Першая сусьветная вайна на Беларусі
Згодна з распрацаванымі плянамі ваенных дзеяньняў Нямеччына разьлічвала спачатку разьбіць Францыю, а затым Расею. Уварваўшыся праз тэрыторыю нэўтральнай Бэльгіі ў межы Францыі, немцы стварылі рэальную пагрозу для Парыжу.
Расея плянавала нанесьці галоўны ўдар па Аўстра-Вугоршчыне ў напрамку Галіцыі, што давала магчымасьць пранікнуць на Балканы і да праліваў Басфор і Дарданэлы.
Мабілізацыя
рэдагавацьНа расейска-нямецкім фронце вайна пачалася баямі ва Ўсходняй Прусіі, Польшчы, Галіцыі. Літоўска-беларускія губэрні, якія знаходзіліся паблізу тэатру ваенных дзеяньняў, былі аб’яўленыя на ваенным становішчы. Тэрыторыя Беларусі апынулася ў складзе Дзьвінскай і Менскай ваенных акруг, і ў адпаведнасьці з загадам Мікалая II ад 20 ліпеня 1914 г. уся мясцовая цывільная адміністрацыя мусіла падпарадкоўвацца іх начальнікам[1]. У Баранавічах разьмясьцілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага вялікага князя Мікалая Мікалаевіча (перанесеная пазьней у Магілёў). 29 ліпеня паводле яго загаду начальнікам ваенных акруг была разасланая дырэктыва «аказваць ваеннай сілай самае энэргічнае садзеяньне цывільным уладам, каб поўным яднаньнем на месцах ваеннага і цывільнага начальства выкараніць адразу ўсялякую спробу да смуты»[2]. У расейскае войска забралі каля 50% дарослых мужчынаў Беларусі[3].
Баявыя дзеяньні
рэдагавацьЗ пачатку 1915 асноўныя сілы Нямеччыны знаходзіліся на Ўсходнім фронце. У выніку нямецкага наступленьня расейскія войскі ў чэрвені 1915 г. пакінулі Галіцыю, страціўшы каля 600 тыс. палоннымі, забітымі, параненымі. Захапіўшы Галіцыю, Нямеччына сканцэнтравала галоўныя сілы на польскім тэатры ваенных дзеяньняў.
Расейскія войскі, церпячы паражэньне за паражэньнем у Польшчы, у ліпені 1915 г. здалі Варшаву. Фронт імкліва набліжаўся да Беларусі. У жніўні 1915 пачалося нямецкае наступленьне ў напрамку Коўна — Вільня — Менск (адзін з найвядомых посьпехаў нямецкай арміі ў гэтым рэгіёне вядомы пад назвай сьвянцянскі прарыў). На пачатку верасьня 1915 расейскае войска пакінула Вільню, Горадню, Ліду, Берасьце й іншыя месты Заходняй Беларусі. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага была пераведзена з Баранавіч у Магілёў. У кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся на лініі Дзьвінск — Паставы — Баранавічы — Пінск. Значная частка тэрыторыі Беларусі апынулася пад нямецкай акупацыяй.
Напярэдадні і ў першыя дні вайны заходнія, у тым ліку беларускія губэрні, былі аб’яўленыя на ваенным становішчы. Забараняліся страйкі, сходы, шэсьці, маніфэстацыі, уводзілася ваенная цэнзура. У сувязі з наступам нямецкіх войскаў на ўсход рушыў вялікі паток уцекачоў з Польшчы, Летувы і заходніх паветаў Беларусі (больш за 1320,5 тыс. чалавек).
На захопленай Нямеччынай тэрыторыі Беларусі ўводзіліся розныя ваенныя павіннасьці. На абаронныя работы (капаньне акопаў, будаўніцтва мастоў, рамонт дарог, ахову вайсковых аб’ектаў і да т. п.) прыцягвалася ўсё насельніцтва прыфрантавой паласы. Пачаліся масавыя рэквізыцыі жывёлы, прадуктаў харчаваньня і фуражу. У Віцебскай губэрні з 1 чэрвеня 1914 да 1 чэрвеня 1915 року было рэквізавана для арміі 120 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, у выніку яе пагалоўе скарацілася на 21,5%.
Рэквізыцыі і прымусовыя работы на патрэбу фронту праводзілі і нямецкія ўлады. Акупанты сілаю забіралі ў сялянаў коней, кароў, іншую хатнюю жывёлу, прадукты, фураж, адзеньне, абутак, прымушалі выконваць розныя павіннасьці.
20 чэрвеня 1916 пад Смургонямі немцы ўпершыню ўжылі на тэрыторыі Беларусі іпрыт па пазыцыях 254-га Мікалаеўскага і 253-га Перакопскага пяхотных палкоў[4].
Вайскаводы-беларусы
рэдагавацьУ 1914—1917 гады расейскімі арміямі загадвалі 63 генэралы, 9 зь якіх былі беларусамі і нарадзіліся ў Беларусі, у тым ліку Платон Лячыцкі. Сярод 60 кавалераў ордэна сьвятога Георгія 3-й ступені было шэсьць беларусаў: 4 генэралы ад інфантэрыі, генэрал-лейтэнант і палкоўнік. Яшчэ 6 беларусаў былі сярод 36 загінулых на вайне генэралаў. Увесну 1917 году 2 зь 5 расейскіх франтоў загадвалі беларусы: Заходнім у Беларусі — Васіль Гурка ад 31 сакавіка да 22 траўня, Румынскім — Аляксандар Рагоза ў сакавіку—красавіку[5].
Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаваньне
рэдагаваць- Асноўны артыкул: Обэр-Ост
Па ажыцьцяўленьні нямецкай акупацыі тэрыторыі Гарадзенскай (без паўднёвае часткі зь Берасьцем) і Віленскай губэрняў, а таксама Ковенскай і Курляндзкай губэрняў былі ўключаныя ў новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны орган, які атрымаў назву Обэр-Ост. У складзе дадзенае тэрыторыі заходнія тэрыторыі Беларусі трапілі ў падначаленьне адной з трох акругаў Обэр-Осту — акругі Беласток-Горадня. У якасьці сроду грашовага абарачэньня быў уведзены г.зв. ост-рубель з надпісамі на польскай, летувіскай і латыскай мовах.
Сельская гаспадарка
рэдагавацьУ выключна цяжкім становішчы апынулася сельская гаспадарка Беларусі. Больш як палова ўсіх працаздольных мужчын беларускай вёскі была мабілізаваная і адпраўлена на фронт. Толькі зь Менскай, Магілёўскай і Віцебскай губэрняў было прызвана ў армію 634 400 чалавек. За гады вайны скараціліся пасяўныя плошчы Беларусі: жыта — на 18,7%, пшаніцы — на 22,1%, бульбы — на 34,2%. Ва ўмовах неверагоднай галечы, вялікай скучанасьці насельніцтва і голаду ў прыфрантавых губэрнях шырока распаўсюдзіліся розныя эпідэмічныя хваробы — тыф, халера й інш.
Акупацыя
рэдагавацьПачынаючы з 1915 на Беларусі назіраецца нарастаньне рабочага руху. У красавіку 1915 адбылося выступленьне рабочых і служачых Гомельскага чыгуначнага вузлу. Летам таго ж году баставалі рабочыя дэпо Лібава-Роменскай чыгункі ў Гомлі. У 1916 року стачачны рух ахапіў 11 населеных пунктаў Беларусі, у якім удзельнічала 1800 чалавек. Асноўным патрабаваньнем стачачнікаў зьяўлялася павышэньне заработнай платы.
Значна ўзрасьлі сялянскія хваляваньні ў 1915 року. У сувязі зь перанясеньнем баявых дзеяньняў на тэрыторыю Беларусі і ростам рэквізыцыяў сярод сялянаў поруч з антыпамешчыцкімі ўзмацніліся антыўрадавыя настроі. На працягу 1915 адбылося 99 сялянскіх выступленьняў. Аднак у 1916—1917 іх колькасьць значна зьменшылася. У 1916 г. іх было 60, а ў студзені — лютым 1917 г. толькі 7.
Ваенныя паразы расейскага войска ў кампаніі 1915 року, няўдачы баявых дзеяньняў у 1916, велізарныя людзкія страты выклікалі нездаволенасьць салдат. У войсках успыхнулі хваляваньні, зьвязаныя з дрэнным забесьпячэньнем прадуктамі харчаваньня і абмундзіраваньнем, недахопам зброі і боепрыпасаў. Усяго ў Беларусі ў пэрыяд вайны адбыліся 62 значныя хваляваньні салдат. Расло дэзэртырства. Цэлыя ваенныя часьці і злучэньні адмаўляліся ісьці ў наступленьне. Узмацнілася антыўрадавая агітацыя сярод салдат.
22 кастрычніка 1916 адбылося паўстаньне жаўнераў, казакоў і матросаў на разьмеркавальным пункце ў Гомлі. Паўстаньне ўспыхнула ў сувязі з арыштам аднаго з казакоў. На яго абарону выступілі каля 4 тыс. салдат і матросаў, якія абяззброілі каравул гаўптвахты і вызвалілі з-пад арышту больш за 800 чалавек. 26 кастрычніка салдаты-паўстанцы разагналі паліцэйскі атрад, які займаўся вобшукамі. Паўстанцы былі жорстка пакараныя. Да суду было прыцягнута 16 чалавек. Зь іх 9 было расстраляна, а астатнія адпраўлены на катаргу і ў арыштанцкія роты. Але спыніць працэс разлажэньня арміі ўжо было нельга, яна паступова станавілася небаяздольнай.
Беларускі нацыянальны рух
рэдагаваць- Асноўны артыкул: Беларускі нацыянальны рух
У гады вайны адбыліся значныя зьмены ў беларускім нацыянальным руху. Усе даваенныя беларускія нацыянальна-культурныя арганізацыі распаліся. Была закрытая газэта «Наша ніва», рэдактарам якой зьяўляўся Я. Купала. На захопленай Нямеччынай тэрыторыі вядомыя беларускія дзеячы браты І. і А. Луцкевічы, В. Ластоўскі і іншыя выступілі з ідэяй стварэньня канфэдэрацыі Летувы і Беларусі ў форме Вялікага Княства Літоўскага з мэтай аднаўленьня агульнай літоўска-беларускай дзяржавы на аснове незалежнасьці Летувы і Беларусі. У лютым 1916 была распаўсюджаная адозва «Грамадзяне!», у якой намячалася стварэньне самастойнай дзяржавы з соймам у Вільні.
Аднак утварыць канфэдэрацыю не ўдалося. Нямецкі ўрад ня быў зацікаўлены ў такой дзяржаве. Акупаваўшы Вільню, нямецкае камандаваньне абвясьціла аб тым, што беларускія землі будуць падпарадкоўвацца Польскай Кароне. У сувязі з гэтым польскія памешчыкі, карыстаючыся падтрымкай акупантаў, пачалі настойліва ажыцьцяўляць палянізацыю беларускага насельніцтва. На акупаванай беларускай тэрыторыі была створана шырокая сетка польскіх школ, розных згуртаваньняў польскай «злучнасьці». Гвалтоўная палянізацыя выклікала абурэньне мясцовага насельніцтва. Пачаліся спрэчкі паміж палякамі і беларусамі. Гэта і прывяло да адмаўленьня ідэі ўтварэньня канфэдэратыўнай дзяржавы. Больш таго, у самім беларускім нацыянальным руху адбыўся раскол. Група беларускіх дзеячоў на чале з В. Ластоўскім заснавала тайную арганізацыю «Сувязь незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі», якая ставіла сабе за мэту ўтварыць незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах.
Нямеччына, стараючыся ўмацаваць сваю ўладу на акупаванай тэрыторыі, ажыцьцявіла адпаведныя захады, каб, па-першае, ня даць магчымасьці стварыць тут самастойную дзяржаву, а па-другое, прадухіліць поўнае польскае засільле на гэтых землях. На пачатку 1916 року нямецкі фэльдмаршал Гіндэнбург у загадзе пра школы акупаванага краю абвясьціў беларускую мову раўнапраўнай з польскай, летувіскай і жыдоўскай мовамі. Нягледзячы на супрацьдзеяньне польскіх памешчыкаў, беларускі нацыянальны рух значна ажывіўся. На акупаванай тэрыторыі былі адчыненыя беларускія школы, створаныя выдавецтвы. Пачалося выданьне на беларускай мове газэтаў, часопісаў. Стала выходзіць газэта «Гоман». У Вільні былі створаныя «Беларускі клюб», згуртаваньне «Золак», «Навуковае таварыства», «Беларускі вучыцельскі саюз» і інш. Кіраваў усёй гэтай работай створаны ў 1915 г. у Вільні Беларускі народны камітэт, які ўзначальваў А. Луцкевіч. У красавіку 1916 г. камітэт узяў удзел у рабоце канфэрэнцыі народаў Расеі, якая адбылася ў Стакгольме, а таксама ў міжнароднай канфэрэнцыі ў Лязане ў чэрвені 1916. Дэлегацыя беларусаў зьвярнулася да ўсіх цывілізаваных людзей сьвету з просьбай дапамагчы беларускаму народу свабодна разьвіваць свае «інтэлектуальныя, маральныя і эканамічныя сілы», стаць гаспадаром на сваёй уласнай зямлі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Авербах, О. И. Законодательные акты, вызванные войною 1914 года с Германиею, Австро-Венгриею и Турциею: законы, манифесты, рескрипты, указы, положения Совета Министров, Военного и Адмиралтейств-Советов, распоряжения и постановления министров и др.: [в 5 т.]. [Т. 1] / О. И. Авербах. — Вильна: Типография А. Г. Сыркина, 1915. — С. 15 — 16; Якупов, Н. М. Борьба за армию в 1917 году: (Деятельность большевиков в прифронтовых округах). — М.: Мысль, 1975. — 294 с — С. 21 — 22.
- ^ Беркевич, А. Б. Крестьянство и всеобщая мобилизация в июле 1914 г. // Исторические записки. — 1947. — Т. 23. — С. 11.
- ^ Ганна Гарустовіч. У апошні дзень Першай сусьветнай у Менску прайшлі памятныя мерапрыемствы // Зьвязда : газэта. — 12 лістапада 2011. — № 216 (27080). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ Алег Грузьдзіловіч. (26 чэрвеня 2014) Як іпрыт дайшоў да Беларусі Людзі. Радыё «Свабода». Праверана 16 ліпеня 2014 г.
- ^ Вячаслаў Бандарэнка. Дзіўны выбар // Зьвязда. — 29 кастрычніка 2013. — № 204 (27569). — С. 4.
Літаратура
рэдагаваць- Беларусь у Першай Сусветнай вайне: Гіст. нарыс / Юры Весялкоўскі; [Рэд. А.Мірановіч]. — Беласток; Лондан, 1996. — 361 с (Бібліяграфія: С. 359—361).