Нафта

прыродная палкая вадкасьць

На́фта (пэрс. نفت‎ — трансьліт. нафт) — гаручая алеістая вадкасьць са спэцыфічным водарам, распаўсюджаная ў асадачнай абалонцы Зямлі.

нафта
прадукт, nonmineral, сумесь, гандлёвы тавар
Падкляса адарганічнае немінэральнае злучэньне, выкапнёвае паліва Рэдагаваць
Класыфікацыйны код ААНF1 Рэдагаваць
Код Гарманізаванай сыстэмы331 Рэдагаваць

Ёсьць найважнейшым карысным выкапнем. Утвараецца разам з газападобнымі вуглевадародамі на глыбіні 1,2—2 км. Паблізу ад паверхні нафта пераўтвараецца ў густую мальту, паўцьвёрды асфальт і іншыя. Складаецца з розных вуглявадародаў (альканаў, цыкляальканаў, арэнаў — араматычных вуглевадародаў — і іх гібрыдаў) і злучэньняў, якія ўтрымліваюць акрамя вугляроду і вадарод — тлен, серку і азот. Нафта моцна розьніцца па колеры (ад сьветла-карычневай, амаль бескаляровай, да цёмна-бурай, амаль чорнай) і па гаматнасьці — ад лёгкай (0,65—0,7 г/см³) да цяжкай (0,98—1,05 г/см³).

Нафта — вадкая гідрафобная фаза прадуктаў пахаваньня арганічнага рэчыва ў асадкавых адкладах. Нафтаўтварэньне — доўгі працэс (некалькі мільёнаў гадоў). Выдзяляюць некалькі этапаў утварэньня нафты: падрыхтоўчы, пад час якога пад узьдзеяньнем біяхімічных і біякаталітычных чыньнікаў утвараецца расьсеяная ў мацярынскай пародзе нафта (мікранафта); галоўная, калі ў выніку бітумізацыі ўтвараецца асноўная маса мікранафты, адбываецца яе «высьпяваньне», збліжэньне па складу са звыклай нафтай і міграцыя ў калектары, а потым у пасткі; пастумная, калі ўзмацняецца назапашваньне нізкамалекулярных вуглявадародаў, што садзейнічае ўтварэньню лёгкай газарастворанай нафты — газакандэнсата; паступова газы становяцца ўсё больш «сухімі» (г. зн. багатымі на СН4).

Лічыцца, што асноўным зыходным рэчывам нафты зьяўляецца плянктон, які забясьпечвае найбольшую біяпапуляцыю ў вадзе і назапашваньне ў адкладах арганічнага рэчыва, характэрызуючагася высокім утрыманьнем вадароду. Пароды, якія ўтварыліся з адкладаў, утрымліваючых такое арганічнае рэчыва, патэнцыяльна нафтавыя.

Здабыча нафты

Нафта знаходзіцца ў нетрах у выглядзе скапленьняў рознага аб’ёму ад некалькіх мм³ да некалькіх дзясяткаў млрд м³. Прамысловы інтарэс маюць паклады нафты з масай ад некалькіх тыс. т і больш, якія знаходзяцца ў порыстых пародах-калектарах.

На міжнародным рынку нафту прынята вымяраць барэлямі.

Гісторыя рэдагаваць

Пачатак ужываньня нафты чалавекам археолагі адносяць да 6 тыс. да н. э. У 3 тыс. да н. э. у дзяржавах Мэсапатаміі і Эгіпце асфальт ужывалі як злучаючае і вадастойкае рэчыва разам зь пяском і вапнай для выпрацоўкі мастыкі, ужываемай пры збудаваньні будынкаў з цэглы і каменя, дамб, і дарог. Нафту палілі ў ліхтарах і ўжывалі ў якасьці лекаў. Яе выкарыстоўвалі і ў вайсковай справе як гаручае рэчыва разам з салетрай, серай і смалой для вытворчасьці «вогненых стрэлаў» і «вогненых гаршкоў». У Сярэднявеччы ўспаміны аб нафце сустракаюцца ў пісьменьнікаў Блізкага і Сярэдняга Ўсходу, Сярэдняй Азіі і Заходняй Эўропы. У 18 стагодзьдзі зьяўляюцца першыя навуковыя працы аб нафце.

Сусьветная здабыча нафты падвойваецца прыкладна кожнае дзесяцігодзьдзе. У 1938 годзе яна складала каля 280 млн т, у 1950 годзе — каля 550 млн т, у 1960 годзе — больш за 1 млрд т, у 1970 годзе — больш за 2 млрд т. Па прагнозных паказчыках штогадовае спажываньне нафты ў 2018 годзе можа дасягнуць 3 млрд т.

Прадукты нафтапераапрацоўкі ў 1990-я гады склалі болей за палову сусьветнага аб’ёму вытворчасьці арганічных рэчываў і болей за траціну прадукцыі ўсёй хімічнай прамысловасьці. Нафта замяніла такую сыравіну для хімічнай прамысловасьці як каменны вугаль, зерне, дрэва. Нафтахімічныя прадукты выкарыстоўваюць для атрыманьня растваральнікаў, лекаў, фарбаў, інсектыцыдаў, плястыку, гумы, тэкстылю і г. д.

Сусьветныя запасы (млрд тон):
Рэгіён Вядомыя запасы
Блізкі Ўсход 82
Краіны СНД 51
Афрыка 34
Лацінская Амэрыка 31
Далёкі Ўсход і Акіянія 27
ЗША 27
Кітай 17
Канада 13
Заходняя Эўропа 3
Усяго 285

У 2015 годзе нафтаздабыча была найбольшай у: 1) Расеі — 579,692 млн тонаў, 2) Саудаўскай Арабіі — 501,342 млн тонаў, 3) ЗША — 476,5 млн тонаў. У верасьні 2016 году 13 дзяржаваў-ўдзельніц Арганізацыі краінаў-экспартэрак нафты (Аўстрыя) павялічылі нафтаздабычу да 33,39 млн бочак. Тым часам, мытнае ведамства Кітаю згадала пра рост увозу нафты на 18 % год да году ў верасьні да 8,04 млн бочак за содні. У выніку Кітай стаў найбольшым імпартэрам нафты ў сьвеце. Пры гэтым замежныя закупкі нафты ў Кітаі павялічылі да 8,08 млн бочак за содні (33,06 млн тонаў за месяц у цэлым). Урэшце, 92 % насельніцтва Зямлі запраўлялі свае самаходы такімі нафтапрадуктамі, як бэнзін і салярка[1].

Беларусь рэдагаваць

Вядомыя нафтарадовішчы месьцяцца на Прыпяцкім прагіне, пераважна ў Гомельскай вобласьці. Першае прамысловае радовішча адкрылі ў Рэчыцкім раёне ў 1964 годзе. У сакавіку 2015 году каэфіцыэнт да сусьветнай цаны нафты, што складала $55 за барэль, для Беларусі складаў 0,7[2].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Захар Бурак. Танцы з баралем // Зьвязда : газэта. — 18 кастрычніка 2016. — № 201 (28311). — С. 13. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ БелаПАН. Ратыфікаваны пратакол, які нівэлюе наступствы рэалізацыі РФ падатковага манэўра // Наша Ніва, 9 красавіка 2015 г. Праверана 15 красавіка 2015 г.