Магілёўская вобласьць
Магілёўская во́бласьць — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Беларусі. Плошча вобласьці складае 29 тыс. км². Насельніцтва на 2018 год — 1 058 746 чалавек[1]. Адміністрацыйны цэнтар — места Магілёў.
Магілёўская вобласьць | |
Сьцяг | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Статус | вобласьць |
Адміністрацыйны цэнтар | Магілёў |
Улучае | 21 раён |
Найбуйнейшыя гарады | Бабруйск Горкі Асіпавічы Крычаў |
Дата ўтварэньня | 15 студзеня 1938 |
Старшыня аблвыканкаму | Уладзімер Даманеўскі |
Насельніцтва (2018) | 1 058 746[1] (11,2%, 5-е месца) |
Шчыльнасьць | 36,5 чал./км² |
Нацыянальны склад | беларусы — 88,7% расейцы — 7,8% украінцы — 1,2%[2] |
Плошча | 29 тыс. км² |
Вышыня па-над узр. м. · найвышэйшы пункт · сярэдняя вышыня · найніжэйшы пункт | 239 м 191 м[3] 126 м |
Месцазнаходжаньне Магілёўскай вобласьці | |
![]() | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Часавы пас | UTC +3 |
Код ISO 3166-2 | BY-MA |
Тэлефонны код | +375-22 |
Паштовыя індэксы | 212 ххх, 213 ххх |
Код аўтам. нумароў | 6 |
Афіцыйны сайт | |
![]() |
ГісторыяРэдагаваць
- ХII стагодзьдзе: са складу Смаленскага вылучылася Амсьціслаўскае ўдзельнае княства.
- ХIII стагодзьдзе: першыя згадкі пра Магілёўскую воласьць (староства).
- 1566: Магілёўскае староства Амсьціслаўскае ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага, пазьней Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.
- 1772: Магілёўская губэрня Расейскай імпэрыі.
- 1863—1864: удзельнікі нацыянальна-вызваленчага паўстаньня пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага ўтварылі Магілёўскае ваяводзтва.[4]
- 1 студзеня 1919: Магілёўскі раён у складзе Беларускай ССР.[5]
- 15 студзеня 1938: Магілёўская вобласьць БССР.
- 27 ліпеня 1990: Магілёўская вобласьць у складзе незалежнай Беларусі.
На 2010 год у Магілёўскай вобласьці налічвалася 190 сельсаветаў. 3 сьнежня 2013 году Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў зацьвердзіў Рашэньне аб зьменшэньні іх ліку са 171 да 155. У вобласьці было 203 аграгарадкі 190 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, зь якіх прынамсі адно знаходзілася ў кожным сельсавеце[6]. За 2009—2013 гады ў Магілёўскай вобласьці скасавалі 40 сельскіх Саветаў. Прычынай паслужыла зьмяншэньне насельніцтва ў іх да менш як 1000 жыхароў, што пацягнула за сабой закрыцьцё бібліятэк, школаў і фэльчарска-акушэрскіх пунктаў празь немагчымасьць утрыманьня. Папярэдне Адміністрацыя прэзыдэнта Беларусі распрацавала Рэкамэндацыі аб наяўнасьці ў сельсавеце прынамсі 2000 жыхароў[7].
8 чэрвеня 2015 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 235 «Аб сацыяльна-эканамічным разьвіцьці паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласьці», паводле якога з 1 ліпеня 2015 году да 31 сьнежня 2020 году ўвёў 4 перавагі для 7 з 21 раёну вобласьці: Касьцюковіцкага і Клімавіцкага, Краснапольскага і Крычаўскага, Прапойскага і Хоцімскага, а таксама Чэрыкаўскага. Гэтыя перавагі ўлучалі: 1) паніжэньне падаходнага падатку з 13 да 10 %, 2) скарачэньне страхавога ўнёску наймальніка ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва на выпадак дасягненьня пэнсійнага веку, інваліднасьці і страты кармільца з 28 да 24-х %, 3) фінансаваньне 50 % выдаткаў за кошт рэспубліканскага бюджэту на стварэньне інжынэрна-транспартнай інфраструктуры для ўкладаньняў у прамысловасьць і сельскую гаспадарку, 4) пазыка на 20 гадоў пад 1 % гадавых на будаўніцтва і набыцьцё жытла. 28 траўня 2020 году А. Лукашэнка зацьвердзіў Указ № 177 «Аб захадах па разьвіцьці паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласьці», паводле якога працягнуў дзеяньне Ўказу № 235 да 2025 году. Пры гэтым, прадпрыемствам мелі пакрыць да 35 % капітальных выдаткаў на ўкладаньні, зацьверджаныя ўрадам на падставе прапановаў Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэту. У грамадзянаў зьявілася магчымасьць атрымаць ва ўласнасьць незапатрабаваныя жылыя памяшканьні і арэнднае жытло[8].
Геаграфічнае становішчаРэдагаваць
Магілёўская вобласьць разьмешчаная на ўсходзе Беларусі. Максымальная працягласьць тэрыторыі з поўначы на поўдзень — 150 км, а з усходу на захад — больш за 300 км. Тэрыторыя вобласьці займае 29 тыс. км².
На поўдні мяжуе з Гомельскай вобласьцю, на захадзе — зь Менскай, на поўначы — зь Віцебскай абласьцямі Беларусі, на ўсходзе — са Смаленскай, на паўднёвым-усходзе — з Бранскай абласьцямі Расеі.
РэльефРэдагаваць
Паверхня вобласьці пераважна раўнінная. Усходнюю частку займае Аршанска-Магілёўская раўніна, заходнюю — Цэнтральнабярэзінская раўніна. На паўночным захадзе разьмешчаная частка Аршанскага ўзвышша, на паўночным усходзе знаходзяцца Горацка-Амсьціслаўская раўніна і частка Смаленскага ўзвышша, дзе разьмешчаны найвышэйшы пункт вобласьці — 239 м над узроўнем мора. Пераважаюць вышыні 150—200 мэтраў, найніжэйшая адзнака Магілёўскай вобласьці — 126 мэтраў (абалона ракі Сож, ніжэй за вёску Гайшын Прапойскага раёну). Перапад вышыняў паміж найвышэйшым і найніжэйшым пунктамі вобласьці складае ўсяго 113 мэтраў.
Карысныя выкапніРэдагаваць
На тэрыторыі рэгіёну знаходзяцца радовішчы разнастайных карысных выкапняў, у тым ліку ўнікальных для Беларусі — фасфарытаў. У вобласьці сканцэнтраваныя найбуйнейшыя ў краіне запасы цэмэнтавай сыравіны (крэйда, мэргель, гліны і суглінкі цэмэнтавыя), буйныя запасы будаўнічых і сылікатных пяскоў, пяскова-жвіровых сумесяў, торфу, бузаў, мінэральных водаў. Ва ўсходняй частцы вобласьці (на тэрыторыі Хоцімскага раёну) знаходзяцца вялізныя запасы мінэральнай сыравіны — трэпэла, які характарызуецца высокімі тэхналягічнымі ўласьцівасьцямі.
Клімат і расьліннасьцьРэдагаваць
Клімат умерана-кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня ад −8,2 °C на паўночным усходзе да −6, °С на паўднёвым захадзе, у ліпені ад +17,8 °C на паўночным усходзе да +18,7 °C на паўднёвым захадзе. Вэгетацыйны пэрыяд працягваецца 180—190 дзён. За год выпадае 575—675 мм ападкаў, 70% зь іх прыпадае на красавік-кастрычнік.
Лес займае 37%[9] тэрыторыі вобласьці, у асноўным гэта іглічныя пароды (54,9%), ёсьць таксама яловыя і бярозавыя па 15,1%, алешнікавыя 5,6%, дубовыя 5,4%. Плошча дзяржаўнага ляснога фонду складае больш за 1 млн га. Захаваліся ўнікальныя абалонавыя дубровы ў далінах Бярэзіны і Дняпра.
На 2021 год у вобласьці разьмяшчалася 66 мясцовых заказьнікаў і 5 рэспубліканскіх — Астравы Дулебы, Заазер’е, Прапойскі, Старыца і Сьвіслацка-Бярэзінскі. Сярод іх, Астравы Дулебы, Заазер’е і Сьвіслацка-Бярэзінскі заказьнік уваходзілі ў Сусьветны сьпіс водна-балотных угодзьдзяў. Аддаленасьць заказьнікаў ад местаў павялічвае іх рэкрэацыйную каштоўнасьць. Унікальныя азёры ў гэтых заказьніках маюць ледавіковае паходжаньне.
ГідраграфіяРэдагаваць
Тэрыторыя Магілёўшчыны належыць басэйну Дняпра, які перасякае вобласьць з поўначы на поўдзень. Яго найбуйнейшыя прытокі Лахва, Друць, Бярэзіна (праваруч), Сож (леваруч). Найбуйнейшыя прытокі Бярэзіны — Сьвіслач, Ольса, Ала; Друці — Восьлік, Вабіч, Грэза; Сажа — Лабжанка, Волчас, Проня з Басяй і Растай, Бесядзь з Суравам і Жадунькай; на паўднёвым захадзе цячэ рака Пціч (прыток Прыпяці).
Найбуйнейшыя вадасховішчы — Чыгірынскае (на рацэ Друць) і Асіпавіцкае (на рацэ Сьвіслач).
ТранспартРэдагаваць
Тэрыторыю вобласьці перасякаюць чыгункі Віцебск — Ворша — Магілёў — Жлобін, Жлобін — Бабруйск — Менск, Ворша — Крычаў — Унеча, Крычаў — Магілёў — Асіпавічы. Іх працягласьць звыш 800 км. Найбольш важныя вузлы Магілёў, Бабруйск, Асіпавічы, Крычаў.
Асноўныя аўтамагістралі: Санкт-Пецярбург — Кіеў, Рослаў (Расея) — Бабруйск — Берасьце, Магілёў — Менск, Магілёў — Бабруйск. Дарогі зь цьвёрдым пакрыцьцём складаюць 8 тыс. км. Даўжыня эксплюатуемых водных шляхоў (Дняпро, Бярэзіна, Сож) больш за 400 км.
ПрамысловасьцьРэдагаваць
Магілёўшчына мае вялікі прамысловы патэнцыял. Тут выпускаецца 100% шынаў для аўтамабіляў і сельгасмашынаў, ліфтаў, цюлю-гардынных вырабаў, магнітафонаў, 76% хімічных валокнаў і нітак, 67% гумовага абутку, 52% электрарухавікоў. Асноўныя прамысловыя прадпрыемствы сканцэнтраваныя ў Магілёве і Бабруйску. Гэтыя месты зьяўляюцца шматгаліновымі цэнтрамі. У вобласьці функцыянуе вольная эканамічная зона «Магілёў». На 2023 год дзейнічала 1600 прамысловых прадпрыемстваў. Сярод іх найбольшымі былі «Белшына» ў Бабруйску, «Магілёўліфтмаш», «Бабуліна крынка», «Магілёўхімвалакно» і «Магатэкс» у Магілёве, а таксама «Беларускі цэмэнтны завод» у Касьцюковічах[10].
Сельская гаспадаркаРэдагаваць
Агульная плошча сельскагаспадарчых земляў складае 50,3% тэрыторыі вобласьці. За 1986—1991 гады зь сельгаззвароту выведзеныя 47 тыс. га забруджаных земляў. Глебы ў асноўным дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, суглінкавыя, супясковыяыя, пясковыя. 18% пад лугамі, у большасьці сваёй — нізіннымі. Вядучую ролю ў аграпрамысловым комплексе грае расьлінаводзтва. Жывёлагадоўля мае малочна-мясны кірунак. У шэрагу раёнаў спэцыялізаваныя гаспадаркі займаюцца футравым зьвераводзтвам, разьвядзеньнем рыбы. Ёсьць птушкафабрыкі. У цяперашні час праводзіцца рэфармаваньне сельскагаспадарчага комплексу. Ствараюцца вытворчыя каапэратывы, АТ, працуюць калгасы, саўгасы, фэрмэрскія й дапаможныя гаспадаркі. На 2023 год працавала 198 земляробчых прадпрыемстваў[10].
НасельніцтваРэдагаваць
- 2018 год — 1 058 746 чал.[1]
- 2017 год — 1 064 409 чал.[11]
- 2016 год — 1 067 645 чал.[12]
- 2014 год — 1 072 500 чал.[13]
Колькасьць насельніцтва Магілёўскай вобласьці складае 1137,5 тысячаў чалавек. У тым ліку ў сельскай мясцовасьці пражывае 290,5 тысячаў чалавек, у местах — 847 тысячаў. У Магілёўскай вобласьці 602,9 тысячы жанчын і 534,6 тысячы мужчын. Колькасьць дзяцей ва ўзросьце да 18 гадоў складае 288,1 тысячаў, людзей старэй за працаздольны ўзрост — 267,3 тысячаў.
Сярэдняя колькасьць працаўнікоў народнай гаспадаркі Магілёўскай вобласьці 385 тысячаў чалавек. У тым ліку на прадпрыемствах і ў арганізацыях сельскай гаспадаркі працуюць 49,2 тысячаў чалавек, у прамысловасьці — 115 тысячаў, у адукацыі — 54 тысячы, у ахове здароўя — 29,8 тысячаў, у сфэры сацыяльнага забесьпячэньня — 2,7 тысячы.
Нацыянальны склад насельніцтва (перапіс 2009 году): беларусы — 88,7%, расейцы — 7,8%, украінцы — 1,2%, іншыя — 2,3%[2].
На тэрыторыі Магілёўскай вобласьці дзейнічае 157 рэлігійных суполак, 16 канфэсіяў і веравызнаньняў, праваслаўнае эпархіяльнае ўпраўленьне, праваслаўны жаночы манастыр.
Сярод іх 69 суполак Беларускай праваслаўнай царквы, 17 — Рымска-каталіцкага касьцёлу, 6 — Стараверскай царквы, 1 — Грэка-каталіцкай царквы, 29 — Эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў, 4 — Рады цэркваў ЭХБ, 31 — Хрысьціянаў веры Эвангельскай, 3 — Адвэнтыстаў 7-га Дня, 2 — Наваапостальской царквы, 1 — Хрысьціянаў Поўнага Эвангельля, 1 — Царквы Хрыстовай, 1 Сьведак Еговы, 3 — Юдайскай рэлігіі, 2 — Прагрэсіўнага юдаізму, 1 — Мусульманскай рэлігіі, 2 — Крышнаітаў.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзелРэдагаваць
Вобласьць налічвае 21 раён, 17 местаў, 6 мястэчак, 3120 вёсак.
КрыніцыРэдагаваць
- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ а б Перепись населения — 2009. Могилёвская область. Национальный состав населения(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ GeoNames (анг.) — 2005.
- ^ Міхась Біч. Паўстанне 1863—1864 гг. Кастусь Каліноўскі // Гістарычны Альманах. Том 6, 2002
- ^ У якіх межах былі абвешчаныя Беларуская Народная Рэспубліка і БССР? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Нэлі Зігуля. Новыя межы // Мясцовае самакіраваньне. — 4 сьнежня 2013. — № 21 (319). — С. 1.
- ^ Нэлі Зігуля. Сельская ўлада мяняе «прапіску» // Мясцовае самакіраваньне. — 5 лютага 2014. — № 2 (322). — С. 1, 2.
- ^ Паўднёва-ўсходні рэгіён Магілёўскай вобласьці // Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, 2022 г. Праверана 31 кастрычніка 2022 г.
- ^ Канстанцін Карнялюк (9 лютага 2011) Мы тут душой чысьцеем. Газэта «Зямля і людзі». Праверана 25 студзеня 2013 г.
- ^ а б Даты гісторыі: 85 гадоў Віцебскай, Гомельскай, Менскай і Магілёўскай абласьцям // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 12 студзеня 2023 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ [1](анг.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 9 лютага 2014
ЛітаратураРэдагаваць
- Могилевская область // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.