Ярданія

дзяржава ў Заходняй Азіі

Ярда́нія (па-арабску: أردن‎ — У́рдун), Ярданскае Хашыміцкае Каралеўства (المملكة الأردنية الهاشمي — аль-Мамля́ка аль-Урдуні́я аль-Хашымі́я) — арабская дзяржава ў Азіі, мяжуе з Сырыяй, Іракам, Арабіяй Саўдыдаў, Ізраілем і Палестынай. Мае выхад да Чырвонага мора (Акабская затока). Краіна падзяляецца на 12 губэрнатарстваў.

Ярданія
المملكة الأردنية الهاشمية
аль-Мамля́ка аль-Урдуні́я аль-Хашымі́я
Сьцяг Ярданіі Герб Ярданіі
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: Алаг, Айчына, Кароль
Дзяржаўны гімн: «As-salam al-malaki al-urdoni»
Месцазнаходжаньне Ярданіі
Афіцыйная мова арабская
Сталіца Аман
Найбуйнейшы горад Аман
Форма кіраваньня Канстытуцыйная манархія
Абдала II
Хані аль-Мулькі
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
112-е месца ў сьвеце
92 300 км²
0,8
Насельніцтва
 • агульнае (2009)
 • шчыльнасьць
102-е месца ў сьвеце
6 316 000
68,4/км²
СУП
 • агульны (2008)
 • на душу насельніцтва
100 месца ў сьвеце
$32,416 млрд
$5661
Валюта Ярданскі дынар (JOD)
Незалежнасьць 25 траўня 1946 году
Аўтамабільны знак JOR
Дамэн верхняга ўзроўню .jo
Тэлефонны код +962
Мапа Ярданіі
Мапа Ярданіі

Гісторыя

рэдагаваць

Пасьля сканчэньня Першай сусьветнай вайны тэрыторыя сучаснай Ярданіі (менавалася Трансярданіяй) была ўключаная ў склад вялікабрытанскай падмандатавай тэрыторыі Палестына. Аднак у 1921 годзе Вялікабрытанія палічыла мэтазгодным стварыць тут арабскую адміністрацыю на чале з эмірам Абдалом, якая каардынавала б сваю дзейнасьць з прызначаным Лёнданам камісарам.

25 траўня 1946 году краіна была абвешчаная незалежнай дзяржавай і пераназваная ў Ярданскае Хашыміцкае Каралеўства.

Падчас арабска-ізраільскай вайны 1948—1949 гадоў. Ярданія заняла тэрыторыю Заходняга берагу ракі Ярдан (5,9 тыс. км²). У чэрвені 1967 году Заходні бераг быў акупаваны Ізраілем. 31 ліпеня 1988 году Кароль Хусэйн абвясьціў аб скасаваньні адміністрацыйна-юрыдычных сувязяў паміж Ярданіяй і Заходнім берагам.

Палітыка

рэдагаваць

Унутраная палітыка

рэдагаваць

Ярданія — канстытуцыйная манархія. Заканадаўчая ўлада ў адпаведнасьці з канстытуцыяй (прынятая 1 студзеня 1952 году) належыць каралю і Нацыянальнаму сходу (парлямэнту).

З 11 жніўня 1952 году па 7 лютага 1999 году пры ўладзе знаходзіўся кароль Хусэйн Бэн Таляль. Пасьля яго сьмерці 7 лютага 1999 году пасада перайшла да старэйшага сына ад другога шлюбу — Абдалу II Бэн Аль-Хусэйну.

Нацыянальны сход па канстытуцыі складаецца зь дзьвюх палат. Ніжняя — Палата дэпутатаў — абіраецца на 4 гады шляхам усеагульнага, прамога і таемнага галасаваньня. Апошні раз выбары праводзіліся ў чэрвені 2003 году на аснове прынятай у чэрвені 2001 году новай рэдакцыі Закона аб выбарах, у адпаведнасьці зь якім, у прыватнасьці, была павялічана колькасьць дэпутацкіх месцаў (з 80 да 110), паніжаны ўзроставы цэнз выбарнікаў (з 19 да 18 гадоў). З мэтай далейшай дэмакратызацыі была ўведзеная «жаночая квота» — 6 месцаў у парлямэнце. У сьнежні 2003 году сьпікерам палаты абраны А. Маджалі. Верхняя палата — Сэнат (тэрмін паўнамоцтваў 4 гады, аднак у выпадку роспуску Палаты дэпутатаў сэсіі Сэната таксама перапыняюцца) складаецца з 55 чальцоў, прызначаных пэрсанальна каралём. Старшыня Сэната (з чэрвеня 1997 году) — З. Рыфаі.

Унутрыпалітычнае становішча ў Ярданіі на працягу апошніх гадоў застаецца стабільным. З 1988 году ў каралеўстве зьдзяйсьняецца праграма паэтапнай «дэмакратызацыі» грамадзтва. У 1992—1993 гадох былі скасаваныя надзвычайныя законы, легалізаваная дзейнасьць палітычных партыяў. Найбуйнейшая апазыцыйная партыя Фронт ісламскага дзеяньня прадстаўленая ў ніжняй палаце парлямэнта самастойнай фракцыяй (17 дэпутатаў).

З канца 2003 году Абдала II ініцыяваў рэалізацыю маштабнага праекту агульнанацыянальнага дыялёгу па пытаньнях дэмакратычнага разьвіцьця краіны, уключаючы такія тэмы, як пашырэньне грамадзянскіх правоў і воляў, у тым ліку падвышэньне ролі жанчын у сацыяльна-палітычнага жыцьці, лібэралізацыя СМІ, барацьба з карупцыяй. Традыцыйна падвышаную ўвагу кароль надае ўмацаваньню сілавых структураў. Цяпер узброеныя сілы Ярданіі складаюць каля 90 тысячаў чалавек.

Вонкавая палітыка

рэдагаваць

Прыярытэтным напрамкам вонкавай палітыкі Ярданіі зьяўляецца блізкаўсходняе ўрэгуляваньне. З 1991 году яна актыўна ўдзельнічае ў мірным працэсе. 26 кастрычніка 1994 году каралеўства падпісала мірную дамову з Ізраілем. Галоўны вэктар высілкаў ярданцаў у палестына-ізраільскіх справах накіраваны на спыненьне гвалту, стабілізацыю становішчы і хутчэйшае выкананьне «дарожнай карты».

У пытаньнях урэгуляваньня вакол Іраку Аман зыходзіць зь неабходнасьці пасоўваньня наперад згодна з рэзалюцыяй 1546 СБ ААН, і дасягненьня нацыянальнай згоды ў гэтай краіне. У каралеўстве выказваюць сур’ёзную занепакоенасьць з нагоды магчымай маргіналізацыі сунітаў у Іраку, а таксама верагоднасьці дэзінтэграцыі ірацкай дзяржавы.

Значная ўвага надаецца далейшаму ўмацаваньню палітыка-эканамічнага ўзаемадзеяньня з арабскімі краінамі, у першую чаргу Эгіптам, Сырыяй, дзяржавамі Пэрсыдзкай затокі.

ЗША і Вялікабрытанія разглядаюцца ў Ярданіі ў якасьці важкіх зьнешнепалітычных партнэраў. У 2000 годзе Ярданія стала чацьвертай дзяржавай у сьвеце, якая падпісала дамову аб вольным гандлі з ЗША.

У апошнія гады Ярданія ўдзельнічае ў дыялёгу НАТА побач з краінамі паўднёвага Міжземнамор’я. Наладжваецца яе супрацоўніцтва з Турэччынай у сфэры бясьпекі, вайсковых сувязяў.

У 1997 годзе паміж Ярданіяй і Эўрапейскім Зьвязам складзена дамова аб асацыяцыі (ратыфікавана ў 1999 годзе). У сьнежні 1999 годзе Ярданія ўступіла ў СГА.

Ярданія — чалец ААН (з 1955 году), ЛАД (з 1945 году), АІК.

Эканоміка

рэдагаваць

З прыродных багацьцяў Ярданія валодае толькі значнымі радовішчамі фасфатаў, па запасах якіх (больш за 1,5 млрд тон) займае чацьвертае месца ў сьвеце. Галоўны галіны эканомікі — горназдабываючая, банкаўска-фінансавая, сельская гаспадарка, турызм, сфэра паслугаў.

З 1999 году ў каралеўстве пад патранажам МВФ рэалізуецца праграма эканамічнага аздараўленьня. У яе межах праводзіцца рэструктурызацыя і прыватызацыя дзяржсэктара, вага якога ў нацыянальнай гаспадарцы складала да 80%, карэнная мадэрнізацыя эканамічнага заканадаўства.

Асноўныя гандлёвыя партнэры каралеўства — ЗША, Кітай, Саудаўская Арабія, Нямеччына, Ірак, Індыя і Ізраіль.

Да пачатку ЗША і іх хаўрусьнікамі вайсковай апэрацыі ў Іраку ў сакавіку 2003 году гэтая краіна зьяўлялася найбуйнейшым гандлёва-эканамічным партнэрам Ярданіі ў рэгіёне, практычна цалкам забясьпечвала каралеўства энэрганосьбітамі па палёгкавым кошце. Пасьля зьвяржэньня рэжыму Садама Хусэйна аб’ёмы супрацоўніцтва з Багдадам значна зьнізіліся.

Грашовая адзінка — ярданскі дынар, прыблізна роўная 1,4 даляру ЗША.

Дэмаграфія

рэдагаваць

Насельніцтва — 5,76 млн чалавек (2005). Штогадовы прырост — 2,8%. Больш за 50% насельніцтва — арабы-палестынцы, у тым ліку 1,57 млн — афіцыйна зарэгістраваныя палестынскія ўцекачы. Астатняя частка — арабы-ярданцы, чаркесы (каля 35 тыс.), чачэнцы (4 тыс.), армяне (3 тыс.) і іншыя.

Найбуйнейшыя гарады: Аман (больш за 1,5 млн), Ірбід (950 тыс.), Зарка (601 тыс.).

Дзяржаўная рэлігія — іслам суніцкага толку. 93 % насельніцтва — мусульмане, 7 % — хрысьціяне.

Культура

рэдагаваць

Нацыянальныя сьвяты: 25 траўня — Дзень незалежнасьці (1946); 10 ліпеня — Дзень арабскай рэвалюцыі (1916), 9 чэрвеня — Дзень каранаваньня караля Абдалы II (1999). Адзначаюцца асноўныя рэлігійныя мусульманскія сьвяты.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Ярданіясховішча мультымэдыйных матэрыялаў