Сьвятая (гара)
Сьвята́я (з 1958 году — Дзяржы́нская[a]) — гара, найвышэйшы пункт Менскага ўзвышша і Беларусі. Вышыня над узроўнем мора — 345 мэтраў, бачная вышыня 40—50 м.
Сьвятая лац. Śviataja | |
Найвышэйшы пункт | |
---|---|
Вышыня | 345 м н. у. м. |
Геаграфія | |
Месцазнаходжаньне | Койданаўскі раён |
Кантынэнт | Эўропа |
Краіна | Беларусь |
Горная сыстэма | Менскае ўзвышша |
Узыходжаньне | |
Клясычны маршрут | пешшу |
Сьвятая | |
Знаходзіцца ля вёскі Скірмантава, за 20 км на поўнач ад Койданава і за 30 на паўднёвы захад ад Менску.
Агульныя зьвесткі
рэдагавацьГару складаюць марэны, пакрытыя суглінкамі і супяскамі, якія сфармаваліся падчас паазерскага зьледзяненьня.
Ля падножжа гары пачынаюцца рэкі, што належаць да басэйнаў Нёмана і Дняпра. Гэта Пціч, Іслач, Сула, Вуса.
Паўднёва-заходнія схілы стромкасьцю да 5º, паўночныя і ўсходнія схілы спадзістыя — да 2º, разараныя. 15 % тэрыторыі на паўночным захадзе пад маладым лесам.
Папулярны аб’ект пешаходнага турызму.
Гісторыя
рэдагавацьНазва гары, відаць, паходзіць з дахрысьціянскіх часоў, калі на ёй знаходзілася паганскае капішча. Паводле мясцовага паданьня, разьмешчаная на гары вёска Скірмунтава атрымала сваю назву ў гонар беларускага асілка «Скірмуня», што здабыў перамогу ў бітве з татарамі.
У першай палове XX ст. па прыходзе савецкай улады тэрыторыя гары апынулася ў складзе мэханізаванага двара саўгасу «Камсамолец». У часы сталінскіх рэпрэсіяў, якія праводзілі супрацоўнікі НКУС пад лёзунгамі барацьбы з шпіёнамі-здраднікамі і варожымі элемэнтамі, у пагранічнай зоне (за шэсьць кілямэтраў ад граніцы міжваеннай Польскай Рэспублікі) многіх жыхароў вёскі Скірмунтава выслалі на Салаўкі і ў Сыбір, ніхто зь іх не вярнуўся[1]. У Другую сусьветную вайну 30 ліпеня 1943 году нацысцкія карнікі ўшчэнт спалілі вёску разам з 140 мірнымі жыхарамі.
У 1958 годзе бальшавікі перайменавалі Сьвятую гару ў «Дзяржынскую» ў гонар савецкага партыйнага дзеяча, аднаго з арганізатараў «чырвонага тэрору»[2] — Фэлікса Дзяржынскага.
У канцы XX ст. на вяршыні гары паставілі памятны знак «Гара Дзяржынская. Вышэйшая кропка Беларусі. Вышыня 345 мэтраў над узроўнем мора». У пачатку XXI ст. тэрыторыю гары добраўпарадкавалі.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Зьнішчэньне традыцыйнай гістарычнай тапаніміі — адзін з захадаў палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Михайлов С. Станет ли Дзержинская гора Святой? // «Экспресс Новости», 8 ліпеня 2004 г.
- ^ Процька Т. «На сумленьні Дзяржынскага шмат расстраляных людзей» // Радыё Свабода, 22 сьнежня 2004 г.
Літаратура
рэдагаваць- Целеш Л. А была гара Святая… // Народная Воля. №61—62, 24 красавіка 2008 г.
- Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Зьміцер Бартосік. «Бясконцая гара»(недаступная спасылка)
- Михайлов С. Станет ли Дзержинская гора Святой? // «Экспресс Новости», 8 ліпеня 2004 г.