Зьезд беларускіх нацыянальных арганізацыяў (1917)

Зьезд белару́скіх нацыяна́льных арганіза́цыяў — зьезд прадстаўнікоў беларускіх нацыянальных арганізацыяў у Менску 25—27 сакавіка [ст. ст. 7—9 красавіка] 1917, на якім быў створаны Беларускі Нацыянальны Камітэт і прынятая ягоная праграма, якая падтрымала Часовы ўрад Расеі і агучвала патрабаваньне ўвядзеньня аўтаноміі Беларусі ў складзе фэдэрацыйнай Расеі, палітычнае і культурнае адраджэньне беларускага народу.

Мінуўшчына

рэдагаваць

Зьезд быў скліканы з ініцыятывы менскага беларускага Нацыянальнага камітэту, на чале якога стаяў Раман Скірмунт, і прадстаўнікоў менскага аддзелу БСГ, на чале якога стаяў Аркадзь Смоліч. Скірмунт і Смоліч добра ведалі адзін аднаго, бо Скірмунт быў чальцом, а Смоліч — супрацоўнікам Менскага таварыства сельскай гаспадаркі. Яшчэ да зьезду буйныя маянткоўцы Эдвард Вайніловіч (старшыня Менскага таварыства сельскай гаспадаркі), князь Станіслаў Радзівіл і даўняя мэцэнатка беларускамоўнага друку княгіня Магдалена Радзівіл ахвяравалі на патрэбы Рамана Скірмунта і будучага БНК (Менскага) значныя фінансавыя сродкі[1].

25 сакавіка 1917 г., напярэдадні зьезду, БСГ на сваёй канфэрэнцыі выступіла ў падтрымку Часовага ўраду Расеі, ухваліла ўвод у ягоны склад прадстаўніка расейскіх эсэраў (Аляксандра Керанскага[a]) і выступіла з патрабаваньнем аўтаноміі Беларусі ў складзе фэдэратыўнай Расейскай рэспублікі[2]. Да гэтага часу ідэю аўтаноміі Беларусі выказвалі й іншыя партыі і арганізацыі, у першую чаргу тыя, якія былі пад уплывам буржуазна-памешчыцкага «блёку» зь ліку каталіцкіх маянткоўцаў і інтэлігенцыі[3]. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі (1917) і ўстанаўленьня ўлады Часовага ўраду Расеі, на працягу сакавіка 1917 у Менску Камітэт грамадзкай бясьпекі і менская гарадзкая дума надавалі пэўную ўвагу беларускаму насельніцтву гораду толькі тым, што друкавалі на беларускай мове загады і адозвы Часовага ўраду Расеі, але не аб’яўлялі аб жаданьні стварэньня аўтаноміі Беларусі[4].

На зьезьдзе ў Менску 25—27 сакавіка (7—9 красавіка) 1917 г. прысутнічала каля 150 прадстаўнікоў розных беларускіх арганізацыяў і прадстаўнікоў грамадзкасьці Менску: бежанскіх камітэтаў, камітэтаў дапамогі пацярпелым ад вайны, прадстаўнікі БСГ, Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, Беларускай партыі народных сацыялістаў, Народнай дэмакратычнай партыі і дзеячы, якія не прадстаўлялі якой-небудзь канкрэтнай арганізацыі, прадстаўнікі Петраградзкага і Менскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў (адзіны прадстаўнік — І. Кузьміцкі)[5]. Трэба адзначыць, што выбары дэлегатаў на зьезд не праводзіліся, а спэцыяльныя запрашэньні на зьезд адпраўляў Аркадзь Смоліч[6].

Асноўная мэта зьезду — выпрацоўка ў новых гістарычных умовах поглядаў на будучы лёс і палітычны лад Беларусі[7].

Старшынём зьезду быў абраны Казімер Кастравіцкі (Карусь Каганец), а намесьнікамі — памочнік менскага губэрнскага камісара (ад Часовага ўраду Расеі) расейскі эсэр І. Метлін і юрыст Павал Аляксюк[6]. У пачатку зьезду былі зачытаныя прывітальныя прамовы дэлегатаў і тэлеграмы ад непрысутных прадстаўнікоў беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху, а таксама нацыянальных арганізацыяў Украіны і Летувы[6]. Павал Аляксюк выступіў з прамовай аб мінулым і будучым Беларусі; з дэклярацыяй ад імя БСГ выступіў Аркадзь Смоліч; з дэклярацыяй ад імя Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі выступіў ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі — указваў, што беларускаму народу, каб быць моцным, трэба мець нацыянальную мову, школу, культуру і аўтаномію[8]. Накіраванасьць усіх выступленьняў была прасякнутая ідэяй грамадзянскага прымірэньня ўсіх клясаў і сацыяльных слаёў Беларусі[6].

На зьезьдзе аднадушна было прынята рашэньне паслаць прывітальныя тэлеграмы Часоваму ўраду Расеі, Менскаму Савету рабочых і салдацкіх дэпутатаў, беларускім нацыянальным арганізацыям гораду і жаўнерам у акопах на лініі расейска-нямецкага фронту[6]. Адзіным дысанансам агульнаму тону зьезду стала выступленьне І. Мятліна (памочніка менскага губэрнскага камісара), які выказаўся, што нацыянальны рух на Беларусі «не натуральны, бо пад ім няма цьвёрдага фундамэнту народных нізоў», таму замест узьняцьця беларускага нацыянальнага пытаньня і формы палітычнай суб’ектнасьці Беларусі трэба яднаць усе сацыял-дэмакратычныя сілы для ўмацаваньня заваёў рэвалюцыі і ўдзелу восеньню 1917 г. ва Ўстаноўчым сходзе Расеі[9]. Прысутныя асудзілі падобныя заявы і вымусілі І. Мятліна і ягоных прыхільнікаў пакінуць зьезд[7].

25 сакавіка зьезд абраў камісіі: арганізацыйная (узначаліў Павал Аляксюк), агітацыйна-палітычная (Алесь Бурбіс), фінансавая (Эдвард Будзька), школьная (Браніслаў Тарашкевіч), друку (Зьміцер Жылуновіч), земская (Сталпоўскі), этнаграфічная (Міхаіл Кахановіч)[7].

26 сакавіка адбыліся выступленьні ад камісій. Аркадзь Смоліч (ад агітацыйнай камісіі) указаў на важнасьць усьведамленьня беларускімі сялянамі гістарычнага моманту і важнасьці арганізаванасьці, акцэнтаваўшы на значнасьць у гэтым працэсе ролі сельскіх настаўнікаў. Рэзалюцыя агітацыйнай камісіі адзначыла неабходнасьць стварэньня прапагандысцкіх арганізацыяў на вёсцы — у першую чаргу ўтварэньня сялянскіх і настаўніцкіх суполак і саюзаў і правядзеньня іх зьездаў, арганізацыі каапэратываў[10]. Ад адукацыйнай камісіі і друку Тарашкевіч і Жылуновіч афіцыйна выказаліся пра неабходнасьць адкрыцьця беларускага ўнівэрсытэту й іншых ВНУ, паступовы пераход пачатковых школ на родную мову навучаньня, стварэньня падручнікаў на роднай мове (у тым ліку па гісторыі краю), адкрыцьця курсаў беларускай мовы для падрыхтоўкі настаўнікаў, пашырэньне пазашкольнай асьветы. Прынятае рашэньне пра арганізацыю таварыства «Прасьвета» і выданьне газэты[11].

Этнаграфічная камісія адзначыла, што ў склад Беларусі ўваходзяць Менская, Гарадзенская, Магілёўская, часткі Смаленскай і Чарнігаўскай губэрняў, стварыла камісію для ўдакладненьня ейных межаў (Яўхім Карскі, Аляксей Шахматаў, Мацьвей Любаўскі, Мітрафан Доўнар-Запольскі). Асновай тэрыторыі аўтаномнай Беларусі вызначаліся пяць губэрняў: Віленская, Гарадзенская, Менская, Віцебская і Магілёўская[12]. Дэлегаты выказалі пратэст супраць уключэньня ўсёй Віленскай губэрні ў склад Летувіскай Рэспублікі. Камісія выказала пратэст на зварот дэпутацыі Летувіскага нацыянальнага камітэту да Часовага ўраду Расеі, у якім летувіскі камітэт выказаў жаданьне ўстанавіць свой (а не беларускі) адміністрацыйны кантроль над той часткай Віленскай губэрні, якая не была занята немцамі, а знаходзілася пад кантролем Часовага ўраду Расеі. Этнаграфічная камісія зьезду свой пратэст на летувіскія прэтэнзіі абапірала зьвесткамі, што больш паловы Віленскай губэрні складаюць беларусы[13].

Фінансавая камісія прапанавала стварыць аддзел для арганізацыі беларускага нацыянальнага банка. Эдвард Будзька праінфармаваў, што на патрэбы далейшай работы ў ствараны нацыянальны фонд ужо ўнесена 2000 рублёў ад петраградзкіх рабочых-беларусаў[14].

Самыя важныя палажэньні прагучалі ад арганізацыйнай камісіі: Павал Аляксюк агучыў рашэньні арганізацыйнай камісіі зьезду: 1) лічыць неабходным стварэньне ў Менску ў найбліжэйшы час Беларускай Краёвай Рады — найвышэйшага органа ўлады аўтаномнай Беларусі ў складзе фэдэратыўнай Расейскай рэспублікі; 2) да выбараў у Беларускую Краёвую Раду «найвышэйшай краёвай інстытуцыяй» зьяўляецца зьезд, які абірае Беларускі Нацыянальны Камітэт (у Менску)[15]. Зьезд па сутнасьці выказаўся ад імя ўсяго беларускага народа[16].

Аграрнае пытаньне на зьезьдзе не абмяркоўвалася. З вуснаў некаторых прадстаўнікоў БСГ (партыя адрадзілася зь небыцьця ў дзень пачатку работы зьезда) гучала патрабаваньне аб радыкальным вырашэньні аграрнага пытаньня (скасаваньня прыватнай уласнасьці на зямлю), але гэта не адлюстравалася ў выніковых рэзалюцыях зьезду[12].

Зьезд падтрымаў рашэньне аб аўтаноміі Беларусі ў складзе Расейскай фэдэратыўнай рэспублікі. Гэта быў максімум, чаго можна было патрабаваць у тагачасных умовах ад Часовага ўраду Расеі, які кантраляваў тэрыторыю цэнтральнай і ўсходняй Беларусі (зь Менскам) і адкладваў пытаньне аб дзяржаўным уладкаваньні Расеі да скліканьня Ўстаноўчага сходу Расеі, аднак неафіцыйна стаяў на прынцыпе «адзінай і недзялімай Расіі». Для перагавораў з Часовым урадам Расеі па пытаньні аўтаноміі Беларусі ў складзе Расеі зьезд выбраў дэлегацыю ў складзе Рамана Скірмунта, Івана Краскоўскага, Эдварда Будзькі, Паўла Аляксюка, Міхаіла Кахановіча, Яўсея Канчара і Івана Касяка[7].

На апошнім пасяджэньні 27 сакавіка 1917 г. зьезд прыняў дэклярацыю аб падтрымцы Часовага ўрада Расеі, а таксама перадаваў выканаўчыя функцыі створанаму на зьездзе Беларускаму Нацыянальнаму Камітэту (БНК), які павінен быў стаць цэнтральным кіраўнічым органам усяго беларускага нацыянальнага руху: арганізаваць Беларусь у кантакце з Часовым урадам Расеі, падрыхтаваць выбары ў Беларускую Краёвую Раду і агульнарасейскі Ўстаноўчы сход (восеньню 1917 г.), прыступіць да распрацоўкі канстытуцыі Беларускага Краёвага Ўраду[17]. У склад БНК былі выбраны 18 членаў: 10 асобаў ад БСГ, а астанія ад іншых партыяў і арганізацыяў: Раман Скірмунт, Павал Аляксюк, Усевалад Фальскі, Браніслаў Тарашкевіч, Лявон Заяц, Аркадзь Смоліч, Эдвард Будзька, Вінцэнт Гадлеўскі, Яўсей Канчар, Іван Краскоўскі, Алесь Бурбіс, Казімер Кастравіцкі, Бабарыкін, Фабіян Шантыр, Міхаіл Кахановіч, Вацлаў Іваноўскі, Лявон Дубейкаўскі, Зьміцер Жылуновіч[7]. Быў абраны і прэзыдыюм БНК: Раман Скірмунт (старшыня), Павал Аляксюк (намесьнік старшыні), Усевалад Фальскі (намесьнік старшыні), Лявон Заяц (скарбнік), Браніслаў Тарашкевіч (пісар-сакратар)[7].

Такім чынам, зьезд стварыў новы палітычны орган — Беларускі нацыянальны камітэт, які прэтэндаваў на ўладу на той тэрыторыі Беларусі, якая знаходзілася пад кантролем Часовага ўраду Расеі і яго органаў у Менскай, Віцебскай і Магілёўскай губэрнях. Большасьць сябраў БНК належалі да сацыялістычнай партыі БСГ, аднак кірунак дзейнасьці зьезду і навастворанага БНК вызначала невялікая група палітыкаў (Раман Скірмунт, Павал Аляксюк і ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі), якая мела цесныя стасункі зь лідэрамі Менскага таварыства сельскай гаспадаркі і прытрымлівалася не сацыялістычных, а лібэральна-дэмакратычных поглядаў — блізкіх да поглядаў расейскіх лібэралаў — «кадэтаў», якія пераважалі ў складзе Часовага ўраду Расеі[17]. Расейскія канстытуцыйныя дэмакраты выступалі супраць сацыялістычных лёзунгаў нацыяналізацыі зямлі і скасаваньня прыватнай уласнасьці на зямлю, а лічылі патрэбным захаваць прыватную ўласнасьць на зямлю і перадаць малазямельным сялянам толькі часткі зямель ад валоданьняў буйных і сярэдніх зямельных уласьнікаў — за грашовую кампэнсацыю былым зямельным уласьнікам па рынкавай цане.

БНК аб’явіў сваёй мэтай нацыянальна-культурнае і палітычнае адраджэньне беларускага народу і ў сваёй адозьве да насельніцтва выказаў прарасейскую арыентацыю: «эканамічнае становішча і тыя мажлівасьці, якія адкрыліся з рэвалюцыяй перад дэмакратычнай Расеяй, зьвязваюць нас з Расейскай Фэдэрацыйна-Дэмакратычнай Рэспублікай»[17]. Зьезд выбраў і дэлегацыю (на чале са Скірмунтам) для перагавораў з Часовым урадам Расеі аб аўтаноміі Беларусі[12].

  1. ^ Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта… С. 24.
  2. ^ Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці… С. 8.
  3. ^ Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці… С. 5—6.
  4. ^ Сяменчык, М. Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам…. С. 31.
  5. ^ Сяменчык, М. Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам…. С. 29, 31; Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці… С. 9.
  6. ^ а б в г д Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці… С. 9.
  7. ^ а б в г д е Сяменчык, М. Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам…. С. 30.
  8. ^ Сяменчык, М. Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам…. С. 29; Богданович, Е. Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.)… С. 9; Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці… С. 9.
  9. ^ Сяменчык, М. Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам…. С. 29—30.
  10. ^ Сяменчык, М. Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам…. С. 30; Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці… С. 10.
  11. ^ Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці… С. 10.
  12. ^ а б в Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта… С. 23.
  13. ^ Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці… С. 10, 11.
  14. ^ Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці… С. 11.
  15. ^ Богданович, Е. Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.)… С. 9; Сяменчык, М. Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам…. С. 30.
  16. ^ Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта… С. 22.
  17. ^ а б в Богданович, Е. Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.)… С. 9.
  1. ^ Аляксандар Керанскі, хоць фармальна і ўваходзіў у склад партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, але па сутнасьці быў папулістам і мог лёгка ўступаць у кааліцыі зь іншымі палітыкамі.

Літаратура

рэдагаваць
  • Богданович, Е. Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.) / Е. Г. Богданович // Гуманітарна-эканамічны веснік. — 1996. — № 1. — С. 9—15.
  • Жылуновіч, З. З’езд беларускіх нацыянальных арганізацый 25 сакавіка 1917 года // Полымя. — 1925. — № 6. — С.
  • Игнатенко, И. М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. — Мн., 1986. — С. 222—236.
  • Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.) / У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін. — Мінск : БДУ, 1999. — 128 с.
  • Пратакол з’езду беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску 25—27 марта 1917 г. // Спадчына. — 1990. — № 4.
  • Смалянчук, А. Раман Скірмунт: шлях да Беларусі // Спадчына. — 1994. — № 6.
  • Сяменчык, М. Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам. па курсу «Гісторыя Беларусі» / М. Я. Сяменчык; Беларус. дзярж. пед. ун-т. — Мінск, 1994. — 112 с.
  • Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта / С. Рудовіч // Гістарычны альманах. — Гродна, 1999. — Т. 2. — С. 14—37. [1]
  • Цвикевич, А. Беларусь: политический очерк (перевод с белорусского) / А. Цвикевич. — Берлин : Издание Чрезвычайной дипломатической миссии БНР, 1919. — 33 с.
  • Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002) / З. Шыбека. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — 490 с.