Нарач

возера ў Беларусі

На́рач — найбольшае возера Беларусі, у басэйне ракі Нарачанкі. Знаходзіцца ў Мядзельскім раёне Менскай вобласьці, за 4 км на захад ад Мядзелу[1]. Належыць да Нарачанскай групы азёраў. Плошча паверхні возера 79,6 км². Даўжыня 12,8 км, найбольшая шырыня 9,8 км. Найбольшая глыбіня дасягае 24,8 м, сярэдняя складае 8,9 м. Аб’ём вады 710 млн м³. Даўжыня берагавой лініі 41 км.

Возера
Нарач
лац. Narač
Панарама Нарачы
Панарама Нарачы
Возера Нарач
Краіна Беларусь
Плошча 79,6 км²
Плошча вадазбору 199 км²
Максымальная глыбіня 24,8 м
Сярэдняя глыбіня 8,9 м
Найбольшая даўжыня 12,8 км
Найбольшая шырыня 9,8 км
Даўжыня берагавой лініі каля 41 км
Вышыня над узроўнем мора 165 м
Аб’ём вады 710 млн м³
Каардынаты 54°51′ пн. ш. 26°45′ у. д. / 54.85° пн. ш. 26.75° у. д. / 54.85; 26.75Каардынаты: 54°51′ пн. ш. 26°45′ у. д. / 54.85° пн. ш. 26.75° у. д. / 54.85; 26.75
Нарач на мапе Беларусі
Нарач
Нарач
Нарач
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Нарач — тыповы прадстаўнік прыроды поўначы Беларусі — Паазер’я. Утварылася некалькі тысячагодзьдзяў таму, пры адступаньні ледавіка, на шляху якога да поўначы паўсталі Сьвянцянскія грады. Вада ад талага лёду спарадзіла вялізную водную прастору, зь якой пазьней, з паніжэньнем узроўню вады, вылучыліся азёры, якія ўтварылі Нарачанскую групу.

Апісаньне

рэдагаваць
 
Рэльеф дна
 
Лета 2021 году на Нарачы

Катлавіна падпруднага тыпу, акруглай формы. Схілы на поўначы і паўночным усходзе вышынёй 45—50 м, утвораныя адгор’ямі Сьвянцянскіх градаў, сугліністыя і супясковыя. На поўдні да возера прымыкае больш нізкая Паўднёва-Нарачанская града. Берагі пераважна нізкія, пясковыя, месцамі стромкія і абразійныя, вышынёй 2—11 м, на паўднёвым усходзе забалочаныя, тарфяныя. Трапляюцца невялікія берагавыя валы, утвораныя прыбойнай дзейнасьцю хваляў і пасоўваньнем ледзянога покрыва. Каля паўночна-ўсходняга берага выспа плошчай 6,2 га, якая праз сваю маляўнічасьць і пражываньне на ім рэдкіх зьвяроў і птушак, гнездаваньня ахоўнага віду (крахаль вялікі) лічыцца помнікам прыроды. Да паўднёва-ўсходняга берага прымыкае гідралягічны заказьнік Чарэмшыцы, на паўночным беразе — біялягічныя заказьнікі Някасецкі і Пасынкі.

Дно пераважна роўнае, на ўсходзе больш складанай будовы, трапляюцца прыўзьнятыя амаль да паверхні дзялянкі. Прыбярэжная водмель пясковая, часткова глейкая, каля стромкіх берагоў шмат галькі і валуноў. Глыбакаводная частка дна высьцілаецца сапрапэлем, глініста-пясковыя адкладамі. Паўвыспа Наносы (заканчваецца касой) падзяляе возера на паўночна-заходні Малы плёс (глыбіні да 18 м) і паўднёва-ўсходні Вялікі плёс (глыбіня да 24,8 м на так званых Гатаўскіх ямах каля ўсходняга берага, насупраць вёскі Гатавічаў).

Ваганьні ўзроўню на працягу году да 70 см. Лёд трымаецца зь першай дэкады сьнежня, таўшчыня 50—60 см, у асобныя гады да 80 см, да першай дэкады красавіка. У некаторыя гады паўднёва-ўсходні плёс замярзае толькі ў студзені. У зацяжныя вёсны ледзяныя палі захоўваюцца да канца красавіка, а ледзяныя таросы каля берагоў — да траўня. Увесну водная маса добра перамешваецца да дна, тэмпэратура вады на найболыных глыбінях 10—12 °C. Сярэдняя тэмпэратура паверхневых слаёў вады ў кастрычніку 8,7 °C, у ліпені 18,9 °C. Увесь год вада добра насычаецца тленам.

Найбольш зарастае Малы плёс, у паўночна-ўсходняй частцы якога шырыня палосы расьліннасьці да 2 км (у Вялікім плёсе 50—350 м). Адзначаецца хвалепрыбойная паласа без расьліннасьці (ад урэзу вады да глыбіні 1,5—2 м у Малым плёсе і 3,5—4 м у Вялікім плёсе). Надводная расьліннасьць займае нязначную (меншую за 3%) плошчу возера, пашыраецца дзялянкамі да глыбіні 1,5—2 м. Падводнай расьліннасьцю высьцілаецца каля 15 км² плошчы дна (пашыраецца да глыбіні 7,5 м)[2].

Адзінае возера ў краіне, заражанае цэркарыёзам, што абумоўлівае спадзісты спуск у ваду, калі ад берага да глыбіні вялікая адлегласьць. У такіх умовах прыбярэжная вада добра выграваецца, што правакуе актывізацыю мікраарганізмаў. Таксама іх разьвіцьцю спрыяе разрастаньне воднай расьліннасьці.

Возера мэзатрофнага тыпу. Упадаюць 17 ручаёў (Пронькі, Купа, Антонізбэрг, Сіманы ды іншыя) і кароткая рака-пратока Скема з возера Мястра. Выцякае рака Нарачанка.

Спрыяльныя кліматычныя ўмовы, лясы паблізу возера, маляўнічыя краявіды абумовілі стварэньне вакол возера курорту. Тут дзейнічаюць санаторыі, дамы адпачынку, дзіцячыя летнікі, турыстычныя базы. На беразе возера разьмяшчаецца курортнае мястэчка Нарач. Возера і яго ваколіцы ўваходзяць у Нарачанскі нацыянальны парк.

На берагох возера разьмяшчаюцца вёскі Чараўкі, Пасынкі, Мікольцы, Гатавічы, Занарач.

Флёра і фаўна

рэдагаваць

У воднай флёры налічваецца 48 відаў уласна водных расьлінаў, у тым ліку 38 кветкавых, 8 водарасьцяў. Сярод надводных расьлінаў пераважаюць трысьнёг і чарот, сярод падводных — харавыя водарасьці.

У іхтыяфаўне налічваецца 25 відаў рыбаў, прамысловае значэньне маюць акунь, шчупак, плотка, вугор, верхаводка, лінь, мянтуз, гусьцяра, судак, амурскі сазан ды іншыя.

Возера вызначаецца багацьцем вадаплаўных птушак, адзначаюцца гняздоўі лебедзя-шыпуна, малой крачкі, скапы, малой паганкі, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі[3].

Гісторыя

рэдагаваць

Падчас Першай сусьветнай вайны ў 1916 годзе ў навакольлях возера праводзілася Нарачанская апэрацыя — няўдалая спроба наступу арміі Расейскай імпэрыі.

У 1921[a]—1939[b] гадох знаходзілася на тэрыторыі Польскай Рэспублікі і было найбольшым возерам гэтай краіны.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Блакітная кніга Беларусі. Энцыкл. — Мн.: 1994.
  2. ^ Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 3: Катэнарыя ― Недайка / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. С. 461.
  3. ^ Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 3: Катэнарыя ― Недайка / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. С. 462.

Літаратура

рэдагаваць
  • Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1
  • Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 3: Катэнарыя ― Недайка / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — 485 с.