Грамадзкае аб’яднаньне

Грамадзкае аб’яднаньне (ГА) — добраахвотнае таварыства(en) на аснове агульнасьці зацікаўленасьцяў, заснаванае ў выніку свабоднага волевыяўленьня. Ствараецца шляхам скліканьня самачыннымі грамадзянамі ўстаноўчага зьезду, на якім ухваляюць статут і выбіраць кіроўную ўстанову. З дня дзяржаўнага ўліку статуту, за які зьбіраецца грашовая плата, прызнаецца юрыдычнай асобай. Дзейнічае на аснове раўнапраўя ўдзельнікаў, самакіраваньня і галоснасьці. Зьмест статуту адлюстоўвае мэту і задачы, вызначае парадак кіраваньня ўласнасьцю і ажыцьцяўленьня міжнародных сувязяў[1]. Укараняецца ў грамадзкім жыцьці, дасягае шматлікасьці і ўплывае на грамадзкую сьвядомасьць, калі спрыяе сумеснаму пераадоленьню перашкоды і пагрозы[2].

Мінуўшчына

рэдагаваць

Грамадзкія аб’яднаньні існавалі са Старажытнасьці: Акадэмія(en) Плятона ў Старажытнай Грэцыі (Атэны, 387—83 гады да н. э.), пахавальныя калегіі(en) ў Старажытным Рыме, раньнія хрысьціянскія брацтвы. У Новы час адбыўся іх колькасны рост. Іх дзейнасьць зазнала найбольшае ажыўленьне падчас грамадзкіх пераваротаў у Заходняй Эўропе. Прастору для ўзьнікненьня яшчэ большай колькасьці грамадзкіх аб’яднаньняў стварыла замацаваньне ў заканадаўстве свабоды аб’яднаньняў(en). На падставе ўтварэньня ў заходнім грамадзтве(en) трох грамадзянскіх плыняў (лібэралізм, кансэрватызм, сацыялізм) пачалі ўзьнікаць гаспадарчыя аб’яднаньні і палітычныя партыі. У 2-ой палове 20-га стагодзьдзя прафэсійныя зьвязы сталі аказваць пастаянны ўплыў на заканадаўства. Пры канцы XX стагодзьдзя вырас уплыў мясцовых і прыродаахоўных аб’яднаньняў. Пашырэньню міжнароднай супрацы грамадзкіх аб’яднаньняў паспрыяла зацьвярджэньне ў рамках ААН большасьцю дзяржаваў сьвету, у тым ліку Беларусьсю, Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека 1948 году (Артыкул 20) і Міжнароднага пагадненьня аб грамадзянскіх і палітычных правах(en) 1966 году (Артыкул 22). Адпаведную ўмову замацавалі ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 году (Артыкул 36)[2].

Беларусь

рэдагаваць

З падсавецкага часу ў Беларусі засталіся Беларускі саюз архітэктараў (1935), Беларускі саюз кампазытараў (1938), Беларускі саюз мастакоў (1938) і Саюз беларускіх пісьменьнікаў (1934). У даваеннай Заходняй Беларусі дзейнічалі Беларускае навуковае таварыства (Вільня, 1918—1939), Таварыства беларускай школы (Радашкавічы, 1921—1937) і Беларуская сялянска-работніцкая грамада (Вільня, 1925—1938). Яшчэ да аднаўленьня незалежнасьці Беларусі 25 жніўня 1991 году ўтварыўся Беларускі народны фронт «Адраджэньне» (1989) і Беларускі фонд культуры (1987). Адразу пасьля ўзьнікла Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Замест распушчанай Камуністычнай партыі Беларусі, што была адзінай у краіне, у 1-й палове 1990-х гадоў ўтварылася звыш 20 новых партыяў. Пашырылася дзейнасьць рэлігійных аб’яднаньняў. Патрэба ў пераадоленьні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы 1986 году прывяла да ўзьнікненьня адпаведных аб’яднаньняў «Ахвяры Чарнобыля» і «Дзецям Чарнобыля». На 1 кастрычніка 1997 году ў Беларусі на дзяржаўным уліку стаялі 2002 грамадзкія аб’яднаньні (1 на 5041 жыхара): 952 (48%) мясцовыя, 855 (44%) агульнакраёвых і 119 (6%) міжнародных[2].

На лістапад 1998 г. на ўліку стаялі каля 2000 грамадзкіх аб’яднаньняў, зь іх звыш 500 (25%) уваходзілі ў Асамблею няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў. З агульнага ліку 15% займаліся справамі культуры; 9% — правоў чалавека; па 8% — адукацыі, спорту і турызму і сям'і; па 7% — моладзі, аховы здароўя і навукі і тэхнікі; па 5% — інвалідаў і экалёгіі; 4% — Чарнобыльскага бедзтва; па 3% — вайскоўцаў, самакіраваньня і хобі[3].

На люты 2011 году налічвалася 2274 грамадзкія аб’яднаньні[4].

  1. ^ а б Грамадзкія аб’яднаньні // Юрыдычны энцыкляпэдычны слоўнік / гал.рэд. Сяргей Кузьмін. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1992. — С. 151. — 636 с. — 25 000 ас. — ISBN 5-85700-087-4
  2. ^ а б в Віктар Боўш. Грамадскія арганізацыі, грамадскія аб’яднанні //БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 399-400.
  3. ^ «Трэці сэктар» імкліва набірае сілу // Зьвязда : газэта. — 20 лістапада 1998. — № 226-227 (23577-23578). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Зоя Варанцова. Хацелі як лепш // Зьвязда : газэта. — 11 лютага 2011. — № 27 (26891). — С. 7. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць