаталічваньня. У той жа час, абмежаваныя рэлігійныя свабоды дазвалялі існаваць праваслаўнаму і пратэстанцкаму насельніцтву. Як каталіцтва, так і праваслаўе былі вымушаныя праводзіць палітыку частковай беларусізацыі.
Ува Ўсходняй Беларусі праводзілася кардынальна іншая палітыка. Храмы разбураліся, сьвятарства фізычна вынішчалася. Царква разглядалася як клясавы вораг зь якім трэба змагацца[29]. Буйны рост гарадоў, калектывізацыя, ідэялягічная праца савецкіх органаў прывяла да перарыву традыцыі. Маладое насельніцтва больш не выхоўвалася ўва ўмовах традыцыйнай рэлігійнасьці, таму дужа часта выкарыстоўвалася ў інсьпірацыі ганеньняў на царкву і вернікаў[30].
Далучэньне Заходняй Беларусі і пачатак Вялікай Айчыннай вайны прымусілі савецкае кіраўніцтва палегчыць гвалт у дачыненьні да рэлігіі. Так як акупацыйныя войскі не перашкаджалі набажэнствам і не асабліва агрэсіўна ставіліся да рэлігіі, то і савецкі урад быў вымушаны палепшысьць стасункі з рэлігіяй. Такім чынам, ваенны і пасьляваенны пэрыяд характарызуецца рэлігійнай адлігай. У той жа час, адліга характэрна ў большай ступені да праваслаўнай царквы. Іншыя канфэсіі былі занядбаны і не атрымлівалі падобных палёгкаў.
Ужо пасьля Вялікай Айчыннай курс дзяржавы кардынальна зьмяняецца. У 1947 годзе таварыства Ваінствуючых атэістаў рэфармуецца ў ідэялягічна-асьветніцкае таварыства «Веды». Цяпер курс улады накіраваны не на фізычнае зьнішчэньне царквы, але на ідэялягічны ўціск. У гэты час рэлігія разумеецца як састарэлыя перажыткі, якія трэба пераадольваць з дапамогай асьветніцка-ідэялягічнай дзейнасьці[31]. У час Хрушчоўскай адлігі была пастаўленая задача дасягненьня камунізму за 20 год. Такім чынам, рэлігія зрабілася кардынальнай перашкодай для дасягненьня мэты. Дзеля гэтага рэлігія павінна была зьнікнуць, што было прадыктавана тэарытычна-ідэалягічнымі пастулатамі савецкага ладу. У гэтай жа праграме БССР павінна была стаць першай атэістычнай краінай Савецкага саюзу, таму на гэтых тэрыторыях гвалт у дачыненьні да царквы адбываўся ў надзвычайных маштабах.
У 1970-ыя гады рэлігія аб’яўляецца зьявай «згасаньня». Высоўваецца тэорыя аб «крызісе рэлігіі». У гэты час рэлігія існуе як маленькія выспы на тле спрэс атэістычнай дзяржавы. Рэлігія выкрываецца як форма псыхічнай, сацыяльнай і культурнай дэвіяцыі. Сьвятарам забараняецца прапаведаваць па-за цэрквамі, а ў храм робіцца прымальным хадзіць толькі людзям сталага веку. Падобныя ўціскі лічыліся ідэялягічна правільнымі, бо рэлігія інтэрпрэтавалася як фэадальна-капіталістычны перажытак. У іншым выпадку, рэлігія была формай дэвіяцыі, якая падлягала псыхалягічна-мэдыцынскаму лячэньню[32]. У той жа час, 1970-я гады не былі такімі агрэсіўнымі ў дачыненьні да царквы, як гады «Хрушчоўскай адлігі». Па сутнасьці, пасьля прыхода да ўлады Брэжнева, сытуацыя з царквой выключна не зьмянілася, заставалася стабільна крызіснай[30].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Багдановіч А. Перажыткі старажытнага светасузірання ў Беларусі. Этнаграфічны нарыс. — Мн.: Беларусь, 1995—186 с.
- ^ Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. — 2-е. — Мн.: ВП «Экаперспектыва», 1997. — С. 11. — 5000 ас. — ISBN 985-6102-06-5
- ^ Рэлігія і царква на Беларусі. — Мн.: БелЭн, 2001. с. 253
- ^ Рэлігія і царква на Беларусі. — Мн.: БелЭн, 2001. с. 348
- ^ Об историческом значении «Крещения Руси» // Генезис и развитие феодализма в России. Ленинград, 1987. С. 20—58
- ^ Баравы Р. Хрысціянізацыя тэрыторыі Полацкай і Тураўскай япархіяў X—XIV ст. // http://knihi.com/bha/10/baravy10.htm(недаступная спасылка)
- ^ Аничков Е. В. Язычество и Древняя Русь. СПб.: 1914. — 136 с.
- ^ Лурье С. Община, империя, православие в русской этнической картине мира XV—XVII вв. // ОЗ. 2001. № 1. С. 105.
- ^ Рэлігія і царква на Беларусі. — Мн.: БелЭн, 2001. — с. 66
- ^ Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. — Мн.: «Беллітфонд», 2000. — с.151
- ^ Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. — Мн.: «Беллітфонд», 2000. — с. 150
- ^ Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. — Мн.: «Беллітфонд», 2000. — с. 150
- ^ Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. — Мн.: «Беллітфонд», 2000. — с.223
- ^ Акінчыц С. Залаты век Беларусі. // http://www.belreform.org/conf/conf_padoksh.php
- ^ Акінчыц С. Залаты век Беларусі. // http://www.belreform.org/conf/conf_padoksh.php
- ^ Падокшын С. Беларуская рэфармацыя і ідэя сувэрэнітэту. // http://belreform.org/padokshyn.php
- ^ Падокшын С. Беларуская рэфармацыя і ідэя сувэрэнітэту. // http://belreform.org/padokshyn.php
- ^ Падокшын С. Беларуская рэфармацыя і ідэя суверынетэту. // //http://belreform.org/padokshyn.php
- ^ Гісторыя хрысціянства на Беларусі //https://web.archive.org/web/20100727124251/http://catholic.by/port/history.htm
- ^ Марозава С.Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1556—1839 гады). — Гродна.: БГПІ, 2001—195 с.
- ^ Яковенко М. Н. Реформа грецької церкви: унія, оновленьня православ’я. // http://izbornyk.org.ua/istkult2/ikult235.htm
- ^ Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. — Мн.: «Беллітфонд», 2000. — с.357
- ^ Гудзяк Б. Криза і рєформа:Киівьска мітрополія, Царьградській патріархат і генеза Берестейской уніі. — Львів.:"Асьвета". — 212 с.
- ^ Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. — Мн.: «Беллітфонд», 2000. — с.357
- ^ Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. — Мн.: «Беллітфонд», 2000. — с.416
- ^ Ганчарук І. Палітыка рускага самадзяржаўя ў адносінах да каталіцкага касцёла1772-1830. //http://media.catholic.by/nv/n17/art10.htm
- ^ Ганчарук І. Палітыка рускага самадзяржаўя ў адносінах да каталіцкага касцёла1772-1830. //http://media.catholic.by/nv/n17/art10.htm
- ^ Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Мн., 1940. Т. 2. С. 313—314
- ^ Канфесіі на Беларусі (к. XVIII—XXст.) / Грыгор’ева В. В., Завальнюк У. М., Навіцкі У. І., Філатава А. М.; Навук. рэд. У. І. Навіцкі. — Мн.: ВП «Экапэрспектыва», 1998. — с. 263
- ^ а б Васілевіч Н. Рэлігійны рэнесанс у постсавецкіх грамадствах
- ^ Канфесіі на Беларусі (к. XVIII—XXст.) / Грыгор’ева В. В., Завальнюк У. М., Навіцкі У. І., Філатава А. М.; Навук. рэд. У. І. Навіцкі. — Мн.: ВП «Экапэрспектыва», 1998. — с. 263
- ^ Васілевіч Н. Рэлігійнае поле Беларусі — асноўныя этапы эвалюцыі // Палітычная сфера №6, 2006. — С. 83—90
Літаратура
рэдагаваць- Акінчыц С. Залаты век Беларусі. //http://www.belreform.org/conf/conf_padoksh.php
- Аничков Е. В. Язычество и Древняя Русь. СПб.: 1914. — 136 с.
- Багдановіч А. Перажыткі старажытнага светасузірання ў Беларусі. Этнаграфічны нарыс. — Мн.: Беларусь, 1995—186 с.
- Баравы Р. Хрысціянізацыя тэрыторыі Полацкай і Тураўскай епархій X—XIV ст.
- Васілевіч Н. Рэлігійнае поле Беларусі — асноўныя этапы эвалюцыі // Палітычная сфера №6, 2006. — С. 83-90
- Власовський І. Нарис історії української православної церкви. Ню-Йорк-Київ- Бавнд-Брук, 1990. — 294 с.
- Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Мінск, Ураджай, 2001. −154 с.
- Ганчарук І. Палітыка рускага самадзяржаўя ў адносінах да каталіцкага касцёла 1772-1830.
- Гісторыя хрысціянства на Беларусі
- Гудзяк Б. Криза і рєформа:Киівьска мітрополія, Царьградській патріархат і генеза Берестейской уніі. — Львів.: "Асвета". — 212 с.
- Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. — Мн.: «Беллітфонд», 2000. — 448с
- Канфесіі на Беларусі (к. XVIII—XX ст.) / Грыгор’ева В. В., Завальнюк У. М., Навіцкі У. І., Філатава А. М.; Навук. рэд. У. І. Навіцкі. — Мн.: ВП «Экаперспектыва», 1998. — 340 с.
- Конан Ул. Беларуская ідэя і місія Беларусі // Беларуская думка. 1992. № 11—12.
- Конан Ул. Беларуская нацыянальная ідэя: гістарычны аспект і сучасныя праблемы
- Лурье С. Община, империя, православие в русской этнической картине мира XV—XVII вв. // 03.2001. № 1. С. 105.
- Мальдзіс А. Як жылі нашыя продкі ў XVIII стагоддзі. — Мн.: Лінарыус, 2001. — 383 с.
- Мараш Я. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии в XVIII в. — Мн.: «Ураджай», 1974. — 215 с.
- Марозава С. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1956—1839 гады). — Гродна.: БГПІ, 2001—195 с.
- Об историческом значении «Крещения Руси» // Генезис и развитие феодализма в России. Ленинград, 1987. С. 20—58
- Падокшын С. Беларуская рэфармацыя і ідэя сувэрэнытэту.
- Потій І. Унія греків з костьолом римським 1595 року
- Рэлігія і царква на Беларусі. — Мн.: БелЭн, 2001. — 368 с.
- Яковенко М. Н. Реформа грецької церкви: унія, оновлення православ’я
- Siemakowicz M, Polityka polska wobec szkolnictwa białoruskiego w okresie odbudowy państwowości polskiej «Białoruskiе Zeszyty *Historyczne», Nr15, 2001, s.42.
- Skinner B. Barbara Skinner — Eighteenth-Century Social Values of the Uniate Church. // The Geopolitical Place of Belarus in Europe and the World.: Warsa, Oficyna Wydawnicza Wyższej Szkoły Handlu i Prawa im. Ryszarda Łazarskiego? 2006. — 240 p. ISBN 978-83-60694-03-9