Канада

краіна ў Паўночнай Амэрыцы

Кана́да (па-ангельску: Canada, па-француску: Canada) — краіна Паўночнай Амэрыкі, займае другое месца ў сьвеце (пасьля Расеі) па плошчы тэрыторыі. Адзінай незалежнай краінай-суседам зьяўляюцца Злучаныя Штаты Амэрыкі. Акрамя ЗША, Канада таксама мяжуе з Сэн-П’ер і Мікелёнам, які ўваходзіць у склад Францыі, ды з Грэнляндыяй, тэрыторыя якой належыць Даніі.

Канада
лац. Kanada

Canada
Сьцяг Канады Герб Канады
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: A Mari Usque Ad Mare («Ад мора да мора»)
Дзяржаўны гімн: «O Canada!»
Месцазнаходжаньне Канады
Афіцыйная мова ангельская, француская
Сталіца Атава
Найбуйнейшы горад Таронта
Форма кіраваньня Канстытуцыйная манархія
Карл III
Мэры Сімон
Джастын Трудо
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
2 месца ў сьвеце
9 984 670 км²
8,92
Насельніцтва
 • агульнае (2022)
 • шчыльнасьць
37 месца ў сьвеце
39 292 355[1]
3,41/км²
СУП
 • агульны (2008)
 • на душу насельніцтва
14 месца ў сьвеце
1303 млрд
47 066
Валюта Канадзкі даляр (ISO 4217)
Дамэн верхняга ўзроўню .ca
Тэлефонны код +1

Канада была заселена на працягу многіх тысячагодзьдзяў рознымі групамі карэнных народаў. Пачынаючы з францускага дасьледчыка Жака Карт’е, які ў 1534 годзе пачаў вывучэньне берагоў ракі Сьв. Ляўрэнція, пачынаецца каляніяльная гісторыя Канады. Францыя саступіла амаль усе свае калёніі ў Паўночнай Амэрыцы ў 1763 годзе пасьля Сямігадовай вайны з ангельцамі. Пасьля пэрыяду ангельскай калянізацыі з саюзу трох брытанскіх калёніяў 1 ліпеня 1867 году (якія былі дагэтуль тэрыторыямі Новай Францыі) нарадзілася канадзкая канфэдэрацыя, якая была сфармавана з чатырох правінцыяў (Новая Шатляндыя, Квэбэк, Антарыё, Нью-Брансўік). 11 сьнежня 1931 году пашырэньне аўтаноміі Канады падкрэсьлілі праз падпісаньне «Вэстмінстэрскага статусу». Апошнім крокам у атрыманьні незалежнасьці Канады ад Вялікабрытаніі стаў «Акт аб Канадзе», падпісаны 17 красавіка 1982 году, які разарваў рэшткі прававых залежнасьцяў ад брытанскага парлямэнту. Канада атрымала незалежнасьць ад Злучанага Каралеўства ў выніку мірнага працэсу з 1867 па 1982 гг.

У цяперашні час Канада зьяўляецца фэдэратыўнай дзяржавай, якая складаецца з 10 правінцыяў і 3 тэрыторыяў. Правінцыя зь пераважным франкамоўнымі насельніцтвам — Квэбэк, астатнія — пераважна англамоўныя правінцыі, таксама званыя «ангельская Канада» ў параўнаньні з франкамоўным Квэбэкам. Будучы адной зь дзевяці пераважна англамоўных правінцыяў, Нью-Брансўік зьяўляецца адзінай афіцыйна дзьвюхмоўнай канадзкай правінцыяй.

Канада зьяўляецца чальцом «Вялікай васьмёркі», «Вялікай дваццаткі», NATO, Азіяцка-Ціхаакіянскай эканамічнай супрацы (АЦЭС), СГА, Садружнасьці нацыяў, Франкафоніі, Арганізацыі амэрыканскіх дзяржаваў і ААН.

Паходжаньне назвы

рэдагаваць

Назва Канада паходзіць ад слова, якое азначае «вёска» або «паселішча» на лаўрэнційскай мове адной з групаў плямёнаў іракезаў[2]. З 1545 г. эўрапейскія кнігі і карты пазначалі гэты рэгіён і ўсе берагі ракі Сьв. Ляўрэнція словам «Канада». Пасьля гэта назва перайшла і на большасьць суседніх тэрыторыяў у Паўночнай Амэрыцы, якія кіраваліся Брытанскай імпэрыяй.

Гісторыя

рэдагаваць

Карэнныя народы

рэдагаваць
 
Вялікі выхад, 1983 г., Паў-ваў у Амаха

Археалягічныя і генэтычныя дасьледаваньні карэнных народаў пацьвердзілі прысутнасьць чалавека на поўначы Юкона з пэрыяду прыкладна 26 500 гадоў назад, і ў паўднёвай частцы правінцыі Антарыё з 9 500 гадоў назад. Археалягічныя аб’екты Олд Кроў Флэцс і Блуфіш — два самыя раньнія археалягічныя помнікаў чалавечага (палеаіндзейцы) жыльля ў Канадзе.

Сярод індзейцаў Канады ёсьць восем унікальных мітаў аб стварэньні сусьвету. Гэта міт аб зямлі, сусьветным бацьку, зьяўленьні, канфлікце, разбоі, адраджэньні трупа, двух стваральніках і іх спаборніцтве, таксама міт пра братоў [3]. Цывілізацыі канадзкіх першабытнікаў уключалі ў сябе пастаянныя або гарадзкія паселішчы, сельскія гаспадаркі, грамадзкія і гістарычныя помнікі архітэктуры і складаную сацыяльную герархію[4]. Некаторыя з гэтых цывілізацыяў зьніклі задоўга да першых пастаянных эўрапейскіх паселішчаў (канец XV — пачатак XVI стагодзьдзяў), і былі выяўленыя ў ходзе археалягічных дасьледаваньняў.

Карэнныя народы Канады ўключаюць індзейцаў[5], эскімосаў[6] і мэтысаў[7]. Культура мэтысаў ўзьнікла ў сярэдзіне XVII-га стагодзьдзя, калі індзейцы і інуіты зьмешваліся з эўрапейскімі пасяленцамі[8].

Дэмаграфія карэнных народаў

рэдагаваць
 
Індзейскі воін хідацса

Карэннае насельніцтва паводле ацэнак складала ад 200 000 [9] да 2 000 000 чалавек у канцы 1400 году[10], у цяперашні час лічба ў 500 000 прынятая Каралеўскай камісіяй Канады па ахове здароўя карэннага насельніцтва.

У XX стагодзьдзі колькасьць індзейцаў у Канадзе павялічылася ў дзесяць разоў. У пэрыяд паміж 1900 і 1950 гг. насельніцтва павялічылася толькі на 29%, але пасьля 1960-х гадоў узровень дзіцячай сьмяротнасьці ў рэзэрвацыях рэзка ўпаў, і колькасьць насельніцтва вырасла на 161%. Пачынаючы з 1980-х гадоў колькасьць індзейскіх немаўлятаў павялічылася больш чым у два разы, і ў цяперашні час амаль палова індзейскага насельніцтва маладзей 25 гадоў. У выніку колькасьць індзейскага насельніцтва ў Канадзе, як чакаецца, рэзка ўзрасьце ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі.

Паводле перапісу насельніцтва 2006 колькасьць індзейцаў у Канадзе склала 732 520 чал.

Першыя эўрапейцы

рэдагаваць
 
Помнік Лейфу Эрыксану ў Сэнт Поле (ЗША)

Першым у берагоў паўночна-ўсходняй Амэрыкі з эўрапейцаў пабываў нарвэжац Бярні Херюльфсан, які ў 985 годзе праплыў міма Грэнляндыі і дасягнуў «роўнай лясістай мясцовасьці» на Амэрыканскім кантынэнце. Аповед аб гэтым зьмяшчаецца ў «Паданьні аб грэнлянцах». Зямля, якой дасягнуў Бярні, была часткай Паўночнай Амэрыкі (Лябрадор або Зямля Бафіна).

Галоўнае дасягненьне нарманаў зьвязана з імем Лэйфа Эрыксана. У 1001 годзе, як абвяшчаюць сагі, «Лэйф і яго спадарожнікі, усяго зь ім разам трыццаць пяць чалавек, узышлі на карабель»[11] і адплылі на захад. Улетку 1002 году яны дасягнулі краіны, якая «ад берагу да леднікоў была як плоскі камень». Месца першай стаянкі нарманы назвалі Хелуланд («Краіна плоскіх камянёў»). Гэта быў, мабыць, бераг выспы Зямля Бафіна. Другая стаянка нарманаў была дзесьці на ўзьбярэжжы Лябрадора. Лэйф назваў гэта месца Маркланд («Лясная краіна»). Затым Лэйф і яго спадарожнікі працягнулі шлях у паўднёва-ўсходнім кірунку і дасягнулі паўночнага ўзьбярэжжа Ньюфаўндлэнда[12]. Менавіта тут дасьледчык Х. Інгстад і выявіў сьляды двух вялікіх дамоў нарманскага тыпу, таксама некалькіх дробных пабудоваў, у тым ліку парную фінскую лазьню. Інгстад мяркуе, што ў калёніі пражывала адначасова ад 75 да 90 чалавек. Гэтая маленькая вёсачка, вядома, будавалася ня толькі Лэйфам Эрыксанам, але і ўдзельнікамі наступных экспэдыцый.

Найбольш сур’ёзная спроба калянізацыі новых земляў была прадпрынята нарвэжцам Торфінам Карлсэфні. У 1009 г. Карлсэфні з жонкай Гудры і 160 (паводле іншых крыніцаў 250)[13] чалавекамі на трох караблях адплыў у Вінланд, дзе каляністы пражылі каля трох гадоў. Цяжкасьці з здабываньнем ежы і сутыкненьні са «скрэлігамі» (так Нарманы называлі эскімосаў) прымусілі Карлсэфні вярнуцца на радзіму. Аднак плаваньні нарманаў да берагоў Паўночнай Амэрыкі не спыніліся, але насілі эпізадычны характар. Пра гэта сьведчаць руніцкія каменныя пісьмёны і іншыя крыніцы.

У далейшым сувязі паміж Паўночнай Амэрыкай і Эўропай даволі працяглы час не было.

Новая Францыя

рэдагаваць
 
Францускі дасьледчык Жак Карт’е высаджваецца на Гасьпе ў 1534 г.

Новая спроба калянізацыі Канады пачалася толькі ў 1497 годзе, калі італьянскі мараплавец Джавані Кабота (Джон Кабат) вывучаў атлянтычнае ўзьбярэжжа Канады для Ангельшчыны[14].

У 1524 годзе ўсходнія берагі Канады дасьледавала экспэдыцыя флярэнтыйскага мараплаўца Джавані Вэрацыяна. Пасьля, паміж 1498 і 1521 гадамі, розныя партугальскія маракі выведваюць узьбярэжжа ўсходняй Канады і засноўваюць пастаянныя рыбалоўчыя селішчы ў рэгіёне.

У 1534 Жак Карт’е сыходзіць на бераг Гасьпе і называе гэтую зямлю Канадай, якая становіцца пасьля адной з правінцый Новай Францыі[15]. Пасьля Жак Карцье зьдзейсьніў яшчэ две экспэдыцыі, якія паклалі пачатак францускай калянізацыі Паўночнай Амэрыкі. Пасьля шматлікіх няўдалых спробаў французы засноўваюць першыя калёніі, ухваленыя каронай: Тадусак (Квэбэк) у 1600, Пор-Руяль у 1605 і Квэбэк у 1608. Ангельцы ў 1610 ўтвараюць на Ньюфаўндлэндзе горад Сэнт-Джонс.

Францускі пэрыяд: саюзы, бітвы і Сямігадовая вайна

рэдагаваць
 
Карціна Бэнджаміна Ўэста «Сьмерць генэрала Вольфа», якая паказвае гібель брытанскага генэрала Джэймса Вольфа пасьля яго перамогі ў бітве на раўнінах Абрагама ў 1759 годзе

Саперніцтва за тэрыторыі, марскія базы, мех і рыбную лоўлю становіцца ўсё больш жорсткім, успыхваюць шматразовыя вайны, якія ўцягваюць французаў, галяндцаў, ангельцаў і саюзныя індзейскія плямёны. Франка-іракескія войны за кантроль над гандлем мехам ідуць паміж іракескай канфэдэрацыяй, саюзьнікамі якой спачатку былі галяндцы, а потым ангельцы, і гуронамі, саюзьнікамі французаў. Чатыры франка-іракескія вайны паміж 1689 і 1763 гадамі прыводзяць да пасьлядоўнага пераходу Ньюфаўндлэнду і, пазьней, Акадыё ў рукі ангельцаў. Паміж францускімі пасяленцамі і брытанскімі ўладамі здараюцца такія розныя сутыкненьні, як поўнае разбурэньне Пор-Руяля і наступная дэпартацыя акадыйцаў (вядомая як Вялікі неспакой) у 1755 [16].

Новая Францыя распасьціраецца ад Скалістых гор да Апалачаў. Ангельцы хочуць адправіцца ў даліну Агаё, жадаючы дабіцца Форт Дюкен (сучасны Пітсбург). Сямігадовая вайна (1756—1763) зьявілася вырашальнай падзеяй у лёсе паўночнаамэрыканскіх калёніяў. Брытанскія калёніі аб’ядналіся, каб пакончыць з Новай Францыяй. У 1756 губэрнатар Люі-Жазэф дэ Манкальм прыбыў у Новую Францыю з 3000 чалавек. У канцы трайня 1759 году ангельскі флёт у складзе 200 судоў з 8,5 тысячамі салдат пад камандаваньнем генэрала Джэймза Вольфа і з 13,5 тысячаў маракоў пад камандаваньнем адмірала Сондэрса ўвайшоў у раку Сьв. Ляўрэнція. Ангельцы занялі пазыцыі, зь якіх маглі абстрэльваць Квэбэк. Адначасова ангельскі галоўнакамандуючы ў Паўночнай Амэрыцы генэрал Эмхерст пачаў наступ, што адцягнула частку францускіх сілаў у раён Манрэаля. На працягу некалькіх месяцаў салдаты Волфа спрабавалі прарвацца да Квэбэку. Яны сутыкнуліся ня толькі са стойкай абаронай францускай арміі пад камандаваньнем генэрала Монкальма, але і з упартым супрацівам мясцовага канадзкага насельніцтва, якое набыло характар сапраўднай партызанскай вайны. Квэбэк абложвалі дзесяць месяцаў. Горад быў вымушаны здацца пасьля знакамітай бітвы на раўнінах Абрагама, падчас якой Манкальм і Вольф былі абодва сьмяротна паранены. У наступным годзе (1760) ангельцы захапілі Манрэаль. Новая Францыя была заваяваная. Пасьля перамогі ў Сямігадовай вайне, па Парыскай дамове 1763 Вялікабрытанія канчаткова далучае Акадыю, Канаду і ўсходнюю частку Люізыяны (паміж Місысыпі і Апалачамі).

Самая вялікая француская калёнія налічвала тады каля 55 000 жыхароў. Што ж тычыцца амэрыканскіх індзейцаў, то іх налічвалася каля 600 000 чалавек.

Брытанскае панаваньне (1763—1867)

рэдагаваць

Сярод бедзтваў Сямігадовай вайны было спусташэньне значных тэрыторыяў Квэбэка, а таксама і асабліва драма Вялікага перасяленьня.

 
Сьцяг Паўстаньня Патрыётаў Ніжняй Канады.

Па Парыскай дамове Францыя выратавала твар у Эўропе, але страціла сваю першую каляніяльную імпэрыю ў Індыі і Амэрыцы. Францыя не замарудзіла адпомсьціць Вялікабрытаніі, падтрымаўшы ЗША ў вайне за незалежнасьць. Да канца амэрыканскай рэвалюцыі каля 50 000 прыхільнікаў Злучанай імпэрыі імігравалі ў Квэбэк, Новую Шатляндыю, на востраў Прынца Эдўарда і Ньюфаўндлэнд[17]. Так як яны аказваюцца зусім нежаданымі гасьцямі ў Новай Шатляндыі, Нью-Брансўік аддзяляецца ад гэтай калёніі ў 1784 годзе, каб прыняць іх. Пасьля з мэтай разьмяшчэньня англамоўных лаялістаў калёнія Канада падзяляецца Канстытуцыйным актам 1791 на дзьве розныя калёніі, Верхнюю Канаду і Ніжнюю Канаду.

Адсутнасьць рэальнай улады, здольнай усталёўваць законы і зьбіраць падаткі парлямэнтам Ніжняй Канады, сацыяльныя складанасьці і стаўленьне да франкамоўных як да меншасьці прыводзяць да паўстаньня Патрыётаў (1837—1838)[18]. Пад кіраўніцтвам Люі-Жазэфа Папіно абвяшчаецца незалежнасьць Рэспублікі Канады.

Пасьля працяглых баёў зь пераменным посьпехам Патрыёты пацярпелі паразу. Люі-Жазэф Папіно ўцёк у Злучаныя Штаты Амэрыкі. Некалькі рэвалюцыянэраў павесілі 15 лютага 1839 году, 59 чалавек выслалі ў Аўстралію, тыя, хто здаліся, атрымалі амністыю. Варта адзначыць, што ў той самы пэрыяд аналягічнае паўстане адбылося і ў англамоўнай Верхняй Канадзе, дзе таксама была спроба абвясьціць незалежнасьць. Але там паўстаньне не насіла нацыянальнага характару і не здабыла заўважных памераў.

Канфэдэрацыя і пашырэньне

рэдагаваць
 
Рост канадзкіх тэрыторыяў

Пасьля Вялікай кааліцыі падчас Шарлёттаўнскай і Квэбэцкай канфэрэнцыямі ў 1864 годзе, таксама Лёнданскай канфэрэнцыі ў 1866 годзе, айцы-заснавальнікі Канфэдэрацыі праводзяць аб’яднаньне трох калёніяў — Злучанай Канады, Новай Шатляндыі і Нью-Брансўіку, што прыводзіць па сутнасьці да стварэньня новай краіны. Акт аб Брытанскай Паўночнай Амэрыцы ад 1 ліпеня 1867 году стварае дамініён пад назвай Канада. Яго падзяляюць на дзьве правінцыі Антарыё, Квэбэк і дзьве калёніі Нью-Брансўік і Новая Шатляндыя[19]. Мэта такой арганізацыі — заглушыць шчыльна заселены франкамоўны Квэбэк групай дробных англамоўных правінцыяў з роўнымі паўнамоцтвамі. Спачатку ў фэдэрацыю не ўваходзілі выспы Ньюфаўндлэнд і Прынца Эдуарда . Канада фактычна атрымала незалежнасьць, атрымаўшы права фарміраваць уласны ўрад, не выходзячы з складу Брытанскай імпэрыі.

Вялікабрытанія саступіла вялікую частку сваіх уладаньняў у Паўночнай Амэрыцы Канадзе: Зямлю Руперта і Паўночна-Заходнюю тэрыторыю, якія сталі Паўночна-Заходнімі тэрыторыямі. Дагавор 1868 аб Зямлі Руперта перадаваў гэтыя землі Канадзе ў 1869 годзе, але на справе гэта было ажыцьцёўлена толькі 15 ліпеня 1870 году.

У 1871 і 1873 гадах брытанскія калёніі Брытанская Калюмбія і востраў Прынца Эдўарда далучаюцца да Канады. 1 верасьня 1880 году Вялікабрытанія саступіла свае арктычныя выспы Канадзе, і яны ўваходзяць у Паўночна-Заходную тэрыторыю.

Першая палова 20 стагодзьдзя

рэдагаваць
 
Канадзкі агітацыйны плякат часоў Першай сусьветнай вайны

Канада ўступіла ў Першую сусьветную вайну 5 жніўня 1914 году, калі генэрал-губэрнатар Канады прынц Артур пацьвердзіў стан вайны паміж Нямецкай імпэрыяй і Канадай. Канада, як частка Брытанскай імпэрыі, прыняла ўдзел у вайне на баку Антанты. Зь сямімільённага насельніцтва краіны[20] за час вайны каля 630 000 канадцаў былі прызваны ва ўзброеныя сілы. Канадзкія войскі ваявалі зь нямецкімі войскамі і зарэкамэндавалі сябе як адны з найбольш баяздольных злучэньняў саюзных войскаў на Заходнім фронце. Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Лойд Джордж называў канадзкія падразьдзяленьні «ўдарнымі войскамі»[21]. Пасьля вайны Канада атрымала права голасу на Парыскай мірнай канфэрэнцыі, таксама канчаткова набыла статус незалежнай краіны. Нароўні з гэтым на працягу вайны назіраліся вострыя ўнутрыпалітычныя крызісы ў краіне, напрыклад, крызіс прызыву на ваенную службу 1917 году.

Ньюфаўндлэнд, будучы самастойным дамініёнам і не зьяўляючыся часткай Канады, таксама прыняў удзел у Першай сусьветнай вайне. Для ўдзелу ў баявых дзеяньнях быў сфармаваны Каралеўскі Ньюфаўндлэндзкі полк.

У 1919 годзе Канада ўступае ў Лігу народаў па ўласнай ініцыятыве. У 1931 годзе Вестмінстэрскі статут пацьвярджае, што з гэтага часу ніякі закон брытанскага парлямэнта не распаўсюджваецца на прастору Канады безь яе згоды, і кампэтэнцыя ўрада Канады (як і іншых брытанскіх дамініёнаў) пашыраецца ў міжнародных і ўнутраных справах.

Падтрымаўшы супакаеньне Нямеччыны ў канцы 1930-х гадоў, лібэральны прэм’ер-міністар Ўільям Лаён Макэнзі Кінг у 1939 годзе атрымлівае згоду парлямэнтам на ўступленьне ў Другую сусьветную вайну, праз тры дні пасьля Вялікабрытаніі. Да пачатку вайны на ўзбраеньні Канады ў войска было ўсяго 4 сучасныя зэнітныя гарматы і 16 лёгкіх танкаў, атрыманых з Ангельшчыны. Агульная колькасьць узброеных сіл складала 67,3 тысячы чалавек[22]. Першыя канадзкія войскі прыбылі ў Вялікабрытанію ў сьнежні 1939 году [23], у лютым 1940 году іхняя колькасьць склала каля 23 тысячаў чалавек. Некалькі канадзкіх ваенных караблёў выкарыстоўваліся для аховы атлянтычных камунікацыяў. На тэрыторыі Канады быў створаны буйны цэнтар па навучаньні лётчыкаў Ангельшчыны, Канады, Аўстраліі і Новай Зэляндыі[24]. Больш за мільён канадцаў служыў ва ўзброеных сілах падчас Другой сусьветнай вайны. Канада дала прытулак і абарону для манархіі Нідэрляндаў у той час, як гэтая краіна была акупаваная[25]. Галанцы таксама ўдзячныя Канадзе за вызваленьне сваёй краіны, якая была ажыцьцёўлена цалкам сіламі канадзкай арміі 5 траўня 1945 году. Канадзкая эканоміка хутка расла, прамысловасьць вырабляла ваенную тэхніку таксама для Вялікабрытаніі, Кітая і СССР. На момант сканчэньня вайны Канада мела адну з найбуйнейшых армій і займала другое месца па эканамічных паказьніках у сьвеце[26]. У канцы вайны пад ружжом у рэгулярных войсках Канады налічвалася крыху больш за 760 тысячаў чалавек. Але да пачатку вайны ў Карэі (1950 г.) колькасьць добраахвотніцкіх канадзкіх узброеных сілаў паменшылася да 47 тысячаў чал.

Сучаснасьць

рэдагаваць

У сучасных межах Канада склалася ў 70-х гадах XIX стагодзьдзя, Ньюфаўндлэнд увайшоў у склад дзяржавы ў 1949 годзе. Пасьля Другой сусьветнай вайны ўзмацніўся ўплыў на эканоміку і палітыку Канады ЗША (пры адначасовым паслабленьні ангельскіх пазыцыяў). З 2-й паловы 60-х гадоў азначыўся паварот у бок незалежнага палітычнага курсу. У 1982 годзе ўступіла ў сілу новая канстытуцыя Канады; яе не прызнае Квэбэк. 6 лютага 2006 году прэм’ер-міністрам Канады стаў Стывэн Гарпэр[27].

Палітыка

рэдагаваць
 
Парлямэнт Канады ў Атаве

Канада мае парлямэнцкую сыстэму ў кантэксьце канстытуцыйнай манархіі, манархія Канады зьяўляецца асновай выканаўчай, заканадаўчай і судовай галінаў улады[28][29][30]. Сувэрэннам краіны зьяўляецца каралева Лізавета II, якая таксама служыць у якасьці кіраўніка дзяржавы ў 15 іншых краінаў Садружнасьці, і кожнай зь дзесяці правінцыяў Канады. Такім чынам, прадстаўнік каралевы, генэрал-губэрнатар Канады (у цяперашні час гэта Дэйвід Лойд Джонстан), мае большую частку фэдэральных каралеўскіх абавязкаў у Канадзе[31][32].

Непасрэдны ўдзел каралеўскіх асобаў у галіне кіраваньня абмежаваны[33][34]. На практыцы, іхнае выкарыстаньне выканаўчай уладай кіруецца Кабінэтам міністраў, Камітэтам міністраў Кароны, якія маюць адказнасьць перад абранай Палатай абшчынаў, якая зьяўляецца выбаранай і на чале якой стаіць прэм’ер-міністар Канады (ад 4 лістапада 2015 году Жустын Трудо). Генэрал-губэрнатар або манарх, аднак, у пэўных крызісных сытуацыях ажыцьцяўляе сваю ўладу безь міністэрскага савету. Дзеля забесьпячэньня стабільнасьці ўрада, генэрал-губэрнатар, як правіла, прызначае прэм’ер-міністрам асобу, якая зьяўляецца лідэрам палітычнай партыі, што мае давер большасьці ў Палаце абшчын[35]. Пасада прэм’ер-міністра, такім чынам, зьяўляецца адной з самых уплывовых ва ўрадзе, бо прэм’ер-міністар можа ня толькі прасоўваць законапраекты на зацьвярджэньне парлямэнту, але й прызначаць на пасады генэрал-губэрнатара (яго прызначае каралева, якая, аднак, раіцца з прэм’ерам), лейтэнант-губэрнатараў, сэнатараў, фэдэральных судзьдзяў і некаторых іншых пасадаў[33]. Лідэр партыі, якая сталася другой пасьля партыі бальшыні звычайна становіцца лідэрам ляяльнай апазыцыі Ейнай Вялікасьці (у цяперашні час Томас Малкэйр), што зьяўляецца часткай парлямэнцкай сыстэмы, прызначанай дзеля захоўваньня кантролем над урадам[36].

Зьнешнія зносіны

рэдагаваць

На першым пляне для Канады знаходзяцца адносіны з ЗША, зь якімі яна дзеліць самую доўгую мяжу ў сьвеце, якая не ахоўваецца, супрацоўнічае на розных узроўнях і для якой зьяўляецца найважнейшым гандлёвым партнэрам. Канада здаўна зьвязана са Злучаным Каралеўствам і зь нядаўняга часу падтрымлівае, асабліва праз Квэбэк, выключную сувязь з Францыяй. Гэтыя адносіны распаўсюджваюцца таксама на іншыя краіны, якія раней знаходзіліся ў складзе Брытанскай і Францускай імпэрыяў.

У 1964 годзе Канада ўступіла ў Групу дзесяці, падпісаўшы ў 1962 годзе ў Парыжы Генэральнае пагадненьне аб пазыках.

Геаграфія

рэдагаваць

Канада — другая з найбуйнейшых краінаў сьвету.

Канада амываецца Атлянтычным, Ціхім і Паўночным Ледавітым акіянамі.

75% адсоткаў тэрыторыі Канады — зона поўначы. З 1925 Канада валодае часткай Арктыкі, аднак гэтыя валоданьні не зьяўляюцца агульнапрызнанымі. Самае паўночнае пасяленьне ў Канадзе і ў сьвеце знаходзіцца ў Алерце (Нунавут).

Канада мае агульную сухапутную мяжу з ЗША на поўдні і на паўночным захадзе (паміж Аляскай і Юконам) і працягнутай ад Атлянтычнага акіяна на ўсходзе да Ціхага — на захадзе і Паўночнага Ледавітага — на поўначы. Яна таксама мае марскую мяжу з Францыяй (Сэн-П’ер і Мікелён) і Даніяй (Грэнляндыя).

Шчыльнасьць насельніцтва (каля 3,5 чалавек на 1 км ²) зьяўляецца адной з самых нізкіх у сьвеце. Найбольш населеная вобласьць краіны — гэта калідор Квэбэк-Віндзор ўздоўж раўнінных берагоў ракі Сьв. Лаўрэнція і на паўднёвым усходзе Вялікіх азёр. Да поўначы ад гэтай вобласьці знаходзіцца шырокі Канадзкі шчыт, скальны рэгіён, вычышчаны апошнім ледніковым пэрыядам, пазбаўлены ўрадлівых зямель, багаты мінэраламі, азёрамі і рэкамі. У Канадзе больш азёраў, чым у любой іншай краіне сьвету.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Канады

рэдагаваць

Канада складаецца зь дзесяці правінцыяў і трох тэрыторыяў.

Правінцыі — гэта штаты, якія існуюць на падставе канадзкай канстытуцыі і валодаюць вышэйшай уладай у рамках сваёй кампэтэнцыі, незалежна ад фэдэральнага ўраду.

Канадзкія тэрыторыі — гэта адміністрацыйныя адзінкі, якія знаходзяцца ў падпарадкаваньні канадзкага фэдэральнага парлямэнту, звычайным законам прадастаўляе некаторыя паўнамоцтвы іх мясцовым адміністрацыям.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Канады
 
Правінцыі (1)

  1.    Брытанская Калумбія
  2.    Албэрта
  3.    Саскачэван
  4.    Манітоба
  5.    Антарыё
  6.    Квэбэк
  7.    Нью-Брансўік
  8.    Востраў Прынца Эдўарда
  9.    Новая Шатляндыя
  10.    Ньюфаўндлэнд і Лябрадор
Тэрыторыі (1)

  1.    Юкан
  2.    Паўночна-Заходнія тэрыторыі
  3.    Нунавут
(1)з захаду на ўсход

Эканоміка

рэдагаваць

Эканоміка Канады ў цяперашні час займае 14-е месца (2009 год) у сьвеце па памеры СУП па парытэце пакупніцкай здольнасьці[37] і 10-е месца — па памеры намінальнага Валавога нацыянальнага прадукта[38].

Канада зьяўляецца адным з найбуйнейшых сусьветных пастаўшчыкоў сельскагаспадарчай прадукцыі (пшаніца, рапс ды іншыя збожжавыя), экспартная палітыка ў гэтай сфэры вызначаецца Канадзкай збожжавай камісіяй. Канада зьяўляецца найбуйнейшым вытворцам цынку і ўрану. У Канадзе таксама разьвіта і апрацоўчая прамысловасьць, галіны якой сканцэнтраваны на поўдні Антарыё (аўтамабільная прамысловасьць прадстаўленая амэрыканскімі і японскімі заводамі) і Квэбэка (нацыянальная аэракасьмічная прамысловасьць).

Канада — адна зь дзесяці самых гандлююць краінаў у сьвеце. Найбуйнейшымі імпарцёрамі зьяўляюцца Злучаныя Штаты, Вялікабрытанія і Японія. У 2008 годзе Канада імпартавала тавараў на суму больш за $ 442,9 млрд, зь якіх 57,7% былі імпартаваны ў ЗША.

Атлянтычнае ўзьбярэжжа Канады валодае велізарнымі марскімі радовішчамі прыроднага газу і буйнымі нафтавымі і газавымі рэсурсамі ў Альбэрці. Вялізныя запасы бітумінозных пяскоў у раёне Атабаскі робяць Канаду другой па велічыні ў сьвеце краінай па запасах нафты пасьля Саўдаўскай Арабіі. У 2023 годзе на атамныя электрастанцыі прыпадала 14,3 % вытворчасьці электраэнэргіі ў Канадзе[39].

Бюджэтная палітыка Канады фармулюецца ўрадам Канады, калі ён прапануе свой гадавы бюджэт Палаце абшчын. Гэтая палітыка ўплывае на эканоміку з дапамогай субсыдый і дапамог, якія прадстаўляюцца ўрадам. Да таго ж, бюджэтная палітыка ўстанаўлівае стаўкі падаходнага падатку, падатку з абароту, акцызнага падатку і іншых відаў даходаў урада Канады.

Дэмаграфія

рэдагаваць

Насельніцтва Канады

рэдагаваць
 
Таронта, самы вялікі па насельніцтве і самы шматкультурны канадзкі горад

Насельніцтва Канады на пачатак 2010 году складала 34 мільёны чалавек. Перапіс 2006 году зафіксаваў 5,4% прырост у параўнаньні з 2001 годам[40]. Нягледзячы на вялікую плошчу, прыблізна ¾ насельніцтва Канады пражывае ў межах 160 км ад мяжы з ЗША[41]. Канада — вельмі разнастайная краіна з этнічнага пункту гледжаньня. Паводле перапісу 2001 у Канадзе жывуць 34 этнічныя групы, якія складаюцца як мінімум са 100 000 чалавек. Самая вялікая этнічная група называе сябе «канадцамі» (39,4%), паколькі большасьць канадцаў, асабліва тыя, чые продкі прыехалі ў часы калянізацыі, разглядаюць сябе як канадзкі этнас. Далей ідуць тыя, хто называе сябе ангельцамі (34,4%), французамі (25,7%), немцамі (3,6%), італьянцамі (2,8%), украінцамі (1,7%), першабытнікамі (індзейцамі і эскімосамі 1,5%), кітайцамі (1,4%), галяндцамі (1,4%), палякамі (0,9%). Індзейцы жывуць пераважна ў зоне хваёвых лясоў на поўначы краіны, эскімосы — на крайняй поўначы. Урбанізацыя 78% (1993 г.)[42].

Іміграцыя ў Канаду

рэдагаваць

У 2006 годзе Канада прыняла 236 756 імігрантаў, у 2009 годзе — 252 179 імігрантаў.

Краіны-крыніцы імігрантаў Колькасьць чалавек у 2006 годзе [43][44] Колькасьць чалавек у 2009 годзе[45][46]
Кітай 28 896 29 049
Філіпіны 19 718 27 277
Індыя 28 520 26 122
ЗША 8750 9723
Вялікабрытанія 7324 9566
Францыя 4026 7300
Пакістан 9808 6214
Іран 7195 6065
Паўднёвая Карэя 5909 5864
Марока 4025 5222
Альжыр ~3500 4785
Аб’яднаныя Арабскія Эміраты 4640
Ірак 4567
Шры-Ланка 4068 4269
Калюмбія 5382 4240

Беларусы ў Канадзе

рэдагаваць

На сёньняшні дзень у Канадзе пражывае прыкладна 20,000 беларусаў.

28 лістапада 1948 году заснавана Згуртаваньне беларусаў Канады[47]. У студзені 1966 заснаваны Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады.

Згуртаваньне Беларусаў Канады выдае газэту «Беларускае Слова», якая выдаецца 3-4 разы на год і адлюстроўвае жыцьцё беларускай дыяспары ў Канадзе[48].

Паводле афіцыйных зьвестак, у 2014 годзе ў Канаду зьехалі 55 чалавек, вярнуліся — 51[49]. У той жа час існуе думка, што рэальныя лічбы істотна заніжаныя[50].

, Каталіцтва ў Канадзе

 
Каталіцкая Катэдра Найсьвяцейшай Панны Марыі Квэбэка, Квэбэк, Канада

Па дадзеных апошняга перапісу 77,1% канадцаў лічаць сябе хрысьціянамі, іх вялікую частку складаюць каталікі (43,6% канадцаў). Найбольш важная пратэстанцкая царква — Аб’яднаная царква Канады (кальвінізм) (9,6% канадцаў); прыкладна 17% канадцаў не зьвязваюць сябе ні зь якой рэлігіяй, а астатняе насельніцтва (6,3%) вызнае адрозныя ад хрысьціянства рэлігіі.

Адукацыя

рэдагаваць

За адукацыю ў Канадзе адказваюць правінцыі і тэрыторыі, на сёньняшні момант у Канадзе няма дзяржаўнага міністэрства адукацыі. Пісьменнасьць дарослага насельніцтва ў Канадзе складае 99%. На 2002 год 43% дарослых канадцаў ад 25 да 64 гадоў ужо атрымалі поўную сярэднюю або вышэйшую адукацыю, а ад 25 да 34 гадоў колькасьць такіх людзей складае 51%.

У Канадзе дзейнічае адзін з каледжаў міжнароднай супольнасьці — Ціхаакіянскі.

Канадзкія ўзброеныя сілы

рэдагаваць
 
Канадзкія салдаты і танк у бітве пры Вімі (Першая сусьветная вайна)

Зьяўляючыся чальцом-заснавальнікам Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы (NATO), Канада валодае абарончай арміяй безь ядзерных узбраеньняў.

Колькасьць на сьнежань 2009 году — 67 756 чалавек рэгулярнага войска, 23 599 чалавек у рэзэрве[51]. Бюджэт 2007 году — 21,8 млрд даляраў[52].  

Канадзкія ўзброеныя сілы складаюцца зь пяхотных войскаў, ваенна-марскога флёту і ваенна-паветраных сіл. Большая частка ўзбраеньня заключае ў сабе 1500 БМП, 34 ваенныя караблі і 861 лятальны апарат.

Канада ўдзельнічала ў Першай і Другой сусьветных войнах на баку саюзьнікаў. Яна таксама ўдзельнічала ў Карэйскай вайне на баку ЗША. Канада актыўна выяўляла сябе ў міжнародных місіях пад камандаваньнем ААН і НАТО, пачынаючы з 1950 году, уключаючы міратворчыя апэрацыі, розныя місіі ў былой Югаславіі, і падтрымлівала сілы Кааліцыі ў 1-й вайне ў Пэрсыдзкім заліве. З 2001 году Канада мае свой кантынгент у Аўганістане ў партнэрстве са стабілізацыйнымі сіламі ЗША і міжнароднымі сіламі NATO пры падтрымцы ААН. Каманда дапамогі пры надзвычайных сытуацыях ўдзельнічала ў трох важных выратавальных апэрацыях пасьля цунамі ў сьнежні 2004 г. у паўднёва-ўсходняй Азіі, пасьля ўрагану Катрына ў верасьні 2005 г. на амэрыканскім ўзьбярэжжы і пасьля землятрусу ў Кашміры ў кастрычніку 2005 г.

Культура

рэдагаваць

Многія элемэнты канадзкай культуры вельмі блізкія да культуры Злучаных Штатаў Амэрыкі, уключаючы кіно, тэлебачаньне, адзеньне, жыльлё, прыватны транспарт, спажывецкія тавары і прадукты харчаваньня. Нягледзячы на гэта, Канада валодае сваёй уласнай унікальнай культурай. З 1970-х урад Канады праводзіць афіцыйную палітыку мультыкультуралізму, каб даць месца больш познымі імігрантам з-за межаў Францыі і Брытанскіх астравоў.

Установы культуры

рэдагаваць

Маецца мноства музэяў. У сталіцы краіны Атаве працуюць Нацыянальны цэнтар мастацтваў, Нацыянальная галерэя Канады, Нацыянальны музэй чалавека, Нацыянальны музэй натуральных навук, Нацыянальны музэй навукі і тэхнікі, Нацыянальная бібліятэка і Нацыянальны архіў Канады. У Таронта разьмешчаны Каралеўскі музэй Антарыё, які славіцца калекцыяй мастацтва Старажытнага Кітая і Цэнтральнай Азіі, у Манрэалі музэй канадзкай даўніны Шато-дэ-Рамзей, у Антарыё «Верхнеканадзкая вёска». У Ванкувэры дзейнічаюць Гарадзкі музэй, Марскі музэй і Музэй антрапалёгіі пры ўнівэрсытэце, які выклікае прыхільнасьць буйной калекцыяй твораў паўночнаамэрыканскіх індзейцаў.

Асноўныя мастацкі музэі і галерэі: Мастацкая галерэя Антарыё (Таронта), Музэй выяўленчага мастацтва (Манрэаль), галерэі ў Ванкувэры і Вініпэгу, галерэя Бівербрук (Фрэдэрыктан), Мастацкая галерэя Вікторыі.

Зь бібліятэк найбольшай вядомасьцю карыстаюцца бібліятэкі ўнівэрсытэтаў Таронта, Макгіл, Ляваль, Кўінсі ў Кінгстане, Брытанскай Калюмбіі, публічная бібліятэка ў Таронта, архіў інстытуту Гленбоў-Альбэрта ў Калгары.

У Канадзе працуе шмат аркестраў зь міжнароднай вядомасьцю, напрыклад, Квэбэцкі сымфанічны аркестар, Таронскі сымфанічны аркестар і асабліва Манрэальскі сымфанічны аркестар пад кіраўніцтвам Кента Нагана.

 
Канадзкая каманда па хакеі выйграла золата на зімовых Алімпійскіх гульнях у Ванкуверы ў 2010 годзе

У Канадзе разьвіты розныя віды спорту. Канадцы з сапраўдным запалам ставяцца да хакею на лёдзе, дысцыпліне, у якой яны зьяўляюцца вялікімі майстрамі сусьветнага ўзроўню на працягу многіх гадоў. Аб’ектыўна, канадцам няма роўных у гэтым спорту, у НХЛ больш за палову спартоўцаў зьяўляюцца канадцамі.

Канада пасылала сваіх атлетаў на ўсе Зімовыя Алімпійскія гульні і на амаль усе Летнія Алімпійскія гульні, за выключэньнем Летніх гульняў 1896 году і Летніх гульняў 1980 году, якія яна байкатавала. За ўсю гісторыю Алімпійскіх гульняў Канада выйграла 260 мэдалёў на летніх гульнях і 119 на зімовых гульнях.

У Манрэалі ў 1976 годзе адбыліся летнія Алімпійскія гульні, у Калгары ў 1988 годзе — XV зімовыя Алімпійскія гульні. У 2010 годзе ў Ванкувэры і на разьмешчаным на поўнач ад гораду гарналыжным курорце Ўістлер былі праведзены XXI зімовыя Алімпійскія гульні, на якіх Канада ў агульнакамандным заліку заняла першае месца.

  1. ^ Canada's population clock (real-time model)
  2. ^ Origin of the Name, Canada
  3. ^ Dickason, Olive The Native Imprint: The Contribution of First Peoples to Canada's Character. — Athabasca: Athabasca University Educational Enterprises, 1995. — Т. 1. — 114–117 с.
  4. ^ Peter Turchin, Leonid Grinin, Andrey Korotayev, and Victor C. de Munck. The Native Imprint: The Contribution of First Peoples to Canada's Character. — Moscow: KomKniga, 2006. — 216 с. — ISBN 5484010020
  5. ^ Civilization.ca-Gateway to Aboriginal Heritage-Culture
  6. ^ Inuit Circumpolar Council (Canada)-ICC Charter
  7. ^ In the Kawaskimhon Aboriginal Moot Court Factum of the Federal Crown Canada
  8. ^ What to Search: Topics-Canadian Genealogy Centre-Library and Archives Canada.
  9. ^ Donna M Wilson, Herbert C Northcott, Dying and Death in Canada. — Toronto: University of Toronto Press, 2008. — 25–27 с. — ISBN 9781551118734
  10. ^ Thornton Russell A population history of North America. — Cambridge: Cambridge University Press, 2000. — 13 с. — ISBN 0521496667
  11. ^ Сага аб Эрыку
  12. ^ Sanderson, Jeanette. (2002) Explorers, Teaching Resources/Scholastic. p. 14. ISBN 0-439-25181-8.
  13. ^ Тишков В. А., Кошелев Л. В. История Канады // М., Мысль, 1982
  14. ^ John Cabot’s voyage of 1498 Newfoundland and Labrador Heritage. Memorial University of Newfoundland (2000).
  15. ^ Jacques Cartier The Catholic Encyclopedia. — 1914.
  16. ^ Sarkonak, Ralph (1983). «A Brief Chronology of French Canada, 1534—1982». Yale French Studies (65): 275—282.
  17. ^ Christopher Moore The Loyalist: Revolution Exile Settlement. — Toronto: McClelland & Stewart, 1994. — ISBN 0-7710-6093-9
  18. ^ Papineau’s Rebellion in Lower Canada 1837
  19. ^ Robert Bothwell History of Canada Since 1867. — East Lansing, MI: Michigan State University Press, 1996. — P. 207—310. — ISBN 0-87013-399-3
  20. ^ B. Freeman, R. Nielsen. Far from Home. — 1999. — P. 6.
  21. ^ Andrew Godefroy. Canadian Military Effectiveness in the First World War // The Canadian Way of War / B. Horn. — 2006. — P. 169—194.
  22. ^ История второй мировой войны 1939—1945. М., 1975, т. 2, с. 403
  23. ^ A military history of Canada. — Toronto: McClelland & Stewart, 1999. — Т. 4. — ISBN 0771065140
  24. ^ В.А. Тишков, Л.В. Кошелев A population history of North America / История Канады. — Москва: Мысль, 1982. — 169−171 с. — (Историяческая литература).
  25. ^ Goddard Lance Canada and the Liberation of the Netherlands. — Toronto: Dundurn Press Ltd, 2005. — ISBN 1550025473
  26. ^ History of the Canadian Army in the Second World War.. — Queen’s Printer. — Т. 1. — P. 324—327.
  27. ^ Prime Minister of Canada. Queen's Printer (2009). Архіўная копія
  28. ^ Constitution Act, 1867: Preamble. Queen’s Printer
  29. ^ «The Crown and the Constitution: Sustaining Democracy?». The Crown in Canada: Present Realities and Future Options
  30. ^ MacLeod, Kevin S (2012). A Crown of Maples (2nd ed.). Queen’s Printer for Canada. p. 16. ISBN 978-0-662-46012-1.
  31. ^ «The Governor General of Canada: Roles and Responsibilities». Queen’s Printer.
  32. ^ Commonwealth public administration reform 2004. Commonwealth Secretariat. 2004. pp. 54-55. ISBN 978-0-11-703249-1.
  33. ^ а б Forsey, Eugene (2005). How Canadians Govern Themselves (6th ed.). Queen’s Printer. pp. 1, 16, 26. ISBN 978-0-662-39689-5.
  34. ^ Marleau, Robert; Montpetit, Camille. «House of Commons Procedure and Practice: Parliamentary Institutions». Queen’s Printer.
  35. ^ Johnson, David (2006). Thinking government: public sector management in Canada (2nd ed.). University of Toronto Press. pp. 134—135, 149. ISBN 978-1-55111-779-9
  36. ^ «The Opposition in a Parliamentary System». Library of Parliament.
  37. ^ https://web.archive.org/web/20110604195034/https://www.cia.gov/library/publications/the-world-factbook/rankorder/2001rank.html
  38. ^ http://siteresources.worldbank.org/DATASTATISTICS/Resources/GNI.pdf
  39. ^ Георгі Грыц. Генэрацыя выгады, або Навошта краінам свае АЭС // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 13 лістапада 2023 г. Праверана 14 лістапада 2023 г.
  40. ^ [1]
  41. ^ Immigration policy and the terrorist threat in Canada and the United States. Alexander Moens. 2008, 96 page, Security Threats on America’s, ISBN 0-88975-235-4
  42. ^ З. М. Шуканава. Канада // БЭ. — Мн.: 1998 Т. 7. С. 559
  43. ^ Справаздача аб дэмаграфічным стане Канады ў 2005 і 2006
  44. ^ Насельніцтва Канады. Statistics Canada. 2006
  45. ^ [2]
  46. ^ Facts and figures 2009 – Immigration overview: Permanent and temporary residents Праверана 4 лістапада 2015 г.
  47. ^ https://web.archive.org/web/20201204224824/https://www.belarusian.ca/be/
  48. ^ https://web.archive.org/web/20210303021813/https://www.belarusian.ca/be/belarusians-in-canada/
  49. ^ Статистический ежегодник Республики Беларусь, 2015. — Минск: 2015. — С. 87. — 124 ас. — ISBN 978-985-7015-90-0
  50. ^ Кіпель, В. Дасьледаваньне эміграцыі/іміграцыі як частка гісторыі нацыі й дзяржавы Беларусь // Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. — Нью-Ёрк - Менск: 2013. — Т. 36.
  51. ^ About the Canadian Forces
  52. ^ Queen’s Printer for Canada.

Літаратура

рэдагаваць
  • О. С. Сороко-Цюпа. История Канады // М. Высшая школа, 1985—296.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

Урад

Фэдэральныя карпарацыі

Іншыя