Гарадзенская вобласьць
Гарадзе́нская во́бласьць — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Беларусі. Плошча вобласьці складае 25 000 км². Насельніцтва на 2018 год — 1 043 681 чалавек[1]. Адміністрацыйны цэнтар — места Горадня.
Гарадзенская вобласьць | |
Сьцяг | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Статус | вобласьць |
Адміністрацыйны цэнтар | Горадня |
Улучае | 17 раёнаў |
Найбольшы горад | Горадня |
Іншыя буйныя гарады | Ліда Слонім Наваградак Смаргонь |
Дата ўтварэньня | 20 верасьня 1944 |
Старшыня аблвыканкаму | Уладзімер Краўцоў |
Насельніцтва (2018) | 1 043 681[1] |
Шчыльнасьць | 42 чал./км² |
Нацыянальны склад | беларусы — 66,7% палякі — 21,5% расейцы — 8,2% украінцы — 1,4%[2] |
Канфэсійны склад | 216 каталіцкіх касьцёлаў 212 праваслаўных цэркваў |
Плошча | 25 000 км² (12%) |
Вышыня па-над узр. м. · найвышэйшы пункт · сярэдняя вышыня · найніжэйшы пункт | 323 м 114 м[3] 80 м |
Месцазнаходжаньне Гарадзенскай вобласьці | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Часавы пас | UTC +3 |
Код ISO 3166-2 | BY-HR |
Тэлефонны код | +375-15 |
Паштовыя індэксы | 230 xxx, 231 xxx |
Код аўтам. нумароў | 4 |
Афіцыйны сайт | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Гісторыя
рэдагаваць- XII стагодзьдзе: першыя згадкі пра асобнае Гарадзенскае княства.
- 1413: утварыўся Гарадзенскі павет у складзе Віленскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага.
- 1793: Гарадзенскае ваяводзтва Рэчы Паспалітай.
- 1796: Гарадзенскі павет Слонімскай губэрні ў складзе Расейскай імпэрыі.
- 1801: Гарадзенская губэрня Расейскай імпэрыі.
- 1 студзеня 1919: Гарадзенскі раён у складзе Беларускай ССР.[4]
- 19 лютага 1921: Гарадзенскі павет Беластоцкага ваяводзтва міжваеннай Польскай Рэспублікі.
- 15 студзеня 1940: Гарадзенскі раён Беластоцкай вобласьці ў складзе БССР.
- 20 верасьня 1944: Гарадзенская вобласьць БССР.
- 1954 і 1960: адбыліся ўзбуйненьні вобласьці.
- 27 ліпеня 1990: Гарадзенская вобласьць у складзе незалежнай Беларусі.
Геаграфічнае становішча
рэдагавацьГарадзенская вобласьць знаходзіцца ў паўночна-заходняй частцы Беларусі. Максымальная працягласьць тэрыторыі з поўначы на поўдзень — 247 км, з захаду на ўсход — 213 км. Тэрыторыя вобласьці складае 25 000 км² (12% тэрыторыі Беларусі).
На паўночным захадзе Гарадзенская вобласьць мяжуе зь Віцебскай, на захадзе — зь Менскай, на поўдні — зь Берасьцейскай абласьцямі Беларусі, на захадзе — з Падляскім ваяводзтвам Польшчы, на поўначы — зь Летувой.
Рэльеф
рэдагавацьРэльеф у асноўным раўнінны, пераважаюць вышыні ў 120—180 м. Значную частку вобласьці займаюць Нёманская і Нарачанска-Вялейская нізіны, Лідзкая раўніна (да 170 мэтраў). Сустракаюцца марэнавыя ўзвышшы — Гарадзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Наваградзкае і Ашмянскае.
У паўночна-заходняй частцы вобласьці, пры выйсьці Нёману за межы краіны знаходзіцца найніжэйшае месца Беларусі — 80 мэтраў над узроўнем мора. Найвышэйшы пункт вобласьці — гара Замкавая (323 мэтры) знаходзіцца на Наваградзкім узвышшы.
Карысныя выкапні
рэдагавацьВобласьць мае паклады жалезных рудаў (Навасёлкаўскае радовішча ільмэніт-магнэтытавых рудаў у Карэліцкім раёне і шэраг рудапраяваў уздоўж мяжы зь Летувой у Гарадзенскім раёне), торфу (пераважна на Нёманскай нізіне), крэйды, цаглянай і дахоўчатай гліны, цэмэнтавай сыравіны (галоўныя радовішчы ў Ваўкавыскім раёне), сылікатных пяскоў, вапнавай сыравіны, пяскова-жвіровага матэрыялу.
Клімат
рэдагавацьКлімат умерана-кантынэнтальны, у параўнаньні з усходнімі раёнамі Беларусі больш вільготны, зь цёплай зімой і прахалодным летам. Значна ўзьдзейнічаюць на клімат Гарадзенскай вобласьці паветраныя масы Атлянтыкі. Сярэдняя тэмпэратура студзеня ад −6,6°С у Карэліцкім і Наваградзкім раёнах да −5°С на паўднёвым захадзе ў Бераставіцкім і Сьвіслацкім раёнах, у ліпені тэмпэратура дасягае 17—18,2°С. Вэгетацыйны пэрыяд 188—200 дзён. Ападкаў выпадае 520—640 мм за год (у Наваградку — 706 мм), 71% іх прыпадае на красавік — кастрычнік.
Расьліннасьць
рэдагавацьСярэдняя лясістасьць складае 33%, ад 10—12% у Бераставіцкім і Зэльвенскім раёнах да 50% у Сьвіслацкім. Лясы пераважна іглічныя (68,8%) і яловыя (11%), менш бярозавых, чарнаалешнікавых, дубовых, грабавых, ясянёвых. Захаваліся буйныя лясныя масівы — пушчы: Налібоцкая, Ліпічанская, Графская, часткова Белавеская.
Пераважаюць нізінныя балоты, яны займаюць 6,6% тэрыторыі вобласьці, вялікая іх частка асушаная. Пад лугі занятыя 14,4% тэрыторыі, 2/3 зь іх — нізінныя. На тэрыторыі вобласьці знаходзіцца 10 прыродных заказьнікаў дзяржаўнага значэньня, 50 помнікаў прыроды.
Гідраграфія
рэдагавацьПрактычна ўся тэрыторыя вобласьці належыць да басэйну Нёману і яго прытокаў: Бярэзіне, Гаўі, Дзітве, Лебядзе, Котры (праваруч), Вушы, Сэрвачы, Шчары, Ласосьне (леваруч). На паўночным усходзе працякае рака Вяльля (з Ашмянкай). На паўночным захадзе пачынаецца рака Нараў — прыток ракі Вісла.
На тэрыторыі вобласьці знаходзіцца вядомы Аўгустоўскі канал, які злучыў басэйны Нёману і Віслы.
Найвялікшыя азёры: Белае, Рыбніца, Малочнае, Сьвіцязь (у межах Сьвіцяскага ляндшафтнага заказьніку), Сьвір і Вішнеўскае (на мяжы зь Менскай вобласьцю).
Транспарт
рэдагавацьТэрыторыю вобласьці перасякаюць чыгуначныя шляхі: Менск — Маладэчна — Смаргонь — Вільня (Летува), Вільня — Ліда — Баранавічы, Маладэчна — Ліда — Масты — Горадня, Вільня — Горадня — Беласток (Польшча), Баранавічы — Слонім — Горадня. Буйныя чыгуначныя вузлы: Горадня, Ваўкавыск, Ліда, Масты. Галоўныя аўтамагістралі вобласьці ідуць на Менск, Вільню, Баранавічы, Берасьце. Праз тэрыторыю вобласьці праходзіць адзін з трансмагістральных шляхоў Эўразіі, што спрыяе шырокаму міжнароднаму супрацоўніцтву. Дзякуючы выгоднасьці свайго геаграфічнага становішча, Гарадзенская вобласьць — эфэктыўнае інтэгруецца ў гандаль дзяржаваў Заходняй і Цэнтральнай Эўропы, краінаў СНД і Азіі. На кастрычнік 2013 году УП «Горадняаблдарбуд» абслугоўвала 10 631 км аўтадарог, зь іх 4914 км (46%) з гравійным пакрыцьцём і 4578 км (43%) асфальтаваных, а таксама звыш 1500 км сельскіх вуліцаў. На мясцовых дарогах Гарадзенскай вобласьці налічвалася каля 2800 аўтобусных прыпынкаў, зь іх каля 1000 (36%) з аўтапавільёнамі[5].
Водны транспарт зьяўляецца складовай часткай транспартнага комплексу вобласьці, суднаходнымі зьяўляюцца рэкі Нёман і Шчара.
Па тэрыторыі вобласьці праходзіць адгалінаваньні газаправодаў Дашава (Украіна) — Менск — Івацэвічы — Ліда — Вільня (Летува), Івацэвічы — Слонім — Горадня.
Памежнае становішча вобласьці спрыяе разьвіцьцю яе эканамічных сувязяў з Польшчай, Летувай, Расеяй (Калінінградзкая вобласьць) у рамках эўрарэгіёну «Нёман». У чэрвені 1997 году на канфэрэнцыі ў польскім месьце Сувалкі адбылося падпісаньне дамовы пра стварэньне і статус трансьмежнага зьвязу «Эўрарэгіён „Нёман“». У яго склад увайшлі Гарадзенская вобласьць, Мар’ямпальскі і Аліцкі паветы Летувы і Падляскае ваяводзтва Польшчы.
Прамысловасьць і сельская гаспадарка
рэдагавацьКіроўныя пазыцыі ў эканоміцы Гарадзенскай вобласьці займае хімічная прамысловасьць. Найвялікшыя прадпрыемствы гэтай галіны разьмешчаныя ў местах Горадня і Ліда. Гэта вытворчыя аб’яднаньні «Азот» і «Хімвалакно», акцыянэрнае таварыства «Лакафарба». Больш за траціну прамысловай прадукцыі выпускаецца на прадпрыемствах харчовай прамысловасьці і машынабудаваньня. Шырокую вядомасьць набыла прадукцыя шклозавода «Нёман», разьмешчанага ў месьце Бярозаўцы Лідзкага раёну.
Вобласьць мае высокаразьвітую сельскагаспадарчую вытворчасьць. Тут распаўсюджаныя малочна-мясная жывёлагадоўля, сьвінагадоўля, вырошчваньне бульбы ў спалучэньні з вырошчваньнем ільну на ўсходзе і вырошчваньнем цукровых буракоў на захадзе. Пашыраныя пасевы зерневых культураў, а вакол буйных местаў разьвітыя птушкагадоўля і агародніцтва.
Насельніцтва
рэдагаваць- 2018 год — 1 043 681 чал.[1]
- 2017 год — 1 047 494 чал.[6]
- 2016 год — 1 050 125 чал.[7]
- 2014 год — 1 054 900 чал.[8]
На тэрыторыі Гарадзенскай вобласьці жыве (на 1 студзеня 2003 году) 1 млн 150 тыс. чалавек, зь іх: 63,6% — у местах, 36,4% — у вёсках.
У вобласьці жыве 552,8 (47,1%) — мужчынаў і 621,1 (52,9%) — жанчын. Колькасьць насельніцтва ва ўзросьце да 19 гадоў складае 312 тыс. чалавек, 20—59 гадоў — 622,5 тыс., 60 гадоў і старэй — 239,4 тыс.
Паводле нацыянальнага складу (перапіс 2009 году): беларусы — 66,7%, палякі — 21,5%, расейцы — 8,2%, украінцы — 1,4%, іншыя — 2,2%[2].
На тэрыторыі вобласьці дзейнічае 451 рэлігійная суполка, у тым ліку 184 праваслаўныя, 170 каталіцкіх, 82 пратэстанцкія, 8 мусульманскіх, 3 юдэйскія. У вобласьці разьмешчаны 451 культавы будынак, сярод якіх 216 — каталіцкіх храмаў, 212 — праваслаўных, 18 — пратэстанцкіх, 4 — мячэты і 1 сынагога. Працуюць два праваслаўныя эпархіяльныя ўпраўленьні й 1 каталіцкае, дзейнічаюць два каталіцкія брацтвы і адно праваслаўнае сястрыцтва, чатыры каталіцкія кляштары і 2 праваслаўныя манастыры.
У Гарадзенскай вобласьці функцыянуюць 20 нацыянальна-культурных аб’яднаньняў, 8 нацыянальных супольнасьцяў.
Славутасьці
рэдагавацьУ вобласьці налічваецца 645 аб’ектаў спадчыны (на 15 чэрвеня 2005 году, зьвесткі Міністэрства культуры), улучаных у Дзяржаўны рэестар гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі, у тым ліку аб’ектаў архітэктуры — 210 (будынкі, якія маюць гістарычную значнасьць), гісторыі — 87 (братэрскія магілы жаўнераў і ахвяраў ваенных падзеяў, магілы вядомых людзей, мэмарыяльныя комплексы), мастацтва — 28 (прадметы інтэр’еру, манумэнтальныя творы, фрэскавы жывапіс), археалёгіі — 320 (курганы, стаянкі, паселішчы, гарадзішчы, мескі культурны пласт). Нацыянальны парк Белавеская пушча і Мірскі замак улучаны ў Сьпіс сусьветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЭСКО.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
рэдагавацьВобласьць узначальваецца Гарадзенскім абласным выканаўчым камітэтам. Вобласьць налічвае 17 раёнаў, 12 местаў, 21 мястэчка.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ а б Перепись населения — 2009. Гродненская область. Национальный состав населения (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ GeoNames (анг.) — 2005.
- ^ У якіх межах былі абвешчаныя Беларуская Народная Рэспубліка і БССР? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Алена Даўжанок, Барыс Пракопчык. Мясцовыя дарогі Гарадзеншчыны — пад надзейнай «апекай» // Зьвязда : газэта. — 26 кастрычніка 2013. — № 203 (27568). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Demographic situation in January 2014 (анг.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 9 лютага 2014
Літаратура
рэдагаваць- Гродненская область // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.