Машынабудаваньне

цяжкая прамысловасьць у галіне вытворчасьці машынаў, мэханізмаў, агрэгатаў і прыладаў

Машынабудава́ньне — цяжкая прамысловасьць у галіне вытворчасьці машынаў, мэханізмаў, агрэгатаў і прыладаў.

Налічвае каля 30 галінаў, найважнейшымі зь якіх зьяўляюцца: станкабудаваньне, інструмэнтальнае машынабудаваньне, прыладабудаваньне, аўтамабілебудаваньне, трактарабудаваньне, сельскагаспадарчае машынабудаваньне, дарожна-будаўнічае і камунальнае машынабудаваньне, лёгкае машынабудаваньне, электроннае машынабудаваньне, падшыпнікабудаваньне, авіябудаваньне і суднабудаваньне[1].

Гісторыя рэдагаваць

Машынабудаваньне ўзьнікла ў XVIII стагодзьдзі. Вынаходніцтва машынаў для вытворчасьці пражы, ткацкага станка і паравога рухавіка выклікала стварэньне мэталаапрацоўчых станкоў. Станкабудаваньне разьвілася спачатку ў Вялікабрытаніі. У ХІХ стагодзьдзі яно пашырылася на іншыя краіны Заходняй Эўропы і ЗША. У 2-й палове ХХ стагодзьдзя атрымала разьвіцьцё ў Японіі, Кітаі, Бразыліі і Індыі. У 1996 годзе вытворчасьць легкавых аўтамабіляў склала 39,5 млн адзінак. Зь іх 20,4 % вырабілі ў Японіі, 16,8 % у ЗША, 12,4 % у Нямеччыне, 8,2 % у Францыі і 4,4 % у Вялікабрытаніі. Таксама выпусьцілі 16,5 млн грузавікоў. Сярод іх у ЗША выпусьцілі 43,7 %, у Японіі — 16,9 %, у Бразыліі — 9,6 %, у Кітаі — 5 % і ў Паўднёвай Карэі — 3,7 %. На 2000 год машынабудаваньне было найбольш разьвітым у ЗША, Японіі, Нямеччыне, Вялікабрытаніі і Францыі. Злучаныя Штаты Амэрыкі займалі 1-е месца паводле ліку і відаў выпусканых машынаў. Японія займала 1-е месца паводле выпуску прамысловых робатаў і легкавых аўтамабіляў[1].

Беларусь рэдагаваць

Машынабудаваньне ўзьнікла ў Беларусі ў канцы ХІХ стагодзьдзя. У 1877 годзе заснавалі «Віцебскі чыгуналіцейны і машынабудаўнічы завод» (Паўночна-Заходні край). У 1881 годзе стварылі «Кашарскі машынабудаўнічы і чыгунамэталюргічны завод» у Менску. У 1930-я гады значнымі асяродкамі станкабудаваньня Беларускай ССР сталі Менск, Віцебск і Гомель. Пачалі выпускаць сельскагаспадарчыя і тарфяныя машыны, будаўнічае абсталяваньне і электраабсталяваньне. У 1940 годзе асвоілі выпуск радыёпрымачоў. У паваенныя гады ў Менску пабудавалі аўтамабільны, трактарны, вэлясыпэдны і інструмэнтальны заводы, а таксама радыёзавод. Таксама асвоілі выраб падшыпнікаў, гадзіньнікаў, кампутараў і тэлевізараў. У 1998 годзе на машынабудаваньне прыпала 25,7 % аб’ёму валавой вытворчасьці. Сярод 704 прадпрыемстваў было 24,7 % дзяржаўных, якія далі 63 % вытворчасьці. На машынабудаваньне прыпадала 37,2 % работнікаў і службоўцаў, а таксама 29,6 % прамыслова-вытворчых фондаў. Машынабудаваньне было вядучай галіной прамысловасьці Беларусі паводле разгалінаванасьці, каапэрацыі і больш як 600 відаў вырабаў. На 2000 год машынабудаваньне было разьвітым ва ўсіх 6 абласьцях Беларусі. У Менску засяроджвалася каля 45 % вытворчасьці. Буйнымі асяродкамі машынабудаваньня таксама былі: Гомель, Віцебск, Магілёў, Берасьце, Горадня, Бабруйск, Баранавічы, Пінск, Ворша, Барысаў, Жодзін і Маладэчна. Машынабудаваньне займала ў Беларусі 1-е месца паводле аб’ёму валавой вытворчасьці, кошту асноўных вытворчых фондаў і ліку працаўнікоў[1].

У 2020 годзе вытворчасьць машынабудаваньня скарацілася на 3,8 % да 17,7 млрд рублёў (7,193 млрд даляраў ЗША). Экспарт зьменшыўся на 4,1 % да 5,637 млрд $ і ажыцьцяўляўся ў 147 краінаў. Вырасла вытворчасьць: да 1,374 млн тэлевізараў на 30 %, да 21 300 легкавых аўтамабіляў на 4,2 %, да 1349 аўтобусаў на 6,3 %, да 1135 збожжаўборачных камбайнаў на 80 % і да 193 тралейбусаў на 50 %. На 2021 год у Беларусі налічвалася звыш 270 машынабудаўнічых прадпрыемстваў, на якіх працавала каля 168 000 чалавек[2].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в Пётар Рогач. Машынабудаваньне і мэталаапрацоўка // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 10: Малайзія — Мугаджары. — С. 238. — 544 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0169-9
  2. ^ Машынабудаваньне Беларусі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 16 лютага 2021 г. Праверана 28 чэрвеня 2021 г.