Інданэзія

краіна ў Азіі

Рэспу́бліка Інданэ́зія (па-інданэзійску: Republik Indonesia) — астраўная дзяржава, разьмешчаная ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі паміж Індыйскім і Ціхім акіянамі, на астравох Малайскага архіпэлягу і ў заходняй частцы вострава Новая Гвінэя. Гэта самая вялікая астраўная краіна ў сьвеце, у склад якой уваходзяць больш як 17 тысячаў астравоў[2], а агульная плошча складае 1,9 млн км². Інданэзія займае 14-ы радок у сьпісе самых вялікіх краінаў паводле плошчы[3]. Насельніцтва краіны складае больш за 280 мільёнаў чалавек, такім чынам, гэта чацьвертая самая густанаселеная краіна ў сьвеце і самая густанаселеная мусульманская краіна ў сьвеце. Востараў Ява, зьяўляецца самым густанаселеным востравам у сьвеце[4], які зьмяшчае больш за палову насельніцтва краіны.

Інданэзія
індан. Republik Indonesia
Сьцяг Інданэзіі Герб Інданэзіі
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: Bhinneka Tunggal lka
Дзяржаўны гімн: «Indonesia Raya»
Месцазнаходжаньне Інданэзіі
Афіцыйная мова інданэзійская
Сталіца Джакарта
Найбуйнейшы горад Джакарта
Форма кіраваньня рэспубліка
Джока Відода
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
15-е месца ў сьвеце
1 904 569 км²
4,85%
Насельніцтва
 • агульнае (2024)
 • шчыльнасьць
4-е месца ў сьвеце
281 562 465[1]
123,76/км²
СУП
 • агульны (2022)
 • на душу насельніцтва
7-е месца ў сьвеце
$3,419 трлн[1]
$12400
Валюта Інданэзійская рупія (IDR)
Незалежнасьць
— абвешчаная
— ад Нідэрляндаў
15 жніўня 1945
Аўтамабільны знак RI
Дамэн верхняга ўзроўню .id
Тэлефонны код +62

Інданэзія зьяўляецца прэзыдэнцкай, канстытуцыйнай рэспублікай, дзе таксама абіраецца і парлямэнт. Краіна падзяляецца на 35 правінцый[1], пяць зь якіх маюць адмысловы статус. Сталіца краіны, Джакарта, зьяўляецца другой паводле колькасьці насельніцтва гарадзкой аглямэрацыяй у сьвеце. Краіна мае сухапутныя межы з Папуа-Новай Гвінэяй, Усходнім Тыморам і ўсходняй часткай Малайзіі. Іншыя суседнія краіны ўключаюць Сынгапур, Віетнам, Філіпіны, Аўстралію, Палаў і Андаманскія і Нікабарскія астравы, якія належаць Індыі. Не зважаючы на вялікую колькасьць насельніцтва і густанаселеныя рэгіёны, Інданэзія мае шырокія незаселеныя раёны, у якіх маецца высокі ўзровень біяразнастайнасьці[5]. Краіна багатая на прыродныя рэсурсы, як то нафта і прыродны газ, цына, медзь і золата. Сельская гаспадарка скіраваная на выраб рысу, пальмавага алею, гарбаты, кавы, какавы, лекавых расьлінаў, спэцыяў і каўчуку[6]. Асноўнымі гандлёвымі партнэрамі Інданэзіі зьяўляюцца Кітай, ЗША, Японія, Індыя і Малайзія[1].

Інданэзійскі архіпэляг зьяўляецца важным рэгіёнам для гандлю, па меншай ступені з VII стагодзьдзя, калі Шрывіджая, а затым Маджапахіт гандлявалі з кітайскай дзяржавай і індыйскімі каралеўствамі. Мясцовыя кіраўнікі паступова ўцягваліся ў рэгіянальныя культурныя, рэлігійныя і палітычныя стасункі. У гэтыя часы на астравах квітнелі індуісцкія і будыйскія каралеўствы. Мусульманскія гандляры і суфійскія навукоўцы спрыялі пранікненьню ў рэгіён ісламу[7][8], пазьней эўрапейскія дзяржавы прынесьлі з сабою хрысьціянства, ваюючы адзін з адным за кантроль над гандаль спэцыямі падчас эпохі Вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў. Інданэзія перажыла працяглы пэрыяд нідэрляндзкага каляніялізму, які пачаўся з калянізацыі вострава Амбона і стварэньня Батавіі, у канчатковым рахунку, прывёў да захопу ўсяго архіпэлягу, уключаючы востраў Тымор і Заходнюю Новую Гвінэю, апошняя зь якіх на некаторы час трапляла пад уладу партугальцаў, французаў і брытанцаў. У ходзе дэкалянізацыі Азіі пасьля Другой сусьветнай вайны, Інданэзія атрымала незалежнасьць у 1949 годзе пасьля ўзброенага і дыпляматычнага канфлікту зь Нідэрляндамі.

Гісторыя

рэдагаваць

Першы рэгулярны кантакт паміж эўрапейцамі і народамі архіпэлягу адбыўся ў 1512 годзе, калі партугальскія гандляры, на чале з Франсішку Сэранам, імкнуліся манапалізаваць гандаль мушкатовым арэхам, гвазьдзікам і перцам кубэба. Усьлед рушылі нідэрляндзкія і брытанскія гандляры. У 1602 годзе галяндцы стварылі Нідэрляндзкую Ост-Індзкую кампанію, якая ў наступныя дзесяцігодзьдзі зацьвердзілася ў Батавіі і на воставе Амбон. На працягу амаль 200 гадоў, кампанія была дамінуючай эўрапейскай кампаніяй у архіпэлягу[9]. Аднак, у 1800 годзе яна была збанкручана, а Нідэрлянды ўсталявалі на астравах калёнію.

 
Капітуляцыя прынца Дыпанэгора нідэрляндзкаму генэралу Гэндрыку дэ Коку, якое скончыла Яванскую вайну ў 1830 годзе.

З моманту заснаваньня Ост-Індзкай кампаніі пашырэньне нідэрляндзкіх уладаньняў ў асноўным матывавалася гандлем. Пачынаючы з 1840 году Нідэрлянды распачалі пэрыяд пашырэньня дзеля павелічэньня і ўмацаваньня сваіх уладаньняў па-за межамі вострава Ява, галоўным чынам з прычыны прадухіленьня ўмяшаньня з боку іншых эўрапейскіх дзяржаваў[10]. У выніку нідэрляндцы разгарнулі шэраг войнаў супраць розных карэнных групаў на астравах архіпэлягу, якія доўжаліся на працягу ўсяго XIX стагодзьдзя, як то Падрыйская вайна, Яванская вайна і доўгатэрміновая Ачэгаўская вайна. Толькі ў першай палове XX стагодзьдзя галяндцы дасягнулі панаваньня над амаль усёй тэрыторыяй сучаснае Інданэзіі. У 1920 годзе да калёніі была далучаная Заходняя Новая Гвінэя.

У 1901 годзе Нідэрлянды ўсталявалі новую этычную палітыку, падрыхтаваную да рэгіёну. Гэтая палітыка была накіравана на паляпшэньне ўмоваў жыцьця і дабрабыту мясцовага насельніцтва і пашырэньне адукацыі для карэнных народаў. Такім чынам, Нідэрлянды пачалі падрыхтоўку да наданьня архіпэлягу самакіраваньня пад галяндзкім кантролем[11]. Палітыка, аднак, міжволі спрыяла інданэзійскаму нацыянальнаму адраджэньню і наступнаму ўздыму руху за незалежнасьць, які мэтраполія актыўна здушвала[12].

Падчас Другой сусьветнай вайны архіпэляг быў захоплены Японскай імпэрыяй, якая ліквідавала галяндзкую ўладу[13][14]. Падчас акупацыі быў распаўсюджаны голад і прымусовая праца, якія набылі масавы характар, таксама мелі месца ваенныя злачынствы ў рэгіёнах, якія японцы лічылі стратэгічна важнымі для сабе. Паводле пасьляваеннага дакладу ААН, японская акупацыя прывяла ў агульнай складанасьці 4 млн сьмерцяў у краіне. Тым ня менш, акупацыя апынулася асноватворнай базай для інданэзійскай незалежнасьці, бо японцы заахвочвалі інданэзійскі нацыяналізм і спрыялі нацыяналістычным дзеячам, як то Сукарна і Махамад Хата. Менавіта дзякуючы японцам і пачалося вызваленьне Азіі. Іхная азіяцкая палітыка рэзка адрозьнівалася ад эўрапейскае палітыкі Нідэрляндаў. Ішлося (прынамсі, ад пачатку 1943 году) пра «Азію для азіятаў» — утварэньне з «захопленых-вызваленых» краёў шэрагу незалежных дзяржаваў, якімі б апекавалася Японія. Пасьля паразы Японіі ў вайне калянізатары паспрабавалі вярнуць назад свае ўладаньні, але ўздужэлы «за японскім часам» нацыянальны рух перамог імпэрыялізм. Правадыр інданэзійскага нацыянальнага руху Сукарна быў прызнаны японцамі лідэрам нацыі яшчэ на пачатку 1945 году, і ў выніку ў тым жа 1945 годзе зьявілася Рэспубліка Інданэзія.

Утрыманьне адзінства краіны было заўсёднай праблемай для ўладаў. Вялікую ролю ў яе вырашэньні мела й мае войска. Ідэалягічны фундамэнт забясьпечвала нацыяналістычная дактрына панчасілы, што сьцьвердзіла роўнасьць усіх народаў і рэлігіяў. Генэрал Сухарта, дыктатар, што правіў дзяржавай 32 гады да 1998 году, апраўдваў сваё доўгапраўленьне і тым, што інакш у Інданэзіі ніколі не стварыць адзінай нацыі. Маўляў, цяжка ўтрымаць 210 мільёнаў чалавек (пры канцы яго праўленьня), расьселеных на моцна раскіданых шасьці тысячах выспаў, разам без супярэчнасьцяў (адлегласьць між скрайнімі выспамі — як ад Ірляндыі да Ўралу). Агульнага ва ўсіх народаў і культураў напачатку было — адно 350-гадовы галяндзкі прыгнёт ды барацьба зь ім.

Сухарта лічыўся сябрам «дэмакратычнага сьвету», але не дапускаў дэмакратызацыі сваёй краіны. Гэта яму нейкі час удавалася, але калі наладзілася гаспадарка, людзі сталі патрабаваць свабоды. Сытуацыю пагоршыў падрыў стабільнасьці інданэзійскай рупіі, за якой абвалілася і ўся «дзяржаўна-рынкавая» эканоміка. Падзеі, што прывялі да пазбаўленьня Сухарта ўлады, пачаліся ў траўні 1998 году з расстрэлу мірнай студэнцкай дэманстрацыі.

Ад 2014 да 2019 году прэм’ер-міністрам Інданэзіі быў Юсуф Кала.

Палітыка

рэдагаваць

Інданэзія мае рэспубліканскую форму кіраваньня. Кіраўнік дзяржавы — прэзыдэнт, які выбіраецца на 5 гадоў. Заканадаўчая ўлада належыць парлямэнту (Dewan Perwakilan Rakyat) (580 месцаў) з 5-ці гадовым выбарчым тэрмінам. Урад, пад кіраўніцтвам прэзыдэнта складае выканаўчую ўладу. Судовая ўлада належыць Вярхоўнаму Суду (Mahkamah Agung), удзельнікаў якога прызначае прэзыдэнт.

Асновай інданэзійскага грамадзтва, як і, напрыклад, турэцкага, ад часоў Сухарты заўсёды было войска, што ў некаторых раёнах замяняе сабой астатнія грамадзкія інстытуцыі. Афіцэры, як дзейныя, так і адстаўнікі, апанавалі ўсе больш-менш значныя цывільныя пасады — ад міністраў да настаўнікаў. Яны кіруюць многімі прыбытковымі прадпрыемствамі і маюць у руках вялікія грошы.

Праблема Заходняй Гвінэі

рэдагаваць

Ад 1965 году папуасы Заходняй Гвінэі змагаюцца за ўзьяднаньне з Папуа-Новай Гвінэяй. Пасьля дэкалянізацыі ААН аддала іх край Інданэзіі. Спрэчная мэтазгоднасьць гэтага рашэньня — нават антрапалягічна папуасы й малайцы-інданэзійцы зусім розныя. Узброеную барацьбу за незалежнасьць вядзе «Арганізацыя вызваленьня Папуа» (OPM), якую неафіцыйна падтрымліваюць з Папуа-Новай Гвінэі.

Геаграфія

рэдагаваць
 
Тыповыя інданэзійскія лясы, які можна знайсьці на Кілімантане і Суматры.

У склад Інданэзіі ўваходзяць 17 508 выспаў, зь якіх каля 6000 незаселеныя. Выспы разьмешчаныя з абодвух бакоў экватару. Па плошчы самымі вялікімі выспамі зьяўляюцца выспы: Ява, Суматра, Калімантан (інданэзійская частка Барнэо), Новая Гвінэя (падзеленая з Папуа-Новай Гвінэяй) і Сулавэсі. Інданэзія мяжуе з Малайзіяй на высьпе Барнэо, з Папуа Новай Гвінэяй на высьпе Новая Гвінэя, і Ўсходнім Тыморам на высьпе Тымор. Сталіца Джакарта знаходзіцца на высьпе Ява і зьяўляецца самым вялікім горадам краіны, потым ідуць Сурабая, Бандунг, Мэдан і Сэмаранг.

З плошчай 1 919 440 км², Інданэзія зьяўляецца 15 краінай у сьвеце па велічыні. Сярэдняя шчыльнасьць насельніцтва дасягае 134,39 чалавек на квадратны кілямэтар, што ставіць краіну на 79-е месца ў сьвеце, а выспа Ява — самая густа населеная выспа ў сьвеце (960 чалавек на км²). Вышыня самай высокай гары краіны Пунчак Ява складае 4884 мэтры, а возера Тоба на Суматры самае вялікае па плошчы (1145 км²). Самыя вялікі рэкі гэта Махакам і Барыта на Калімантане. Яны маю свае вытокі ў гарах у цэнтры выспы, цякуць па балотах у мора, забясьпечваючы зручныя камунікацыі паміж узьбярэжнымі паселішчамі.

Інданэзія разьмешчана на стыку трох тэктанічных пліт — Ціхаакіянскай, Эўразійскай і Аўстралійскай — што стварае ўмовы для частых вульканічных вывыржэньняў і землятрусаў. У Інданэзіі знаходзяцца 76 дзейнічаючых вульканаў[1], уключаючы Кракатао і Тамбора, абодва сусьветна вядомыя сваім магутным вывяржэньнем у 19 стагодзьдзі. Вывяржэньне супэрвулькана Тоба прыкладна 70 000 гадоў таму было адным з самых магутных з глябальных катастроф. Сэйсьмічная актыўнасьць выклікала цунамі 2004 году, якое забіла 167 736 чалавек на поўначы Суматры і Джакарцкі землятрус у 2006 годзе. Аднак вульканічныя выкіды забясьпечваюць высокую эфэктыўнасьць сельскай гаспадаркі гістарычна падтрымліваючы вялікую колькасьць насельніцтва на Яве і Балі.

Экватарыяльная частка Інданэзіі мае трапічны клімат з двума абумоўленымі мусонамі пэрыядамі — вільготным і сухім. Сярэднегадовая колькасьць ападкаў на раўнінах складае ад 1780 да 3175 мм і да 6100 мм у горнай частцы. Горная частка — заходняе ўзьбярэжжа Суматры, Заходняя Ява, Калімантан, Сулавэсі і Папуа — атрымлівае самую вялікую колькасьць ападкаў. Тэмпэратура на працягу году вагаецца нязначна; сярэдняя тэмпэратура ў Джакарце ад 26 да 30 °C.

Адміністрацыйны падзел

рэдагаваць
 
Адміністрацыйная мапа Інданэзіі

Краіна падзеленая на 35 правінцыяў[1], пяць зь якіх маюць спэцыяльны статус. Кожная з правінцыяў мае сваё заканадаўства і абранага губэрнатара. Правінцыі ў сваю чаргу падзеленыя на раёны (індан. kabupaten) і гарадзкія акругі (індан. kota). Колькасьць правінцыяў вагалася зь цягам часу. У 2012 годзе з Усходняга Кілімантану была вылучаная правінцыя Паўночны Кілімантан.

Правінцыі Ачэг, Джакарта, Джак’якарта, Папуа і Заходняе Папуа маюць вялікія заканадаўчыя прывілеі і больш высокую ступень аўтаноміі ад цэнтральнага ўрада ў параўнаньні зь іншымі правінцыямі. Ачэг мае правы ствараць пэўныя элемэнты незалежнай прававой сыстэмы і браць удзел у правінцыйным выбарах некалькім рэгіянальным партыямі[15]. У 2003 годзе ў гэтай правінцыі былі ўведзеныя нормы шарыяту[16]. Джак’якарце быў нададзены статус адмысловай правінцыі ў знак прызнаньня вядучай ролі рэгіёну ў падтрымцы рэспублікі падчас нацыянальнай рэвалюцыі і гатовасьці рэгіёну далучыцца да Інданэзіі. Папуа атрымала асаблівы статус аўтаноміі ў 2001 годзе, а ў 2003 годзе была падзелена на правінцыі Папуа і Заходняе Папуа[17]. Джакарта мае статус адмысловага рэгіёну як сталіца краіны.

Эканоміка

рэдагаваць

Інданэзія — сельскагаспадарчая краіна, якая грае важную ролю ў сусьветнай эканоміцы як вытворца каўчука, какава (у чацьверцы самых буйных сусьветных вытворцаў), перца, хініна. Сельская гаспадарка дае 13,7 % сукупнага валавага прадукту[1]. Складаныя тапаграфічныя ўмовы дазваляюць выкарыстоўваць толькі 15 % паверхні краіны. Асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі зьяўляюцца: рыс, каўчукавае дрэва, гарбата, тытунь, экзатычныя спэцыі, пальма і г. д.

Дэмаграфія

рэдагаваць

Насельніцтва Інданэзіі мае вельмі разнастайны этнічны, моўны і рэлігійны склад. Усяго налічваецца каля 300 этнічных груп, якія выкарыстоўваюць больш за 700 розных моваў[1]. Афіцыйнай мовай краіны зьяўляецца Bahasa Indonesia.

Асноўныя этнічныя групы (паводле ацэнкі 2010 году):

Мусульмане — 87,4 % (найвялікшая мусульманская краіна), хрысьціяне — 10,6 % насельніцтва (паводле ацэнкі 2022 году)[1].

Найбольшае напружаньне ў інданэзійскім грамадзтве выклікае супрацьстаяньне на розных выспах паміж мясцовымі жыхарамі й новаперасяленцамі. Большая частка інданэзійцаў жыве на перанаселеных абшарах, і таму ўрад мусіў распачаць шырокую кампанію перасяленьня, але не былі ўлічаныя мнонія аспэкты. Бальшыня перасяленцаў мусульмане і маюць больш разьвітую культуру, чым мясцовыя (збольшага хрысьціяне, ахрышчаныя галяндцамі), і валодаюць большым досьведам у гаспадарцы і справах. Дзякуючы гэтаму, яны лёгка адцясьняюць ад улады мясцовых, да таго ж за часы Сухарта многія пасады на немусульманскіх астравах былі аддадзеныя мусульманам. У выніку шмат дзе зьмянілася канфэсійная сытуацыя.

Дачыненьні з Рэспублікай Беларусь

рэдагаваць

Дыпляматычныя адносіны ўсталяваныя 18 чэрвеня 1993 году[18]. Паміж краінамі падпісаны міжурадавыя пагадненьні аб эканамічным і тэхнічным супрацоўніцтве, гандлёвае пагадненьне.

22 жніўня 2011 году адкрытае пасольства Рэспублікі Беларусь у Інданэзіі[18].

Двухбаковыя гандлёва-эканамічныя сувязі паступова разьвіваюцца: гандлёвы абарот вырас з 1,8 млн даляраў у 1995 да 144,5 млн даляраў у 2008. Беларускі экспарт: калійныя ўгнаеньні і гетэрацыклічныя спалучэньні (з атамамі азоту). Імпарт: натуральны каўчук, пальмавы і какосавы алей, садавіна, арэхі, тканіны, радыётэлевізійная тэхніка.

  1. ^ а б в г д е ё ж з і The World Factbook 2021 (анг.). Central Intelligence Agency (2021).
  2. ^ «16,000 Indonesian islands registered at UN». The Jakarta Post.
  3. ^ «Indonesia - The Next Major Oil Importer?». Seeking Alpha.
  4. ^ «Highest population, island». Guinness World Records.
  5. ^ «Meet The 10 Megadiverse Countries In The World». SEAsia.
  6. ^ Indonesia. The Observatory of Economic Complexity. Архіўная копія
  7. ^ «Islam in Indonesia: Contrasting Images and Interpretations». Amsterdam University Press.
  8. ^ «Indonesia: A Global Studies Handbook». ABC-CLIO Corporate.
  9. ^ The Dutch East India Company. European Heritage Project. Архіўная копія
  10. ^ Ricklefs, Merle Calvin A History of Modern Indonesia since c. 1300. — Second ed. — MacMillan, 1991. — P. 131. — ISBN 978-0-333-57689-2
  11. ^ Tjahjono Rahardjo (2013). «Between Two Worlds: Ethical Policy, Western education and Javanese arts». Academia.edu.
  12. ^ «The Remnants of the Japanese Occupation of Modern Indonesia». E-International Relations Student.
  13. ^ Gert Oostindie; Bert Paasman (1998). «Dutch Attitudes towards Colonial Empires, Indigenous Cultures, and Slaves». Eighteenth-Century Studies. 31 (3): 349—355. doi:10.1353/ecs.1998.0021
  14. ^ «Indonesia: World War II and the Struggle for Independence, 1942–50; The Japanese Occupation, 1942–45». Library of Congress.
  15. ^ «Finally, Aceh local parties to take part in general election». The Jakarta Post.
  16. ^ Michelle Ann Miller The Nanggroe Aceh Darussalam law: a serious response to Acehnese separatism? // Asian Ethnicity. — 2004. — В. 3. — Vol. 5. — P. 333—351. — DOI:10.1080/1463136042000259789
  17. ^ «The last frontier». The Economist.
  18. ^ а б Bilateral Relations with the Republic of Indonesia (анг.). Embassy of the Republic of Belarus in the Republic of Indonesia.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць